паўкруглае ці кілепадобнае завяршэнне часткі сцяны будынка паміж 2 лапаткамі, якое адпавядае форме ўнутр. скляпення (звычайна паўцыркульнага).
Найб. характэрны для візант. крыжова-купальнай сістэмы, у 10—13 ст. шырока выкарыстоўваліся ў стараж.-рус. (сафійскія саборы ў Кіеве, Ноўгарадзе і інш.), рус. архітэктуры 14—17 ст. (Успенскі сабор Маскоўскага Крамля).
На Беларусі З. вядомы ў 11—12 ст. у Сафійскім саборы і Спаса-Ефрасіннеўскай царкве ў Полацку, Барысаглебскай у Гродне, а таксама ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. ў храмах псеўдарус. стылю (цэрквы Аляксандра Неўскага ў Мінску, Сімяона ў Брэсце, у Камянцы, Бешанковічах і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКЛЮ́ЧНЫ АКТ НАРА́ДЫ ПА БЯСПЕЦЫ І СУПРАЦО́ЎНІЦТВЕ Ў ЕЎРО́ПЕ, Хельсінкскі акт. Падпісаны 1.8.1975 у Хельсінкі кіраўнікамі урадаў 33 еўрап. дзяржаў, а таксама ЗША і Канады. У ім зафіксаваны дамоўленасці, дасягнутыя на Нарадзе па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, у т. л. 10 прынцыпаў узаемаадносін паміж дзяржавамі ( т.зв. Кодэкс мірнага суіснавання): суверэнная роўнасць, павага правоў, уласцівых суверэнітэту; непрымяненне сілы ці пагрозы сілай; непарушнасць граніц; тэр. цэласнасць дзяржаў; мірнае ўрэгуляванне спрэчак; неўмяшанне ва ўнутр. справы; павага правоў чалавека і асн. свабод; раўнапраўе і права народаў самастойна вызначаць свой лёс; супрацоўніцтва паміж дзяржавамі; добрасумленнае выкананне абавязкаў па міжнар. праве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПА́Л,
1) сродак для ўзбуджэння выбуху разрыўнога зараду інж.мін і ручных гранат. Складаецца з капсуля-запальніка і капсуля-дэтанатара, размешчаных у метал. (часам пластмасавай) гільзе. З. асколачных ручных гранат уключае таксама парахавы запавольнік і ўдарны механізм для ўзбуджэння гарэння капсуля-запальніка.
2) Прыстасаванне для ініцыіравання выбуху выбуховага рэчыва з дапамогай эл. току (т.зв. мінны З., цяпер наз.электрадэтанатарам).
3) Адтуліна ў казённай частцы артыл. гарматы 15—17 ст., запоўненая порахам для запальвання кідальнага зарада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́СУХА,
перыяд працяглага (1—2 месяцы) недахопу ападкаў, які суправаджаецца павышанай т-рай паветра і паніжанай вільготнасцю паветра і глебы. Бывае пры антыцыкланальным надвор’і. Прыводзіць да зніжэння і нават гібелі ўраджаю с.-г. культур. Адрозніваюць атмасферную і глебавую З. Найчасцей здараецца ў трапічных абласцях, у зоне стэпаў і паўпустынь, радзей у лесастэпавай, звычайна летам, а таксама ў канцы вясны і пач. восені. Для барацьбы з З. выкарыстоўваюць штучнае арашэнне, снегазатрыманне і інш. агратэхн. прыёмы. накіраваныя на захаванне вільгаці ў глебе. На Беларусі 1 месяц бывае засушлівы раз у 5—10 гадоў, 2 месяцы запар — раз у 10—15 гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВАРО́ТАК,
слова або спалучэнне слоў, якім называюць асобу ці прадмет, да якіх звяртаюцца з мовай. У бел. мове выражаецца назоўным склонам назоўніка ці інш. часцінай мовы («Даруйце, любыя! Даруй, матуля!»), а таксама клічнай формай («Не шукай сабе, мой братку, з ветрам Бацькаўшчыну-матку»), Сінтаксічна З. са сказам не звязаны і членам сказа не бывае. Можа стаяць у пачатку, сярэдзіне і канцы сказа. Каб узмацніць эмацыянальнасць, З. суправаджаюць выклічнікам і інш. словамі эмацыянальнай ацэнкі: «О, край мой любімы, як многа прыволля, і думам, і працы бяскрайні прастор».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́МСКІ ЎЧАСТКО́ВЫ НАЧА́ЛЬНІК,
адм.-судовая службовая асоба ў рас. вёсцы ў 1889—1917. Паводле закону ад 12.7.1889, які пашыраўся на рус. і часткова на ўкр. губерні, З.ў.н. вылучаўся з патомных дваран, што мелі нерухомую ўласнасць. Паводле закону ад 12.6.1900 пасада ўведзена таксама ў Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай, з 1904 — у Гродзенскай, Віленскай і Ковенскай губернях. У руках З.ў.н. была сканцэнтравана адм. ўлада над органамі сял. грамадскага кіравання, пазней да яго перайшлі і функцыі міравых суддзяў; саслоўныя ж правы сялян былі яшчэ больш абмежаваны, адм.-паліцэйскае самавольства і прыгнёт над імі ўзмацніліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЕ́НА-АЎЭРШТЭ́ЦКАЯ БІ́ТВА 1806,
дзве ўзаемазвязаныя бітвы паміж французскай і пруска-саксонскай арміямі 14 кастр. каля г. Іена і в. Аўэрштэт у Германіі ў час руска-пруска-французскай вайны 1806—07. У бітве франц. армія Напалеона I (больш за 150 тыс.чал.) разграміла пруска-саксонскую армію (больш як 100 тыс.чал.) і заняла амаль усю Прусію. Вырашальную ролю ў зыходзе бітвы адыгралі новыя франц. прынцыпы ваен. майстэрства, а таксама нізкая баяздольнасць прускай арміі з яе састарэлай тактыкай. Гэта перамога Напалеона I прывяла да поўнага разгрому Прусіі, садзейнічала паражэнню 4-й антыфранц. кааліцыі і падпісанню Тыльзіцкага міру 1807.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТРУМЕНТА́ЛЬНАЯ СТАЛЬ,
вугляродзістая, легіраваная і хуткарэзальная (высокалегіраваная) сталь для вырабу інструментаў і іх рабочых частак.
З вугляродзістых І.с. робяць рэжучы, слясарны, сталярны, вымяральны інструмент і дэталі простай формы для штампаў; з легіраваных — пераважна штампавы інструмент для дэфармавання ў халодным або гарачым стане, а таксама рэжучы, хірургічны, вымяральны і ўдарны інструмент. Хуткарэзальныя І.с. захоўваюць цвёрдасць пры нагрэве да 600—650 °C (валодаюць т.зв. чырвонаўстойлівасцю), выкарыстоўваюцца пераважна для вырабу металарэзнага інструменту. Вугляродзістыя і легіраваныя І.с. выплаўляюць у мартэнаўскіх або электрасталеплавільных печах (з большай колькасцю вугляроду і меншай — серы і фосфару), хуткарэзальныя — у электрасталеплавільных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРВ’Ю́ (англ. interview),
1) метад сацыялагічнага даследавання (від апытання) як мэтанакіраваная гутарка даследчыка (інтэрв’юера) і апытваемага (рэспандэнта). Спачатку выкарыстоўвалася пераважна ў псіхатэрапіі. З развіццём эмпірычных сацыялагічных даследаванняў адзін з асн. спосабаў збору інфармацыі нараўне з анкетаваннем. Можа быць індывідуальным ці групавым, аднакратным ці мнагакратным, свабодным, стандартызаваным і інш. Выкарыстоўваецца таксамаў псіхалогіі, медыцыне, крыміналістыцы.
2) Жанр публіцыстыкі, гутарка журналіста (карэспандэнта) з адной або некалькімі асобамі па надзённых грамадскіх праблемах, прызначаная для друку, радыё, тэлебачання і інш. сродкаў масавай інфармацыі. Адрозніваюць І.-паведамленне (пераважна інфарм. звесткі, факты, навіны) і І.-думку (каменціраванне, ацэнка пэўных фактаў і падзей).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРСТЫЦЫЯ́ЛЬНЫЯ КЛЕ́ТКІ,
агульная назва клетак, што займаюць прамежнае становішча ў арганізме жывёл і чалавека. І.к., або клеткі Лейдыга, гландулацыты, размешчаныя паміж канальцамі семяннікоў у пазваночных, выпрацоўваюць мужч. палавыя гармоны (пераважна тэстастэрон) і ў невял. колькасці жан. палавыя гармоны. У яечніках млекакормячых І.к. мезенхімнага паходжання сінтэзуюць стэроідныя гармоны і выконваюць трафічную функцыю. І.к. з’яўляюцца таксама стваловыя клеткі ў целе ніжэйшых шматклетачных, здольныя развіцца ў нерв., палавыя і жыгучыя (у кішачнаполасцевых). У лічынак некат. насякомых І.к. — клеткі сярэдняй кішкі, насычаныя ліпоідамі (ліпахромныя клеткі), мяркуецца, падтрымліваюць нізкае значэнне pH у гэтым участку кішэчніка.