ВЫДАВЕ́ЦКАЯ СПРА́ВА,

галіна культуры і вытворчасці, звязаная з падрыхтоўкай, выпускам і распаўсюджваннем кніг, часопісаў, газет, выяўл. матэрыялаў і інш. відаў друкаванай прадукцыі.

Узровень выдавецкай справы вызначаецца матэрыяльнымі, сацыяльна-паліт. і культ. ўмовамі жыцця грамадства. Да кнігадрукавання існавала рукапісная кніга. Вынаходніцтва І.Гутэнбергам (сярэдзіна 15 ст.) еўрап. спосабу кнігадрукавання адкрыла новую эру ў гісторыі кнігі. Выдадзеныя ў Еўропе да 1.1.1501 кнігі наз. інкунабуламі, кнігі 1-й пал. 16 ст.палеатыпамі. Выд-вы як прадпрыемствы па выпуску друкаванай прадукцыі ўзніклі ў 16 ст. У развіццё выдавецкай справы значны ўклад зрабілі А.Мануцый (Венецыя), К.​Плантэн (Антверпен), сем’і Эльзевіраў (Нідэрланды), Эцьенаў і Дзідо (Францыя). У 18—19 ст. развіццё выдавецкай справы працякала з нарастаючай хуткасцю. З узнікненнем у 19 ст. новай магутнай тэхн. базы пачалася спецыялізацыя выдавецкіх і паліграф. прадпрыемстваў. З канца 19 ст. адбываецца масавая арг-цыя выд-ваў на ўзор акцыянерных кампаній, прадпрыемстваў з правам выдавецкай дзейнасці, трэсціраванне кніжных і газетна-часопісных выд-ваў.

Першыя славянскія друкаваныя кнігі кірылаўскага шрыфту выдадзены Ш.Фіёлем у Кракаве ў канцы 15 ст. Бел. першадрукар і асветнік Ф.Скарына ў 1517 выдаў у Празе першую друкаваную кнігу «Псалтыр» на царк.-слав. мове, у 1517—19 — 22 кнігі Бібліі на мове, набліжанай да старабеларускай, са сваімі прадмовамі і пасляслоўямі. У сталіцы ВКЛ Вільні першая друкарня засн. Скарынай каля 1520. Тут ім выдадзены «Малая падарожная кніжка» (каля 1522) і «Апостал» (1525). На тэр. сучаснай Беларусі першая друкарня засн. ў Брэсце ў пач. 1550-х г. (гл. Брэсцкія друкарні), дзе кнігі друкаваліся на лац. і польск. мовах. Першая на Беларусі кніга на старабел. мове выдадзена ў 1562 С.Будным у Нясвіжскай друкарні. Першая рус. датаваная друкаваная кніга «Апостал» (1564) выдадзена І.Фёдаравым і П.Мсціслаўцам у Маскве. У 2-й пал. 16—17 ст. кнігі на старабел., царк.-слав., польск. і лац. мовах выдаваліся ў Заблудаўскай, Куцеінскай, Лоскай, Любчанскай і інш. друкарнях (гл. адпаведныя арт.). Кнігі на старабел. мове выдаваліся ў Вільні ў друкарні Мамонічаў. Вял. ролю ў развіцці бел. культуры і асветы адыгралі брацкія друкарні, якія акрамя рэлігійнай выдавалі вучэбную, палемічна-публіцыстычную і інш. л-ру. У канцы 17—18 ст. пад націскам каталіцкай рэакцыі і паланізацыі бел. мова пачала траціць свае пазіцыі ў дзярж. сферы, што вяло да заняпаду бел. пісьмовай л-ры і кнігадрукавання. На іншых мовах у гэты час выдавалі кнігі Гродзенская, Магілёўская, Нясвіжская, Пінская, Полацкая, Слонімская і Супрасльская друкарні (гл. адпаведныя арт.). У 2-й пал. 18 ст. ўзнік перыядычны друк на Беларусі. У ВКЛ першай была «Газэта літэрацка Віленьска» (засн. ў 1760). Першае перыяд. выданне на тэр. сучаснай Беларусі — «Газэта Гродзеньска» (1776—83).

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння Беларусі да Расійскай імперыі (2-я пал. 18 ст.) адкрыліся Віцебская, Гродзенская, Магілёўская і Мінская губернскія друкарні (гл. адпаведныя арт.), з 1838 сталі выдавацца «Губернские ведомости». Выходзілі афіц. царкоўныя «Епархиальные ведомости», газ. «Северо-Западное слово». У 1-й пал. 19 ст. на бел. мове выходзілі толькі паасобныя кнігі, у 2-й пал. 19 ст. бел. кнігі выдаваліся пераважна за мяжой. У 1860-я г. ў сувязі з узмацненнем нац.-вызв. руху з’явілася нелегальная беларускамоўная прэса (газ. «Мужыцкая праўда», 1862—63). У 1886—1902 у Мінску выходзіла першая на Беларусі прыватная грамадска-паліт. і літ. газ. «Минский листок» (у 1902—05 «Северо-Западный край»). Дэмакр. кірунак меў часопіс бел. народнікаў «Гомон» (1884). Выдавецкая дзейнасць на Беларусі актывізавалася пасля адмены ў 1905 забароны на бел.-моўнае кнігадрукаванне. У 1906 выйшла першая легальная прагрэс. газета на бел. мове «Наша доля», у 1906—15 — газ. «Наша ніва», якія на ўвесь голас загаварылі пра бел. адраджэнне; выдаваліся часопісы на бел. мове «Саха», «Лучынка» і інш. У пач. 20 ст. створаны бел. выдавецтвы суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» (Пецярбург, 1906—14), Грыневіча А. выдавецтва (1910—14, Пецярбург), «Наша хата» (1908, Вільня), Беларускае выдавецкае таварыства ў Вільні (1913—15; 1919—30). Брашуры і зборнікі бел. аўтараў выпускала выдавецтва «Нашай нівы». Але фінансавыя цяжкасці, цэнзурныя рэпрэсіі, вузкі кніжны рынак, адсутнасць школы на роднай мове па-ранейшаму стрымлівалі развіццё бел. кнігадрукавання. Нягледзячы на значную паліграф. базу (123 дробныя друкарні і літаграфічныя прадпрыемствы ў 1910), кніг выдавалася мала: 104 у 1908, 208 у 1911, 232 у 1913, пераважна календары, малітоўнікі, памятныя кніжкі губерняў, справаздачы. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 на Беларусі выдавалася больш за 80 газет на бел., рус., польскай і яўр. мовах. У грамадзянскую вайну выходзілі толькі тыя перыядычныя выданні, якія падтрымлівалі сав. ўладу: «Звязда», «Дзянніца», «Савецкая Беларусь», «Советская правда» і інш. У 1920 у БССР выдавалася 27 газет і 15 часопісаў. Найб. значным было выдавецтва «Звезда» (з 1917; выдавала творы класікаў марксізму, парт. дакументы, маст. і масава-паліт. л-ру). У 1917—20 выдавецкай справай займаліся Беларускі нацыянальны камісарыят, выдавецкія аддзелы пры мясц. парт. к-тах і органах сав. улады і інш. У студз. 1921 створана Дзяржаўнае выдавецтва БССР. Яно выпускала выданні і рэгулявала ўсю выдавецкую дзейнасць у рэспубліцы. У 1921 выдадзена 196 кніг агульным тыражом 1526 экз., у т. л. маст. і дзіцячай л-ры 13 кніг. На сродкі дзярж. і грамадскіх устаноў у крас. 1922 створана каап. выд-ва «Адраджэнне» (з канца 1922 «Савецкая Беларусь»). Узначальваў яго Ц.​Гартны. Выд-ва выпускала творы бел. маст. л-ры, падручнікі, навук. л-ру на роднай мове, перыёдыку. У снеж. 1922 Дзярж. выд-ва БССР з шэрагам інш. прадпрыемстваў аб’яднаны ў Дзярж. трэст выдавецкай справы і паліграф. прам-сці Беларусі «Белтрэстдрук». У ліп. 1924 «Белтрэстдрук» і каап. выд-ва «Савецкая Беларусь» аб’яднаны ў Бел. дзярж. выд-ва, якое стала найбуйнейшай выдавецкай установай рэспублікі. Яно мела сваю паліграф. базу і кнігагандлёвую сетку. У 1930-я г. асн. выд-вамі БССР былі Бел. дзярж. выд-ва (з 1933 Дзярж. выд-ва БССР), выд-ва Інбелкульта (з 1932 Выд-ва АН БССР) і рэдакцыйна-выдавецкі аддзел Цэнтр. савета прафсаюзаў Беларусі. Дзейнічалі таксама спецыялізаваныя выд-вы па выпуску навукова-тэхн., ваеннай, партыйнай і інш. л-ры. У гэты ж час пачалося масавае развіццё перыяд. друку, з’явіліся новыя газеты і часопісы: «Літаратура і мастацтва», «Піянер Беларусі» (з 1994 «Раніца») і інш. У 1931 створана Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА).

У Зах. Беларусі, якая знаходзілася пад уладай Польшчы, свае перыядычныя выданні выпускалі розныя партыі і рухі: «Беларускі звон», «Чырвоны сцяг», «Маланка», «Наша воля», «Беларуская крыніца» і інш. Кнігі выдаваліся ў Вільні, дзе знаходзіліся «Беларускае выдавецкае таварыства», Клецкіна Б.А. выдавецтва, Знамяроўскага У. выдавецтва, Выдавецтва ТБШ і інш., і ў Беластоку, дзе працавала выдавецкае т-ва «Рунь». КПЗБ і КСМЗБ мелі свае падп. друкарні (гл. Заходнебеларускі друк).

У Вял. Айч. вайну эвакуіраванае Дзярж. выд-ва БССР працавала ў Маскве, асобныя выданні АН БССР выйшлі ў Ташкенце. Падпольна выдавалася больш за 170 рэсп., абл., раённых газет, у друкарнях некат. партыз. брыгад апрача газет і лістовак выпускалі брашуры і невял. кнігі (гл. Падпольны і партызанскі друк на Беларусі ў гады Вял. Айч. вайны). Калабарацыяністы выдавалі на акупіраванай Беларусі «Беларускую газэту», «Голас вёскі», «Новы шлях» і інш. (гл. Друк акупацыйны на Беларусі ў гады Вял. Айч. вайны).

У пасляваенны час выдавецкая дзейнасць аднаўлялася ў надзвычай складаных умовах. Паліграф. база Беларусі была амаль поўнасцю знішчана. З 200 даваен. прадпрыемстваў часткова ўцалелі толькі Дом друку ў Мінску, некат. абл. і гар. друкарні. У 1944 у Мінску аднавіла работу Дзярж. выд-ва БССР (з 1963 выд-ва «Беларусь»), створаны новыя выд-вы: Выдавецтва АН БССР (1947, з 1963 «Навука і тэхніка»), Вуч.-пед. выд-ва БССР (1951, з 1963 «Народная асвета»), Выдавецтва БДУ (1954, з 1984 «Універсітэцкае»), «Звязда» (1960, з 1992 «Беларускі дом друку»), Выд-ва с.-г. л-ры (1961, з 1963 «Ураджай»), «Вышэйшая школа» (1961), Гал. рэдакцыя Бел. Сав. Энцыклапедыі АН Беларусі (1967, з 1980 выд-ва, гл. «Беларуская Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі), «Мастацкая літаратура» (1972), «Полымя» (1977), «Юнацтва» (1981) і інш. Выдавецкія прадпрыемствы Беларусі поўнасцю забяспечваюць рэспубліку высакаякаснай друкаванай прадукцыяй. 13 дзярж. выд-ваў і больш за 1270 (1996) прадпрыемстваў з правам выдавецкай дзейнасці выпускаюць навук., навуч., маст., метадычную, інфармацыйную і інш. л-ру, перыёдыку. За 1996 выдадзена 3809 назваў кніг і брашур агульным тыражом 59,1 млн. экз. (гл. таксама Выдавецтва, Кніга). На 1.1.1997 зарэгістравана 827 перыяд. выданняў, у т. л. 579 газет, 202 часопісы, 46 бюлетэняў.

Матэрыяльна-тэхн. базай выдавецкай справы з’яўляецца паліграфічная прамысловасць. Найбуйнейшыя цэнтры паліграфіі на Беларусі — Мінскае вытворчае паліграфічнае аб’яднанне (МВПА) імя Я.​Коласа, мінская паліграф. ф-ка «Чырвоная Зорка», Мінская фабрыка каляровага друку, гомельская фабрыка «Палесдрук», Брэсцкая, Гродзенская, Віцебская, Магілёўская ўзбуйненыя друкарні, маладзечанская друкарня «Перамога» і інш. Выдавецкіх работнікаў рыхтуюць на ф-це журналістыкі БДУ, у Мінскім вышэйшым вучылішчы паліграфістаў. Навукова-даследчая работа ў галіне выдавецкай справы вядзецца Нацыянальнай кніжнай палатай Беларусі, якая на аснове бібліягр. рэгістрацыі выданняў выдае «Летапіс друку Беларусі».

Літ.:

Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925. Мн., 1926;

450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968;

Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971;

Волк А.А., Ракович А.Н. Книгоиздательское дело в Белоруссии: Ист. очерк. Мн., 1977;

Мальдзіс А.І. Кнігадрукаванне Беларусі ў XVIII ст. // Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. Мн, 1974;

Булацкі Р.В., Сачанка І.Л., Говін С.В. Гісторыя беларускай журналістыкі. Мн., 1979;

Говін С.В. Друк Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.). Мн., 1974;

Друк Беларускай ССР 1918—1980: Стат. зб. Мн., 1983;

Кніга Беларусі, 1517—1917: Зводны кат. Мн., 1986.

С.​Х.​Александровіч (да 1980-х г.).

Выданне кніг і брашур у Беларусі за 1918—95
Гады 1918 1920 1930 1940 1950 1960 1970 1980 1990 1995 1996
Колькасць назваў 13 125 1323 772 616 1602 2174 3009 2823 3205 3809
Тыраж, тыс. экз. 8,5 10,4 12,6 14,2 25,2 38,3 54,9 62,9 59,1

т. 4, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРЛЕ́Н ((Verlaine) Поль) (30.3.1844, г. Мец, Францыя — 8.1.1896),

французскі паэт. Імпрэсіяніст, адзін з заснавальнікаў сімвалізму. Паэзіі Верлена ўласцівыя настроі «канца веку», шматпланавасць вобразаў, увага да колеравых і пачуццёвых нюансаў і паўтонаў, музычнасць і меладычнасць, вытанчаны гукапіс, навацыі ў рытме і рыфме. Аўтар паэт. зб-каў «Сатурнічныя вершы» (1866), «Сяброўкі» (1868), «Галантныя святы» (1869), «Добрая песня» (1870), «Рамансы без слоў» (1874), «Мудрасць» (1881), «Далёкае і блізкае» (1884, у т. л. паэма «Пераможаныя»), «Каханне» (1888), «Паралельна» (1889), «Прысвячэнні», «Жанчыны» (абодва 1890), «Шчасце», «Песні для яе» (абодва 1891), «Элегіі» (1893), «Эпіграмы» (1894), «Інвектывы» (1896), «Бібліясанеты» (выд 1913), верша-маніфеста «Мастацтва паэзіі» (1874, выд. 1882), аўтабіяграфіі «Споведзь» (1895). Кнігу «Праклятыя паэты» (1884) склалі літ.-крытычныя нарысы пра Т.​Карб’ера, С.​Малармэ, А.​Рэмбо і інш., а таксама аўтабіягр. «Бедны Леліян». На бел. мову творы Верлена перакладалі М.​Багдановіч (22 вершы), Ю.​Гаўрук, С.​Ліхадзіеўскі, А.​Лойка і інш.

Тв.:

Бел. пер. — У месяцавым ззянні: Выбранае. Мн., 1974;

Рус. пер. — Стихи. СПб., 1908;

Лирика. М., 1969.

Літ.:

Андреев Л.Г. Импрессионизм. М., 1980;

Великовский С.И. В скрещенье лучей: Групповой портрет с Полем Элюаром. М., 1987;

Обломиевский Д.Д. Французский символизм. М., 1973;

Лявонава Е.А. Нерэалістычныя плыні ў замежнай літаратуры другой паловы XIX — пачатку XX ст.: (імпрэсіянізм, сімвалізм) // Бел. мова і літ. 1996. Вып. 2.

Е.​А.​Лявонава.

П.Верлен.

т. 4, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРЛЕ́СКА (франц. burlesque ад італьян. burlesco жартоўны),

1) у літаратуры жанр камічнай, парадыйнай паэзіі. Камічны эфект у бурлесках дасягаецца ў адным выпадку неадпаведнасцю, рэзкім кантрастам паміж узвышанай тэмай і яе падкрэслена будзённым вырашэннем (травесційная), у другім — неадпаведнасцю паміж «нізкай», трывіяльнай тэмай і ўзвышанай, «кніжнай» мовай (іроікамічная). Вядома бел. л-ры ў канцы 18 — пач. 19 ст.; была адной з вызначальных формаў на пач. яе станаўлення. Парадзіравала сюжэты з Бібліі («Уваскрэсенне Хрыстова», калядкі) або антычнай міфалогіі (паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе»). Аб узвышана-гераічных падзеях расказвалася «нізкай» гутарковай мовай, шырока выкарыстоўваліся бытавыя рэаліі. Бел. бурлескныя творы былі своеасаблівай рэакцыяй на каноны класіцызму, пашыраныя ў тагачаснай рус. і польскай л-рах.

2) У музыцы, п’еса жартоўнага, часам грубавата-камічнага або капрызнага характару, звычайна хуткага тэмпу, свабоднай будовы. Блізкая да капрычыо і гумарэскі. Найб. пашырана ў 17—18 ст., пазней знікла з кампазітарскай практыкі, адрадзілася на мяжы 19—20 ст. Як самаст. п’еса або як частка цыклічнага твора сустракаецца ў музыцы для клавішных (І.​С.​Бах, Ф.​Куперэн, Р.​Шуман, Р.​Штраус, Б.​Бартак), радзей для струнных (Дз.​Шастаковіч) інструментаў. З бел. кампазітараў бурлескі пісалі Я.​Дзягцярык, Э.​Тырманд, Л.​Шлег і інш. Тэрмін «бурлеска» абазначае таксама разнавіднасць камічнай оперы, блізкай да вадэвіля.

А.​В.​Мальдзіс (бурлеска ў літаратуры).

т. 3, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛА́РУСКАЕ ВЫДАВЕ́ЦКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ў Вільні.

Існавала ў 1913—15 і 1919—30. Выдавала і распаўсюджвала творы бел. л-ры. Засн. 1(14).7.1913 Б.​Даніловічам, І.​Луцкевічам, К.​Шпакоўскім і інш. на базе выдавецтва «Нашай нівы». Знаходзілася пад ідэйным уплывам Беларускай сацыялістычнай грамады. Гал. мэта дзейнасці — духоўнае адраджэнне бел. народа. У 1913—14 сакратаром выд-ва працаваў Я.​Купала. На 21-м этапе існавання (1913—15; спыніла дзейнасць з прычыны 1-й сусв. вайны) выпусціла ў свет 15 кніг агульным тыражом 15 тыс. экз. Сярод іх творы Я.​Коласа, М.​Гарэцкага, Ядвігіна Ш., К.​Буйло, Я.​Лёсіка і інш. Аднавіла выдавецкую справу ў 1919 (напачатку з дадаткам у назве «Крыніца»), Выпускала навук.-папулярную, навуч. і маст. л-ру. Уздым нац.-вызв. руху ў сярэдзіне 1920-х г. актывізаваў працу выд-ва. У яго кіраўніцтва ўваходзілі вядомыя культ.-грамадскія дзеячы Зах. Беларусі. Выйшлі «Выбраныя творы» Я.​Коласа, п’есы К.​Каганца, У.​Галубка, М.​Гарэцкага, А.​Гаротнага, зб. вершаў Х.​Ільяшэвіча, зборнікаў зах.-бел. паэтаў і пісьменнікаў «Рунь веснаходу», «Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры» І.​Дварчаніна, успаміны «За дваццаць пяць гадоў (1903—1928)» Луцкевіча, «Асновы дзяржаўнасці Беларусі» М.​Доўнар-Запольскага і інш. Спыніла дзейнасць на пач. 1930-х г. пасля рэпрэсій польскіх улад супраць нац.-адраджэнскага руху і аслаблення яго пазіцый.

А.​С.​Ліс.

т. 2, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ САМАПО́МАЧ (БНС),

грамадская нац. арг-цыя на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Створана 22.10.1941 паводле загаду ген. камісара Беларусі В.​Кубэ. БНС узначальвалі І.​Ермачэнка, Ю.​Сабалеўскі. Кіруючы орган — Цэнтр. рада (Цэнтраль, складалася з 13 аддзелаў-рэфератаў), якой падпарадкоўваліся акруговыя, раённыя і валасныя аддзелы. Паводле статута, БНС ставіла сабе за мэту «памагаць пацярпелым беларусам ад ваенных дзеянняў, бальшавіцкага і польскага праследавання, памагаць адбудаваць зруйнаваны чужынцамі беларускі край, пашыраць і развіваць беларускую культуру». Займалася зборам грашовых і матэрыяльных каштоўнасцяў, прадуктаў харчавання, абутку і зімовай вопраткі, аказвала матэрыяльную дапамогу пацярпелым ад вайны. Кіраўнікі БНС імкнуліся надаць арг-цыі і паліт. функцыі, змяніць зацверджаны акупац. ўладамі статут. У сак. 1943 на з’ездзе Цэнтр. рады і акр. кіраўнікоў БНС прыняты мемарандум, які патрабаваў у ням. улад поўнай аўтаноміі Беларусі, стварэння бел. ўрада і бел. арміі. Падкрэслівалася, што «ўрад абвесціць аддзяленне Беларусі ад СССР і аб’явіць яму вайну як ворагу беларускага народа». Аднак гэта не спадабалася ням. адміністрацыі. У чэрв. 1943 БНС рэарганізавана ў Бел. самапомач, дзейнасць якой была абмежавана зборам ахвяраванняў, матэрыяльнай дапамогай, вярбоўкай новых членаў. У 1942 пры садзеянні БНС ствараўся Беларускі корпус самааховы. 1.3.1944 перададзена ў падпарадкаванне Беларускай цэнтральнай рады.

А.​М.​Літвін.

т. 2, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІСАРЫЯ́Т, Белнацком, Белнаком,

аддзел Нар. камісарыята па справах нацыянальнасцяў РСФСР. Існаваў з лют. 1918 да сак. 1919. Распачаў дзейнасць у Петраградзе паводле дэкрэта СНК РСФСР ад 13.2.1918. З сак. 1918 знаходзіўся ў Маскве. Меў аддзяленні ў Петраградзе, Смаленску, Віцебску, Саратаве. Складаўся з агітацыйна-паліт., культ.-асв., бежанскага, выдавецкага аддзелаў. Працаваў сумесна з беларускімі секцыямі РКП(б). Камісар А.​Р.​Чарвякоў (да мая 1918). Вёў паліт. і культ.-асв. работу сярод беларусаў на тэр. Сав. Расіі, браў на ўлік бел. арг-цыі і ўстановы, эвакуіраваныя ў час 1-й сусв. вайны, адкрываў бел. школы, клубы, выдаваў л-ру на бел. і рус. мовах. Заснаваў у Маскве Беларускі народны універсітэт, удзельнічаў у стварэнні Беларускага навукова-культурнага таварыства ў Маскве і Беларускага вольна-эканамічнага таварыства ў Петраградзе. Друкаваны орган — газ. «Дзянніца». Прымаў удзел у падрыхтоўцы абвяшчэння БССР, у стварэнні Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі.

Літ.:

Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики. [Т. 1—2]. Мн., 1975—79;

Калубовіч А. «Айцы» БССР і іхны лёс // Калубовіч А. Крокі гісторыі. Беласток;

Вільня. Мн., 1993;

Скалабан В.В. Издательская деятельность Белорусского национального комиссариата (1918—1920 гг.) // История книги, книжного дела и библиографии в Белоруссии: (Сб. науч. тр.). Мн., 1986.

В.​У.​Скалабан.

т. 2, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РЫД (Язэп Міхайлавіч) (27.7.1896, г. Адэса, Украіна — 1.9.1939),

бел. графік і жывапісец. Вучыўся ў Віленскім ун-це (1923—25) і Парыжы (1928). Вядучы мастак гумарыстычна-сатыр. зах.-бел. час. «Маланка» (1926—28). Яго палітычна завостраныя карыкатуры былі скіраваны супраць сац. і нац. ўціску ў Зах. Беларусі і Польшчы, а таксама закраналі тэмы міжнар. жыцця. Аформіў паэт. зб. «Вянок» (2-е выд., 1927) М.​Багдановіча, «Шум баравы» М.​Васілька, «Веснапесні» Хв.Ільяшэвіча (абодва 1929), «Журавінавы цвет» (1937) М.​Танка, кн. «Беларускі дзіцячы спеўнік» (1925) А.​Грыневіча, «Беларускія народныя песні» Р.​Шырмы, «Беларускія (крывіцкія) казкі» (абедзве 1929), падручнік «Пішы самадзейна» (1929) С.​Паўловіча і інш., змяшчаў свае малюнкі ў час. «Родныя гоні» (1927), «Заранка» (1927—31), газ. Бел. сял.-рабочай грамады «Народны звон» (1926). Стварыў серыю гравюр для «Беларускага календара на 1927 год» (серыя «Дванаццаць месяцаў» выкарыстоўвалася і ў інш. календарах канца 1920 — пач. 30-х г.). Аўтар літаграфічных партрэтаў Я.​Купалы (1923) і Я.​Коласа (1931). Апошнія гады працаваў як партрэтыст (жывапісны партрэт скульптара Р.​Яхімовіча), пейзажыст («Віды Вільні і ваколіцаў») і дэкаратар (сграфіта на фасадзе будынка букіністычнай кнігарні ў Вільні).

Літ.:

Ліс А.С. Пякучай маланкі след. Мн., 1981.

А.​С.​Ліс.

Я.Горыд. Ілюстрацыя да казкі «Змей». 1929.
Я.Горыд. Вокладка кн. «Беларускія (крывіцкія) казкі». № 1. 1929.

т. 5, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́ЛЬСКІ (Міхаіл Карлавіч) (8.10.1831, в. Дудзічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.студз. 1904),

бел. скрыпач, кампазітар, муз. пісьменнік. Брат А.К.Ельскага. Ігры на скрыпцы вучыўся ў К.Кжыжаноўскага ў Мінску, В.​Банькевіча ў Вільні, удасканальваўся ў А.В’ётана ў Парыжы, К.Ліпінскага ў Дрэздэне. З пач. 1860-х г. канцэртаваў у Польшчы і Германіі. Меў вял. рэпертуар, найб. блізкія яму былі творы Дж.​Б.​Віёці, В’ётана, Ліпінскага, Л.​Шпора. Аўтар каля 100 твораў, у т. л. 2 канцэртаў, Санаты-фантазіі, фантазіі «Вясна», Бліскучай фантазіі на арыгінальныя тэмы, Фантазіі на тэмы польск. нар. мелодый для скрыпкі, скрыпічных і фп. паланэзаў, мазурак, мініяцюр («Скрыпічныя мініяцюры» апубл. ў 1852 у Кіеве). Выступаў як муз. публіцыст, друкаваў у польск. час. «Ruch muzyczny» («Музычны рух»), «Echo muzyczne» («Музычнае рэха») і інш. артыкулы і нарысы пра кампазітараў і музыкантаў-выканаўцаў (у т. л. бел. Ю.​Дашчынскага, Кжыжаноўскага, К.​Стравінскага і інш.). Збіраў і запісваў бел. нар. мелодыі, выкарыстоўваў іх у сваіх творах. Аўтар працы «Народныя танцы Мінскай губерні» (у рукапісе).

Літ. тв.: Kilka wspomnień z przeszłości muzycznej Litwy // Echo muzyczne. 1881. № 22—23.

Літ.:

Дамінікоўскі Ф. Кампазітар і скрыпач М.​Ельскі // Беларусь. 1946 № 8;

Капилов А. Скрипач из Дудичей // Неман. 1978. № 5.

А.​Л.​Капілаў.

М.К.Ельскі.

т. 6, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЫ́ШКА (Анатоль Канстанцінавіч) (н. 16.4.1935, в. Данейкі Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменнік, крытык, перакладчык, педагог. Брат М.К.Клышкі, Засл. работнік культ. Беларусі (1994). Скончыў БДУ (1958). Працаваў у газ. «Літаратура і мастацтва», у час. «Полымя», з 1971 у НДІ педагогікі Мін-ва асветы Беларусі. Друкуецца з 1950. Даследуе праблемы развіцця бел. паэзіі (творчасць М.​Багдановіча, М.​Танка, П.​Панчанкі, А.​Вялюгіна, Р.​Барадуліна і інш), вершазнаўства, методыкі навучання і выкладання л-ры ў школе. Аўтар маст. кніг для дзяцей «У лясах Белавежы» (1975), «Самая лепшая хатка» (1976), «Вярэнька загадак» (1982), «Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга» (1983) і інш., адметных арыгінальнасцю думкі і формы, дакладнасцю ацэнак, яркасцю стылю, а таксама «Буквара» (1-е выд. 1969; шматразова перавыдаваўся), зб. для дадатковага чытання «Верасок» (3-е выд. 1986), чытанкі «Чабарок» (1989, 1991), пропісаў (7-е выд. 1992). Аўтар «Беларуска-польскага размоўніка» (1992). Пераклаў на бел. мову «Новы запавет» (1980), раман стараж.-грэч. пісьменніка Лонга «Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою» (1991). Перакладае з польск., ням., лац., укр. і інш. моў.

Тв.:

Права на верш. Мн., 1967;

Шыльдбюргеры: Па-нямецку пачуў, па-беларуску збаяў Анатоль Клышка. Мн., 1983.

Літ.:

Каваленка В.А. Пра паэзію і мужнасць духу // Прага духоўнасці. Мн., 1975.

І.​П.​Чыгрын.

А.К.Клышка.

т. 8, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БЕЦ (Рыгор Якаўлевіч) (24.7.1898, г. Кіраваград, Украіна — 9.9.1990),

бел. пісьменнік. Засл. дз. маст. Беларусі (1935). З 1921 жыў у Мінску, працаваў у рэдакцыі газ. «Рабочий». З 1925 чл. рус. секцыі «Маладняка» — «Звенья», з 1929 — «Маладняка». У 1931—37 на кінастудыі «Савецкая Беларусь» у Ленінградзе, пазней на студыі кінахронікі на Д. Усходзе. У 1938 рэпрэсіраваны, у 1939 апраўданы, жыў у Хабараўску. У 1941 зноў рэпрэсіраваны, з 1951 на пажыццёвым пасяленні ў кірг. стэпах. З 1960 у Мінску. Рэабілітаваны ў 1960. Друкаваўся з 1918. Пісаў вершы, фельетоны, нарысы. Першая і найб. значная ў драматург. спадчыне пісьменніка п’еса «Гута» (1929, паст. 1930 БДТ-1) на рабочую тэму. Сярод інш. п’ес «А ўсё ж заспяваю» (1932), «На заставе» (1934), «Мігрэнь» (1940), «Цяжкі выпадак» (1961), «Піражкі з чырвонцамі» (1965) і інш. Зрабіў значны ўклад у станаўленне бел. кінематаграфіі. Аўтар сцэнарыяў кінафільмаў «Ураган» (1931, з Б.​Брадзянскім), «Двойчы народжаны» (1933, першы гукавы фільм на бел. мове), «Шукальнікі шчасця» (1936, з І.​Зэльцарам, апубл. 1988), «Дняпро ў агні» (1937, з І.​Барашкам). Аўтар муз. камедыі «Шчаслівы бераг» (паст. 1940), аповесці «Ноеў каўчэг» (нап. 1964, апубл. 1989), успамінаў пра Я.​Купалу «Купалава ноч» (нап. 1959, апубл. 1998).

Тв.:

Письма из ссылки (1958—1960 гт.) // Неман. 1998. № 9.

Р.Я.Кобец.

т. 8, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)