ЛІ́ТЫЕВЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінер. ўтварэнні, якія маюць у сабе літый, або яго злучэнні. Літый знаходзіцца ў рудах пераважна ў форме мінералаў; у невял. колькасці ізаморфных дамешкаў уваходзіць у састаў пародаўтваральных мінералаў (слюд, турмалінаў і інш.). Гал. літыйзмяшчальныя мінералы, якія маюць прамысл. значэнне: спадумен (6—7% LiO2), петаліт (3,5—4,9%), амбліганіт (8—10%), а таксама літыевыя слюды: лепідаліт (4—6% LiO2), цынвальдыт (3—3,5%). Трапляюцца ў гранітах, пегматытах і грэйзенах. Буйнейшыя радовішчы Л. р. ў Канадзе, ЗША, Паўд. Радэзіі, Паўд. -Зах. Афрыцы, Бразіліі, Расіі і інш.

т. 9, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЗГІ́Н (Аляксей Андрэевіч) (1.2.1920, в. Загараддзе Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 10.1.1977),

Герой Сав. Саюза (1946). Скончыў Тамбоўскую ваен. авіяц. школу пілотаў (1941). У Чырв. Арміі з 1939. У Вял. Айч. вайну з 1943 на Цэнтр., 1-м Укр. франтах. Камандзір звяна развед. авіяц. палка лейтэнант Л. зрабіў 106 баявых вылетаў, правёў 32 паветр. баі, зняў 160 фільмаў, з якіх зманціравана 275 фотасхем і 450 фотапланшэтаў; паводле звестак яго аэрафотаразведкі на аэрадроме ў Палтаве і інш. палявых пляцоўках знішчана 320 самалётаў праціўніка. Да 1960 у Сав. Арміі.

А.А.Лузгін.

т. 9, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУК’Я́НАЎ (Анатоль Іванавіч) (н. 7.5.1930, г. Смаленск, Расія),

расійскі паліт. дзеяч. Д-р юрыд. н. Скончыў Маскоўскі ун-т (1953). З 1961 у апараце Прэзідыума Вярх. Савета СССР і ЦК КПСС. З 1989 1-ы нам., у 1990—91 старшыня Вярх. Савета СССР. Пасля жнівеньскіх падзей 1991 да снеж. 1992 знаходзіўся пад арыштам. З 1995 старшыня к-та Дзярж думы Федэральнага сходу Рас. Федэрацыі па заканадаўстве і судова-прававой рэформе. Аўтар паэт. зборнікаў «Сугучча» (псеўданім — А.​Осенеў), «Вершы з турмы», «Песня пратэсту». На яго вершы І.​Лучанок напісаў цыкл песень.

т. 9, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУСПЯКА́ЕЎ (Павел Барысавіч) (20.4. 1927, г. Луганск, Украіна — 17.4.1970),

расійскі акцёр. Засл. арт. Расіі (1965). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчэпкіна (1950). Працаваў у рус. т-рах Тбілісі і Кіева. У 1959—64 у Ленінградскім Вял. драм. т-ры. Акцёр моцнага тэмпераменту. Яго творчасць вылучалася глыбокай арганічнасцю, эмацыянальнай яркасцю. Сярод роляў: Чаркун («Варвары» М.​Горкага), Нагульнаў («Узнятая цаліна» паводле М.​Шолахава) і інш. З 1955 у кіно. Зняўся ў фільмах: «Балтыйскае неба» (1961), «Капронавыя сеткі» (1963), «Рэспубліка ШКІД» (1966), «Белае сонца пустыні» (1970).

Літ.:

П.​Луспекаев: Воспоминания об актере. Л., 1977.

т. 9, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЦЭ́ВІЧ (Андрэй Піліпавіч) (10.8.1919, в. Заазер’е Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 17.7.1944),

Герой Сав. Саюза (1944). У Чырв. Арміі з 1939. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941. Камандзір гарматнага разліку ст. сяржант Л. вызначыўся ў 1944 пры фарсіраванні Зах. Дзвіны на тэр. Віцебскай вобл.: 26 чэрв. яго разлік знішчыў 4 кулямёты і мінамёт праціўніка, потым на падручных сродках у ліку першых з гарматай фарсіраваў раку і агнём садзейнічаў захопу і пашырэнню плацдарма. Загінуў у баі.

А.П.Луцэвіч.

т. 9, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ГНІЕВЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінер. ўтварэнні, якія маюць метал. магній або яго злучэнні ў колькасцях, дастатковых для прамысл. атрымання. Да М.р. адносяць больш за 100 мінералаў, у т. л. брусіт (41,7% магнію), магнезіт (28,8%), даламіт (18,2%), кізерыт (17,6%), бішафіт (12%), лангбейніт (11,7%), эпсаміт (9,9%), каініт (9,8%), карналіт (8,8%), расолы (2% MgO) і марскую ваду (0,13%). Асн. прамысл. радовішчы — асадкавыя, другасныя — метамарфічныя і гіпергенныя. Радовішчы ў Расіі, Бразіліі, Індыі, Аўстраліі, ЗША і інш. На Беларусі ў якасці М.р. выкарыстоўваюцца карналіт і дэвонскія расолы ў Прыпяцкім саляносным басейне.

т. 9, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗАІЦЫ́ЗМ, мазаічнасць,

прысутнасць у аднаго мнагаклетачнага арганізма клетак рознага генатыпу (выключэнне — палавыя клеткі ў працэсе меёзу). Такія арганізмы наз. мазаікамі або хімерамі. Напр., стракаталістасць у раслін, розная пігментацыя радужнай абалонкі вачэй у чалавека (адно вока карае, другое — блакітнае). Асн. прычыны — мутацыі і рэкамбінацыі ў клетках, што дзеляцца шляхам мітозу. Адрозніваюць М. са зменай генатыпу, плазматыпу і фенатыпічны М., звязаны са зменай функцыі гена ці яго дозы. Да М. адносяць таксама штучнае аб’яднанне груп клетак або органаў: трансплантацыя, прышчэпкі ў раслін і інш. Выкарыстоўваюць для аналізу мутацый, асаблівасцей развіцця арганізмаў і інш.

т. 9, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕ́РБ ((Malherbe) Франсуа) (каля 1555, г. Кан, Францыя—16.10.1628),

французскі паэт; пачынальнік паэзіі франц. класіцызму. Пісаў оды, гімны, стансы, санеты, эпіграмы, элегіі (напр., «Каралю Генрыху Вялікаму з прычыны ўзяцця Марселя», 1596; «Суцяшэнне пана дзю Пер’е з выпадку смерці яго дачкі», 1598—99, і інш.). У процівагу П.Рансару і паэтам «Плеяды» выступаў за чысціню, абагачэнне і нарматыўнасць літ. мовы («Каментарыі да Дэпорта», 1600), патрабаваў дакладнага размежавання жанраў, стройнай кампазіцыі, гармоніі стылю і дасканаласці рытмікі.

Тв.:

Рус. пер. — [Стихи] // Колесо фортуны: Из европейской поэзии XVII в. М., 1989.

т. 10, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЫ́ КАЎКА́З,

сістэма складкавых горных хрыбтоў у Закаўказзі, якая акаймоўвае з Пн і ПнУ Армянскае нагор’е. Размяшчаецца амаль паралельна Вял. Каўказу і аддзяляецца ад яго Калхідскай нізінай і Курынскай упадзінай. З Вял. Каўказам злучаецца Ліхскім (Сурамскім) хрыбтом. Даўж. каля 600 км. Выш. да 3724 м (г. Гямыш). У сістэму М.к. ўваходзяць хрыбты Месхецкі, Трыялецкі, Самхецкі, Мургузскі, Шахдагскі, Мураўдаг, Карабахскі і інш. Паўн. і паўн.-ўсх. схілы ўкрыты шыракалістымі і хваёвымі лясамі, субальпійскімі і альпійскімі лугамі, паўд. — рэдкалессем і хмызняком. Гораўтваральныя працэсы адбыліся ў альпійскую складкавасць. Гл. таксама Каўказ.

т. 10, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛЫШАЎ (Пётр Фёдаравіч) (28.8.1898, в. Селязнёва Яраслаўскай вобл., Расія — 10.12.1972),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.лейт. (1943). Скончыў курсы «Выстрал» (1923, 1930), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1935). У Вял. Айч. вайну на Зах., Бранскім, Ленінградскім, 1-м і 2-м Прыбалт. франтах. Са жн. 1943 камандуючы 4-й ударнай арміяй, якая ўдзельнічала ў Гарадоцкай, Віцебска-Аршанскай, Полацкай і Мінскай аперацыях. Войскі пад яго камандаваннем вызначыліся пры вызваленні Гарадка, Полацка і інш. нас. пунктаў. Да 1959 на камандных пасадах у Сав. Арміі, у т. л. ў БВА.

т. 10, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)