запаведнік у Расіі, у Магаданскай вобл. Размешчаны на а-вах Урангеля і Геральд ў Паўн. Ледавітым ак., на мяжы Усх.-Сібірскага і Чукоцкага м.Засн. ў 1976 з мэтай аховы і вывучэння прыродных комплексаў арктычных астравоў, у першую чаргу радзільных бярлог (каля 250) белага мядзведзя, занесенага ў Чырв. кнігу. Пл. 795,6 тыс.га. На в-ве Геральд знаходзяцца самыя буйныя ў свеце лежні маржоў (каля 95 тыс. асобін), трапляюцца таксама лахтак, нерпа, расамаха. На в-аў Урангеля завезены свойскі паўн. алень і аўцабык. Разнастайная арнітафауна: белая гусь (адзінае месца гнездавання, каля 100 тыс. птушак штогод, від занесены ў Чырв. кнігу), чорная казарка, звычайная гага, маранкі, кулікі, паморнікі і інш.; вял. птушыныя базары з фонавымі відамі берынгава баклана, чайкі-мыеўкі і кайры.
палітычны і дзярж. дзеяч Аўстрыі. Д-рэканам.навук. Скончыў Венскі ін-тсусв. гандлю (1960). Чл.С.-д. партыі Аўстрыі (СПА, з 1988 яе старшыня). Працаваў у Аўстр.нац. банку (1961—69), федэральным мін-ве фінансаў (1970—76), нам.ген. дырэктара акц.т-ва «Крэдытанштальтбанкфэрайн» (1976—81), ген. дырэктарам і старшынёй праўлення Зямельнага банка (1981—84). У 1984—86 федэральны міністр фінансаў. З чэрв. 1986 па студз. 1997 федэральны канцлер (кіраўнік урада з прадстаўнікоў СПА і Аўстр. партыі свабоды, з 1987 на чале ўрада вял. кааліцыі СПА і Аўстр.нар. партыі). Прыхільнік курса на санацыю (аздараўленне) дзярж. бюджэту і інтэграцыю краіны ў Еўрапейскі саюз (Аўстрыя стала чл. 1.1.1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́ДЛЕНД (ад англ. woodland лясная мясцовасць),
назва апошняга з трох археалагічна выяўленых перыядаў гісторыі насельніцтва ўсх. раёнаў Паўн. Амерыкі (1-е тыс. да н.э. — 16 ст.н.э.). Вызначаюць 3 стадыі яго развіцця: на ранняй (1-е тыс. да н.э.) асн. заняткамі насельніцтва былі паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва (на перыферыі зоны яны існавалі і на больш позніх стадыях); на сярэдняй (1-е тыс. да н.э. — сярэдзіна 1-га тыс.н.э.) развівалася земляробства, узнікалі аселыя паселішчы, пачалася апрацоўка серабра, медзі, метэарытнага жалеза; на позняй (5—16 ст.) ствараліся протагарадскія цэнтры з землянымі насыпамі вакол гарадзішчаў, характэрны вял. земляныя піраміды з храмавымі будынкамі на вяршыні, высокі ўзровень маст. апрацоўкі металаў і керамікі. У першае стагоддзе еўрап. каланізацыі Паўн. Амерыкі гэтыя культ. цэнтры перасталі існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЖ ЗВЫЧА́ЙНЫ (Natrix natrix),
паўзун сям. вужовых атр. лускаватых. Пашыраны ў Еўропе, Паўн. Афрыцы, Азіі (да цэнтр. Манголіі). Жыве пераважна ў вільготных месцах, каля жылля чалавека, зрэдку ў стэпах і гарах. На Беларусі трапляецца ўсюды.
Даўж. да 1,5 м. Цела зверху ад цёмна-шэрага да чорнага колеру, знізу белае з чорнымі плямамі ў выглядзе няроўнай чорнай паласы. Па баках галавы 2 вял., добра прыкметныя светлыя плямы (жоўтыя, аранжавыя, брудна-белыя). Перыядычна ліняе. Кладзе 6—35 яец, вужаняты даўж. каля 15 см. Актыўны днём, ноччу хаваецца. Корміцца жабамі, рапухамі, апалонікамі, мышамі. Неядавіты, бясшкодны. Добра плавае. Для абароны выкарыстоўвае выдзяленні з клаакі з непрыемным пахам. Добра пераносіць няволю. Колькасць вужоў звычайных на Беларусі памяншаецца ў сувязі з меліярацыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ШАДКІ,
вёска ў Стадолішчанскім с/с Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. За 20 км ад горада і чыг. ст. Гарадок, 60 км ад Віцебска. 79 ж., 41 двор (1996). Вайсковыя могілкі. Археал. помнік — гарадзішча ранняга жал. веку і курганны могільнік крывічоў 10—11 ст.
Упершыню ўпамінаюцца ў 1570 як сяло дзярж. Усвяцкай вол. Віцебскага ваяв.ВКЛ. З 1633 ва ўладанні Рудамінаў-Дусяцкіх. З 1772 у Рас. імперыі, цэнтр прыватнага маёнтка, які належаў памешчыку фон Крузе. Вышадкі ўваходзілі ў Суражскі пав., з 1866 — цэнтр воласці Гарадоцкага пав. Віцебскай губ.; царква, 3 кірмашы на год. З 1923 у Віцебскім пав., з 1924 у Межанскім, з 1931 у Гарадоцкім р-не. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі ў жн. 1942 спалілі вёску, загубілі 12 жыхароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАПА́ЕЎ (Іван Кірылавіч) (20.4.1905, в. Трубільня Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 11.11.1959),
генерал-маёр артылерыі (1944), Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Акад. курсы ўдасканалення камсаставу (1934), Ваен. акадэмію Генштаба (1946). У Чырв. Арміі з 1927. Удзельнік нац.-вызв. вайны ў Іспаніі (1936—39), сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах., Паўд.-Зах., 3-м Укр., 1-м Бел. франтах. Удзельнік баёў пад Масквой, на Бярэзіне ў 1941, Сталінградскай і Курскай бітваў, вызвалення Беларусі, Украіны, Польшчы, баёў на тэр. Германіі. Вызначыўся ў жн. 1944 пры фарсіраванні Віслы. За месяц наступальных баёў артылерыя корпуса пад яго камандаваннем знішчыла 106 танкаў і самаходных гармат, 172 мінамёты і гарматы ворага. Да 1950 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСКО́ЎНІЦА (Myrica),
род кветкавых раслін сям. васкоўнікавых. Больш за 50 відаў. Пашыраны ў абодвух паўшар’ях, пераважна ў тропіках і субтропіках. На Беларусі ў 1858 у Горацкім дэндрарыі высаджана васкоўніца звычайная (Myrica gale, расла да Вял.Айч. вайны). У Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі інтрадукаваны 2 амер. віды: В. вашчаная (Myrica cerifera) і пенсільванская (Myrica pensilvanica).
Лістападныя ці шматгадовазялёныя кусты або невял. дрэўцы выш. да 15 м. Лісце чаргаванае, простае, скурыстае, з дробнымі пахучымі залозкамі. Кветкі дробныя, у коласападобных суквеццях або адзіночныя, аднаполыя. Плод — зборная касцянка з васковым налётам. Дэкар., тэхн. (фарбавальныя, дубільныя і васканосныя), харч. (плады некаторых відаў ядомыя, лісце і суквецці выкарыстоўваюць у лікёра-гарэлачнай прам-сці), лек. (сродак супраць астмы і інш.) і ядавітыя расліны.
Засн. ў 1935 у г. Ваўкавыск як краязнаўчы, з 1940 дзярж., з 1953 ваенна-гіст. музей. Мае 6 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 198 м²), 31,5 тыс. экспанатаў асн. фонду (1996). У калекцыі музея археал. знаходкі з раскопак паселішчаў у Ваўкавыску і стараж. ўзбраенне воіна (наканечнікі стрэл лука, арбалета, кап’я, кальчуга, даспехі ням. рыцара, крыжацкі меч), халодная (алебарды, палашы, шаблі) і агнястрэльная (пісталеты, стрэльбы, гармата) зброя 16 — пач. 19 ст., мундзіры рус. салдат і афіцэраў гусарскіх і ўланскіх палкоў вайны 1812. Матэрыялы перыяду Вял.Айч. вайны прысвечаны абароне горада ў 1941, дзейнасці патрыят. падполля, вызваленню ў 1944. Захоўваюцца экспанаты пра жыццё і дзейнасць Баграціёна, дзеячаў КПЗБ С.В.Прытыцкага, В.З.Харужай, С.С.Панковай і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РАС (Calluna),
род кветкавых раслін сям. верасовых. 1 від — верас звычайны (Calluna vulgaris). Пашыраны ў Еўропе, Зах. Азіі, Паўн. Афрыцы і на Атл. узбярэжжы Амерыкі. На Беларусі трапляецца ўсюды. Расце на пясчаных мясцінах у хваёвых барах, на высечках, выгарынах, пустэчах, тарфяніках, утварае вял. зараснікі — верасоўнікі.
Шматгадовая вечназялёная галінастая кустовая ці кусцікавая расліна выш. да 1 м. Лісце дробнае, лускападобнае, сядзячае, ланцэтнае, размешчана накшталт чарапіцы ў 4 рады. Кветкі дробныя, двухполыя, званочкавыя, бэзава-ружовыя, зрэдку белыя, у аднабокіх гронках. Плод — пушыстая чатырохгранная каробачка. Дэкар., лек (мачагонны, патагонны, процізапаленчы, вяжучы, злёгку снатворны і заспакаяльны сродак), тэхн. (мае дубільнікі, гліказіды, смалу, крухмал), кармавая і меданосная (дае т.зв. «верасовы мёд») расліна. Часам верасам таксама наз. віды роду эрыка (Erica).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РТАЎ (Дзіга) (сапр.Каўфман Дзяніс Аркадзевіч; 2.1.1896, г. Беласток, Польшча — 12.2.1954),
савецкі кінарэжысёр; адзін з заснавальнікаў і тэарэтыкаў дакумент. кіно. З 1918 працаваў у аддзеле кінахронікі Маск. кінакамітэта. Першыя яго фільмы зманціраваны з кінахронікі: «Гадавіна рэвалюцыі» (1919), «Бой пад Царыцынам» (1920), «Гісторыя грамадзянскай вайны» (1922) і інш. У кіначасопісе «Кіна-Праўда» (1922—25), фільмах «Кіна-Вока» (1924), «Шостая частка свету» (1926), «Чалавек з кінаапаратам» (1929), «Калыханка» (1937) імкнуўся да паэтычнага, вобразна-публіцыстычнага паказу жыцця. У Вял.Айч. вайну зняў фільмы «Кроў за кроў, смерць за смерць» (1941), «У гарах Ала-Тау» і «Клятва маладых» (1944). У 1944—45 выпускаў кіначасопіс «Навіны дня». Новыя прынцыпы кінадакументалізму тэарэтычна абгрунтаваў у арт. «Мы. Варыянт маніфеста», «Кінавока» і інш.