выдадзеныя кіраўніком дзяржавы, урадам, іншымі дзярж. органамі па ўпаўнаважанні парламента нарматыўныя акты, якія маюць сілу закону ў парадку ўступкі (дэлегавання) парламентам заканад. паўнамоцтваў. Гэта звязана з ускладненнем кіраўніцкіх задач і неабходнасцю іх вырашэння на прафес. узроўні. Д.з. выкарыстоўваецца ў некат. развітых краінах свету, напр., Італія, Францыя, ФРГ і інш. У Рэспубліцы Беларусь рэалізуецца Прэзідэнтам краіны ў форме дэкрэтаў. Дэлегаванне заканад. паўнамоцтваў ажыццяўляецца на аснове Закону або палажэнняў Канстытуцыі, якія вызначаюць прадмет рэгулявання і тэрмін паўнамоцтваў. Існуе абмежаванне дэлегаваных паўнамоцтваў па пытаннях, якія адносяцца выключна да кампетэнцыі парламента. Формай Д.з. з’яўляецца таксама выданне парламентам т.зв. «рамачных законаў», у межах якіх выканаўчая ўлада можа ажыццяўляць праватворчасць. У шырокім сэнсе пад Д.з. разумеецца таксама перадача мясц. Саветамі дэпутатаў паводле дагавору некат. сваіх паўнамоцтваў органам тэр. грамадскага самакіравання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ЎБЕК ((Holoubek) Густаў) (н. 21.4.1923, г. Кракаў, Польшча),
польскі акцёр і рэжысёр. Праф. Вышэйшай тэатр. школы (Варшава). Скончыў Вышэйшую тэатр. школу ў Кракаве. З 1947 у т-рах Кракава і Катавіц, з 1957 у розных т-рах Варшавы (у т. л. ў 1969—87 у Т-ры Драматычным, у 1972—82 адначасова дырэктар). Акцёрскае мастацтва Галоўбека вызначаецца высокай інтэлектуальнасцю, строгасцю ў падборы выразных сродкаў разам з глыбокай унутр. засяроджанасцю. Сярод лепшых роляў: Эдып («Эдып» Сафокла), Конрад («Дзяды» А.Міцкевіча), Скрыпач («Разня» С.Мрожака), Лір («Кароль Лір» У.Шэкспіра). Яго лепшая рэжысёрская работа — «Гамлет» Шэкспіра (выканаў таксама гал. ролю). З 1953 здымаецца ў кіно («Пятля», «Супольны пакой», «Санаторый пад Клепсідрай» і інш.). У 1972—81 узначальваў Т-ва польскіх акцёраў т-ра і кіно. Дзярж. прэміі Польшчы 1966, 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́ЦКІ ПРЫГО́ННЫ КВАРТЭ́Т У.Г.КАСТРЫЁТА-СКАНДЭРБЕ́КА Існаваў у канцы 1840—50-я г. Створаны кампазітарам-аматарам У.Г.Кастрыёта-Скандэрбекам
(блізкі сябра М.Глінкі і А.Даргамыжскага) у яго маёнтку Гарадзец на Магілёўшчыне з прыгонных сялян, прафесійна падрыхтаваных ням. скрыпачом Бекерам. У склад квартэта ўваходзілі С.Іваноў (1-я скрыпка),
М.Міхайлаў (2-я скрыпка), В.Андрэеў (альт), К.Васільеў (віяланчэль). Ансамбль меў вял. рэпертуар. Пра высокі ўзровень яго выканальніцкага майстэрства сведчыць выкананне ўсіх 16 квартэтаў Л.Бетховена, апошнія з якіх — найскладанейшыя творы сусв. квартэтнай л-ры. Квартэт пад кіраўніцтвам свайго ўладара вёў шырокую канцэртную дзейнасць на Магілёўшчыне; у 1858 тройчы выступаў у Магілёве з выкананнем твораў В.А.Моцарта і Бетховена.
Літ.:
Skrobecki L. Korespondencia z Mohilewa nad Dnieprem // Ruch muzyczny. 1858. № 27.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЫ́ (Gary) Рамэн [другі псеўд.Ажар
(Ajar) Эміль; сапр.Касеў (Kassew) Раман; 8.5.1914, Вільня — 2.12.1980], французскі пісьменнік расійскага паходжання. У Францыі жыў з 1927. Атрымаў вышэйшую юрыд. адукацыю. З 1945 на дыпламат. службе. Аўтар раманаў «Еўрапейскае выхаванне» (1945),
«Карані неба» (1956, Ганкураўская прэмія 1956), трылогіі «Амерыканская камедыя» (1966—69), цыкла «Браты Акіян» (1965—68), «Паветраныя змеі» (1980), эсэ «Жыцё і смерць Эміля Ажара» (апубл. ў 1981). Пад імем Э.Ажара апублікаваў раманы «Галубок» (1974), «Жыццё наперадзе» (1975, Ганкураўская прэмія 1975, экранізаваны ў 1978), «Трывога цара Саламона» (1979). Насуперак правілам атрымаў Ганкураўскую прэмію двойчы як два розныя пісьменнікі (містыфікацыя раскрылася толькі пасля яго смерці). Перавагу аддаваў экзістэнцыяльнай праблематыцы. Творы Гары адметныя глыбокім псіхалагізмам, спалучэннем трагізму і тонкага гумару, канкрэтна-рэальнага і ўмоўнага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСТРАЭНТЭРАКАЛІ́Т (ад гастра... + энтэракаліт),
вострае або хранічнае запаленне страўнікава-кішачнага тракту жывёл і чалавека. Бывае вынікам харчовых таксікаінфекцый, дзеяння інш.інфекц. і алергічных фактараў, атручэнняў (лек., цяжкімі металамі, моцнымі кіслотамі і шчолачамі, алкагольных), функцыян. недастатковасці органаў стрававання, парушэння абмену рэчываў. Спрыяюць узнікненню гастраэнтэракаліту ахілія, авітамінозы, анемія. У жывёл асн. прычына першаснага гастраэнтэракаліту — ужыванне недабраякасных кармоў, іх забруджанасць раздражняльнымі хім. рэчывамі і расліннымі ядамі. Сімптомы гастраэнтэракаліту залежаць ад пераважнай лакалізацыі запаленчага працэсу ў страўніку (гастрыт), тонкім (энтэрыт) або тоўстым (каліт) кішэчніку: могуць уключаць адрыжкі, пякотку, болі пад лыжачкай і ў жываце, ірвоту з паносам, уздуцці жывата і інш. У цяжкіх выпадках вострага гастраэнтэракаліту адзначаюцца стамляльнасць, павышэнне тэмпературы, сардэчна-сасудзістыя расстройствы, магчымы пераход хваробы ў хранічную форму з рэцыдывамі і абвастрэннямі. Лячэнне: ліквідацыя першапрычын, медыкаментознае, дыетатэрапія, пры неабходнасці — прамыванні страўніка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНАЯ РАЁННАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ (ДРЭС),
цеплавая кандэнсацыйная электрастанцыя, якая выпрацоўвае толькі электрычную энергію. Першая ў свеце раённая электрастанцыя на мясц. паліве (торфе) магутнасцю 15 мВт пабудавана ў 1912—14 пад Масквой па ініцыятыве рус. інжынера Р.Э.Класона. Планам ГОЭЛРО (1920) прадугледжвалася збудаванне некалькіх цеплавых электрастанцый, з іх найб. вядомая Шатурская ДРЭС, у Беларусі — Асінаўская ДРЭС (гл.Беларуская ДРЭС). Паступова тэрмін ДРЭС амаль страціў свой першапачатковы сэнс («раённая») і ў сучасным разуменні азначае кандэнсацыйную электрастанцыю даволі вял. магутнасці, якая працуе ў аб’яднанай энергасістэме побач з інш. буйнымі электрастанцыямі. Першай і адной з самых буйных цеплавых электрастанцый блочнага тыпу ў Беларусі з’яўляецца Бярозаўская ДРЭС (920 тыс.кВт). У Беларускай энергетычнай сістэме працуюць таксама Лукомская ДРЭС (найбольшая з такога тыпу электрастанцый; 2400 тыс.кВт), б. Васілевіцкая ДРЭС (гл.Светлагорская ЦЭЦ).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЛЬСКІЯ,
княжацкі род у ВКЛ уласнага герба (змененая «Касцеша»). Верагодна, паходзілі ад турава-пінскіх Рурыкавічаў. Вядомы з канца 15 ст. Прозвішча ад в. Дольск (Стары Дольск, Пінскі пав., цяпер Валынская вобл.
Украіны). Гал. галіна роду мела маёнткі ў Пінскім пав., згасла ў канцы 17 ст.; на Украіне пабочныя адгалінаванні Д., страціўшы княжацкі тытул, існавалі да 19 ст.Найб. вядомыя: Міхаіл Ніцыфар (7—1623), стольнік, падсудак земскі, паборца (1589), суддзя земскі (1606), пінскі, кашталян брэсцкі (1621), маршалак Трыбунала ВКЛ (1611); Ян Кароль (1637—29.4.1695), падстолі слонімскі (1656), маршалак пінскі (1666), маршалак вялікі (1691). У 1690 Ян Кароль атрымаў ад урада зямлю пад Пінскам, дзе збудаваў прадмесце Каралін (названа ў яго гонар) з Пінскім Каралінскім замкам і Пінскім касцёлам Карла Барамея, заснаваў Любяшоўскі піярскі калегіум і Дубровіцкі піярскі калегіум (Валынь).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРОЗД (Валянцін Пятровіч) (16.9.1906, г. Буда-Кашалёва Гомельскай вобл. — 29.1.1943),
віцэ-адмірал (1941). Скончыў Вышэйшае ваенна-марское вучылішча імя Фрунзе (1928), служыў на караблях Балт. флоту (БФ). Удзельнік грамадз. вайны ў Іспаніі (інструктар-саветнік рэсп. флоту ў 1936—37). З 1938 камандуючы Паўн. флотам, удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. З вер. 1940 нач. Чарнаморскага вышэйшага ваен.-марскога вучылішча. З лют. 1941 камандзір атрада лёгкіх сіл БФ, у пач.Вял.Айч. вайны на чале атрада караблёў БФ прарваўся з Таліна ў Кранштат. З вер. 1941 камандуючы эскадрай караблёў БФ; удзельнік абароны Маанзундскіх а-воў, эвакуацыі абаронцаў п-ва Ханка, абароны Ленінграда. Загінуў на лядовай трасе пад Кранштатам. Яго імем названы эсмінец БФ (гл.«Віцэ-адмірал Дрозд») і вял. процілодачны карабель Паўн. флоту. У Буда-Кашалёве помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛА́Й-ЛА́МА [ад манг. далай — мора (мудрасці) + лама],
тытул паліт. (да 1951) і духоўнага ўладыкі тыбецкага народа; першасвяшчэннік ламаісцкай царквы (гл.Ламаізм). З’яўляецца таксама духоўным аўтарытэтам будыстаў тых тэрыторый, што апынуліся пад уплывам тыбецкай цывілізацыі (Манголія, Бурація, Тува, Калмыкія і інш.). Тытул Д.-л. ўстаноўлены ў 1391. Д.-л. — абаронца веруючых, зямное ўвасабленне Авалакітэшвары, будысцкай персаніфікацыі міласэрнасці. Вядома 14 носьбітаў тытула Д.-л., якіх веруючыя прымаюць за аднаго. Лічыцца, што Д.-л. не памірае, а пераўвасабляецца ў дзіця, якое нараджаецца ў час смерці Д.-л.
Першым Д.-л. быў Гедундуб (1391—1474). 5-ы — Агван Лабзан Джамцо падпарадкаваў сваёй уладзе амаль увесь Тыбет, ператварыў яго ў тэакратычную дзяржаву; вядомы як гісторык і літаратар, стваральнік новай драматургіі містэрый цам (свята ў масках). 14-ы Тэндзін Г’ягсо (Д.-л. з 1940).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАШНАКІ́,
члены армянскай нацыянальнай партыі «Дашнакцуцюн» («Саюз»), засн. ў 1890 у Тбілісі. Імкнуліся да вызвалення армян з-падтур. прыгнёту і аўтаноміі арм. дзяржавы. Падтрымалі лют. рэвалюцыю 1917 у Расіі, але выступілі супраць бальшавікоў і Кастр. рэвалюцыі 1917; адарвалі Арменію ад Расіі і разам з эсэрамі, меншавікамі і мусаватыстамі стварылі Закаўказскі камісарыят, потым Закаўказскі сейм. У маі 1918 — ліст. 1920 «Дашнакцуцюн» — правячая партыя ў арм. рэспубліцы. Пасля ўступлення сюды Чырв. Арміі ўрад Д. (знаходзіўся ў г. Александропаль) заключыў дагавор з Турцыяй аб стварэнні ў яе межах аўтаномнай арм. дзяржавы. У лют. 1921 Д. арганізавалі ў Арменіі антысав. паўстанне, пасля разгрому якога партыя «Дашнакцуцюн» ліквідавана. У эміграцыі арг-цыі Д. дзейнічаюць у ЗША, Францыі, Грэцыі, Іране і інш. У пач. 1990-х г. аднавілі легальную дзейнасць у Арменіі.