вызначальны стыль у еўрап. мастацтве канца 16 — сярэдзіны 18 ст. Прыйшло на змену гуманіст.маст. культуры Адраджэння і вытанчанаму суб’ектывізму мастацтва маньерызму.
Першапачатковы этап развіцця барока звязаны з узмацненнем феад.-каталіцкай рэакцыі ў Зах. Еўропе. Стыль барока шырока выкарыстоўваўся для прапаганды ідэй Контррэфармацыі, нёс больш рознабаковае і дыялектычна супярэчлівае ў параўнанні з рэнесансавым светаўспрыманне. Эстэтыка барока заснавана на проціпастаўленні ідэальнага і пачуццёвага ў чалавеку, яго волі і розуму з ірацыянальнасцю быцця. Таму мастацтва барока вызначаецца эмацыянальным і інтэлектуальным напружаннем, складанасцю выяўл. сродкаў, імкненнем да сінтэтычнасці жанраў, яму ўласцівыя драматызм, патэтыка, павышаная экзальтацыя. Станаўленне барока адбывалася ў перыяд інтэнсіўнага складвання нацый і нац. дзяржаў, часткова звязана з барацьбой за нац. адзінства і антыфеад. рухам у шэрагу еўрап. краін. Гэта спрыяла сплаву эстэт. канцэпцыі барока з маст. традыцыямі розных народаў і фарміраванню шматлікіх яго нац. разнавіднасцяў.
Барока — мастацтва ансамблевых рашэнняў, найб. яскрава выявілася ў архітэктуры, дзеасн.маст. прынцыпы — дынамічнасць кампазіцыі, кантрасты маштабаў, рытмаў, матэрыялаў і фактур, святлоценявыя і колеравыя эфекты, крывалінейнасць абрысаў, імкненне стварыць ілюзію бязмежнай прасторы. У Італіі, на радзіме барока, асобныя яго прыёмы праявіліся ў 16 ст. ў жывапісе Карэджа, М.Караваджа, збудаваннях Дж.Віньёлы. Найвышэйшага росквіту дасягнула ў Рыме ў 1-й пал. 17 ст. (т.зв. Высокае італьян. барока; творы арх. і скульптара Л.Берніні, арх. Ф.Бараміні, жывапісца П’етра да Картона), пашырылася ў Нідэрландах (П.П.Рубенс, А. ван Дэйк, Я.Іорданс). У Іспаніі ў 17 ст. асобныя рысы барока выявіліся ў аскетычнай архітэктуры Х.Б. дэ Эрэры, у рэаліст. жывапісе Х. дэ Рыберы і Ф.Сурбарана, скульптуры Х.Мантаньеса. У 18 ст. ў пабудовах Х.Б. дэ Чурыгеры формы барока набылі дэкар. вытанчанасць (яшчэ больш гіпертрафіраваную ў «ультрабарока» краін Лац. Амерыкі). Своеасаблівасць стыль барока набыў у Аўстрыі, дзе ён спалучаўся з тэндэнцыямі ракако (арх. І.Б.Фішэр фон Эрлах і І.Л.Гільдэбрант, мастак Ф.А.Маўльберч), абсалютысцкіх княствах Германіі (арх. і скульптары І.М.Фішэр, І.Б.Нейман, А.Шлютэр, М.Д.Пёпельман, Г.В. фон Кнобельсдорф, сям’я арх. Дзінцэнгофер), у Польшчы, Славакіі, Венгрыі, Славеніі, Харватыі, Зах. Украіне, Літве. У Францыі, дзе пануючым стылем 17 ст. стаў класіцызм, абодва кірункі зліліся ў адзіны пампезны т.зв. вялікі стыль (убранне залаў Версаля, жывапіс Ш.Лебрэна). Паняцце «барока» часам неправамерна пашыраюць на ўсю маст. культуру 17 ст., у т. л. на з’явы, далёкія ад барока па змесце і стылі (напр., «нарышкінскае барока», або «маскоўскае барока» ў рус. дойлідстве канца 17 ст., гл.«Нарышкінскі стыль»). У многіх краінах Еўропы ў 17 ст. склаліся нац.рэаліст. школы, прадстаўнікамі якіх былі вял. майстры (Д.Веласкес у Іспаніі, Ф.Халс, Я.Вермер Дэлфцкі, Рэмбрант у Галандыі і інш.). У Расіі стыль барока быў свабодны ад экзальтацыі і містыцызму (характэрных для мастацтва каталіцкіх краін) і меў нац. асаблівасці. Архітэктура рас. барока дасягнула велічнасці ў гарадах і сядзібных ансамблях Пецярбурга, Петрадварца, Царскага Сяла і інш., вызначаецца ўрачыстасцю і цэльнасцю кампазіцыі (арх. В.Растрэлі, Дз.Ухтамскі, С.Чавакінскі); у выяўл. мастацтве — свецкай і грамадскай тэматыкай (скульптура Б.К.Растрэлі і інш.). У 1-й пал. 18 ст. барока эвалюцыянавала да лёгкасці стылю ракако, суіснавала і перапляталася з ім, а з 1770-х г. паўсюдна выцеснена класіцызмам.
На Беларусі для мастацтва барока характэрна ўзаемадзеянне зах.-еўрап. ўплыву з візант. і мясц. традыцыямі, што надало яму пэўную самабытнасць. Найб. поўна яно праявілася ў архітэктуры; у залежнасці ад яе развівалася выяўл. і дэкар.-прыкладное мастацтва. Пачатак эпохі барока тут звязаны з буд-вам першага ў Рэчы Паспалітай помніка архітэктуры барока — Нясвіжскага касцёла езуітаў (1584—93). Развіццё нац. разнавіднасці бел. барока ў манум. мураванай архітэктуры прайшло 3 перыяды: ранняе (канец 16 — 1-я пал. 17 ст.), сталае (2-я пал. 17 — 1730-я г.) і позняе (1730—80-я г.). Для ранняга перыяду характэрныя пошукі гал. чынам новых аб’ёмна-прасторавых кампазіцый у пабудовах, адпаведных эстэт. канцэпцыі барока. Асобныя збудаванні паступова трацілі абарончыя функцыі, што адбілася на трансфармаванні замкавага буд-ва ў палацава-замкавае (Гальшанскі палац). У культавым дойлідстве паступова сфарміраваўся базілікальны тып храма (гл.Базіліка) з плоскім гал. фасадам, напачатку бязвежавым, потым 2-вежавым (Гродзенскі касцёл і кляштар езуітаў). Перыяд сталага барока вызначаўся пэўнай стабілізацыяй кампазіцыі 2-вежавай базілікі і развіццём маст. характарыстык арх. збудаванняў, павелічэннем колькасці ярусаў вежаў, большай пластычнай насычанасцю фасадаў (Слонімскі Андрэеўскі касцёл). Сталае Барока знайшло ўвасабленне ў грамадз. архітэктуры (Магілёўская ратуша) і ў развіцці прынцыпаў ансамблевасці арх. комплексаў (касцёл і кляштар картэзіянцаў у Бярозе). Найб. важны з іх — паступовае разгортванне арх. аб’екта (плошчы, вуліцы, сядзібы) перад гледачом. Палацавыя комплексы сталага і позняга барока будаваліся паводле сіметрычна-восевай схемы з паўадкрытымі параднымі дварамі. Фасады і інтэр’еры палацаў аздаблялі ордэрнай пластыкай, дэкар. лепкай, паліхромнымі мармурамі, паліванай керамікай, фрэскавай размалёўкай (Ружанскі палацавы комплекс, палац у в. Ручыца Вілейскага р-на Мінскай вобл., не захавалася). Гал. элемент ратуш — ярусная вежа (Магілёў, Віцебск). Маст. сістэма позняга барока ў манум. культавай архітэктуры Беларусі атрымала ў мастацтвазнаўстве назву віленскага барока. Важную ролю ў стварэнні своеасаблівай школы віленскага барока адыграла творчасць арх. І.К.Глаўбіца. У канцы 18 ст. ў мураванае дойлідства паступова ўкараняліся прынцыпы класіцызму, што прывяло да стварэння шматлікіх помнікаў, якія спалучалі элементы 2 стыляў (Свяцкі палацава-паркавы ансамбль). У адпаведнасці з этапамі развіцця стылю барока адбываліся змены ў эстэт. і канструкцыйных характарыстыках арх. збудаванняў. Дэкар. пластыка, аснову якой у барока складала ордэрная сістэма, на працягу 17—18 ст. перайшла ад адзіночных плоскіх пілястраў і сціплых гарыз. цягаў да шматлікіх раскраповак, хвалістых карнізаў, стукавай лепкі ў аздобе будынкаў. Спецыфіка дрэва як буд. матэрыялу абумовіла непарыўнасць эстэт. і тэхн. бакоў у стварэнні шматлікіх маст.-канструкцыйных прыёмаў драўлянага дойлідства часоў барока: ярусная структура вежаў, іх завяршэнне шасцерыкамі і васьмерыкамі, верт. шалёўка з нашчыльнікамі (Валавельская Юр’еўская царква, Рубельская Міхайлаўская царква).
У выяўленчым мастацтве рысы барока праявіліся ў 1-й пал. 17 ст., найбольш у скульпт. аздабленні і размалёўках касцёлаў. У скульптуры барока характарызавалася працягам традыцый бел. мясцовых майстроў, што абумовіла яе самабытнасць і разнастайнасць вобразных характарыстык (інтэр’еры Сафійскага сабора ў Полацку, касцёлаў кармелітаў у Пінску, езуітаў у Гродне, аўгусцінцаў у в. Міхалішкі Астравецкага р-на Гродзенскай вобл.). У манум. жывапісе рысы барока відавочныя ў размалёўках Магілёўскага касцёла кармелітаў, Гродзенскага касцёла і кляштара францысканцаў, у іканастасах і алтарах Пінскага касцёла і кляштара францысканцаў і інш. У 2-й пал. 18 ст. стыль барока стаў пануючы і ў іканапісе, дзе яго рысы спалучаліся з традыцыямі візант. і стараж.-рус. мастацтва. Кампазіцыі абразоў набылі падкрэслены дынамізм, персанажы — характарнасць і канкрэтнасць, у асобных выпадках — натуралізм. Пашыраным і папулярным відам жывапісу ў часы барока быў парадны шляхецкі партрэт, лепшыя ўзоры якога прывабліваюць яркай характарнасцю тыпажу, а часам і псіхалагізмам вобразаў (партрэты Міхаіла Сервацыя Вішнявецкага, Соф’і Даратэі, Казіміра Агінскага і інш.). У канцы 18 — 1-й пал. 19 ст. барока саступае месца класіцызму, хоць іх элементы ў жывапісе суіснавалі амаль да сярэдзіны 19 ст. («Спас», «Адзігітрыя» і царскія вароты з цэркваў Іванаўскага р-на). У графіцы стыль барока найб. выявіўся ў кніжнай гравюры. Майстры кнігі 16—18 ст. выпрацавалі спецыфічны стыль бел. барока, які вызначаўся стрыманасцю формаў, сувяззю з нар. мастацтвам (гербы Р.Хадкевіча з «Евангелля вучыцельнага», «Псалтыра», выд.Заблудаўскай друкарняй). У пазнейшых геральдычных гравюрах рысы барока набывалі ўсё больш развітыя формы, узмацніліся экспрэсія і патэтыка (гербы Л.Сапегі ў Статуце Вялікага княства Літоўскага 1588, Л.Мамоніча ў «Псалтыры», выд. ў Вільні, Агінскіх і Валовічаў у «Евангеллі вучыцельным» Еўінскай друкарні). З пераездам Куцеінскай друкарні ў Рас. дзяржаву (сярэдзіна 17 ст.) стыль бел. барока пашырыўся і ў рус. выданнях, надрукаваных куцеінскімі друкарамі ў Іверскім манастыры (гравюры «Раю мысленнага», «Брашна духоўнага»). Пранік ён у рус. кніжнае мастацтва і праз ілюстраваныя выданні Сімяона Полацкага (медзярыты «Гісторыі пра Варлаама і Іасафа», «Псалтыры рыфмаванай»). Найб. развіцця дасягнулі прынцыпы барока ў выданнях Магілёўскай друкарні, дзе працавалі гравёры М. і В.Вашчанкі, Ф.Ангілейка, Афанасій П. і інш. У 17 ст.бел. графічнае барока паўплывала і на ўкр. графіку, што звязана з пераездам на Украіну гравёраў Тарасевічаў, Шчырскага, Крышчановіча і інш.Маст. прынцыпы барока яскрава выявіліся ва ўсіх відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: ткацтве (слуцкія паясы, шпалеры), вырабах са шкла (гл.Урэцкая мануфактура), паліванай кераміцы, разьбе па дрэве (беларуская рэзь), ювелірным мастацтве.
Для літаратуры эпохі барока характэрныя ўскладненасць, парадаксальнасць, метафарычнасць, спалучэнне рэальнага з нерэальным, імкненне здзівіць, уздзейнічаць на пачуцці. Лірычны герой барочнай паэзіі — істота зменлівая, унутрана супярэчлівая, надзеленая і дабрачыннасцямі і заганамі. У параўнанні з гарманічным і цэльным чалавекам рэнесансавай л-ры ён бліжэй да рэальнага, зямнога. Стылявыя прыкметы барока нераўназначныя на розных этапах развіцця і ў розных жанрах, што дазваляе гаварыць пра яго розныя стылявыя ўзроўні. Побач з «высокім» барока ў панегірычнай паэзіі, трагедыі, гераічнай паэме развівалася «памяркоўнае» барока — рэліг. і свецкая лірыка, элегія, пастараль, прытча. На «сярэднім» узроўні ўзніклі такія празаічныя жанры, як падарожжа, утопія, паліт. трактат.
Л-ра барока ў Іспаніі — гэта паэзія Л. дэ Гонгары-і-Арготэ, трагедыі П.Кальдэрона дэ ла Баркі, драмы Тырса дэ Маліны, сатыры Ф.Кеведа-і-Вільегаса; у Італіі — паэзія Т.Таса і Дж.Марына, «Пентаметр» Дж.Базіле; у Германіі — трагедыі А.Грыфіуса і Д.Лоэнштайна, лірыка П.Флемінга, раман Г.Грымельсгаўзена; у Францыі — паэзія і проза Т.А. д’Абінье, раманы Ш.Сарэля; у Англіі — трагікамедыя Ф.Боманта, Дж.Флетчэра; у Польшчы — паэзія Я.А.Морштына, В.Патоцкага; у Расіі — М.В.Ламаносава, В.К.Традзякоўскага.
У бел. л-ры і ў шматмоўнай л-ры Беларусі барока найб. выразна выявілася ў пераходны перыяд, асабліва ў 2-й пал. 17 — 1-й трэці 18 ст.Бел. барока цесна звязана з ідэямі Контррэфармацыі, што асабліва адчуваецца ў містычнасці ідэалу і рытарычнай зададзенасці, але як маст. светаўспрыманне значна шырэй за іх. Эстэтыка барока была крокам наперад у маст. развіцці Беларусі. Тут сінтэзаваліся сярэдневяковыя і рэнесансавыя традыцыі, упершыню скрыжаваліся шляхі развіцця пісьмовай л-ры і фальклору. Бел. барока не былі чужыя ідэі гуманізму ранняга Асветніцтва (Сімяон Полацкі, Д.Рудніцкі). Асобныя рысы барока відаць ужо ў бел. палемічнай прозе і панегірычнай паэзіі 1-й пал. 17 ст., калі эстэтыку барока пашыраў выкладчык Полацкай калегіі М.Сарбеўскі. Найб. поўна яны выявіліся ў рэліг.-філас. паэзіі і школьнай драме, а таксама ў школьных курсах паэтыкі і рыторыкі. Бел. барока ўласцівыя розныя ідэйныя і фармальна-стылявыя тэндэнцыі. Побач з «высокім», найчасцей элітарным, арыстакратычным барока, асн. творы якога напісаны на польск., лац. і стараслав. мовах, існавала «сярэдняе» і «нізкае» барока. Яно адпавядала запатрабаванням бяднейшай шляхты, гараджан і было прадстаўлена бел. парадыйна-сатыр. і гумарыстычнай паэзіяй і прозай («Птушыны баль», «Ліст да Абуховіча», «Казанне руске», «Прамова русіна» і інш.), інтэрмедыямі да школьных драм, песенна-інтымнай лірыкай.
Музыка барока паглыбіла і рознабакова ўвасобіла свет духоўных перажыванняў чалавека. Вядучае значэнне набылі муз.-тэатр. жанры, найперш опера. Наглядалася тэндэнцыя адасаблення музыкі ад слова, што вяло да развіцця шматлікіх інстр. жанраў. Узніклі і буйнамаштабныя цыклічныя формы (канчэрта гроса, ансамблевая і сольная санаты). У сюітах чаргуюцца уверцюры тэатр. характару, фугі, імправізацыі арганнага тыпу, быт. танцы, пявучыя «арыі», праграмныя п’есы.
Найб. выразна стыль барока выявіўся ў Італіі (2-я пал. 16 ст.) у шматхорных вак.-інстр. поліфанічных творах майстроў венецыянскай школы на чале з Дж.Габрыэлі, у арганнай творчасці Дж.Фрэскабальдзі, глыбока драматычных операх К.Мантэвердзі. Італьян. опернае барока паўплывала на музыку інш.еўрап. краін, асабліва Германіі: ням.нац. оперу (яе вяршыня — оперы Р.Кайзера), арганныя творы Дз.Букстэхудэ, клавірныя санаты І.Кунаў. На пач. 18 ст. творчасць І.С.Баха, Г.Ф.Гендэля яшчэ звязана з музыкай барока, але ёй ужо цесна ў рамках якога-н. аднаго стылю (як і творчасці буйнейшых кампазітараў 17 ст. Г.Шутца ў Германіі і Г.Пёрсела ў Англіі).
На Беларусі для музыкі барока характэрнае ўзаемадзеянне зах.-еўрап. уплываў з мясц., часта нар. традыцыямі, перапляценне рэнесансавых, сярэдневяковых і класіцысцкіх тэндэнцый. Гэта выявілася ў суіснаванні розных стылявых пластоў і кірункаў — аднагалосага харала перыяду Рэфармацыі, стылю а капэла і новага канцэртнага стылю, які з канца 17 ст. стаў дамінуючым. Усёй музыцы барока ўласцівы процілеглыя імкненні, з аднаго боку, да сінтэзу мастацтваў, з другога — да развіцця інстр. жанраў. Гэта рэалізавалася ў пышных пастаноўках школьнага т-ра, у насычэнні музыкай спектакляў батлейкі, у пашырэнні на пач. 17 ст. аркестраў (капэл) пры дварах магнатаў, калегіумах, касцельных і уніяцкіх ансамбляў, што культывавалі тагачасныя еўрап. прыдворныя танцы (павана, марэска куранта, сэра), польск. і мясц.нар. танцы. Гіст. значэнне бел. музыкі барока найперш у тым, што яна вылучыла новы шматгалосы стыль — партэсныя спевы, якія своеасабліва рэалізавалі кампазіцыйны прынцып канцэртнасці з тыповымі для яго жанрамі партэснага канцэрта ў царк. музыцы, канта і псалмы ў свецкай. Яскравыя ўзоры муз. твораў з выразнымі стылявымі рысамі барока змяшчае рукапісны зборнік старадаўняй бел. музыкі 16—17 ст.«Полацкі сшытак».
Тэатр. У еўрап.тэатр. культуры рысы барока выразна праглядаюцца з 1590-х г. да сярэдзіны 18 ст. У гэты перыяд завяршыліся працэсы, пачатыя ў тэатры Адраджэння, — рэлігійныя святочныя відовішчы, што выконвалі аматары на вуліцах і плошчах, ператварыліся ў свецкія забавы, якія ладзілі прафес. акцёры ў прыдворных тэатрах-палацах. Усталяваліся прынцыпы арганізацыі тэатр. прасторы, пабудовы сцэны — амаль паўсюдна замацаваўся тып «сцэны-скрыні», аддзеленай ад гледача рамай і збудаванай у спец. закрытым памяшканні. Вядучымі тэатр. краінамі сталі Англія, Іспанія, Францыя.
У Англіі ў канцы 16 ст. фарміраваўся тэатр, які спалучаў нар. сярэдневяковую традыцыю і ўплыў рэнесансавага італьян. тэатра. Драма ранняга англ. барока, створаная У.Шэкспірам, адкінула правілы рэнесансавага класіцызму і спалучыла трагедыю і фарс, высокае і нізкае. Англ. «жорсткая трагедыя» паўплывала на развіццё еўрап. тэатра барока, асабліва ў Германіі і Аўстрыі. У 17 ст.англ. вандроўныя трупы былі вядомыя і ў Рэчы Паспалітай. Тэатр Іспаніі ў канцы 16 ст. ўступіў у свой «залаты век», які пачаўся творчасцю Лопэ дэ Вэгі. Абапіраючыся на нац.літ. і тэатр. традыцыі і выкарыстаўшы тэхніку італьян.камедыі дэль артэ, ён ствараў свае дынамічныя камедыі, поўныя прыгодаў і кахання. Яго традыцыі прадоўжыў Тырса дэ Маліна. Вяршыняй сталага барока ў Іспаніі з’явіліся п’есы П.Кальдэрона дэ ла Баркі, якія ўвасобілі светапогляд эпохі, дзе за раскошай і пышнасцю адчуваліся разгубленасць і няўпэўненасць. У Францыі ў канцы 16 ст. ўзнік жанр «трагікамедыі-балета». Нягледзячы на вонкавую супрацьлегласць, стваральнікі тэатра класіцызму П.Карнель, Ж.Расін, Мальер працавалі ў агульнай плыні еўрап. барока. У канцы 17—18 ст. менавіта ўзор франц.т-ра дамінаваў на б.ч. кантынентальнай Еўропы. У ням. княствах, Аўстрыі, Рэчы Паспалітай бурнае развіццё нац. тэатра запаволілася і прыпадае ўжо на 2-ю пал. 18 ст.
Бел.тэатр. культура барока існавала і развівалася ў рэчышчы тэатр. культуры Рэчы Паспалітай. З канца 16 ст. актыўным правадніком тэатр. формаў барока быў школьны тэатр. Захапленне італьян. операй мала закранула Беларусь, але, як і ў інш. рэгіёнах Рэчы Паспалітай, тут былі папулярныя розныя формы паратэатра барока — маляўнічыя рэліг. і свецкія шэсці, святочныя ўрачыстасці, рыцарскія спаборніцтвы. У гэты час з касцельных відовішчаў узнік нар. лялечны тэатр батлейка. На схіле эпохі барока (1740—70-я г.) на Беларусі ўзніклі шматлікія прыдворныя т-ры, што належалі мясц. магнатам (у Нясвіжы, Слуцку і Белай — Радзівілам, у Слоніме — Агінскім, у Гродне і Паставах — Тызенгаўзу, у Ружанах — Сапегам, у Беластоку — Браніцкім і інш.). У пастаноўках гэтых тэатраў, якія часта абапіраліся на арыгінальную (звычайна польскамоўную) драматургію і музыку, спалучаліся рысы барочных відовішчаў з элементамі, характэрнымі ўжо для Асветніцтва. Але менавіта сінтэз, уласцівы барока, дазваляў ствараць незвычайныя па сваёй пышнасці і фантазійнасці тэатр. відовішчы. На высокім узроўні была тэхніка сцэны маянтковых тэатраў, а акцёры і музыкі, вывучаныя ў магнацкіх тэатр. школах Беларусі, паўплывалі на тэатр. мастацтва Польшчы і Расіі.
Літ.:
Виппер Б.Р. Введение в историческое изучение искусства. 2 изд. М., 1985;
Angyal E. Świat słowiańskiego baroku. Leipzig, 1961;
Białostocki J. Pięć wieków myśli o sztuce. 2 изд. Warszawa, 1976;
Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;
Раабен Л. Музыка барокко // Вопросы музыкального стиля: Сб. статей. Л., 1978;
Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975.
Да арт.Барока. Пояс. Слуцкая мануфактура. 2-я пал. 18 ст.Да арт.Барока. Інтэр’ер манастырскай царквы ў Атабойрэне (Германія). Арх. І.М.Фішэр. 1748.Да арт.Барока. Абраз «Варвара пакутніца» з Лунінца Брэсцкай вобл. 2-я пал. 18 ст.Да арт.Барока. Партрэт Міхала Сервацыя Вішнявецкага. Невядомы мастак. 1750-я г.Да арт.Барока. Партрэт Соф’і Даратэі. Невядомы мастак. 2-я пал. 18 ст.Да арт.Барока. Амбон у касцёле аўгусцінцаў у в. Міхалішкі Астравецкага раёна Гродзенскай вобл. Сярэдзіна 18 ст.Да арт.Барока. Міхайлаўская царква ў в. Рубель Столінскага раёна Брэсцкай вобл. 1796.Да арт.Барока. Андрэеўскі касцёл у Слоніме. 1775.Да арт.Барока. Палац Сан-Сусі ў Патсдаме. Арх. Г.В. фон Кнобельсдорф. 1745—47.Да арт.Барока. Кубак. Урэцкая мануфактура. Сярэдзіна 18 ст.Да арт.Барока. Манстранц. 1783.Да арт.Барока. Палац сядзібы ў в. Ручыца (б. Ганута) Вілейскага раёна Мінскай вобл. З малюнка Н.Орды. 1877Да арт.Барока. Галоўны алтар касцёла францысканцаў у Пінску. 1730-я г.Да арт.Барока. Інтэр’ер Сафійскага сабора ў Полацку. Каля 1762.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́НІН (Іван Аляксеевіч) (22.10.1870, г. Варонеж, Расія — 8.11.1953),
рускі пісьменнік. Акад. Пецярбургскай АН (1909). Продак пісьменніка Сымон Бунікоўскі ў 15 ст. перасяліўся з ВКЛ у Маскоўскае вял. княства, дзе і атрымаў прозвішча Бунін. У 1909—14 Бунін жыў за мяжой. Кастр. рэвалюцыю 1917 не прыняў (свае адносіны да бальшавіцкага рэжыму выказаў у дзённіку «Акаянныя дні», 1925—26). У 1920 эміграваў у Францыю. Літ. дзейнасць пачаў у 1887 як паэт. Вершы Буніна, вытрыманыя ў рэаліст. традыцыях рус. паэзіі 19 ст., процістаялі дэкадэнцкай лірыцы (зб-кі «Вершы 1887—1891 гг.», 1891; «Пад адкрытым небам», 1898; «Лістапад», 1901, Пушкінская прэмія 1903; «Вершы і апавяданні, 1907—1910», 1910). Першы зб. апавяданняў «На краі свету» (1897). У эміграцыі выдаў зб. паэзіі «Выбраныя вершы» (Парыж, 1929), 10 новых кніг прозы: «Ружа Іерыхона» (1924), «Сонечны ўдар» (1927), «Божае дрэва» (1931), «Цёмныя алеі» (1943) і інш., рэліг.-філас. трактат «Вызваленне Талстога» (1937). У кн. «Успаміны» (Парыж, 1950) — суб’ектыўна-крытычная характарыстыка М.Горкага, А.Блока, В.Брусава, Г.Ахматавай, С.Ясеніна, У.Маякоўскага і інш. Лаканічная мова, сціслая кампазіцыя, востры сюжэт, глыбокі псіхалагізм, пранікнёная лірычнасць апавядання — асн. рысы стылю Буніна. У ранніх апавяданнях («Танька», «Антонаўскія яблыкі») адлюстраваў голад і пакуты сялянства, распад патрыярхальнага жыцця селяніна і заняпад дваранскай Расіі. Творы 1910-х г. (паэма ў прозе «Вёска», 1910; аповесць «Сухадол», 1912; апавяд. «Вясёлы двор», «Захар Вараб’ёў», «Пустазелле», «Браты», «Пан з Сан-Францыска») з бязлітаснай маст. сілай раскрываюць тэму збяднення сялян, іх цемру і бяспраўе, працэс сац. і маральнага выраджэння памешчыцкай сям’і. Апавяданні 1920—30-х г. («Лапці», «Цёмныя алеі») прасякнуты матывамі і вобразамі, навеянымі настальгічнымі ўспамінамі пра радзіму, прысвечаны тэме трагічнага кахання (аповесць «Міцева каханне», 1925). У 1927—33 працаваў над сваім самым буйным творам — аўтабіягр. раманам «Жыццё Арсеннева» (Парыж, 1930, 1-е поўнае выд. Нью-Йорк, 1952), у якім адлюстраваў мінулае Расіі, сваё дзяцінства і юнацтва. Пераклаў на рус. мову «Песню пра Гаявату» Г.Лангфела, містэрыі Дж.Байрана «Каін», «Манфрэд», паэму А.Тэнісана «Лэдзі Гадзіва», вершы А. дэ Мюсэ, Л. дэ Ліля, А.Міцкевіча, Т.Шаўчэнкі і інш. Нобелеўская прэмія 1933. На бел. мову творы Буніна перакладалі Я.Скрыган, М.Лужанін і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—9. М., 1965—67;
Собр. соч.Т. 1—6. М., 1987—88;
бел.пер. — Выбранае. Мн., 1958;
Выбр. проза. Мн., 1992.
Літ.:
Афанасьев В. И.А.Бунин: Очерк творчества. М., 1966;
Волков А. Проза Ивана Бунина. М., 1969;
Михайлов О. Строгий талант: Иван Бунин: Жизнь, судьба, творчество. М., 1976;
Бабореко А. И.А.Бунин: Материалы для биографии с 1870 по 1917. 2 изд. М., 1983;
Лавров В. Холодная осень: Иван Бунин в эмиграции (1920—1953). М., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ ЗА НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦЬ ІСПА́НСКІХ КАЛО́НІЙ У АМЕ́РЫЦЫ 1810—26,
вызваленчая вайна лац.-амер. калоній супраць ісп. панавання. Эканам. абмежаванні, немагчымасць атрымаць аўтаномію калоній у межах ісп. манархіі, малое прадстаўніцтва ў картэсах (ад 15-мільённага насельніцтва калоній 9 дэпутатаў, ад 12-мільённай Іспаніі 36) і інш. выклікалі незадаволенасць у крэолаў. У 1808—09 адбыліся антыісп. ўзбр. выступленні, задушаныя калан. ўладамі. Вайна пачалася ў 1810 паўстаннямі ў Каракасе, Буэнас-Айрэсе, Багаце і інш. буйнейшых цэнтрах Лац. Амерыкі, дзе была ліквідавана ісп. адміністрацыя і створаны часовыя рэв. ўрады — хунты. На 1-м этапе вайны (1810—18) адным з цэнтраў рэв. барацьбы была Венесуэла, у паліт. жыцці якой мела ўплыў «Патрыятычнае т-ва» (кіраўнік Ф.Міранда, адзін з гал. членаў С.Балівар). Аднак з-за адсутнасці сродкаў, зброі і падтрымкі насельніцтва першая (1811—12) і другая (1813—14) Венесуэльская рэспублікі палі. У «Пісьмах з Ямайкі» (1815) Балівар выклаў новую праграму вызв. руху (барацьба за адмену рабства, надзяленне зямлёй салдат вызв. арміі). Створаная ім на востраве каля берагоў Венесуэлы рэв. армія ў 1816 уступіла ў краіну і нанесла паражэнне ісп. войскам. У Мексіцы ў 1810—15 вайна набыла характар масавага сял. паўстання (кіраўнік М.Ідальга) — захопліваліся крэольскія латыфундыі, вярталіся землі індзейцам. Паўстанцы занялі некалькі буйных гарадоў і наблізіліся да Мехіка. Пасля паланення і расстрэлу іспанцамі Ідальга рух узначаліў яго паплечнік Х.М.Марэлас. У 1813 абвешчана незалежнасць, у 1814 прынята канстытуцыя рэспублікі. Аднак у 1815 іспанцы разграмілі паўстанцаў, пакаралі смерцю Марэласа і часова аднавілі ў Мексіцы калан. рэжым. На 2-м этапе вайны (1819—26) вызв. армія Балівара здзейсніла паход праз высакагорныя перавалы Андаў у Новую Гранаду, разграміла ісп. войскі ў бітве каля г. Баяка (1819), разам з войскамі новагранадскага ген. Ф.Сантандэра ўступіла ў сталіцу Багату і вызваліла ўсю тэр. краіны. На пач. 1821 поўнасцю вызвалена Венесуэла. Было абвешчана стварэнне аб’яднанай дзяржавы Вял. Калумбія (Венесуэла, Новая Гранада, Панама і, пасля вызвалення, Эквадор). У Мексіцы з 1820 пасля задушэння сял. руху барацьбу вялі крэолы-сепаратысты на чале з А.Ітурбідэ, які пасля выгнання іспанцаў у 1821 абвясціў сябе імператарам. Пасля яго звяржэння краіна абвешчана незалежнай федэратыўнай рэспублікай (1824). У 1824 ісп. войскі разгромлены ў Перу. У 1826 завершана вызваленне Верхняга Перу (названа ў гонар Балівара Балівіяй), апошнія ісп. войскі выцеснены з узбярэжжа Чылі і Перу. У ходзе вайны праведзены асобныя дэмакр. рэформы, аднак не вырашана агр. пытанне. Пад уладай Іспаніі засталіся толькі Куба і в-аў Пуэрта-Рыка.
Літ.:
Линч Дж. Революции в Испанской Америке, 1808—1826: Пер. с англ.М., 1979;
Глинкин А.Н. Дипломатия Симона Боливара. М., 1991.
У.Я.Калаткоў.
Да арт. Вайна за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26. С.Балівар падпісвае Асноўны закон аб утварэнні федэратыўнай рэспублікі Калумбія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАДЗІ́НСКАЯ БІ́ТВА 1812,
генеральная бітва ў час вайны 1812 паміж рас. і франц. войскамі 7 вер. каля с. Барадзіно за 124 км на З ад Масквы.
Рас. арміі — 1-я Зах. на чале з ген. М.Б.Барклаем дэ Толі і 2-я Зах. пад камандаваннем ген. П.І.Баграціёна — пасля адыходу ад Смаленска 3 вер. спыніліся каля с. Барадзіно, дзе галоўнакаманд. ген. М.І.Кутузаў вырашыў прыняць бой, каб не дапусціць праціўніка да Масквы. Пазіцыі рас. часцей (правы фланг прыкрываўся р. Калоча, цэнтр — Баграціёнавымі флешамі і размешчанай на выш. Курганная батарэяй М.М.Раеўскага, левы фланг даходзіў да в. Уціца) перакрылі Новую Смаленскую дарогу, па якой рухаліся франц. войскі на чале з галоўнакаманд. імператарам Напалеонам I. Шэсць рас. дывізій на правым флангу і 4 дывізіі ў цэнтры падпарадкоўваліся Барклаю дэ Толі, 5 егерскіх палкоў на левым флангу — Баграціёну. 5 вер.франц. войскі (каля 40 тыс.чал., 186 гармат) пасля працяглага і цяжкага бою авалодалі перадавой рас. пазіцыяй — Шавардзінскім рэдутам, які абаранялі часці ген.-лейт. А.П.Гарчакова (12 тыс.чал., 46 гармат).
У Барадзінскай бітве рас. войскі налічвалі 154,8 тыс.чал. (у т. л. 11 тыс. казакоў і 28,5 тыс. апалчэнцаў) і 640 гармат, франц. — 133,8 тыс.чал., 587 гармат. Бітва праходзіла як лабавая атака франц. сіламі рас. цэнтра — батарэі Раеўскага і Баграціёнавых флешаў, якія 6 разоў пераходзілі з рук у рукі паміж 9 і 12 гадз. Да 12 гадз Напалеон збіў рускіх з усіх пунктаў і рыхтаваўся нанесці сваімі рэзервамі (19 тыс. гвардзейцаў) вырашальны ўдар, аднак у выніку раптоўнага рэйду конніцы ген. Ф.П.Уварава і казакоў ген. М.І.Платава ў франц. тыл ледзь не трапіў у палон і загадаў адкласці атаку на наступны дзень. Артыл. кананада працягвалася да 17 гадз. У 18 гадзрас. войскі адышлі на лінію с. Горкі — Старая Смаленская дарога. З надыходам цемры Напалеон адвёў франц. часці за р. Калоча. Страты французаў склалі 50—58 тыс.чал. (у т. л. 49 генералаў), расіян — 45,6 тыс.чал., з якіх 29 генералаў. Недахоп сіл змусіў Кутузава 8 вер. адступіць з войскамі ў бок Масквы. Напалеону не ўдалося разграміць рас. армію ў генеральнай бітве. На рас. баку ў ёй удзельнічалі ўраджэнцы Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай губ., вызначыліся Брэсцкі і Мінскі пяхотныя палкі. На месцы бітвы дзейнічае Барадзінскі ваенна-гіст. музей (засн. ў 1903, пл. 110 км²).
Літ.:
Богданов Л.П. На поле Бородинском. 2 изд. М., 1987;
Вахрушев А.М. Зори Бородина: Ист. повествование. М., 1992.
У.Я.Калаткоў.
Да арт.Барадзінская бітва. Літаграфія з карціны А.Сафонава «Барадзінская бітва 26 жніўня 1812». 1902.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАБІ́СТЫКА,
комплекс гуманітарных навук, што вывучаюць гісторыю, мову, літаратуру і культуру араб. краін і народаў. Ва ўсх. краінах арабістыка зарадзілася ў 8 ст., у Зах. Еўропе ў 16 ст. ў перыяд актывізацыі гандл. і дыпламат. адносін з Усходам і пранікнення ў гэтыя рэгіёны місіянераў Ватыкана. У 17—18 ст. цэнтрамі арабістыкі сталі Рым, Парыж, Лейдэн.
Ням. арабіст 18 ст. І.Я.Рэйске выступаў за вывучэнне гісторыі і культуры Усходу не толькі з тэалагічнымі мэтамі, а і як часткі сусв. гісторыі і культуры. Праблемы грамадска-эканам. развіцця араб. краін сталі даследаваць у новы час (франц. вучоныя Ж.Саважэ, Э.Леві-Правансаль, К.Каэн, ням. К.Бекер, англ. Д.Дэнет, Б.Льюіс, Г.А.Р.Гіб, ізраільскія А.Поляк, Д.Айялон і інш.), а сац.-эканам. і паліт. гісторыю — у найноўшы час: К.А.Наліна, Э.Росі (Італія), Г.Кампфмеер (Германія), Ч.Адамс, Дж.Хейварт-Дэн, Ш.Ісаві (ЗША), А.Хаўрані, С.Лонгрыг (Вялікабрытанія), Ж.Берк (Францыя) і інш. У 1930-я г. працы па сярэдневяковай гісторыі арабаў апублікавалі Ф.Хіці (ЗША), К.Брокельман (Германія), араб. гісторыкі Рашыд аль Бараві, Абдарахман ар-Рафі, Мухамед Сабры, Джавад Ілі, Ібрахім Абдо, Р.Хуры, аш-Шафіі, Каміл Айлд і інш. Новыя тэндэнцыі ў арабістыцы адлюстраваны ў 2-м выд. «Энцыклапедыі ісламу» (т. 1—3. Лейдэн; Парыж, 1954—69).
У Расіі арабістыка зарадзілася ў 19 ст. У яе развіцці актыўны ўдзел прымалі і беларусы. Бел. вучоны М.К.Баброўскі пасля падарожжа ў Зах. Еўропу (1817—22) зрабіў даклад пра араб. мовы і л-ры (надрукаваны ў час. «Вестник Европы»). Выпускнік Віленскага ун-та В.І.Сянкоўскі, здзейсніўшы ў 1819—21 навук. падарожжа ў Турцыю, Сірыю, Егіпет, прывёз цікавыя знаходкі, потым 25 гадоў загадваў кафедрай арабістыкі ў Пецярбургскім ун-це. Сав. школу арабістыкі ўзначальваў акад. І.Ю.Крачкоўскі. На Украіне ўсходазнаўствам і арабістыкай займаўся акад. А.Я.Крымскі (па бацьку з роду бел. татараў, што аселі ў Мсціславе, па маці — з дробнай шляхты з-пад Мінска). Бел.праф. У.П.Дзямідчык быў з 1954 арганізатарам арабістыкі ў Душанбінскім ун-це (Таджыкістан), дзе да 1987 узначальваў кафедру араб. філалогіі. На Беларусі пытанні вывучэння арабскіх краін распрацоўвае У.С.Кошалеў. Праблемы арабістыкі даследуюць у ін-тах Расійскай АН, Ін-це ўсходазнаўства ў Маскве, Ін-це Афрыкі і інш.навук. і н.-д. установах Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, у т. л. ва ун-тах Лейдэна, Парыжа, Оксфарда, Кембрыджа, Прагі, Рыма, Каіра, Багдада і інш.
Літ.:
Крачковский И.Ю. Очерки по истории русской арабистики. М.; Л., 1950;
Каверин В.А. О.И.Сенковский (Барон Брамбеус): Жизнь и деятельность // Собр. соч.М., 1966. Т. 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ДСТВА,
сацыяльнае ўтварэнне, якое ўяўляе сабой гал. ўмову жыццядзейнасці людзей, увасобленую ў канкрэтна-гіст. формах і тыпах. Вылучаюць шэраг абавязковых прыкмет сучаснага грамадства: наяўнасць пэўнай сукупнасці надзеленых воляй і свядомасцю індывідаў; існаванне агульных інтарэсаў; узаемадзеянне і супрацоўніцтва ў імя агульных мэт; стварэнне дзяржавы і рэгуляванне праз яе розных інтарэсаў; магчымасць развіцця і ўдасканалення грамадскіх інстытутаў шляхам іх рэфармавання і інш. Пры гэтым першаснай адзінкай грамадства лічыцца абстрактны індывід, а само грамадства асацыіруецца з сукупнасцю індывідаў. Аднак гэтыя прыкметы не лічацца вычарпальнымі і не прымаюцца ў якасці сукупнага крытэрыю для вызначэння чалавечага грамадства. У гісторыі філас., сацыялагічнай і прававой думкі ўсталявалася разуменне грамадства як сукупнасці людзей, аб’яднаных у адзінае цэлае па аб’ектыўных або суб’ектыўных прычынах. Геракліт лічыў грамадства адным з выяўленняў усеагульнага розуму (логасу), Дэмакрыт — штучным прадуктам працяглага натуральна неабходнага развіцця. Сакрат і Платон імкнуліся адшукаць аснову грамадства ў думцы пра яго, яго ідэі. Арыстоцель выводзіў паняцце грамадства з неабходнасці зносін свабодных і раўнапраўных людзей. Існавалі трактоўкі грамадства як злучэння многіх людзей, аб’яднаных агульнасцю патрэб, інтарэсаў, згоднасцю ў пытаннях права (Цыцэрон). Мысліцелі Н.Макіявелі, Т.Гобс бачылі ў грамадстве сродак сац. кантролю над сутнасцю індывіда і яго ўтаймавання. У перыяд бурж. рэвалюцый у Зах. Еўропе моцныя пазіцыі набылі розныя варыянты дагаворнай тэорыі грамадства (Г.Гроцый, Д.Дзідро). У процівагу грамадскаму дагавору Г.Гегель прапанаваў у якасці фактара, што фарміруе грамадства, шматбаковую ўзаемную залежнасць індывідаў у сумесным, найперш эканамічным, жыцці. У 2-й пал. 19 ст. ўзнікла матэрыяліст. тэорыя грамадства (К.Маркс, Ф.Энгельс, У.І.Ленін, Г.В.Пляханаў). Яна аспрэчвае гал. пастулат ранейшых поглядаў на тое, што ключавое значэнне для грамадства мае індывід. Паняцце грамадства ў матэрыяліст. разуменні ўключае ўсю сукупнасць грамадскіх з’яў і інстытутаў, абумоўленых неабходнасцю ўзаемадзеяння людзей, іх разнастайнымі сувязямі і адносінамі. Грамадства на пэўнай ступені развіцця — гэта грамадска-эканамічная фармацыя, якая мае ўнутр. структуру і зменьваецца па аб’ектыўных законах. У апошняй трэці 20 ст. атрымалі прызнанне канцэпцыі, у якіх найважнейшым фактарам устанаўлення разнастайных сувязей паміж індывідамі і пераўтварэнняў у грамадстве лічыцца навук.-тэхн. прагрэс і выкліканыя ім сац.-эканам. вынікі. Асабліва вылучаюцца тэорыі індустрыяльнага грамадства, дзеасн. крыніцай складанага комплексу грамадскіх узаемасувязей паміж людзьмі выступае індустрыялізацыя, прагрэс навукі і тэхналогій, у прыватнасці, стварэнне сусв. сістэмы камунікацыі і ўзнікненне глабальнага грамадства. Пашыранымі сац.-эканам. версіямі індустр. грамадства з’яўляюцца дабрабыту тэорыя і канцэпцыя аб «дзяржаве працвітання». Лагічным працягам тэорыі індустр. грамадства з’яўляюцца тэорыі постіндустрыяльнага грамадства і інфармацыйнага грамадства. Існуюць таксама канцэпцыі адкрытых і закрытых грамадстваў.
Літ.:
Волков А.И. Человеческое измерение прогресса. М., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМІЛЁЎ (Мікалай Сцяпанавіч) (15.4.1886, г. Кранштат, Расія — 25.8.1921, рускі паэт, крытык, перакладчык. Муж Г.А.Ахматавай. Друкаваўся з 1902. Пачынаў як вучань сімвалістаў, у прыватнасці В.Я.Брусава. З 1906 слухаў лекцыі ў Сарбоне (Парыж),
вывучаў франц. л-ру, жывапіс, тэатр. Шмат падарожнічаў, быў у Афрыцы, захапляўся Усходам. У 1909 удзельнічаў у арганізацыі час. «Аполлон», у якім да 1917 друкаваў вершы, пераклады і вёў рубрыку «Пісьмы аб рускай паэзіі» (асобнае выд. 1923). У 1911 арганізаваў літ. групу «Цэх паэтаў». У 1912 з С.Гарадзецкім абвясціў новы літ. кірунак акмеізм. З 1914 добраахвотна на фронце (узнаг. 2 Георгіеўскімі крыжамі); у 1917 быў у рус. экспедыцыйным корпусе ў Францыі; у 1918 вярнуўся ў Петраград. Удзельнічаў у рабоце выд-ва «Сусветная літаратура», вёў заняткі ў паэт. студыях. У першых зб-ках («Шлях канквістадораў», 1905; «Рамантычныя кветкі», Парыж, 1908; «Пярліны», 1910) — сімвалісцка-рамант. склад пісьма, «барочны рамантызм», «экзатычныя» вершы, кніжная рамантыка, патэтычная рыторыка, імкненне да рэальнасці, эпічнасць (балады, міфы, паданні і інш.), недахоп рус.нац. элемента. У першым акмеістычным зб. «Чужое неба» (1912) — захапленне афр. і азіяцкімі краінамі; адчаканенасць формы, строгасць і вытанчанасць фразы, рэдкія ў паэта сац. ноты (цыкл «Абісінскія песні»). Ваенная лірыка Гумілёва (зб-кі «Калчан», 1916, «Касцёр», 1918) прасякнута рамант.-патрыят. і глыбока рэліг. ўспрыняццем вайны. Ён прадаўжаў сцвярджаць аўтаномнасць мастацтва, элітарную, духоўную незалежнасць мастака ад сучаснасці. У кн. «Шацёр» (1921) — страсная закаханасць у экзатычную Афрыку. Вершы 1918—21 увайшлі ў зб.філас. лірыкі «Вогненны стоўп» (1921), дзе аўтар, прасякнуты вострым перажываннем сучаснасці і пачуццём трагічнай трывогі, славіць зямлю, паветра, хлеб і каханне. Многім яго вершам характэрна апалогія «моцнага чалавека», дэкаратыўнасць, напружаны лірызм, вытанчанасць паэт. мовы. Перакладаў эпас пра Гільгамеша, франц. і англ.нар. паэзію, творы Т.Гацье, С.Т.Колрыджа, Р.Саўці, Вальтэра і інш. Пісаў апавяданні (зб. «Цень ад пальмы», 1922), п’есы (драм. казка «Дзіця Алаха», 1917, «візантыйская трагедыя» «Атручаная туніка», апубл. 1986, п’еса для дзяцей «Дрэва пераўтварэнняў», апубл. 1989). Абвінавачаны ў контррэв. змове, расстраляны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫ́ЧНЫЯ ТЫ́ПЫ ГРАМА́ДСТВА,
этапы, ступені і ўзроўні грамадскага развіцця, якія характарызуюцца пэўнай цэласнасцю, якаснай пэўнасцю грамадскіх парадкаў, наяўнасцю ў іх агульных і спецыфічных рыс. Служаць канкрэтным выяўленнем аб’ектыўнай разнастайнасці формаў і праяўленняў гістарычнага працэсу і адначасова атаясамліваюць яго адзінства. Як катэгорыі навукі гістарычныя тыпы грамадства фармулююцца на аснове крытэрыяў, абумоўленых найперш разуменнем сутнасці і спецыфікі чалавечага грамадства. Існуе пэўны плюралізм падыходаў да ўстанаўлення гістарычных тыпаў грамадства. У гістарычным матэрыялізме яны вызначаюцца на базе тэорыі фармацыі грамадска-эканамічнай з пункту гледжання законаў узнікнення, існавання, развіцця, смерці дадзенага сац. арганізма і яго змены іншым, больш прагрэсіўным. Паводле К.Маркса і Ф.Энгельса, гіст. працэс адзіны, незваротны і развіваецца па ўзыходнай лініі, таму ўсе наступныя гістарычныя тыпы грамадства ўяўляюць сабой больш высокія этапы, узроўні або ступені ў параўнанні з папярэднімі. Яны вылучалі 5 гістарычных тыпаў грамадства: першабытнаабшчыннае, рабаўладальніцкае, феадальнае, капіталістычнае, камуністычнае. Такі падыход прапануецца марксістамі ў якасці аб’ектыўнай асновы перыядызацыі гіст. працэсу і яго падзелу на гіст. эпохі. Маркс, аднак, падкрэсліваў, што гіст. працэс супярэчлівы, а тыпы і тэмпы яго развіцця розныя; першапачаткова з-за нізкага ўзроўню развіцця вытворчасці, а ў далейшым з-за прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці, што робіць развіццё грамадства ў цэлым антаганістычным, нераўнамерным, зігзагападобным. У.І.Ленін таксама даводзіў, што «гісторыя ідзе зігзагамі і навакольнымі шляхамі». Аднак гэтыя рэгрэсныя з’явы не перарываюць працэс развіцця ў межах больш агульнай сістэмы.
Альтэрнатыўныя марксізму канструкцыі гістарычных тыпаў грамадства выкарыстоўваюць суб’ектыўныя крытэрыі (тэорыя «ідэальных тыпаў» М.Вебера) або колькасныя паказчыкі развіцця матэрыяльнай вытв-сці (тэорыя «стадый эканамічнага росту» У.Ростаў). У сучаснай зах., у прыватнасці амер., сацыялогіі пераважна ў адпаведнасці з тэхнал. і эканам. крытэрыямі (з некаторымі мадыфікацыямі) адрозніваюць такія гістарычныя тыпы грамадства, як традыцыйнае (ахоплівае даіндустрыяльны этап развіцця вытв-сці і грамадства), індустрыяльнае і постіндустрыяльнае (тэхнатроннае), або інфарм. грамадства. Прызнаецца і ўсеагульны лінейны паступальны кірунак гіст. працэсу, дзе на змену адным грамадствам прыходзяць іншыя, з больш высокім узроўнем тэхнал. і эканам. развіцця. Але акцэнты робяцца на лакальныя рысы і асаблівасці, што праяўляюцца ў пэўныя гіст. перыяды ў развіцці асобных краін і рэгіёнаў свету, на «цывілізацыйны» крытэрый, на ключавую для дадзенага грамадства прыкмету (светапогляд, рэлігію, навуку і мастацтва, навук.-тэхн. прагрэс і да т.п.).
Літ.:
Маркс К. Да крытыкі палітычнай эканоміі. Мн., 1952;
Энгельс Ф. Паходжанне сям’і, прыватнай уласнасці і дзяржавы. Мн., 1970;
Гэлбрейт Дж.К. Новое индустриальное общество: Пер. с англ.М., 1969;
Монсон П. Современная западная социология: Теории, традиции, перспективы: Пер. со швед. СПб., 1992;
Ясперс К. Смысл и назначение истории: Пер. с нем. 2 изд. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬНАВО́ДСТВА,
галіна сельскай гаспадаркі па вырошчванні лёну. З высакаякаснага валакна вырабляюць ільняную тканіну, ніткі, адзенне, з валакна ніжэйшых гатункаў — мяшочную і ўпаковачную тканіну, вяроўкі, шпагат. З семя атрымліваюць ільняны алей; ільняная макуха — корм жывёле. Адходы перапрацоўкі лёну ідуць на ўпакоўку, з кастрыцы вырабляюць тэрма- і гукаізаляцыйныя пліты, паперу. На Беларусі І. адна з найважнейшых галін земляробства. Перапрацоўкай лёну займаюцца ільняная прамысловасць і прам-сцьпач. апрацоўкі лёну (гл.Ільноапрацоўка).
І. вельмі стараж. галіна. За некалькі тысячагоддзяў да н.э. лён для вырабу тканін вырошчвалі ў Індыі, Егіпце, Закаўказзі (Калхіда, Ленкарань). На Усх.-Еўрап раўніну І. прыйшло ў пач. 2-га тыс. да н.э. З 10—13 ст. лён-даўгунец стаў асн. прадзільнай культурай усх. славян. У сусв. земляробстве найб. пашыраны алейны лён, які займае 3-е месца сярод алейных культур (пасля бавоўніку і соі). І. сканцэнтравана пераважна ў еўрап. краінах (Расія, Украіна, Польшча, Чэхія, Славакія, Францыя, Бельгія, Нідэрланды, Вялікабрытанія), а таксама ў Японіі, Турцыі і Аргенціне.
На Беларусі лён здаўна быў гал. сыравінай для вырабу адзення і таварам для экспарту. Да канца 19 ст. І. грунтавалася на ручной працы. Больш пал. пасеваў размяшчалася ў паўн.ч. краіны. Валавыя зборы льновалакна павялічваліся пераважна за кошт пашырэння пасяўных плошчаў. У 1931 на Бел. занальнай доследнай станцыі пачата селекцыя лёну. У даваен. часы Беларусь спецыялізавалася на вырошчванні лёну. У 1940 у параўнанні з 1913 плошча пад ім павялічылася ў 2,8 разы. Максімальнага ўзроўню дасягнула ў 1956—340 тыс.га. Далейшаму развіццю І. спрыялі механізацыя — выкарыстанне льноўборачных і льноапрацоўчых машын, мінер. угнаенняў, укараненне раянаваных высокапрадукцыйных сартоў. Размяшчэнне пасеваў лёну на Беларусі склалася гістарычна. Найб. іх канцэнтрацыя ў Віцебскай, на Пн Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абл., дзе халаднаватае і вільготнае лета са значнай колькасцю пахмурных дзён, спрыяльныя для культуры сугліністыя і супясчаныя глебы. Дынаміку развіцця льнаводства гл. ў табл.
Выкарыстоўваюцца найб. прадукцыйныя раянаваныя сарты лёну: айчынныя К-6, Аршанскі 2, Аршанскі 72, Светач, Магілёўскі 1; галандскі Белінка. Даследаваннямі тэхналогій перапрацоўкі лёну займаецца Рэсп.навук.-вытв. аб’яднанне «Лён Беларусі», па вырошчванні культуры і вывядзенні новых сартоў — Земляробства і кармоў Беларускі НДІ. З пач. 1990-х г. у І. назіраецца заняпад.
Г.С.Смалякоў.
Да арт.Ільнаводства. Квітнеючы лён.Да арт.Ільнаводства. На льняным полі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНКВІЗІ́ЦЫЯ (ад лац. inquisitio расследаванне),
трыбунал каталіцкай царквы, створаны для барацьбы з ерасямі, вальнадумствам, антыцарк. і антыфеад. рухам. Існавала ў 12—19 ст. ва ўсіх каталіцкіх краінах. Вызначалася жорсткасцю і фанатызмам. Рост у 12—13 ст.царк. і рэліг. апазіцыі (катары, альбігойцы, вальдэнсы) выклікаў узмацненне рэпрэсій з боку царквы. У 1184 на сінодзе ў Вероне папа Луцый III выдаў дэкрэт, у якім вызначаны юрыд. нормы І., а кіраванне ёю ўскладзена на епіскапаў. Стварэнне І. зацвердзілі 4-ы латэранскі (1215) і тулузскі (1229) саборы. Для ўдасканалення дзейнасці І., а таксама з мэтай прадухіліць злоўжыванні ўлад папа Грыгорый IX у 1223 увёў пасады папскіх інквізітараў для асобных краін і дыяцэзій (займалі пераважна дамініканцы і францысканцы). У 1232—35 інквізітарскія трыбуналы створаны ў Германіі, Арагоне, Аўстрыі, Ламбардыі, паўд. Францыі і Італіі. У 1252 пры папе Інакенцію IV афіцыйна ўведзена катаванне як сродак для атрымання паказанняў. Першапачаткова інквізіц. трыбуналы разглядалі толькі рэліг. справы, пазней (14—15 ст.) справы пра чараўніцтва, сувязь з д’яблам і інш. Асабліва жорсткі характар мела іспанская І., дзе ў 14—15 ст. вяліся масавыя рэпрэсіі супраць магаметан і яўрэяў, якія прынялі каталіцтва (гл.Мараны), іх абвінавачвалі ў патаемным вызнанні даўнейшай веры. З 1478, калі кароль Іспаніі атрымаў права прызначаць інквізітараў, І. цалкам падпарадкавана ўладзе і выкарыстоўвалася для яе ўзмацнення. Гал.ісп. інквізітар Т.Тарквемада асабіста адправіў на касцёр каля 9 тыс. чалавек. Быў уведзены звычай публічнага і ўрачыстага спальвання асуджаных (гл.Аўтадафэ). З Іспаніі І. была перанесена ў Партугалію, амер. правінцыі, Нідэрланды. У 1542 створаны вярх. інквізітарскі трыбунал у Рыме на ўзор ісп. І., які стаў адным з асн. сродкаў Контррэфармацыі. Ахвярамі І. ў 17 ст. сталі перш за ўсё выдатныя вучоныя і мысліцелі (Дж.Бруна, Дж.Ваніні, Г.Галілей і інш.). У 1543 выдадзены «Індэкс Забароненых кніг» і ўведзена жорсткая цэнзура.
У слав. краінах І. не адыграла значнай ролі. У большасці еўрап. краін яна скасавана да 18 ст. і толькі ў некаторых захавалася да сярэдзіны 19 ст. (у Партугаліі да 1820; у Іспаніі да 1835; у Італіі канчаткова скасавана ў 1859).
Літ.:
Ли Г.Ч. История инквизиции в средние века: Пер. с фр.Т. 1—2. СПб., 1911—12;
Льоренте Х.А. Критическая история испанской инквизиции: Пер. с фр.Т. 1—2. М., 1936;
Шпренгер Я., Инститорис Г. Молот ведьм. М., 1992;
Григулевич И.Р. Инквизиция. 2 изд, М., 1976;
Hayward F. The Inquisition. New York, 1966;
Baranowski B. Procesy czarownic w Polsce w XVII i XVIII wieku. Lodź, 1952.