ДЖО́НСАН ((Johnson) Ліндан Бейнс) (27.8.1908, каля г. Стонуал, штат Тэхас, ЗША — 22.1.1973),

палітычны і дзярж. дзеяч ЗША. Чл. Дэмакр. партыі. Дэп. палаты прадстаўнікоў (1937—48), сенатар ад штата Тэхас (1949—60) і лідэр дэмакратаў (1953—60) у сенаце кангрэса ЗША. Віцэ-прэзідэнт (1961—63), пасля забойства Дж.Ф.Кенэдзі прэзідэнт ЗША (1963—69). Прэзідэнцтва Дж. адзначана ўцягваннем ЗША ў вайну ў В’етнаме (з 1964—65), інтэрвенцыяй у Дамініканскую Рэспубліку (1965), абвастрэннем адносін з Францыяй, падтрымкай Ізраіля ў араба-ізраільскую (Шасцідзённую) вайну 1967, унутр. расавымі і сац. хваляваннямі, спробамі сац. рэформаў. Напярэдадні адстаўкі пачаў працэс мірнага ўрэгулявання в’етн. праблемы, садзейнічаў паляпшэнню адносін з СССР (Дагавор аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі).

т. 6, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЬЮ́ЗЕНБЕРЫ ((Duesenberry) Джэймс Стэмбел) (н. 18.2.1918, г. Прынстан, штат Зах. Віргінія, ЗША),

амерыканскі эканаміст. Скончыў Мічыганскі ун-т (1938). Выкладаў і вёў н.-д. працу ў Кембрыджскім ун-це (1954—55), Фондзе Форда (1958—59). З 1956 кансультант К-та эканам. развіцця, праф. Гарвардскага ун-та. У працы «Даход, зберажэнні і тэорыя паводзін спажыўца» (1949) спрабаваў развіць некат. палажэнні эканам. дактрыны Дж.​Кейнса аб сувязі паміж даходамі і расходамі спажыўца. Паводле Дз., узровень попыту вызначаецца не абсалютнай, а адноснай велічынёй даходу спажыўца, псіхал. і сац. фактарамі. У 1960-х г. апублікаваў працу па тэорыі эканам. цыкла, грашовага абарачэння і крэдыту, удзельнічаў у распрацоўцы мадэлей эканам. росту.

т. 6, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́МПТАН ((Compton) Артур Холі) (10.9. 1892, г. Вустэр, штат Агайо, ЗША — 15.3.1962),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1927) і шэрагу замежных АН. Скончыў Прынстанскі ун-т (1914). У 1920—23 і 1953—61 праф. ун-та Вашынгтона ў г. Сент-Луіс (у 1945—53 рэктар); у 1923—45 праф. Чыкагскага ун-та. Навук. працы па атамнай і ядз. фізіцы, фізіцы рэнтгенаўскіх і касм. прамянёў. Адкрыў эфект змены даўжыні хвалі рэнтгенаўскага выпрамянення з прычыны рассеяння яго электронамі рэчыва (Комптана эфект). Выявіў поўнае ўнутранае адбіццё рэнтгенаўскіх прамянёў. Адкрыў шыротны эфект касм. прамянёў, які сведчыць пра іх карпускулярную прыроду. Удзельнік стварэння атамнай бомбы. Нобелеўская прэмія 1927.

А.Комптан.

т. 8, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУДА́САВА (Надзея Сяргееўна) (н. 19.9.1932, в. Дзякавічы Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. самадз. мастачка. Другая жонка Я.​Запрудніка. У 1944 з сям’ёй старэйшага брата выехала ў Германію. З 1950 у ЗША. Жыве ў г. Самэрсэт (штат Нью-Джэрсі), працавала лабаранткай у мед. школе. Адна з арганізатараў выставак бел. мастацтва і ўмельства ў г. Саўт-Рывер (з 1974), уваходзіць у кіраўніцтва Згуртавання беларускіх мастакоў і ўмельцаў. Працуе ў тэхніцы акварэлі і алейнага жывапісу, У творчасці адлюстроўвае маляўнічыя бел. краявіды, узаемадзеянне чалавека з прыродай — «Сланечнік» (1970-я г.), <-Бярозы» (1976), «Васількі» (1989) і інш. Творы ўпрыгожваюць бел. цэрквы і культ.-грамадскія цэнтры за мяжой.

А.​С.​Ляднёва.

т. 8, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНІПУ́Р,

штат на ПнУ Індыі, на мяжы з М’янмай. Пл. 22,4 тыс. км². Нас. 1,8 млн. ж. (1991), больш за 50% — народ маніпуры (мейтхеі). Адм. цэнтр — г. Імпхал. У рэльефе чаргаванне мерыдыянальна выцягнутых хрыбтоў (выш. 2—2,5 тыс. м) і шырокіх міжгорных далін на выш. 800—1000 м. Клімат умерана цёплы. Ападкаў ад 1500 мм у далінах да 2500 мм на схілах гор. На наветраных схілах гор пераважаюць вільготныя трапічныя лясы, на падветраных — лістападныя, якія змяняюцца з вышынёй шыракалістымі і хваёвымі лясамі і лугамі. Міжгорная даліна р. Маніпур — асн. раён рысасеяння. Вырошчванне алейных, тытуню, бавоўны, струковых. Садоўніцтва, шаўкаводства. Развіта ручное ткацтва.

т. 10, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НАС-ЖЭРА́ЙС (Minas Gerais),

1) буйнейшы жалезарудны раён у паўд,ўсх. ч. Бразіліі (штат Мінас-Жэрайс). Руды — жалезістыя кварцыты (ітабірыты) і гематытавыя. Адкрыты ў 1910, распрацоўваецца з 1934. Пл. каля 7 тыс. км². Уключае 125 радовішчаў. Агульныя запасы гематытавых руд (з сярэдняй колькасцю жалеза больш за 64%) — 4,5 млрд. т, ітабірытаў (45%) — каля 23,5 млрд. т. Гал. радовішчы ў раёнах Ітабіра, Пірасікаба, у даліне р. Параапеба.

2) Рэдкаметальны рудны раён у Бразіліі, на Пн штата Мінас-Жэрайс. Гал. радовішчы Араша, Тапіра. Латэрытныя коры выветрывання. Запасы ніобіевых руд на радовішчы Араша (пл. 16 км²) — 462 млн. т, пры сярэднім змяшчэнні Nb2Os 2,5%. Распрацоўваецца з 19 ст.

т. 10, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́НТЭ-АЛЬБА́Н (Monte Albán),

горад на Пд Мексікі (штат Аахака), у раёне якога ў 4 ст. да н.э.—16 ст. н.э. знаходзіўся паліт. цырыманіяльны культ. цэнтр спачатку сапатэкаў, а потым міштэкаў. З пач. 1930-х г. у М.-А. праводзіліся археал. даследаванні мекс. вучоным А.​Каса. На штучна створаных тэрасах у гарах адкрыты палацы, «піраміды», стэлы з надпісамі, каменная лесвіца (шыр. 40 м), амфітэатр і інш. пабудовы. Сцены будынкаў былі ўпрыгожаны фрэскамі, мазаікай, рэльефнымі чалавечымі фігурамі. Вывучаны каля 150 скляпоў з керамічнымі пахавальнымі урнамі ў выглядзе людзей і жывёл. У адной з грабніц, якая належала правадыру міштэкаў, знойдзена шмат высокамаст. залатых рэчаў.

т. 10, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РКЕР ((Parker) Чарлі) (Чарлз Крыстафер; псеўд. Бёрд; Bird; 29.8.1920, г. Канзас-Сіці, штат Місуры, ЗША — 12.3.1955),

амерыканскі джазавы музыкант, выканаўца на альт-саксафоне, кампазітар. Па паходжанні афраамерыканец. З 1935 выступаў з рознымі джазавымі калектывамі, адначасова ў квінтэце Дж.Гілеспі, з 1947 са створаным ім квінтэтам; іграў і са стр. аркестрам. Яго імправізацыі вызначаліся віртуознасцю, развітым рытмавым і дынамічным мысленнем, асаблівасцямі гуказдабывання і фразіроўкі, што надавала яго выкананню асіметрычнасць і неардынарнасць. Стварыў (разам з Гілеспі) джазавы стыль бібоп («Салёны арахіс», «Звычайная вышыня», 1945). Сярод інш. найб. вядомых кампазіцый: «Цяпер пара», «Канфірмацыя», «Сюіта хатняй птушкі», «Арніталогія»; канцэртны альбом «Квінтэт года» (разам з Гілеспі, 1953) і інш.

т. 12, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕНТАГО́Н (англ. Pentagon ад грэч. pentagōnon пяцівугольнік),

назва ваен. ведамства ЗША, якое размяшчаецца ў пяцівугольным будынку на беразе р. Патомак у г. Арлінгтан каля Вашынгтона (штат Віргінія). Налічвае каля 23 тыс. чал. персаналу ваен. і цывільных спецыялістаў. У П. размяшчаюцца асн. ўстановы, упраўленні і службы мін-ва абароны, камітэт нач. штабоў (КНШ) і яго аб’яднаны штаб, мін-ва арміі ЗША. У будынку П. знаходзяцца асн. камандны цэнтр КНШ і асн. камандныя пункты відаў узбр. сіл. Кіраўнік П. — міністр абароны ЗША. Будынак П. пастаўлены ў 1941—43 паводле праекта ген. Б.​Б.​Сомвіла. Гл. таксама раздзел Узброеныя сілы ў арт. Злучаныя Штаты Амерыкі.

І.​Г.​Елісееў.

т. 12, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЙС ((Price) Леанціна) (н. 10.2.1927, г. Лорэл, штат Місісіпі, ЗША),

амерыканская спявачка (сапрана). Скончыла Джульярдскую муз. школу (1952). Як оперная спявачка дэбютавала ў 1951. У 1959 у т-ры «Ла Скала». З 1961 салістка «Метраполітэн-опера» ў Нью-Йорку. З 1985 выступае як камерная спявачка. Валодае голасам выключнай прыгажосці і насычанасці. Яе выкананне вылучаецца вял. драматызмам, сілай экспрэсіі. Адна з лепшых выканальніц партый Аіды («Аіда» Дж.​Вердзі) і Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ). Сярод інш. партый: Донна Ганна («Дон Жуан» В.​А.​Моцарта), Тоска («Тоска» Дж.​Пучыні) і інш. Тонкі інтэрпрэтатар камерных вакальных твораў, у т. л. цыкла «Песні самотніка» С.Барбера, створанага для яе.

т. 12, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)