ЛЕДАВІКО́ВЫЯ АДКЛА́ДЫ,

геалагічныя адклады, што ўзніклі ў выніку дзейнасці ледавіка і яго расталых вод на сушы. Падзяляюцца на ўласна ледавіковыя (гл. Марэна), флювіягляцыяльныя, лімнагляцыяльныя адклады. Л.а. лічыцца і абломкавы матэрыял, перанесены айсбергамі і адкладзены ў моры (ледавікова-марскія ці марынагляцыяльныя адклады). Флювіягляцыяльныя адклады ўтварыліся ў працэсе перамыву марэн і марэназмяшчальных пластоў ільду расталымі ледавіковымі водамі. Гэта пяскі, часта буйназярністыя, са жвірам і галькай. У месцах, дзе такі перамыў адбываўся ва ўмовах гідрастатычнага ціску, узнікалі магутныя пясчана-жвіровыя акумуляцыі з дамешкамі валунна-галечнай сумесі. Флювіягляцыяльныя адклады складаюць водна-ледавіковыя раўніны, зандры, озы, камы. Лімнагляцыяльныя адклады (стужачныя гліны, супескі, суглінкі, тонка- і дробназярністыя пяскі) сфарміраваліся ў прыледавіковых азёрах, у надледавіковых і ўнутрыледавіковых вадаёмах, а таксама ў адкрытых ледавіковых лагчынах. Беларусь — тыповая вобласць акумуляцыі Л.а. З Л.а. звязаны радовішчы цагельнай сыравіны, буд. пяскоў, жвіру, галькі, валуноў, падземных вод. Гл. таксама Ледавіковы комплекс.

А.​Ф.​Санько.

т. 9, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖПЛАНЕ́ТНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ,

матэрыяльнае асяроддзе, якое запаўняе прастору ўнутры планетных сістэм Сонца і інш. зорак. Склад і ўласцівасці М.а. вызначаюцца тыпам зоркі. М.а. складаецца з цвёрдых цел (памеры ад 10​3 м і менш), дробных часцінак і пылу, што ўтвараюцца пры сутыкненнях малых планет і распадзе ядраў камет, а таксама іонаў і электронаў, якія выкідваюцца з сонечнай кароны (сонечны вецер), і касмічных прамянёў.

Газавая кампанента М.а. з-за ўздзеяння сонечнага ветру малая; усюды выяўлены ў невял. колькасці нейтральны вадарод (паблізу арбіты Зямлі яго канцэнтрацыя 0,01 атама у 1 см³). Большасць цвёрдых цел М.а. рухаецца вакол Сонца паблізу плоскасці экліптыкі (канцэнтрацыя іх павялічваецца ў напрамку да Сонца). Шчыльнасць часцінак пылу 2—8 г/см³. Часцінкі памерам меней за 1 мкм выносяцца з Сонечнай сістэмы пад уздзеяннем светлавога ціску сонечных прамянёў. Каля 16 тыс. т міжпланетных часцінак пылу асядаюць штогод на зямную паверхню.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 10, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАД’ЁМНАЯ СІ́ЛА,

складальная поўнай сілы ціску вадкага ці газападобнага асяроддзя на цела, што рухаецца ў ім, накіраваная перпендыкулярна да скорасці цела.

Існуе пры несіметрычным абцяканні цела асяроддзем. Напр., пры абцяканні крыла самалёта часцінкі асяроддзя, што абцякаюць ніжнюю паверхню, праходзяць за аднолькавы прамежак часу меншы шлях, чым часцінкі, што абцякаюць верхнюю, больш выпуклую паверхню, і, адпаведна, маюць меншую скорасць. Паводле законаў гідрадынамікі ціск у патоку большы там, дзе меншая скорасць, г.зн. што ціск знізу большы, чым зверху, што і прыводзіць да ўзнікнення П.с. Яна вызначаецца формулай: Y = ​1/2 Cyρν​2S, дзе ρ — шчыльнасць асяроддзя, ν — скорасць патоку, што набягае, S — плошча паверхні цела. Су — безразмерны каэфіцыент П.с., які залежыць ад формы цела, яго арыентацыі ў асяроддзі і інш.

Да арт. Пад’ёмная сіла. Абцяканне профілю крыла самалёта. Скорасць vн < vв , ціск pн > pв , Y — пад’ёмная сіла крыла.

т. 11, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНТЫЛЯ́ТАР (ад лац. ventilare веяць, махаць),

машына для перамяшчэння пад ціскам паветра або інш. газу. Бываюць цэнтрабежныя, восевыя і дыяметральныя; нізкага (да 1 кПа), сярэдняга (да 3 кПа) і высокага (да 12 кПа) ціску; ад долей вата (бытавыя) да тысяч кілават (прамысловыя). Выкарыстоўваюцца для вентыляцыі аб’ектаў, транспартавання аэрасумесей па трубаправодах, сушкі матэрыялаў, ахалоджвання дэталей машын і электрарухавікоў, падачы паветра ў топачныя агрэгаты і інш.

Цэнтрабежны вентылятар мае спіральны кажух, у сярэдзіне якога знаходзіцца рабочае кола з лопасцямі. Паветра або газ уцягваецца праз уваходную адтуліну, праходзіць у каналах паміж лапаткамі рухомага кола і праз кажух выкідваецца. У восевых вентылятарах паветра перамяшчаецца паміж уваходнай і выхадной адтулінамі ў восевым напрамку, у дыяметральных — двойчы праходзіць паміж лапаткамі колаў у дыяметральным напрамку і выходзіць праз дыфузар. Вентылятары звычайна злучаюцца з вентыляцыйнымі каналамі будынкаў (прытокавыя напампоўваюць паветра, выцяжныя ўсмоктваюць).

Вентылятары: а — цэнтрабежны (1 — уваходная адтуліна, 2 — спіральны кажух, 3 — рухавік, 4 — выпускная адтуліна); б — восевы (1 — лапатачнае кола, 2 — цыліндрычны кажух, 3 — рухавік).

т. 4, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАВІТАЦЫ́ЙНЫ КАЛА́ПС,

працэс хуткага сціскання масіўных астрафізічных аб’ектаў пад уздзеяннем уласных сіл прыцягнення. Становіцца магчымым, калі гравітацыйнае поле мацнейшае за сілы ўнутранага ціску; набывае катастрафічныя рысы на заключнай стадыі тэрмаядз. эвалюцыі. Канчатковы вынік гравітацыйнага калапсу (белы карлік, нейтронная зорка, чорная дзіра) залежыць ад пачатковай масы аб’екта, які калапсуе.

У 1930-я г. ўстаноўлена, што для аб’ектаў, якія вычарпалі сваё тэрмаядз. паліва, існуюць крытычныя значэнні масы (ліміт Чандрасекара для белых карлікаў, ліміт Опенгеймера—Волкава для нейтронных зорак), залежныя ад хім. саставу і фіз. стану рэчыва, пасля перавышэння якіх устойлівыя канфігурацыі немагчымыя: пачынаецца бязмежнае гравітацыйнае сцісканне цела. Гравітацыйны калапс можа спыніцца за кошт выбуховага выкіду часткі рэчыва (да значэння масы, ніжэйшага за крытычнае), што суправаджаецца ўспышкай звышновай зоркі. Несупынны рэлятывісцкі гравітацыйны калапс вядзе да ўтварэння чорнай дзіры.

Літ.:

На переднем крае астрофизики: Пер. с англ. М., 1979;

Шапиро С.Л., Тьюколски С.А. Черные дыры, белые карлики и нейтронные звезды: Пер. с англ. Ч. 1—2. М., 1985.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 5, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАФІ́Т (ням. Graphit ад грэч. graphō пішу),

мінерал класа самародных элементаў; найб. пашыраная і ўстойлівая ў зямной кары паліморфная мадыфікацыя вугляроду. Мае прымесі газаў, вады, бітумаў, мікраэлементаў. Крышталізуецца ў гексаганальнай сінганіі. Структура слаістая. Звычайна цёмна-шэрыя да чорных ліставатыя, лускаватыя агрэгаты, канкрэцыі, суцэльныя масы. Бляск металічны. Цв. 1—2. Шчыльн. 2,2 г/см³. Тлусты навобмацак. Вогнетрывалы, не плавіцца пры нармальным ціску, т-ра сублімацыі вышэй за 4000 К. Электраправодны, хімічна ўстойлівы. Трапляецца ў магматычных і метамарфічных пародах. Разнавіднасці: графітыт — скрытакрышт. рознасць, шунгітаморфная рознасць. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці плавільных тыгляў, ліцейнай справе, у атамнай прам-сці, пры вытв-сці электродаў, алоўкаў, шчолачных акумулятараў, сухіх элементаў, кантактных шчотак. Радовішчы графіту ў Расіі, на Украіне, у ЗША і інш. На Беларусі вядомы рудапраяўленні графіту ў крышт. фундаменце. Графіт атрымліваюць таксама штучным шляхам — награваннем антрацыту без доступу паветра. Блокі з чыстага штучнага графіту выкарыстоўваюць у ядзернай тэхніцы, як пакрыцці для соплаў ракетных рухавікоў і інш.

У.​Я.​Бардон.

т. 5, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗАТУРБІ́ННАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ,

цеплавая электрастанцыя, у якой прыводам эл. генератара з’яўляецца газавая турбіна. З 1950—60-х г. пашырыліся газатурбінныя электрастанцыі з газатурбіннымі рухавікамі (устаноўкамі). Адзінкавая магутнасць да 100 МВт, ккдз 0,3—0,34. Выкарыстоўваюцца для пакрыцця пікавых нагрузак на магутных ЦЭС, а таксама як рэзервовыя і перасоўныя крыніцы энергіі (пашыраны менш за дызельныя электрастанцыі з-за горшых эксплуатац. характарыстык).

У аднавальных газатурбінных устаноўках рух генератару і кампрэсару надае газавая турбіна, зманціраваная з імі на адным вале, у двухвальных (з т.зв. «разразным валам») генератар круціць незалежная турбіна. Паліва для газатурбіннай электрастанцыі — пераважна прыродны газ, радзей газатурбіннае паліва (атрымліваецца з нафты) і прадукты падземнай газіфікацыі вугалю. Есць газатурбінныя электрастанцыі з 2—4 турбаагрэгатамі на базе авіяц. турбін (магутнасцю па 10—20 МВт). Аўтаматызаваныя, з дыстанцыйным кіраваннем газатурбінныя электрастанцыі з’яўляюцца асн. крыніцай энергіі на новых радовішчах карысных выкапняў (асабліва нафтавых). Перспектыўныя газатурбінныя электрастанцыі з камбінаванымі парагазатурбіннымі ўстаноўкамі, у якіх цеплыня адпрацаваных газаў можа выкарыстоўвацца для падагравання вады або атрымання пары нізкага ціску ў паравым катле.

т. 4, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЭ́ЛКА ЗВА́РАЧНАЯ,

1) прыстасаванне, якое пры дугавой зварцы забяспечвае замацаванне электрода, падвод да яго эл. току і падачу ахоўнага газу ў зону зваркі.

2) Прыстасаванне для газавай зваркі і кіслароднай рэзкі, у якім паліва змешваецца з паветрам або кіслародам для атрымання ўстойлівага канцэнтраванага полымя. Адрозніваюць гарэлку зварачную для ручной і паўаўтам., а таксама для аўтам. зваркі.

Гарлка зварачная для электразваркі мае токаправодны муштук са зменным наканечнікам. Праз сапло падаецца газавы струмень, які ахоўвае зварачную ванну і электрод ад уздзеяння паветра. У гарэлцы зварачнай для газавай зваркі гаручыя газы змешваюцца і паступаюць у муштук. Гэтыя гарэлкі бываюць адна-, двух- і шматполымныя, нізкага (з інжэктарам для падсмоктвання гаручага газу) і высокага (у іх газ падаецца з газагенератараў або балонаў) ціску. Гарэлкі зварачныя для рэзання металаў маюць дадатковыя каналы падачы кіслароду.

Гарэлка зварачная для газавай зваркі.
Выкарыстанне гарэлкі зварачнай для электразваркі ў ахоўных газах: 1 — зварачнае шво; 2 — плёнка шлаку; 3 — электродны дрот; 4 — ахоўны газ; 5 — сапло зменнага наканечніка гарэлкі.

т. 5, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕРЭМІ́Я (ад гіпер... + грэч. haima кроў),

павелічэнне крованапаўнення органа ці тканкі. Адрозніваюць гіперэмію артэрыяльную і вянозную.

Артэрыяльная (актыўная) гіперэмія бывае пры ўзмоцненым прытоку крыві на расшыраных сасудах. Прычыны: павышаная адчувальнасць сасудаў да фізіял. Раздражняльнікаў, уплыў надзвычайных раздражняльнікаў (бактэрыяльныя таксіны, высокая т-ра, прадукты тканкавага распаду і інш.); у чалавека вял. ролю маюць псіхагенныя фактары (сарамлівасць, гнеў і інш.). Прыкметы: расшырэнне дробных сасудаў, павелічэнне іх колькасці і пульсацыі, пачырваненне (напр., гіперэмія твару), павышэнне мясц. крывянога ціску, абмену рэчываў, мясц. т-ры, паскарэнне плыні крыві, узмацненне лімфазвароту і інш. Пры паталаг. зменах у сасудах пры артэрыяльнай гіперэміі можа быць кровазліццё. Вянозная (пасіўная, застойная) гіперэмія бывае пры парушэнні адтоку крыві па венах пры нязменным прытоку ў выніку сціскання вянознай сценкі (рубец, пухліна, варыкознае расшырэнне вен, ацёк і інш.), аслабленай сардэчнай дзейнасці. Характарызуецца запаволеннем плыні крыві (да поўнага яе спынення). Развіваецца кіслароднае галаданне тканак, павышаецца пранікальнасць сасудзістай сценкі, утвараецца ацёк. Працяглы застой крыві і ацёк могуць прывесці да атрафіі парэнхімы органа.

А.​С.​Лявонава.

т. 5, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́МНІЮ ДЫАКСІ́Д, крэменязём,

хімічнае злучэнне крэмнію з кіслародам, SiO2. У крышт. форме бясколернае цвёрдае рэчыва, існуе ў некалькіх паліморфных мадыфікацыях (у прыродзе сустракаюцца ў выглядзе мінералаў): кварц (tпл 1610 °C), трыдыміт (tпл 1680 °C), крыстабаліт (tпл 1723 °C); пры высокім ціску ўтвараюцца кітыт, каэсіт і сцішавіт (шчыльн. 4350 кг/м³, β-кварц мае шчыльн. 2530 кг/м³). Акрамя крышталічнага характэрныя і інш. формы існавання прыроднага крэменязёму: скрытакрышт. (халцэдон), аморфная (апал), тонкадысперсная (трэпел). Расплаўлены SiO2 пры астыванні пераходзіць у шклопадобны стан (гл. Кварцавае шкло).

К.д. не раствараецца ў вадзе, к-тах (акрамя плавікавай), арган. растваральніках. Хімічна ўстойлівы: узаемадзейнічае з фторам і фторыстым вадародам пры награванні (250—400 °C), са шчолачамі і многімі аксідамі пры сплаўленні ўтварае сілікаты. Прыродны К.д. выкарыстоўваюць у вытв-сці сілікатнага шкла, керамікі, абразіваў, бетону, для атрымання крэмнію; сінт. (т. зв. «белая сажа») — як напаўняльнік для гумы; монакрышталі кварца — у радыётэхніцы, акустаоптыцы і акустаэлектроніцы, ювелірнай справе (паўкаштоўныя камяні). Працяглае ўдыханне крэменязёмнага пылу выклікае сілікоз лёгкіх.

т. 8, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)