АТЭІ́ЗМ (франц. athéisme ад грэч. atheon бязбожжа),
сістэма поглядаў, якая адмаўляе існаванне Бога, звышнатуральных сутнасцяў. Існуюць некалькі формаў атэізму. Агнастычны атэізм аспрэчвае сцвярджэнне, паводле якога Бог, нават калі ён і існуе, не можа быць пазнаны ў якой-н. ступені людзьмі. Быў пашыраны ўжо сярод філосафаў стараж. Грэцыі і Рыма: Дэмакрыт, Крытый, Эпікур і інш., сафісты (Пратагор, Горгій), раннія кінікі і скептыкі, а таксама Лукрэцый. У 20 ст. падобныя праявы ў працах пазітывістаў (Б.Расел, Л.Вітгенштэйн і інш.). Радыкальны атэізм у прынцыпе адмаўляе існаванне Бога. Характэрны для паслядоўнікаў матэрыялізму (Д.Дзідро, К.Гельвецый, П.Гольбах, Ж.Ламетры, а таксама Л.Феербах). Найб. рэльефна яго рысы выяўлены ў поглядах К.Маркса, У.І.Леніна і іх паслядоўнікаў, у ідэалогіі камуністаў. Пастулатыўны атэізм лічыць веру ў боскага заканадаўцу несумяшчальнай з этыкай каштоўнасцяў. Яго гал. прадстаўнік ням. Філосаф Н.Гартман — заснавальнік г.зв. крытычнай (новай) анталогіі. Ён лічыў, што мэтавы дэтэрмінізм боскага наканавання адмаўляе этычную свабоду, разам з тым і ўсялякія перадумовы этычнага выбару і маральных паводзін. У адрозненне ад тэарэтычнага атэізму існуе г. зв. стыхійны атэізм, уласцівы многім людзям, занятым у матэрыяльнай вытв-сці і ў розных галінах духоўнай дзейнасці (у навуцы, асабліва ў прыродазнаўстве, палітыцы, мастацтве). Ён зыходзіць з прызнання самадастатковасці прыроды і чалавека без звышнатуральных з’яў. Яго праявы вельмі разнастайныя: ад інтуітыўных уяўленняў да цвёрдых перакананняў, падстава для якіх — вопыт жыцця і веды ў розных сферах рэчаіснасці.
На Беларусі ідэі атэізму пачалі пашырацца ў 16—17 ст. (К.Бекеш, С.Лован, К.Лышчынскі і інш.). Крыніцай атэізму служылі вальнадумства і ерасі; моцны штуршок для яго развіцця даў рэфармацыйны і гуманіст. рух і звязаны з імі рэліг. скептыцызм (С.Будны, В.Цяпінскі, Я.Ліцыній Намыслоўскі). Атэістычныя тэндэнцыі рэльефна праяўляліся ў творчасці К.Каліноўскага, Ф.Багушэвіча, А.Гурыновіча, Я.Лучыны і інш. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 пачалося глабальнае разбурэнне рэлігійнасці і ператварэнне атэізму ў дзярж. ідэалогію. Але пасля таго, як Беларусь набыла сваю дзярж. незалежнасць (1991), пачалася светапоглядная трансфармацыя, сфера распаўсюджання атэізму рэзка звузілася. Калі ў 1989 веруючымі дэкларавалі сябе 22% насельніцтва Беларусі, то ў 1994 — 43,4%. У 1995 дэкларавалі сваю прыналежнасць да няверуючых 35% апытаных.
Літ.:
Из истории свободомыслия и атеизма в Белоруссии. Мн., 1978;
Свободомыслие и атеизм в древности, средние века и в эпоху Возрождения. М., 1986;
Основы религиоведения. М., 1994;
Thrower J. A short history of western atheism. London, 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАЛО́ГІЯ (ад грэч. anālōgia адпаведнасць, падабенства),
1) прыём (метад) выяўлення падабенства паміж прадметамі, іх уласцівасцямі і якасцямі. Усе прадметы прыроды (ад элементарных часціц і да касм. аб’ектаў) распадаюцца на пэўныя групы і класы, якія маюць агульныя ўласцівасці і прыкметы — аналогіі. Прыём аналогіі скарачае тэрміны даследаванняў і часам прыводзіць да навук. адкрыццяў, разам з тым ён можа быць крыніцай памылак, калі выкарыстаны некрытычна ці будуецца на выпадковых падабенствах і прыкметах (атаясамленне грамадства і арганізма, арганізма і механічнай сістэмы, сумлення і камп’ютэра, некаторых аналогій у гіст., сацыялагічным, паліталагічным і эканам. даследаваннях). Прыёмы аналогіі, маючы значныя пазнавальныя магчымасці, павінны дапаўняцца іншымі метадамі даследавання. Аналогія шырока выкарыстоўваецца ў фізіцы, матэматыцы, псіхалогіі і інш. (напр., падабенства ў паводзінах святла і гуку прывяло да вываду, што святло мае хвалепадобную прыроду).
2) У біялогіі — марфалагічнае падабенства органаў або іх частак розных па паходжанні, але аднолькавых па функцыях. Аналогія развіваецца ў выніку канвергенцыі. Органы, якія выконваюць аднолькавыя або блізка падобныя функцыі, наз. аналагічнымі (напр., крылы птушак і насякомых, шчэлепы рыб і ракаў). Развіццё іх сведчыць толькі аб прыстасаванасці органаў да аднолькавых умоў існавання, а не аб эвалюцыйным падабенстве (гл.Гамалогія).
3) У мовазнаўстве — утварэнне моўнай адзінкі шляхам прыпадабнення да адзінак і адносін, якія ўжо існуюць у мове. Так, форма «яблыняў» замест «яблынь» ужываецца па аналогіі з формамі «лічбаў», «вербаў» (канчатак «-аў» абумоўлены збегам зычных), што таксама ўтварыліся на ўзор стараж.формаў «сыноў», «дамоў». Найб. характэрна аналогія ў граматыцы, дзе яна выраўноўвае формы слоў, што вылучаюцца з агульнага рада, і вядзе да уніфікацыі (напр., «ядзім» як «глядзім» замест больш архаічнага «ямо»). Аналогія ўзнікае ў жывым маўленні, з цягам часу можа быць замацавана ў нармаванай моўнай сістэме.
4) У праве — прыём вырашэння дзярж., гаспадарчымі, грамадскімі і інш. органамі, службовымі асобамі і грамадзянамі юрыд. пытанняў, не ўрэгуляваных нормамі права. Адрозніваюць аналогію закону — дастасаванне ў вырашэнні пэўных пытанняў прававых нормаў, якія рэгулююць падобныя грамадскія адносіны, і аналогія права — прымяненне агульных асноў і прынцыпаў прававога рэгулявання адпаведнай галіны права ці прававога інстытута. На Беларусі аналогія выкарыстоўвалася на розных этапах развіцця дзяржаўнасці і права. Сучаснае заканадаўства Рэспублікі Беларусь поўнасцю забараняе аналогію ў крымін. праве, але дазваляе ў цывільных праваадносінах, у адм., прац., гасп. і інш. галінах права. Аналогія выкарыстоўваецца ў некат. замежных краінах. Напр., у краінах англа-саксонскай сістэмы права (ЗША, Вялікабрытанія) дапускаецца аналогія крымін. закону пры дапамозе т.зв. прэцэдэнту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАМАРФАЛО́ГІЯ (ад геа... + марфалогія),
навука, якая вывучае вонкавую будову, паходжанне, гісторыю развіцця рэльефу зямной паверхні, а таксама рэльеф паверхні Месяца і планет Сонечнай сістэмы. Падзяляецца на агульную (разглядае агульныя заканамернасці геамарфалагічных працэсаў), рэгіянальную (вывучае рэльеф асобных участкаў), планетарную (даследуе рэльеф Зямлі ў цэлым ці найб.вял. яго формы, а таксама паверхні планет зямной групы), прыкладную (кірункі выкарыстання геамарфалагічных даных у розных галінах гасп. дзейнасці). У агульных раздзелах геамарфалогіі вылучаюць больш вузкія яе кірункі: геамарфалогія сушы і марскую (знешні выгляд рэльефу сушы і марскога дна), структурную (асаблівасці ў рэльефе структуры зямной кары і формаў рэльефу, што ўтвораны тэктанічнымі рухамі), кліматычную (даследуе рэльеф, які ўтварыўся ў выніку дзейнасці экзагенных фактараў); палеагеамарфалогію (вывучае будову зямной паверхні ў асобныя этапы геал. мінулага); марфалогію і марфаметрыю, гляцыянальную, дэнудацыйную, антрапагенную (тэхнагенную), інжынерную і інш. Выкарыстоўвае геамарфалагічныя, геал., геагр., геафіз., біял. і матэм. метады даследавання, матэрыялы дыстанцыйных здымак.
Геамарфалогія як навука ўзнікла ў канцы 19 — пач. 20 ст. Яе асновы заклалі У. М.Дэйвіс (ЗША), Ф.Рыхтгофен, А.Пенк, В.Пенк (Германія), П.А.Крапоткін, І.В.Мушкетаў (Расія).
На Беларусі навук. даследаванні пачаліся ў 1-й пал. 19 ст. Агульнагеагр. і геал. даследаванні, апісанне асобных раёнаў, характарыстыку рачных далін зрабілі В.М.Севяргін, Е.П.Зяблоўскі, Р.П.Гельмерсен і інш. У 2-й пал. 19 ст. — пач. 20 ст. новыя даныя па генезісе і эвалюцыі рэльефу атрымалі Я.У.Апокаў, А.Э.Гедройц, В.В.Дакучаеў і інш. Значны ўклад у пазнанне асаблівасцей будовы зямной паверхні зрабілі работы па асушэнні балот пад кіраўніцтвам І.І.Жылінскага. Новы этап пачаўся з утварэннем Геал. ін-та ў складзе Ін-та бел. культуры, пазней — у АН. У пасляваенны час на базе геал.-здымачных работ складаліся геамарфалагічныя карты, абгрунтаваны шэраг стратыграфічных схем антрапагену і дэталізаваны палеагеамарфалагічныя тэр. Беларусі (Ф.Ю.Велічкевіч, Л.М.Вазнячук, Г.І.Гарэцкі, Б.М.Гурскі, Э.А.Ляўкоў, А.В.Мацвееў, Н.Л.Махнач, М.М.Цапенка і інш.), створаны новы кірунак — вучэнне аб стараж. рачных далінах і ледавіковых лагчынах (палеапатамалогія; Гарэцкі), удакладнены генезіс і гісторыя развіцця многіх тыпаў рэльефу (В.К.Лукашоў, В.П.Якушка і інш). Шырокае развіццё атрымалі структурна-геамарфалагічныя даследаванні і вывучэнне колькасных характарыстык рэльефу (З.А.Гарэлік, В.М.Губін, Ляўкоў і інш.), створана новая генетычная класіфікацыя рэльефу і схемы геамарфалагічнага раянавання (В.А.Дзяменцьеў, Вазнячук, Мацвееў і інш.), складзены і выдадзены серыі геамарфалагічных картаў. Даследаванні рэльефу Беларусі з 1979 каардынуе Геамарфалагічная камісія АН Беларусі.
Літ.:
Матвеев А.В. История формирования рельефа Белоруссии. Мн., 1990;
Энцыклапедыя прыроды Беларусі. Т. 1—5. Мн., 1983—86.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІЯ НАРО́ДНЫЯ ГУ́ЛЬНІ,
адна са стараж.формаўнар. творчасці беларусаў. Узніклі з язычніцкіх уяўленняў чалавека пра навакольны свет і звязаны з яго імкненнем паўплываць на незразумелыя прыродныя сілы. Пазней нар. гульні сталі забавай, сродкам маральнага, эстэт. і фіз. выхавання. Вядома больш за 400 беларускіх народных гульняў, якія не маюць строгіх правілаў, у розных месцах адну і тую ж гульню называюць і ладзяць па-рознаму. Гульні сінтэзуюць элементы песеннага і славеснага фальклору, танца, нар. тэатра, прац., ваен. і спарт. майстэрства. Найбольш стараж. з іх звязаны з паляваннем і паходзяць ад рытуальных скокаў, у якіх чалавек, імітуючы паводзіны жывёл і птушак, імкнуўся з магічнымі мэтамі ўвасобіцца ў інш. істоту (гульні «Каршун», «Мядзведзь», «Пастух і воўк», «Гусі», «Каза», «Журавель»). Многія гульні заснаваны на імітацыі прац. працэсаў («Проса», «Лён», «Канапелькі», «Рэдзька», «Млынок» і інш.), большасць з іх трансфармавалася ў гульнёвыя карагоды. Вытокі вял. колькасці традыц. гульняў ляжаць у абрадавай паэзіі. Асабліва многа іх звязана з нар. календаром. Гэта і веснавыя гульні — гуканне вясны, валачобніцтва (гл.Валачобнікі), Юр’е, ваджэнне і пахаванне «стралы», провады русалкі, траецкія гульні і інш. Шмат гульнёвых забаў адбывалася на Купалле — скокі праз вогнішча, качанне па жыце, пошукі папараць-кветкі. У час іх правядзення выбіралі арганізатара — Купаліша. Гульнёвы характар у час жніва набылі цырымоніі першага і апошняга снапа, «завіванне барады». Зімой у доўгія калядныя вечары наладжвалі шматлікія забавы, гульні з выкананнем песень, пераапрананнем у «цыгана», вадзілі «Казу», «Каня», «Кабылу», «Жураўля», «жанілі Цярэшку» (гл.«Жаніцьба Цярэшкі»), гулялі ў «Яшчура» і шчадравалі. Багаццем гульнёвых рытуалаў вылучаецца вяселле, магчыма, таму ў народзе кажуць «гуляюць вяселле». Сватанне, выкуп месца для маладой, падзел каравая і інш. дзеянні, страціўшы свой стараж. сэнс, сталі вясельнымі гульнямі. На вяселлі адбываюцца тэатралізаваныя жартоўныя паказы, у час якіх госці «жэняць» падстаўных маладых, і гульня ператвараецца ў звычайную пацеху. Гульні далі жыццё многім бел. танцам («Бычок», «Качан», «Падушачка» і інш.). Нар. гульні вызначаліся свабоднай імправізацыяй, лёгкасцю пераходу ад сур’ёзнага да жартоўнага, вясёлага, што стала асновай мастацтва вандроўных прафес. акцёраў — скамарохаў. Многія гульні дарослых перайшлі ў дзіцячую аўдыторыю і сталі дзейсным сродкам нар. педагогікі, развіваюць здольнасць да творчай імправізацыі, узаемавыручку, калектывізм і інш. лепшыя якасці («У гусі», «Жмуркі», «У жорава», «Вецер», «Лось», «Пячэнне хлеба», «Грушка» і інш.). У аснове спарт. гульняў ляжаць разнастайныя спаборніцтвы, яны развіваюць спрыт, звычку да псіхічных і фіз. намаганняў (гл.Азярод, Апука, Бабкі, Гула, «Гуські», «Калаўрот», Барацьба «да крыжа», Барацьба «на крыжы» і інш.). Многія традыц. гульні захаваліся ў сучаснай культуры, асабліва ў разнастайных формах нар. тэатра, з часам яны ўвабралі ў сябе элементы сучаснасці, многія з іх сталі асновай для развіцця бел. харэаграфічнага мастацтва, драмы і тэатра.
Да арт.Беларускія народныя гульні. Медалі з выявамі гульняў «Барацьба «да крыжа», «Апука», «Гула». Мастак А.Зіменка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАНО́МІЯ (ад агра... + грэч. nomos закон),
комплекс навук. і практычных прыёмаў па вырошчванні с.-г. культур. Асн. раздзелы сучаснай аграноміі: земляробства, раслінаводства, насенняводства, аграхімія, селекцыя, фітапаталогія і інш.
Ад зараджэння земляробства развівалася як галіна практычнай дзейнасці і вопыту чалавека. Навук. асновы ў Еўропе закладзены ў 17—18 ст., на Беларусі — у 1840-я г. ў Горы-Горацкай земляробчай школе. У сярэдзіне 19 ст. аграномія становіцца комплекснай навукай, з яе вылучаюцца аграхімія і с.-г. мікрабіялогія, пазней — глебазнаўства. Развіццё аграноміі ў многім абавязана франц. вучонаму Ж.Бусенго — заснавальніку першай у Зах. Еўропе доследнай станцыі ў Эльзасе (1857). Значная роля ў станаўленні і развіцці аграноміі належыць А.Ц.Болатаву, І.М.Комаву, А.Тэеру, Ю.Лібіху, В.В.Дакучаеву, В.Р.Вільямсу, К.А.Ціміразеву, Дз.М.Пранішнікаву, І.У.Мічурыну, М.І.Вавілаву, бел. вучоным А.В.Саветаву (упершыню ў сусв. практыцы звязаў развіццё сістэм земляробства з сац.-эканам. ўмовамі, даў класіфікацыю сістэм земляробства і іх гісторыю), І.А.Сцебуту, М.В.Рытаву, В.С.Ластоўскаму. Істотны ўклад у развіццё агранамічных ведаў зрабілі працы амер. селекцыянера Л.Бёрбанка па стварэнні новых формаў пладовых, дэкар. і інш.с.-г. раслін. У Зах. Еўропе і ЗША паспяхова развівалася ў 20 ст. хімізацыя земляробства, селекцыя і насенняводства с.-г. культур.
Шырокія агранамічныя даследаванні на Беларусі пачаліся, калі былі створаны с.-г.н.-д. ін-ты і доследныя станцыі (1920-я г.). Праблемы аграноміі распрацоўваюцца ў НДІ (земляробства і кармоў, глебазнаўства і аграхіміі, аховы раслін, бульбаводства, пладаводства, агародніцтва, меліярацыі і лугаводства), Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі АН Беларусі, Акадэміі агр. навук, Бел. аграрным тэхнічным ун-це, а таксама ў с.-г.ВНУ, на абл. і галіновых с.-г. доследных станцыях. Дастасавальна да ўмоў рэспублікі бел. вучонымі (Я.К.Аляксееў, А.К.Кедраў-Зіхман, І.С.Лупіновіч, Ц.М.Годнеў, В.І.Шэмпель, В.Ф.Купрэвіч, П.П.Рагавой, М.А.Дарожкін, С.Г.Скарапанаў, П.І.Альсмік, М.Дз.Мухін, Т.Н.Кулакоўская і інш.) рэкамендаваны мерапрыемствы па павышэнні ўраджайнасці с.-г. культур, навукова абгрунтаваныя севазвароты, спосабы рацыянальнага выкарыстання ўгнаенняў і апрацоўкі глебы. Складзены глебавыя карты гаспадарак, картаграмы кіслотнасці і забяспечанасці глебаў фосфарам і каліем. Прызнанне за межамі рэспублікі атрымалі многія высокаўраджайныя, устойлівыя да хвароб сарты с.-г. раслін бел. селекцыі. Пасля Чарнобыльскай катастрофы актуальнасць набыло вывучэнне наяўнасці і міграцыі радыенуклідаў у глебах, тэхналогій і спосабаў вядзення с.-г. вытворчасці на забруджаных радыенуклідамі глебах.
Літ.:
Повышение плодородия почв и производительной способности земель в интенсивных системах земледелия. Мн., 1981. С. 3—11;
Антонов Е.А. Становление и современное состояние научно-аграномического знания. Харьков, 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАХІ́МІЯ (ад агра... + хімія),
агранамічная хімія, навука пра хім. працэсы ў глебе і раслінах, жыўленне раслін, выкарыстанне ўгнаенняў і сродкаў хім. меліярацыі глебаў; аснова хімізацыі сельскай гаспадаркі. Грунтуецца на дасягненнях аграноміі і хіміі.
Пачала фарміравацца ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. Адзін з заснавальнікаў аграхіміі франц. вучоны Ж.Бусенго. Развіццё ў Расіі звязана з працамі М.І.Афоніна, А.Ц.Болатава, А.А.Нартава, М.Г.Паўлава і інш., у замежжы — шведскага хіміка І.Валерыуса, ням. Ю.Лібіха і А.Тэера. У галіне аграхіміі працавалі Дз.І.Мендзялееў (першыя доследы па вывучэнні эфектыўнасці ўгнаенняў), К.А.Ціміразеў, П.А.Костычаў, Дз.М.Пранішнікаў (заснавальнік аграхім. школы; распрацаваў тэорыю азотнага жыўлення раслін, навук. асновы фасфарытавання глеб) і інш. Вынікі аграхім. даследаванняў выкарыстоўваюцца пры распрацоўцы пытанняў аховы земляў, ажыццяўленні папераджальных мер барацьбы з забруджваннем глебы.
На Беларусі першыя аграхім. даследаванні праведзены ў Горы-Горацкай земляробчай школе (вывучэнне эфектыўнасці гною), на Беняконскай с.-г. (выкарыстанне лубіну на зялёнае ўгнаенне) і Мінскай балотнай (дзеянне ўгнаенняў на тарфяных глебах) доследных станцыях. Як самаст. навука развіваецца з 1920-х г.: распрацоўка асноў вапнавання глебаў і вывучэнне дзеяння ўгнаенняў на розных глебах і культурах (А.К.Кедраў-Зіхман, Р.І.Пратасеня, І.Р.Уласенка, І.К.Шпілеўскі, В.І.Штэмпель, В.С.Рубанаў, У.М.Пілько, Р.Т.Вільдфлуш, З.П.Ганчарова, Б.Б.Бельскі), распрацоўка рацыянальных спосабаў выкарыстання сідэратаў (Я.К.Аляксееў) і торфу як угнаення. Н.-д. работа па праблемах аграхіміі вядзецца ў Бел.НДІ глебазнаўства і аграхіміі, які стаў метадычным цэнтрам па кіраўніцтве Дзярж. аграхім. службай і геагр. сеткай доследаў з угнаеннямі, а таксама ў н.-д. ін-тах земляробства і кармоў, меліярацыі і лугаводства, пладаводства, агародніцтва, бульбы, Бел.с.-г. акадэміі, Гродзенскім с.-г. ін-це, аддзелах аграхіміі абл. доследных станцый. Распрацаваны тэарэт. асновы і спосабы выкарыстання ўгнаенняў пад запланаваны ўраджай з улікам уласцівасцяў глебаў і біял. асаблівасцяў культур. Вывучаецца аграхімія глебаў і жыўлення раслін з дапамогай мечаных атамаў (С.Н.Іваноў). Складаюцца дэталёвыя планы выкарыстання ўгнаенняў для палёў і культур кожнай гаспадаркі рэспублікі, размяркоўваюцца фонды мінер. угнаенняў і вапны, робяцца прагнозы ўраджайнасці с.-г. культур, разлікі планавай і фактычнай акупнасці ўгнаенняў (Т.Н.Кулакоўская, І.М.Багдзевіч, Л.П.Дзяткоўская, Р.У.Васілюк). З 1980-х г. роля аграхіміі ў рашэнні праблем сельскай гаспадаркі нязмерна вырасла. Інтэнсіўныя тэхналогіі вырошчвання с.-г. культур у многім базіруюцца на рацыянальным выкарыстанні ўгнаенняў і інш.хім. сродкаў, што патрабуе распрацоўкі аптымальных рэжымаў жыўлення раслін, новых формаў угнаенняў і спосабаў іх прымянення.
Літ.:
Новое в повышении плодородия почв. Мн., 1988;
Агрохимическая характеристика почв сельскохозяйственных угодий Республики Беларусь. Ч. 1—2. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ІКАНАПІ́СНАЯ ШКО́ЛА,
самабытная нац. жывапісная школа пач. 16 — пач. 19 ст. Склалася на аснове традыцый візантыйскага і стараж.-рус. мастацтва пад уплывам ідэй Адраджэння. Творы вызначаюцца вернасцю канону, умоўнасцю і сімвалізмам выяўл. мовы, характэрнасцю тыпажу, шырокім выкарыстаннем этнагр. элементаў, імкненнем адлюстраваць навакольную рэчаіснасць. Адметная рыса бел. абразоў — узорыстасць, багатая і разнастайная арнаментоўка, разны раслінны арнамент фону, мажорнасць агульнага эмацыянальнага ладу. У найб. ранніх творах 16 ст. спалучаюцца асн. рысы сярэдневяковага мастацтва з элементамі рэнесансу: светлы каларыт, арнаментыка, якая дапамагае выявіць аб’ём, лірычнасць вобразнага ладу («Маці Божая Іерусалімская» з Брэстчыны). У творах 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. пад уплывам маст. традыцый Адраджэння з’яўляецца імкненне да перадачы прасторы, аб’ёму, натуральнасці формаў, прапарцыянальнасці ў выяве чалавека і асяроддзя («Нараджэнне Багародзіцы» з Брэстчыны; «Параскева Пятніца» са Случчыны, «Апосталы Лука і Сымон», «Пакланенне вешчуноў» з Брэстчыны). Для Беларускай іканапіснай школы 17 ст. характэрны аб’ёмнасць, дэталіроўка, паказ асобных персанажаў у тагачаснай вопратцы [«Тройца старазапаветная» з Брэстчыны, «Маці Божая Замілаванне Жыровіцкая», сярэдзіна 18 ст., з в. Быцень Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.; «Нараджэнне Маці Божай» Пятра Яўсеевіча з Галынца, 1649; «Успенне», 1650, з в. Олтуш Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл.; «Узнясенне Марыі (Асунта)», канец 17 ст.]. Іканапіс 18 ст. стаў своеасаблівай формай барацьбы за нац. самавызначэнне, што абумовіла яго непасрэдную сувязь з нар. вытокамі, усебаковае пранікненне нар. светапогляду і фалькл. матываў у прафес. мастацтва; значны ўплыў на яго зрабіла мастацтва барока (абразы басценавіцкага майстра, 1723—28; «Ушэсце» Паўла Клачковіча, 1751, з Брэстчыны). Шырокае развіццё набыло т.зв. «наіўнае барока», або народны «прымітыў» («Разасланне апосталаў» з Брэстчыны, «Тройца новазапаветная» з Віцебшчыны). У іканапісе 18 ст. прасочваецца імкненне спасцігнуць непаўторнасць і самабытнасць чалавечага характару, што збліжае яго з тагачасным свецкім партрэтным жывапісам. Пачынаючы з 17 ст. ў Беларускай іканапіснай школе, захаваўшы асн. агульнанац. рысы, выразнымі мясц. нюансамі вылучаўся іканапіс Віцебшчыны, Магілёўшчыны і найб. Брэстчыны — насычаным колерам, падкрэсленым малюнкам, устойлівымі формамі, характэрным палескім тыпажам («Мікола», сярэдзіна 17 ст., «Варвара-пакутніца», 18 ст., Яна Васілевіча з Кобрына; «Сабор архангела Міхаіла», 1751, «Тройца» В.Маркіянавіча, 1761). У канцы 18 — пач. 19 ст.бел. іканапіс паступова страціў сваю самабытнасць і перастаў існаваць як маст. школа. У 20 ст. ідзе спроба аднаўлення бел. іканапіснай школы.
Літ.:
Жывапіс Беларусі XII—XVIII стагоддзяў: Фрэска, абраз, партрэт. Мн., 1980.
Э.І.Вецер.
Да арт.Беларуская іканапісная школа. Маларыцкі майстар. Успенне. 1650.Да арт.Беларуская іканапісная школа. Маці Божая Замілаванне Жыровіцкая. Сярэдзіна 18 ст.Да арт.Беларуская іканапісная школа. В.Маркіянавіч. Тройца. 1761. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.Да арт.Беларуская іканапісная школа. Узнясенне Марыі (Асунта). Канец 17 ст. Музей старажытнабеларускай культуры ІМЭФАН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМАБІ́ЛЬНЫ ТРА́НСПАРТ,
від транспарту па перавозцы грузаў і пасажыраў аўтамабілямі. Уключае аўтатранспартныя сродкі, аўтамабільныя дарогі і рамонтна-эксплуатацыйную службу ў аўтагаспадарках і на аўтадарогах. Паводле прызначэння бывае грузавы, пасажырскі (аўтобусы, легкавыя аўтамабілі, у т. л. таксаматоры), спецыяльны (аўтацыстэрны, аўтакраны, аўтапагрузчыкі, сан., пажарныя машыны і інш.); паводле формаў уласнасці — дзярж., ведамасны, муніцыпальны (гарадскі), прыватны. Адрозніваюць унутрыгар. (мясцовыя), міжгароднія і міжнар. перавозкі грузаў і пасажыраў. Для забеспячэння парадку і бяспекі работы аўтамабільнага транспарту ўведзены правілы дарожнага руху, нумарныя і знакі дарожныя, створана сістэма дзярж. аўтаінспекцыі (ДАІ).
Аўтамабільны транспарт пачаў фарміравацца з канца 19 ст. з развіццём аўтамабільнай прамысловасці і буд-вам аўтамаб. дарог. У 1900 у краінах свету было 11 тыс. аўтамабіляў, у 1940 — 46 млн., у 1950 — 70,4 млн., у 1990 — 430 млн., у 1994 — 472 млн. У 1993 аб’ём перавозак грузаў у краінах свету дасягнуў 50,6 млрд.т, а грузаабарот 3564,6 млрд.т∙км, агульны пасажыраабарот склаў 10,1 млрд. пасажыра-км. Найб. колькасць легкавых і грузавых аўтамабіляў, аўтобусаў у ЗША — адпаведна 141, 42,2, 0,6 млн.; у ФРГ — 26,2, 4,7, 0,07 млн. (1988). У ЗША найб. і працягласць шашэйных дарог (6235 тыс.км), з іх 5637 тыс.км з цвёрдым пакрыццём; у ФРГ адпаведна 2003 тыс.км і 1803 тыс.км (1987). У Расіі ў 1913 было 8,8 тыс. аўтамабіляў, пераважна легкавых, у 1994 — 2,92 млн. грузавых і 11,5 млн легкавых аўтамабіляў, 1,29 млн. аўтобусаў; працягласць шашэйных дарог 925 тыс.км, у т. л. 726 тыс.км з цвёрдым пакрыццём.
На Беларусі ў 1910 было 65 аўтамабіляў, крыху больш за 1 тыс.км дарог з цвёрдым пакрыццём (8 км дарогі на 1000 км² плошчы). У час ваен. дзеянняў 1914—20 большасць дарог з цвёрдым пакрыццём разбурана. Развіццё аўтамабільнага транспарту пачалося ў сав. час (гл. табліцу). У 1994 тут было 230 тыс. грузавых, 708 тыс. легкавых аўтамабіляў, 33 тыс. аўтобусаў. Унутрыгасп. і прыгарадны аўтатранспарт функцыянаваў у 111 гарадах, дзейнічала 3450 унутрырэсп. аўтобусных ліній і 80 ліній за межы Беларусі, 105 аўтастанцый, 37 аўтавакзалаў. На тэр. Беларусі дзейнічае разгалінаваная сетка аўтамабільных дарог (гл. карту-схему), у складзе якой і аўтамагістраліміжнар. значэння. З 1990-х г. ажыццяўляецца структурная перабудова аўтамабільнага транспарту: побач з дзярж. груза- і пасажыраперавозкамі інтэнсіўна развіваюцца міжнар. грузавыя перавозкі камерц. структурамі, павялічваецца доля арэнднага і прыватнага аўтапарка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА РАСЛІ́Н,
1) комплекс дзярж., гасп.-адм. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні, узнаўленні і рацыянальным выкарыстанні асобных відаў і ўсёй сукупнасці дзікарослых раслін, уключае ахову генафонду, фітацэнозаў, біягеацэнозаў у цэлым і інш. рэсурсаў расліннага свету, састаўная частка аховы прыроды і праблемы захавання біял. разнастайнасці Зямлі. Уключае ахову лясоў, ахову расліннага покрыва, зялёных насаджэнняў, балотнай і лугавой расліннасці, лек., асабліва ахоўных раслін і інш. Ахова рэдкіх і тых, што знікаюць, відаў раслін ажыццяўляецца ў адпаведнасці са спісам, прапанаваным Міжнар. саюзам аховы прыроды і прыродных рэсурсаў (МСАП), Еўрапейскім Чырвоным спісам рэдкіх і тых, што знікаюць, відаў раслін, рэгіянальнымі і нац. Чырвонымі кнігамі праз увядзенне забароны на іх збіранне, праз аднаўленне колькасці, утварэнне асабліва ахоўных прыродных тэрыторый ў месцах іх росту, абвяшчэнне помнікамі прыроды асобных месцаў іх росту, штучнае развядзенне некат. відаў, уключэнне адпаведных палажэнняў у праекты леса- і землеўпарадкавання.
На Беларусі ахова раслін рэгулюецца законам Рэспублікі Беларусь «Аб ахове навакольнага асяроддзя» (1992), парадкам выдачы дазволаў на збіранне раслін з відаў, занесеных у Чырвоную кнігу, адпаведнымі палажэннямі зямельнага, воднага і ляснога заканадаўства, міжнар. пагадненнямі, канвенцыямі і інш. У адпаведнасці з канвенцыяй аб міжнар. гандлі відамі дзікай фауны і флоры, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення, забаронены збіранне, продаж і купля ўсіх відаў сям. ятрышнікавых, лабеліі Дортмана і воўчніка баравога. Ахова некат. гаспадарча карысных відаў раслін і грыбоў ажыццяўляецца ліцэнзаваннем, правядзеннем біятэхн. мерапрыемстваў, увядзеннем часовых забарон на збіранне асобных відаў. Кантроль за мерапрыемствамі па ахове раслін ажыццяўляюць Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Мін-ва лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь з залучэннем грамадскасці. Адной з формаў аховы раслін з’яўляецца вырошчванне і развядзенне рэдкіх і гаспадарча карысных відаў на спец. участках, у гадавальніках, бат. садах і гэтак далей.
2) Галіна с.-г. навукі, якая распрацоўвае метады і спосабы барацьбы з хваробамі і шкоднікамі с.-г. культур і лясных парод, з пустазеллем. Прадугледжвае комплекс мерапрыемстваў у сельскай і лясной гаспадарцы, накіраваных на павелічэнне ўраджаю і зберажэнне якасці прадукцыі за кошт ліквідацыі страт ад шкодных арганізмаў, а таксама на прадухіленне біял. забруджвання навакольнага асяроддзя. Асн. задача — знішчэнне шкодных для сельскай і лясной гаспадаркі арганізмаў або абмежаванне іх дзейнасці (гл.Каранцін). Ахову тэр. Беларусі ад пранікнення каранцінных шкоднікаў, хвароб і пустазелля, каранцінныя мерапрыемствы ажыццяўляе Бел.дзярж. каранцінная інспекцыя. Дзярж. служба аховы раслін праводзіць практычныя мерапрыемствы па ахове ў калгасах, саўгасах, арг-цыях, установах, на прадпрыемствах, а таксама на прысядзібных участках, у калект. садах і агародах. Распрацоўку сістэм мерапрыемстваў па барацьбе са шкоднікамі, хваробамі і пустазеллем, метадычнае кіраўніцтва вытв. службай па ахове раслін ажыццяўляе Аховы раслін Беларускі НДІ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫ́ЧНЫЯ ТЫ́ПЫ ГРАМА́ДСТВА,
этапы, ступені і ўзроўні грамадскага развіцця, якія характарызуюцца пэўнай цэласнасцю, якаснай пэўнасцю грамадскіх парадкаў, наяўнасцю ў іх агульных і спецыфічных рыс. Служаць канкрэтным выяўленнем аб’ектыўнай разнастайнасці формаў і праяўленняў гістарычнага працэсу і адначасова атаясамліваюць яго адзінства. Як катэгорыі навукі гістарычныя тыпы грамадства фармулююцца на аснове крытэрыяў, абумоўленых найперш разуменнем сутнасці і спецыфікі чалавечага грамадства. Існуе пэўны плюралізм падыходаў да ўстанаўлення гістарычных тыпаў грамадства. У гістарычным матэрыялізме яны вызначаюцца на базе тэорыі фармацыі грамадска-эканамічнай з пункту гледжання законаў узнікнення, існавання, развіцця, смерці дадзенага сац. арганізма і яго змены іншым, больш прагрэсіўным. Паводле К.Маркса і Ф.Энгельса, гіст. працэс адзіны, незваротны і развіваецца па ўзыходнай лініі, таму ўсе наступныя гістарычныя тыпы грамадства ўяўляюць сабой больш высокія этапы, узроўні або ступені ў параўнанні з папярэднімі. Яны вылучалі 5 гістарычных тыпаў грамадства: першабытнаабшчыннае, рабаўладальніцкае, феадальнае, капіталістычнае, камуністычнае. Такі падыход прапануецца марксістамі ў якасці аб’ектыўнай асновы перыядызацыі гіст. працэсу і яго падзелу на гіст. эпохі. Маркс, аднак, падкрэсліваў, што гіст. працэс супярэчлівы, а тыпы і тэмпы яго развіцця розныя; першапачаткова з-за нізкага ўзроўню развіцця вытворчасці, а ў далейшым з-за прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці, што робіць развіццё грамадства ў цэлым антаганістычным, нераўнамерным, зігзагападобным. У.І.Ленін таксама даводзіў, што «гісторыя ідзе зігзагамі і навакольнымі шляхамі». Аднак гэтыя рэгрэсныя з’явы не перарываюць працэс развіцця ў межах больш агульнай сістэмы.
Альтэрнатыўныя марксізму канструкцыі гістарычных тыпаў грамадства выкарыстоўваюць суб’ектыўныя крытэрыі (тэорыя «ідэальных тыпаў» М.Вебера) або колькасныя паказчыкі развіцця матэрыяльнай вытв-сці (тэорыя «стадый эканамічнага росту» У.Ростаў). У сучаснай зах., у прыватнасці амер., сацыялогіі пераважна ў адпаведнасці з тэхнал. і эканам. крытэрыямі (з некаторымі мадыфікацыямі) адрозніваюць такія гістарычныя тыпы грамадства, як традыцыйнае (ахоплівае даіндустрыяльны этап развіцця вытв-сці і грамадства), індустрыяльнае і постіндустрыяльнае (тэхнатроннае), або інфарм. грамадства. Прызнаецца і ўсеагульны лінейны паступальны кірунак гіст. працэсу, дзе на змену адным грамадствам прыходзяць іншыя, з больш высокім узроўнем тэхнал. і эканам. развіцця. Але акцэнты робяцца на лакальныя рысы і асаблівасці, што праяўляюцца ў пэўныя гіст. перыяды ў развіцці асобных краін і рэгіёнаў свету, на «цывілізацыйны» крытэрый, на ключавую для дадзенага грамадства прыкмету (светапогляд, рэлігію, навуку і мастацтва, навук.-тэхн. прагрэс і да т.п.).
Літ.:
Маркс К. Да крытыкі палітычнай эканоміі. Мн., 1952;
Энгельс Ф. Паходжанне сям’і, прыватнай уласнасці і дзяржавы. Мн., 1970;
Гэлбрейт Дж.К. Новое индустриальное общество: Пер. с англ.М., 1969;
Монсон П. Современная западная социология: Теории, традиции, перспективы: Пер. со швед. СПб., 1992;
Ясперс К. Смысл и назначение истории: Пер. с нем. 2 изд. М., 1994.