ПРЫ́СТЛІ ((Priestley) Джон Бойнтан) (13.9.1894, г. Брадфард, Вялікабрытанія — 14.8.1984),
англійскі пісьменнік. Скончыў Кембрыджскі ун-т. Дэбютаваў як эсэіст і крытык (кнігі «Постаці сучаснай літаратуры», 1924; «Англійскія камічныя характары», 1925, і інш.). Вядомасць прынёс раман «Добрыя сябры» (1929) аб прыгодах вандроўнай трупы. Аўтар сац.-псіхал. («Вуліца Анёла», 1930; «Яны бадзяюцца па горадзе», 1936) і антыфаш. («Зацямненне ў Грэтлі», 1942) раманаў. У раманах «Трое ў новых касцюмах» (1945), «Чараўнікі» (1954), «Сэр Майкл і сэр Джордж» (1964), дылогіі «Стваральнікі вобразаў» (1968) і «Лонданскі тупік» (1969) пасляваен. рэчаіснасць. У п’есах «Ракітавы гай» (1933), «Час і сям’я Конвей» (1937), «Містэр Кетл і місіс Мун» (1955), «Шкляная клетка» (1958) і інш. маральна-філас. праблемы. Драмы пабудаваны на парадоксе, насычаны гумарам і сатырай. Як празаік зазнаў уплыў Ч.Дзікенса, як драматург — А.Чэхава. Аўтар аўтабіягр.кн. «За высокай сцяной» (1982), апавяданняў, кінасцэнарыяў, тэле- і радыёп’ес, літ.-крытычных прац, у т. л. «Англійскі гумар» (1976). На бел. сцэне паводле п’ес П. пастаўлены спектаклі «Небяспечны паварот» (1940, Дзярж.рус.драм.т-р), «Ён прыйшоў» (1946, Бел.т-р імя Я.Купалы).
Тв.:
Рус.пер. — Избранное. Т. 1—2. М., 1987;
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1990;
Гендель и гангстеры: Рассказы. М., 1983;
Заметки на полях: Худож. публицистика. М., 1988;
Затемнение в Грэтли: Повести, рассказы, пьесы. М., 1988.
Літ.:
Бабенко В.Г. Драматургия современной Англии. М., 1981;
Ивашева В.В. Литература Великобритании XX в. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПШЫРКО́Ў (Юльян Сяргеевіч) (31.10.1912, в. Кісцяні Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 23.12.1980),
бел. літаратуразнавец, крытык. Д-рфілал.н. (1962), праф. (1964). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў Ленінградскі ун-т (1939). З 1945 у Ін-це л-ры АН Беларусі (з 1953 заг. сектара), адначасова ў 1945—57 выкладаў у БДУ, у 1966—68 у Мінскім пед. ін-це. Друкаваўся з 1940. Аўтар крытычных артыкулаў па творчасці Я.Купалы, Я.Коласа, першай у бел. коласазнаўстве манаграфіі «Якуб Колас. Жыццё і творчасць» (1951). Даследаваў літ. жыццё 1920-х г., станаўленне і шляхі развіцця бел. прозы, творчасць Я.Брыля, У.Дубоўкі, К.Крапівы, А.Макаёнка, М.Танка, І.Шамякіна і інш. Аўтар прац «Трылогія Якуба Коласа «На ростанях» (1956), «Беларуская савецкая проза (20-я — пачатак 30-х гг.)» (1960), «Эпас рэвалюцыі» (1975) і інш. Сааўтар кніг «Нарыс гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1954), «Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры» (1956), «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 1—2, 1968—69), «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры», «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (на рус. мове, 1977), падручнікаў па бел. л-ры для сярэдняй школы і інш.Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1980.
Тв.:
Уплыў творчасці А.С.Пушкіна на развіццё беларускай літаратуры. Мн., 1949;
Якуб Колас: Критико-биогр. очерк. Мн., 1952;
А.Е.Богданович. Мн., 1966;
З майго жыццёпісу: [Аўтабіяграфія] // Пра час і пра сябе. Мн., 1966;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНЫ КАМІТЭ́Т БУ́НДА,
арганізацыя Усеагульнага яўр. рабочага саюза ў Літве, Польшчы, Расіі (гл.Бунд) у Віцебску ў 1897—1921. Створаны на аснове прафес. (цэхавых) стачачных кас. У 1903 уваходзіў у РСДРП. Спачатку не ставіў паліт. і сацыяліст. мэт і задач, дзейнасць абмяжоўваў эканам. патрабаваннямі. Паліт. агітацыю пачаў у 1900 у сувязі з рэпрэсіямі ўлад у адносінах да ўдзельнікаў рабочага руху. Садзейнічаў разгортванню с.-д. агітацыі ў суседніх павятовых гарадах і мястэчках. У рэвалюцыю 1905—07 узаемадзейнічаў з Віцебскай арганізацыяй РСДРП, з прадстаўнікоў к-та і арг-цыі РСДРП быў створаны Віцебскі кааліцыйны камітэт, які кіраваў рэв. рухам у горадзе. У 1906 і 1907 дэлегаты к-та ўдзельнічалі ў рабоце IV і V з’ездаў РСДРП. Летам 1907 к-т разгромлены, увосень 1908 адноўлены, яго дзейнасць засяродзілася на арганізацыі дробных эканам. стачак. У пач. 1914 створана Віцебская аб’яднаная арг-цыяРСДРП і Бунда, якая 11.5.1914 ліквідавана паліцыяй. У сак. 1917 арг-цыя адноўлена, у маі 1917 налічвала 650 чал. Прадстаўнікі Бунда разам з меншавікамі занялі кіруючыя пасады ў Віцебскім Савеце рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Кастр. рэвалюцыю к-т сустрэў варожа. У канцы 1917 — пач. 1918 удзельнічаў у выбарах на ўсерас.яўр. з’езд, выступаў супраць роспуску Устаноўчага сходу. На пач. 1919 уплыў арг-цыі ў Віцебску паменшыўся. У канцы 1919 к-т раскалоўся. Правыя бундаўцы пайшлі на саюз з мясц. сіянісцкай рабочай арг-цыяй. Частка левых бундаўцаў уступіла ў РКП(б). У 1921 к-т самаліквідаваўся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНАСЦЬ,
1) асаблівая прыкмета гіст. развіцця краін (нацый, саюзаў плямён і інш. утварэнняў), якія змаглі стварыць уласную дзяржаву. Існуе шэраг сімвалічных прыкмет аўтаномнай Дз. — выкарыстанне афіц.дзярж. мовы, дзярж. сімволікі (герб, гімн, сцяг), наяўнасць пэўнай сістэмы органаў улады (дзярж. апарату), формы праўлення (манархія, парламенцкая рэспубліка, прэзідэнцкая рэспубліка), формы тэр. ўладкавання (унітарная дзяржава, федэрацыя, канфедэрацыя), формы паліт. рэжыму (дэмакр., аўтарытарны, ваенны, грамадзянскі, тэакратычны і інш.). Нац. Дз. выражае рэальную здольнасць увасабляць і абараняць суверэнітэт нацыі або іншага этнасу, выкарыстоўваць паліт. ўладу для ўмацавання дэмакратыі і росту дабрабыту народа, развіцця яго культуры і мовы, абароны правоў і свабод чалавека, законных інтарэсаў прадстаўнікоў нац. меншасцей і ўсіх жыхароў дадзенага нац.-тэр. ўтварэння. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, зыходзячы з неад’емнага права народа на самавызначэнне і абапіраючыся на шматлікую шматвяковую гісторыю развіцця бел. дзяржаўнасці, замацоўвае статус краіны як унітарнай дэмакр.сац. прававой дзяржавы, якая валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самаст. ажыццяўляе ўнутр. і знешнюю палітыку, абараняе сваю незалежнасць і тэр. цэласнасць, канстытуцыйны лад, забяспечвае законнасць і правапарадак (гл. таксама Дзяржава).
2) Уласцівасць улады, яе палітыкі, якая выражае іх сілу, незалежнасць, магутнасць і здольнасць аказваць уплыў на развіццё падзей у свеце. Вызначаецца паліт., эканам. і духоўна-ідэалаг. аўтарытэтам краіны ў свеце або рэгіёне, яе маштабам і колькасцю насельніцтва, характарам і ўздзеяннем яе палітыкі і інш. фактарамі. Абсалютызацыя гэтых прынцыпаў і ўяўленні аб выключнасці і асаблівай ролі сваёй краіны, нацыі на практыцы прыводзяць да вялікадзяржаўнасці, ігнаравання волі і інтарэсаў іншых краін і народаў, знешняй экспансіі (гл.Нацыяналізм, Шавінізм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМБА́РДСКАЯ ШКО́ЛА,
мастацкая школа ў архітэктуры і жывапісе Паўн. Італіі (назва ад гіст. вобласці Ламбардыя) у 8—15 ст. У архітэктуры склалася на працягу 8—10 ст. Адыграла вырашальную ролю ў фарміраванні т.зв. першага раманскага стылю ў Італіі. Узор яе царк. архітэктуры — 3-нефавая базіліка са слаба выражаным трансептам, крыптай і кампанілай. У інтэр’еры строгае рытмічнае чляненне, падкрэсленае сістэмай скляпеністых перакрыццяў, тэктанічны ўзор вонкавых сцен з лапатак, аркатурных фрызаў і аркадных, т. зв. карлікавых галерэй (цэрквы Сант-Амброджа ў Мілане, асн.буд-ва ў 11—12 ст.; Сан-Дзена Маджорэ ў Вероне, 12 ст.). У росквіце было мастацтва разьбы на камені (майстры Нікалао, Бенедэта Антэламі і інш.). Готыка тут атрымала падкрэслена статычную інтэрпрэтацыю, набыла дэкар. характар (Міланскі сабор, пачаты ў 1386). Пабудовы эпохі Адраджэння (арх. А. Філарэтэ, Г. Салары, Дж. А. Амадэо) адметныя багаццем дэкар. уставак, якія падкрэсліваюць роўнядзь сцяны, наватарскімі па будове ўнутр. прасторы арх. кампазіцыямі (творчасць Д.Брамантэў).
Жывапіс у ламбардскага трэчэнта і ранняга кватрачэнта ўласцівы крохкая вытанчанасць форм, паэтычнасць. Ён развіваўся ў рэчышчы т. зв.інтэрнац. готыкі (мініяцюры ў рукапісных «гербарыях» і «лячэбніках», анімалістычныя малюнкі Дж. дэ Грасі). Значная роля ў развіцці жывапісу кватрачэнта належыць Пізанела. У 2-й пал. 15 ст. ўзмацніліся ўплывы фларэнтыйскага мастацтва і творчасці А.Мантэньі. У творах майстроў гэтага часу пераважалі пластычная яснасць кампазіцыі, змякчаны каларыт, святлоценявая мадэліроўка (В.Фопа, Іль Берганьёне, Браманціна, Брамантэ). У эпоху Высокага Адраджэння асноватворным стаў уплыў мастацтва Леанарда да Вінчы і яго школы. У 2-й пал. 16 ст. ўтварылася асобная брэшыянская школа, у якой спалучыліся традыцыі Л.ш. і венецыянскай школы жывапісу.
рэгіянальнае аб’яднанне мясц. камітэтаў і груп партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (ПСР, эсэраў) Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай, Смаленскай і паўн.-ўсх. часткі Чарнігаўскай губ. Утварылася на з’ездзе прадстаўнікоў Беластоцкай, Бранскай, Віленскай, Віцебскай, Гомельскай, Дзвінскай, Мінскай і Смаленскай арг-цый у крас. 1904. Праграмныя пазіцыі апублікаваны ў ліп. 1904 у адозве «Да ўсіх»: заваяванне паліт. правоў; права нацый на самавызначэнне; правядзенне ідэй сацыялізму сярод сялян і рабочых; замена рэв. шляхам капіталіст. ладу сацыялістычным. У арг-цыі меўся ўхіл да максімалізму і анархізму. Дзейнасць мясц. арг-цый ПСР у зах. губернях у 1904 і першыя месяцы рэвалюцыі ў 1905 абмяжоўвалася выданнем і распаўсюджаннем лістовак, інш.парт. л-ры, правядзеннем сходаў, зборам сродкаў на патрэбы рэв. дзейнасці. Летам 1905 іх дзейнасць пашырылася ў вёсцы. Уплыў у гарадах (асабліва сярод чыгуначнікаў) стаў прыкметным у час кастр. і снеж.паліт. стачак, калі іх прадстаўнікі ўваходзілі ў кааліцыйныя міжпарт. к-ты і стачачныя камісіі, якія кіравалі масавымі выступленнямі працоўных у Мінску, Гомелі, Пінску, інш. гарадах і на чыг. станцыях. У гэты час узмацнілася тэрарыст. дзейнасць эсэраў. Пасля I з’езда ПСР (29.12.1905—4.1.1906) мясц. арг-цыі разгарнулі агітацыю за байкот выбараў у 1-ю Дзярж. думу і неабходнасць звяржэння царызму рэв. шляхам. Паўн.-Зах.абл.арг-цыя распалася з наступленнем перыяду паліт. рэакцыі.
Літ.:
Бригадин П.И. Эсеры в Беларуси (конец XIX в. — февр. 1917 г.). Мн., 1994;
Зіміонка А. Сацыялістычны рух на Беларусі. II. Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў // Беларусь: Нарысы гісторыі, эканомікі, культурнага і рэв. руху. Мн., 1994.
бел. фізік. Акад.Нац.АН Беларусі (1956), д-рфіз.-матэм.н. (1951), праф. (1952). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1968). Скончыў Маскоўскі ін-т сталі (1936). У 1941—54 у Ін-це агульнай і неарган. хіміі АНСССР, адначасова ў маскоўскіх ун-це (1945—56) і ін-це каляровых металаў і золата (з 1951). З 1957 заг. Аддзела фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, у 1963—74 дырэктар Ін-та фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі (у 1967—75 заг. лабараторыі). Адначасова заг. кафедры ў БДУ (1957—62) і Мінскім пед. ін-це (1963—75). У 1979—88 у маскоўскіх ін-це каляровых металаў і золата і дзярж. ун-це прыродаўладкавання. Навук. працы па тэрмадынаміцы, статыст. фізіцы, фіз. хіміі, фізіцы цвёрдага цела, фізіцы паўправаднікоў і дыэлектрыкаў, магн. з’яў і нізкіх тэмператур. Распрацаваў асновы тэорыі фазавых ператварэнняў, тэорыю ўтварэння метастабільных фаз у адна- і шматкампанентных сістэмах і полімарфізму простых злучэнняў, методыкі вызначэння фанонных спектраў крышталёў па рассеянні халодных нейтронаў. Даследаваў уплыўмагн. і эл. палёў на кінетыку крышталізацыі і фазавых пераходаў, хім. сувязь і размеркаванне электроннай шчыльнасці ў крышталях, тэрмадынамічныя ўласцівасці шэрагу паўправадніковых злучэнняў. Прапанаваў арыгінальны спосаб атрымання блокаў кубічнага нітрыду бору.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЕ́ЙСКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення ў цэнтр. Беларусі (пераважна на ПнЗ Мінскай і ПнУ Гродзенскай абл.), які бытаваў у 19 — пач. 20 ст. Зазнаў уплыўгар. касцюма, што выявілася ў прыёмах крою і пашыву, шырокім выкарыстанні крамных тканін. У жаночы гарнітур уваходзілі кашуля, спадніца, фартух, гарсэт (у будні замест яго надзявалі безрукаўку-сканцэрку). Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, з сярэдзіны 19 ст. — з гесткай, аздаблялі паскам расліннага ці геам. чырвона-чорнага арнаменту на грудзях, плячах і каўняры. Узоры клетак і паскаў на спадніцы (з 4 прамавугольных, пазней трапецападобных полак) утвараліся за кошт чорных, цёмна-сініх, шэрых, жоўтых прасновак і прокідак утку. Спадніцу-андарак ткалі ў буйнарапортныя зялёна-вішнёвыя клеткі ці аднаго сіняга, чорнага колеру (спадніца-рудляк). Фартух аднаполкавы, белы льняны ці паркалёвы або цёмны з крамных тканін; упрыгожвалі гафтам, нашыўкамі стужак, маршчэннем. Гарсэт (шнуроўка) з чорнай або цёмна-сіняй шарсцянкі ці аксаміту кроілі з баскай у 6—8 кліноў. Жаночыя галаўныя ўборы: намітка, белая палатняная або разнаколерная з фабрычнай шарсцянкі хустка і вялікая тканая або вязаная з воўны хустка-ахінанка, каптур. Традыцыйную жаночую вопратку — бурнос і паўбурнос, расшыраныя ўніз, аздаблялі нашыўкамі гладкіх і зубчыкавых паскаў чорнага аксаміту, тасьмы ў спалучэнні з машынным штапам. Святочнай вопраткай былі суконныя капоты. Мужчынскі гарнітур складаўся з кашулі, нагавіц, сіняй ці чорнай камізэлькі (доўгай са стаячым каўняром ці кароткай), аздобленай нашыўкамі, трохвугольнай шыйнай хустачкі (каляшыйнік), галаўнога ўбору. У віленскім строі шмат відаў мужчынскай вопраткі, што адрозніваліся якасцю тканін, кроем, маст. афармленнем. У халодную восень і вясну насілі армяк, сярмягу, чуйку, бурку, якія шылі з валенага сукна, узімку — непацягнутыя або пацягнутыя кажухі.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Вілейскі строй. Дзяўчына ў зімовай вопратцы (бурнос). Вёска Каралеўцы Вілейскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАПАЛІ́ТЫКА,
канцэпцыя паліталогіі, паводле якой палітыка дзяржаў (у асн. знешняя) вызначаецца геагр. фактарамі (месцазнаходжаннем краіны, кліматам, прыроднымі рэсурсамі і інш.). У адзінстве з імі аналізуе таксама гіст., паліт. і інш. ўзаемадзейныя фактары (эканам. актыўнасць насельніцтва, яго сац. і паліт. культуру і інш.), што ўплываюць на стратэгічны патэнцыял дзяржавы, вызначаюць яе нац. палітыку. Разглядаецца як адно з фундаментальных паняццяў тэорыі міжнар. зносін. Характарызуе ролю і формы ўплыву геапаліт. становішча дзяржаў і іх блокаў на міжнар. працэсы.
Вытокі геапалітыкі ў ант. навуцы: Парменід (6 ст. да н.э.) адзначаў уплыў тэмпературных паясоў на жыццядзейнасць і норавы народаў. Арыстоцель даў геапаліт. ацэнку Крыта як астраўной краіны, Страбон узвысіў геаграфію да першапрычыны быцця дзяржаў. У 16—18 ст. прадстаўнікі геагр. дэтэрмінізму сцвярджалі ідэю аб’ектыўнага, зямнога фарміравання грамадства і яго інстытутаў пад уплывам геагр. умоў (Ш.Л.Мантэск’ё, А.Р.Ж.Цюрго і інш.). У 19 ст. К.Рыхтэр, Г.Т.Бокль, В.Кузэн, Ж.Э.Рэнан, І.Тэн, І.І.Мечнікаў даследавалі ўплыў фактараў геагр. асяроддзя на грамадскія з’явы і працэсы. Станаўленню паліт. геаграфіі спрыялі працы Ф.Ратцэля ў пач. 20 ст. Значэнне геагр. фактараў у ваенна-паліт. працэсах выявілася ў час 1-й сусв. вайны. Тады Р.Чэлен (Швецыя) прапанаваў тэрмін геапалітыкі для апісання дзяржавы як арганізма, што імкнецца да расшырэння зоны існавання. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі канцэпцыя геапалітыкі пашырылася ў Германіі (К.Гаўсгофер). Для абгрунтавання захопніцкай палітыкі ням. фашызм выкарыстоўваў паняцці «нац. межы» і «жыццёвая прастора нацыі». У пасляваенныя часы, асабліва ў перыяд «халоднай вайны», геапаліт. інтарэсы звышдзяржаў асацыіраваліся з дзейнасцю ваен. блокаў.
Геапалітычнае становішча Беларусі вызначаецца яе размяшчэннем у цэнтры Еўропы на шляхах зносін паміж У і З.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́СЭ ((Hesse) Герман) (2.7.1877, г. Кальв, Германія — 9.8.1962),
нямецка-швейцарскі пісьменнік. У 1891—92 вучыўся ў Маўльбронскай семінарыі. З 1912 жыў у Швейцарыі, у 1923 адмовіўся ад герм. грамадзянства і прыняў швейцарскае. Зведаў уплыў псіхааналізу З.Фрэйда і «аналітычнай псіхалогіі» К.Г.Юнга. Пачынаў як паэт-неарамантык (зб. «Рамантычныя песні», 1899). Філас. раманы «Петэр Каменцынд» (1904), «Гертруда» (1910), «Росхальдэ» (1914), «Дэміян» (1919), «Стэпавы воўк» (1927), раман-утопія «Гульня шкляных перлаў» (1943; бел.пер. В.Сёмухі, 1992), аповесці «Пад коламі» (1906), «Кнульп» (1915), «Клейн і Вагнер» (1920), «Курортнік» (1925), «Паездка ў Нюрнберг» (1932), «Нарцыс і Гольдмунд» (1930), «Паломніцтва ў Краіну Усходу» (1932) прысвечаны праблемам сцвярджэння асобы ў дэталізаваным грамадстве, ролі мастака ў сучасным свеце, лёсу культуры, цывілізацыі, чалавека-творцы. Яго проза адметная літ. гульнёй, стылістычным поліфанізмам, іроніяй, парадыйнасцю, стылізацыяй пад трактат, навук. даследаванне і інш. Аўтар паэмы ў прозе «Сідхартха» («Індыйская паэма», 1922), паэтычных цыклаў, апавяданняў, эсэ, публіцыст. артыкулаў, дарожных нататкаў. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі В.Сёмуха, М.Сяднёў. Нобелеўская прэмія 1946.
Тв.:
Бел.пер. — Пра мастацкую творчасць: [Эсэ] // Сяднёў М. Масеева кніга. Мн., 1994;
Паэт;
Воўк // Крыніца. 1995. № 3;
Рус.пер. — Паломничество в Страну Востока: Повесть;
Игра в бисер: Роман;
Рассказы. М., 1984;
Последнее лето Клингзора. М., 1986;
Письма по кругу: Худож. публицистика. М., 1987;
Сиддхартха. Мн., 1993;
Собр. соч.Т. 1—8. М.;
Харьков, 1994—95.
Літ.:
Березина А.Г. Герман Гессе. Л., 1976;
Седельник В.Д. Гессе и швейцарская литература. М., 1970;
Павлова Н.С. Герман Гессе // Павлова Н.С. Типология немецкого романа, 1900—1945. М., 1982;
Каралашвили Р. Мир романа Германа Гессе. Тбилиси, 1984;
Залоска Ю. Майстар гульні // Крыніца. 1995. № 3;
Лявонава Е. Паэтыка душы ў творах Германа Гесэ // Там жа.