ДЗЬМУХАВЕ́Ц, адуванчык (Tanaxacum),

род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 2000 відаў. Пашыраны ў халодных, умераных і субтрапічных паясах, у высакагор’і тропікаў. На Беларусі больш за 10 відаў, з якіх найб. вядомы Дз. лекавы (T. officinale). Нар. назвы малачай, багатка, коцікі, папок, дмухель, зубнік, жоўтая цыкор’я. Расце каля жылля, уздоўж дарог, на агародах, палях, лугах і інш. У якасці тэхн. (для атрымання натуральнага каўчуку) расліны раней вырошчвалі Дз. кок-сагыз (T. kok-saghyz).

Шматгадовыя травяністыя расліны са стрыжнёвым коранем і бязлістымі, полымі ўнутры сцябламі (стрэлкамі) выш. 10—30 см. Лісце ў прыкаранёвай разетцы, ланцэтнае, зубчастае, паступова звужанае ў чаранок. Кветкі двухполыя, звычайна жоўтыя, радзей белыя і ружовыя, сабраны ў адзіночныя верхавінкавыя кошыкі. Плод — сямянка, з носікам і чубком. Лек., кармавыя, меданосныя, харч. і тэхн. расліны. Карані выкарыстоўваюцца для ўзбуджэння апетыту, як сурагат кавы, лісце на салату, кветкавыя кошыкі — для прыгатавання варэння, напіткаў і інш.

Г.​У.​Вынаеў.

Дзьмухавец лекавы.

т. 6, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАСЁН (Persicaria),

род кветкавых раслін сям. драсёнавых. Каля 150 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмерана цёплых і трапічных абласцях Паўн. паўшар’я, таксама ў Паўд. Амерыцы. На Беларусі 8 дзікарослых відаў: Д. земнаводны, або вадзяная грэчка (P. amphibia), перцавы, або вадзяны перац (P. hydropiper), раскідзісты (P. lapathifolia), ільняны (P. linicola), плямісты (P. maculata), малы (P. minor), мяккі (P. mitis), шурпаты (P. scabra). Растуць у вадзе, па берагах рэк і вадаёмаў, у сырых лясах як пустазелле. Як дэкар. расліну вырошчваюць Д. усходні (P. orientalis).

Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным або ўзыходным, іншы раз апушчаным у ваду раўнамерна аблісцелым сцяблом. Лісце звычайна ланцэтнае, на кароткіх чаранках, з раструбам, у водных формаў — эліптычнае ці ланцэтна-яйцападобнае, голае і гладкае, на доўгіх чаранках. Кветкі ружовыя, ружова-белыя, белаватыя ці зеленаватыя, двухполыя, сабраныя ў верхавінкавыя гронкападобныя суквецці, размешчаны пучкамі ў похвах прыкветнікаў-раструбаў на кароткіх кветаножках. Плод — арэшак. Лек., кармавыя і дэкар. расліны.

Г.​У.​Вынаеў.

т. 6, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУСЯЛА́ПКА (Alchemilla),

род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 300 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Еўропы, таксама ў Азіі, Паўн. Афрыцы і ў Амерыцы. На Беларусі больш за 20 відаў. Найб. вядомыя і пашыраныя: вастралопасцевая (A. acutiloba Opiz), горная (A. monticola), шызаватая (A. glaucescens), зграбная (A. gracilis), гусялапка балтыйская (A. baltica), голасцябловая (A. glabricaulis). Зрэдку трапляюцца: гусялапка караткалопасцевая (A. breviloba), хвалісталістая (A. cymatophylla), бугрыстая (A. gibberulosa), голая (A. glabra) і інш. Растуць на лугах, у светлых лясах, на высечках, узлесках, па берагах рэк і ручаёў, каля дарог і на пустках.

Шматгадовыя травяністыя расліны пераважна з паўзучым дравяністым карэнішчам. Сцёблы прыўзнятыя, густа ўкрытыя валаскамі, рэдка амаль голыя. Лісце лопасцевае або далонепадобна рассечанае, круглаватае, складкаватае накшталт гусінай лапкі (адсюль назва), прыкаранёвае на доўгіх чаранках, у разетцы. Кветкі дробныя, зялёныя або жаўтаватыя, сабраныя ў шчыткападобна-мяцёлчатае суквецце. Плод — арэшкападобны. Характэрны апаміксіс. Амаль усе віды тэхн. (фарбавальныя, дубільныя) і лек. (мачагонны, адхарквальны, кроваспыняльны, процізапаленчы сродак), некаторыя — кармавыя і дэкар. расліны.

Г.​У.​Вынаеў.

Гусялапка звычайная.

т. 5, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕНЯЛО́МНІК (Saxifraga),

род кветкавых раслін сям. каменяломнікавых. Каля 370 відаў. Пашыраны ў горных краінах Еўропы, Азіі, Амерыкі: частка відаў трапляецца на раўнінах умеранага і халоднага паясоў. Растуць у трэшчынах скал і камянёў (адсюль назва). На Беларусі 3 дзікарослыя віды: К. балотны (S. hirculus) — арктабарэальная галарктычная рэліктавая расліна; К. зярністы (S. granulata) — атл.-еўрап. рэліктавая расліна; К. трохпальцы (S. tridactylites) — атл.-еўрап. скальная расліна. К. балотны і зярністы занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Каля 10 відаў інтрадукаваны як дэкар. расліны, з іх вырошчваюць К. Арэндса (S. × arendsii), мохападобны (S. hypnoides), дзярністы (S. caespitosa), трохвілаваты (S. trifurcata) і скурысталісты (S. repanda).

Шмат- ці аднагадовыя травяністыя расліны, рэдка паўкусцікі з аблісцелымі ці амаль бязлістымі кветаноснымі сцёбламі. Лісце чаргаванае або супраціўнае, рознай формы і памераў, часта сабранае ў разетку. Кветкі звычайна правільныя, 5-пялёсткавыя, у суквеццях (мяцёлках, шчытках і інш.), радзей адзіночныя, рознага колеру, двухполыя. Плод — двухрогая шматнасенная каробачка. Дэкар., лек., харч., кармавыя, меданосныя і пакаёвыя расліны.

Г.​У.​Вынаеў.

Каменяломнік: 1 — мяцёлчаты; 2 — Арэндса (гібрыд).

т. 7, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВЕ́ТКАВА-ДЭКАРАТЫ́ЎНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

зборная група культ. і дзікарослых, пераважна травяністых раслін, якія выкарыстоўваюцца ў кветкаводстве для азелянення, упрыгожвання інтэр’ера памяшканняў і будынкаў, ідуць на зрэзку. Вырошчваюцца ў адкрытым і закрытым грунтах. К.-д. р. адкрытага грунту падзяляюць на адна-, двух- і шматгадовыя. Іх выкарыстоўваюць для букетаў і афармлення клумбаў, рабатак, міксбордэраў, партэраў (напр., аднагадовыя агератум, аксамітка, астра, ільвіны зеў, цынія; двухгадовыя званочак, наперстаўка, незабудка, фіялка; шматгадовыя гіяцынт, касач, ландыш, півоня, прымула, нарцыс, цюльпан, вяргіня, канна, шпажнік), павойныя і лазячыя расліны на ўпрыгожванне сцен будынкаў, агароджаў, балконаў, тэрас (напр., аднагадовыя пахучы гарошак, іпамея, настурка; шматгадовыя клематыс, плюшч, капрыфоль). К.-д.р. закрытага грунту пераважна субтрапічныя і трапічныя. Сярод іх вылучаюць сезоннаквітучыя (вазонныя пеларгонія, цыкламен; грунтавыя гваздзік рэмантантны, ружа), выганачныя (гіяцынт, нарцыс, цюльпан), вечназялёныя (травяністыя — аспідыстра, спаржа, папараць; павойныя і ампельныя — плюшч, традэсканцыя; сукуленты — агава, алоэ, кактусы, эйфорбія; дрэвы і кусты — азалія, пальма, цытрусавыя).

Кветкава-дэкаратыўныя расліны: 1 — астыльба; 2 — ільвіны зеў; 3 — аксаміткі; 4 — званочкі.

т. 8, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДАНО́СНЫЯ РАСЛІ́НЫ, меданосы,

кветкавыя расліны, з якіх у перыяд цвіцення пчолы збіраюць нектар і кветкавы пылок; кармавая база пчалярства. Класіфікуюцца па часе цвіцення (веснавыя, летнія, асеннія), форме росту (дрэвавыя, кустовыя, кусцікавыя, травяністыя), характары выкарыстання пчоламі (нектараносы, пылканосы, нектарапылканосы), пераважных месцах росту (лясныя, лугавыя, палявыя, садовыя і інш.), гасп. прыналежнасці (зернебабовыя, кармавыя, крупяныя, пладовыя, спец. меданосы і інш.), нектарапрадукцыйнасці. Большасць М.р. — нектарапылканосы. Найб. каштоўныя М.р. даюць шмат нектару і пылку, даступных для пчол, маюць вял. колькасць кветак, доўгі перыяд цвіцення, найб. пашыраны. На Беларусі М.р. характарызуюцца разнастайнасцю (каля 600 відаў) і нераўнамерным размеркаваннем. З культурных М.р. найб. каштоўныя: грэчка, канюшына, сырадэля, баркун, рутвіца, сланечнік, агурок, пладовыя, ягадныя культуры; з лясных і паркавых дрэў і кустоў — ліпа, клён, вярба, крушына, рабіна, бружмель, маліны, каліна, верас; з дзікарослых траў — іван-чай, расходнік, чабор, шалфей, чальчак, дзьмухавец, мята і інш.

В.​І.​Сапега.

Меданосныя расліны: 1 — грэчка; 2 — клён; 3 — верас; 4 — маліны; 5 — канюшына; 6 — скрыпень.

т. 10, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ТАЎКА (Melampyrum),

род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 6 відаў. Найчасцей трапляюцца братаўка дуброўная, або Іван-ды-Мар’я (M. nemorosum), братаўка польская (M. polonicum) і братаўка лугавая (M. pratense); растуць у лясах, хмызняках, на палянах, лугах і балотах. Больш рэдкія віды: братаўка грабеньчатая (M. cristatum), трапляецца на поймавых лугах і ў хмызняках; братаўка лясная (M. sylvaticum) — у лясах пераважна ў паўн. і зах. раёнах; братаўка палявая (M. arvense) — рэдкая занесеная расліна, расце каля дарог і на палях.

Аднагадовыя травяністыя паўпаразітныя расліны з прамастойным простым або разгалінаваным сцяблом і слаба развітым коранем, на якім размешчаны гаўсторыі. Лісце супраціўнае ці амаль супраціўнае, ад лінейнага да лінейна-яйцападобнага, суцэльнае і суцэльнакрайняе. Кветкі жоўтыя, ружовыя або белаватыя, размешчаны па адной у пазухах буйных лістападобных, часта ярка афарбаваных прыкветкаў, сабраны ў канцавыя гронка- ці коласападобныя суквецці. Плод — сціснутая з бакоў каробачка з 2 створкамі. Дэкар., лек., меданосныя і ядавітыя (насенне мае ядавітыя алкалоіды і гліказід рынанцін) расліны; некаторыя віды — пустазелле.

Братаўка: 1 — лугавая; 2 — дуброўная.

т. 3, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛО́Э (Aloe),

род кветкавых раслін сям. асфадэлавых. Каля 350 відаў. Растуць у пустынных і засушлівых раёнах Афрыкі, на Пд Аравійскага п-ва і Міжземнамор’я (1 від). Многія з іх лек., харч., меданосныя, тэхн. (валакністыя) і дэкар. расліны; вырошчваюць у пакоях, аранжарэях і цяпліцах. На Беларусі ў пакаёвай культуры найб. вядомы: алоэ дрэвападобнае (aloe arborescens), альяс, цвіце вельмі рэдка і таму наз. сталетнікам; алоэ мыльнае (aloe saponaria), алоэ паласатае (aloe striata), алоэ стракатае (aloe variegata), алоэ асцюковае (aloe aristata).

Шматгадовыя травяністыя, кустападобныя і дрэвападобныя сукуленты з простым кароткім або развітым, тоўстым разгалінаваным або тонкім ліянападобным сцяблом, часцей зусім без яго (разеткападобныя формы). Лісце мясістае, часта з васковым налётам, плямамі і палосамі, па краях з зубцамі, у густых прыкаранёвых ці канцавых (у дрэвавых формаў) разетках або двухраднае. Кветкі чырвоныя, аранжавыя, жоўтыя, зялёныя, рэдка крэмавыя і белыя, у суквеццях. Плод сухая каробачка. З лісця некаторых відаў вырабляюць сабур (слабіцельны сродак), экстракты, сокі, сіропы, тэрапеўтычныя сродкі. Прэпаратамі алоэ карыстаюцца ў тканкавай тэрапіі (біястымулятары). У нар. медыцыне свежае лісце ўжываюць пры бранхіяльнай астме, язве страўніка і кішэчніка, туберкулёзе, ранах, нарывах.

Алоэ дрэвападобнае.

т. 1, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЫШО́К (Cynara),

род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 12 відаў. Пашыраны ў Міжземнамор’і і на Канарскіх а-вах. У культуры 2 блізкія віды — артышок кардон, або іспанскі (C. cardunculus), і сапраўдны, або калючы (C. scolymus). Як харч., кармавыя і дэкар. расліны вырошчваюць у Паўд. Еўропе, на Пд Расіі, на Украіне. На Беларусі артышок сапраўдны ёсць у калекцыі Цэнтр. бат. сада АН. Размнажаюць насеннем і атожылкамі. У сярэдняй паласе вырошчваюць як аднагадовую культуру расадным метадам.

Шматгадовыя травяністыя расліны. Сцябло галінастае, прамое, выш. 0,5—1 м. Лісце буйное, лопасцевае або перыстарассечанае. Трубчастыя фіялетавыя, сінія або белыя кветкі сабраны ў буйны кошык дыям. да 10 см. Сакавітыя нераскрытыя кошыкі з мясістым кветаложам (маюць да 3% бялку, 7—15% вугляводаў, 3—11 мг% вітаміну С, 0,4 мг% караціну, вітаміны B1 і B2, правітамін артышок, цукар, інулін), ачышчаныя чаранкі, галоўныя жылкі лісця і карані спажываюць вараныя і кансерваваныя (далікатэсная страва). У насенні каля 30% тлушчу, прыдатнае на корм птушкам. Стымулявальны і дыўрэтычны лек. сродак; ужываюць пры дыябеце, атэрасклерозе, хваробах печані; плады — проціяддзе опіуму.

Артышок сапраўдны.

т. 1, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРГІ́НЯ (Dahila),

род кветкавых раслін сям. астравых. 27 відаў. У дзікарослым стане пашыраны ў горных раёнах Мексікі, Гватэмалы, Калумбіі, у культуры — па ўсім зямным шары. На Беларусі культывуюць 2 віды: вяргіня культурная (Dahila cultorum) і вяргіня перыстая (Dahila pinnata), якія выкарыстоўваюць для рабатак, бардзюраў, групавых і адзіночных пасадак.

Шматгадовыя караняклубневыя травяністыя расліны з прамастойным галінастым унутры пустым сцяблом выш. да 2 м. Лісце супраціўнае, непарнаперыстае, зрэдку суцэльнае, на чаранках. Кветкі двух тыпаў — язычковыя (рознай велічыні, формы і колеру, простыя і махрыстыя, размешчаны па краі) і трубчастыя (дробныя, жоўтыя або карычневыя, у цэнтры суквецця), сабраны ў прыгожыя паніклыя кошыкі 3—35 см у дыяметры. Плод — сямянка. Цвітуць з чэрвеня да замаразкаў. Размнажаюць чаранкамі, дзяленнем клубняў, насеннем. Вядомы шматлікія сарты вяргінь, атрыманыя пераважна гібрыдызацыяй (каля 8 тыс.). Клубні некаторых відаў ядомыя, багатыя крухмалам і інулінам. У калекцыі Цэнтр. бат. саду АН Беларусі больш за 600 сартоў розных селекцыйных груп — пампонавых, каўняровых, шарападобных, анемонападобных, кактусападобных, хрызантэмападобных і інш.; бел. селекцыянерамі выведзены сарты вяргінь: Браслаўскія азёры, Бусел, Вера Харужая, Дзед Талаш, Купальская ноч, Лявоніха, Янка Купала і інш.

Вяргіні.

т. 4, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)