ФРЭНЕ́ЛЯ ДЫФРА́КЦЫЯ,

дыфракцыя сферычнай светлавой хвалі на неаднароднасцях асяроддзя, напр., на адтуліне ў непразрыстым экране, на непразрыстым дыску. Названа імем А.Ж.Фрэнеля, які вывучаў гэты від дыфракцыі святла.

Для спрашчэння разлікаў дыфракцыйнай карціны светлавы сферычны фронт разбіваюць на кальцавыя зоны (зоны Фрэнеля) так, каб адлегласці ад краёў кожнай зоны да пункта назірання адрозніваліся на палавіну даўжыні хвалі святла. Амплітуда светлавой хвалі ад кожнай зоны павольна змяншаецца з павелічэннем нумара зоны, а фазы ваганняў, выкліканых суседнімі зонамі ў пункце назірання. процілеглыя. Паводле Гюйгенса—Фрэнеля прынцыпу хвалі, што прыйшлі ад суседніх зон у пункт назірання, узаемна аслабляюць адна адну. Калі закрыць цотныя (ці няцотныя) зоны Фрэнеля, то атрыманая сістэма (зонная пласцінка) працуе як збіральная лінза (значна павялічвае асветленасць у пункце назірання і можа даваць відарыс). Калі падобную сістэму сабраць з празрыстых кольцаў спец. формы. то атрымаецца лінза Фрэнеля, якая дае паралельны пучок святла. Выкарыстоўваецца на маяках, у сігнальных ліхтарах і інш.

Літ.:

Степанов Б.И. Введение в современную оптику: Основные представления оптической науки на пороге XX в. Мн., 1989. С. 109—142.

Да арт. Фрэнеля дыфракцыя. Падзел фронту сферычнай хвалі на зоны Фрэнеля; Q — кропкавая крыніца святла: S — фронт хвалі; O — вяршыня фронту; P — пункт назірання; чырвоным вылучаны цотныя зоны Фрэнеля. Адлегласці ад аднайменных краёў суседніх зон да пункта назірання адрозніваюцца на палавіну даўжыні хвалі.
Да арт. Фрэнеля дыфракцыя: папярочнае сячэнне сферычнай лінзы Фрэнеля. SO — галоўная аптычная вось лінзы.

т. 16, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯКУБО́ЎСКІ Якуб (Якаў Адамавіч; 4.4.1932, в. Камаі Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. — 14.9.1998),

бел. географ і гісторык. Скончыў БДУ (1962), Мінскі пед. ін-т (1982, 1989). З 1962 у НДІ глебазнаўства. У 1967—92 у выд-ве «Беларуская Энцыклапедыя» (у 1972—88 заг. рэд. геаграфіі, геалогіі і геафізікі). Даследаваў пытанні культ.-нац. развіцця тат. і бел. народаў, гісторыю шляхецкіх тат. родаў на Беларусі. Распрацаваў канцэпцыю і рыхтаваў матэрыялы да энцыклапедыі «Татары Беларусі, Літвы і Польшчы». Ініцыятар стварэння час. «Байрам» (у 1991—98 гал. рэдактар), дзе змяшчаліся матэрыялы па гісторыі і культуры татараў на Беларусі з 14 ст., гісторыі іх шляхецкіх родаў, удзел у барацьбе супраць ням.-фаш. захопнікаў, звесткі пра дзеячаў навукі, культуры, мастацтва тат. паходжання і г.д. Аўтар гімна бел. татараў «Мы з іманам жывём на зямлі Беларусі» (муз. Дз.​Мазітавай). Дзярж. прэмія Беларусі 1976 за ўдзел у выданні «Беларускай Савецкай Энцыклапедыі» ў 12 тамах.

Тв.:

Разважанне пра даведнік аб татарах // Байрам. 1992. № 2;

Першыя крокі // Там жа. № 3;

Я так думаю // Там жа. 2002. Вып. 42;

Мы з іманам жывём на зямлі Беларусі // Там жа.

Літ.:

Лыч Л. Дзейнасць Якуба Якубоўскага ў люстэрку нацыянальна-культурнага адраджэння татараў Беларусі // Байрам 2002. Вып. 42;

Якубоўская Т. Да 70-годдзя Якуба Адамавіча Якубоўскага // Там жа;

Афнагель І. Мой старэйшы сябра — энцыклапедыст Якуб Адамавіч Якубоўскі // Там жа.

І.​У.​Саламевіч.

т. 18, кн. 1, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАНАТЭХНАЛО́ГІЯ,

сукупнасць метадаў стварэння і выкарыстання матэрыялаў, устройстваў і сістэм, памеры якіх у адным, двух ці трох вымярэннях знаходзяцца ў межах ад 0,1 нм да 100 нм.

Да аб’ектаў Н. належаць атамныя кластэры, плёнкі, трубкі, ніці і іх асацыяты, а таксама сітаватыя матэрыялы. Дае магчымасць «праграміраваць» уласцівасці аб’ектаў, пры гэтым спалучаць як іх дэзінтэграцыю, так і зборку з адзінкавых атамаў (малекулярнае дойлідства). Напр., у сканіруючым тунэльным мікраскопе пад уздзеяннем эл. поля атамы (іоны) з метал. іголкі пераносяцца на паверхню правадніка, аддзеленага ад іголкі вакуумным прамежкам; перамяшчэннем іголкі ўздоўж паверхні паўправадніка можна ствараць на ім «атамныя ўзоры» і выкарыстоўваць іх для запісу інфармацыі. Аб’екты Н. ствараюць таксама імплантацыяй (укараненнем) паскораных іонаў унутр. крышталя, малекулярна-прамянёвай эпітаксіяй, хім. сінтэзам і інш. метадамі. Зменай памераў і формы аб’ектаў можна мяняць іх уласцівасці (напр., удзельную электраправоднасць) пры захаванні хім. саставу. Н. выкарыстоўваецца пры стварэнні новых матэрыялаў (напр., фулерэнаў, вугляродных нанатрубак), вырабе прыборных паўправадніковых гэтэраструктур з квантавымі ямамі і звышрашоткамі, кіраванні хім. рэакцыямі (напр., каталіз) і інш. Даследуюцца магчымасці стварэння нанаробатаў.

На Беларусі даследаванні па Н. вядуцца ў Нац. АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Гродзенскім і Гомельскім ун-тах.

Літ.:

Нанотехнология в ближайшем десятилетии. Прогноз направления исследований: Пер. с англ. М., 2002;

Nanotechnology. New York, 2003;

Гапоненко Н.В. Пленки, сформированные золь-гель методом на полупроводниках и в мезопористых матрицах. Мн., 2003.

М.​А.​Паклонскі.

т. 18, кн. 1, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́СЕНЬСКІЯ ПЕ́СНІ, восень,

жанрава разнастайны цыкл песень каляндарна-земляробчага круга. Вызначаюцца нац. адметнасцю, якая праяўляецца: ва ўтварэнні асобага цыкла, сцвярджаючы тым самым бел. каляндарны фальклор як 4-цыклавы (у іншых славянскіх і балцкіх народаў восеньскія песні як самаст. цыкл не адзначаны, а паасобныя іх узоры працягваюць летні або папярэджваюць зімовы цыклы); у фарміраванні пазаабрадавай песеннай лірыкі больш позняга гісторыка-стылёвага пласта; у канцэнтраванні характэрных рыс бел. народнапесеннай творчасці як этнакультуры (паглыблены лірызм пры эмацыянальнай стрыманасці). У цэлым восеньскія песні на Беларусі ўтвараюць тры вял. групы: з абагульненымі тыпалагічна акрэсленымі напевамі («ярныя», «ярынныя», «яравое жніво»; «ільняныя», «пры лёне»; «аўсяныя», «авясец»), строга замацаваныя за апошнім этапам палявых работ; з абагульненымі тыпавымі і ў пэўнай меры індывідуалізаванымі напевамі (уласна «восень»); з індывідуалізаванымі напевамі, умоўна прымеркаванымі да восені (могуць спявацца і «абы-калі» — «журавіны беручы», «збіраючы грыбы» і інш.). Першыя 2 групы пашыраны на Паазер’і і Панямонні, апошняя — на ўсёй тэр. Беларусі. Пры агульнасці тэматыкі з усімі каляндарнымі песнямі (працоўнай, шлюбнай і сямейна-бытавой) у восеньскай песні дамінуе шчымлівы матыў развітання (насуперак узнёсламу матыву чакання ў веснавых песнях). Асноўная сфера іх паэтычнай вобразнасці — элегічны роздум з псіхал. паралелямі, якія асацыіруюцца з карцінамі затухаючай прыроды з тыповымі «ярыннымі» вобразамі птушак (перапёлкі, цецерука), сумам іх адлятання. Адпаведны танальны настрой выяўляюць і муз. выразныя сродкі восеньскіх песень. Іх мелодыя разгортваецца плаўна, з частым, як бы сузіральным спыненнем на адным гуку (найчасцей квінтавым тоне гукараду), з характэрнай секундавай пераменнасцю апорных тонаў, што стварае ўражанне незавершанасці, замяшання, нейкай затоенасці пачуццяў. У песнях з тыповымі восеньскімі напевамі тыпалагічна акрэслены і восеньскія сюжэты. Па нар. вызначэнні на Паазер’і восень — гэта мядзведзь: «А ў цёмным лесе мядзведзь рыкаіць / Мядзведзь рыкаіць, дзевак пужаіць». Далей гэты зачын разгортваецца ў сумна паглыбленых тонах: не мядзведзя баіцца дзяўчына, а восеньскай ночкі — «цёмнай», «доўгай», «страшнай», якая разлучыць яе з «айцом і мамкай» (па традыцыі сватаўство на Паазер’і адбывалася гал. чынам познімі восеньскімі вечарамі). На Палессі восень — гэта галкі: «Ой вы, галкі, вы чарненькія, падніміцесь ўгору / Некруцікі маладзенькія, вярніцесь дадому». Але як галкі не могуць падняцца, ахінутыя восеньскім туманам, так не могуць вярнуцца і рэкруты. Усеабдымны сум развітання (з цеплынёю лета, прыгажосцю дзявоцтва) збліжае восеньскія песні з драматызмам «абраду пераходу» ў вясельных песнях, аж да супадзення сюжэтнай і структурнай тыпізацыі, як у наступных восеньскай і вясельнай песнях: «Чаго ты, лосю, чаго, сівенькі, так к сялу прылягаеш? / Ой ці ты, лосю, ці ты, сівенькі, цяжкую зіму чуеш?», «Ляцяць галачкі ў тры радочкі, зязюлька паперэду / Усе галачкі па лугах селі, зязюлька на каліне / Усе галачкі зашчабяталі, зязюлька закувала». З усіх 4 цыклаў песень каляндарна-земляробчага круга (як гукавых знакаў-сімвалаў рознай пары года) менавіта восеньскі цыкл прыцягвае самую вял. колькасць неабрадавых лірычных песень, што сведчыць аб яго найбольшай адкрытасці ў макрасістэме бел. песеннай культуры.

Публ.:

Беларускія народныя песні. Т. 3. Мн., 1962;

Восеньскія і талочныя песні. Мн., 1981 (Бел. нар. творчасць);

Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 1. Мн., 1983;

Паэзія беларускага земляробчага календара. Мн., 1992 (Бел. нар. творчасць).

Літ.:

Мухаринская Л.С. Белорусская народная песня: Ист. развитие: (Очерки). Мн., 1977;

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 4, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕРА́ЛЬНАЯ АСАМБЛЕ́Я ААН,

галоўны дарадчы орган Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. У ёй прадстаўлены ўсе члены ААН. Можа абмяркоўваць любыя пытанні ў межах Статута ААН, даваць рэкамендацыі дзяржавам-членам і Савету Бяспекі ААН па любым з такіх пытанняў, за выключэннем тых, якія з’яўляюцца паўнамоцтвам Савета Бяспекі. Генеральная Асамблея ААН атрымлівае і разглядае справаздачы інш. органаў ААН, выбірае непастаянных членаў Савета Бяспекі, членаў Эканамічнага і Сацыяльнага Савета ААН, некат. членаў Савета па апецы ААН; сумесна з Саветам Бяспекі выбірае членаў Міжнароднага Суда ААН, па рэкамендацыі Савета Бяспекі назначае Генеральнага сакратара ААН, разглядае і прымае бюджэт ААН, новых членаў ААН. Рашэнні па найважнейшых пытаннях падтрымання міру і бяспекі, бюджэту і прыёму новых членаў ААН патрабуюць большасці ў ⅔ галасоў, па інш. пытаннях — простай большасці. Сесіі Генеральнай Асамблеі ААН праводзяцца штогод (з 3-га аўторка вер. да сярэдзіны снеж.) у штаб-кватэры ААН у Нью-Йорку. Могуць склікацца спец. сесіі (напр., па патрабаванні Савета Бяспекі ці большасці членаў ААН). Большасць пытанняў кожнай сесіі размеркавана паміж 6 гал. к-тамі Генеральнай Асамблеі ААН (па раззбраенні і міжнар. бяспецы; эканам. і фін. пытаннях; сац. і гуманіт. пытаннях і пытаннях культуры; спец. к-т па паліт. пытаннях і дэкаланізацыі; па адм. і бюджэтных пытаннях; па прававых пытаннях), 2 пастаяннымі — Кансультатыўным к-там па адм. пытаннях і бюджэце і К-там па ўзносах, а таксама шэрагам спец. к-таў (ствараюцца як пастаянныя, так і часовыя).

В.​М.​Іваноў.

т. 5, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВУХМО́ЎНЫ СЛО́ЎНІК, перакладны слоўнік,

тып лінгвістычнага даведніка, у якім змест слоў адной мовы перадаецца сродкамі іншай мовы. Часцей за ўсё гэта робіцца шляхам перакладу: напр., «Практычны расійска-беларускі слоўнік» М.​Я.​Байкова і М.​І.​Гарэцкага (1924). Больш глыбокая і навук. семантызацыя зместу рэестравых слоў ажыццяўляецца ў тых Д.с., якія змяшчаюць да слоў адной мовы разгорнутыя дэфініцыі на іншай (напр., «Кароткі эканамічны слоўнік», 1993). Існуюць і больш апасродкаваныя спосабы семантызацыі, напр. у Д.с. ідэаграфічнага тыпу; так, у «Тэматычным руска-беларускім слоўніку мовы навуковых справаздач» (1993) словы не толькі перакладаюцца, але і ілюструюцца эквівалентнымі па зместу тэкставымі фрагментамі на рус. і бел. мовах, дзе гэтыя словы ўжываюцца. Існуюць Д.с., у якіх сумяшчаюцца ўсе магчымыя спосабы семантызацыі рэестравых слоў: «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» В.​Ластоўскага (1990).

Паводле характару рэестравых адзінак адрозніваюць Д.с. агульныя («Руска-беларускі слоўнік», т. 1—3, 6-е выд., 1995; «Беларуска-рускі слоўнік», т. 1—2, 2-е выд., 1988—89) і спецыяльныя або тэрміналагічныя («Руска-беларускі слоўнік матэматычных, фізічных і тэхнічных тэрмінаў» М.​М.​Касцюковіча, У.​В.​Люшціка, В.​К.​Шчэрбіна, 1995). Паводле прызначэння вылучаюць агульныя і школьныя Д.с. (напр., «Руска-беларускі слоўнік», 6-е выд., 1993, і «Беларуска-рускі слоўнік», 3-е выд., 1991, С.​М.​Грабчыкава; «Руска-беларускі слоўнік: Для пачатковых класаў» А.​К.​Кобызевай, Г.​П.​Хаткевіч і М.​Я.​Шчарбун, 1985). Паводле характару інфармацыі аб рэестравых словах адрозніваюць агульныя і аспектныя, сярод апошніх Д.с. моўных цяжкасцей, паралексічныя Д.с. (гл. адпаведныя арт.).

В.​К.​Шчэрбін.

т. 6, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСАНДРО́ВІЧ Андрэй Іванавіч (22.1.1906, Мінск — 6.1.1963),

бел. паэт. Чл.-кар. АН Беларусі (1936). Скончыў БДУ (1930). Адзін з арганізатараў літ. аб’яднання «Маладняк». У 1934—37 нам. старшыні праўлення СП Беларусі. У 1931—37 чл. ЦВК БССР, у 1936—37 канд. у чл. ЦК КП(б)Б. У 1938 рэпрэсіраваны; тэрмін адбываў на Поўначы. У 1947—49 у Мінску. У 1949—55 у ссылцы ў Краснаярскім краі. Рэабілітаваны ў 1955. Друкаваўся з 1921. Аўтар зб-каў вершаў «Камсамольская нота» (з А.​Вольным, 1924), «Па беларускім бруку» (1925), «Угрунь» (1927), «Гудкі» (1930), «Узброеныя песні» (1936) і інш. У паэме «Цені на сонцы» (1930) «выкрыў», а фактычна зняславіў вядомых бел. літаратараў і вучоных. У дакладзе на III пленуме праўлення СП СССР (1936) называў В.​Дуніна-Марцінкевіча «паэтам прыгонніцтва», Ф.​Багушэвіча — «вяшчальнікам народжанай нацыянальнай буржуазіі», М.​Багдановіча — «буржуазна-нацыяналістычным» паэтам, а яго мову «кніжнай, халоднай», Я.​Купалу і Я.​Коласа — ідэолагамі «так званага «адраджэння» — руху беларускай буржуазіі», газ. «Наша ніва» — «буржуазна-нацыяналістычнай», на старонках якой панаваў «заалагічны шавінізм». Граміў бел. мовазнаўцаў. У выдадзеным пад яго рэдакцыяй «Руска-беларускім слоўніку» (1937) парушаў лексічныя нормы бел. мовы, падганяючы іх пад рус. мову. Аўтар кн. для дзяцей «Шчаслівая дарога» (1935), «Казка пра пана Жываглота» (1935), «Падарунак дзеткам-малалеткам» (1936) і інш. Пер. на бел. мову паэму А.​Пушкіна «Руслан і Людміла», творы рус., укр. і інш. паэтаў і празаікаў.

Тв.:

Зб. твораў. Т. 1—2. Мн., 1963;

Творы. Мн., 1981.

І.​У.​Саламевіч.

А.І.Александровіч.

т. 1, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫПЛАМА́ТЫКА (франц. diplomatique ад грэч. diploma ліст, дакумент, складзены ў дзве столкі),

спецыяльная гіст. дысцыпліна, якая вывучае паходжанне, форму і змест актавых крыніц (пераважна эпохі феадалізму) для вызначэння іх сапраўднасці. Праверка сапраўднасці актаў (практычная Д.), выкліканая барацьбой за зямлю і феад. прывілеі, вялася ўжо ў сярэдневякоўі. У 14—15 ст. пачала развівацца навук. Д. Падыходы і крытэрыі праверкі сапраўднасці дакументаў распрацаваў франц. даследчык Ж.​Мабільён. Сучасная Д. з’яўляецца часткай агульнага крыніцазнаўства, у задачы якой уваходзіць даследаванне форм і зместу дакументаў. На Беларусі ў 16—19 ст. мела месца фальсіфікацыя дакументаў, выкрыццё якой прывяло да зараджэння практычнай Д. Напр., вядома, што ў 1721—43 князі Радзівілы зрабілі фальшывы дакумент ад імя караля польскага і вял. князя літ. Жыгімонта II Аўгуста з датай 3.11.1551, паводле якога атрымалі права захоўваць дзярж. дакументы ВКЛ у сваім прыватным архіве ў Нясвіжы. Так Нясвіжскі архіў Радзівілаў станавіўся роўным з дзярж. архівам ВКЛ. У 1-й пал. 19 ст. распаўсюдзіліся падробкі дакументаў аб прыналежнасці да шляхецкага саслоўя ў сувязі з праверкай правоў на дваранства ў зах. губернях Рас. імперыі пасля падаўлення паўстання 1830—31 у Польшчы, Літве і Беларусі. Фабрыкацыя фальшывых дакументаў пра шляхецкае паходжанне асабліва пашырылася ў 1830-я г. ў Мінску, дзе спецыялісты па-майстэрску скарыстоўвалі даўнюю мову, падраблялі почырк і пячаткі каралёў, ужываючы паперу са стараж. актавых кніг.

Літ.:

Лихачев Н.П. Дипломатика. СПб., 1901;

Зимин А.А. Методика издания древнерусских актов. М., 1959;

Каштанов С.М. Русская дипломатика. М., 1988;

Актовое источниковедение: Сб. статей. М., 1979.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 6, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ПЛІНГ (Kipling) Джозеф Рэдзьярд (30.12.1865, г. Бамбей, Індыя — 18.1.1936),

англійскі пісьменнік; адзін з прадстаўнікоў неарамантызму. Вучыўся ў каледжы ў Вествард-Хо (Англія, 1876—81). Дэбютаваў зб. вершаў «Школьная лірыка» (1881). Аўтар кніг паэзіі «Песні казармы» (1892), «Сем мораў» (1896), «Пяць нацый» (1903), раманаў «Святло пагасла» (1890), «Кім» (1901), зб-каў апавяд. «Простыя апавяданні з гор» (1888), «Горад Страшнай ночы», «Сватанне Дзіны Шад» (абодва 1890), «Жыццё дае фору» (1891) і інш. У творах увасабляў ідэі актыўнага дзеяння, служэння закону і імперыі, пераўтварэння свету. Лірыка вызначаецца эмацыянальнасцю, дынамічнай рытмікай, блізкасцю да нар. балад і песень, грубаватым гумарам. Лепшы лірычны цыкл для дзяцей — кнігі пра Маўглі («Кніга джунгляў», 1894; «Другая кніга джунгляў», 1895), а таксама кнігі «Адважныя мараплаўцы» (1897), «Казкі проста так» (1902), «Пак з узгорка Паха» (кн. 1—2, 1906—10) і інш. Яны прывабліваюць сюжэтнай займальнасцю, майстэрствам абмалёўкі экзатычных жывёл і раслін, дакладнасцю. Аўтар аўтабіягр. кн. «Сёе-тое пра сябе» (1936), дарожных нарысаў, рэпартажаў. Паўплываў на развіццё жанраў балады, песні, маршу. Нобелеўская прэмія 1907. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Я.​Маўр, В.​Хомчанка, С.​Міхальчук, М.​Багун.

Тв.:

Бел. пер. — Рыкі-Цікі-Таві. Мн., 1938;

Казкі. Мн., 1939;

Чаму ў слоніка доўгі нос. Мн., 1974;

Маўглі: Апавяданні, казкі. Мн., 1994;

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—6. М., 1996.

Літ.:

Аникин Г.В., Михальская Н.П. История английской литературы. 2 изд. М., 1985;

Судленкова О.А., Кортес Л.П. 100 писателей Великобритании. Мн., 1997.

Е.​А.​Лявонава.

Р.Кіплінг.

т. 8, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ГІКА ВЫКА́ЗВАННЯЎ,

прапазіцыянальная логіка, раздзел логікі, у якім вывучаюцца лагічныя сувязі паміж простымі і складанымі выказваннямі. Простае (атамарнае) выказванне не ўключае ў сябе іншыя выказванні і разглядаецца як пераменная, якая прымае або ісціннае, або няісціннае значэнне. Канкрэтны змест і ўнутр. структура выказванняў пры гэтым не разглядаюцца. Складанае выказванне складваецца з іншых выказванняў пры дапамозе ўзаемазвязаных лагічных (прапазіцыянальных) звязак. Так, злучэнне двух выказванняў з дапамогай звязкі «і» дае складанае выказванне (кан’юнкцыю), якое з’яўляецца ісцінным, толькі калі абодва гэтыя выказванні ісцінныя. Складанае выказванне, утворанае з дапамогай звязкі «або» (дыз’юнкцыя), ісціннае, калі хаця б адно з гэтых двух выказванняў ісціннае. Складанае выказванне, утворанае з дапамогай «не» (адмаўленне), ісціннае, калі толькі зыходнае выказванне няісціннае. Складанае выказванне, атрыманае з двух выказванняў з дапамогай звязкі «калі, то» (імплікацыя), ісціннае ў 3 выпадках: абодва гэтыя выказванні ісцінныя, абодва яны няісцінныя; першае з выказванняў (за словам «калі») няісціннае, а другое (за словам «то») ісціннае, імплікацыя з’яўляецца няісціннай, толькі калі першае з яе выказванняў ісціннае, а другое няісціннае. Мова Л.в. уключае бясконцае мноства пераменных (P, g, r, ... Pi, gi, ri, якія ўяўляюць сабой выказванні), і асаблівыя сімвалы для лагічных звязак: & — кан’юнкцыя («і»), ∨ — дыз’юнкцыя («або»), ¬ — адмаўленне («не» або «няправільна, што»), → — імплікацыя («калі, то»), ↔ — эквівалентнасць («калі і толькі калі»). Л.в. можа быць прадстаўлена таксама ў форме лагічнага злічэння, у якім задаецца спосаб доказу некаторых выказванняў.

Літ.:

Жуков Н.И. Философские основания математики. 2 изд. Мн., 1990;

Брюшинкин В.Н. Практический курс логики для гуманитариев. М., 1996.

В.​В.​Краснова.

т. 9, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)