ГВІЯ́НА ФРАНЦУ́ЗСКАЯ (Guyane Française),

краіна на ПнУ Паўд. Амерыкі, уладанне Францыі (заморскі дэпартамент). На З мяжуе з Сурынамам, на Пд і У — з Бразіліяй, на Пн абмываецца Атлантычным ак. Падзяляецца на 2 акругі. Пл. 91 тыс. км². Нас. 132 тыс. чал. (1993). Цэнтр — г. Каена. Афіц. мова — французская.

Прырода. Гвіяна Французская займае крайні ПнУ Гвіянскага пласкагор’я. Паверхня ў асн. раўнінная, з асобнымі купалападобнымі масівамі выш. да 830 м, на ПнУ — вузкая берагавая нізіна. Карысныя выкапні: баксіты, золата, кінавар, каалін. Клімат субэкватарыяльны, гарачы і вільготны. Сярэднямесячная т-ра паветра ў Каене 28—29 °C. Ападкаў больш за 3000 мм за год. Рачная сетка густая, рэкі парожыстыя, суднаходныя толькі ў вусцях. Найб. Марані і Аяпок. Густыя вільготныя трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў займаюць каля 90% тэрыторыі. На Пн і ў цэнтр. раёнах — участкі высакатраўных саваннаў.

Насельніцтва. Жывуць негры, мулаты, крэолы (нашчадкі выхадцаў з Еўропы), ва ўнутр. раёнах — індзейцы. Вернікі пераважна католікі. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 1,5 чал. На 1 км², амаль усё яно засяроджана на ўзбярэжжы. Там жа знаходзяцца ўсе гарады.

Гісторыя. Карэнныя жыхары Гвінеі Французскай — індзейцы. У 1499 гэту тэр. адкрылі іспанцы. Першае франц. паселішча засн. на в-ве Каена ў 1604, у 1635 тут пабудавана крэпасць, якая стала адм. цэнтрам Гвіяны. У пач. 17 ст. захоплена французамі, у 1654 — галандцамі, у 1667 — англічанамі. У 1674 абвешчана ўладаннем Францыі. У 1809 захоплена англічанамі і партугальцамі, у 1817 канчаткова замацавана за Францыяй. З канца 17 ст. сюды прывозілі неграў-рабоў для працы на плантацыях (рабства адменена ў 1794, адноўлена ў пач. 19 ст., канчаткова ліквідавана ў 1848). У 1852—1938 месца ссылкі франц. зняволеных. У 1877 Гвіяна Французская атрымала прадстаўніцтва ў франц. парламенце. З 1946 заморскі дэпартамент Францыі. З 1983 ідзе пашырэнне аўтаноміі Гвіяны Французскай. Дзейнічаюць Гвіянская сац. партыя (засн. ў 1956; выступае за аўтаномію Гвіяны), Гвіянскі нар. рух, а таксама мясц. арг-цыі франц. партый (Аб’яднанне ў падтрымку Рэспублікі, Саюз за франц. дэмакратыю і інш.).

Гаспадарка. Гвіяна Французская — аграрная краіна. Апрацоўваецца менш за 0,1% тэр., пераважна на ўзбярэжжы. Гал. таварныя культуры — цукр. трыснёг, бананы, какава; спажывецкія — кукуруза, маніёк, рыс, агародніна. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і свіней. Здабыча золата і баксітаў. Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Дрэваапр. і цукр. прадпрыемствы. Вытв-сць рому, эсенцыі ружавага дрэва. Лоўля рыбы і крэветак. Даўж. аўтадарог каля 700 км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 350 км. Гал. марскі порт Каена. На тэр. Гвіяны Французскай касмічны палігон Францыі ў г. Куру. Экспарт: крэветкі і інш. морапрадукты (41% па кошце), золата (10%), лесаматэрыялы, ром, баксіты, эсенцыя ружавага дрэва. Імпарт: прамысл. вырабы і харч. тавары, паліва. Асн. гандл. партнёры: Францыя, ЗША, Японія. Грашовая адзінка — франц. франк.

І.​Я.​Афнагель (прырода, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

т. 5, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЖА́НІН (Максім) (сапр. Каратай Аляксандр Амвросьевіч; н. 2.11.1909, в. Прусы Салігорскага р-на Мінскай вобл.),

бел. паэт. Засл. дз. маст. Беларусі (1969). Скончыў Мінскі бел. пед. тэхнікум (1928). Вучыўся ў БДУ (1928—31). Працаваў у час. «Узвышша», на Бел. радыё (1930—32). 10.8.1933 незаконна асуджаны. Пакаранне адбываў у Марыінску Кемераўскай вобл. Рэабілітаваны ў 1956. З 1935 на выдавецкай рабоце ў Маскве. У 1944—53 у газ. «Звязда», час. «Вожык». У 1967—71 гал. рэдактар сцэнарнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм». Друкуецца з 1925. Раннія вершы (зб. «Крокі», 1928) прасякнуты эмац.-рамантычным успрыняццем рэчаіснасці. У зб-ках вершаў і паэм «Неаплачаны рахунак» (1930), «Галасуе вясна за вясну», «Кастрычнікам! Ліпенем! Маем!», «Аднагалосна» (усе 1931), «Першамайская вуліца» і «Галасы гарадоў» (абодва 1932) зварот да надзённых тэм жыцця вёскі і горада, паглыбленне іх грамадскага гучання. Творы ваен. перыяду (зб. «Шырокае поле вайны», 1945) адлюстроўваюць мужнасць і гераізм воінаў, вышыню чалавечага духу ў час смяротнай небяспекі. Пасляваенная паэзія Л. ўславіла мірныя справы людзей працы (зб-кі «Поступ», 1950; «Святло Радзімы», 1952; «Моваю сэрца», 1955). Кніга вершаў «Прасторы» (1958) пашырыла паэтычны свет аўтара. Вершы і паэмы грамадзянскага гучання ў кнігах «Росы на коласе» (1973), «Прага крыла» (1974), «Як нараджаўся новы свет» (1975), «Лявоніха» (1977), «Галасы пад выраем» (1980), «Паразмаўляй са мной, зямля» (1983). Ў сярэдзіне 1980—90-я г. паэзія Л. набывае праніклівае філасофска-быційнае гучанне, у якім зноў абвастраецца асабістая памяць, рахункі сваіх і агульных крыўдаў, пачуццё справядлівасці, але ўсё перажытае ўраўнаважваецца мудрым чалавечым вопытам, удзячнай любоўю да жыцця і хвалою ў яго гонар. Паэзіі Л. ўласціва жанрава-стылявое багацце, разнастайнасць вобразна-моўных сродкаў, паэт. майстэрства. Піша прозу («Колас расказвае пра сябе», 1964, Літ. прэмія імя Я.​Коласа 1965; «Дванаццаць вячорных вогнішчаў», 1968; «Людзі, птушкі, прастор», 1976; «Трое», 1989). Выступае як крытык і публіцыст (кнігі «Вачыма часу», 1964; «Рэпартаж з рубцом на сэрцы», 1973; «З ранку да вечара», 1978). Выдаў зб. гумару «Сілівон на дачы» (1958), вершы і апавяданні для дзяцей, паэму-казку «Хто робіць пагоду» (1959). Аўтар сцэнарыяў фільмаў («Паўлінка», 1951; «Народны паэт», 1952; «Першыя выпрабаванні», 1960 і «Запомнім гэты дзень», 1967, з А.​Куляшовым). На бел. мову пераклаў «Гора ад розуму» А.​Грыбаедава, «Вечары на хутары ля Дзіканькі» М.​Гогаля, «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А.​Радзішчава, асобныя творы А.​Пушкіна, У.​Маякоўскага, А.​Фадзеева, А.​Міцкевіча, У.​Сыракомлі і інш.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—2. Мн., 1960;

Зб. тв. Т. 1—3. Мн., 1968—70;

Зб. тв. Т. 1-4. Мн., 1979—81;

Вярнуся ветрам: Лірыка, гумар, сатыра. Мн., 1987.

Літ.:

Арочка М. Беларуская савецкая паэма. Мн., 1979;

Яго ж. Саюз часу і майстэрства. Мн., 1981;

Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;

Кісялёў Г. Крокі // Полымя. 1984. № 11;

Гніламёдаў У. Натхненне і майстэрства: Творчасць М.​Лужаніна // Роднае слова. 1998. № 5.

У.​В.​Гніламёдаў.

М.Лужанін.

т. 9, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛБА́НІЯ (Shqipëria),

Рэспубліка Албанія (Republika e Shqipërisë), дзяржава ў Паўд. Еўропе, на З Балканскага п-ва. Мяжуе на Пн з Югаславіяй, на У з Македоніяй, на ПдУ і Пд з Грэцыяй; на З абмываецца водамі Адрыятычнага і Іанічнага мораў. Праліў Отранта аддзяляе Албанію ад Італіі. Пл. 28,7 тыс. км². Нас. 3,4 млн. чал. (1994). Сталіца — г. Тырана. Падзяляецца на 26 адм. адзінак (рэці). Афіц. мова — албанская. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці Албаніі (28 ліст.).

Дзяржаўны лад. Паводле Закону аб асн. палажэннях канстытуцыі ад 29.4.1991 Албанія — парламенцкая рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Вышэйшы орган дзярж. улады і заканад. орган — Нар. сход. Вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган — Савет Міністраў.

Прырода. Пераважае горны рэльеф. На ПнПаўн.-Албанскія Альпы (Праклетые), на У — хрыбты Таморы, Корабі (выш. да 2764 м), Дэшаты, Ябланіца, на Пд — адгор’і хр. Пінд. На астатняй тэр. краіны асобныя горныя масівы, на У катлавіна Корча. На ўзбярэжжы мора і цэнтр. частцы — узгорыстыя раўніны. Горы складзены з вапнякоў і сланцаў. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, жалеза-нікелевыя, медныя і хромавыя руды, баксіты, бітум, буры вугаль, соль і інш. Клімат на раўнінах і на ніжніх схілах гор субтрапічны міжземнаморскі (сярэдняя т-ра студз. -8...-9 °C, ліп. 24—25 °C), у гарах — умераны; снегавое покрыва трымаецца тут некалькі месяцаў. Ападкаў 800—1000 мм на раўнінах, 1000—2000 мм у гарах. Рэкі горныя, кароткія і мнагаводныя; найбольшыя Дрын, Шкумбіні, В’ёса, Семані, Маты; часткова належаць Албаніі буйныя тэктанічныя азёры: Шкодэр (Скадарскае), Ахрыдскае, Прэспа. На раўнінах і ніжніх схілах гор — субтрапічныя хмызнякі і лясы, вышэй — шыракалістыя і хваёвыя лясы (пад лесам каля 43% тэр.), вышэй за 2000 м — альпійскія лугі.

Насельніцтва. Каля 97% — албанцы, жывуць таксама грэкі, македонцы, чарнагорцы, цыганы і інш. Сярод вернікаў — каля 70% мусульман-сунітаў і 30% хрысціян (20% праваслаўныя, 10% католікі). Натуральны прырост каля 20 чал. на 1 тыс. чал. за год. Ва ўзроставай структуры насельніцтва больш за палавіну — асобы да 25 гадоў. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 119 чал. на 1 км² (1994), на раўнінах да 200—300 чал. на 1 км². У прам-сці занята 53% самадз. насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 47%. Гар. насельніцтва 36,1% (1990). Буйнейшыя гарады (1990) — Тырана (243 тыс. ж.), Дурэс (85 тыс. ж.), Эльбасан (83 тыс. ж.), Шкодэр, Влёра. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 69, жанчын 73 гады. Узровень нараджальнасці 23 на 1 тыс. чал. насельніцтва. Дзіцячая смяротнасць 32,9 на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Гісторыя. У 2тыс. да н.э. на тэр. Албаніі жылі ілірыйцы, якія ў 4—3 ст. да н.э. ўтварылі сваю рабаўладальніцкую дзяржаву. З 2 ст. да н.э. Албанія ўваходзіла ў склад Рымскай, з 395 — Візантыйскай імперый. Нашэсце вестготаў і гунаў у канцы 4—5 ст. н.э., пранікненне слав. плямёнаў у 6—7 ст. прывялі да разбурэння рабаўладальніцкага ладу, з 8 ст. пачалі фарміравацца феад. адносіны. У 9—пач. 11 ст. Албанія ў складзе Першага балг. царства, пасля яго падзення (1018) — у складзе Візантыі. У 2пал. 11 ст. прыбярэжную ч. Албаніі захапілі нарманы. У канцы 12 ст. на Пн Албаніі ўзнікла незалежная алб. дзяржава — Арберыйскае княства. У гэты час з’явіўся этнонім «албанцы». Пазней Албанія ўваходзіла ў склад Эпірскага царства, Неапалітанскага і Сербскага каралеўстваў, была пад уладай Венецыі. З 14 ст. пачалося тур. заваяванне Албаніі. У 1443 барацьбу супраць туркаў узначаліў Скандэрбег (Георг Кастрыёці), які стварыў саюз алб. князёў і армію. Пасля яго смерці саюз распаўся, і да 1479 туркі захапілі амаль усю Албанію. Іх панаванне і жорсткі прыгнёт прывялі да заняпаду гасп.-эканам. і культ. жыцця, да паўстанняў алб. народа ў 1481, 1537, 1571. У 2пал. 18 ст. на тэр. Албаніі ўзніклі 2 паўнезалежныя феад. дзяржавы: фактычна незалежнымі кіраўнікамі паўн. і цэнтр. Албаніі ў 1757—1831 былі прадстаўнікі алб. феад. роду Бушаці; паўд. Албаніі, Эпірам і Фесаліяй у 1787—1822 кіраваў Аліпаша Тэпеленскі. Аднак тур. ўлады падпарадкавалі і гэтыя раёны. У сярэдзіне 19 ст. пачаўся рух алб. адраджэння. У 1878 узнікла Албанская ліга і абвясціла сябе ўрадам. Пасля разгрому лігі кіруючая роля ў вызв. руху перайшла да асветных т-ваў, створаных за мяжой. На пач. 20 ст. нац.-вызв. рух актывізаваўся (гл. Албанскае паўстанне 1912). У час 1-й Балканскай вайны, калі паўстала пытанне пра падзел Албаніі паміж Сербіяй, Грэцыяй і Чарнагорыяй, сход прадстаўнікоў розных раёнаў краіны абвясціў 29.11.1912 незалежнасць Албаніі, быў сфарміраваны ўрад на чале з І.​Кемалі. Краіны Антанты, фармальна прызнаўшы незалежнасць Албаніі, у 1913 устанавілі над ёю пратэктарат. У 1-ю сусв. вайну, нягледзячы на абвешчаны нейтралітэт, тэр. Албаніі акупіравалі італьян., грэч. і серб. войскі, а сакрэтны Лонданскі дагавор 1915 паміж краінамі Антанты і Італіяй ліквідаваў незалежнасць Албаніі. 21—31.1.1920 алб. Нац. кангрэс пацвердзіў незалежнасць Албаніі. Да ўлады прыйшла групоўка на чале з феадалам А.​Зогу, антынар. палітыка якой выклікала незадаволенасць у краіне. У чэрв. 1924 у Албаніі адбылося паўстанне пад кіраўніцтвам арг-цыі «Башкімі». Новы ўрад на чале з Ф.​Нолі распрацаваў праграму дэмакр. рэформаў. У снеж. 1924 урад Нолі быў скінуты Зогу. 25.1.1925 Албанія абвешчана рэспублікай, Зогу — яе прэзідэнтам, а 1.9.1928 — каралём. У краіне ўсталяваўся дыктатарскі рэжым, у яе эканоміцы панаваў італьян. капітал. У крас. 1939 — вер. 1943 Албанія акупіравана фаш. Італіяй. У краіне разгарнуўся рух Супраціўлення, у якім удзельнічалі партыі камуністычная, «Балі камбетар», «Легалітэт» і інш. Летам 1943 з партыз. атрадаў сфарміравана Нац. вызв. армія. Пасля капітуляцыі Італіі Албанію акупіравала фаш. Германія (вер. 1943—ліст. 1944). 25.4.1944 на кангрэсе ў г. Перметы створаны Антыфаш. нац.-вызв. к-т Албаніі, які 20.10.1944 пераўтвораны ў Часовы дэмакр. ўрад на чале з Э.Ходжам. 11.1.1946 Албанія абвешчана Нар. рэспублікай, 14.3.1946 прынята канстытуцыя. Праведзена агр. рэформа, нацыяналізаваны прадпрыемствы, банкі, транспарт, абвешчаны пераход да планавай гаспадаркі і будаўніцтва сацыялізму. Але камуніст. партыя Албаніі (з 1948 Албанская партыя працы) устанавіла таталітарны рэжым. У 1961 улады краіны, незадаволеныя крытыкай культу асобы Сталіна, разарвалі дыпламат. адносіны з СССР, у 1978 — са сваім асн. ідэалаг., знешнепаліт. і эканам. партнёрам Кітаем і апынуліся ў поўнай ізаляцыі ад знешняга свету. У снеж. 1976 прынята новая канстытуцыя, краіна перайменавана ў Нар. Сацыяліст. Рэспубліку Албанія. Пасля смерці Ходжы (1985) Алб. партыю працы ўзначаліў Р.​Алія, які пачаў адыход ад сталінскай і кітайскай мадэляў сацыялізму, ад палітыкі самаізаляцыі. З 1989 у Албаніі пачаўся працэс распаду таталітарнай сістэмы. Дэмакратызацыі грамадска-паліт. жыцця спадарожнічала абнаўленне дзярж.-прававых структур, узнікла легальная апазіцыя, якая аформілася ў паліт. партыі. У сак. 1991 адбыліся першыя парламенцкія выбары на шматпарт. аснове. У кастр. 1991 прынята новая канстытуцыя, краіна стала называцца Рэспублікай Албаніяй. Аднак няўстойлівасць унутрыпаліт. і эканам. сітуацыі прывяла да змены трох урадаў і правядзення ў сак. 1992 датэрміновых парламенцкіх выбараў. Прэзідэнт Алюаніі — С.​Берыша, прэм’ер-міністр — А.​Мексі (з крас. 1992). Албанія — член ААН (1955), АБСЕ (1991), Арг-цыі ісламскай канферэнцыі (1992). Дыпламат. зносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 17.5.1993.

Палітычныя партыі: Дэмакратычная партыя Албаніі (дамінуе ў кіраванні краінай), Албанская сацыялістычная партыя, Сацыял-дэмакр. партыя Албаніі, Саюз за правы чалавека, Алб. рэсп. партыя, Алб. дэмакр. альянс і інш.

Гаспадарка. Эканамічна найменш развітая краіна Еўропы. Прам-сць дае 67% валавой прадукцыі. Вытв-сць электраэнергіі 5,0 млрд. кВтгадз (1992), ГЭС на рэках Дрын, Маты. Развіта горназдабыўная прам-сць: храмітаў (больш за 1 млн. т у 1990, вядучае месца ў Еўропе), меднай руды (каля 1 млн. т), бурага вугалю (2,1 млн. т), нафты (1,1 млн. т), азбесту (0,6 млн. т), прыроднага бітуму. Вядзецца нафтаперапрацоўка (Сталін, Фіеры, Цэрык). Ёсць чорная і каляровая металургія (Эльбасан, Бурэлі, Лячы, Шкодэр), хім. прам-сць (пераважна вытв-сць угнаенняў, соды ў Фіеры, Лячы, Влёры), маш.-буд. і металаапр. (Тырана, Дурэс, Эльбасан), лесапільная, дрэваапр. і папяровая прам-сць (Пн і цэнтр краіны). Вядучае месца па аб’ёме прадукцыі займаюць харч. і лёгкая прам-сць. Вылучаецца вытв-сць аліўкавага алею, тытунёвых вырабаў, кансерваў з садавіны. Ёсць прадпрыемствы тэкст. (Тырана, Берат), трыкат. (Корча), гарбарна-абутковай (Тырана, Дурэс), цэментнай (Тырана) прам-сці. У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства. Пасяўная пл. 704 тыс. га, каля палавіны яе штучна арашаецца (1990). Пераважаюць збожжавыя культуры (пшаніца, кукуруза, рыс, ячмень), меншая плошча пад тэхн. культурамі (тытунь, сланечнік, цукр. буракі, соя), бульбай і гароднінай. Развіта садоўніцтва (значныя плошчы пад аліўкамі) і вінаградарства. Гал. раёны земляробства — З краіны і катлавіна Корча. Жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, авечкі, козы, свінні) горна-пашавая. Гал. від транспарту аўтамабільны. Працягласць аўтадарог 7,5 тыс. км, у т. л. 2,9 тыс. км асфальтаваных, чыгункі 720 км. Гал. марскія парты Дурэс, Влёра, Саранда. Знешнегандлёвы абарот 6,1 млрд. лекаў (1990), у т. л. экспарт — 2,3, імпарт — 3,8 млрд. Албанія экспартуе храміты, медзь, нафтапрадукты, асфальт, прадукты жывёлагадоўлі, тытунь, масліны, цытрусавыя, драўніну і інш.; імпартуе машыны і прамысл. абсталяванне (31% імпарту), харч. прадукты (пераважна збожжа), медыкаменты і інш. Гандл. партнёры: Італія, Германія, краіны Балканскага п-ва і Усх. Еўропы. Грашовая адзінка — лек.

Узброеныя сілы Албаніі налічваюць 48 тыс. чал. (1991), складаюцца з сухапутных войскаў, ВПС і ВМС. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У сухапутных войскаў на ўзбраенні танкі, палявая і зенітная артылерыя, стралк. зброя; у ВПС — баявыя і трансп. самалёты, верталёты; у ВМС — падводныя лодкі, караблі і катэры розных класаў. Ваенна-марская база — Влёра. Камплектуюцца ўзбр. сілы паводле закону аб усеагульным воінскім абавязку, прызыўны ўзрост — 18 гадоў. Тэрмін абавязковай ваен. службы ў сухапутных войсках — 2, у ВПС, ВМС і спец. часцях — 3 гады. Афіцэрскія кадры рыхтуюць у ваен. вучылішчах і акадэміі. Ёсць таксама ваенізаваныя арг-цыі і падпарадкаваныя МУС войскі ўнутр. бяспекі, пагранвойскі.

Асвета, навуковыя ўстановы. У 1989 у Албаніі больш за 3,2 тыс. дашкольных дзіцячых устаноў (121 тыс. дзяцей да 5 гадоў). 1,7 тыс. пач. школ (547 тыс. вучняў, 27,9 тыс. настаўнікаў), 43 сярэднія агульнаадук. школы (больш за 59 тыс. вучняў, 1,8 тыс. настаўнікаў). Прафес. адукацыю даюць ніжэйшыя (1—2-гадовыя) і сярэднія (3—4-гадовыя) прафшколы і тэхнікумы на базе няпоўнай сярэдняй школы (у іх вучылася больш за 135 тыс. чал.). У ВНУ — Тыранскі дзярж. ун-т (засн. ў 1957), 2 с.-г., 3 пед. ін-ты, тэатральны, выяўл. мастацтваў, заатэхнічны, фіз. культуры, кансерваторыя — займаліся 25 тыс. студэнтаў. Буйнейшыя б-кі: Нац. ў Тыране, універсітэцкая. Музеі: археалагічны, этнагр., барацьбы за нац. вызваленне, гістарычны. Навук. даследаванні вядуцца ў ін-тах Акадэміі навук (засн. 1973), на ф-тах ун-та.

Друк, радыё, тэлебачанне. З некалькіх дзесяткаў перыяд. выданняў найбуйнейшыя газеты: «Zeri i Popullit» («Голас народа»), «Republika» («Рэспубліка»), «Alternativa» («Альтэрнатыва»), «Bashkimi» («Адзінства»). Дзярж. інфарм. агенцтва — Алб. тэлегр. агенцтва (АТА, з 1944). Тэлебачанне з 1960. Дзейнічае дзярж. арг-цыя «Албанскае радыёвяшчанне і тэлебачанне». Цэнтр. радыёстанцыя — «Тырана». Працуюць радыёстанцыі ў некаторых абл. цэнтрах.

Літаратура. Вытокі алб. л-ры ў фальклоры. Лічыцца, што стараж. пласт культуры і пісьменства знішчаны тур. заваёўнікамі. Самы ранні пісьмовы твор — «Формула хрышчэння» (1462) епіскапа Паля Энгелы. У канцы 15 — пач. 16 ст. атрымалі вядомасць працы гістарыёграфаў і гуманістаў, у т. л. «Гісторыя жыцця і подзвігаў Скандэрбега» (1508—10) М.​Барлеці. Першую друкаваную кнігу на алб. мове — службоўнік «Мэшары» (1555) — склаў і выдаў Г’ён Бузуку. Паслядоўнікамі яго былі: П.​Будзі — буйнейшы прадстаўнік паэзіі алб. барока, рэфарматар пісьма, аўтар духоўна-асв. кніг «Хрысціянская дактрына» (1618) і «Рымскі рытуал» (1621); Ф.​Бардзі — складальнік першых лац.-алб. слоўніка (1635), зб. фальклору, жыццяпісу нац. героя Скандэрбега; П.​Багдані — аўтар багаслоўскіх прац. На працягу стагоддзяў тур. панавання ў л-ры трохканфесіянальнага алб. народа назіралася збліжэнне з суседнімі культурамі: паэты-«бэйтэджы» трымаліся пераважна перс. і тур. узораў, грэкафілы цягнуліся да ант. і візант. традыцый, «арберэшы» (алб. эмігранты ў паўд. Італіі) былі прыхільнікамі рымска-каталіцкага кірунку развіцця. Уздым алб. л-ры прыпадае на 19 ст., праяўляецца ў плыні рамантызму. Найб. значныя прадстаўнікі К.​Крыстафарыдзі, І.​Дэ Рада, З.​Серэмбе, В.​Шкадрані (П.​Васа), Ф.​Мітка, С.​Фрашэры. Заснавальнікам новай алб. л-ры лічыцца паэт Наім Фрашэры. У пач. 20 ст. ў л-ры ўсталёўваецца метад крытычнага рэалізму, пераважае публіцыстыка. Сярод найб. прызнаных пісьменнікаў перыяду паміж сусв. войнамі А.​Чаюпі (А.​Чака), Асдрэні (А.​С.​Дранова), Мігені (М.​Д.​Нікола), М.​Грамена, Ф.​Нолі. Дасягненні алб. л-ры сацыяліст. перыяду звязаны з імёнамі Дз.​Шутэрычы, Ш.​Мусарая, С.​Спасе, Ф.​Арапі, І.​Кадары. Пасляваен. пакаленне прадстаўляюць: М.​Каламата, В.​Какона, К.​Буджэлі, Дз.​Джувані, Т.​Ляча, Б.​Муча. Л-ра на алб. мове ствараецца таксама прадстаўнікамі алб. нац. меншасці, якія жывуць у Югаславіі (краі Косава, Метохія).

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Найб. стараж. помнікі мастацтва на тэр. Албаніі адносяцца да 1-га тыс. да н.э. Ад ант. эпохі (з 7 ст. да н.э.) захаваліся рэшткі абарончых збудаванняў, грамадскіх і жылых дамоў, мазаік і керамікі на месцах грэч. калоній (Апалонія Ілірыйская, Бутрынт Дурэс і інш.), рымскіх умацаваных гарадоў (Эльбасан і інш.). У царк. архітэктуры сярэднявечча ў цэнтры і на Пд пераважалі збудаванні візант. тыпу (цэрквы ў вёсках Ляўдары і Мбор’я, 13—14 ст., у г. Васкапоя, 17—18 ст.); на Пн, дзе быў пашыраны каталіцызм, — раманскага тыпу (сабор у в. Шасі, цэрквы ў вёсках Вау-і-Дэес і Аботы, усе 13 ст.). З пашырэннем у 17 ст. ісламу ў гарадах з’яўляюцца мячэці, палацы знаці (сараі), крытыя рынкі (безыстэні). Да сярэдзіны 20 ст. ў большасці гарадоў Албаніі пераважалі 2-павярховыя, мураваныя або з мураваным ніжнім і дашчаным верхнім паверхамі жылыя дамы, крытыя чарапіцай. У горных раёнах да пач. 20 ст. ўзводзіліся «кулы» — вежападобныя збудаванні з навяснымі байніцамі. Выяўл. мастацтва Албаніі ў сярэднявеччы развівалася пад уплывам Візантыі. Раннія помнікі фрэскавага жывапісу адносяцца да 12—14 ст. (размалёўка царквы Тройцы ў в. Ляўдары і інш.). З 16 ст. заўважаецца ўплыў італьян. Адраджэння, узмацніліся рэаліст. тэндэнцыі (размалёўкі Ануфрыя з Неакастра, Давіда з Селеніцы). З канца 18 ст. да пач. 20 ст. асноўным відам выяўл. мастацтва быў іканапіс, які прытрымліваўся візант. традыцый. У 2пал. 19 ст. з’явіліся творы станковага жывапісу (Н.​Марціні, С.​Дзега), у 1920-я г. — скульптура (першы алб. скульптар Паскалі). У 1940—50-я г. ў жывапісе і скульптуры ўзмацніўся рэаліст. кірунак, развіваліся гіст., бытавы, партрэтны, пейзажны жанры (мастакі С.​Рота, В.​Міо, Н.​Займі, С.​Кацэлі, скульптары Я.​Пача, Л.​Нікола і інш.), з’явіліся кніжная ілюстрацыя, плакат. Нар. дэкар.-прыкладное мастацтва Албаніі прадстаўлена традыц. філіграннымі сярэбранымі ўпрыгожаннямі, шарсцянымі бязворсавымі дыванамі, паліхромнай разьбой па дрэве, дэкар. размалёўкамі.

Музыка. Народнае муз. мастацтва фарміравалася пад уплывам суседніх балканскіх і італьян. культур, элементаў турэцкай музыкі. Разнастайны ў жанравых і стылявых адносінах песенны і песенна-танцавальны фальклор мае рэгіянальныя адрозненні, вылучаюцца паўд., цэнтр. і паўн. традыцыі. Сярод муз. інструментаў найб. пашыраны струнныя — чыфтэлі, ляхута, скрыпка, духавыя — зумарэ, кларнет, гайда (валынка), ударныя — даулэ, барабаны і бубны. Прафес. муз. культура Албаніі развіваецца з 1940-х г. У 1950—60-я г. створаны першыя оперы («Мрыка» К.​Кона, 1958), балеты («Халіль і Хайрыя» Ч.​Задэі, 1963), аперэты («Світанне» Кона, 1954), сімфанічныя, вак.-сімф. і камерна-інстр. творы. Сфарміраваліся выканальніцкая і кампазітарская школы: кампазітары Кона, Задэя, Н.​Зарачы, Д.​Лека, К.​Трака, П.​Якова, Т.​Дая, Т.​Харапі, Ф.​Ібрахімі, К.​Ляра, спевакі М.​Края, А.​Муля, І.​Тукічы, дырыжоры М.​Кранцья, М.​Вака і інш. У Тыране працуюць Маст. ліцэй з муз. аддзяленнем (з 1947), філармонія (1950), Т-р оперы і балета (1956), Дзярж. ансамбль песні і танца (1958), кансерваторыя (1962). Саюз пісьменнікаў і дзеячаў мастацтва (з секцыяй музыкі, 1956).

Тэатр. Вытокі сучаснага алб. т-ра ў стараж. культуры ілірыйцаў. Першыя тэатр. прадстаўленні ў Албаніі адбыліся ў канцы 19 ст. Творы нац. драматургаў С.​Фрашэры, А.​Чаюпі і інш. у пач. 20 ст. ставілі аматарскія трупы. У 2сусв. вайну ў час італьян. акупацыі ўзніклі тэатр. гурткі ў партыз. атрадах; у 1944 у г. Перметы арганізавана Цэнтр. тэатр. трупа пры Нац. вызв. арміі. У 1945 створаны першы прафес. т-рДзярж. тэатр (народны тэатр) у Тыране. У рэпертуары п’есы алб. драматургаў К.​Яковы, Б.​Левоні, С.​Пітаркі, Ф.​Г’яты, а таксама У.​Шэкспіра, Ф.​Шылера, Ж.​Б.​Мальера. Прафес. т-ры створаны таксама ў Шкодэры, Корчы, Дурэсе. Сярод тэатр. дзеячаў: С.​Міо, П.​Стылу, М.​Поні, Л.​Кавачы, Л.​Філіпі, Б.​Імамі. З 1959 у Тыране працуе Вышэйшае акцёрскае вучылішча імя А.​Моісі.

Кіно. Кінематаграфія ў Албаніі пачалася ў 1950-я г. з хранік. фільмаў. У 1952 пабудавана кінастудыя «Новая Албанія» (Тырана). Сумесная праца алб. і сав. кінематаграфістаў над фільмам «Вялікі воін Албаніі Скандэрбег» (1954, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Кане) — першая спроба ў галіне маст. кінематаграфіі. З 1958 наладжаны выпуск маст. поўнаметражных карцін («Тана», «Зямля ў полымі», «Група Супраціўлення», «Аперацыя — агонь», «Канцэрт у 1936 годзе»), здымаюцца навукова-папулярныя фільмы. Сярод рэжысёраў К.​Дама, Г.​Гакані, М.​Фейза, Г.​Эрэбара.

В.​М.​Сасноўскі (прырода, гаспадарка), В.​І.​Сініца (гісторыя), І.​А.​Чарота (літаратара), А.​М.​Гарохавік (музыка).

Герб і сцяг Албаніі.
Да арт. Албанія. Кварталы Тыраны.
Да арт. Албанія. Албанская Рыўера.
Да арт. Албанія. Тэатр у Бутрынце. З ст. да н.э. Ануфрый з Неакастра. Давід. Дэталь фрэскі царквы св. Мікалая ў с. Шэльцан. Сярэдзіна 16 ст.
Да арт. Албанія. Коннікі Скандэрбега штурмуюць Крую. З нямецкай гравюры 16 ст.

т. 1, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЯЯ БЕЛАРУ́СЬ,

частка тэр Беларусі, якая ў выніку савецка-польскай вайны 1920 захоплена Польшчай і паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 знаходзілася ў яе складзе да вер. 1939. Паводле адм.-тэр. падзелу тэр. З.Б. была падзелена на 29 паветаў, што ўваходзілі ў Беластоцкае, Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяводствы. Агульная пл. 113 тыс. км², нас. 4,6 млн. чал. (1931). Гал. культ. і навук. цэнтрам З.Б. была Вільня. У прамысл. адносінах найб. развіты Беластоцкі прамысл. раён. Найб. гарады: Вільня, Гродна, Брэст, Беласток, Слонім, Ліда, Навагрудак, Пінск, Лунінец, Кобрын, Пружаны, Ваўкавыск, Баранавічы, Маладзечна, Вілейка. З.Б. была адносна адсталай агр. ускраінай Польшчы і выкарыстоўвалася ёй пераважна як крыніца сыравіны, таннай рабочай сілы і рынак збыту яе прам-сці. У эканоміцы назіраўся застой. Працоўныя пакутавалі і ад эксплуатацыі, і ад нац. ўціску. Разбураная войнамі прам-сць аднаўлялася марудна, новыя прадпрыемствы амаль не будаваліся, прыродныя багацці краю (асабліва лясы) выкарыстоўваліся няшчадна. У 1928 у З.Б. дзейнічала каля 2 тыс. прадпрыемстваў, але на 80% з іх працавала па 5—20 чал. У гады эканам. крызісу (1929—33) тут часова спынілі работу каля 230 прадпрыемстваў. Складаючы 24% тэрыторыі і 13% насельніцтва Польшчы, удзельная вага прам-сці З.Б. ледзь перавышала 3%. У прам-сці, на транспарце і лесараспрацоўках было занята каля 100 тыс. чал.; амаль 50 тыс. рамеснікаў. Беспрацоўе тут было хранічнае (больш за 25 тыс. беспрацоўных у 1936), рабочы дзень дасягаў 10—12 гадз., зарплата была больш нізкая, чым у карэннай Польшчы. Больш за 80% насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай. Сяляне пакутавалі ад малазямелля, перажыткаў прыгонніцтва (адработкі, шарваркі), цяжкіх падаткаў, высокіх цэн на прамысл. тавары і нізкіх цэн на с.-г. прадукты, запазычанасці банкам, самаўпраўства чыноўнікаў і паліцыі. У 1920-я г. на памешчыцкі маёнтак у сярэднім прыпадала каля 500 га зямлі, на сял. двор — каля 7 га; амаль 55 тыс. гаспадарак мелі надзел меншы за 1 га, каля 90 тыс. парабкаў былі зусім беззямельныя. У выніку зямельных рэформ 1920—30-х г. (парцэляцыя, ліквідацыя сервітутаў, камасацыя, пасяленне асаднікаў) зямельныя ўладанні памешчыкаў значна паменшалі, хоць зусім не ліквідаваны. Рэформы садзейнічалі ўмацаванню сял. гаспадарак, рассяленню сялян на хутары (да 1939 на хутары расселена каля 70% сял. гаспадарак). У 1930-я г. прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі значна вырасла: ураджайнасць збожжавых дасягнула ўзроўню Францыі, а па многіх культурах пераўзышла фермераў ЗША. Адсутнасць радыкальных пераўтварэнняў у агр. сектары спрыяла захаванню ў сял. сем’ях традыц. ўкладу, працоўнай маралі, нац. культуры і бел. мовы. Перанаселеная вёска не мела адтоку ў прам-сць, таму ў пошуках работы сяляне часта эмігрыравалі ў краіны Зах. Еўропы і Амерыкі. Польскія ўлады праводзілі палітыку прымусовай паланізацыі і асіміляцыі беларусаў, забаранялі бел. школы, абмяжоўвалі прыёмы з бел. школ у ВНУ, не дазвалялі карыстацца роднай мовай у дзярж. установах, не прызнавалі тэрміна «З.Б.», а называлі яе «крэсы ўсходне»усх. ўскраіны») або Белапольшчай. З 400 бел. школ, што існавалі на тэр. З.Б. да 1921, у 1928 засталося 29 бел. і 49 польска-бел. школ, у 1934—16. Былі закрыты 2 настаўніцкія семінарыі (у Барунах і Свіслачы), 8 бел. гімназій (у Будславе, Гродне, Грудку, Клецку, Маладзечне, Навагрудку, Нясвіжы, Радашковічах). Каля 35% насельніцтва З.Б. заставалася непісьменным (1939). Жорстка праследавалася бел. прэса, асабліва рэв. кірунку. Калі ў 1927 легальна выдаваліся 23 бел. газеты і часопісы, то ў 1930 іх стала 12; да 1939 асталіся толькі прапольскія і клерыкальныя выданні. Улады вышуквалі розныя прычыны, каб закрываць бел. выдавецтвы. бібліятэкі, клубы, хаты-чытальні. Гал. метадам кіравання ў З.Б. быў прымус, а часам і тэрор. Турмы і Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер былі перапоўнены паліт. вязнямі. Часта праводзіліся судовыя паліт. працэсы, масавыя рэпрэсіі. Бяспраўе, малазямелле, нац. прыгнёт, урадавая дыктатура абвастралі супярэчнасці, стваралі ўмовы для ўзмацнення нац.-вызв. руху, які ў розныя часы прымаў розныя формы, але ніколі не спыняўся. Эканам. выступленні рабочых часта суправаджаліся антыўрадавымі дэманстрацыямі, мітынгамі, сутычкамі з паліцыяй. Найб. вострыя формы гэты рух набыў у перыяды эканам. крызісу (1929—33) і стварэння антыфашысцкага народнага фронту (1935). Адбываліся і антыўрадавыя выступленні сялян (гл. Косаўскі расстрэл 1927, Асташынскае выступленне сялян 1932, Кобрынскае выступленне сялян 1933, нарачанскіх рыбакоў выступленне 1935). Дэпутаты сейма ад З.Б. вялі парламенцкую барацьбу ў складзе Беларускага пасольскага клуба. У 1925—27 разгарнулася дзейнасць магутных нац.вызв. арг-цый Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ, больш за 2 тыс. яе гурткоў аб’ядноўвалі каля 120 тыс. членаў), у 1927—30 — «Змаганне». Да 1930 левае крыло вызв. руху ў З.Б. было разгромлена. Легальную дзейнасць працягвалі толькі цэнтрысцкія і кансерватыўныя нац.-дэмакр. партыі і культ.-асв. арг-цыі. На працягу 1921—37 у ліку вядучых культ.-асв. арг-цый было Таварыства беларускай школы (ТБШ). Прыкметнай была дзейнасць Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры (1926—37), Таварыства беларускай асветы. Радыкальны рэв. рух у З.Б. ў 1921—23 узначальвала Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя (БРА), у 1923—38 — Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ, у 1933 аб’ядноўвала каля 4 тыс. членаў). Спалучэннем легальных і нелегальных форм барацьбы КПЗБ часам удавалася скіроўваць нац.-вызв. рух у рэчышча класавай барацьбы. З гэтай мэтай яна выкарыстоўвала папулярныя ў народзе заклікі да самавызначэння З.Б., падтрымлівала надзённыя патрэбы працоўных, папулярызавала ў прыхарошаным выглядзе дасягненні ў БССР. Але нац. нігілізм КПЗБ у 1930-я г. абумовіў яе дэструктыўную ролю ў нац.-вызв. руху. Пад кіраўніцтвам КПЗБ дзейнічалі Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі (КСМЗБ), Міжнародная арганізацыя дапамогі рэвалюцыянерам Заходняй Беларусі (МОПР Зах. Беларусі), чырв. прафсаюзы, студэнцкая лявіца «Фронт». КПЗБ выдавала газ. «Чырвоны сцяг». час. «Бальшавік» і інш. Свае газеты і часопісы выдавалі БРА, БСРГ, «Змаганне», ТБШ, «Фронт», КСМЗБ, МОПР Зах. Беларусі і інш. грамадскія арг-цыі; выдаваліся прагрэсіўныя сатыр. час. «Маланка», «Асва». Сялянскія і хрысціянска-дэмакр. бел. партыі адхілялі рэв. рух як крайнюю і экстрэмісцкую форму барацьбы, найчасцей вялі памяркоўную палітыку. Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД, вядучая партыя З.Б. ў 1930-я г.), Беларускі сялянскі саюз (БСС), Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый (Цэнтрасаюз), Беларуская санацыя і інш. партыі і арг-цыі часам дамагаліся дробных уступак у галіне бел. нац. культуры праз згоду з польскімі ўладамі. Значны ўплыў на развіццё нац.вызв. руху ў З.Б. мела творчасць бел. пісьменнікаў М.​Танка (Я.​І.​Скурко), П.​Пестрака, В.​Таўлая, Л.​Родзевіча, М.​Васілька, А.​Салагуба, М.​Засіма, Н.​Арсенневай, Х.​Ільяшэвіча, П.​Карузы, М.​Краўцова, С.​Крыўца, А.​Стаповіча, М.​Машары, У.​Самойлы, публіцыстаў А.​Альшэўскага, І.​Канчэўскага, А.​Луцкевіча, Я.​Міско, А.​Станкевіча, В.​Харужай, навукоўцаў Б.​Тарашкевіча, С.​Рак-Міхайлоўскага, І.​Дварчаніна. З л-рай З.Б. звязана творчасць У.​Жылкі, К.​Сваяка, Г.​Леўчыка, М.​Гарэцкага, А́.Гаўрылюка і інш. Намаганнямі паэтаў «Беларускай газеты» ў снеж. 1933 праведзены нелегальны з’езд пісьменнікаў З.Б., прынята дэкларацыя з заклікам стварыць арг-цыю пісьменнікаў дзеля творчай работы «для народа і разам з ім». У 1934 улады забаранілі «Беларускую газету» і арыштавалі актыўных яе супрацоўнікаў. Значны ўклад у выяўл. мастацтва З.Б. зрабілі мастакі Я.​Горыд, Я.​Драздовіч, П.​Сергіевіч, М.​Сеўрук, у муз. культуру — К.​Галкоўскі, Л.​Рагоўскі, М.​Забэйда-Суміцкі. Плённую дзейнасць па стварэнні нар. хораў і збору бел. нар. песень праводзілі А.​Грыневіч, Р.​Шырма, Г.​Цітовіч і інш. Большасць грамадска-паліт. і культ.-асв. арг-цый З.Б. размяшчалася ў Вільні, у т. л. выд-вы (Беларускае выдавецкае таварыства, Выдавецтва Таварыства беларускай школы, Выд-ва Бел. ін-та гаспадаркі і культуры, Выд-ва Бел. сялянска-работніцкага клуба, Знамяроўскага У. выдавецтва, Клецкіна Б.А. выдавецтва), Беларускае навуковае таварыства, Беларускі музей, Беларуская драматычная майстроўня, Беларускае дабрачыннае таварыства, Віленская беларуская гімназія, школы, кнігарні і інш. Тут выдадзены многія творы Гарэцкага, Дварчаніна, Родзевіча, М.​Танка, Машары; выдаваліся многія газеты і часопісы, падручнікі для бел. школ, шматлікія календары, прамовы дэпутатаў у сейме. ТБШ, БСРГ і «Змаганне» праз свае клубы, гурткі і бібліятэкі-чытальні вялі шырокую культ.-асв. работу сярод насельніцтва, стваралі маст. гурткі, рыхтавалі канцэрты, якія былі своеасаблівым пратэстам супраць намераў польскіх улад задушыць роднае бел. слова і нар. культуру. Паліцыя часта арыштоўвала дзеячаў культуры і кіраўнікоў маст. самадзейнасці. Сярод найб. выдатных дзеячаў рэв. нац.-вызв. руху ў З.Б. былі кіраўнікі БСРГ, «Змагання», ТБШ, БРА і КПЗБ: Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Дварчанін, А.​Луцкевіч, А.​Станкевіч, А.​Уласаў, П.​Валошын, П.​Мятла, М.​Бурсевіч, Альшэўскі, М.​Арэхва, Я.​Бабровіч, І.​Дабрыян, А.Данялюк, М.​Дворнікаў, Ф.​Валынец, Я.​Гаўрылік, І.​Грэцкі, П.​Крынчык, Г.​Муха-Мухноўскі, А.​Лябецкая, Ф.​Стацкевіч, М.​Пяткевіч, Паўловіч, М.​Кепель, П.​Кізевіч, А.​Канчэўскі, І.​Лагіновіч (П.​Корчык), І.​Малец, С.​Панкова, С.​Прытыцкі, Родзевіч, І.​Сяменікаў, А.​Федасюк, Харужая, У.​Царук і інш.

Пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу (1.9.1939) Чырв. Армія 17.9.1939 перайшла граніцу Польшчы і ўзяла пад абарону насельніцтва З.Б. і Зах. Украіны. Жыхары З.Б. шчыра сустракалі армію як вызваліцельніцу. Народны сход Заходняй Беларусі 1939 (Беласток, 28—30.10.1939) прыняў Дэкларацыю пра абвяшчэнне Сав. улады і ўз’яднанне З.Б. з БССР. 12.11.1939 сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла законы пра ўз’яднанне З.Б. з БССР. Гэтым было адноўлена нац. адзінства бел. народа (гл. Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР). Паводле дамоўленасці ўрадаў СССР і Літвы ў кастр. 1939 Віленскі край з г. Вільня перададзены ў склад Літвы, а паводле сав.-польскай дамоўленасці ў вер. 1944 Беластоцкая вобл. і некалькі раёнаў Брэсцкай вобл. перададзены Польшчы. У выніку новага адм.-тэр. падзелу (4.12.1939) на тэр. З.Б. былі ўтвораны 5 абласцей: Баранавіцкая (26 раёнаў), Беластоцкая (24 раёны, з 20.9.1944 Гродзенская вобл., 15 раёнаў), Брэсцкая (18 раёнаў), Вілейская (22 раёны, з 20.9.1944 Маладзечанская вобл.), Пінская (11 раёнаў).

Літ.:

Народное (национальное) собрание Западной Белоруссии 28—30 октября 1939 г.: Стеногр. отчет. Мн., 1946;

Stankievič A. Biełaruski chryścijanski ruch. Vilnia. 1939;

Горбунов Т.С. Воссоединение белорусского народа в едином советском социалистическом государстве. М., 1948;

Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР: Док. и материалы. Т. 1—2. Мн., 1962—72;

Революционный путь Компартии Западной Белоруссии (1921—1939 гг.). Мн., 1966;

Ліс А. Браніслаў Тарашкевіч. Мн., 1966;

Полуян В.А. Революционно-демократическое движение в Западной Белоруссии (1927—1939 гг.). Мн., 1978;

Муха-Мухновский Г.М. Пути-дороги. Мн., 1973;

Калеснік У. Усё чалавечае: Літ. партрэты, артыкулы, нарысы. Мн., 1993;

Ладысев В.Ф. В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988;

Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ. Мн., 1983;

Рагуля В. Успаміны. Мн., 1993.

І.​П.​Хаўратовіч.

Да арт. Заходняя Беларусь. Першамайская дэманстрацыя працоўных Гродна. 1937.
Да арт. Заходняя Беларусь. Брукаванне вуліцы ў вёсцы Зубелевічы (Ляхавіцкі раён). 1928.

т. 7, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУНЕ́Й (Brunei),

Бруней Дарусалам (Brunei Darussalam), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, на паўн.-зах. беразе в-ва Калімантан. Складаецца з 2 анклаваў, падзеленых паласой (шыр. 15—30 км) тэр. памежнага штата Саравак (Малайзія). Абмываецца водамі Паўд.-Кітайскага м. Пл. 5765 км². Нас. 274 тыс. чал. (1993). Дзярж. мова малайская, карыстаюцца таксама англійскай і кітайскай мовамі. Дзярж. рэлігія — іслам (мусульмане-суніты — 67% вернікаў), ёсць будысты, канфуцыяне, хрысціяне. Сталіца — г. Бандар-Серы-Бегаван. Падзяляецца на 4 адм. акругі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (23 лют.).

Дзяржаўны лад. Бруней — канстытуцыйная манархія (султанат). Дзейнічае канстытуцыя 1959 з папраўкамі 1971. Кіраўнік дзяржавы — султан, які адначасова ўзначальвае ўрад — Савет Міністраў. Заканадаўчы орган — Заканадаўчы савет, у які ўваходзіць 21 член (11 з іх прызначаюцца султанам, 10 выбіраюцца).

Прырода. Большая ч. паверхні — алювіяльная берагавая забалочаная раўніна. Клімат экватарыяльны. Т-ра паветра на працягу ўсяго года каля 26 °C. Ападкаў 2000—4000 мм за год. Сезоны не выражаны. Больш за 75% тэр. занята вільготнымі экватарыяльнымі лясамі.

Насельніцтва. Жывуць малайцы (66,9%), кітайцы (15,6%), абарыгенныя народы — ібаны, дусуны, муруты (5,7%); еўрапейцы, інданезійцы, тайландцы, індыйцы (разам 11,8%). Абарыгенныя народы жывуць у вёсках ва ўнутр. ч. краіны, астатнія — на ўзбярэжжы і ў гарадах. Сярэдняя шчыльн. 45,7 чал. на 1 км². Большая ч. насельніцтва (каля 170,1 тыс. чал.) сканцэнтравана ў сталіцы і яе наваколлі.

Гісторыя. Абарыгеннае насельніцтва Брунея — даякі. З канца 1-га тыс. да н.э. на паўн. ўзбярэжжа в-ва Калімантан мігрыравалі малайцы, з пач. н.э. — кітайцы. Каля 1200 гадоў назад тут утварыліся першыя брунейскія княствы са сталіцай Кота-Бату (Мураваны горад, засн. ў 7 ст.). Марскі гандаль (камфара, золата і інш.) і культ. кантакты з Індыяй і Кітаем садзейнічалі распаўсюджанню тут у 9—13 ст. індуізму і будызму. Каб захаваць сваю незалежнасць ад інданез. Шрывіджайскай імперыі ў 10—13 ст. і дзяржавы Маджапахіт (цэнтр — в-аў Ява) у 14 — пач. 15 ст., Бруней уступаў у саюз з Кітаем. У пач. 15 ст. пры правіцелю Махамадзе I ісламізаваны, пры яго пераемніках зацвердзіўся як султанат. Пры 5-м султане Болкіяху I (канец 15 — пач. 16 ст.), які заснаваў аднайм. дынастыю, што правіць і цяпер, Бруней дасягнуў найб. магутнасці і ахопліваў паўн.-зах. Калімантан, архіпелаг Сулу, філіпінскі в-аў Лусон, сучасныя малайзійскія штаты Сабах і Саравак і інш. У пач. 16 ст. краіну адкрылі еўрапейцы, першым з якіх быў у 1505—07 італьянец па паходжанні Л. дэ Вартэна. У 1577—78 і 1580 брунейцы адбілі ўварванні іспанцаў з Філіпінаў. У выніку ўнутр. міжусобіц і экспансіі галандцаў і англічан на Малайскі архіпелаг з 17 ст. пачаўся заняпад Брунея, скарачалася яго тэрыторыя. У 1840-я г. Бруней каланізаваны Вялікабрытаніяй. У 1888—1983 брыт. пратэктарат. У 2пал. 19 ст. султанат страціў Сабах і Саравак. У 2сусв. вайну акупіраваны японцамі.

У выніку ўзмацнення нац.-вызв. руху ў 1959 Вялікабрытанія дазволіла Брунею ўнутр. самакіраванне, адначасова пачалося фарміраванне яго ўзбр. сіл. З 1968 султанам Брунея з’яўляецца Хасанал Болкіях, які лічыцца найбагацейшым чалавекам у свеце. 1.1.1984 абвешчана незалежнасць краіны. Легальна дзейнічае адзіная Брунейская нац. аб’яднаная партыя. З 1984 Бруней — чл. ААН, Асацыяцыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі (АСЕАН), Арг-цыі Ісламская канферэнцыя, з 1985 — брыт. Садружнасці.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыча нафты і газу на кантынентальным шэльфе (больш за 90% валютных паступленняў, 60% валавога ўнутр. прадукту). Па здабычы прыроднага газу (больш за 12 млрд. м³ штогод) Бруней займае адно з вядучых месцаў у свеце, нафты (больш за 10 млн. т штогод) — 3-е месца ў Паўд.-Усх. Азіі. Дзейнічае адзін з буйнейшых у свеце з-даў па звадкаванні газу (каля 5 млн. т за год). Ёсць прадпрыемствы лесапільнай і дрэваапр. прам-сці, саматужная вытв-сць тканін, вырабаў з каштоўнай драўніны, серабра. Буд-ва невял. драўляных суднаў. Пад с.-г. ўгоддзямі 5,5% тэр., 80% харч. прадуктаў імпартуецца. Асн. культуры — каўчуканосы (каля 50% апрацаваных зямель) і рыс. Вырошчваюць таксама сагавую і какосавую пальмы, перац, трапічныя фрукты (бананы). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, козаў, свіней. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. Транспарт аўтамаб. (1,4 тыс. км аўтадарог, 90 тыс. аўтамашын). Рачное і марское суднаходства. Міжнар. аэрапорт. Нафту і газ экспартуюць пераважна ў Японію, ЗША, краіны Паўд.-Усх. Азіі, Тайвань. Імпарт: машыны, абсталяванне, прамысл. і харч. тавары ў асноўным з Сінгапура, Японіі, ЗША, Вялікабрытаніі, ФРГ, Малайзіі. Турызм. Грашовая адзінка — долар Брунея.

Літ.:

Денисов С.Н., Кулик Б.Т. Бруней вчера и сегодня. М., 1989;

Бруней: Справ. М., 1990.

Ю.​В.​Ляшковіч (гаспадарка), У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

Герб і сцяг Брунея.

т. 3, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЫКАЗНА́ЎСТВА,

навука пра музыку; галіна мастацтвазнаўства. Падзяляецца на некалькі асобных узаемазвязаных дысцыплін адпаведна разнастайнасці форм музыкі і жыццёвых функцый, якія яны выконваюць, або выбранаму аспекту разгляду муз. з’яў. Аснова класіфікацыі М. — падзел на гіст. і тэарэт. галіны адпаведна выкарыстанню гіст. і лагічнага метадаў даследавання, аднак вывучэнне рэальных працэсаў маст. творчасці часта патрабуе сінтэзу названых метадаў. Гістарычнае М. вывучае гісторыю музыкі як маст. працэс, развіццё нац. муз. культур, жанры музыкі, дзейнасць кампазітараў; уключае муз. крыніцазнаўства, палеаграфію і тэксталогію. Тэарэт. М. даследуе гармонію, поліфанію, мелодыку, рытміку, метрыку, інструментоўку, форму музычную. Асобныя галіны М. — этнамузыкалогія, тэорыя і гісторыя выканальніцкага мастацтва, муз. сацыялогія, псіхалогія, крытыка.

Тэарэт. асэнсаванне пытанняў музыкі пачалося ў краінах стараж. цывілізацый — Асірыі, Вавілоне, Егіпце, Кітаі, Індыі. У Стараж. Грэцыі зарадзілася вучэнне аб этасе, муз. ладах і гукарадах, рытме, інтэрвалах. У эпоху Адраджэння асэнсаваны асновы танальнай гармоніі, перагледжана вучэнне аб ладах, падкрэслена асаблівае значэнне іанійскага (мажор) і эалійскага (мінор) ладоў. Дж.Царліна вызначыў 2 віды трохгуччаў у залежнасці ад становішча ў іх вял. тэрцыі і стварыў перадумовы для ўстанаўлення паняццяў меладычнага і гарманічнага мажору і мінору. даў практычныя ўказанні па тэхніцы поліфанічнага пісьма, суадносін тэксту і музыкі. У 17 ст. паявіліся працы энцыклапедычнага характару па муз.-тэарэт., акустычных і эстэт. праблемах. Важны этап у фарміраванні М. як навукі — эпоха Асветніцтва. Канчаткова як самаст. навука, што вырашае асаблівыя задачы і валодае ўласнымі метадамі даследавання, М. склалася ў 20 ст. У Расіі М. развівалася з канца 17 ст. ў працах І.​Коранева («Мусікія», 1660-я г.) і М.​Дылецкага («Граматыка мусікійская», 1670-я г.), дзе зроблена спроба стварыць рацыяналістычна стройнае вучэнне, і інш. У 18 ст. пачалася распрацоўка пытанняў, звязаных са станаўленнем і развіццём свецкай нац. муз. культуры. У 19 ст. ў артыкулах У.​Адоеўскага і інш. закрануты пытанні пра народнасць музыкі, адметныя рысы рус. муз. школы і яе адносіны да інш. нац. школ. Росквіт рус. класічнага М. звязаны з дзейнасцю А.Сярова (увёў тэрмін «М.»), У.Стасава, Г.Лароша. Шмат прац прысвяцілі М. кампазітары М.​Глінка, П.​Чайкоўскі, М.​Рымскі-Корсакаў, С.​Танееў і інш. У 1920-я г. створаны спец. навук. ўстановы для распрацоўкі фундаментальных праблем тэорыі і гісторыі музыкі.

На Беларусі муз. жыццё гарадоў у 19 — пач. 20 ст. давала шмат матэрыялаў для развіцця муз. крытыкі. Артыкулы і нататкі пра муз. жыццё ў газ. «Минские губернские ведомости», «Витебские губернские ведомости», «Минский листок», «Северо-Западный край», «Наша ніва» і інш. мелі пераважна інфарм. характар і найчасцей былі звязаны з пытаннямі выканальніцтва, хоць у некат. матэрыялах выявіўся зварот да нац. музыкі, прапанавана праграма стварэння бел. кірунку ў муз. культуры. У пач. 20 ст. спробы творчага асэнсавання пытанняў муз. мастацтва разглядаліся ў арт. М.​Багдановіча, Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Гарэцкага, Ц.​Гартнага, З.​Бядулі. У 1920-я г. фарміраваліся прапагандысцка-асв. тэндэнцыі ў М. У арт. Ю.​Дрэйзіна і інш. абагульнены некат. новыя з’явы, што ўзніклі ў грамадскім жыцці. У 1926 выдадзены слоўнік Дрэйзіна «Музычныя тэрміны». У канцы 1920 — пач. 1930-х г. у друку шырока асвятляліся пытанні музычнай адукацыі, выдаваліся падручнікі і навуч. дапаможнікі, у т. л. «Музычная пісьменнасць» В.​Яфімава, «Пачатковая тэорыя музыкі» М.​Мацісона, уступныя арт. да бел. опер і балетаў з нотнымі фрагментамі; працягвалася вывучэнне нар. муз. творчасці. Актывізавалася і даследчая дзейнасць. У 1930-я г. ўзбагацілася жанравая палітра музыказнаўчых прац, паявіліся артыкулы аналітычнага характару. Станаўленню М. садзейнічалі шырокая дыскусія пра развіццё бел. прафес. музыкі (1925), арганізацыя сімф. аркестра (1928) і опернага т-ра (1933). Характэрнымі жанрамі муз. публіцыстыкі 1930-х г. былі творчы партрэт і нарыс. У канцы 1940-х—50-я г. даследаваліся пытанні прафес. муз. творчасці і нац. выканальніцкай культуры. Апублікаваны брашуры і нарысы пра бел. музыку (І.​Нісневіч, Б.​Смольскі, Г.​Цітовіч), яе вядучыя жанры (С.​Нісневіч, В.​Сізко), муз. калектывы (Л.​Мухарынская, Б.​Смольскі, І.​Жыновіч). Распрацоўваліся эстэт. праблематыка нац. музыкі, актуальныя пытанні бел. муз. творчасці, опернай драматургіі, лібрэта, муз. мовы, узаемаадносін прафес. і нар. музыкі. Да 1960-х г. вызначыліся кірункі, звязаныя з распрацоўкай тэарэт. асноў нац. мастацтва. У працах абагульняльнага характару бел. музыка разглядалася ў некалькіх аспектах: нац. нар. музыка, муз. культура Беларусі ад сярэднявечча да 20 ст., сучасная бел. муз. творчасць і выканальніцтва, эстэт. праблемы нац. муз. мастацтва і інш. Цэнтрамі н.-д. думкі сталі кафедры гісторыі і тэорыі музыкі Бел. дзярж. кансерваторыі (цяпер Бел. акадэмія музыкі) і створанага ў 1957 аддзела музыкі Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі, грамадска-публіцыстычнай — Саюз кампазітараў Беларусі. Даследаванні ў галіне музыкі праводзяцца таксама на муз.-пед. ф-це Бел. дзярж. пед. ун-та імя М.​Танка і Бел. ун-це культуры. У 1960—90-я г. апублікаваны манаграфіі, выдадзены зборнікі навук. прац па гісторыі нац. муз. культуры, у т. л. «Гісторыя беларускай савецкай музыкі» (1971), «Гісторыя беларускай музыкі» (1976). Раздзелы пра бел. прафес. музыку ўвайшлі ў грунтоўнае выданне Ін-та гісторыі мастацтваў Мін-ва культуры СССР «Гісторыя музыкі народаў СССР» (т. 1—7, 1970—97). Фундаментальны характар мае праца Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі «Музычны тэатр Беларусі» (кн. 1—4, 1990—97; Дзярж. прэмія Беларусі 1998 за кн. 2—4). У вывучэнні творчых працэсаў сучаснай бел. муз. культуры важнае значэнне мела выданне зборнікаў праблемных артыкулаў «Музычная культура Беларускай ССР» (М., 1977), «Пытанні тэорыі і гісторыі музыкі», «Зборнік артыкулаў па музычнаму мастацтву» (абодва 1976), «Пытанні музыказнаўства» (1981), «Беларуская савецкая музыка на сучасным этапе: Тэарэтычныя нарысы» (1990), «Пытанні культуры і мастацтва Беларусі» (вып. 1—13, 1982—94), а таксама зб. «Музыка нашых дзён» (з 1969; з 1975 наз. «Беларуская музыка»). Істотны ўклад у даследаванне творчых працэсаў бел. музыкі (асобных жанраў, пытанняў муз. стылю, форм, тэматызму, выкарыстання фальклору ў творчасці кампазітараў, прынцыпу праграмнасці, праблемы нац. і інтэрнацыянальнага і інш.) зрабілі музыказнаўцы С.​Нісневіч, Н.​Юдзеніч, Сізко, Г.​Куляшова, Т.​Дубкова, Г.​Глушчанка, К.​Сцепанцэвіч, Т.​Шчарбакова, І.​Назіна, Р.​Аладава, Л.​Сцяпура, В.​Савіцкая, А.​Друкт, Р.​Сергіенка, Т.​Ляшчэня, Т.​Шчэрба, В.​Антаневіч, А.​Смагін, Н.​Юўчанка, Т.​Дзядзюля, Э.​Алейнікава, А.​Карпілава і інш. Выдадзены працы пра творчасць бел. кампазітараў, выканаўцаў і муз. калектываў (І. і С.​Нісневічы, Л.​Мухарынская, Куляшова, Дубкова, І.​Зубрыч, А.​Ракава, Дз.​Жураўлёў, Н.​Калеснікава, Л.​Аўэрбах), біябібліягр. даведнікі «Кампазітары Савецкай Беларусі» (1966) і «Саюз кампазітараў БССР» (1978) Жураўлёва, «Кампазітары Беларусі» Т.​Мдывані і Сергіенка (1997). З 1970 выходзіць шматтомнае навук. выданне бел. фальклору «Беларуская народная творчасць». З 1980-х г. распрацоўваецца праблематыка муз. культуры Беларусі ад старажытнасці да 19 ст., даследуецца царк. музыка Беларусі [Л.​Касцюкавец, В.​Дадзіёмава, В.​Пракапцова (Масленікава), А.​Капілаў, А.​Ахвердава, Т.​Ліхач, У.​Неўдах]. Узбагацілася тэарэт. л-ра па праблемах нар. музыкі (Г.​Цітовіч, В.​Ялатаў, Мухарынская, З.​Мажэйка, Т.​Якіменка, Т.​Варфаламеева), ствараецца вучэбная л-ра па бел. музыцы і бел. нар. творчасці для муз. навуч. устаноў розных узроўняў. Развіваецца эстэт. праблематыка (А.​Ладыгіна), даследуюцца пытанні тэорыі опернага (Куляшова) і сімф. (Дубкова) жанраў, гукавышыннай арганізацыі сучаснай музыкі (Сергіенка). Распрацоўваюцца гісторыка-тэарэт. праблемы рас., сав., зарубежнай музыкі (Глушчанка, Шчарбакова, Друкт, М.​Шыманскі, Мдывані, Б.​Златавярхоўнікаў, Н.​Сцяпанская, А.​Гарахавік, К.​Дулава і інш.), муз. сацыялогіі, адукацыі, псіхалогіі, методыкі выкладання, выканальніцкага майстэрства. Бел. музыказнаўцы ўдзельнічаюць у муз. жыцці Беларусі, вядуць муз.-асв. працу, займаюцца крытычнай дзейнасцю, выступаюць у перыяд. друку, на тэлебачанні і радыё, з 1990-х г. удзельнічаюць у міжнар. канферэнцыях і сімпозіумах, супрацоўнічаюць у замежных энцыклапедычных выданнях і інш.

Літ.:

Серов А.Н. Музыка, музыкальная наука, музыкальная педагогика // Серов А.Н. Избр. статьи. М., 1957. Т. 2;

Глебов Игорь [Асафьев Б.В.]. Теория музыкально-исторического процесса, как основа музыкально-исторического знания // Задачи и методы изучения искусств. Пг., 1924;

Рыжкин И., Мазель Л. Очерки по истории теоретического музыкознания. Вып 1—2. М.; Л., 1934—39;

Цуккерман В. О теоретическом музыкознании // Цуккерман В. Музыкально-теоретические очерки и этюды. М., 1970;

Музыказнаўства // Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;

Дубкова Т.А. Некаторыя пытанні развіцця беларускай эстэтыкі і музычнай крытыкі // Музыка нашых дзён. Мн., 1974;

Методологические проблемы музыкознания. М., 1987;

Белорусская музыка 1960—1980 гг. Гл. 4. Мн., 1997;

Белорусская этномузыкология: Очерки истории (XIX—XX вв.). Мн., 1997;

Гл. таксама літ. пры арт. Этнамузыкалогія.

Р.​М.​Аладава, Г.​С.​Глушчанка.

т. 11, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РША,

горад абл. падпарадкавання, цэнтр Аршанскага р-на Віцебскай вобл. на р. Дняпро пры ўпадзенні ў яго р. Аршыца. За 80 км ад Віцебска, вузел 6 чыгунак (лініі на Мінск, Магілёў, Крычаў, Смаленск, Віцебск, Лепель) і 8 аўтадарог. 123,9 тыс. ж. (2000).

Упершыню ўпамінаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1067 як горад Ръша. У 1320 у складзе Віцебскага княства далучана да ВКЛ. У 1398—1407 пабудаваны Аршанскі замак. Паводле гіст. крыніц за 1555, М.​К.​Радзівіл Чорны заснаваў у О. кальвінскі (пратэстанцкі) збор — адзін з першых на Беларусі. З 1560-х г. О. — дзярж. ўладанне, цэнтр Аршанскага павета. Упершыню пазначана на «Карце Вялікага княства Літоўскага, Лівоніі і Маскоўскага княства», складзенай у 1589 М.​Струбічам. У ходзе шматлікіх войнаў неаднаразова разбурана і спалена. Каля О. адбыліся Аршанская бітва 1514, Аршанская бітва 1564 і інш. Горад меў гандл. сувязі з Расіяй, Польшчай, Прыбалтыкай і Украінай. У 1612—1820 у О. дзейнічаў Аршанскі езуіцкі калегіум, дзе створаны рукапісны зб. «Аршанскі кодэкс». У 1620 горад атрымаў магдэбургскае права і герб — у блакітным полі залаты паўмесяц, паміж рагамі якога сярэбраны крыж. Складанне гар. статута, зацверджанага 3.3.1621, дапоўніла фарміраванне аршанскага права. У сярэдзіне 17 ст. ў О. каля 5 тыс. ж. У 16—18 ст. О. была значным рэліг. цэнтрам. З 1592 існавала правасл. брацтва. Дзейнічалі манастыры бернардзінцаў, базыльянак, дамініканцаў, францысканцаў, уніятаў, касцёлы трынітарыяў, місіянераў, марыявітак, базыльян, цэрквы. У 1630 пры Куцеінскім Богаяўленскім манастыры бел. асветнік С.Собаль заснаваў Куцеінскую друкарню, якая з’яўлялася асн. цэнтрам бел. кірылічнага кнігадрукавання. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) О. ў складзе Рас. імперыі, цэнтр Аршанскай правінцыі. У 1776 горад пазбаўлены магдэбургскага права: 1700 ж., 309 будынкаў. У 1781 гораду дадзены новы герб: уверсе — палова герба Рас. імперыі, унізе — у блакітным полі пяць стрэл. З 1796 О. — цэнтр павета Беларускай, з 1802 — Магілёўскай губ. У вайну 1812 горад спалены франц. войскамі. У 2пал. 19 ст. пасля будаўніцтва чыгунак О. — буйны чыг. вузел, аршанская прыстань — значны трансп. пункт на Дняпры. У 17—19 ст існавалі Аршанскі кляштар бернардзінцаў, Аршанскі кляштар дамініканцаў, Аршанскі кляштар трынітарыяў, Аршанскі кляштар францысканцаў У пач. 1890 у горадзе 15 прамысл. прадпрыемстваў, 9 навуч. устаноў, бальніца, 2 аптэкі, 3 б-кі, 2 кнігарні, друкарня. У 1869 адкрыта тэлеграфная станцыя, у 1899 — публічная б-ка імя А.​С.​Пушкіна. У 1897 у О. 13 161 ж. З 1903 працавала Аршанская жаночая гімназія, з 1906 — рэальнае вучылішча, з 1911 — Аршанская жаночая настаўніцкая семінарыя. З 1915 выдавалася газ. «Оршанский вестник». У 1905 у О. пад кіраўніцтвам мясц. арг-цый РСДРП і сац.-дэмакр. к-та Бунда адбыліся выступленні працоўных. У лют.—кастр 1918 О. часткова акупіравана герм. войскамі. У перыяд усталявання сав. улады і грамадз. вайны (1917—20) у О. дзейнічалі органы і арг-цыі розных паліт. сіл: Савет рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, к-т грамадз. бяспекі, саюз эсэраў-марксістаў, часовы ваенна-рэв. к-т і інш. З 2.2.1919 О. ў складзе Гомельскай, з 1920 — Віцебскай губ. РСФСР. З 1924 цэнтр Аршанскага раёна БССР, да 1930 — Аршанскай акругі. З 17.3.1938 горад абл. падпарадкавання. У 1939 у О. 37,6 тыс. ж. У пач. Вял. Айч. вайны ў баях пад О. 14.7.1941 упершыню былі выкарыстаны рэактыўныя ўстаноўкі «Кацюша». 16.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія стварылі ў О. некалькі канцлагераў, дзе знішчылі 19 тыс. чал., у горадзе і раёне загубілі 37,4 тыс. чал. Дзейнічала Аршанскае патрыятычнае падполле. Горад вызвалены 27.6.1944 войскамі 3-га Бел. фронту ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944 У 1970 у О. 100,6 тыс. жыхароў.

Працуюць (2000) прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр., у т. л. Аршанскі станкабудаўнічы завод, Аршанскі інструментальны завод, адкрытае акц. т-ва «Орша», з-ды прылад аўтам. кантролю, форм і тэхнал. аснасткі для прадпрыемстваў зборнага жалезабетону, трактарарамонтны і інш. Развіты тэкст. (Аршанскі льнокамбінат, ф-кі трыкат. спарт. вырабаў, швейная, маст. вырабаў), харч. (Аршанскі мясакансервавы камбінат, камбінаты хлебапрадуктаў, піваварны, малочны і інш.), буд. матэрыялаў (Аршанскі камбінат зборных жалезабетонных вырабаў і канструкцый, камбінат сілікатных вырабаў, з-д жалезабетонных вырабаў і інш.) прам-сці. У горадзе тэхнікумы чыг. транспарту і механіка-тэхналагічны, мед. і пед. вучылішчы. Музеі: К.​С.​Заслонава, Музей гісторыі і культуры горада Оршы, этнагр. «Млыны», драўлянай скульптуры нар. майстра С.​С.​Шаўрова. Выдаецца «Аршанская газета».

У 14 ст. на месцы стараж. гарадзішча пабудаваны замак. У час шматлікіх войнаў 16 ст. горад неаднаразова быў разбураны. У 1623 у сутоках рэк Дняпро і Куцеінка засн. Аршанскі Куцеінскі Богаяўленскі манастыр, у 1631 пабудаваны Аршанскі Куцеінскі Успенскі манастыр. У 16—18 ст. у горадзе ўзведзены: драўляная царква Ільі Прарока (1505), мураваныя касцёл і 2-павярховы будынак калегіума (1690), манастыры бернардзінцаў (1636), базыльянак (1642), дамініканцаў (драўляныя будынкі пастаўлены ў 1649—50, мураваны касцёл — у 1819), францысканцаў (мураваныя будынкі ўзведзены ў 1680), саборная мураваная царква Раства Маці Божай (1691), касцёлы трынітарыяў (1714), місіянераў (1752), марыявітак (18 ст.), цэрквы Ушэсця (1757), Іаана Багаслова (1790; усе не захаваліся), Аршанскі манастыр базыльян (2пал. 18 ст.). У 1778 распрацаваны план забудовы О., які прадугледжваў рэгуляванне вулічнай сеткі, узбуйненне кварталаў, выраўноўванне паўкальцавых магістралей, стварэнне непадалёку ад цэнтр. ядра горада новай грамадскай плошчы з гасціным дваром і адм. установай, развіццё Задняпроўскага р-на. У вайну 1812 горад спалены франц. войскамі. У 1848 распрацаваны новы праект планіроўкі, які ў асн. рысах паўтараў папярэдні план. У 19 — пач. 20 ст. тэр. О. значна павялічылася, пераважала драўляная забудова. За 1,5 км ад горада забудаваўся прывакзальны раён, які ў 1878 злучыўся з гар. цэнтрам брукаванай магістраллю, у цэнтры О. закладзены парк. У 1880 пабудавана Аршанская Ільінская царква, у 1902 — вадзяны млын, у 1906 — рэальнае вучылішча. На плане 1911 горад падзелены Дняпром і Аршыцай на 3 часткі, рэгулярная планіроўка ўяўляла сабой сетку ўзаемна перпендыкулярных вуліц. Паводле генпланаў О. 1940, 1948 («Белдзяржпраект») разрозненыя раёны аб’яднаны. У 1957 распрацавана схема размяшчэння новага жыллёвага буд-ва (Віцебскі філіял ін-та «Белдзяржпраект»), у 1978 і 1980 — генпланы забудовы О. (БелНДІПгорадабудаўніцтва). Сучасны горад уключае цэнтр., прывакзальны, паўн., паўд. планіровачныя раёны, раёны льнокамбіната і Задняпроўя. Асн. жылы масіў з адм.-грамадскім і культ. цэнтрам размешчаны на правым беразе Дняпра, на месцы гіст. ядра О. з радыяльнай сістэмай вуліц. Асн. кампазіцыйныя восі — вуліцы Леніна (захаваўся фрагмент забудовы канца 19 — пач. 20 ст.), Астроўскага, Міру, праспект Тэкстыльшчыкаў. На скрыжаванні вуліц Леніна і Міру ўтворана цэнтр. плошча, з боку Дняпра да яе прылягае прыдняпроўскі парк. Цэнтр і мікрараёны (мікрараён Задняпроўе 1, Задняпроўе 2, па вуліцах Чырвонай і Леніна) забудоўваюцца 5—9-павярховымі дамамі. Сфарміраваны паўн. і паўд. прамысл. зоны. У О. брацкія могілкі і магілы сав. воінаў, падпольшчыкаў, ахвяр фашызму, ваеннапалонных. Помнікі: Вызваліцелям, Курган Славы, мемар. комплекс «Кацюша», ахвярам паліт. рэпрэсій, у гонар воінаў-землякоў, якія загінулі ў Афганістане, Герою Сав. Саюза К.С.Заслонаву, бел. пісьменніку У.С.Караткевічу.

Літ.:

Орша: Ист.-экон. очерк. 2 изд. Мн., 1967;

Шынкевіч А.М. Аршанская даўніна. Мн., 1992;

Асіноўскі С.М. Орша: Залатыя стрэлы на блакітным полі. Мн., 1997;

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Оршы і Аршанскага р-на. Кн. 1—2. Мн., 1999—2000.

А.​М.​Шынкевіч (гісторыя), Г.​К.​Гаранскі, Ю.​І.​Драгун, Ю.​А.​Якімовіч (архітэктура).

Панарама г. Орша з боку ракі Дняпро.

т. 11, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБО́ЎКА (Уладзімір Мікалаевіч) (15.7.1900, в. Агароднікі Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. — 20.3.1976),

бел. паэт, празаік, перакладчык. Скончыў Нова-Вілейскую настаўніцкую семінарыю (1918), Вышэйшы літ.-маст. ін-т імя В.​Брусава (1924). У 1922—25 адказны сакратар пастпрэдства БССР пры Урадзе СССР. У 1924—27 выкладчык бел. л-ры ў Камуніст. ун-це народаў Захаду, у 1926—30 рэдактар «Збору законаў і загадаў Рабоча-Сялянскага ўраду Саюза ССР». У 1930 арыштаваны і асуджаны на высылку ў Яранск, у 1937 — на 10 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у Кіраўскай вобл., Чувашыі, на Д.​Усходзе, у Грузіі, Краснаярскім краі. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1921. Аўтар зб-каў вершаў «Строма» (1923), «Трысцё» (1925), «Credo» (1926), «Наля» (1927), паэм «Там, дзе кіпарысы» (1925), «Браніслава» (1929). Паэзія Д. вырасла на здабытках бел. фальклору, традыцыях Я.​Купалы, М.​Багдановіча, Т.​Шаўчэнкі, А.​Блока, В.​Брусава і інш. Яна вызначаецца ўслаўленнем чалавека працы, патрыят. пафасам, увагай да гераічных старонак нац. гісторыі, актыўнасцю маст. пошукаў, высокай творчай культурай (вобразная асацыятыўнасць, глыбіня падтэксту, дасканаласць гукавой інструментоўкі, рытмічная гнуткасць, багацце рыфмы, моўная вынаходлівасць). Яго паэзія пашырыла выяўленчыя магчымасці бел. вершаванага слова, узбагаціла рамант. стылявую плынь у л-ры свайго часу. Філас. заглыбленасць, складаная сюжэтна-кампазіц. структура ўласцівы яго трылогіі (паэмы «Кругі», 1927; «І пурпуровых ветразей узвівы», 1929; «Штурмуйце будучыні аванпосты!», нап. 1929, апубл. 1965) — маштабнаму твору паэт. эпасу аб часе, лёсе мастацтва і шляхах яго развіцця, аб індустрыялізацыі краіны і калектывізацыі сельскай гаспадаркі. У 1920-я г. паэзія Д. вызначала істотныя асаблівасці літ. працэсу, рабіла плённы ўплыў на многіх бел. паэтаў. Пра мужнасць жанчыны, яе нялёгкі лёс у Вял. Айч. вайну, маральную чысціню і самаахвярнасць пісаў у шэрагу балад і паэмах «Перад іменем Любові» (1958), «Беларуская Арыядна» (1960). Поліфанічнай песняй пра Беларусь і яе народ стала кн. «Палеская рапсодыя» (1961, Літ. прэмія імя Я.​Купалы 1962). Аўтар навук.-прыгодніцкіх аповесцей для дзяцей «Жоўтая акацыя» (1967) і «Ганна Алелька» (1969), якія займальна папулярызуюць доследніцтва, вучаць па-гаспадарску ставіцца да прыроды. Аўтабіягр. апавяданні-абразкі склалі кн. «Пялёсткі» (1973). З высокім майстэрствам рабіў апрацоўкі фальклорных сюжэтаў (зборнікі «Цудоўная знаходка», 1960; «Кветкі — сонцавы дзеткі», 1963; «Казкі», 1968; «Залатыя зярняты», 1975). На бел. мову перакладаў творы У.​Шэкспіра («Санеты», 1964), Дж.​Байрана (вершы, паэмы «Шыльёнскі вязень», «Бронзавы век», містэрыя «Каін»), І.​В.​Гётэ, У.​Сыракомлі, Ю.​Славацкага, Ду Фу, Абу-ль-Фараджа аль-Ісфахані, А.​Пушкіна, Брусава, С.​Ясеніна, А.​Пракоф’ева, П.​Тычыны, У.​Сасюры, М.​Рыльскага і інш. Аўтар артыкулаў пра бел. л-ру, фальклор, мову і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1965;

[Вершы]. Мн., 1970;

Як Алік у тайзе заблудзіўся. Мн., 1974.

Літ.:

Бугаёў Дз. Уладзімір Дубоўка. Мн., 1965;

Яго ж. Талент і праца. Мн., 1979. С. 3—49;

Арочка М. Саюз часу і майстэрства. Мн., 1981. С. 86—117;

Лойка А., Пшыркоў Ю. Пясняр высокіх дум і глыбокіх пачуццяў // На высокай хвалі. Мн., 1980;

Гардзіцкі А. Дыялогі. Мн., 1968. С. 47—62.

Дз.​Я.​Бугаёў.

У.М.Дубоўка.

т. 6, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТА́ЦКІХ ВЫ́РАБАЎ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

галіна народнай гаспадаркі, якая вырабляе дэкар. маст. вырабы індустр. метадамі для жылых і грамадскіх інтэр’ераў (асвятляльная апаратура і інш.), для быт. патрэб (адзенне, цацкі, сувеніры, маст. метал, шкло, кераміка, фарфор, фаянс і інш.). Вытв-сць працуе пераважна на мясц. сыравіне. Шырокае выкарыстанне машын адрознівае М.в.в. ад прадпрыемстваў нар. маст. промыслаў, дзе пераважае ручная праца.

М.в.в. узнікла ў 16—17 ст. з развіццём мануфактурнай вытв-сці. У Еўропе асаблівую ўвагу надавалі вырабу маст. тканін, шкла (венецыянскае шкло) і керамікі. У 18 — пач. 19 ст, з’явіліся: кераміка Дж.Уэджвуда, майсенскі фарфор, сеўрскі фарфор, фарфор імператарскага фарфоравага з-да ў Пецярбургу, Дулёўскі фарфоравы завод, гжэльская кераміка, каменярэзныя вырабы (Пецяргофская гранільная ф-ка, Дзямідаўскія каменярэзныя з-ды на Урале), мастацкае ліццё (г. Каслі) і інш.

На Беларусі вырабы дэкар.-прыкладнога мастацтва вядомы з 9—13 ст. У 15—16 ст. склаліся цэнтры маст. апрацоўкі металу, ганчарства, вытв-сці кафлі, шкла мастацкага і інш. У 16—17 ст. майстры маст. рамёстваў з гарадоў Віцебск, Гродна, Магілёў, Орша, Полацк, Нясвіж, Слуцк і інш. працавалі ў Маскве і інш. гарадах Маскоўскай дзяржавы. З 17 ст. пашырылася ткацтва мастацкае. Мануфактурная маст. вытв-сць пачала развівацца ў 18 ст. Найб. вядомыя мануфактуры: Радзівілаў у Слуцку (выраб слуцкіх паясоў) і Карэлічах (выраб карэліцкіх шпалераў), Агінскіх у Слоніме (шпалеры), Гродзенскія каралеўскія мануфактуры А.​Тызенгаўза. На мануфактурах Урэчча і Налібакаў выраблялі маст. шкло, у Копысі — кафлю, у Целяханах — маёліку і фаянс (гл. Копыская кафля, Свержанская фаянсавая мануфактура, Урэцка-налібоцкае шкло, Целяханская фаянсавая мануфактура). У 1919 у Віцебску і Магілёве арганізаваны керамічныя майстэрні, у Слуцку — ткацка-вышывальныя, у Гомелі — дрэваапрацоўчыя. У 1938 нар. ўмельцы аб’яднаны ў Бел. мастацкі прамысл. саюз. У 1965 маст. промыслы ператвораны ў ф-кі Упраўлення маст. прам-сці Мін-ва мясц. прам-сці рэспублікі. У 1988 упраўленне рэарганізавана ў Бел. вытв.-гандл. аб’яднанне «Белмастацпромыслы» (асацыяцыя нар. маст. промыслаў), з 1991 Асацыяцыя «Бел. народныя маст. промыслы», з 1993 Бел. дзярж. канцэрн нар. маст. промыслаў. Ў 1994 канцэрн у падпарадкаванні Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У склад канцэрна ўвайшлі 19 прадпрыемстваў маст. вырабаў: Брэсцкая фабрыка сувеніраў (выйшла ў 1998), Віцебская фабрыка мастацкіх вырабаў «Купава», Жлобінская фабрыка інкрустацыі, Полацкая фабрыка мастацкіх вырабаў «Сафія», Слуцкая фабрыка мастацкіх вырабаў «Слуцкія паясы», Аршанская ф-ка маст. вырабаў «Рамонак», Светлагорская ф-ка маст. інкрустацыі, ф-кі маст. вырабаў у гарадах Баранавічы, Бешанковічы, Барысаў, Бабруйск, Гомель, Магілёў, Мазыр, Пінск, Слонім, Хойнікі; Цэнтр. лабараторыя нар. рамёстваў «Скарбніца», Дзярж. доследна-эксперым. прадпрыемства «Траецкае»; 16 даччыных гандл. прадпрыемстваў. Дзейнічаюць самастойныя ф-кі або ў сістэме інш. галін прам-сці: адкрытыя акц. т-вы «Мастра» ў Мінску, «Белмастацкераміка» ў г.п. Радашковічы і Івянецкі з-д маст. керамікі (у складзе канцэрна «Белмясцпрам»), Маладзечанская ф-ка маст. вырабаў (у складзе Бел. фонду культуры) і інш., а таксама шырокая сетка малых прадпрыемстваў.

Л.​А.​Паўловіч.

Да арт. Мастацкіх вырабаў вытворчасць. 1. Ф.​Шостак. Дэкаратыўная пасудзіна «Зубр». Івянецкі завод мастацкай керамікі. 2. «Ільнаводка». Лён. Маладзечанская фабрыка мастацкіх вырабаў. З. І.​Буйвіч. Пляцёнкі для садавіны. Лаза. Баранавіцкая фабрыка мастацкіх вырабаў. 4. А.​Шпакаў. Кухонны набор. Полацкая фабрыка мастацкіх вырабаў.

т. 10, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНА́КА (Monaco),

Княства Манака (Principauté de Monaco), дзяржава ў Паўд. Еўропе, на беразе Міжземнага м., на сушы абкружана тэр. Францыі. Пл. 1,95 км². Нас. 32 тыс. чал. (1998). Афіц. мова — французская. Сталіца — г. Манака. Падзяляецца на 4 адм. гар. акругі. Нац. свята — Нацыянальны дзень (19 ліст. — дзень нараджэння правячага князя Рэнье III).

Дзяржаўны лад. М. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1911, абноўленая ў 1962. Кіраўнік дзяржавы — наследны князь. Заканад. ўлада належыць Нац. савету, у які ўваходзяць кіраўнік дзяржавы і 18 членаў, выбраных на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Урадавы савет з удзелам прадстаўніка Францыі, які прапануецца на пасаду франц. урадам і зацвярджаецца князем. Існуе таксама дарадчы орган — Каронны савет.

Прырода. Княства займае частку Блакітнага берага на ўзбярэжжы Міжземнага м. і паўд. схілы Прыморскіх Альпаў. Рэльеф перадгорны і горны. Выш. да 145 м. Клімат міжземнаморскі, з сухім летам і мяккай зімой. Сярэдняя т-ра студз. 8 °C, ліп. 23 °C. Ападкаў за год каля 800 мм. Амаль уся тэрыторыя занята гар. забудовай. На стромкіх схілах гор вечназялёныя зараснікі каменнага дубу, калючага дроку, карлікавай пальмы, хмызнякі маквісу з ладаннікам, дзікай фісташкай, размарынам. На схілах прыбярэжных скал — Экзатычны сад з сусв. вядомай калекцыяй субтрапічных раслін: пальмаў, магнолій, алеандраў і кактусаў.

Насельніцтва. Карэнныя жыхары — манегаскі (16%), французы (47%), італьянцы (16%); жывуць таксама грэкі, немцы, англічане, амерыканцы і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі — 95%. Сярэднегадавы прырост 0,4%. Сярэдняя шчыльнасць найб. ў свеце — 16 410 чал. на 1 км². Усё насельніцтва засяроджана ў 4 гарадах: Манака, Монтэ-Карла, Ла-Кандамін і Фанв’ей. Каля 75% эканамічна актыўнага насельніцтва занята ў абслуговых галінах, каля 25% — у прам-сці. У М. працуе каля 10 тыс. чал. з суседніх раёнаў Францыі і Італіі.

Гісторыя. У 10—9 ст. да н.э. на тэр. М. (назва, верагодна, ад праіндаеўрап. кораня mon — высокае месца, скала) існавала фінікійская калонія (гандл. прыстань, крэпасць), з 8—6 ст. да н.э. — грэчаская (пабудаваны храм Геракла). З 2 ст. да н.э. тэр. М. належала Стараж. Рыму, пазней — арабам, з 11 ст. н.э. — генуэзцам, якія ў 1215 пабудавалі тут крэпасць. У 1346 утворана асобнае княства пад пратэктаратам Генуі. У 1419 у М. замацавалася правячая дынастыя знатнага генуэзскага роду Грымальдзі. З 1524 княства М. пад уладай Іспаніі пры фармальным захаванні аўтаноміі. У 1641 у выніку нар. паўстання перайшло пад пратэктарат Францыі. У 1731 М. па жан. лініі перайшло да Дж.Ф.​Л.​Гаён-Маціньёна, які прыняў прозвішча Грымальдзі і ўступіў на прастол пад імем Анарэ III [1731—93]. У 1793 княства анексіравана Францыяй. Адноўлена паводле Парыжскага мірнага дагавора 1814. Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 перададзена пад пратэктарат Сардзінскага каралеўства. Рэвалюцыя 1848 знішчыла ў М. княжацкую ўладу, ад княства аддзяліліся і фактычна далучаны да Францыі гарады Ментона і Ракбрун. У 1849 сардзінскія войскі аднавілі манархію, але сардзінскі пратэктарат спынены. У 1860 пасля пераходу Ніцы ва ўладанне Францыі кн Карл III [1856—89] пагадзіўся на франц. пратэктарат над М., у 1861 за 4 млн. франкаў фармальна ўступіў Францыі свае правы на Ментону і Ракбрун. Паводле манака-франц. дагавора 2.2.1861 Францыя прызнала незалежнасць М. У 1865 устаноўлены мытны саюз паміж М. і Францыяй. У 1861—1910 у г. Монтэ-Карла пабудаваны комплекс казіно, які пасля буд-ва чыгункі паміж М. і Францыяй (1868) стаў адной з гал. крыніц папаўнення бюджэту княства. У 1899 у г. Манака заснаваны Акіянаграфічны музей — цяпер міжнар. цэнтр акіянаграфічных даследаванняў.

У 1911 пры кн. Альберце I [1889—1922] уведзена ў дзеянне канстытуцыя, паводле якой М. абвешчана канстытуцыйнай манархіяй і ўтвораны выбарны парламент — Нац. савет. У выніку дагавора 1918 Францыя атрымала права трымаць на тэр. М. войскі і зацвярджаць заключаныя М. міжнар. пагадненні. У 2сусв. вайну М. акупіравалі ням. фашысты (1942—44). З 1949 правіць кн. Рэнье III. У 1962 прынята новая канстытуцыя, якая пашырыла правы Нац. савета, перадала выканаўчую ўладу Урадаваму савету, стварыла Каронны савет. Апошнія выбары ў Нац. савет адбыліся ў студз. 1998. Асн. паліт. арг-цыяНац. дэмакр. саюз (з 1963 дамінуе ў Нац. савеце), асн. прафсаюзная арг-цыя — Аб’яднанне прафсаюзаў М. М. — чл. ААН (з 1993), Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Інтэрпола і інш. міжнар. арг-цый.

Гаспадарка. М. — эканамічна развітая краіна з высокім узроўнем даходаў. Штогадовы даход на 1 чал. 25 тыс. дол. (1996). Аснова эканомікі — гандл.-фін. дзейнасць, турызм і курортная справа, ігральныя дамы, некаторыя галіны прам-сці. Ільготны падатковы рэжым дазваляе буйным міжнар. банкам шырока выкарыстоўваць М. для фін. аперацый (дзейнічае каля 800 міжнар. кампаній і 50 банкаў). Замежныя прамысл., гандл. і фін. прадпрыемствы, у якіх доля капіталу М. перавышае 25%, цалкам вызваляюцца ад падаткаў. Падаткі ў М. намнога меншыя, чым у інш. краінах. Развіты страхавая справа, афшорныя паслугі, гандаль нерухомасцю. М. — сусветна вядомы курорт з басейнамі, купальнямі, водалячэбніцай. Асн. дзярж. даходы прыпадаюць на падаткі з банкаў, атэляў і інш. (55%), ад турызму 25% (М. штогод наведвае каля 700 тыс. замежных турыстаў). Турыстаў прываблівае ў М. сонечнае надвор’е, марскія купанні, арх. і гіст. помнікі, казіно, ігральныя дамы, Акіянаграфічны музей і марскі акварыум з унікальнымі экспанатамі, буйныя міжнар. тэнісныя турніры, аўтамаб. ралі Монтэ-Карла, міжнар. спаборніцтвы па стэндавай стральбе і гольфе, муз. і цыркавыя фестывалі і інш. З-за нізкіх падаткаў у М. жывуць многія багатыя людзі, у т. л. сусветна вядомыя артысты і спартсмены, што з’яўляецца дадатковым фактарам прыцягнення турыстаў. Склалася сучасная індустр. база з экалагічна чыстых прадпрыемстваў лёгкай і перапрацоўчай прам-сці. Найб. развіты эл.-тэхн. і радыёэлектронная (электронныя вузлы і прылады, электрычныя рэле і пераключальнікі, электрабыт. прылады), дакладнае машынабудаванне, хім., фармацэўтычная, швейная, харч., паліграф., суднарамонтная, буд. матэрыялаў прам-сць; выпуск паштовых марак, малая металургія, вытв-сць пластмас, фаянсу, маёлікі, ювелірных вырабаў, сувеніраў. Электраэнергію М. атрымлівае з Францыі. Працуе магутная радыёстанцыя «Монтэ-Карла». Ёсць невял. вінаграднікі і аліўкавыя гаі. Рыбалоўства. Транспарт пераважна аўтамабільны. У М. 1,7 км чыгункі і 50 км асфальтаваных дарог і вуліц. Праз М. праходзяць чыгунка і шаша Ніца (Францыя) — Генуя (Італія). У М. ёсць пляцоўкі для верталётаў, якія перавозяць пасажыраў у міжнар. аэрапорт у г. Ніца (Францыя). Марскі порт прымае невял. гандл. судны і яхты. М. ўтварае адзіную мытную прастору з Францыяй. У экспарце пераважаюць прамысл. вырабы, у імпарце — харч. і спажывецкія тавары. Грашовая адзінка — франц. франк. Манегаскія франкі выпускаюцца для продажу нумізматам.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Манака.

т. 10, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)