СІНЕРЭ́ЗІС (ад грэч. synairesis сцісканне, памяншэнне),

самаадвольнае вылучэнне вадкасці са студзянёў і геляў; адна з праяў старэння розных відаў дысперсных структур, палімерных і біял. сістэм. С. прыводзіць да памяншэння аб’ёму студзеню або гелю за кошт ушчыльнення структурнай сеткі. Выкарыстоўваюць пры фармаванні хім. валокнаў з прадзільных раствораў, у тэхналогіі палімерных матэрыялаў, вытв-сці харч. прадуктаў (напр., сыру, тварагу).

т. 14, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАДЫНАМІ́ЧНАЯ СІ́ЛА,

сіла, з якой газападобнае асяроддзе (напр., паветра) дзейнічае на паверхню цвёрдага цела, што рухаецца ў гэтым асяроддзі. Адрозніваюць тры кампаненты аэрадынамічнай сілы R→:X→ — сіла аэрадынамічнага (лабавога) супраціўлення, накіраваная супраць скорасці цела V→, Y→ — пад’ёмная сіла, Z→ — бакавая сіла, перпендыкулярная да дзвюх першых. Вызначэнне аэрадынамічнай сілы для целаў рознай формы і розных рэжымаў палёту — адна з асн. задач аэрадынамікі.

Аэрадынамічная сіла.

т. 2, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РНСАН, Берэнсан (Berenson) Бернард (26.6.1865, Вільня — 17.10.1959), амерыканскі гісторык мастацтва. Скончыў Гарвардскі ун-т (1887). Чл. Амер. акадэміі мастацтваў і л-ры, шэрагу еўрап. акадэмій. З 1900 жыў у Італіі. Правёў вял. работу па атрыбуцыі карцін і малюнкаў італьян. мастакоў, вызначыў стылістычныя асаблівасці розных школ італьян. Адраджэння і творчасці многіх мастакоў. Асн. работа — «Жывапісцы італьянскага Адраджэння» (1952; рус. пер. 1965).

т. 3, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАТРО́ПІЯ (ад ала... + грэч. tropos паварот, уласцівасць),

існаванне аднаго і таго хім. элемента ў выглядзе двух або некалькіх простых рэчываў (алатропных мадыфікацый), якія адрозніваюцца па сваіх фіз. і хім. уласцівасцях. Можа быць вынікам утварэння малекул з рознай колькасцю атамаў, напр., азон (O3) і кісларод (O2) або крышталёў розных мадыфікацый, напр., алмаз і графіт. Прыватны выпадак полімарфізму. Вядома каля 400 алатропных мадыфікацый хім. элементаў.

т. 1, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЁХІН (Васіль Васілевіч) (16.1.1882, г. Курск — 3.4.1946),

савецкі геабатанік. Праф. (1918). Скончыў Маскоўскі ун-т (1907). Заснавальнік маскоўскай геабат. школы. З 1923 у Маскоўскім ун-це. Зрабіў вял. ўклад у вучэнне пра раслінныя згуртаванні — фітацэналогію. Прапанаваў класіфікацыю стэпаў, склаў аглядныя карты расліннасці розных раёнаў СССР.

Тв.:

География растений. 3 изд. М., 1950;

Растительность СССР в основных зонах. 2 изд. М., 1951.

т. 1, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАНТО́МА [ад грэч. odus (odontos) зуб + ...ома],

дабраякасная пухліна ў выглядзе кангламерату розных зубных тканак. Узнікае ад парушэння развіцця аднаго або некалькіх зубоў на верхняй ці ніжняй сківіцы, часцей каля карэнных зубоў. Мяккая адантома — ранняя стадыя развіцця пухліны — складаецца з эпітэліяльнай і злучальнай тканак. Назіраецца часцей у маладым узросце. Цвёрдая адантома (абвапнаваная) можа ўключаць дробныя зубы або зубападобныя структуры, акаймаваныя капсулай. Лячэнне хірургічнае.

т. 1, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АДУКА́ЦЫЯ»,

легальнае т-ва асветнага кірунку ў Віцебску ў студз.—вер. 1913. Аб’ядноўвала 1268 чл. розных сац. груп і паліт. партый. Заснавальнікі і кіраўнікі: Р.​Н.​Шулепнікаў (старшыня), К.​В.​Пісарэнка (нам. старшыні), В.​А.​Прус. Мэта т-ва — падрыхтоўка да стварэння нар. ун-та. Сацыял-дэмакраты Віцебска выкарыстоўвалі «Адукацыю» як легальную трыбуну для рэв. прапаганды. Закрыта за антыўрадавую дзейнасць.

т. 1, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАФО́РМЫ (ад гама... + лац. forma форма, вонкавы выгляд, абрыс),

словы, якія ў асобных граматычных формах супадаюць гучаннем і напісаннем, але не супадаюць значэннем. Амаформы могуць быць словамі той самай або розных часцін мовы, напр., «горы» (назоўны склон мн. л. назоўніка «гара») і «горы» (месны склон адз. л. назоўніка «гора»), «кліч» (назоўнік) і «кліч» (дзеяслоў загаднага ладу), «вусны» (назоўнік) і «вусны» (прыметнік) і інш.

т. 1, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАСРО́ДКАВАННЕ,

вызначэнне рэчы (паняцця) праз яе адносіны да інш. рэчы (паняцця); адна з асн. катэгорый у філасофіі Гегеля. Уласцівасці рэчаў раскрываюцца ў іх узаемадзеяннях з інш. рэчамі; толькі праз гэтыя рэальныя ўзаемадзеянні рэч можа быць вызначана як дадзеная канкрэтная рэч. Катэгорыя апасродкавання ў адзінстве з катэгорыяй непасрэднага адлюстроўвае факт усеагульнай узаемасувязі з’яў, універсальнасці развіцця розных рэчаў і паняццяў, што іх адлюстроўваюць.

т. 1, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРОНХАСКАПІ́Я (ад бронхі + ...скапія),

візуальны метад даследавання дыхальных шляхоў бранхаскопам (складаецца з трубак розных дыяметраў, асвятляльнага і аптычнага прыбораў). Робяць бронхаскапію пад мясц. анестэзіяй як дыягнастычную і лячэбную працэдуру. Паказанні для бронхаскапіі: выяўленне паталагічных змен трахеі, галоўных і сегментарных бронхаў, выдаленне іншародных цел, падвострыя і хранічныя захворванні з парушэннямі праходнасці бронхаў, лёгачныя крывацёкі, калі неабходна ўзяць матэрыял для біяпсіі ці ўвесці лек. сродкі.

т. 3, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)