род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 70 відаў. Пашыраны ў трапічных, радзей умераных абласцях Афрыкі і Азіі. Найб. вядомая ў кветкаводстве Г. Джэмсана (G. jamesonii), яе садовыя формы і сарты з буйнымі кошыкамі і язычковымі кветкамі, афарбаванымі ў яркія або пастэльныя тоны. Выкарыстоўваюць як вазонныя расліны або на зразанне. На Беларусі вырошчваюць як кветкава-дэкаратыўную культуру ў цяпліцах і аранжарэях, у паўд. краінах — ў адкрытым грунце.
Шматгадовыя травяністыя расліны з пакарочаным сцяблом. Прыкаранёвае лісце сабрана ў разетку. Кветкавыя кошыкі буйныя, адзіночныя, на доўгім кветаносе (стрэлцы). Плод — сямянка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАКСІ́НІЯ (Gloxinia),
род кветкавых раслін сям. геснерыевых. 6 відаў. Пашыраны ў Амерыцы ад Мексікі да Бразіліі. Пад назвай глаксінія ў кветкаводстве больш вядомая група гібрыдаў, атрыманых ад відаў блізкага роду сінінгія (Siningia). На Беларусі іх часта вырошчваюць у пакоях і аранжарэях.
Шматгадовыя травяністыя расліны з пакарочаным сцяблом і клубнямі. Лісце эліпсападобнае, чаранковае, цёмна-зялёнае, апушанае, сабранае ў разетку. Кветкі буйныя, яркія, званочкавыя, разнастайныя па колеры. Цвіце ў маі—верасні (за сезон на адной расліне ўтвараецца да 50—100 кветак). Плод — шматнасенная каробачка. Прыгожаквітучыя дэкар.расліны. Размнажаюцца насеннем, сцябловымі і ліставымі чаранкамі, дзяленнем клубняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУДАЕ́РА (Goodyera),
род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Названы ў гонар англ. батаніка Дж.Гудаера. Каля 40 відаў. Пашыраны пераважна ў халодных і ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я, трапічнай Азіі. На Беларусі зрэдку пераважна ў паўн. раёнах трапляецца гудаера паўзучая (O. repens). Расце ў сырых цяністых хвойных і мяшаных лясах.
Шматгадовыя травяністыя расліны з невысокім сцяблом і шнурападобным паўзучым карэнішчам. Лісце нешматлікае, сядзячае, збліжанае ў ніжняй частцы сцябла накшталт прыкаранёвай разеткі. Кветкі дробныя, белыя, жаўтаватыя, звонку зеленаватыя, з прыемным пахам, сабраны ў густое коласападобнае суквецце. Плод — шматнасенная каробачка. Дэкар.расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЭ́ЗКА, лікападыела (Lycopodiella),
род споравых раслін сям. дзеразовых. Каля 20 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі зрэдку трапляецца Дз. заліўная (L. inundata). Расце на сфагнавых балотах, вільготных грунтавых агаленнях у кар’ерах і каля дарог. Занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.
Шматгадовазялёныя расліны з доўгімі вілавата-галінастымі (дыхатамічнымі) паўзучымі сцёбламі даўж. да 1 м, якія месцамі перарываюцца. Ад сцёблаў адыходзяць вертыкальныя густааблісцелыя парасткі выш. да 10 см, на канцах якіх утвараюцца стробілы. Лісце дробнае, сядзячае, лінейна-ланцэтнае. Спарафілы зялёныя, шылападобныя. каля асновы расшыраныя, на краі зубчастыя. Лек., фарбавальныя і дэкар.расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́МНІЦА (Fumaria),
род кветкавых раслін сям. дымніцавых. Каля 50 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і. На Беларусі 3 віды: Д. лекавая (F. officinalis), трапляецца ўсюды як пустазелле; Ваяна (F. vaillantii), вельмі рэдкі від, расце на мелавых агаленнях; казіная (F. capreolata), трапляецца зрэдку як здзічэлая.
Аднагадовыя травяністыя расліны з тонкім разгалінаваным прамастойным сцяблом і стрыжнёвым коранем. Лісце чаргаванае, тонкае, перыстарассечанае, шызае, нібы дымчатае (адсюль назва), або зялёнае. Кветкі дробныя, фіялетава-ружовыя, радзей белыя, з кароткімі шпорцамі, сабраныя ў гронкі. Плод арэшкападобны. Лек. (мачагонны, жаўцягонны, патагонны, узбуджаны і танізоўны сродак) і фарбавальныя расліны. Ядавітыя (маюць фумаравую к-ту, алкалоід фумарын).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫТНЯ́К (Agropyron),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 15 відаў. Пашыраны ў Еўропе (пераважна ў Міжземнамор’і), Паўн. Афрыцы, Азіі, Аўстраліі, Новай Зеландыі. На Беларусі як занесены і натуралізаваны трапляецца Ж. грэбенепадобны (A. pectinatum). Расце каля дарог, на пустках, газонах і інш.
Шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным звычайна слабашурпатым сцяблом і моцнай валасніковістай каранёвай сістэмай. Лісце вузкае, лінейнае, іншы раз уздоўж згорнутае, часта з тонкімі шыпікамі. Агульнае суквецце — яйцападобны, падоўжаны ці лінейны сціснуты двухрадны колас. Каласкі адзіночныя, сядзячыя, з 3—10 кветкамі. Плод — зярняўка. Кармавыя і дэкар.расліны, замацоўваюць рухомыя пяскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛО́ЗНІЦА (Scrophularia),
род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 310 відаў. Пашыраны пераважна ў нетрапічнай ч.Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляюцца З. вузлаватая (S. nodosa) і ценявая (S. umbrosa). Растуць па берагах рэк, вадаёмаў, у цяністых месцах, лясах, каля дарог і на пустках.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны і паўкусты з прамастойным або ўзыходным сцяблом. Лісце супраціўнае, рэдка кальчаковае, цэласнае, перыстараздзельнае або перыстарассечанае. Кветкі дробныя, малапрыкметныя, звычайна зеленавата-бурыя ці жоўтыя, двухполыя, двухгубыя, сабраны па 2—10 у паўпарасонікі, што ўтвараюць канцавыя агульныя мяцёлчатыя або гронкападобныя суквецці. Плод — 2-гнездавая каробачка. Лек. і меданосныя расліны. Ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАПО́ЎНІК (Lepidium),
род кветкавых раслін сям. крыжакветных. Больш за 150 відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах. На Беларусі 6 відаў. Найб. вядомыя К.: пасяўны, або крэс-салата (L. sativum), смеццевы, або вянечнік (L. ruderale, нар. назва ліхаманкавая трава), палявы (L. campestre). Трапляецца на пясчанай глебе, засоленых і засмечаных мясцінах.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны, часам паўкусты выш. 5—60 (100) см. Сцябло прамое, голае або апушанае. Лісце цэласнае ці рассечанае. Кветкі дробныя, часам без пялёсткаў, белыя, у кароткіх гронках. Плод — стручочак. Некат. віды маюць непрыемны пах, які адпуджвае клапоў (адсюль назва). Лек., агароднінныя (прыпраўныя), меданосныя, інсектыцыдныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСАДЗЁН, лілейнік (Hemerocallis),
род кветкавых раслін сям. гемеракалісавых. Каля 15 відаў. Пашыраны ва ўмерана цёплых раёнах Еўразіі; у Зах. Еўропе, ЗША, на Каўказе — здзічэлыя. Вырошчваецца са стараж. часу. Мае больш за 10 тыс. форм і сартоў. На Беларусі інтрадукаваны К. жоўты (H. lilioasphodelus), Мідэндорфа (H. middendorfii), рыжы (H. fulva) і Тунберга (H. thunbergii).
Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны. Лісце прыкаранёвае, двухраднае, доўгае, шырокалінейнае. Кветаносы выш. 30—100 см. Лейкападобныя кветкі буйныя, жоўтыя або аранжавыя ў мяцёлчатых ці галоўчатых суквеццях. Плод — трохгранная каробачка. Дэкар.расліны. Вяленыя кветкі ў некат. краінах ужываюць як прыправу да ежы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛКА (Erigeron),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 200 відаў. Трапляецца на ўсіх кантынентах, пашырана пераважна ў Паўн. Амерыцы. На Беларусі 3 дзікарослыя віды: К. едкая (E. acris, нар. назвы доля, дольнік, загадкі, сіналой, пушкі), К. канадская (E. canadensis, нар. назвы манікта, калатоўка), К. аднагадовая (E. annuus) і 4 інтрадукаваныя. Трапляюцца на палях, засмечаных мясцінах, уздоўж дарог.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны і паўкусты з прамастойным, апушаным цвёрдымі валаскамі сцяблом, выш. да 70 см. Лісце чаргаванае, цэласнае, па краі гладкае ці зубчастае. Кветкавыя кошыкі сабраны ў гронкападобныя мяцёлчатыя суквецці. Плод — сямянка. Лек., меданосныя і дэкар.расліны.