КО́РЗАН ((Korzon) Тадэвуш Сільвестр) (9.11.1839, Мінск — 8.3.1918),
польскі гісторык, прадстаўнік варшаўскай гіст. школы. Правадз.чл. Польскай АН у Кракаве (1903). Скончыў Маскоўскі ун-т (1859). За рэв. дзейнасць сасланы ў Арэнбург (1861). З 1869 у Варшаве, выкладаў у гімназіі. У 1886 за прапаганду нац. ідэй пазбаўлены права выкладання. З 1897 дырэктар б-кі Красінскіх. Адзін з заснавальнікаў у 1905 час. «Przegląd historyczny» («Гістарычны агляд»), у 1907 — т-ва аматараў гісторыі. Аўтар манаграфій, падручнікаў па агульнай гісторыі, артыкулаў па тэорыі і методыкі гіст. даследаванняў, гістарыяграфіі. Даследаваў паліт. і эканам. гісторыю Рэчы Паспалітай.
Тв.:
Wewnętrzne dzieje Polski za Stanisława Augusta. 2 wyd. T. 1—6. Warszawa, 1897—98.
Літ.:
Włodarczyk J. Tadeusz Korzon: Głowne konccpcje historyczne i historiograficzne. Lódź, 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПЯ́ЦІЦКІ УВЯДЗЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у 1628—1817 у в. Купяцічы (цяпер Пінскі р-н). Засн. Апалоніяй Войнай (з Валовічаў) як правасл. мужчынскі манастыр пры старадаўняй царкве Уводзін Багародзіцы ў храм. Гал. яго святыняй быў абраз Маці Божай у выглядзе меднага крыжа-энкалпіёна, знойдзенага, паводле царк. легенды, у 1182 пры дзівосных абставінах. У сярэдзіне 17 ст. абраз перанесены ў Сафійскі сабор у Кіеве. Першыя манахі прыйшлі ў Купяцічы ў 1629 з Віленскага Святадухаўскага манастыра. У 1630-я г. ў манастыры жыў бел.рэліг. дзеяч і пісьменнік Афанасій Брэсцкі, які ў сваіх творах усхваляў купяціцкі абраз як гал.правасл. святыню Рэчы Паспалітай. У 1743 манастыр стаў уніяцкім і неўзабаве далучаны да Пінскага Богаяўленскага манастыра. У 1817 зачынены. Будынкі былі драўляныя, не зберагліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЕЎСКАЯ БІ́ТВА 1651,
бітва паміж войскамі ВКЛ і казацкім войскам у час антыфеадальнай вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі. З мэтай абароны паўн.-ўсх. межаў Украіны і Кіева ад войск ВКЛ Б.Хмяльніцкі накіраваў у раён Лоева, да пераправы цераз Дняпро (т. зв. «Лоеўская брама») 15-тыс. войска на чале з М.Нябабам. Гетман польны Я.Радзівіл, які ўзначальваў войска ВКЛ, 29 чэрв. падышоў да Рэчыцы і пачаў наступленне на Лоеў. У бітве, якая адбылася 6 ліп., загінулі сам Нябаба, амаль уся казацкая старшына, некалькі тыс. казакоў (частка ўзята ў палон). Потым Я.Радзівіл здзейсніў паход на Кіеў, які 4 вер. абаронцы здалі без бою. 28 вер. Украіна падпісала з Рэччу ПаспалітайБелацаркоўскі дагавор 1651.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБО́ВІЧ (Мікалай Мікалаевіч) (28.3. 1855, г. Тульчын Вінніцкай вобл., Украіна — 1935),
расійскі гісторык-славіст. Чл.-кар.АНСССР (1924), д-р гісторыі (1890), праф. (1890). Скончыў Кіеўскі ун-т (1877). З 1880 працаваў у Варшаўскім ун-це. У 1915 разам з ун-там эвакуіраваўся ў Растоў-на-Доне, выкладаў у Растоўскім (Паўн.-Каўказскім) ун-це. Гал. праблемы даследаванняў — гісторыя Рэфармацыі і Контррэфармацыі ў Рэчы Паспалітай, у т. л. Беларусі. Гіст. працы Л. засн. на метадалагічных прынцыпах пазітывізму («Гісторыя рэфармацыі ў Польшчы. Кальвіністы і антытрынітарыі», 1883; «Да гісторыі езуітаў у літоўска-рускіх землях у XVI ст.», 1888; «Пачатак каталіцкай рэакцыі і заняпад рэфармацыі ў Польшчы», 1890, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦВЕ́ЕЎ (Артамон Сяргеевіч) (1625—25.5.1682),
расійскі дзярж. дзеяч, дыпламат, баярын. Удзельнік рас. дэлегацыі на Пераяслаўскай радзе 1654, пасольства ў Рэч Паспалітую ў 1656—57. З 1669 узначальваў Маларасійскі прыказ, з 1671 адначасова Пасольскі прыказ і інш. У 1672 на перагаворах з Рэччу Паспалітай дамогся замацавання за Расіяй Кіева. Быў адукаваным чалавекам, адным з першых прадстаўнікоў рас.заходніцтва. Ініцыятар стварэння ў 1672—73 прыдворнага тэатра, дзе акцёрамі былі выхадцы з Беларусі. Пасля смерці цара Аляксея Міхайлавіча (1676), другая жонка якога Н.К.Нарышкіна была выхаванкай М., сасланы на Поўнач. У 1682 вернуты ў Маскву Пятром I. Забіты ў час Маскоўскага паўстання 1682.
Літ.:
«Око всей великой России»: Об истории рус. дипломат. службы XVI—XVII вв. М., 1989. С. 146—179.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ШСКІ ЗА́МАК Існаваў у 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. каля в. Старая Мыш
(Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл.) на высокім правым беразе р. Мышанка. Квадратны ў плане (50 × 50 м) замак быў абнесены з У, Пд і З земляным валам (шыр. каля 15, выш. 3,5—4 м) і абарончым ровам (шыр. 30, глыб. да 15 м, адхоны берагоў 45°),
з Пн ахаваны дрыгвяністым берагам ракі. На земляным вале і паўн. краі замка былі драўляныя сцены з 4 вежамі па вуглах. У 1654 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 пасля працяглай аблогі замак узяты рус. войскамі і спалены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДБА́ЙЛА (Падабайла, Пабадайла) Сцяпан (? — ліп. 1654), казацкі палкоўнік, кіраўнік казацкіх атрадаў на Беларусі ў антыфеадальную вайну 1648—51. У 1648 атрад П. і палкоўніка Гаркушы знаходзіўся ў Бабруйску, адкуль у вер. рушыў да Беразіно, а ў пач.снеж. да Старога Быхава. Пасля няўдалага штурму крэпасці казакі адступілі. У 1649 П. на чале 6 тыс. казакоў Чарнігаўскага палка абараняў т.зв. Лоеўскія пераправы, каб не дапусціць войска Я.Радзівіла на Украіну. Пасля Лоеўскай бітвы 1649 захапіў Гомель і асадзіў Чачэрск. У 1651 накіраваны Б.Хмяльніцкім у якасці пасла да Радзівіла. У Лоеўскай бітве 1651 пацярпеў паражэнне і адступіў да Чарнігава. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 узначальваў Чарнігаўскі полк казацкага войска І.Залатарэнкі. Загінуў у баі пад Гомелем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДБЯРЭ́СКІЯ,
шляхецкі род герба «Газдава» ў ВКЛ. Родапачынальнік полацкі баярын Яцка Сенькавіч (? — пасля 1520) быў жанаты з сястрой кн. Сямёна Ямантавіча-Падбярэскага Ульянай. Пасля смерці бяздзетнага князя (1540) Ульяна адсудзіла маёнтак Падбярэззе ў Аршанскім пав. і інш. ўладанні на карысць сваіх сыноў Рыгора і Івана Яцкавічаў. З іх Рыгор (1510? — пасля 1585) атрымаў пры падзеле з братам Падбярэззе і Бачэйкава і пачаў ужываць прозвішча П. Яго нашчадкі неаднаразова займалі павятовыя пасады, пераважна ў Аршанскім пав. З іх найб. вызначыўся Рыгор Казімір (1620? — 77), сын Аляксандра, ротмістр казацкай харугвы ВКЛ з 1643, удзельнік Лоеўскай бітвы 1649 з укр. казакамі, вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, ваявода смаленскі з 1667. Існаваў іншы род П., якія карысталіся гербам «Тарнава» змененая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НЦЫРНЫЯ БАЯ́РЫ, панцырныя паны—баяры,
ваеннаслужылыя людзі ў ВКЛ у 1-й пал. 15—18 ст. Рэкрутаваліся з зямян, сельскіх мяшчан і вольных людзей, якія атрымлівалі ад вял. князя за службу зямлю (у асноўным на Віцебскім, Полацкім і Смаленскім памежжы). На ўмовах бясплатнага карыстання зямлёй і інш. правамі неслі вайсковую службу (памежную варту), падпарадкоўваліся ўраду мясц. замка. Мелі прывілеі: судзіць іх мог толькі суд; захоўвалі маёнткі, падараваныя папярэднімі каралямі; забаранялася браць у П.б. падводы, коней і выкарыстоўваць на інш. службе, акрамя ваеннай; дазвалялася займацца рамёствамі, промысламі і гандлем нароўні з купцамі і мяшчанамі. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай Сенат Рас. імперыі ў 1780 залічыў П.б. у разрад сялян дварцовай канцылярыі і пакінуў за імі ўсе землі і льготы казакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАХА́СКА ((Prochaska) Антоні) (13.3.1852, в. Малыя Залешчыкі Бучацкага р-на Цярнопальскай вобл., Украіна — 23.9.1930),
польскі гісторык. Чл. Польск. АН у Кракаве (1927), д-р філасофіі (1874). Вучыўся ў Львоўскім (1871—73) і Венскім (1873—74) ун-тах. У 1878—1929 працаваў у Краёвым архіве гродскіх і земскіх актаў (Земскі архіў) у Львове. Даследаваў гісторыю Польшчы, ВКЛ, Рэчы Паспалітай 14—17 ст. Аўтар манаграфій пра жыццё і дзейнасць вял.кн.ВКЛ Вітаўта, Ягайлы, гетмана С.Жулкеўскага, праблемы уніі Польшчы і ВКЛ, адносіны з Нямецкім і Інфлянцкім ордэнамі. Выдаў «Эпісталярны кодэкс Вітаўта» (1882), «Архіўныя матэрыялы, узятыя галоўным чынам з Літоўскай метрыкі, з 1348 да 1607 г» (1890), «Архіў дому Сапегаў» (1892), «Гродскія і земскія акты» (т. 16—24, 1894—1931).