ПА́РЫЧЫ,
гарадскі пасёлак у Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., прыстань на р. Бярэзіна (бас. р. Дняпро), на аўтадарозе Бабруйск—Калінкавічы. За 32 км ад Светлагорска, 142 км ад Гомеля. 2,5 тыс. ж. (2000). Вядомы з 16 ст. як дзярж. маёнтак у Бабруйскім старостве ВКЛ. У 1639—239 ж., 43 двары. З 1793 у складзе Рас. імперыі, гандл. мястэчка (пераважна гандаль лесам), цэнтр воласці Бабруйскага пав. Мінскай губ. З канца 18 ст. належалі П.І.Пушчыну і яго спадчыннікам. Да 1855 дзейнічаў цукр. з-д. У пач. 20 ст. больш за 4 тыс. ж., бровар, гарбарны і 2 канатныя з-ды, прыстань, 2 нар. вучылішчы, жаночае духоўнае вучылішча, 2 бальніцы, аптэка, паштова-тэлеграфнае аддзяленне, 2 правасл. царквы, 3 яўр. малітоўныя дамы. З 1924 да чэрв. 1960 цэнтр Парыцкага раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў П. больш за 1700 жыхароў, дзейнічала Парыцкае патрыятычнае падполле. З 1961 у Светлагорскім р-не.
Працуюць кансервавы з-д, камбінат буд. матэрыялаў, райаб’яднанне «Сельгасхімія», 2 перасовачныя механіз. калоны, цэхі: кандытарскі, па перапрацоўцы мяса, электрасувязі. Сярэдняя, муз. і спарт. школы, дашкольная ўстанова, 2 б-кі, бальніца, Дом культуры, аддз. сувязі. Музей Вял. Айч. вайны. Царква св. Марыі Магдаліны. Брацкая магіла сав. воінаў, якія загінулі пры вызваленні раёна ў 1943—44. Помнікі архітэктуры: будынкі бальніцы (2-я пал. 19 ст.), б. жаночага вучылішча (1881), дом лесапрамыслоўца (пач. 20 ст.). За 0,5 км на ПнЗ ад П. паселішча эпохі неаліту (5—3-е тыс. да н.э.).
т. 12, с. 156
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНІВА́Р (Bonnivard, Bonivard) Франсуа дэ (лют. 1493, Савоя — канец 1570), швейцарскі паліт. дзеяч, гуманіст. З 1514 прыёр абацтва Сен-Віктор каля Жэневы. У 1528 удзельнічаў у барацьбе за незалежнасць Жэневы ад герцага савойскага Карла III, за што ў 1530 зняволены ў падзямелле Шыльёнскага замка (Банівар — прататып «Шыльёнскага вязня» Дж.Байрана). У 1536 вызвалены бернцамі, якія паўсталі. Пакінуў жэнеўскія хронікі (выд. Ў 1831).
т. 2, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«А́ФРЫКА»
(«Африка»),
энцыклапедычны 2-томны даведнік, выдадзены ў 1986—87 выд-вам «Савецкая Энцыклапедыя» (Масква). Адлюстроўвае сац.-эканам. і паліт. жыццё народаў і краін Афрыканскага кантынента, іх геаграфію, гісторыю і культуру. Складаецца з агульнага агляду, алфавітнай слоўнікавай часткі (больш за 3,5 тыс. артыкулаў), дадаткаў і паказальнікаў (імяннога, прадметнага, этнонімаў, аўтараў); каля 2 тыс. ілюстрацый, больш за 200 картаў і схем.
т. 2, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЕЗБА́РДЗІС, Безбард (Biesbārdis) Каспар Каспаравіч (8.12.1806, воласць Слока, Латвія — 12.9.1886), латышскі публіцыст і грамадскі дзеяч; адзін з лідэраў руху младалатышоў. Вучыўся ў Дэрпцкім ун-це (г. Тарту). Аўтар першага філас. артыкула на лат. мове. Выступаў супраць ням. засілля ў Прыбалтыцы, за сац. правы латышоў-сялян, за самабытнае развіццё лат. культуры. Пераклаў на лат. мову творы Ф.Шылера, Вергілія, Сафокла.
Б.Гудрыке.
т. 3, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАЦЯРПІ́МАСЦЬ,
прызнанне дзяржавай за грамадзянамі права на спавяданне любой рэлігіі (свабода веравызнання), паважлівых і роўных адносін да ўсіх рэлігій і цэркваў, якія дзейнічаюць у адпаведнасці з устаноўленым законам парадкам; цярпімасць і ўзаемапаважлівыя адносіны паміж рэлігіямі і цэрквамі, прадстаўнікамі розных рэліг. перакананняў. Барацьба за верацярпімасць узнікла ва ўмовах панавання пэўнага рэліг. кірунку, што праследаваў іншадумства, мае прагрэс. характар, садзейнічае гуманізацыі грамадства, яго талерантнасці.
т. 4, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ ГАРО́ДНА,
возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Чарнец, за 40 км на ПнЗ ад г. Гарадок. Пл. 0,24 км², даўж. 880 м, найб. шыр. 330 м, даўж. берагавой лініі больш за 2 км. Пл. вадазбору 1,25 км². Схілы катлавіны выш. 2—18 м, пад лесам. Берагі зліваюцца са схіламі, на Пд нізкія. Злучана пратокай з воз. Малое Гародна.
т. 4, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗААЗЕ́РЦЫ,
возера ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Авута, за 42 км на ПдУ ад г. Міёры. Пл. 0,28 км², даўж. больш за 1 км, найб. шыр. 450 м, даўж. берагавой лініі 2,5 км. Пл. вадазбору 4,5 км². Схілы катлавіны выш. да 8 м (на З і Пд да 13 м), пераважна разараныя. Востраў пл. 0,5 га.
т. 6, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎКЕ́ТА,
возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., на мяжы з Літвой, у бас. р. Дзісна, за 39 км на ПдЗ ад г. Браслаў. Пл. 0,25 км², даўж. 730 м, найб. шыр. 550 м, даўж. берагавой лініі больш за 2 км. Схілы катлавіны выш. 5—7 м (на Пн да 2 м), разараныя, часткова пад хмызняком. Сцёк у р. Раўкета.
т. 13, с. 375
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́НЯЯ,
рака ў Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл., правы прыток р. Свіслач (бас. р. Дняпро). Даўж. 23 км. Пл. вадазбору 508 км². Цячэ на Пд Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Пачынаецца за 3 км на З ад в. Паплавы, вусце за 2,8 км на ПнУ ад в. Цяплухі. Рэчышча каналізаванае. Асн. прытокі: Пратасевіцкі канал (злева) і Каранскі канал (справа). На рацэ г. Асіповічы.
т. 14, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБНАЎЛЕ́НЦЫ,
апазіцыйны рух у рус. правасл. царкве ў 1920—40-я г. Узніклі пасля Кастр. рэвалюцыі. Выступалі за «абнаўленне царквы», за яе лаяльныя адносіны да Сав. дзяржавы; мелі на мэце змяніць традыц. формы рэліг. дзейнасці, не закранаючы асновы веравучэння і культу. Змагаліся супраць кіраўніцтва афіц. рус. царквы, якое ў пач. 1920-х г. займала антысав. пазіцыі.
Асн. групы абнаўленцаў: «Жывая царква», «Царкоўнае адраджэнне», «Саюз абшчын старажытнаапостальскай царквы». З пераходам кіраўніцтва патрыяршай царквы на шлях лаяльнасці рух абнаўленцаў пачаў затухаць. Многія з іх парвалі з рэлігіяй, некаторыя вярнуліся ў старую царкву. Пасля смерці аднаго з лідэраў абнаўленства А.І.Увядзенскага (1946) рух спыніўся.
т. 1, с. 31
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)