МАГНІТАПРАВО́Д,
частка электратэхнічных машын, апаратаў і прыстасаванняў, якая канцэнтруе, павялічвае і размяркоўвае (з наданнем патрэбнай канфігурацыі) магнітны паток. Робіцца з ферамагнітных матэрыялаў (гл. Ферамагнетыкі), звычайна з лістоў электратэхн. сталі. М. служаць ротары і статары эл. рухавікоў і генератараў, асяродкі (Ш- або П-падобнай замкнёнай формы) эл. трансфарматараў, электрамагнітаў, электрамагн. рэле і інш.
т. 9, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́ ПАРК,
нацыянальны або прыродны парк, створаны на акваторыі мора; катэгорыя прыродных асабліва ахоўных тэрыторый. Звычайна ўключае паласу марскога ўзбярэжжа мацерыка, астравоў ці цэлыя астравы. Агульная колькасць М.п. каля 200 (пераважна ў ЗША і Японіі). Першы М.п. у б. СССР створаны каля г. Уладзівасток у 1979 на тэр. Далёкаўсходняга марскога запаведніка. Гл. таксама Нацыянальныя паркі.
т. 10, с. 133
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЁРТВЫ ЛЁД»,
маса нерухомага ледавіковага лёду, якая адарвалася ад крыніцы свайго жыўлення. Трапляецца каля ніжняга краю актыўнага ледавіковага языка і часта не мае выразнай мяжы з ім. Таўшчыня да некалькіх дзесяткаў метраў. У гарах «Мл.» звычайна ўкрыты магутным слоем марэны, што служыць прычынай яго працяглага захавання. Пры дэградацыі плейстацэнавых ледавікоў узнікалі значныя масы «Мл.».
т. 10, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІСТЭ́РЫІ (ад грэч. mystērion тайна, таінства),
тайныя рэліг. абрады (шэсці, заклінанні, оргіі і інш.), у якіх удзельнічалі толькі пасвячоныя — місты. Звычайна ілюстравалі пашыраныя міфы пра багоў і багінь. У Стараж. Егіпце адбываліся М. Ісіды і Асірыса, у Вавілоне — Тамуза, у Стараж. Грэцыі — Элеўсінскія, Арфічныя, Самафракійскія, у Стараж. Рыме — Вакха (Дыяніса), Атыса і інш.
т. 10, с. 474
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРА́Д (ваен.),
1) падраздзяленне або група ваеннаслужачых у вайск. часці, на караблі, у гарнізоне, прызначаныя для нясення ўнутранай, каравульнай і гарнізоннай службаў, а таксама для выканання інш. задач (напр., пагран. Н.). Звычайна прызначаецца на суткі, на работы — на тэрміны, вызначаныя камандзірам.
2) Пэўная колькасць сіл і сродкаў, патрэбных для выканання баявой задачы (напр., Н. самалётаў).
т. 11, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАТНО́,
1) П. тэкстыльнае — гладкая льняная, паўільняная, баваўняная ці шаўковая тканіна, якую вырабляюць палатняным перапляценнем. Звычайна ніткі асновы ва ўтку маюць аднолькавую таўшчыню і шчыльнасць (гл. Ільняная тканіна). У шырокім сэнсе тэкст. П. — тканіны, трыкатаж, гардзінна-цюлевыя і інш. вырабы.
2) П. нажовачнае — рэжучы інструмент у выглядзе стальной стужкі (пласціны) з зубамі з аднаго боку.
т. 11, с. 539
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯНІ́ЦА,
у беларусаў булка хлеба, звычайна з пшанічнай мукі круглай формы. Пяклі таксама з жытняй, грэцкай або ячнай мукі, такую П. перад выпечкай абкачвалі ў муцэ. Вядома на Магілёўшчыне, Гомельшчыне, Цэнтр. і Усх. Палессі. П. наз. таксама прэсны корж або печыва з хлебнага цеста, спечаныя пры агні. Вядома на Віцебшчыне, Цэнтр. Палессі.
т. 12, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАКА́Т,
мелкаводны ўчастак рэчышча ракі. Звычайна мае выгляд вала з пакатым схілам, звернутым супраць цячэння, і стромкім — па цячэнні. Утвараецца ў выніку нераўнамернага размыву рэчышча водным патокам і адкладам наносаў, узнікнення верхняй і ніжняй касы. Адрозніваюць П. алювіяльныя і камяністыя (шыверы). П. чаргуюцца з плёсамі, часцей трапляюцца каля вусцяў прытокаў. Перашкаджаюць суднаходству.
т. 12, с. 276
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РЫСТА-СЛАІ́СТЫЯ ВО́БЛАКІ [міжнар. назва Cirrostratus (Cs)],
бялявае паўпразрыстае покрыва, звычайна валакністае, у верхняй трапасферы. Утвараюцца з дробных ледзяных крышталёў, што звязана з узыходным рухам паветра. Характэрны для воблачных сістэм цёплых франтоў або франтоў аклюзіі, зрэдку ўзнікаюць у выніку трансфармацыі інш. тыпаў воблакаў. Ападкаў не даюць. Часта вакол іх назіраецца гало. Гл. Воблакі, Воблачнасць.
т. 12, с. 321
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКУРА́ТАР (лац. procurator літаральна папячыцель, кіраўнік),
у Старажытным Рыме: 1) домакіраўнік; 2) давераная асоба рым. грамадзяніна ў суд. і камерцыйных справах (звычайна з ліку вольнаадпушчанікаў); 3) у эпоху імперыі таксама кіраўнік вял. маёнтка (імператарскага, прыватнага), чыноўнік, які кіраваў невял. правінцыяй, загадваў зборам падаткаў у вял. правінцыі або ўзначальваў фін. ці гасп. ведамства.
т. 12, с. 549
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)