ГАЙКО́ (Андрэй Андрэевіч) (19.4.1914, Мінск — 5.9.1985),

бел. вучоны ў галіне жывёлагадоўлі. Д-р с.-г. н. (1971), праф. (1972). Скончыў Усесаюзны с.-г. ін-т завочнай адукацыі (Масква, 1947). З 1952 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі. Навук. працы па пытаннях інтэнсіўнага развіцця жывёлагадоўлі, метадах атрымання высакаякаснай ялавічыны, павышэння мясной прадукцыйнасці буйн. раг. жывёлы.

Тв.:

Красный белорусский скот. Мн., 1968 (разам з С.​І.​Тузавым, М.​П.​Грынем);

Мясная продуктивность крупного рогатого скота и качество говядины Мн., 1971.

т. 4, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНОТАБІЁТЫ (ад грэч. gnōtos вядомы + біёта),

жывёлы, вырашчаныя ва ўмовах поўнай стэрыльнасці, свабодныя ад мікраарганізмаў, вірусаў і макрапаразітаў. Ідэю пра магчымасць жыцця без мікробаў выказаў Л.Пастэр (1885). У канцы 1940-х г. амер. і яп. вучоныя распрацавалі дыеты і апаратуру, стварылі штучныя ўмовы для развіцця і размнажэння безмікробных жывёл. Выкарыстанне гнотабіётаў (марскіх свінак, мышэй, трусоў, парасят, цялят, авечак і інш.) у розных галінах эксперым. біялогіі і медыцыны прывяло да фарміравання ў 1960-я г. самаст. навук. кірунку — гнатабіялогіі.

т. 5, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕПАРЫ́Н (ад грэч. hēpar печань),

сульфатаваны мукаполіцукрыд, прыродны інгібітар сістэмы згусання крыві. Выдзелены з печані. Сінтэзуецца тлустымі клеткамі крывяносных сасудаў, печані, сэрца, лёгкіх. Комплексы гепарыну з бялкамі сістэмы згусання крыві (фібрынагенам і інш.) раствараюць агрэгаты нестабілізаванага фібрыну in vitro. Гепарын павышае пранікальнасць сасудаў, устойлівасць арганізма да гіпаксіі, уздзеяння таксінаў і вірусаў, зніжае ўзровень цукру ў крыві, прыгнятае актыўнасць шэрагу ферментаў, расшырае сасуды сэрца і нырак. Атрымліваюць з печані і лёгкіх буйн. раг. жывёлы. Выкарыстоўваюць у медыцыне.

т. 5, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў (Ілья Іванавіч) (1.8.1870, г. Шчыгры Курскай вобл., Расія — 20.3.1932),

расійскі вучоны ў галіне жывёлагадоўлі. Праф. (1907). Скончыў Харкаўскі ун-т (1896). У 1917—21 і 1924—30 у Дзярж. ін-це эксперым. ветэрынарыі (адначасова ў 1928—30 у Маскоўскім вышэйшым заатэхн. ін-це). Распрацаваў тэарэт. асновы і методыку штучнага асемянення с.-г. жывёлы. Навук. працы па праблемах біялогіі размнажэння, міжвідавой гібрыдызацыі ў жывёлагадоўлі.

Тв.:

Избр. труды. М., 1970.

Літ.:

Скаткин П.Н. И.​И.​Иванов — выдающийся биолог. М., 1964.

т. 7, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́РБІС,

снежны барс (Uncia uncia), драпежнае млекакормячае сям. каціных. Пашыраны ў высакагор’ях Сярэдняй і Цэнтр. Азіі. Летам жыве каля лініі снягоў на выш. да 5500 м, зімой у поясе хвойных лясоў, ніжэй за 1800 м.

Даўж. цела да 130 см, хваста да 105 см, Maca да 40 кг. Колер дымчата-шэры, амаль белы, з кольцападобнымі цёмнымі плямамі. У вывадку да 5, звычайна 2—3 кацяняці. Асн. корм — капытныя жывёлы. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Э.​Р.​Самусенка.

Ірбіс.

т. 7, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРМАВЫ́ РАЦЫЁН,

набор і колькасць кармоў на пэўны прамежак часу (суткі, сезон, год) з улікам патрэб жывёл у пажыўных рэчывах. Распрацоўваюць на аснове дэталізаваных кармавых норм і звестак пра пажыўнасць корму. К.р. наз. збалансаваным, калі цалкам забяспечвае патрэбы жывёлы ў нарміраваных элементах харчавання і адпавядае навукова абгрунтаваным суадносінам паміж імі. На практыцы К.р. часцей складаюць па сярэдніх (па групе ці секцыі) паказчыках жывой масы, прадукцыйнасці і ўзросту жывёл. Пры змене нормы кармлення, пажыўнасці і асартыменту кармоў рацыёны карэкціруюцца.

т. 8, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТЫ́КА (Рыгор Сцяпанавіч) (21.11. 1912, в. Істоміна Віцебскага р-на — 12.1.1992),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1962), праф. (1963). Засл. дз. нав. Беларусі (1974). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1939), працаваў у ім (у 1956—79 заг. кафедры). Навук. працы па рэакцыі арганізма с.-г. жывёл на траўму, рацыянальных метадах лячэння запаленчых працэсаў ран, аперацый у коней і буйн. раг. жывёлы, прафілактыцы траўматызму с.-г. жывёл.

Тв.:

Советы животноводу и ветспециалисту. Мн., 1965.

т. 10, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЫ́ЛЬ,

чэрвепадобныя лічынкі двухкрылых насякомых — званцоў, пераважна з родаў Chironomiis і Tendipes. Жывуць у муле стаячых і павольна цякучых эўтрофных вадаёмаў, трапляюцца да глыб. 300 м, значная ч. масы бентасу.

Даўж. да 25 мм. Цела ярка-чырв. (з-за наяўнасці гемаглабіну ў гемалімфе). Дыхаюць праз трахейныя шчэлепы і часткова праз покрыва цела. Кормяцца пераважна рэшткамі арган. рэчываў, мікраарганізмамі. Корм для рыб у вадаёмах і акварыумах; лабараторныя жывёлы ў даследаваннях.

Да арт. Матыль. Лічынка камара-званца апушанага.

т. 10, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАГА́ЙСКІ ШЛЯХ,

адзін з асн. шляхоў набегаў качэўнікаў на рас. землі. Назва вядома з пач. 16 ст., калі феадалы Нагайскай Арды карысталіся ім для перагону жывёлы на рас. рынкі. Пачынаўся ад нізоўяў Волгі і меў 2 напрамкі (зах. — уздоўж Дона да месца каля сучаснага г. Варонеж, усх. — праз міжрэчча Хапра і Суры), якія зыходзіліся каля Разані. Для прадухілення нападаў праз Н.ш. рас. ўрад рабіў засечныя лініі, засноўваў крэпасці: у 1586 Варонеж, у 1630-я г. Тамбоў, Казлоў і Ломаў.

т. 11, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРШАСНАТРАХЕ́ЙНЫЯ (Protracheata),

адзіны клас беспазваночных жывёл тыпу аніхафор. 2 сям., 70 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічнай і ўмеранай зонах Паўд. паўшар’я. Жывуць у вільготных мясцінах, у лясным подсціле. Начныя жывёлы.

Даўж. да 15 см. Цела з 13—44 сегментаў, вусенепадобнае, укрыта мяккай хіцінавай кутыкулай. Па ўсёй даўж. цела кароткія ножкі. На галаве 3 пары прыдаткаў (1-я пара — доўгія вусікі). Органы дыхання — трахеі, выдзялення — цэламадукты. Сэрца ў выглядзе трубкі з адтулінай, крывяносных сасудаў няма. Кормяцца насякомымі. Раздзельнаполыя. Пераважна жывародныя.

т. 12, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)