МАЛЕ́ВІЧ Казімір Севярынавіч (23.2.1878, каля Кіева — 15.5.1935),
бел. і расійскі мастак; адзін з заснавальнікаў абстрактнага мастацтва, заснавальнік супрэматызму. Вучыўся ў Вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1904—05) і ў студыі Ф.Рэрберга (1905—10) у Маскве. У 1919—22 выкладаў у Нар.маст. школе «новага рэвалюцыйнага ўзору» ў Віцебску, стваральнік (разам з Л.Лісіцкім) арг-цыі «Сцвярджальнікі новага мастацтва». У 1923—27 дырэктар Ленінградскага ін-та маст. культуры. Раннія творы блізкія да імпрэсіянізму («Жанчына з кветкай», 1903; «Квітнеюць яблыні», 1904), пазней імкнуўся сумясціць прынцыпы кубізму і футурызму («На сенажаці», 1909 «Станцыя без прыпынку», 1911; «Салдат першай дывізіі», 1914). З 1915 ствараў супрэматычныя кампазіцыі, у якіх цалкам адышоў ад адлюстравання натуральных рэчаў і з’яў, адмовіўся ад канкрэтнай сюжэтнай змястоўнасці твораў, трактаваў прадметную форму як камбінацыі кантрастных паводле колеру геам. элементаў: «Чорны квадрат», «Палёт аэраплана» «Супрэматызм (з сінім трохвугольнікам і чорным прамавугольнікам» (усе 1915), «Чырвоны квадрат» (1917), «Белы квадрат на белым фоне» (1919) і інш. У 1920 кіраваў маст. афармленнем свята 3-й гадавіны Кастр. рэвалюцыі ў Віцебску. У 1921 рабіў «супрэматычную кераміку» для Дзярж. завода ў Петраградзе. У апошнія гады жыцця маляваў партрэты («Дзяўчына з грэбенем», 1935, і інш.) і пейзажы. Аўтар кніг «Ад кубізму і футурызму да супрэматызму» (3-е выд.М., 1916), «Супрэматызм» (Віцебск, 1920), «Бог не скінут: Мастацтва, царква, фабрыка» (Віцебск, 1922).
Літ.:
Малевич: Художник и теоретик: Альбом. М., 1990;
Сарабьянов Д.В., Шатских А.С. Казимир Малевич: Живопись. Теория. М., 1993;
Малевич: Классич. авангард. Витебск, 1997;
Конан У. Вобраз Казіміра Малевіча: факты і міфы // Мастацтва. 1998. № 12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў-ВО́ДКІН Кузьма Сяргеевіч (5.11.1878, г. Хвалынск Саратаўскай вобл., Расія — 15.2.1939),
расійскі жывапісец. Засл. дз. маст. Расіі (1930). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства ў В.Сярова (1897—1905), студыі А.Ажбе ў Мюнхене (1901), у прыватных акадэміях у Парыжы (1905—08). Чл. аб’яднанняў «Свет мастацтва» (з 1911), «Чатыры мастацтвы» (з 1924). У 1918—33 выкладаў у ленінградскіх Дзярж. вольных маст. майстэрнях, Вышэйшых маст.тэхн. майстэрнях. Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це, АМ. Наведаў Італію (1905) і Паўн. Афрыку (1907). Зазнаў уплывы ням. і франц. майстроў сімвалізму і мадэрну, італьян. рэнесансу, рус. іканапісу, В.Барысава-Мусатава. Элегічная сузіральнасць, разарваны, вялы рытм, змрочны каларыт ранніх работ («Бераг», 1908; «Сон», 1910, і інш.) у 1910-я г. змяніліся напружанасцю і пластычнай яснасцю вобразаў, востра-рытмізаванай кампактнай кампазіцыяй, кантрастамі адкрытых яркіх колераў, выкарыстаннем прыёмаў сферычнай перспектывы; «Хлопчыкі гуляюць» (1911), «Купанне чырвонага каня» (1912), «Паўдня» (1917) і інш. У 1920-я г. пісаў прасякнутыя пафасам рэв. барацьбы тэматычныя карціны: «1918 год у Петраградзе» (1920), «Пасля бою» (1923), «Смерць камісара» (1928) і інш. Аўтар аналітычна строгіх партрэтаў (аўтапартрэт, 1918; «Г.А.Ахматава», 1922), паэт. партрэтна-жанравых кампазіцый («Дзяўчына ў сарафане», «Дзяўчына каля акна», абедзве 1928), нацюрмортаў («Ранішні нацюрморт», 1918; «Чаромха ў шклянцы», 1932). Працаваў таксама як графік і тэатр. мастак.
Тв.:
Хлыновск. Пространство Эвклида. Самаркандия: [Повести). 2 изд. Л., 1982.
Літ.:
Костин В.И. К.С.Петров-Водкин. М., 1966;
Русаков Ю.А. Петров-Водкин. Л., 1975;
Яго ж. Рисунки Петрова-Водкина: [Альбом]. М., 1978;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́АРЫНЕНЫ (Saarinen),
сям’я архітэктараў. Нарадзіліся ў Фінляндыі. Эліэль С. (20.8.1873, г. Рантасалмі — 30.6.1950), фінскі архітэктар, пачынальнік нац. рамантызму ў фін. архітэктуры. У 1893—97 вучыўся ва ун-це і політэхн. ін-це ў Хельсінкі. З 1923 працаваў у ЗША. Зазнаў уплыў амер., англ. і ням. архітэктуры канца 19 ст. Супрацоўнічаў з арх. А.Ліндгрэнам і Г.Гезеліусам (сумесныя пабудовы — фін. павільён на Сусв. выстаўцы ў Парыжы, 1900; Нац. музей у Хельсінкі, 1906—09). Звяртаўся да традыцый фін.нар.дойлідства, выкарыстоўваў мясц.буд. матэрыялы (дрэва, граніт), урачысты, геам. арнаментальны дэкор, імкнуўся да рацыянальнай арг-цыі прасторы (цэнтр. вакзал у Хельсінкі, 1904—14). Стварыў праект «Вял. Хельсінкі» (1915—18, не ажыццёўлены), засн. на прынцыпах дэцэнтралізацыі гар. структуры, імкненні да адзінства архітэктуры і ландшафту, што паўплывала на горадабудаўніцтва 20 ст.Эра С. (20.8.1910, г. Кірканумі — 1.7.1961), амер. архітэктар. Сын Эліэля С. З 1923 жыў у ЗША; працаваў з бацькам. Вучыўся ў арх. школе Іельскага унта ў Нью-Хейвене (1934). Пасля смерці бацькі здзейсніў іх сумесны праект Тэхн. цэнтра кампаніі «Джэнерал мотарс» у Уорэне (штат Мічыган; 1945—55). Зазнаў уплыў Л.Міс ван дэр Роэ. Ад рацыяналізму і неакласіцызму 1950-х г. перайшоў да арганічнай архітэктуры, пазней наблізіўся да бруталізму. Для творчасці С. характэрны пошукі сімвалічнай выразнасці арх. форм, пластычнасці, рамант. экспрэсіі (капэла Масачусецкага тэхнал. ін-та ў Кеймбрыджы, ЗША, 1953—56, аэравакзал кампаніі TWA у аэрапорце Кенэдзі ў Нью-Йорку, 1962, будынак аэравакзала імя Далеса каля Вашынгтона, 1962).
Да арт.Саарынены. Эліэль Саарынен. Цэнтральны вакзал у Хельсінкі.Да арт.Саарынены. Эра Саарынен. Аэравакзал імя Далеса каля Вашынгтона.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУХАРА́,
горад ва Узбекістане, цэнтр Бухарскай вобл., у даліне р. Зераўшан. 224 тыс.ж. (1994). Чыг. станцыя. Лёгкая (каракулевая, бавоўнаачышчальная, швейная, трыкат., шоўкаматальная), харчасмакавая (маслаэкстракцыйная, малочная, кандытарская і інш.), мэблевая прам-сць. Старадаўнія маст. промыслы (залаташвейны, шаўкаткацкі, чаканка па медзі і інш.). Пед.ін-т. Тэатр.
Засн. каля 1 ст.н. э. У 709 заваявана арабамі, значны гандлёва-рамесны і культ. цэнтр Сярэдняй Азіі. У 9—10 ст. сталіца Саманідаў дзяржавы, у канцы 10 ст. захоплена качэўнікамі, у 1220 Чынгісханам, у 1370 Цімурам, на пач. 16 ст. качэўнікамі-узбекамі, увайшла ў склад Шайбанідаў дзяржавы і стала яе сталіцай. З сярэдзіны 16 ст. сталіца Бухарскага ханства. З 1868 у складзе Расіі. У 1920—24 сталіца Бухарскай народнай савецкай рэспублікі, з 1925 ва Узбекістане, цэнтр Зераўшанскай акр., з 1938 Бухарскай вобл.
Бухара горад-музей, у якім захавалася каля 140 помнікаў архітэктуры. Найб. значныя: маўзалей Ісмаіла Самані (9—10 ст.), медрэсэ Улугбека (1417), ансамбль медрэсэ Міры-Араб (1535—36) і саборнай мячэці Калян (1514) з мінарэтам (1127), медрэсэ Абдулазіз-хана (1651—52). У 18—19 ст.маст. традыцыі захоўвала нар.дойлідства. Горад значна захаваў арх.-планіровачную структуру абкружанага сцяной Старога горада з магутнай цытадэллю (18—19 ст.) і традыц. жылымі дамамі з разьбой і размалёўкай у інтэр’ерах. Сучаснае буд-ва не закранае ансамбль Старога горада. Сярод помнікаў у наваколлі Бухары: мячэць-намазга (1119—20), ханакі Файзабад (1598—99) і Бехаўдзіна (1544—45), мемарыяльны ансамбль Чар-Бакр (мячэць, ханака і медрэсэ, 1560—63), палац эміраў Сітараі-махі-хаса (канец 19 ст. — 1918).
Да арт.Бухара. Медрэсэ Улугбека. 1417.Да арт.Бухара. Керамічная абліцоўка медрэсэ Кукельташ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЗНЯЦО́Ў Павел Варфаламеевіч (17.11.1878, г. Саратаў, Расія — 21.2.1968),
расійскі мастак. Засл. дз. маст. Расіі (1928). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1897—1903) у К.Каровіна і В.Сярова, у прыватных акадэміях Парыжа (1905).Чл. аб’яднанняў «Свет мастацтва», «Блакітная ружа», «Чатыры мастацтвы». У 1917—37, 1945—48 выкладаў у Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях — Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це, ін-це выяўл. мастацтваў і інш. ін-тах у Маскве. Працаваў у галінах станковага, манум., тэатр.-дэкарацыйнага жывапісу, у графіцы. У ранні перыяд зазнаў уплыў В.Барысава-Мусатава. Звяртаўся да матываў сноў, летуценняў, праз спалучэнне рэальнасці і мары, абагульненыя дэкар.-манум. формы імкнуўся стварыць жывапісна-вобразную аналогію літ. і муз. сімвалізму. Шукаў цэласнасць быцця, гармонію паміж чалавекам і прыродай у першабытным жыцці. У выніку паездак у Заволжа і Сярэднюю Азію стварыў «стэпавую», або «кіргізскую», серыю карцін («Міраж у стэпе», «Дождж у стэпе», «Вечар у стэпе», усе 1912, і інш.). Творам характэрны мігатлівы каларыт з тонкай градацыяй колеравых адценняў, плоскасна-лінейныя рытмы, выкарыстанне ў станковых творах тэхнікі насценных размалёвак. Аўтар манум. пано «Сцяпан Разін на стругах» (1919) для будынка Малога т-ра ў Маскве, «Калгаснае поле» (1937) для сав. павільёна Сусв. выстаўкі ў Парыжы, станковых карцін «Блакітны фантан» (1905), «Яванская танцоўшчыца» (1919), «Нацюрморт з хрусталём», «Адпачынак пастухоў» (абедзве 1927), «Маці» (1930), «Сартаванне бавоўны» (1931), «Дэкаратыўны нацюрморт» (1937), серый аўталітаграфій «Горная Бухара», «Туркестан» (абедзве 1923). Аформіў спектаклі «Сакунтала» Калідасы (1914) у Камерным т-ры, «Свята св. Ёргена» Х.Бергстэта ў т-ры ВЦСПС, «Вызвалены Дон Кіхот» А.Луначарскага ў т-ры «Камедыя» (абодва 1924) у Маскве і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РДЭРархітэктурны,
пэўнае спалучэнне нясучых і нясёных частак стоечна-бэлечнай канструкцыі, іх структура і маст. апрацоўка. Як маст. выразная форма выкарыстоўваўся ў манум. архітэктуры ў старажытнасці (Стараж. Егіпет, асіра-вавілонскае дойлідства). Класічная сістэма О. склалася ў Стараж. Грэцыі; асн. О. атрымалі найменні ад назваў плямён і абласцей: дарычны ордэр, іанічны ордэр, карынфскі ордэр. Разнавіднасць дарычнага О. — тасканскі ордэр, карынфскага і іанічнага — кампазітны ордэр. Абавязковыя састаўныя часткі О.: нясучыя — калона (аздобленая канелюрамі) з капітэллю і базай (у дарычным О. без базы), часам з п’едэсталам; нясёныя — антаблемент, які складаецца з архітрава, фрыза і карніза. Дэталі О. ўпрыгожваюць разнымі ці цягавымі профілямі — абломамі архітэктурнымі. Асаблівасці кожнага О. — у прапорцыях, прарысоўцы абломаў і формах капітэлі. Змена суадносін паміж нясучымі і нясёнымі часткамі О. надае яму і збудаванню ў цэлым разнастайныя маштабнасць і характар (напр., лаканічнасць і мужнасць — дарычны О., лёгкасць і вытанчанасць — іанічны і карынфскі О.). О. і ордэрныя сістэмы выкарыстоўваліся ў розныя гіст. эпохі (у архітэктуры Стараж. Рыма, рэнесансу, барока, класіцызму). У эпоху Стараж. Рыма і пазней ужываліся шмат’ярусныя ордэрныя кампазіцыі, ордэрныя чляненні сцяны з выкарыстаннем паўкалон і пілястраў, пашыраны О. або яго асобныя элементы ў спалучэнні са скляпеністымі або арачнымі канструкцыямі (Калізей, базілікі і ратонды Стараж. Рыма, арачныя каланады ў эпоху Адраджэння). З 15 ст. О. стаў адным з гал. кампанентаў у зах.-еўрап. архітэктуры. У рус. дойлідстве пашыраны з канца 17 ст. На Беларусі О. і ордэрныя сістэмы выкарыстоўваліся ў культавай, палацавай, грамадз. архітэктуры стыляў барока, класіцызму, эклектыкі, мадэрну, неакласіцыстычных кірункаў, у архітэктуры 1940—50-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСЕЎДАРУ́СКІ СТЫЛЬ, рэтраспектыўна-рускі стыль,
перайманне стараж.-рус. ці нар.рус. узораў у архітэктуры і маст. прамысловасці 19 ст.; умоўная назва некалькіх эклектычных кірункаў у рус. архітэктуры.
Зараджэнне П.с. ў рус. архітэктуры звязана з пашырэннем у 1830-я г. культавых збудаванняў у т.зв.рус.-візант. стылі, які запазычыў шэраг кампазіц. прыёмаў і дэкар. матываў візант. архітэктуры («узорныя праекты» цэркваў арх. К.А.Тона). Увасабляў ідэю афіц. праваслаўя пра пераемнасць паміж Расіяй і Візантыяй; карыстаўся дзяржаўнай падтрымкай. Другі кірунак, для якога характэрна выкарыстанне матываў стараж.-рус. архітэктуры, узнік пад уплывам рамантызму і славянафільства (пабудовы арх. А.М.Гарнастаева). У пач. 1870-х г. узнік новы, дэмакр. варыянт П.с. з нар. драўлянага дойлідства і разьбы (пабудовы В.А.Гартмана, І.П.Рапета). Напачатку быў пашыраны ў архітэктуры драўляных выставачных павільёнаў і невял. гар. дамоў, потым і ў манум. каменным дойлідстве.
На Беларусі пашыраны з канца 1870-х г. у культавых будынках (Аршанская Ільінская царква, Барысаўскі Васкрасенскі сабор, Гомельская капліца, цэрквы Барысаглебская ў Магілёве, Брацкая ў Брэсце, Уладзімірская ў в. Чыжэўшчына Жабінкаўскага р-на Брэсцкай вобл. і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. з рысамі П.с. ўзведзены Магілёўскага настаўніцкага інстытута будынак, Магілёўскай гарадской управы будынак, будынак абл.драм. тэатра ў Магілёве, б. даходныя дамы па вуліцах Суворава ў Віцебску, Савецкай у Гомелі і Гродне, жылыя дамы па вул. Скарыны ў Полацку і інш. У вонкавым абліччы будынкаў значную ролю адыгрывалі каларыстычнае вырашэнне і арх.-дэкар. трактоўка фасадаў, якая дасягалася сродкамі майстэрскай цаглянай муроўкі.
В.М.Чарнатаў.
Да арт.Псеўдарускі стыль. Уладзімірская царква ў в. Чыжэўшчына Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобл.Да арт.Псеўдарускі стыль. Будынак абласнога драматычнага тэатра ў Магілёве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРО́ЎКАў архітэктуры,
размяшчэнне камянёў, каменных блокаў, цэглы ў пэўнай сістэме, якая выяўляецца малюнкам швоў па паверхні сцяны. Удасканальванне тэхнікі М., выкарыстанне розных тыпаў цэглы, сістэма злучэння цаглін паміж сабой адлюстроўваюць узровень развіцця буд-ва і даюць магчымасць стварыць дакладную шкалу для датавання помніка архітэктуры. Малюнак М. неатынкаваных фасадаў з’яўляецца асн. фактарам паліхроміі ў манум. дойлідстве. Для арх.-буд. практыкі пэўнай эпохі і рэгіёна ўласцівы асобныя сістэмы М.
Вядома са старажытнасці. На Беларусі існавалі мяшаная (з камянёў і цэглы), цагляная і каменная М. Першае збудаванне ў тэхніцы мяшанай М. (опус мікстум) — Полацкі Сафійскі сабор (11 ст.). Пластыку фасадаў узбагачалі чаргаванне радоў камянёў са слаямі плінфы, якая звязвала канструкцыю М. (тэхніка са «схаваным радам»). Для Полацкай школы дойлідства (12 ст.) характэрна таксама М. са «схаваным радам», якая ўтварала 2-колерную гаму паверхні сцяны. У тэхніцы каменнай М. (опус інсертум) будавалася Мінская замкавая царква (12 ст.). Яе сцены ў сярэдзіне выкладвалі камянямі, а вонкавую паверхню абкладалі невял. прамавугольнымі блокамі вапняку. У тэхніцы дэкар. мяшанай М. пабудавана Віцебская Благавешчанская царква (12 ст.). Яе сцены мелі радавую М.: 1 рад ачасанага вапняку, 2 рады плінфы і г.д. Для Гродзенскай школы дойлідства (12 ст.) характэрна дэкар. раўнарадавая М., калі акрамя плінфы вонкавую паверхню сцен аздаблялі рознакаляровыя шліфаваныя камяні, паліваныя пліткі, з якіх выкладваліся розныя крыжападобныя фігуры. У інтэр’еры сцены мелі роўную паверхню з плінфы, на іх фоне вылучаліся круглыя гарлавіны галаснікоў. У 13—17 ст. ужывалася лусковая М., калі з цэглы ці спецыяльна падабраных камянёў выкладвалі вонкавыя паверхні сцен, а прамежкі паміж імі забутоўвалі кавалкамі цэглы і дробным каменнем (Камянецкая вежа, Гальшанскі палац). Для 2-й пал. 13 — сярэдзіны 14 ст. характэрна цагляная балтыйская М. з чаргаваннем 2—3 рубаў і старчака цэглы (Крэўскі замак). У 1-й пал. 14 ст. існавала каменная М. (гранд апарайль; Лідскі замак). У 16—17 ст. практыкавалі 2 тыпы мяшанай М.: чаргаванне суцэльных радоў камянёў і цэглы і хаатычна раскіданыя валуны па складзенай з цэглы паверхні (Гродзенскі Стары замак, замак у г.п. Мір, гл.Мірскі замкава-паркавы комплекс). З сярэдзіны 14 ст. да сярэдзіны 16 ст. пераважала цагляная гатычная М. з чаргаваннем у радзе старчака і руба (Сынковіцкая царква-крэпасць). З 15 ст. пашырылася дэкар. гатычная М., дзе выкарыстоўвалася перапаленая цэгла-клінкер (цёмна-сіняга, амаль чорнага колеру), з якой выкладвалі розныя ўзоры, найчасцей у выглядзе рамбічнай сеткі (Ішкалдскі Троіцкі касцёл). У 2-й пал. 16 ст. з’явілася рэнесансавая М. (чаргаванне радоў з старчакоў і рубаў цэглы). У 16—17 ст. ужываўся крыжовы варыянт рэнесансавай М., калі швы стыкаў рубаў знаходзіліся адзін над адным у кожным 5-м радзе цэглы (Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква). У 17—18 ст. вядома і галандская М., у якой рады з старчакоў чаргаваліся з радамі, дзе старчак чаргаваўся з рубам (Мсціслаўскі езуіцкі калегіум). У фартыфікацыйным буд-ве 16—18 ст. выкарыстоўвалася старчаковая М. (Мураванкаўская царква-крэпасць). З 2-й пал. 16 ст. фасады будынкаў атынкоўваліся, што прывяло ў 17 ст. да адраджэння раўнарадавай М. (збудаванні Магілёўскай арх. школы).
У 19 — пач. 20 ст. ў архітэктуры стыляў рамантызму, несапраўднай готыкі, мадэрн і інш. выкарыстоўвалі розныя тыпы М., але часцей гатычную. Для архітэктуры невял. капліц, касцёлаў, цэркваў, мураваных агароджаў гасп. пабудоў 19—20 ст. характэрна т.зв. разынкавая М., калі вял. камяні абмазваліся вапнай і ў яе ўтыкаліся дробныя каменьчыкі, здалёк падобныя на разынкі; часам з іх выкладвалі розныя ўзоры. У сучаснай архітэктуры практыкуецца мяшаная, цагляная і каменная М. з выкарыстаннем прыродных і штучных (бетонныя блокі, керамічныя пліты, абліцовачная цэгла) матэрыялаў. Дэкар. эфект М. дасягаецца сістэмай перавязкі цаглін паміж сабой, камбінацыяй колераў і фактуры цэглы.
Літ.:
Пазняк Р. Беларускі каменны арнамент // Маладосць. 1968. № 12;
Трусов О.А. Основные типы кладки XI—XII вв. на территории Белоруссии // Древнерусское государство и славяне. Мн., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЛЬСКАЯ АРХІТЭКТУ́РА,
праектаванне і буд-ва жылых дамоў, культ.-быт. і вытв. памяшканняў, арг-цыя і добраўпарадкаванне тэрыторыі ў сельскай мясцовасці. Развіццё С.а. залежыць ад сац.-эканам. ўкладу грамадства, нац.-быт. традыцый, прыродна-кліматычных і экалагічных умоў. З часоў сярэдневякоўя на Беларусі гістарычна склаліся гал. тыпы сельскіх паселішчаў — вёска, слабада, сяло, хутар. Асн. элемент планіроўкі — сял.сядзіба. Асн. тыпам жылля была 4- і 5-сценная хата з глінабітнай або драўлянай падлогаю і саламянай страхою. Каля хаты размяшчалі гасп. будынкі (аборы, адрыны, варыўні, гумны і інш.). Асн.буд. матэрыялы: дрэва, камень, цэгла, саман. Важная роля ў маст. аздабленні будынкаў належала разьбе архітэктурнай. Рысы С.а. мелі таксама культавыя будынкі (капліцы, званіцы і інш.). У 1-й пал. 20 ст. ў сельскім буд-ве пашыраны культ.-быт. (клубы) і вытв. будынкі (жывёлагадоўчыя фермы, збожжасховішчы і інш.), дамы з 2—3 пакоямі і кухняй-сталовай. У Вял.Айч. вайну на Беларусі разбурана і спалена 9200 вёсак. У пасляваен. гады многія з іх адноўлены ці пабудаваны новыя. У 1970-я г. распрацавана комплекснае буд-ва паводле генпланаў, асновай якіх сталі раённыя планіроўкі. Тэрыторыя пасёлкаў падзялялася на жылую і вытв. зоны (аддзеленыя сан. ахоўнай зялёнай паласой), звязаныя трансп. і пешаходнымі камунікацыямі. У асобных гаспадарках эксперыментаваліся розныя варыянты і прыёмы арх.-планіровачнай арг-цыі жылых пасёлкаў, вытв. комплексаў, інж. абсталявання, тыпы жылых дамоў, кватэр і аб’ектаў культ.-быт. прызначэння. Паводле эксперым. праектаў забудаваны цэнтр. сядзібы калгасаў і саўгасаў: у вёсках Верцялішкі (арх. В.Емяльянаў, Г.Заборскі і інш., Дзярж. прэмія СССР 1971), Сарачы (арх. Заборскі), Сноў (арх. З.Озерава і інш.), Малеч (арх. Н.Нядзелька, У.Сакалоўскі і інш.), Зашыр’е Ельскага р-на Гомельскай вобл. (арх. Емяльянаў, П.Рудзік і інш.), Леніна Горацкага р-на Магілёўскай вобл. (арх. Г.Бяганская, А.Калніньш) і інш. Сельскія пасёлкі маюць арх.-планіровачнае вырашэнне, выгоды і добраўпарадкаванне як гарадскія пасёлкі. Жылую забудову складаюць 2—4-павярховыя шматкватэрныя дамы сядзібнага тыпу (пас.Жамчужны, вёскі Астрамечава Брэсцкага р-на, в. Мышкавічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. і інш.). Значна палепшаны тыпавыя праекты сельскіх жылых дамоў і грамадскіх будынкаў. Паводле індывід. праектаў пабудаваны шэраг клубных будынкаў, прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання, дзіцячых дашкольных устаноў, школьных будынкаў, камбінатаў быт. абслугоўвання і інш. З узбуйненнем гаспадарак, выкарыстаннем разнастайных буд. матэрыялаў, канструкцый, прагрэс.тэхнал. працэсаў, з паляпшэннем умоў с.-г. працы шырока вялося буд-ва аб’ектаў с.-г. прызначэння (жывёлагадоўчыя і птушкагадоўчыя фермы, карпусы кармацэхаў, майстэрні, склады, збожжасховішчы, сянажныя і воданапорныя вежы і інш.), якія арганічна звязаны з архітэктурай населеных месцаў і ландшафтам прыроднага асяроддзя. Узаемасувязь вытв. і сялібнай зон ажыццяўляецца на аснове адзінага маштабу, суразмернага з ландшафтнымі элементамі тэрыторыі. Кантраст верт. вышынных аб’ёмаў (сянажныя і воданапорныя вежы) і гарыз. падоўжаных жывёлагадоўчых будынкаў стварае выразнае арх. аблічча забудовы вытв. зоны (комплекс птушкафабрыкі ў в. Бабінічы Аршанскага р-на Віцебскай вобл.). Чляненне фасадаў сценавымі панэлямі, выкарыстанне стужачнага шклення надаюць будынкам рысы прамысл. збудаванняў. З 1970-х г. узводзілі буйныя жывёлагадоўчыя комплексы з адм.-быт. карпусамі і добраўпарадкаванай тэрыторыяй, ствараліся буйнагабарытныя блакіраваныя памяшканні. У аснове планіроўкі комплексаў — прынцып функцыян. заніравання. Для С.а. 1980-х г. характэрна буд-ва аграпрамысл. комплексаў і аб’яднанняў. Створаны буйныя шматфункцыян. зоны вытв. прызначэння, аналагічныя прамысл. вузлам у гарадах з выкарыстаннем разнастайных буд. матэрыялаў (дрэва, прыродны камень, керамічная плітка, шкло, пластмасы і інш.). У 1990-я г. тэмпы жыллёвага буд-ва на вёсцы значна знізіліся, увага аддавалася асобным аб’ектам сац. прызначэння (бальніцы, школы і інш.). Вядучая арг-цыя па праектаванні сельскага буд-ва — унітарнае прадпрыемства Дзіпрасельбуд. Гл. таксама Жыллё, Народнае дойлідства, Драўлянае дойлідства.
Літ.:
Соколовский В.Э., Алимов Р.Н. Архитектура нового белорусского села. Мн., 1979.
Да арт.Сельская архітэктура. Комплекс птушкафабрыкі ў вёсцы Бабінічы Аршанскага раёна Віцебскай вобл.Да арт.Сельская архітэктура. Цэнтральная сядзіба калгаса ў вёсцы Сарачы Любанскага раёна Мінскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХА́ТА,
1) жылая пабудова ў беларусаў, палякаў, рускіх, славакаў, украінцаў і інш.слав. народаў. Як тып жылля гістарычна развівалася з шалаша, будана, кураня, зямлянкі, паўзямлянкі. Асаблівасці планаў, аб’ёмна-прасторавых і канстр. вырашэнняў, дэкар. аздобы сфарміраваліся пад уплывам прыродна-кліматычных, сац., эканам. умоў пэўных рэгіёнаў. Пры буд-ве Х. выпрацоўваліся творчыя прыёмы народнага дойлідства, яна стала асновай для стварэння больш складанага жылля (сядзібны дом, палац), а таксама многіх тыпаў грамадз. будынкаў (карчма, ратуша, шпіталь і інш.).
На Беларусі Х. вызначаецца дасканаласцю функцыян. вырашэнняў, рацыянальнасцю канструкцый, лаканізмам і выразнасцю форм і дэкар. прыёмаў. Асн. яе элементы (сцены, дах, франтоны, ганак, веранда і інш.) характарызуюцца прапарцыянальнасцю форм, дакладнасцю выкарыстання буд. матэрыялаў і дэкар. аздаблення. Разьба архітэктурная (вільчакоў, карнізаў, ліштваў, падзораў і інш.) разам з шалёўкай узбагачаюць маст. выразнасць Х. Будавалі Х. асобна ад гасп. пабудоў ці ў складзе жыллёва-гасп. комплексу (сядзібы пагоннага, вянковага тыпу і інш.). З 1—2 ст. вядома 1-камернае жыллё, часцей паўзямлянка з печчу-каменкай; у 10—14 ст. — звычайна наземная пабудова з вузкімі акенцамі з засаўкамі, невысокімі дзвярыма і курнай печчу (без коміна). З 16 ст. пашырана буд-ва 2- (Х. + сенцы) і 3-камернага (Х. + сенцы + Х.; Х. + Х. + сенцы; Х. + сенцы + гасп. пабудова — клець, камора, варыўня) жылля. З 19 ст. пераважала т. зв. белая Х., якая мела печ з комінам. Найчасцей Х. — зрубная пабудова вянковай канструкцыі, з хвоі ці елкі. Сцены клалі з акораных або ачэсаных бярвён, часам з дыляў — бярвён, распушчаных на 2 ці 4 плахі. Вядомы Х., зробленыя ў закідной тэхніцы. Сцены імшылі. Ніжні вянок напачатку клалі непасрэдна на зямлю. потым сталі рабіць драўляныя (стаякі, штандары) і каменныя падмуркі. Дах рабілі закотам або на стаяках, козлах, кроквах. Столь скляпеністая з бярвён ці плоская — з дошак. Да 19 ст. пашырана земляная ці глінабітная падлога (ток), якую змяніла падлога з дошак па лагах. Крылі Х. саломай, чаротам, дранкай, гонтай, дахоўкай, з пач. 20 ст. — бляхай. Для ацяплення ніжнія вянкі абносілі прызбай. сцены шалявалі. на столь насыпалі кастрыцу, мох, лісце, пясок. Уваход у Х. праз сенцы. Інш. часткі Х. (камора, клець, варыўня) мелі выключна гасп. прызначэнне.
Сац. змены ў грамадстве істотна паўплывалі на характар традыц. жылля, у т. л. на асаблівасці сучаснай сял. Х. Ёй уласціва функцыян. дыферэнцыяцыя памяшканняў, выкарыстанне трывалых буд. (цэгла, газасілікатныя блокі, шыфер, бляха і інш.) і разнастайных аддзелачных матэрыялаў (тынк, фанера, шпалеры, фарбы), інж. абсталявання (электра-, газа-, водазабеспячэнне і інш.). Знадворку перад уваходам прыбудоўваюць веранду і ганак. Выкарыстанне традыцый нар.дойлідства ўзбагачае архітэктуру і маст. выразнасць Х.
2) Асн. памяшканне жылога, часцей вясковага, дома. Прызначалася для жылля, выканання сям’ёй разнастайных гасп. работ і вытв. функцый, звязаных з промысламі і рамёствамі, а таксама для розных абрадавых і святочных дзеяў, магла дзейнічаць як своеасаблівы клуб (вячоркі, гульні, песні і інш.). Інтэр’ер традыц. Х. строга рэгламентаваны. Кут каля дзвярэй займала печ, па другі бок дзвярэй на сцяне мацавалі паліцу для посуду і інш. начыння. Па дыяганалі ад печы знаходзілася покуць («чырвоны кут») — пачэснае месца ў Х. Там знаходзіліся абразы, стаялі стол і нерухомыя лавы ўздоўж сцен. Вокны рабілі ў сценах, што стваралі чырвоны кут. Ад печы ўздоўж глухой сцяны размяшчалі палаці, на якіх спалі. З 2-й пал. 19 ст. пачалі вылучаць функцыян. зоны Х. перагародкамі, мэбляй, фіранкамі. Павялічыліся памеры вокнаў, з’явілася дадатковая печ (стаяк, галанка), часам абліцаваная кафляй. Дэкар. аздабленне Х. стваралася колерам і арнаментыкай абрусаў, посцілак, святочнага адзення, посуду, куфраў, канструкцыяй і формамі мэблі, афармлення покуці і інш.
Літ.:
Харузин А. Славянское жилище в Северо-Западном крае. Вильна, 1907;
Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973;
Соколовский В.Э., Алимов Р.Н. Архитектура нового белорусского села. Мн., 1979;
Трацевский В.В. История архитектуры народного жилища Белоруссии. Мн., 1989;