Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКТ (ад лац. pactum дагавор, пагадненне),
тэрмін, які выкарыстоўваецца для абазначэння рознага роду дагавораў міжнародных, як правіла, тых, што маюць вял.паліт. значэнне па пытаннях узаемнай або калектыўнай бяспекі, узаемадапамогі, ненападу і да т.п.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САЮ́З ТРОХ ІМПЕРА́ТАРАЎ»,
сукупнасць пагадненняў паміж Расіяй, Германіяй і Аўстра-Венгрыяй у 1873—84. Пачаты пагадненнем Аўстра-Венгрыі і Расіі, падпісаным 6.6.1873 Аляксандрам II і Францам Іосіфам I; 23.10.1873 да яго далучылася Германія. Пагадненне прадугледжвала агульнасць палітыкі, кансультацыі ў выпадку ўскладнення міжнар. становішча. Імператары абавязваліся сілай падтрымліваць мір у Еўропе. Уступленнем у саюз Расія імкнулася не дапусціць змовы Аўстрыі і Германіі за кошт яе інтарэсаў на Балканах, захаваць землі, набытыя ў Сярэдняй Азіі ў выпадку абвастрэння супярэчнасцей з Англіяй; Германія — перашкодзіць збліжэнню Францыі і Расіі. Саюз не быў трывалым і не ліквідаваў супярэчнасцей паміж саюзнікамі. Калі руска-герм. адносіны пагоршалі, Германія і Аўстрыя ў 1879 заключылі тайны дагавор, накіраваны супраць Расіі. Баючыся далейшага збліжэння Германіі і Аўстра-Венгрыі, Расія згадзілася аднавіць саюз, і ў 1881 быў заключаны руска-аўстрыйска-герм.дагавор, які абавязваў гэтыя дзяржавы трымацца нейтралітэту ў выпадку вайны адной з іх з інш. дзяржавай. Бакі абавязваліся лічыцца з інтарэсамі адзін аднаго на Балканах і не дапускаць змены граніц Турцыі. У 1884 дагавор прадоўжаны на 3 гады. У 1887 заменены рус.-герм. дагаворам.
Літ.:
Сказкин С.Д. Конец австро-русско-германского союза. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКА-АМЕРЫКА́НСКІЯ КАНВЕ́НЦЫІ І ДАГАВО́РЫ 1824, 1832, 1854, 1867.
Рэгулявалі пытанні двухбаковых адносін паміж Рас. імперыяй і ЗША: тэр., гандл., навігацыйныя і інш.Канвенцыя 1824 Аб вызначэнні граніцы расійскіх уладанняў у Паўночнай Амерыцы падпісана 17 крас. у Пецярбургу (перагаворы вяліся па ініцыятыве Расійска-амерыканскай кампаніі з 1808). Па 54°40 паўн. ш. была ўстаноўлена граніца, на Пн ад якой амерыканцы, а на Пд — рускія абавязваліся не пасяляцца; рыбная лоўля і плаванне ўздоўж берагоў па Ціхім ак. былі абвешчаны на 10 гадоў адкрытымі для суднаў абедзвюх дзяржаў. Дагавор 1832 Аб гандлі і навігацыі падпісаны 18 снеж. ў Пецярбургу. У яго аснову пакладзены прынцып узаемнага спрыяння ў адносінах свабоднага заходу суднаў ЗША і Расіі ў гавані і парты, мытных збораў, пошлін і фрахтаў; жыхарам абедзвюх дзяржаў дазвалялася гандляваць усюды, дзе дапускаўся іншаземны гандаль. Дагавор прадугледжваў пашырэнне прывілеяў, якія адзін з бакоў даваў якой-н. нацыі ў галіне гандлю і навігацыі, на іншы дагаворны бок. Дзейнічаў да 1911. Канвенцыя 1854 аб марскім нейтралітэце падпісана 22 ліп. ў Вашынгтоне ва ўмовах Крымскай вайны 1853—56, была накіравана гал. чынам супраць варожых дзеянняў брыт. і франц. флоту, якія істотна шкодзілі гандлю Расіі з замежнымі краінамі, у т. л. з ЗША.
Расія і ЗША прызнавалі за суднамі ўсіх нейтральных краін права на перавозку тавараў грамадзян ваюючых краін (у т. л. Расіі), а таксама права грамадзян нейтральных дзяржаў перавозіць свае тавары на суднах ваюючых краін (гэтыя тавары ў выпадку захопу судна непрыяцелем не маглі быць захоплены або канфіскаваны і не лічыліся ваен. кантрабандай).Дагавор 1867 Аб продажы Расіяй сваіх паўночна-амерыканскіх уладанняў ЗША (гл.Вашынгтонскі дагавор 1867).
Літ.:
Дипломатический словарь. 4 изд. М., 1985. Т. 2. С. 479-481.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКВІЗІ́ТЫюрыдычныя,
даныя, якія павінны змяшчацца ў акце, дакуменце для прызнання яго сапраўдным. Напр., дагавор, чэк, вэксаль і інш. павінны мець такія Р., як назва дакумента, дата яго складання, сума, што належыць аплаце, найменне плацельшчыка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-ЭСТО́НСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ.
Мірны дагавор 1920 (Тартускі дагавор), падпісаны 2 лют. ў г. Тарту (Эстонія) паміж РСФСР і Эст. Рэспублікай, спыніў удзел Эстоніі на баку Антанты ў вайне супраць Сав. Расіі (дагавор аб прыпыненні ваен. дзеянняў падпісаны ў Тарту 31.12.1919). Складаўся з 20 артыкулаў і шэрагу дадаткаў. Забяспечыў прызнанне Сав. Расіяй незалежнасці і самастойнасці эст. дзяржавы, вызваленне Эстоніі ад адказнасці па даўгавых і інш. абавязацельствах Расіі, перадачу Эстоніі ўсёй рас. маёмасці на яе тэр. (у т. л. суднаў, акцый фірмаў) і 15 млн.руб. з залатога запасу Расіі, што гарантавала пакрыццё золатам папяровых эст. грошай. Да Эст. Рэспублікі адышлі землі, прылеглыя да ўсх. берага р. Нарва, і раён Пячоры (Петсеры) з крэпасцю Ізборск (гл. карту). Дагаворам устанаўліваліся дыпламат. і консульскія адносіны. Ён дзейнічаў да ўваходжання Эстоніі ў склад СССР (лета 1940), у 1990—91 стаў адной з юрыд. падстаў для аднаўлення эст. дзяржаўнасці. Сучасная мяжа паміж Рас. Федэрацыяй і Эстоніяй устаноўлена Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 23.8.1944 і пастановамі Вярх. Саветаў РСФСР і Эст. ССР, прынятымі ў 1957. Дагавор 1932 аб ненападзе і мірным вырашэнні канфліктаў, падпісаны 4 мая ў Маскве паміж СССР і Эстоніяй тэрмінам на 3 гады. Бакі абавязваліся ўстрымлівацца ад нападаў і дзеянняў, накіраваных супраць тэр. цэласнасці і паліт. незалежнасці, ад удзелу ў пагадненнях і кааліцыях, накіраваных супраць другога боку. Пратаколам ад 4.4.1934 дагавор працягнуты да 31.12.1945. Пакт аб узаемадапамозе 1939, падпісаны 28 вер. ў Маскве паміж СССР і Эст. Рэспублікай па ініцыятыве сав. боку ва ўмовах пачатку 2-й сусв. вайны. Бакі абавязваліся не ўдзельнічаць у саюзах і кааліцыях, накіраваных супраць другога боку, узаемна дапамагаць, у т. л. і ў выпадку ваен. нападу ці пагрозы з боку інш. дзяржавы. Эстонія дазволіла СССР мець на а-вах Саарэмаа (Эзель), Хіума (Дага) і ў г. Пальдыскі ваен.-марскія базы і аэрадромы на правах арэнды і сав.вайск. часці для іх аховы. У чэрв. 1940 на падставе гэтага пакта Сав. Саюз увёў свае войскі ў Эстонію, у выніку чаго там адбылася змена дзярж. улады і ладу, а рэспубліка была ўключана ў склад СССР (жн. 1940).
Літ.:
Полпреды сообщают...: Сб. док. об отношениях СССР с Латвией. Литвой и Эстонией, авг. 1939 г.—авг. 1940 г.М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАФ (англ. c.a.f. — cost and freight кошт і фрахт),
базісныя ўмовы пастаўкі і аплаты тавару, паводле якіх прадавец павінен паставіць тавар на борт судна (як прадугледжваецца ўмовамі ФОБ), заключыць дагавор марской перавозкі і аплаціць фрахт да пэўнага месца выгрузкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МААСТРЫ́ХЦКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ 1992,
комплекс дагаворанасцей паміж краінамі-ўдзельніцамі Еўрапейскіх супольнасцей, якія былі дасягнуты ў г. Маастрыхт (Нідэрланды) у лют. 1992. Датычыліся стварэння Еўрапейскага саюза (гл.Маастрыхцкі дагавор 1992) і інтэграцыі яго краін-удзельніц у паліт., эканам., валютнай, сац. сферы, у галіне юстыцыі і ўнутр. спраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІ́СІЯ,
1) у цывільным праведагавор, паводле якога адзін бок (камісіянер) абавязваецца па даручэнні другога боку (камітэнта) здзяйсняць здзелкі ад свайго імя. Узаемаадносіны бакоў у дагаворы К., іх правы і абавязкі рэгламентуюцца цывільным заканадаўствам.
2) Выбраная ці назначаная група асоб, упаўнаважаная выконваць часовае ці пастаяннае даручэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-АФГА́НСКІЯ ВО́ЙНЫ,
каланіяльныя войны Англіі супраць Афганістана. У першую англа-афганскую вайну (1838—42) англ. войскі занялі (1839) гарады Кандагар, Газні, Кабул. У выніку партыз. вайны, якая перарасла ў нар. паўстанне (1841), акупац. армія была знішчана. У 1842 Англія прызнала паражэнне і пакінула Афганістан. У час другой англа-афганскай вайны (1878—80) англ. войскі занялі г. Кандагар. Эмір Якубхан заключыў з Англіяй Гандамакскі дагавор, які выклікаў у 1879 нар. паўстанне. У 1880 пад Майвандам (каля Кандагара) афганцы разбілі англ. брыгаду. Англія адмовілася ад намеру заваяваць Афганістан, аднак дамаглася свайго кантролю над яго знешняй палітыкай. Трэцяя англа-афганская вайна пачалася ў маі 1919 пасля абвяшчэння Афганістанам незалежнасці. Паражэнне англ. войскаў у выніку паўстання пуштунскіх плямёнаў, а таксама ўздым рэв. руху ў Індыі змусілі Англію заключыць у чэрв. 1919 перамір’е, у жн. 1919 — прэлімінарны мірны дагавор.