КРЫШТА́ЛІ (ад грэч. krystallos першапачаткова лёд, потым горны хрусталь, празрысты камень),
цвёрдыя целы, якія маюць натуральную форму правільнага мнагагранніка, часцінкі якога (атамы, іоны, малекулы) размешчаны паводле закону прасторавых рашотак (гл.Крышталічная рашотка). Упарадкаваная будова К. абумоўлівае іх спецыфічныя ўласцівасці — аднароднасць, здольнасць самааграньвацца, мінім.ўнутр. энергію і скрытую цеплыню плаўлення. Характэрныя ўласцівасці К. — анізатропнасць і сіметрыя (гл.Анізатрапія, Сіметрыя крышталёў). Спецыфічныя асаблівасці К. выяўляюцца ў іх механічных (спайнасць, цвёрдасць і інш.), аптычных (падвойнае праменепераламленне, плеяхраізм і інш.), электрычных (піра- і п’езаэлектрычнасць), цеплавых і інш.фіз. уласцівасцях. Пры вывучэнні К. выкарыстоўваецца комплекс метадаў даследаванняў, у т. л. рэнтгенаструктурны і крышталеаптычны аналіз.
К. ўтвараюцца адвольна ці на «зародках» з вадкіх (растворы і расплавы), газападобных (шляхам узгонкі) і цвёрдых (у час перакрышталізацыі) рэчываў пры пэўных т-рах, ціску і хім. саставе. Правільныя мнагаграннікі ўтвараюцца ў час росту К., калі яны не сутыкаюцца з інш. цвёрдымі целамі і растуць павольна. Грані К. супадаюць з плоскімі сеткамі, рэбры — з радамі прасторавых рашотак, уздоўж якіх вузлы рашоткі размешчаны найб. густа. К. аднаго і таго ж рэчыва і будовы могуць мець розную велічыню і форму, але вуглы паміж адпаведнымі гранямі і рэбрамі ў іх пастаянныя (закон пастаянства вуглоў). Пры хуткім росце ў вязкім асяроддзі ўтвараюцца недаразвітыя формы (дэндрыты, сфераліты, крышт. агрэгаты), з якіх складзена большасць цвёрдых цел. Вывучэнне скорасці росту К., які абумоўлівае іх вонкавы выгляд (габітус), дае звесткі пра іх паходжанне (генезіс). Сярод К. адрозніваюць простыя формы (складзены з аднолькавых граней, звязаных элементамі сіметрыі) і камбінацыі (сукупнасць дзвюх ці некалькіх простых форм). У прыродзе вядома 47 простых форм і каля 1500 камбінацый. Усе К. — сіметрычныя целы. Сукупнасць элементаў сіметрыі ўтварае від сіметрыі, а ў прасторавых рашотках — прасторавую групу сіметрыі. У К. адрозніваюць 32 віды сіметрыі, аб’яднаныя ў 7 крышталеграфічных сістэм (сінганій), якія ўключаюць у сябе 230 прасторавых груп.
Крышт. рэчывы пашыраны ў прыродзе. Зямная кара на 95% складаецца з К. Крышталічныя ўсе металы і сплавы, большасць буд. матэрыялаў, многія харч. прадукты, лякарствы, некаторыя ч. арганізмаў, штучныя матэрыялы. Крышт. рэчывы ўжываюцца практычна ва ўсіх галінах нар. гаспадаркі. Адзіночныя К. выкарыстоўваюцца для апрацоўкі цвёрдых матэрыялаў (алмаз), у лазернай тэхніцы (рубін), на выраб лінзаў і палярызатараў для аптычных прылад (ісландскі шпат, флюарыт, кварц), гадзіннікавых камянёў (рубін), п’езапласцінак (кварц), у радыёэлектроніцы, тэлеф. сувязі, гідралакацыі, ювелірнай справе і інш.
Літ.:
Попов Г.М., Шафрановский И.И. Кристаллография. 5 изд. М., 1972;
Шаскольская М.П. Кристаллография. 2 изд. М., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛЬПЫ (ням. Alpen, франц. Alpes, італьян. Alpi ад кельцкага alp высокая гара),
найвышэйшая горная сістэма Зах. Еўропы на тэр. Францыі, Італіі, Швейцарыі, Аўстрыі, Ліхтэнштэйна, Германіі і Славеніі. Даўж. каля 1200 км, шыр. да 260 км, найб.выш.г. Манблан (4807 м). Альпы — складаная сістэма горных масіваў і хрыбтоў, што працягнуліся дугой ад Міжземнага м. да Сярэднедунайскай раўніны. Папярочная даліна між азёрамі Бодэнскім і Кома падзяляе Альпы на больш вышынныя Зах. Альпы і больш нізкія і шырокія Усходнія. У Заходніх вылучаюць Прыморскія, Коцкія, масіў Пельву, Грайскія, Савойскія (з масівам Манблан), Бернскія і інш.Горны ланцуг Усходніх Альпаў прадстаўлены Рэтыйскімі, Эцтальскімі, Цылертальскімі Альпамі, Высокім і Нізкім Таўэрнам. Альпы належаць да маладых складкавых структур альпійскага арагенезу (гл.Альпійская складкавасць). Характэрны зубчатыя грабяні, глыбокае расчляненне, вял. пашырэнне ледавіковых формаў рэльефу (гл.Альпійскі рэльеф). Восевая зона сфарміравана стараж. крышталічнымі (гнейсы, слюдзяныя сланцы), магматычнымі (граніты) і метамарфічнымі (кварцава-філітавыя сланцы) пародамі. Перадгор’і Альпаў складзены з вапнякоў, мергеляў, даламітаў, філітаў і маладых маласавых фармацый. Карысныя выкапні: жалезныя, медныя, уранавыя руды, магнезіты, баксіты, каменная соль, у невял. колькасці каменны і буры вугаль.
Альпы — важны кліматападзел Еўропы. На паўн. і зах. перадгор’ях клімат умераны, вільготны, на паўднёвых — субтрапічны міжземнаморскі. Ва ўнутр. раёнах гор выразная вертыкальная занальнасць (т-ра паніжаецца праз кожныя 100 м на 0,3—0,7 °C), фёнавыя вятры выклікаюць кароткія рэзкія пацяпленні. Ападкаў на наветраных зах. і паўн.-зах. схілах 1500—2000 мм за год (месцамі 4000 мм), ва ўнутр. горных далінах 500—800 мм. Снегавая лінія на выш. ад 2500 м на ПнЗ да 3500 м у найб. сухіх унутр. і ўсх. раёнах. Характэрна сучаснае зледзяненне (каля 1200 ледавікоў агульнай пл. 3 тыс.км). З ледавікоў пачынаюцца рэкі Рона, Рэйн, По, Адыджэ, Ін, Драва і інш. Азёры ледавіковага і тэктанічна-ледавіковага паходжання: Жэнеўскае, Бодэнскае, Лага-Маджорэ, Кома (глыб. да 410 м). Для Альпаў характэрна вышынная пояснасць (вылучаюць 5 ландшафтных паясоў).
Пояс перадгор’яў і горных схілаў да выш. 800 м. Клімат умераны, цёплы, на паўд. схілах з міжземнаморскімі рысамі; букавыя і дубовыя лясы значна высечаныя; сады, вінаграднікі, палі збожжавых на горных бурых глебах. Пояс гор (на выш. 800—1800 м) з умераным і ўмерана вільготным кліматам заняты шыракалістымі (дуб, бук, клён, граб) лясамі, якія змяняюцца хваёвымі (елка, піхта, еўрап. кедр, лістоўніца) на горных бурых лясных ападзоленых глебах. Пашы і агароды да 1100—1400 м. На выш. 1800—2300 мсубальпійскі пояс з халодным кліматам, моцнымі вятрамі, доўгатэрміновым снегавым покрывам, пераважна высакагорнай хмызняковай расліннасцю (рададэндран, ядловец, кедравы сланік і інш.) і субальпійскімі лугамі. Вышэй (да граніцы вечнага снегу) альпійскі пояс з суровым халодным кліматам і альпійскімі лугамі і нівальны пояс (вечных снягоў і ледавікоў); ландшафты халодных высакагорных камяністых ледавіковых і снежных пустыняў.
Альпы — адзін з важнейшых рэкрэацыйных раёнаў Еўропы. Цэнтр альпінізму, турызму, гарналыжнага спорту.
Літ.:
Благоволин Н.С., Серебрянный Л.Р. Рельеф Европы // Рельеф Земли. М., 1967;
Ерамов Р.А. Физическая география Зарубежной Европы. М., 1973;
Жучкевич В.А., Лавринович М.В. Физическая география материков и океанов. Ч. 1. Евразия. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕРА́ЛЫ (ад позналац. minera руда),
прыродныя хім. злучэнні, радзей самародныя элементы, пераважна цвёрдыя целы крышталічнай і аморфнай будовы, прыкладна аднародныя паводле хім. саставу і фіз. уласцівасцей, утвораныя ў выніку фіз.-хім. працэсаў у нетрах і на паверхні Зямлі або інш. планет, устойлівыя ў пэўных фіз.-хім. межах; састаўная ч. горных парод і руд. Гэта самародныя элементы, сульфіды, галагеніды, аксіды і гідраксіды, кіслародныя солі. Да М. часам адносяць некаторыя арган. злучэнні і ваду. М., якія складаюць горныя пароды, наз.пародаўтваральнымі, тыя, што прысутнічаюць у пародзе ў нязначнай колькасці — акцэсорнымі.
Фіз. і хім. ўласцівасці пераважнай большасці М. залежаць ад хім. саставу і структуры крышт. рашоткі. Вылучаюць ізаморфныя разнавіднасці мінералаў (пры аднолькавай форме пераменны хім. састаў) і паліморфныя аднаго хім. саставу (напр., алмаз і графіт). Вядома каля 2 тыс. М. Найб. пашыраны М. класа сілікатаў (34% ад агульнай колькасці), аксіды і гідраксіды (каля 25%), сульфідныя злучэнні і іх аналагі (каля 20%). Колер, бляск, празрыстасць, цвёрдасць, шчыльнасць, спайнасць, злом, аптычныя характарыстыкі, магнітнасць, электраправоднасць, радыеактыўнасць і інш. ўласцівасці М. цесна звязаны з хім. саставам і структурай. Колер М. разнастайны і залежыць ад храмафорных (афарбоўваючых) элементаў, змены аптычнай аднароднасці крышт. рашоткі, мех. дамешкаў і інш. Бляск М. шкляны, алмазны, паўметалічны і металічны. М. падзяляюцца на празрыстыя (напр., тапаз, горны хрусталь), паўпразрыстыя (напр., кінавар, сфалерыт), непразрыстыя (напр., магнетыт, графіт). Цвёрдасць М. вызначаецца пераважна паводле шкалы Моаса (ад 1 да 10, напр., тальк — цв. 1, алмаз — цв. 10). Пры вызначэнні М. і ўмоў іх утварэння вял. значэнне мае марфалогія (вонкавы выгляд крышталяў — прызматычныя, таблітчастыя, ігольчастыя, слупковыя, ліставатыя, лускавінкавыя і інш.; характар агрэгатаў — друзы, жэоды, сакрэцыі і інш.). Тэрыторыі з пэўным комплексам М. наз.мінералагічнымі правінцыямі; прамежкі часу, спрыяльныя ўтварэнню пэўнага комплексу М., наз. мінералагічнымі эпохамі. Вывучэнне ўзаемасувязі паміж хім., фіз. і марфал. асаблівасцямі М. і ўмовамі іх утварэння ўзнаўляе гісторыю фарміравання радовішчаў, што складае навук. аснову пошукаў і разведкі карысных выкапняў. У аснове сучаснай класіфікацыі М. ляжыць крышталехім. прынцып, які адлюстроўвае тып хім. злучэння і тып. хім. сувязі паміж структурнымі адзінкамі. Паводле класіфікацыі А.Г.Бяцехціна, усе М. падзяляюцца на арганічныя і неарганічныя, неарганічныя — на 6 раздзелаў, унутры іх вылучаюцца класы, падкласы і групы.
На Беларусі вядома некалькі соцень М. У крышт. фундаменце трапляюцца акцэсорныя М.: самародныя элементы (плаціна, ірыдый, золата, ртуць), сульфіды (кінавар, барніт, кавелін), групы гранатаў (андрадыт, альмандын, піроп), піраксены (аўгіт, дыяпсід, саліт, ферасаліт, гіперстэн, эгірын, энстатыт), амфіболы (рагавая падманка, актыналіт, трэмаліт і інш.). У асадкавай тоўшчы трапляюцца самародная медзь, спадарожнік алмазу — піроп, з групы гідраксідаў — дыяспор і інш.Мінеральную сыравіну, што здабываюць у Беларусі, выкарыстоўваюць у прам-сці буд. матэрыялаў, хім., керамічнай, як агранамічныя руды, абліцовачныя матэрыялы і інш.
Літ.:
Бетехтин А.Г. Минералогия. М., 1950;
Лазаренко Е.К. Курс минералогии. 2 изд. М., 1971;
Ярцев В.И., Аношко Я.И. Минералогия. Мн., 1998.
Я.І.Аношка.
Да арт.Мінералы. 1. Мікраклін, карлсбадскі двайнік. 2. Купраадамін. 3. Селеніт. 4. Галіт з крышталямі гіпсу. 5. Папіршпат. 6. Кракаіт. 7. Гётыт — «бурая шкляная галава» ў ліманітавай жэодзе. 8. Азурыт. 9. Шэрл у кварцы. 10. Кальцыт.
Княства Андора (каталанскае Principat d’Andorra, ісп. Principado de’Andorra, франц. Principauté d’Andorre), дзяржава на ПдЗ Еўропы ва ўсх. Пірэнеях паміж Іспаніяй і Францыяй. Пл. 465 км², нас. 64 тыс. чад. (1993). Сталіца — г.Андорала-Вела. Афіц. мова каталанская, выкарыстоўваецца таксама ісп. і французская. Насельніцтва: іспанцы (61%), андорцы (30%), французы (6%) і інш. Большасць вернікаў — католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 137 чал. на 1 км². У адм.-тэр. адносінах Андора падзяляецца на 7 абшчын. Афіцыйна Андора — суверэннае парламенцкае княства, фактычна — рэспубліка. Заканадаўчы орган — аднапалатны Ген. савет, які выбіраецца ўсеаг. прамым галасаваннем на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Выканаўчы савет (урад) з 5 міністраў. Узбр. сіл не мае. Існуюць невял. паліцэйскія фарміраванні для аховы грамадскага парадку.
Прырода. Размешчана на паўд. схілах Пірэнеяў у даліне р. Валіра і яе прытокаў (бас.р. Эбра), акружанай гарамі выш. 800—2942 м. Шмат азёраў ледавіковага паходжання. Сярэднія т-ры студз. ў гарах -15 °C, у даліне Валіры і на Пд Андоры -2 °C, ліп. — да 20 °C, ападкаў 1000—2000 мм за год. Частыя засухі. Па схілах гор шыракалістыя (дуб, граб, бук, каштан; займаюць 30% тэр.) і ялова-піхтавыя лясы, вышэй — субальпійскія і альпійскія лугі. Карысныя выкапні: свінцовыя, жал. і сярэбраныя руды, шыферныя сланцы, каштоўныя і вырабныя камяні, ёсць мінер. воды.
Гісторыя. Першае ўпамінанне ў крыніцах адносіцца да 805. У сярэднія вякі тэр. Андоры — феад. ўладанне ў асн. графаў дэ Фуа і епіскапаў Урхельскіх; паводле пагаднення 1278 іх сумесны сюзерэнат. Пазней правы графаў дэ Фуа перайшлі да франц. каралёў. З 1419 дзейнічае Ген. савет — найстарэйшы (пасля ісландскага) парламент у Еўропе. У 1866 уведзена канстытуцыя, з 1867 улада епіскапа абмежавана. У жыцці і звычаях народа Андоры захоўваюцца перажыткі дафеад. і феад. адносін (абшчынная ўласнасць на зямлю, звычаёвае права і інш.). У 1933 уведзена ўсеагульнае выбарчае права для мужчын, у 1970 — і для жанчын. У 1981 падпісаны дэкрэт аб «рэформе інстытутаў» (раздзяленні ўлады), якім прадугледжана акрамя Ген. савета стварэнне Выканаўчага савета. Пасля парламенцкіх выбараў у 1992 Ген. савет і ўрад узначаліў лідэр рэфармістаў О.Рыба-Рэйг. На рэферэндуме ў сак. 1993 прынята новая канстытуцыя. 2.6.1993 падпісаны дагаворы аб добрасуседстве, дружбе і супрацоўніцтве з Францыяй і Іспаніяй, якія першыя прызналі суверэнітэт Андоры. Да гэтага моманту, знаходзячыся пад двайным пратэктаратам Францыі і епіскапа Урхельскага, Андора плаціла ім абодвум сімвалічную даніну грашамі і натурай. Паліт. партыі: Саюз і прагрэс, Дэмакр. саюз і інш.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — абслугоўванне турыстаў (больш за 10 млн.чал. штогод, 250 атэляў). Развіты лячэбна-аздараўленчы і горны турызм (асабліва лыжны). Бальнеалагічны цэнтр Андоры — г. Лес-Эскальдэс. Валавы ўнутр. прадукт — 760 млн.дол. (1992). Прадпрыемствы харчасмакавай (у т. л. тытунёвай), лёгкай прам-сці. ГЭС магутнасцю 26,5 МВт. Развіты саматужныя і дапаможныя промыслы — выраб сувеніраў, вытв-сць драўнянага вугалю, лесанарыхтоўкі. У сельскай гаспадарцы спалучаюцца пашавая жывёлагадоўля і земляробства. Разводзяць авечак (больш за 25 тыс. галоў). Пад с.-г. культурамі 4% тэр. краіны. Вырошчваюць ячмень, жыта, кукурузу, бульбу, агародніну, тытунь (20% пасяўной пл.), вінаград, аліўкавыя дрэвы. Транспарт аўтамабільны, аўтамагістралі злучаюць Андору з Іспаніяй і Францыяй. Экспарт: электраэнергія, свінцовая руда, воўна, аўчыны, тытунь, соль, керамічныя вырабы, драўняны вугаль. Імпарт: прамысл. і харч. тавары. Гал. знешнегандлёвыя партнёры — Францыя, Іспанія і Вялікабрытанія. Андора — міжнар. фінансавы цэнтр. Грашовыя адзінкі — франц. франк і ісп. песета.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАРКТЫ́ДА,
мацярык у Паўднёвым паўшар’і, у межах Паўд. палярнага круга, займае цэнтр. частку Антарктыкі. Пл. 13 975 тыс.км² разам з астравамі і шэльфавымі ледавікамі (найб. Роса, Фільхнера, Роне і інш., агульнай пл. 1582 тыс.км²). Пастаяннага насельніцтва няма. Берагі Антарктыды (даўж. больш за 30 тыс.км) парэзаны слаба. Пераважаюць ледавіковыя абрывы выш. 20—100 м. З боку Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага ак. абмываюць Антарктыду моры Уэдэла, Лазарава, Рысер-Ларсена, Касманаўтаў, Садружнасці, Дэйвіса, Моўсана, Дзюрвіля, Роса, Амундсена, Белінсгаўзена. У напрамку да Паўд. Амерыкі цягнецца вузкі Антарктычны паўвостраў. У м. Роса ўзвышаецца дзеючы вулкан Эрэбус (3794 м).
Ледавіковае покрыва і рэльеф. Антарктыда ўкрыта магутным шчытом мацерыковага лёду, не занята ледавікамі 0,2—0,3% тэр. (асобныя горныя вяршыні, хрыбты, невял. ўчасткі сушы — антарктычныя аазісы). Агульная пл. зледзянення (пачалося 300 млн.г. назад) 2044 каля 12 000 тыс.км², аб’ём лёду 24 млн.км³. Сярэдняя тоўшча ледавіковага покрыва 1720 м, найб. — 4500 м. Антарктыда — самы высокі мацярык на Зямлі. Сярэдняя выш. з улікам ледавіковага покрыва 2040 м. Сярэдняя выш. карэннай падлёднай паверхні 410 м (значная ч. ляжыць ніжэй за ўзровень мора). Большая ч. Антарктыды — пласкагор’е. Трансантарктычныя горы ўздоўж разломаў ад м. Уэдэла да м. Роса перасякаюць амаль увесь мацярык і падзяляюць Антарктыду на Усх. і Заходнюю. Плато Савецкае займае цэнтр.ч.Усх. Антарктыды (выш. да 4000 м), на Пн паверхня зніжаецца і ўтварае нізіну Міжнар.геафіз. года. Уздоўж узбярэжжа горныя хрыбты Зямлі Вікторыі, Зямлі Каралевы Мод, горы Прынс-Чарлз і інш. Паверхня Зах. Антарктыды значна ніжэйшая, больш расчлянёная, хрыбты размешчаны ў глыбіні мацерыка і на ўзбярэжжы. Самы высокі горны масіў Вінсан (5140 м, у гарах Элсуэрт). Рэльеф карэннай скальнай паверхні Антарктыды — чаргаванне горных падняццяў (падлёдавыя горы Гамбурцава і Вярнадскага) і глыбокіх нізін.
Геалагічная будова. Большая ч. Антарктыды — Антарктычная платформа, астатняя належыць да антарктычнага складкавага пояса, які з’яўляецца працягласцю Андаў. Карысныя выкапні: каменны вугаль, жал., медныя і свінцовыя руды; знойдзены мінералы, у якіх ёсць бром, волава, марганец, малібдэн, радовішчы графіту, горнага хрусталю і інш.
Клімат Антарктыды кантынентальны антарктычны, халодны і суровы (гл.Антарктычны клімат). Пануюць антарктычныя паветраныя масы, фарміруецца антарктычны антыцыклон. Сярэднія т-ры зімой ад -20 да -30 °C на ўзбярэжжы і ад -60 да -70 °C ва ўнутр. раёнах; летам адпаведна ад -10 да -30 °C, -40 °C. Абсалютны мінімум т-ры -89,3 °C зафіксаваны ў цэнтр.ч. на ст. Усход (Полюс холаду Зямлі). Ападкі толькі ў выглядзе снегу: 30—50 мм у цэнтр.ч. Антарктыды, 700—1000 мм на ўзбярэжжы за год. Моцныя штармавыя цыкланічныя і сцёкавыя вятры ў прыбярэжных раёнах дасягаюць скорасці 50—60, часам 90 м/с.
Арганічны свет. Для аазісаў характэрны ўмовы тыповых палярных пустыняў. Ёсць разнастайныя азёры (прэсныя і горка-салёныя). Свабодныя ад лёду ўчасткі ўзбярэжжа і скалы ўкрыты лішайнікамі, імхамі, водарасцямі (на Антарктычным п-ве — папарацепадобныя, каля 10 відаў кветкавых раслін). Фауна своеасаблівая і бедная: з птушак — пінгвіны, знойдзена некалькі відаў членістаногіх (кляшчы, нагахвосткі, ціхаходы і інш.).
Адкрыта Антарктыда 28.1.1820 рус. экспедыцыяй Ф.Ф.Белінсгаўзена і М.П.Лазарава. У пач. 20 ст. тут пабывалі Р.Скот, Э.Шэклтан, Р.Амундсен, Д.Моўсан і інш. У 1911 экспедыцыя Амундсена і ў 1912 Скота дасягнулі Паўд. полюса. У сувязі з Міжнар.геафіз. годам (1957—58) на мацерыку і прыбярэжных астравах створаны і дзейнічаюць 40 (1988) палярных станцый 16 краін свету, якія вядуць навук. даследаванні. Прававое становішча Антарктыды рэгулюецца Міжнар. дагаворам 1959.
Літ.:
Каменев В.М. Заповедная Антарктика. Л., 1986;
Бардин В. В горах и на ледниках Антарктиды. М., 1989.
В.Ю.Панасюк.
У Антарктыдзе.Палярная станцыя Дзюмон-Дзюрвіль (Францыя) у Антарктыдзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНУА́ТУ (Vanuatu),
Рэспубліка Вануату (англ. Republic of Vanuatu; франц. Republique de Vanuatu), дзяржава на а-вах Новыя Гебрыды, у паўд,зах.ч. Ціхага акіяна. Пл. 14,8 тыс.км². Нас. 165,9 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Віла. Падзяляецца на 11 акруг. Дзярж. мова — біслама (піджын), мясц. спрошчаны варыянт англ. мовы, афіц. мовы англ., французская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (30 ліп.).
Дзяржаўны лад. Вануату — рэспубліка. Уваходзіць у склад Садружнасці, якую ўзначальвае Вялікабрытанія. На чале дзяржавы прэзідэнт. Заканадаўчы орган — аднапалатны парламент. Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. У склад дзяржавы ўваходзіць 12 значных астравоў, у т. л. Эспірыту-Санта (пл. 3,7 тыс.км²), Малекула (2 тыс.км²), Эраманга (1 тыс.км²), Эфатэ (0,9 тыс.км²), і каля 70 дробных. Рэльеф горны (выш. да 1888 м); каля 60 вулканаў, у т. л. 10 дзеючых; ёсць каралавыя астравы, акаймаваныя рыфамі. Бываюць землетрасенні. Карысныя выкапні: марганцавая руда, алмазы, золата і серабро, сера. Клімат трапічны, з гарачым і дажджлівым сезонам (ліст.—крас.), цыклонамі. Сярэднямесячная т-ра паветра 20—27 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў 2310 мм. Пераважае расліннасць трапічных лясоў. Мора багатае рыбай.
Насельніцтва. 94% насельніцтва — меланезійцы (каля 100 моў і дыялектаў), жывуць таксама палінезійцы, невял. групы еўрапейцаў (пераважна французы, англічане, англа-аўстралійцы) і інш. Паводле веравызнання 36% прэсвітэрыяне, 15% католікі, 15% англікане. Ёсць прыхільнікі мясц. культаў і інш. Сярэдняя шчыльн.нас. 11,2 чал. на 1 км². Найб. населены в-аў Эфатэ, дзе жыве 31 тыс.чал. і знаходзіцца сталіца Вануату.
Гісторыя. Астравы заселены каля 1300 да н.э. У 1606 іх адкрыў ісп. мараплавец Педра Кірос. У 1774 архіпелаг даследаваў Дж.Кук і даў ім назву Новыя Гебрыды. З 1839 распачата каланізацыя, з 1906 сумеснае ўладанне (кандамініум) Вялікабрытаніі і Францыі. У калан. перыяд тут выраблялі гал. чынам копру (сушаная мякаць какосавага арэха). У 2-ю сусв. вайну армія ЗША выкарыстоўвала астравы (з 1942) для нападу на занятыя японцамі Новую Гвінею і Саламонавы а-вы. У выніку выступленняў насельніцтва Новых Гебрыдаў супраць іншаземнага панавання англа-франц. улады ў 1957 стварылі Кансультатыўны савет; у 1975 ён пераўтвораны ў Прадстаўнічую асамблею, якая выконвала ролю парламента. У 1978 Новыя Гебрыды абвешчаны самакіравальнай тэрыторыяй. На выбарах 1979 перамагла партыя Вануаку («Наша зямля»), якая змагалася за незалежнасць астравоў.
Незалежнасць абвешчана 30.7.1980, б. калонія названа Вануату — «краіна, якая была, ёсць і будзе». У 1982 улады Вануату забаранілі заход у парты краіны караблёў з ядз. зброяй і атамнымі энергет. ўстаноўкамі. У снеж. 1988 прэзідэнт дзяржавы Дж.Сакаману спрабаваў распусціць парламент і адхіліць ад улады ўрад прэм’ер-міністра У.Ліні. У выніку выбараў 1991 утвораны кааліцыйны ўрад на чале з прэм’ер-міністрам М.К.Корманам. Прэзідэнт краіны з сак. 1994 Ж.М.Лее. Вануату — член ААН (з 1981), Руху недалучэння (з 1983), брыт. Садружнасці, рэгіянальных арг-цый Паўднёваціхаакіянскі форум і Паўднёваціхаакіянская камісія. Дзейнічаюць партыя Вануаку, Саюз памяркоўных партый, Меланезійская прагрэс. партыя, Нац. аб’яднаная партыя.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка (трапічнае плантацыйнае земляробства на вузкіх палосах зямлі на ўзбярэжжы) і турызм. Вырошчваюць какосавую пальму (копра, пальмавы алей), какаву, каву, хлебнае дрэва, ямс, таро, бананы, цукр. трыснёг, маніёк, агародніну. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, коз, авечак. Птушкагадоўля. Развіваецца рыбалоўства. Прам-сць развіта слаба. Здабыча марганцавай руды (в-аў Эфатэ), алмазаў, золата і серабра (а-вы Малекула і Эспірыту-Санта). Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Працуюць невял. кансервавыя, рыбаперапр. і тэкст. прадпрыемствы. Штогод краіну наведваюць каля 30—40 тыс. турыстаў пераважна з Аўстраліі, Новай Зеландыі, Японіі. Транспарт аўтамабільны (даўж. аўтадарог 900 км), марскі (125 разнастайных, пераважна невял. суднаў), авіяцыйны (31 аэрадром). Экспартуецца (на суму каля 16—24 млн. долараў ЗША штогод) копра, какава, мяса замарожанае і кансерваванае, рыба, драўніна, марганцавая руда і інш. Імпарт (на 60—80 млн. долараў ЗША штогод) — машыны і трансп. сродкі, харч. тавары, вырабы цяжкай прам-сці, матэрыялы і паліва, хімікаты і інш.Гал.гандл. партнёры — Аўстралія, Японія, Нідэрланды, Новая Зеландыя, Францыя і інш. Грашовая адзінка — вату.
Літ.:
Рубцов Б. Вануату: Десять лет независимости // Мировая экономика и междунар. отношения. 1990. № 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРДЫЛЬЕ́РЫ ПАЎНО́ЧНАЙ АМЕ́РЫКІ,
паўночная частка горнай сістэмы Кардыльераў на ЗПаўн. Амерыкі. Выцягнутыя у мерыдыянальным напрамку ўздоўж берагоў Ціхага ак. ад Аляскі да Панамскага перашыйка на тэр. ЗША, Канады і Мексікі. Даўж. больш за 9 тыс.км, шыр. ад 800 км (у Канадзе) да 1600 км (у ЗША). У іх вылучаюцца 3 падоўжныя араграфічныя паясы: зах., унутр. і ўсходні. Заходні, або Ціхаакіянскі, пояс складаецца з ланцуга высокіх горных хрыбтоў. Найб. значныя: Аляскінскі хрыбет (з найвыш. пунктам мацерыка г.Мак-Кінлі — 6193 м), Алеуцкі, Берагавы хрыбет, Каскадныя горы, Сьера-Невада, Зах. Сьера-Мадрэ, Папярочная Вулканічная Сьера, Паўд. Сьера-Мадрэ. Уздоўж берага цягнецца раздроблены Астраўны хр. (архіпелаг Аляксандра, Каралевы Шарлоты астравы, в-аўВанкувер). Усходні, або пояс Скалістых гор, утварылі масіўныя хрыбты: Брукса хрыбет, Рычардсан, горы Макензі, уласна Скалістыя горы (г. Элберг — 4399 м) і Усх. Сьера-Мадрэ. Да ўнутранага пояса належаць: на Алясцы — шырокія тэктанічныя ўпадзіны, якія чаргуюцца з плоскавяршыннымі горнымі масівамі выш. да 1500—1700 м (горы Кілбак, Кускаквім, Рэй); у Канадзе — шматлікія высокія плато (Юкан, Стыкін, Фрэйзер), горныя масівы і хрыбты (горы Касіяр—Омінека, 2590 м; Калумбійскія горы, да 3581 м); у ЗША і Мексіцы — высакагорныя масівы ў вобласці пашыранага развіцця баталітаў у штаце Айдаха (выш. да 3857 м), вулканічныя плато Снейк і Калумбійскае плато, нагор’е Вялікі Басейн, ступеньчатае плато Каларада і Мексіканскае нагор’е. Кардыльеры Цэнтр. Амерыкі складаюцца з 3 дуг: 2 з іх працягваюць ланцугі К.П.А. — Усх. Сьера-Мадрэ і Паўд. Сьера-Мадрэ, трэцяя — Вулканічная Сьера (вулкан Тахумулька, 4217 м, — найвыш. пункт Цэнтр. Амерыкі) працягваецца ад тэр. Гватэмалы да Панамы і злучаецца з АндаміПаўд. Амерыкі.
К.П.А сфарміраваны ў мезакайназоі з рознаўзроставых геал. структур: дакембрыйскіх (плато Каларада, некат. хрыбты Скалістых гор), крышт. палеазойскіх утварэнняў (плато Юкан, хрыбты Брукса, Макензі), мезазойскіх баталітаў (Берагавы хр., Сьера-Невада), складкавых асадкавых і вулканагенных тоўшчаў (хрыбты зах. пояса), кайназойскіх вывергнутых парод (Папярочная Вулканічная Сьера, Аляскінскі хр). Радовішчы свінцова-цынкавых, медна-малібдэнавых руд, вальфраму, урану, золата, нафты і інш. Ледавікі больш развіты ў паўн. частцы К.П.А. Агульная пл. зледзянення каля 67 тыс.км². Найб. нізкая (300—450 м) снегавая мяжа апускаецца на ціхаакіянскім схіле гор Паўд. Аляскі, месцамі зніжана да ўзроўню акіяна; найб. высока (больш за 4500 м) размешчана ў Мексіцы.
На схілах К.П.А. бяруць пачатак рэкі басейнаў Місуры, Юкана, Калумбіі, Каларада, Фрэйзера і інш.Найб. паўнаводныя горныя рэкі з вял. падзеннем і зарэгуляваным азёрамі вадасцёкам маюць вял. гідраэнергапатэнцыял, шырока выкарыстоўваюцца для атрымання электраэнергіі і на арашэнне. У К.П.А. назіраецца паслядоўная змена клімату ад арктычнага да трапічнага. Найб. амплітуды сярэднегадавых тэмператур адзначаліся на ўнутр. плато. Сярэдняя т-растудз. на плато Юкан каля -30 °C, ліп. 15 °C. На нагор’і Вял. Басейн адпаведна 0 °C і 24 °C. К.П.А. працягваюцца перпендыкулярна пераносу паветр. мас, таму вільготнасць клімату крайніх паясоў і ўнутр. адрозніваецца. Ва ўмераным поясе больш вільготны крайні З (у Берагавым хр. ападкаў 4000—6000 мм за год), у трапічным — крайні У (на Мексіканскім нагор’і ападкаў 2000 мм за год). На ўнутр. пласкагор’ях — 200—400 мм, у пустыні Махаве — 50 мм за год. Паўн. частка К.П.А. занята хвойнымі лясамі. Яны цягнуцца ўздоўж Ціхаакіянскага ўзбярэжжа ад Паўд. Аляскі да штата Каліфорнія. Лясы таежнага тыпу растуць таксама на наветраных схілах Скалістых гор і ўнутр. плато да 50°паўн. ш. Далей на Пд сухія стэпы, паўпустыні і пустыні з палынова-лебядовай і сукулентнай (кактусы, агавы, юкі) расліннасцю. Вонкавыя схілы Мексіканскага нагор’я ўкрыты вільготна-трапічнымі лясамі. На Ціхаакіянскім узбярэжжы Цэнтр. Амерыкі пераважна лістападныя трапічныя лясы. Міжгорныя катлавіны заняты рэдкалессямі і другаснымі саваннамі. Жывёльны свет багаты і разнастайны: шэры і чорны мядзведзі, горны карыбу, снежная каза, віларогая антылопа, пума, рысь, воўк, грызуны, паўзуны і птушкі. Стэпавыя землі далін апрацоўваюцца, лесастэпы выкарыстоўваюцца пад пашу; у субтропіках на арашальных землях рачных далін — садаводства; у тропіках вял. плошчы пад плантацыямі трапічных культур і пасевамі збожжавых. Заселена ў асноўным узбярэжжа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНТ-ЛЮСІ́Я (Saint Lucia),
дзяржава ў Вест-Індыі на аднайм. востраве ў групе Наветраных а-воў (архіпелаг М. Антыльскія а-вы). Пл. 620 км². Нас. 156,3 тыс.чал. (2000). Афіц. мова — англійская, шырока распаўсюджаны мясц. крэольскі дыялект франц. мовы (патуа). Сталіца, найб. горад і порт — Кастры. Адм. падзел — 11 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (22 лют.).
Дзяржаўны лад. С.-Л. — канстытуцыйная манархія. Чл. Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1979. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, якога прадстаўляе ген.-губернатар. Орган заканад. улады — двухпалатны парламент, які складаецца з сената (11 чл., прызначаюцца ген.-губернатарам) і палаты сходу (17 чал., выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам (кіраўнік большасці ў палаце сходу).
Прырода. Востраў С.-Л. вулканічнага паходжання. Рэльеф горны, выш. да 959 м (г. Жымі). Клімат трапічны, пасатны. Сярэднемесячныя т-ры 18—26 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 1500—1700 мм на ўзбярэжжы да 2500—3500 мм на ўсх. схілах гор. Ёсць гарачыя крыніцы. У гарах захаваліся вільготна-трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў. Жывёльны свет прадстаўлены ў асн. птушкамі. Мора багатае рыбай, ракападобнымі і малюскамі. Ёсць некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. 96% складаюць сентлюсійцы, нашчадкі рабоў, прывезеных з Афрыкі, у антрапал. адносінах негры (больш за 90%) і мулаты. У гарадах невял. колькасць выхадцаў з Індыі і англічан. Вернікі пераважна католікі (90%), ёсць пратэстанты (7%) і англікане (3%). Сярэднегадавы прырост каля 1%. Сярэдняя шчыльн. каля 250 чал. на 1 км², на ўзбярэжжы каля 500 чал. на 1 км². Гарадскога насельніцтва больш за 50%. Найб. гарады: Кастры (з прыгарадамі больш за 50 тыс.ж., 2000), В’е-Фор, Міку, Суфрыер. У сельскай гаспадарцы занята 43% працаздольных, у прам-сці і гандлі — 18%, у абслуговых галінах — 39%. Значная эміграцыя, пераважна ў Вялікабрытанію.
Гісторыя. Стараж. насельнікі С.-Л. — індзейцы аравакі і карыбы, б.ч. якіх знішчана еўрапейцамі. Адкрыта Х.Калумбам у 1502. У 1605 тут засн.англ. пасяленне. У 17—18 ст. за валоданне С.-Л. ішла барацьба паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй; канчаткова замацавана за апошняй паводле Парыжскага мірнага дагавора 1814. У 1958—62 чл. Вест-Індскай федэрацыі. З 1967 «асацыіраваная з Вялікабрытаніяй дзяржава». 22.2.1979 абвешчана незалежнасць С.-Л. ў складзе Садружнасці. У С.-Л. дзейнічаюць паліт. партыі: Аб’яднаная рабочая партыя С.-Л., Лейбарысцкая партыя, Прагрэсіўная лейбарысцкая партыя. С.-Л. — чл.ААН (з 1979).
Гаспадарка. С.-Л. — аграрная краіна сярэдняга ўзроўню развіцця, важнае значэнне для эканомікі мае замежны турызм. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае 4100 дол. за год. 32% яго ствараецца ў прам-сці, 11% — у сельскай гаспадарцы, 57% — у абслуговых галінах, пераважна ў турысцкай справе. С.-Л. — краіна развітога міжнар. турызму (штогод наведваюць 300—350 тыс. замежных турыстаў, даход ад турызму ў 1998—291 млн.дол.). У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 22 тыс.га зямлі, у т. л. каля 19 тыс.га пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі, 3 тыс.га пад пашай. Пераважаюць дробныя сялянскія гаспадаркі, ёсць плантацыі экспартных культур. Каля палавіны с.-г. зямель пад пасадкамі бананаў (штогадовы збор каля 100 тыс.т). Вырошчваюць таксама манга, какосавыя арэхі, цытрусавыя, какаву, батат, маніёк, цукр. трыснёг, рыс, вінаград. Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы каля 15, свіней каля 10, авечак і коз каля 15. Птушкагадоўля (260 тыс. курэй у 1997). Марское рыбалоўства. Гал.прамысл. прадпрыемствы — нафтавы тэрмінал для перагрузкі супертанкераў (прывозяць нафту для ЗША з Б.Усходу) і нафтаперапр.з-д (б.ч. прадукцыі экспартуецца). Працуюць невял. прадпрыемствы па зборцы электронных кампанентаў, вытв-сці паперы і кардону, тытунёвых вырабаў, тканін, адзення, цацак. Апрацоўчая прам-сць базіруецца на перапрацоўцы мясц.с.-г. сыравіны (вытв-сць копры, какосавага алею, мыла, рому, безалкагольных напіткаў). Лесанарыхтоўкі і дрэваапр.прам-сць. Вытв-сць электраэнергіі — 110 млн.кВт∙гадз. (1998). Развіты саматужныя промыслы (ганчарныя вырабы, сувеніры і інш.). Транспарт аўтамаб. і марскі. На востраве 1,2 тыс.км аўтадарог, у т. л. каля 100 км з цвёрдым пакрыццём, 10 тыс. легкавых аўтамабіляў, 9,1 тыс. грузавых і аўтобусаў; 2 міжнар. аэрапорты. Марскія парты Кастры і В’е-Фор. У 1997 экспарт склаў 70,1 млн.дол., імпарт — 292,4 млн.дол. У экспарце пераважаюць бананы (41% па кошце), нафтапрадукты, адзенне, какава, агародніна, фрукты, какосавы алей і копра, у імпарце — харч. і прамысл. тавары, паліва. Гал.гандл. партнёры: ЗША (24% экспарту, 36% імпарту), Вялікабрытанія (50% экспарту, 11% імпарту), карыбскія краіны (16% экспарту і 22% імпарту), Японія, Канада. Краіна атрымлівае эканам. дапамогу ад Вялікабрытаніі. Грашовая адзінка — усх.-карыбскі долар.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУТА́Н, Каралеўства Бутан (на мове бхотыя — Друк-Юл),
дзяржава ў Паўд. Азіі, у цяжкадаступнай ч.Усх. Гімалаяў. Мяжуе на Пн з Кітаем, на З, Пд і У з Індыяй. Падзяляецца на 18 дыстрыктаў. Пл. 47 тыс.км². Нас. 1532 тыс.чал. (1993). Афіц. сталіца — т.Тхімпху, традыц. — г. Пунакха (зімовая рэзідэнцыя караля). Афіц. мова — бхотыя (дзонг-хэ, блізкая да тыбецкай). Нац. свята — Дзень нацыі (17 снеж.).
Дзяржаўны лад. Бутана — канстытуцыйная манархія. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — кароль. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатная Нац. асамблея са 150 чл. (100 чл. выбіраюцца вясковымі старастамі, 10 — манастырамі, 40 чл. прызначаюцца каралём), тэрмін паўнамоцтваў 3 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе савет міністраў.
Прырода. Бутана — горная краіна. Вылучаюцца З прыродныя паясы: Гал. Гімалайскі хр. на Пн (г. Кула-Каніры, 7554 м), міжгорныя ўпадзіны і даліны цэнтр.ч. краіны, невысокія горы і перадгор’і на Пд. Клімат мусонны, у далінах трапічны і субтрапічны, у гарах больш халодны. У далінах сярэднія т-ры паветра ў студз. -4,5 °C, у ліп. 17 °C. Ападкаў ад 5000 мм на Пд да 1000—1500 мм у катлавінах і далінах і да 500 мм на найб. высокіх гарах. Рэкі бас. Брахмапутры цякуць у глыбокіх далінах, маюць вял. запасы гідраэнергіі. Лясы займаюць 64% тэр. краіны, багатыя каштоўнай драўнінай. У ніжнім поясе вечназялёныя, вышэй лістападныя і хвойныя лясы. Вышэй за 3500—4000 м — высакагорныя лугі, асыпкі і скалы, на найб. высокіх гарах — вечныя снягі і ледавікі. Запаведнікі Джыгмі-Дорджы, Газа, Манас і інш.
Насельніцтва. Большая ч. насельніцтва — бхотыя і блізкія да іх невял. горныя народы тыбецкага паходжання. На Пд жывуць гурунгі і асамцы. Большасць вернікаў будысты-ламаісты, ёсць індуісты (каля 25%) і прыхільнікі стараж.традыц. культаў. Шчыльнасць насельніцтва 34 чал. на 1 км², б.ч. яго сканцэнтравана ў катлавінах і далінах сярэдняй ч. краіны. Гарады невялікія, у іх жыве каля 10% насельніцтва.
Гісторыя. Стараж. гісторыя Бутана малавядомая. Прыкладна з 8—9 ст. з Тыбета на тэр. сучаснага Бутана перасяляліся плямёны бхотыя, якія выцеснілі б.ч. аселага інд. насельніцтва. У пач. 17 ст. тыбецкія манахі ўстанавілі тут тэакратычную каралеўскую ўладу, дзярж. рэлігіяй стаў ламаізм. У 19 ст. ў краіне адбылося некалькі грамадз. войнаў, выкліканых нязгодай намеснікаў правінцый з цэнтр. уладай. З 1865 бутанскай знешняй палітыкай кіраваў урад брыт. Індыі, які ў 1907 ператварыў Бутан у спадчынную манархію (першым у 1907—26 правіў кароль Угай-ен-Бангчук, заснавальнік сучаснай кіруючай дынастыі). Да 1947 Бутан — брыт. пратэктарат. Паводле дагавора з Індыяй (8.8.1949) Бутан абавязаўся ў сваіх знешніх зносінах кіравацца курсам і пазіцыяй інд. ўрада. Пасля анексіі Тыбета Кітаем (1950) бутанска-інд. сувязі, у т. л. эканамічныя, узмацніліся. З кастр. 1969 — канстытуцыйная манархія (не мае пісанай канстытуцыі). З 12.2.1971 суверэнная дзяржава.
З 1972 дзяржавай і ўрадам кіруе кароль Джыгме Сінгай Бангчук (каранаваны ў 1974). У 1980 Бутан заключыў дагавор аб граніцы з Кітайскай Нар. Рэспублікай. У Бутане няма паліт. партый, на тэр. Індыі дзейнічае партыя Бутанскі нац. кангрэс. Бутан — член ААН (з 1971), Руху недалучэння (з 1973), Асацыяцыі рэгіянальнага супрацоўніцтва краін Паўд. Азіі (з 1985), належыць да самых бедных і адсталых краін, што развіваюцца.
Гаспадарка. Бутан — аграрная краіна з перавагай натуральнай гаспадаркі і феад. адносін. У сельскай гаспадарцы занята 95% самадз. насельніцтва, пераважае земляробства. Плошча апрацаваных зямель складае 3% тэр. краіны. На асобных участках па далінах рэк і схілах гор, на тэрасавых і часткова арашальных палях вырошчваюць рыс, пшаніцу, кукурузу, бульбу, горны ячмень, проса, грэчку, клешчавіну, бавоўну, чай. Агародніцтва і пладаводства (апельсіны, манга, яблыкі). Збор (1993, тыс.т): рысу 43, кукурузы 40, бульбы 34, цытрусавых 58. Горна-пашавая жывёлагадоўля (1993, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы і якаў 429, авечак 54, коз 41. Гадуюць свіней і коней. Прам-сць (1993, тыс.т): здабыча каменнага вугалю 56, даламіту 206, вапняку 190, графіту, свінцова-цынкавых і медных рудаў, вальфраму, гіпсу, вытв-сць цэменту 170, віна, кансерваў і сокаў з садавіны, запалак, фанеры, драўнінна-стружкавых пліт. Развіваецца вытв-сць электраэнергіі. Некалькі ГЭС. Захоўваецца традыц. саматужнае рамяство. Аўтамаб. дарогі (даўж. каля 2 тыс.км) злучаюць Тхімпху з асн. раёнамі краіны і з Індыяй. Аэрапорты ў Паро і Тхімпху. Экспарт: цэмент, драўніна, фанера, даламіт, электраэнергія, агародніна, сокі, арэхі, спецыі, каменны вугаль, сыры каўчук і інш. Імпарт (перавышае экспарт у 2 разы): прамысл. і харч. тавары (машыны, абсталяванне, рыс, цукар), бензін, газа і інш.Асн.гандл. партнёр — Індыя (каля 90% знешнегандл. абароту). Адна з асн. крыніц паступлення замежнай валюты — даходы ад замежнага турызму і альпінізму, а таксама ад продажу паштовых марак. Пастаянную эканам. дапамогу Бутану аказвае Індыя. Грашовая адзінка — нгултрум.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНКТ-ПЕЦЯРБУ́РГ,
горад федэральнага значэння, горад-герой, цэнтр Ленінградскай вобл. ў Расіі. Найважнейшы (пасля Масквы) прамысл., навук. і культ. цэнтр Расіі. Размешчаны пры ўпадзенні р. Нява ў Фінскі зал. Балтыйскага м. і на 42 а-вах дэльты р. Нява. Нас. 4694 тыс.ж. (2000). Буйны трансп. вузел (чыгункі, шашэйныя дарогі). Міжнар. аэрапорт (Пулкава). Марскі (у Фінскім зал.) і рачны (у дэльце р. Нява) парты; канечны пункт Волга-Балт. воднага шляху. Метрапалітэн (з 1955). Прам-сць: маш.-буд. і металаапр. (марскія і рачныя судны, турбіны ўсіх відаў, дызельныя рухавікі, радыёэлектронная і радыётэхн. прадукцыя, станкі, машыны і абсталяванне для трыкат., абутковай, тытунёвай, паліграф. і інш. галін), харч. і харчасмакавая, эл.-энергетычная (АЭС і буйныя ЦЭС), хім., нафтахім., хім.-фармацэўтычная, лясная, дрэваапрацоўчая і папяровая, лёгкая (тэкст., трыкат., абутковая, швейная) і паліграфічная. Чорная і каляровая металургія (вытв-сць сталі, пракату, алюм. сплаваў) і інш. Буйны турыстычны цэнтр Расіі, штогод прыцягвае вял. колькасць турыстаў з усяго свету.
Паводле загаду Пятра I на в-ве Заечым у вусці Нявы 27.5.1703 (лічыцца датай засн. горада) пачалося будаўніцтва Петрапаўлаўскай крэпасці. З 1708 С.-П. — цэнтр Інгерманландскай, з 1710 — Санкт-Пецярбургскай губ. У 1712—28 і 1732—1918 сталіца Расіі. Тут размяшчаліся царскі двор, калегіі (з 1718; з 1802 — міністэрствы), Сенат (з 1713) і інш. ўрадавыя ўстановы. Новы горад развіваўся як цэнтр прамысловасці і гандлю. У 1712 на Адміралцейскім в-ве засн. Галерны двор (з 1800 Новае Адміралцейства), у 1711 Ліцейны двор (з 1720 наз. Арсенал), у 1724 Манетны двор і інш. У 1736 і 1737 горад моцна гарэў. З 2-й пал. 18 ст. хутка расло насельніцтва С.-П. (220 тыс.чал. у пач. 19 ст.), горад стаў буйным эканам. і культ. цэнтрам Рас. імперыі. Засн. Марская акадэмія (1715), АН (1725), ун-т (1819), Тэхнал. (1828) і Горны (1866) ін-ты і інш. У 1825 на Сенацкай плошчы адбылося паўстанне дзекабрыстаў. У 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. развівалася тэкстыльная, суднабуд., машынабуд. прам-сць, пабудаваны з-ды Адміралцейскі, Іжорскі, Пуцілаўскі, Марыінская і Ціхвінская водныя сістэмы. Пабудова чыгункі ператварыла С.-П. у найбуйн. эканам. цэнтр краіны (у 1837 пабудавана першая ў Расіі чыг. С.-П. — Масква, у 2-й пал. 19 ст. — Варшаўская, Паўн. і Фінляндская). У 1883 пабудавана першая эл.-станцыя, у 1907 пушчаны першыя трамваі і аўтобусы. У канцы 19 ст. С.-П. стаў буйнейшым у Расіі і адным з важнейшых сусв. крэдытных і біржавых цэнтраў. У С.-П. дзейнічалі рэв. арг-цыі петрашэўцаў, «Народная воля», Пецярбургскі «Саюз барацьбы за вызваленне рабочага класа». У 1901 у С.-П. адбылося першае ў Расіі арганізаванае выступленне рабочых — Абухаўская абарона. 9.1.1905 царскія войскі расстралялі рабочую дэманстрацыю (гл.«Крывавая нядзеля»), што стала пачаткам Рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. У 1914 у пач. 1-й сусв. вайны горад перайменаваны ў Петраград. Тут адбыліся Лютаўская рэвалюцыя 1917 і Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917. Вясной — восенню 1919 на горад беспаспяхова наступалі войскі Юдзеніча. Каля Петраграда адбылося Кранштацкае паўстанне 1921. У 1924 перайменаваны ў Ленінград. У Вял.Айч. вайну ў вер. 1941 горад акружаны ням.-фаш. войскамі (гл. Ленінградская бітва 1941—44). У ходзе 872-дзённай блакады разбурана 14 тыс. будынкаў, ад голаду загінула да 900 тыс.чал. У студз. 1944 вызвалены ад блакады сав. войскамі. У 1991 гораду вернута яго гіст. назва С.-П.
С.-П. забудоўваўся паводле рэгулярнага плана. Арганізуючым пачаткам горада сталі водная прастора Нявы і ансамбль Петрапаўлаўскай крэпасці. У 1704 закладзены будынак гал. Адміралцейства, ад якога веерам разыходзіліся 3 гал. магістралі: Неўскі і Вазнясенскі праспекты, Гарохавая вул. На Васільеўскім в-ве ўзведзены палац Меншыкава (1710—16, арх. Дж.М.Фантана і Г.Шэдэль), Кунсткамера (1718—34, арх. Г.Матарнові, Н.Гербель, Г.К’яверы, М.Зямцоў; перабудавана ў 1754—58, арх. С.Чавакінскі), будынак 12 калегій (1722—42, арх. Д.Трэзіні, Т.Швертфегер; з 1819 ун-т). У 1717 складзены план цэнтра горада з прамавугольнай сеткай вуліц і каналаў (арх. Трэзіні). Створаны «ўзорныя» праекты жылых будынкаў (арх. Ж.Б.А.Леблон, Трэзіні): цагляных — для заможных, на драўляным каркасе з запаўненнем глінай, з размалёўкай пад цэглу — для простых гараджан. У 1710 засн. манастыр св. Тройцы і св. Аляксандра Неўскага (з 1797 — Аляксандра-Неўская лаўра). У 1710—14 у Летнім садзе ўзведзены летні палац Пятра I (арх. Трэзіні). У сярэдзіне 18 ст. пашырана параднае буд-ва ў стылі барока: ансамбль Смольнага манастыра, Зімні палац, палацы Варанцова (1749—57, арх. В.Растрэлі), Шарамецева на Фантанцы (1750—55, арх. Чавакінскі, Ф.Аргуноў), Строганава (1752—54, арх. Растрэлі; цяпер адзін з будынкаў Рускага музея), Нікольскі марскі сабор (1753—62, арх. Чавакінскі). Паводле генплана 1763—69 (арх. А.Квасаў) межы горада пашыраны, перапланаваны вуліцы, пабудавана першая гранітная набярэжная перад Зімнім палацам на Няве (1763—67, арх. І.Росі, майстар Г.Насонаў). Ансамблевасцю вылучаецца афармленне набярэжных Кацярынінскага (цяпер Грыбаедава) канала, рэк Фантанкі і Мойкі. Рысы класіцызму выявіліся ў строгай лінейнасці берагавых сцен і парапетаў, мяккай акругленасці спускаў і прычалаў, сілуэтах першых каменных мастоў (Прачачны, Эрмітажны і інш.), у малюнку чыг. агароджаў (агароджа Летняга сада, 1773—84, арх. Ю.Фельтэн, П.Ягораў). Сярод помнікаў ранняга класіцызму ў спалучэнні з барочнай пластыкай: Гасціны двор на Неўскім праспекце (1761—85) і будынак Акадэміі мастацтваў (1764—88, арх. абодвух Ж.Б.М.Вален-Дэламот і А.Какорынаў), Малы Эрмітаж (1764—67, арх. Вален-Дэламот). Грамадскія будынкі канца 18 — пач. 19 ст. набылі большую лапідарнасць, уласцівую класіцызму: паштамт (1782—89, арх. М.Львоў), Эрмітажны т-р (1783—87, арх. Дж.Кварэнгі), Коннагвардзейскі манеж (1804—07, арх. Кварэнгі; цяпер Цэнтр. выставачная зала), Александрынскі т-р (1828—32, арх. К.Росі). У 1783—89 узведзены Таўрычаскі палац. Вакол вял. воднай плошчы пры падзеле Нявы на рукавы створаны грандыёзныя класіцыстычныя ансамблі: Дварцовая плошча з Зімнім палацам, Аляксандраўскай калонай і аркай Ген. штаба, стрэлка Васілеўскага в-ва з будынкам біржы (1805—10, арх. Ж.Тама дэ Тамон; цяпер Цэнтр.ваен.-марскі музей; ампір), Сенацкая пл. (цяпер Дзекабрыстаў) з помнікам Пятру I («Медны коннік»; 1768—78, скульпт. Э.М.Фальканэ, М.А.Кало, Ф.Гардзееў), Ісакіеўскі сабор; ансамблі Неўскага праспекта (Казанскі сабор, плошчы Астроўскага і Мастацтваў), Марсава поле, Летні сад, Інжынерны замак (да 1823 Міхайлаўскі замак; 1797—1800, арх. В.Бажэнаў, В.Брэна), Ісакіеўская пл. Ствараліся і загарадныя ансамблі — Аляксандра-Неўская лаўра, Смольны ін-т, арх.-паркавы Ялагіна в-ва з Ялагіным палацам (1818—22, арх. Росі) і пейзажным паркам. У стылі ампір пабудаваны: Горныін-т (1806, арх. А.Вараніхін), Адміралцейства, Нарвенскія вароты (1827—34, арх. Кварэнгі, В.Стасаў) з манум. меднай калясніцай (скульпт. П.Клот, С.Піменаў) і інш. Сярод эклектычных збудаванняў: цэрквы лютэранская Пятра і Паўла на Неўскім праспекце (1832—38, арх. А.Брулоў), Уваскрэсення Хрыста Збавіцеля («Храм на крыві»; 1883—1907, арх. В.Малышаў, А.Парланд; мазаікі В.Васняцова; маст. М.Несцераў, А.Рабушкін), Марыінскі т-р (1859—60, арх. А.Кавас; перабудова 1863, арх. В.Шротэр). У 19 ст, пабудаваны шматлікія масты — цераз Няву (Троіцкі. цяпер Кіраўскі, арх. Л.Бенуа, А.Памяранцаў і інш.), Мойку (Зялёны, Красны, Сіні, Пацалункаў, арх. В.Гестэ), канал Грыбаедава (ланцуговыя Банкаўскі і Львіны, інж. Г.Трэтэр; чыг. грыфоны і львы па мадэлях П.Сакалова), Фантанку (Анічкаў, інж. І.Бутац, арх. Брулоў; бронз. групы ўтаймавальнікаў коней, скульпт. Клот). Усяго ў С.-П. каля 800 мастоў. У 19 — пач. 20 ст. створаны гранітныя набярэжныя Нявы. Паявіліся будынкі новых тыпаў — даходныя дамы, вакзалы, банкі, гасцініцы, страхавыя канторы, крытыя рынкі. Пашырыўся стыль мадэрн: Дом кнігі (1904—06, арх, П.Сюзор), Азоўска-Данскі камерцыйны банк (1907—13), гасцініца «Асторыя» (1910—11, арх. абодвух Ф.Лідваль), пасаж на Ліцейным праспекце (1912—13, арх. Н.Васільеў), даходныя дамы на Кіраўскім праспекце (1910-я г., арх. Л. і Ю.Бенуа, У.Шчуко, С.Мінаш). Вылучаюцца асабнякі ў стылі неакласіцызму — Полаўцава (1910—16), Абамелек-Лазарава (1913—15, арх, абодвух І.Фамін). Паводле генпланаў 1930—40-х г. захавалася існуючая планіроўка цэнтра, створаны новыя раёны на свабодных тэрыторыях: Малая Охта, Шчамілаўка, Аўтава і інш. Узведзены буйныя адм. будынкі. С.-П. моцна пацярпеў у Вял.Айч. вайну. У генпланах аднаўлення і развіцця горада (1940—60-я г.) комплексна вырашаліся задачы рэканструкцыі і новага буд-ва. Адна з гал. горадабуд. ідэй генпланаў — выхад гар. забудовы да берагоў Фін. заліва. Ствараюцца новая марская панарама горада, зона адпачынку з добраўпарадкаванымі набярэжнымі, пляжамі, бульварамі, паркамі (Прыморскі парк Перамогі, 1945—50, арх. А.Нікольскі, Н.Сцяпанаў, Н.Мядзведзеў) са стадыёнам (1932—50, арх. Нікольскі, М.Сцяпанаў; рэканструяваны ў 1980, арх. А.Прыбульскі, С.Аднавалаў, М.Цымбал). Сярод значных збудаванняў 2-й пал. 20 ст.: Вял. канцэртная зала «Кастрычніцкая» (1967, арх. В.Каменскі і інш.), палацы спорту «Юбілейны» (1967, арх. Г.Марозаў, інж. А.Марозаў і інш.), моладзі (1969—80, арх. П.Прохараў і інш.), спарт. гульняў (1974—76, арх. Г.Марозаў), спарт.-канцэртны комплекс (1980, арх. І.Чайко і інш.), гасцініца «Пулкаўская» (1981, арх. С.Спяранскі і інш.), лядовы Палац спорту (2000). Створаны мемар. комплекс Піскароўскіх могілак, Манумент гераічным абаронцам Ленінграда ў Вял.Айч. вайну (1975, арх. Спяранскі, Каменскі, скульпт. М.Анікушын). Па лініі абароны горада зроблены «Зялёны пояс Славы». Гіст. цэнтр і манум. ансамблі С.-П. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
У С.-П. знаходзяцца навук. цэнтр Рас.АН, больш за 40 ВНУ, у т. л. Санкт-Пецярбургскі універсітэт, ун-ты — тэхнічны, Рас.пед. імя А.Герцэна, лесатэхнічная акадэмія; Санкт-Пецярбургская кансерваторыя; інстытуты — тэхналагічны, горны, інж.-будаўнічы, інжынераў чыг. транспарту, караблебуд., Санкт-Пецярбургскі інстытут кінаінжынераў, Санкт-Пецярбургскі інстытут тэатра, музыкі і кінематаграфіі, Санкт-Пецярбургскі інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Я.Рэпіна, Санкт-Пецярбургскае вышэйшае мастацка-прамысловае вучылішча імя В I Мухінай; 22 вышэйшыя ваенна-навуч. ўстановы, у т. л. Ваенна-мед. акадэмія Найбуйнейшыя б-кі: Рас нац., навуковая Акадэміі мастацтваў, С.-Пецярбургскага ун-та, Рас.АН і інш. Больш за 120 музеяў і іх філіялаў, у т. л. Эрмітаж, Рускі музей, гісторыі С.-П., антрапалогіі і этнаграфіі імя Пятра Вялікага, Цэнтр. ваенна-марскі.
18 прафес. тэатраў, у т. л. Марыінскі тэатр, Санкт-Пецярбургскі Малы тэатр оперы і балета, драмы імя Пушкіна (Александрынскі), Санкт-Пецярбургскі Вялікі драматычны тэатр. Цырк. Філармонія імя Дз.Шастаковіча.
Беларусы ў Санкт-Пецярбургу. Першыя выхадцы з Беларусі з’явіліся ў С.-П. пасля заснавання горада (жонка Пятра I Кацярына I, паплечнік цара П.І.Ягужынскі, ваен. і дзярж. дзеяч Я.К.Сапега). Пасля далучэння бел. зямель да Расіі некат. беларусы сталі прыбываць у С.-П. для працаўладкавання, вучобы, маст. творчасці; яны садзейнічалі знаёмству рас. сталіцы з дасягненнямі еўрап. культуры (Л.Сітанскі, частка салістаў Шклоўскага тэатра Зорыча і інш.). У 1-й пал. 19 ст. ў С.-П. пачала гуртавацца бел. студэнцкая моладзь, там жылі і працавалі кампазітар А.І.Абрамовіч, мастак І.І.Аляшкевіч, літаратар Я.Баршчэўскі. Пасля паражэння паўстання 1830—31 у С.-П. трапілі музейныя зборы, б-кі і архівы роду Сапегаў. У 1842—1918 у Пецярбургскай рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі рыхтавалі святароў, у т. л. для касцёлаў і дыяцэзій Беларусі. У 2-й пал. 19 ст. ў горадзе вучыліся браты В.Каліноўскі і К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч, працавалі філолаг-фалькларыст Б.Эпімах-Шыпіла, гідрограф-геадэзіст А.І.Вількіцкі, гісторык Я.Я.Замыслоўскі, мастакі С.К.Заранка, К.Хруцкі, музыканты Т.Юзафовіч-Бароўская, МЛ.Зарэмба, ФА.Стравінскі і інш., дзейнічалі бел. асветнае т-ва «Крывіцкі вязок» (заснавальнік і кіраўнік В.Савіч-Заблоцкі), рэв. група «Гоман» (выдавала нелегальны час. «Гомон»), бел. фракцыя партыі «Народная воля», у т. л. І.Грынявіцкі, Пецярбургскі гурток моладзі польска-літоўска-беларускай і маларускай, у т. л. яе кіраўнік паэт А.Гурыновіч. Паводле перапісу 1897, у С.-П. і прыгарадах жыло 3230 чал., якія лічылі роднай бел. мову, а па падліках бел. даследчыка Р.М.Семашкевіча, у канцы 19 ст. тут жыло каля 7 тыс. беларусаў. У пач. 20 ст. тут часова жылі літаратары Ц.Гартны (З.Жылуновіч), А.Гурло, Я.Купала, Цётка (А.Пашкевіч), вучоныя Я.Ф.Карскі, П.В.Шэйн і інш., дзейнічалі грамадская арг-цыя «Круг беларускай народнай прасветы і культуры» (1902—04), нелегальнае бел. выдавецкае т-ва «Грамада» (1906—07), першае легальнае бел.выд-ва «Загляне сонца і ў наша аконца» (1906—14), прыватнае бел. Грыневіча выдавецтва (1910—13), Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў С.-Пецярбургскага ун-та (1912—14), ладзіліся бел канцэрты і тэатр. спектаклі (гастролі трупы І.Буйніцкага ў 1911, пастаноўка п’есы Я.Купалы «Паўлінка» 9.2.1913). У 1-ю сусв. вайну ў С.-П. і яго наваколлі асела частка бежанцаў з Беларусі, якім дапамагала дабрачыннае Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны (1916—18); выдавалася газ. «Дзянніца» (1916—17). У 1917—20 тут вялі актыўную рэв., грамадска-паліт. і культ. дзейнасць арг-цыі Беларускай сацыялістычнай грамады, Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, Беларускія секцыі РКП(б), Беларускі абласны камітэт пры Усерас. савеце сял. дэпутатаў (старшыня Я.С.Ханчар), Беларускі нацыянальны камісарыят (камісар А.Р.Чарвякоў), клуб «Беларуская хатка», Беларускае вольна-эканамічнае таварыства, Таварыства ахвотнікаў беларускага народнага штукарства; друкаваліся часопісы «Белорусская криница», «Чырвоны шлях», газ. «Дзянніца», сфарміраваны Першы беларускі камуністычны атрад. У 1923—25 існавала Асацыяцыя беларускіх студэнтаў ВНУ у Петраградзе, а потым яе пераемнік — Бел. студэнцкае зямляцтва ў Ленінградзе (1925—37). У горадзе жылі і працавалі музыказнавец І.І.Салярцінскі, пісьменнік Л.І.Ракоўскі, вучоныя Б.Р.Галёркін, С.Я.Лур’е, У.Ф.Міткевіч, П.Ф.Папковіч, Л.У.Шчэрба, служылі контр-адміралы В.П.Дрозд, М.Б.Паўловіч, ген.-лейт. Ф.Н.Шульгоўскі і інш. выхадцы з Беларусі. Да канца 1980-х г. у С.-П. і Ленінградскай вобл. склаўся адзін з найбуйнейшых і кампактных бел. асяродкаў у Расіі (больш за 127 тыс.чал.). У выніку карэнных грамадска-паліт. зрухаў у СССР у горадзе адрадзілася нац.-культ. дзейнасць мясц. беларусаў, згорнутая пад ціскам сав. улад у 1930-я г. У 1989 засн. Беларускае грамадска-культурнае таварыства, якое мае філіял Т-вабел. мовы імя Ф.Скарыны (старшыня А.Мыльнікаў) і рэгіянальную суполку Міжнар. асацыяцыі беларусістаў (старшыня В.П.Грыцкевіч), удзельнічае ў навук. канферэнцыях «Санкт-Пецярбург і беларуская культура» (у 1993—2001 адбылося 9 канферэнцый), з’ездах і сходах беларусаў замежжа, вядзецца бел. выдавецкая дзейнасць. Мастакі Ю.Казак, В.Сівуха і інш. ўваходзяць у творчае аб’яднанне краін Балтыі «Маю гонар». Бел.-рас.культ. сувязі даследуюць Грыцкевіч, М.В.Нікалаеў і інш., ваен. сувязі — І.Я.Краўцоў. З С.-П. звязана навук. дзейнасць ураджэнца Беларусі, лаўрэата Нобелеўскай прэміі 2000 па фізіцы Ж.І.Алфёрава.
Літ.:
Очерки истории Ленинграда. Т. 1—7. М.; Л., 1955—89;
Засосов Д.А., Пызин В.И. Из жизни Петербурга 1890—1910-х гг.: Зап. очевидцев. Л., 1991;
Санкт-Петербург. Петроград. Ленинград: Энцикл. справ. М., 1992;
Ленинград. Архит. ансамбли и памятники. 3 изд. Л. 1980;
Пунин А.Л. Архитектура Петербурга середины XIX в. Л., 1990;
Семашкевіч Р.М. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1971;
Грыцкевіч В. Пяць гадоў дзейнасці Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Пецярбургу // Беларусіка-Albaruthenica. Мн., 1995. Кн. 5;
Белорусский сборник: Статьи и материалы по истории и культуре Белоруссии. Вып. 1. СПб., 1998;
Ленинградский мартиролог, 1937—1938. Т. 1—5. СПб., 1995—2001;
Хто ёсць Хто сярод беларусаў свету: Энцыкл.давед. Ч. 1. Беларусы і ўраджэнцы Беларусі ў памежных краінах. Мн., 2000.
Л.У.Языковіч (беларусы ў Санкт-Пецярбургу).
Санкт-Пецярбург. Від на раку Фантанка.Санкт-Пецярбург. Царква Уваскрэсення Хрыста Збавіцеля («Храм на крыві»). 1883—1907.Санкт-Пецярбург. Помнік Пятру I («Медны коннік»). 1768—78.Санкт-Пецярбург. Ісакіеўская плошча з помнікам Мікалаю I.Санкт-Пецярбург. Стрэлка Васілеўскага вострава. Злева — будынак біржы.