Нар. арт. Эстоніі (1958). Нар. арт СССР (1970). Герой Сац. Працы (1984). Вучыўся ў студыі драм. мастацтва ў Тарту (1934—36). З 1940 гал. рэжысёр т-ра «Ванемуйне» (г. Тарту). Сярод пастановак: оперы «Агні помсты» Э.Капа (1945), «Бераг бур» Г.Эрнесакса (1958), «Заручыны ў манастыры» С.Пракоф’ева (1962), «Кацярына Ізмайлава» Дз.Шастаковіча і «Лебядзіны палёт» В.Торміса (1966), «Джоні з Гвіяны» А.Буша (1969), «Піквікскі клуб» Р.Шантыра (1978); драм. спектаклі: «Мяшчане» (1946), «Ягор Булычоў і іншыя» (1950) М.Горкага, «Венецыянскі купец» (1958), «Карыялан» (1964) У.Шэкспіра, «Жыццё Галілея» (1961), «Швейк у другой сусветнай вайне» (1967) Б.Брэхта, «Дзікі капітан» Ю.Смуула (1965), «Сумленне» Э.Ранета (усе ў т-ры «Ванемуйне»), Пастаноўкі вылучалі глыбіня трактоўкі сцэн. вобразаў, арыгінальнае вырашэнне масавых сцэн. Сярод роляў: Ральф («Жыццё ў Цытадэлі» А.Якабсана), Хігінс («Пігмаліён» Б.Шоу), Трыгорын («Чайка» А.Чэхава), Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога). Дзярж. прэмія Эстоніі 1947. Дзярж. прэмія СССР 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАКО́Ў (Юрый Паўлавіч) (8.8.1927, Масква — 29.11.1982),
рускі пісьменнік. Скончыў муз. вучылішча імя Гнесіных (1951), Літ.ін-т імя М.Горкага (1958). Друкаваўся з 1952. Выдаў зб-кі апавяданняў «Манька» (1958), «На паўстанку» (1959), «Па дарозе» (1961), «Блакітнае і зялёнае» (1963), «Пах хлеба» (1965), «Двое ў снежні» (1966), «Восень у дубовых лясах» (1969), «У сне ты горка плакаў» (1977), «Аленевы рогі» (1980) і інш. К. — паслядоўнік традыцый рус. класічнай прозы. Яго апавяданні вылучаюцца эмацыянальнасцю, стройнасцю, псіхал. насычаным пейзажам, спалучэннем лірыка-рамант. пачатку з жорсткім рэалізмам. Асн. тэмы твораў — вернасць доўгу і свайму прызначэнню, здзіўленне перад загадкай жыцця (кн. нарысаў пра памораў «Паўночны дзённік», 1961, навелы пра жывёл). Выступіў у абарону Салаўкоў. Аўтар кніг для дзяцей. На бел. мову паасобныя творы К. пераклаў А.Жук.
Тв.:
Избранное. М., 1985;
Две ночи. М., 1986;
Бел.пер. — Арктур — гончы сабака. Мн., 1976.
Літ.:
Кузьмичев И.С. Юрий Казаков: Набросок портрета. Л., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЧАТКО́Ў (Рыгор Аляксеевіч) (1.2.1904, в. Шмялёўка Цяцюшскага р-на, Татарстан — 15.10.1968),
бел. акцёр. Нар.арт. Узбекістана (1946). Нар.арт. Беларусі (1954). Скончыў тэатр. вучылішча пры Яраслаўскім драм. т-ры (1924). Працаваў у т-рах Іванава, Ташкента, Валгаграда, Фрунзе, Масквы, Вільнюса і інш. З 1950 у Дзярж.рус. т-ры Беларусі, У 1962—67 выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це. Выконваў драм. і характарныя ролі. Артыстычны густ і мастацтва выкарыстання грыму рабілі яго вобразы натуральнымі і партрэтна завершанымі. Сярод роляў у Дзярж.рус. т-ры Беларусі: Калеснікаў і Карнілаў («Брэсцкая крэпасць», «Галоўная стаўка» К.Губарэвіча), Траян («Пад адным небам» А.Маўзона), Чарнуха («Што пасееш, тое і пажнеш» В.Палескага), Кенг («Кароль Лір» У.Шэкспіра), Ягор Булычоў, Цыганоў («Ягор Булычоў і іншыя», «Варвары» М.Горкага), Мітрыч («Улада цемры» Л.Талстога), Шадрын («Чалавек з ружжом» М.Пагодзіна), Гадун («Разлом» Б.Лаўранёва), Сілаты («Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага), Фаюнін («Нашэсце» Л.Лявонава) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РЫН (Павел Дзмітрыевіч) (7.7.1892, Г.п. Палех Іванаўскай вобл., Расія — 22.11.1967),
расійскі жывапісец. Нар.маст.СССР (1962). Правадз.чл.АМСССР (1958). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1912—16) у К.Каровіна і С.Малюціна. Зазнаў уплыў М.Несцерава. У 1932—59 кіраўнік рэстаўрацыйнай майстэрні Музея выяўл. мастацтваў імя Пушкіна ў Маскве; рэстаўрыраваў карціны Дрэздэнскай карціннай галерэі. Творам уласцівы адухоўленасць вобразаў, манум. строгасць і дакладнасць малюнка, цэласнасць пластычнай формы, напружаная насычанасць колеру: эцюды да карціны «Русь, якая адыходзіць» (1930-я г.; «Схімніца», «Бацька і сын», «Ігумення»), трыпціх «Аляксандр Неўскі» (1942—43), партрэты М.Горкага (1932), Л.Леанідава, Несцерава (абодва 1939), М.Сар’яна, Р.Сіманава (абодва 1956), Кукрыніксаў (1957—58), Р.Гутуза (1961) і інш. Сярод манум. работ: мазаічныя плафоны на станцыі «Камсамольская-кальцавая» (1951; Дзярж. прэмія СССР 1952), вітражы на станцыі «Новаслабодская» (1951), мазаіка на станцыі «Смаленская» (1952) Маск. метрапалітэна; мазаіка ў будынку Маскоўскага ун-та (1952) і інш. Ленінская прэмія 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛІ́ЕЎ (Кайсын Шуваевіч) (1.11.1917, с. Верхні Чэгем Чэгемскага р-на, Кабардзіна-Балкарыя — 4.6.1985),
балкарскі паэт.Нар. паэт Кабардзіна-Балкарыі (1967). Вучыўся ў Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва імя Луначарскага (1935—39). Друкаваўся з 1934. Ў 1944 незаконна высланы з Кабардзіна-Балкарыі, да 1957 жыў у Кіргізіі. Паэтычныя цыклы «Мае суседзі» (1939—45), «Песні цяснін» (1947—51), кнігі вершаў «Паранены камень» (1964; Дзярж. прэмія РСФСР імя М.Горкага 1966), «Мір дому твайму!» (1967), «Кніга зямлі» (1972), «Краса зямная» (1980) і інш. — своеасаблівы летапіс гіст. мінулага і сучаснага балкарскага народа, прасякнуты пачуццём любові да Радзімы, жыццялюбствам, гуманізмам. Пераклаў на балкарскую мову верш Я.Купалы «А хто там ідзе?». На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Р.Барадулін, А.Куляшоў, У.Шахавец. Дзярж. прэмія СССР 1974, Ленінская прэмія 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎРО́Ў (Кірыл Юр’евіч) (н. 15.9.1925, Кіеў),
расійскі акцёр, тэатр. дзеяч. Нар.арт.СССР (1972). Герой Сац. Працы (1985). З 1950 працаваў у Кіеўскім рус.драм. т-ры, з 1955 у Санкт-Пецярбургскім Вял.драм. т-ры (з 1989 яго маст. кіраўнік). Для Л.-акцёра характэрны паглыблены драматызм, дакладнасць сац.-псіхал. аналізу ролі. Выступае пераважна ў амплуа станоўчага героя. Выконвае і дваістыя, супярэчлівыя натуры: Малчалін («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Ніл («Мяшчане» М.Горкага), Гараднічы («Рэвізор» М.Гогаля), Прэзідэнт («Каварства і каханне» Ф.Шылера) і інш. Здымаецца ў кіно: «Жывыя і мёртвыя» (1964), «Браты Карамазавы» (1969), «Утаймаванне агню» (1972, прэмія Усесаюзнага кінафестывалю 1973; Дзярж. прэмія Расіі 1974), «Акіян» (1974), «Мой ласкавы і пяшчотны звер» (1978) і інш. У 1986—92 старшыня праўлення Саюза тэатр. дзеячаў СССР, з 1992 прэзідэнт Міжнар. канфедэрацыі тэатр. саюзаў. Дзярж. прэмія СССР 1978, Ленінская прэмія 1982 за тэатр. работы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́БЕДЗЕЎ (Віктар Цімафеевіч) (н. 13.1.1932, г. Арол, Расія),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1992). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1955). З 1956 працуе ў Бел. т-ры юнага гледача. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Яго творчасць адметная спалучэннем псіхал. аналізу з выразным знешнім малюнкам. Ролі будуе на эмацыянальных кантрастах, тонка адчувае жанравыя асаблівасці твора. Сярод роляў: Трахім («Прымакі» Я.Купалы), Кароль, Самахвальскі («Цудоўная дудка», «Несцерка» В.Вольскага), Халімон («Подых навальніцы» І.Мележа), Кароль («Сярэбраная табакерка» З.Бядулі), Анатоль, Андрэй («Папараць-кветка», «Над хвалямі Серабранкі» І.Козела), Круціцкі, Рыспаложанскі («На ўсякага мудраца хапае прастаты», «Банкрут» А.Астроўскага), Румін («Дачнікі» М.Горкага), Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля), Фёдар («У пошуках радасці» В.Розава), Пратэй, Мальволіо («Два веронцы», «Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра), Панталоне («Зялёная птушка» К.Гоцы), Трэлані, Ліўсі («Востраў скарбаў» Р.Стывенсана), Артур («Авадзень» паводле Э.Войніч), Юліус («Новыя прыгоды Карлсана» паводле А.Ліндгрэн) і інш. Здымаецца ў кіно і на тэлебачанні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ВІН (Барыс Міхайлавіч) (29.6.1914, г. Віцебск — 22.11.1990),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў Бел. студыю пры Цэнтр.тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе (1937). У 1931—38 працаваў у Віцебскім ТРАМе, БДТ-3, Бел. т-ры юнага гледача імя Крупскай, у 1938—83 у Бел. т-ры імя Я.Коласа. Выканаўца вострахарактарных і камед. роляў. Валодаў майстэрствам стварэння падкрэслена вонкавага малюнка ролі з выкарыстаннем розных камед. сродкаў (гратэск, буфанада і інш.). Найб. значныя ролі ў т-ры імя Я.Коласа ў нац. драматургіі: Паніч («Раскіданае гняздо» Я.Купалы), пан Бараноўскі («Несцерка» В.Вольскага), Рабінін («Святло з Усходу» П.Глебкі), Дзед («Зацюканы апостал» А.Макаёнка), Альховік («Трывога» А.Петрашкевіча). Сярод інш. роляў: Карэнін («Жывы труп» Л.Талстога), князь Валкоўскі («Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.Дастаеўскага), Прапацей і Бабаедаў («Ягор Булычоў і іншыя» і «Ворагі» М.Горкага), герцаг Албанскі і Кісель («Кароль Лір» і «Многа шуму з нічога» У.Шэкспіра), Вурм («Каварства і каханне» Ф.Шылера), Благое («Доктар філасофіі» Б.Нушыча) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІВА́НАЎ (Барыс Мікалаевіч) (8.5.1904, Масква — 22.9.1972),
расійскі акцёр і рэжысёр. Нар.арт.СССР (1948). Вучыўся ў 4-й студыі МХТ. З 1924 акцёр МХАТ. З 1950-х г. выступаў і як рэжысёр. Творчасць вызначалася яркім тэмпераментам, рамант. узнёсласцю, спалучэннем сатырычнасці знешняга малюнка ролі з глыбокім лірызмам, імкненнем да выяўлення супярэчлівасці характараў герояў. Сярод тэатр. роляў: Наздроў («Мёртвыя душы» паводле М.Гогаля), Чацкі («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Кудраш («Навальніца» А.Астроўскага), Салёны («Тры сястры» А.Чэхава), Ягор Булычоў («Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага), Дзмітрый Карамазаў («Браты Карамазавы» паводле Ф.Дастаеўскага), Ламаносаў («Ламаносаў» У.Іванава), Кімбаеў («Страх» А.Афінагенава), Швандзя («Любоў Яравая» К.Транёва) і інш. Паставіў спектаклі «Браты Карамазавы» (з П. і В. Маркавымі), «Ягор Булычоў і іншыя» (1964), «Чайка» Чэхава (1969). Лепшыя ролі. ў кіно: Дуброўскі («Дуброўскі», 1936), Пажарскі («Мінін і Пажарскі», 1939), Руднеў («Крэйсер Вараг», 1947), Пацёмкін («Адмірал Ушакоў», 1953), Сядоў («Ступень рызыкі», 1969). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1947, 1949, 1950, 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ГІНАЎ (Анатоль Канстанцінавіч) (н. 6.5.1920, г. Казань, Татарстан),
бел. акцёр. Засл. арт. Літвы (1955). Нар арт. Беларусі (1968). Скончыў тэатр. студыю пры Троіцкім драм. т-ры Чэлябінскай вобл. (1938). З 1936 працаваў у тэатрах Літвы, Малдовы і інш. У 1959—89 у Брэсцкім абл.драм. т-ры. Для творчасці Л. характэрны багацце псіхал. фарбаў, шматграннасць у абмалёўцы вобразаў. Працаваў у розных сцэн. жанрах. Сярод роляў: Ермашоў («Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча), Туляга («Хто смяецца апошнім» К.Крапівы), Тарасаў («Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна), Каравай і Пракусаў («Таблетку пад язык» і «Верачка» А.Макаёнка), Круціцкі («На ўсякага мудраца даволі прастаты» А.Астроўскага), Бяссеменаў («Мяшчане» М.Горкага), Роберт («Вучань д’ябла» Б.Шоу), дон Хераніма («Дзень цудоўных падманаў» Р.Шэрыдана), Атэла («Атэла» У.Шэкспіра), Марозаў («Вернасць» В.Бергольц), Капітон Ягоравіч («Шануй бацьку свайго» В.Лаўрэнцьева), Навум Еўсцігнеевіч і Лысы («Характары» і «Энергічныя людзі» В.Шукшына), Сава Марозаў («Трэцяя варта» Г.Капралава і С.Туманава), Сталін («Дзеці Арбата» паводле А.Рыбакова) і інш.