ПАДПІ́СКА АБ НЯВЫ́ЕЗДЗЕ,
адна з мер стрымання ў бел. крымінальным працэсе. Заключаецца ў адабранні ад падазронага або абвінавачанага абавязацельства не адлучацца з месца пражывання або часовага знаходжання без дазволу адпаведнай службовай асобы, якая праводзіць дазнанне, следчага, пракурора, суда. У выпадку парушэння гэтай меры да таго, хто даваў абавязацельства, можа быць ужыта больш строгая мера стрымання — пра што ён і папярэджваецца (арышт, зняволенне).
т. 11, с. 504
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАДА́ЧА НА ПАРУ́КІ,
прававы інстытут вызвалення ад крымінальнай адказнасці за злачынства, якое не ўяўляла вял. грамадскай небяспекі, а асоба, якая яго ўчыніла, магла быць выпраўлена без выкарыстання крымін. пакарання. Адной з неабходных умоў магчымасці П.н.п. была наяўнасць хадайніцтва грамадскай арг-цыі або прац. калектыву, якія паручыліся за правапарушальніка. Існавала ў 1961—94. З-за неэфектыўнасці гэты ін-т выключаны з КК Рэспублікі Беларусь.
т. 12, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАФО́РНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ (ад піра... + + грэч. phoros які нясе),
рэчывы, здольныя загарацца без нагрэву пры кантакце з паветрам. Т-ра самаўзгарання (tc) П.р. ніжэйшая за пакаёвыя т-ры. Да П.р. адносяцца тонкараздробненыя металы (жалеза, алюміній, магній, кобальт, нікель і інш.), гідрыды крэмнію (SiH4, tс -200 °C), бору і некаторых металаў, дыфасфін (P2H4), алюмінійарган. злучэнні (напр., трыэтылалюміній Al(C2H5)3, tc -80 °C) і інш.
т. 12, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАБЛЕ́МА (ад грэч. problema задача, заданне),
у шырокім сэнсе — складаная тэарэт. або практычная задача, якая патрабуе вывучэння, вырашэння; у навуцы — супярэчлівая сітуацыя, якая выступае ў выглядзе процілеглых пазіцый у тлумачэнні якіх-н. з’яў, аб’ектаў, працэсаў і патрабуе адэкватнай тэорыі для яе вырашэння. Фармулюецца ў розных формах лагічнай структуры ведаў: суджэння, пытання, гіпотэзы. Калі П. ставіцца без дастатковай падставы, яна становіцца псеўдапраблемай.
т. 12, с. 524
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЛЯ (франц. rôle),
1) літаратурны персанаж у драме (кінасцэнарыі) і адпаведны сцэн. (кінематаграфічны) вобраз, увасоблены акцёрам у спектаклі (фільме, радыёп’есе). Р. бываюць камед., трагедыйныя, драм., трагікамічныя і г.д. Вылучаюцца таксама першыя (гал.) і другія (другасныя), выхадныя (без слоў або з мінім. колькасцю тэксту), эпізадычныя. Р. таксама наз. сукупнасць тэксту дзеючай асобы ў п’есе (фільме).
2) У муз. т-ры — тое, што партыя.
т. 13, с. 404
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВАБО́ДНА КАНВЕРСО́ЎНАЯ ВАЛЮ́ТА (СКВ),
валюта, якая свабодна абменьваецца на інш. замежныя валюты і міжнар. плацежныя сродкі. і якой можа карыстацца кожны трымальнік пры разліках па гандл., крэдытных, інвестыцыйных і інш. міжнар. аперацыях без абмежаванняў. СКВ (іншы раз наз. цвёрдай валютай) валодае поўнай знешняй і ўнутр. абарачальнасцю, г. зн. аднолькавым рэжымам абмену і для рэзідэнтаў, і для нерэзідэнтаў. Гл. Канверсоўнасць валюты.
У.Р.Залатагораў.
т. 14, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕПАРА́ТНЫ МІР (ад лац. separatus аддзелены),
мірны дагавор або перамір’е, заключаныя з праціўнікам адной з дзяржаў, што ўваходзілі ў кааліцыю краін. якія вялі вайну, без ведама або згоды сваіх саюзнікаў. Звычайна заключаецца да агульнага спынення вайны. Тэрмін «С.м.» выкарыстоўваўся ў час 1-й сусв. вайны 1914—18, калі спробы заключыць С.м. неаднаразова рабіліся дзяржавамі герм. кааліцыі. Гл. Брэсцкі мір 1918.
т. 14, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́ША,
частка зямной паверхні без акіянаў і мораў. Уключае мацерыкі і астравы. Агульная пл. каля 149 млн. км² (29,2% паверхні Зямлі, 39% Паўн. і 19% Паўд. паўшар’яў), сярэдняя выш. 875 м над узр. м., макс. — 8848 м (г. Джамалунгма ў Азіі), мінім. — 400 м ніжэй узр. м. (узровень Мёртвага м. на З Азіі). У паняцце С. звычайна не ўключаюцца азёры і вадасховішчы.
т. 15, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХА́РДТОП (англ. hardtop ад hard цвёрды, жорсткі + top верх),
закрыты кузаў легкавога аўтамабіля без бакавых стоек з жорсткім верхам. Верх спераду абапіраецца на стойкі ветравога шкла, ззаду плаўна апускаецца і злучаецца з задняй панэллю кузава. Адсутнасць бакавых стоек павялічвае агляднасць, спрашчае пагрузку і выгрузку буйнагабарытнага багажу, аднак патрабуе павелічэння жорсткасці верху і нясучай часткі кузава. Выкарыстоўваецца пераважна на буйналітражных аўтамабілях.
т. 16, с. 548
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЛО́РЫСТЫ КА́ЛІЙ (KCl),
соль, якая ўтвараецца ў выніку ўзаемадзеяння злучэнняў калію з салянай к-той (HCl) або яе солямі.
Белыя крышталі (або крышт. парашок) без паху, салёныя на смак; мал. м. 74,5, т-ра плаўлення 776 °C, шчыльн. 1980 кг/м³. Раствараецца ў вадзе, не раствараецца ў спірце. Выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы, медыцыне (уваходзіць у склад лек. прэпаратаў), біял. і хім. даследаваннях, металургіі.
т. 17, с. 33
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)