БІЯЛАГІ́ЧНЫ ГАДЗІ́ННІК,

умоўны тэрмін, які абазначае здольнасць жывых арганізмаў арыентавацца ў часе. У аснове такой арыентацыі ляжыць перыядычнасць фіз.-хім. і фізіял. працэсаў у клетках (гл. Біялагічныя рытмы). Склаўся ў выніку эвалюц. адаптацыі да цыклічнасці працэсаў, што адбываюцца ў навакольным асяроддзі (змена дня і ночы, пораў года) і абумоўлены таксама цыклічнымі ваганнямі геафіз. фактараў (сутачная і сезонная перыядычнасць эл.-магн. поля Зямлі, сонечнай і касм. радыяцыі і інш.). Біялагічны гадзіннік дазваляе прыводзіць фізіялагічныя рытмы ў адпаведнасць з рытмам навакольнага асяроддзя і дае арганізмам і ўнутрыклетачным працэсам магчымасць «прадбачыць» сутачныя, сезонныя, гадавыя або шматгадовыя ваганні асветленасці, т-ры, прыліваў і інш. змен. Найб. яскрава гэта выяўляецца ў сутачных рытмах. У жывёл вымярэнне часу звязана з выпрацоўкай умоўных рэфлексаў на змену ўмоў навакольнага асяроддзя.

т. 3, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БАВАЯ ФА́УНА,

сукупнасць жывёльных арганізмаў, якія жывуць у глебе (шматлікія прасцейшыя, круглыя чэрві, лічынкі некат. насякомых і інш.). Жывое арган. рэчыва (заамаса жывёл глебы) — актыўны кампанент глебаўтваральных працэсаў.

Глебавая фауна падзяляецца на макра-, меза- і мікрафауну (існуюць іншыя варыянты класіфікацыі). Да макрафауны (мегафауны) адносяць рыючых пазваночных (на Беларусі, напр., крот еўрапейскі). Мезафауна — глебавыя беспазваночныя (памерам ад некалькіх міліметраў да некалькіх сантыметраў, напр., энхітрэіды), мнаганожкі, земляныя чэрві, смаўжы, павукападобныя, макрыцы і інш. насякомыя і іх лічынкі. Да мікрафауны належаць глебавыя беспазваночныя, якіх нельга распазнаць простым вокам (напр., калаўроткі, ціхаходкі, нематоды, кляшчы, нагахвосткі). У ворных землях структура глебавай фауны можа істотна зменьвацца пад уплывам меліярацыі, угнаенняў, дэфаліянтаў, ядахімікатаў, пры змене с.-г. культур ці агратэхнікі іх вырошчвання і інш.

т. 5, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЭРАЗІГО́ТНАСЦЬ (ад гетэра... + зігота),

спадчынная неаднароднасць гібрыднага арганізма, звязаная з наяўнасцю ў яго гамалагічных храмасомах розных форм (алелей) таго ці іншага гена. Узнікае часцей у выніку зліцця разнаякасных паводле геннага або структурнага складу гамет у гетэразіготу, магчыма і праз мутацыі. Звычайна спрыяе высокай жыццяздольнасці арганізмаў і прыстасаванасці іх да зменлівых умоў асяроддзя, таму пашырана ў прыродных папуляцыях, падтрымлівае ў іх пэўны ўзровень генатыпічнай зменлівасці. У эксперыментах гетэразіготнасць атрымліваюць скрыжаваннем паміж сабой гомазігот па розных алелях. Нашчадкі ад такога скрыжавання аказваюцца гетэразіготамі паводле дадзенага гена. Маскіруючае дзеянне дамінантных алелей пры гетэразіготнасці — прычына захавання і пашырэння ў папуляцыі шкодных рэцэсіўных алелей, якія выяўляюць звычайна пры племянной і селекцыйнай рабоце; у мед. генетыцы важная пры вызначэнні спадчынных захворванняў. Гл. таксама Гомазіготнасць.

т. 5, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАЛАМАРКІ́ЗМ,

сукупнасць ідэалістычных эвалюц. канцэпцый, заснаваных на асобных палажэннях ламаркізму. Узнік на паслядарвінаўскім этапе развіцця эвалюц. вучэння як проціпастаўленне дарвінізму. Вылучаюць 3 асн. кірункі Н.: орталамаркізм сцвярджае, што накіраванасць эвалюцыі абумоўлена зыходнымі ўласцівасцямі арганізма і па сутнасці ўяўляе сабой аўтагенет. канцэпцыю (гл. Аўтагенез); механаламаркізм тлумачыць эвалюц. пераўтварэнні арганізмаў іх зыходнай уласцівасцю мэтанакіравана рэагаваць зменамі структур і функцый на змены навакольнага асяроддзя (эктагенез), якія і вызначаюць эвалюцыю; псіхаламаркізм устанаўлівае крыніцу эвалюцыі ў свядомых актах волі арганізма, яго частак, у т. л. клетак. Агульнае для ўсіх канцэпцый — прызнанне дзеяння натуральнага адбору абмежаваным і залежным ад зменлівасці зыходнага матэрыялу.

Літ.:

Сковрон С. Развитие теории эволюции. Варшава, 1965;

Оно С. Генетические механизмы прогрессивной эволюции: Пер. с англ. М., 1973.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІГМЕ́НТЫ ў біялогіі,

афарбаваныя злучэнні, якія ўваходзяць у склад тканак арганізмаў. Колер П. вызначаецца наяўнасцю ў іх малекуле храмафорных груп, якія выбіральна паглынаюць святло ў бачнай вобласці сонечнага спектра. Уваходзяць у склад цытахромаў, каталазы і інш. ферментаў, утвараюць комплексы з бялкамі, ліпідамі і ўключаюцца ў структуру мембран. Знаходзяцца пераважна ў спец. утварэннях (хларапластах, храмапластах і інш.), радзей у клетачным соку, у шэрагу жывёл існуюць пігментныя клеткі. Адыгрываюць важную ролю ў фотабіял. працэсах (у фотасінтэзе — хларафілы, караціноіды, фікабеліны, у зроку — радапсіны, у фотарэгуляторных працэсах раслін — фітахром), прымаюць удзел у дыханні (гемаглабіны, цытахромы, дыхальныя храмагены), ахоўваюць арганізм ад УФ-выпрамянення (у раслін — караціноіды, флаваноіды, у жывёл — меланіны), вызначаюць афарбоўку жывёл і раслін. Выкарыстоўваюцца ў харч. і фармацэўтычнай прамысловасці.

С.​С.​Ермакова.

т. 12, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСМАТЫ́ЧНЫ ЦІСК, дыфузны ціск,

лішкавы гідрастатычны ціск раствору, які перашкаджае дыфузіі растваральніку праз паўпранікальную перагародку; тэрмадынамічны параметр. Характарызуе імкненне раствору да зніжэння канцэнтрацыі пры сутыкненні з чыстым растваральнікам пры сустрэчнай дыфузіі малекул растворанага рэчыва і растваральніку. Абумоўлены змяншэннем хімічнага патэнцыялу растваральніку ў прысутнасці растворанага рэчыва. Роўны лішкаваму вонкаваму ціску, які неабходна прыкласці з боку раствору, каб спыніць осмас. Вымяраецца ў паскалях.

Вымярэнні асматычнага ціску пачаў у 1877 ням. батанік В.​Пфефер у растворы трысняговага цукру. Па яго даных галандскі хімік Я.​Х.​Вант-Гоф устанавіў у 1887, што залежнасць асматычнага ціску ад канцэнтрацыі цукру па форме супадае з Бойля-Марыёта законам для ідэальных газаў. Асматычны ціск вымяраюць з дапамогай асмометраў. Статычны метад вымярэння асматычнага ціску заснаваны на вызначэнні лішкавага гідрастатычнага ціску па вышыні слупка вадкасці H пасля ўстанаўлення стану раўнавагі пры роўнасці вонкавых ціскаў PА і PБ; дынамічны метад зводзіцца да вымярэння скорасці V усмоктвання і выціскання растваральніку з асматычнай ячэйкі пры розных значэннях лішкавага ціску P = PА – PБ з наступнай інтэрпаляцыяй атрыманых даных да V=0 пры лішкавым ціску Δp, роўным асматычнаму ціску. Па велічыні асматычнага ціску распазнаюць: ізатанічныя, або ізаасматычныя, растворы, якія маюць аднолькавы асматычны ціск (незалежна ад саставу), гіпертанічныя з больш высокім Асматычным ціскам і гіпатанічныя растворы з больш нізкім асматычным ціскам.

Асматычны ціск адыгрывае важную ролю ў жыццядзейнасці жывых клетак і арганізмаў. У клетках і біял. вадкасцях ён залежыць ад канцэнтрацыі раствораных у іх рэчываў. Па велічыні асматычнага ціску вадкасцяў унутр. асяроддзя арганізма (кроў, гемалімфа і інш.) водныя арганізмы падзяляюцца на гіпер-, гіпа- і ізаасматычныя. Сярэдняя велічыня і дыяпазон асматычнага ціску ў розных арганізмаў розныя і залежаць ад віду і ўзросту арганізма, тыпу клетак і асматычнага ціску навакольнага асяроддзя (напр., асматычны ціск клетачнага соку наземных органаў балотных раслін 0,2—1,6 МПа, у стэпавых 0,8—0,4, у дажджавых чарвякоў 0,36—0,48, у прэснаводных рыб 0,6—0,66, у акіянічных касцістых рыб 0,78—0,85, акулавых 2,2—2,3, млекакормячых 0,66—0,8 МПа). У гіперасматычных арганізмаў (прэснаводныя жывёлы, некаторыя марскія храстковыя рыбы — акулы, скаты; усе расліны) унутр. Асматычны ціск перавышае асматычны ціск навакольнага асяроддзя, таму іоны могуць актыўна паглынацца арганізмам і ўтрымлівацца ў ім, а вада паступае праз біял. мембраны пасіўна, у адпаведнасці з асматычным градыентам. У гіпаасматычных жывёл (касцістыя рыбы, некаторыя марскія паўзуны, птушкі) асматычны ціск крыві меншы за асматычны ціск навакольнага асяроддзя. Адноснае пастаянства Асматычнага ціску забяспечваецца водна-салявым абменам праз осмарэгулявальныя органы (гл. ў арт. Осмарэгуляцыя).

Літ.:

Курс физической химии. Т. 1—2. 2 изд. М., 1970—73;

Пасынский А.Г. Коллоидная химия. 3 изд. М., 1968;

Гриффин Д., Новик Эл. Живой организм: Пер. с англ. М., 1973.

Вымярэнне асматычнага ціску асмометрам: А — камера для раствору; Б — камера для растваральніка; М — мембрана. Узроўні вадкасці ў трубках пры асматычнай раўнавазе: а, в — пры роўнасці вонкавых ціскаў PА = PБ; б — пры роўнасці рознасці PАPБ асматычнага ціску.

т. 2, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛЮМІНЕСЦЭ́НЦЫЯ (ад бія... + люмінесцэнцыя),

свячэнне жывых арганізмаў, абумоўленае біяхім. працэсамі; від хемалюмінесцэнцыі. Уласціва некаторым бактэрыям, ніжэйшым раслінам, грыбам, насякомым (жукі-светлякі і інш.), беспазваночным, рыбам. Вельмі пашырана сярод марскіх жывёл.

У большасці выпадкаў біялюмінісцэнцыя ўзнікае ў выніку ферментатыўнага акіслення асобных рэчываў — люцыферынаў. Частка малекул люцыферынаў за кошт вызваленай пры гэтым хім. энергіі пераходзіць ва ўзбуджаны стан, пры вяртанні ў асн. стан яны выпраменьваюць святло. Біялюмінісцэнцыя выкарыстоўваецца для асвятлення і прынады здабычы (напр., у глыбакаводных рыб), для перасцярогі, адпужвання або адцягвання ўвагі драпежнікаў, у якасці сігналу для сустрэчы самцоў і самак у шлюбны перыяд (розныя віды светлякоў).

Літ.:

Мак-Элрой У.Д., Зелигер Г.Г. Происхождение и развитие биолюминесценции // Горизонты биохимии: Пер. с англ. М., 1964;

Тарусов Б.Н. Сверхслабое свечение живых организмов. М., 1972.

Г.​К.​Ільіч.

т. 3, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯГЕНЕ́З (ад бія... + ...генез),

утварэнне арган. злучэнняў жывымі арганізмамі. У шырокім сэнсе біягенез — эмпірычнае абагульненне, якое сцвярджае, што ўсё жывое ўзнікае толькі ад жывога ў арган. эвалюцыі Зямлі. У аснове біягенезу проціпастаўленне жывога нежывому і адхіленая навукай ідэя вечнасці жыцця. У 18—19 ст. тэорыя біягенезу проціпастаўлялася поглядам аб самазараджэнні арганізмаў (працы франц. вучонага Л.​Пастэра па мікрабіялогіі). Прыхільнікі біягенезу (ням. вучоны Г.​Рыхтэр, 1865, швед. С.​Арэніус, 1895) меркавалі, што зародкі жывых істот у стане анабіёзу былі занесены на Зямлю з іншых, больш стараж. нябесных целаў (гіпотэза пансперміі). Лічыцца, што верагодных доказаў магчымасці касм. пераносу формаў пераджыцця няма. Самаст. ўзнікненне жыцця на Зямлі больш верагоднае, што пацверджана эксперыментальна абіягенным сінтэзам бялковападобных і інш. злучэнняў, якія аднаўляюць умовы першабытнай Зямлі. Гл. таксама Абіягенез, Паходжанне жыцця.

т. 3, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕТЫ́ЧНАЯ ІНФАРМА́ЦЫЯ,

праграма развіцця арганізма, атрыманая ад продкаў і закладзеная ў спадчынных структурах — генах. Запісана паслядоўнасцю нуклеатыдаў малекул нуклеінавых к-т (ДНК, у некат. вірусаў таксама РНК). Мае звесткі пра будову ўсіх ферментаў, структурных бялкоў і РНК клеткі, а таксама пра рэгуляцыю іх сінтэзу. Генетычная інфармацыя, якая счытваецца ў працэсе трансляцыі, складаецца са значэнняў трыплетаў генетычнага кода і ўключае знакі пачатку і заканчэння бялковага сінтэзу. У шматклетачных арганізмаў пры палавым размнажэнні генетычная інфармацыя перадаецца з пакалення ў пакаленне праз палавыя клеткі, у пракарыятычных мікраарганізмаў — праз трансдукцыю і трансфармацыю. Адрозніваюць 3 тыпы працэсаў пераносу генетычнай інфармацыі: агульны, уласцівы любым клеткам арганізма; спецыялізаваны (напр., у клетках, пашкоджаных вірусамі, генет. матэрыял якіх складаецца з РНК); забаронены перанос — працэсы, якія раней ніколі не былі зарэгістраваны (ад бялку да ДНК і РНК; ад бялку да бялку).

т. 5, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЁМІСТАСЦЬ АСЯРО́ДДЗЯ біялагічная,

здольнасць прыроднага ці прыродна-антрапагеннага наваколля забяспечваць нармальную жыццядзейнасць пэўнай колькасці жывых арганізмаў ці іх згуртаванняў без адметных прыкмет парушэння ці дэградацыі самога наваколля. Залежыць ад ступені спрыяльнасці для жыцця біятычных і абіятычных фактараў прыроднага асяроддзя, уплыву антрапагеннага і лімітавальных фактараў. Велічыня Ё.а. непастаянная, зменьваецца ў часе і прасторы, што прадвызначае ваганні шчыльнасці і колькаснага складу папуляцый, адрозненні ў іх размеркаванні на тэрыторыях са знешне аднатыпнымі ўмовамі. Асобныя паказчыкі, што характарызуюць выключныя бакі Ё.а., — ёмістасць ландшафту, угоддзяў, рэкрэацыйная ёмістасць. Мэтанакіраванае антрапагеннае ўздзеянне можа істотна павялічваць Ё.а. для гасп.-каштоўных папуляцый ці змяншаць яе для папуляцый шкодных відаў. Улік паказчыкаў Ё.а. дае магчымасць больш мэтанакіравана планаваць гасп. дзейнасць (напр., у галінах паляўнічай і лясной гаспадаркі, аховы прыродных рэсурсаў) і праводзіць пэўныя мерапрыемствы па ахове прыроды.

т. 6, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)