адносна кампактная група людзей, аб’яднаных вырашэннем канкрэтнай грамадскай задачы. Для К. характэрна высокая згуртаванасць яго членаў, адносіны супрацоўніцтва, узаемадапамогі і ўзаемаадказнасці, агульнасць інтарэсаў, каштоўнасных арыентацый, норм паводзін. Асн. функцыі — прадметная (непасрэднае ажыццяўленне той дзейнасці, дзеля якой ён узнік і існуе) і сац.-выхаваўчая (стварэнне ўмоў для ўсебаковага развіцця асобы на аснове спалучэння індывід. інтарэсаў з грамадскімі). Адрозніваюць К. працоўныя (у т. л. вытворчыя), вучэбныя, спартыўныя, маст. самадзейнасці і інш. Задачы і мэты К. абумоўліваюць яго арганізац. структуру, якая можа быць адна-, двух-, шматступеньчатай (напр., брыгада, цэх, завод). К. мае фармальную і нефармальную структуру, што складаецца на аснове асабістых сімпатый і антыпатый. К. стымулюе працоўную і грамадскую актыўнасць чалавека, заахвочвае яго да ўдасканалення сваіх здольнасцей і садзейнічае развіццю калектывізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТВІ́Н (Міхалон) (сапр.Цішкевіч Міхайла),
бел. гуманіст і мысліцель 16 ст. З шляхты. У 1538—40 пасол ВКЛ да крымскага хана Сагіб-Гірэя. Аўтар сац.-паліт. трактата на лац. мове «Аб норавах татараў, літоўцаў і масквіцян» [нап. каля 1550, выд. 1615 у Базелі (Швейцарыя)]. З пазіцый бяднейшай шляхты крытыкаваў сац.-паліт.адносіны, дзярж. лад, суд. ўстановы і феад. права ВКЛ, уклад жыцця духавенства і царк. парадкі, выступаў за правядзенне суд. рэформ. Прычынай сац. несправядлівасці лічыў «сапсаванасць нораваў», таму ідэалам абвяшчаў грамадства без маёмаснай няроўнасці, асуджаў імкненне да раскошы і марнатраўства. У справе перабудовы грамадска-паліт. адносін заклікаў звяртацца да вопыту суседніх народаў (рускіх, татараў і інш.).
Літ.:
Сокол С.Ф. Социологическая и политическая мысль в Белоруссии во II половине XVI в. Мн., 1974. С. 37—63.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАКІНЕ́ТЫКА (ад макра... + кінетыка),
макраскапічная кінетыка, раздзел кінетыкі хімічнай, які вывучае хім. пераўтварэнні ў іх сувязі з пераносу з’явамі. Вызначае ролю дыфузіі, канвекцыі і цеплаперадачы ў хім. працэсах на мяжы падзелу фаз (электрахім. рэакцыі, гетэрагенны каталіз, хемасорбцыя і інш.). Заканамернасці М. з’яўляюцца колькаснай асновай пры праектаванні рэактараў хімічных, адыгрываюць важную ролю ў працэсах гарэння.
У М. хім. працэс разглядаецца, як сукупнасць з’яў пераносу і хім. пераўтварэнняў. Рэжым хім. працэсу наз. кінетычным, калі яго скорасць вызначаецца законамі хім. кінетыкі, і дыфузійным, калі стадыяй, якая лімітуе скорасць працэсу, з’яўляецца дыфузія рэагентаў. Для колькаснай ацэнкі дыфузійнага рэжыму карыстаюцца фактарам эфектыўнасці η (0<η<1), які вызначаюць як адносіны назіраемай скорасці працэсу да сапраўднай скорасці хім рэакцыі ў дадзеных умовах. Макракінетычныя заканамернасці вызначаюць метадамі нераўнаважнай тэрмадынамікі, фіз.-хім. гідра- і газадынамікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛДА́ЎСКІЯ ПАХО́ДЫ ХМЯЛЬНІ́ЦКАГА Б. 1650 І 1652,
паходы ўкр.сял.-казацкага войска на чале з Б.Хмяльніцкім супраць Малдаўскага княства як саюзніка Рэчы Паспалітай у час вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Улетку 1650 войска Б.Хмяльніцкага перайшло граніцу Малдовы і заняло яе сталіцу г. Ясы, што прымусіла малд. гаспадара (князя) В.Лупу разарваць саюзныя адносіны з Рэччу Паспалітай і заключыць саюз з Украінай. Пасля паражэння ўкр. войска ў бітве пад Берасцечкам (1651) Лупу адмовіўся ад сваіх абавязацельстваў. У адказ Б.Хмяльніцкі вясной 1652 арганізаваў другі паход на Малдову. 1—2.6.1652 у бітве ва ўрочышчы Батог ён знішчыў накіраванае на дапамогу Лупу польскае войска (20 тыс.чал.), пасля чаго ўкр.
войскі ўвайшлі ў Малдову. Лупу быў вымушаны заключыць з Б.Хмяльніцкім новае пагадненне аб саюзе на ўмовах 1650.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІН,
дынастыя кіт. імператараў у 1368—1644. Заснавана Чжу Юаньчжанам (Тайцзу)
[1368—98],
адным з кіраўнікоў нар. паўстання, якое скінула манг. дынастыю Юань. У час праўлення М. створана найб. цэнтралізаваная сістэма кіравання ў параўнанні з папярэднімі дынастыямі. Пры Чжу Дзі (Чэнцзу) [1402—24] сталіца краіны перанесена ў Пекін, арганізаваны шэраг марскіх экспедыцый у Індыйскі ак. на чале з Чжэн Хэ. З пач. 16 ст. ўсталяваны гандл.адносіны з еўрапейцамі (партугальцамі). Да пач. 17 ст. ўлада імператараў М. падарвана барацьбой розных груповак кіруючых вярхоў, ваен. знаці і дварцовых еўнухаў. Хуткі рост насельніцтва, недахоп зямлі вялі да голаду і масавага жабрацтва, што пагаршалася карупцыяй мясц. улад. Масавая незадаволенасць прывяла ў 1620-я г. да нар. паўстання, адзін з кіраўнікоў якога — Лі Цзычэн — заняў у 1644 Пекін і скінуў дынастыю М.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОЛЬ ((Noll) Дзітэр) (н. 31.12.1927, г. Рыза, Германія),
нямецкі пісьменнік. Чл.АМ ГДР (з 1969). Скончыў Іенскі ун-т. Дэбютаваў у 1950. Прадоўжыў традыцыю ням. «рамана выхавання». Праблемы станаўлення асобы, фарміравання свядомасці, пасляваен. будаўніцтва Германіі, маральна-этычныя адносіны ў навук. асяродку ў раманах «Прыгоды Вернера Хольта» (ч. 1—2, 1960—63, экранізацыя 1965), «Кіпенберг» (1979), аповесцях і апавяданнях, нарысах і інш. Яго творам уласцівы сюжэтная шматпланавасць і разгалінаванасць, спалучэнне эпічнасці з глыбокім псіхалагізмам, насычанасць фальклорна-міфалагічнымі матывамі, маст. алюзіямі і рэмінісцэнцыямі. Нац. прэмія ГДР 1963.
Тв.:
Рус.пер. — Киппенберг. М., 1981;
Приключения Вернера Хольта. Кишинев, 1984.
Літ.:
Геердс Г.Ю. Дитер Нолль // Писатели ГДР: Пер. с нем. М., 1984;
Леонова Е.А. О некоторых формах выражения эпического в романе Дитера Нолля «Приключения Вернера Хольта» // Весн. БДУ. Сер. 4. 1987. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛІЙ II (Basileios) Балгарабойца
(958, Канстанцінопаль — 15.12.1025),
візантыйскі імператар [976—1025]. З Македонскай дынастыі. Узмацніў паліт., эканам. і ваен. магутнасць Візантыі; абмежаваў уплыў знатных родаў, задушыў іх паўстанні ў 976—79 і 987—89. Меў добрасуседскія адносіны з кіеўскім князем Уладзімірам, за якога выдаў замуж сваю сястру Ганну. Гэты шлюб паспрыяў прыняццю на Русі хрысціянства. У 995 здзейсніў паспяховы паход у Сірыю супраць Фатымідаў; захапіў частку груз. і арм. зямель. Пасля працяглай вайны ў 1018 пакарыў Зах.-Балг. царства і падпарадкаваў яго Візантыі; за жорсткасць, якую праявіў у гэтай вайне (у 1014 загадаў асляпіць 14 тыс.балг. палонных), празваны Балгарабойцам. Значна пашырыў тэр. сваёй імперыі: яна ўключыла ўвесь Балканскі п-аў і М. Азію, распасціралася да Каўказскага хрыбта і Месапатаміі на У і Італіі на З.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАМЕ́РНАГА ЧАЛАВЕ́КА КАНЦЭ́ПЦЫЯ,
найбольш поўнае выражэнне «крытычнай тэорыі грамадства», звязанай з даследаваннямі сац.канфармізму і сац.-псіхал. тыпаў асобы. Назва ад кнігі заснавальніка гэтай канцэпцыі Г.Маркузе «Аднамерны чалавек. Нарысы ідэалогіі высокаразвітога індустрыяльнага грамадства». Істотную ролю ў станаўленні канцэпцыі адыгралі ідэі З.Фрэйда, В.Райха, Т.Адорна, Э.Фрома і інш. даследчыкаў механізмаў адчужэння чалавека.
Аднамернасць як разбурэнне чалавечай суб’ектыўнасці Маркузе звязваў з развітой індустрыяльнай цывілізацыяй, рэпрэсіўным уздзеяннем тэхнікі на духоўны свет асобы. «Аднамерны чалавек» — канфарміст, які поўнасцю інтэграваны ў «сістэму», лёгка паддаецца маніпуліраванню, яго адносіны да свету павярхоўныя, некрытычныя, схільнасці і патрэбы скажоны прынцыпам прадукцыйнасці, што выклікае спажывецкую арыентацыю. Аднамернасці проціпастаўляецца двухмернасць чалавека, якая дапускае наяўнасць унутранага свету асобы, здольнасць яе крытычна ставіцца да ўмоў свайго існавання і самаўдасканальвацца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІСЛЯ́ЛЬНАЕ ФАСФАРЫЛІ́РАВАННЕ,
біясінтэз малекул адэназінтрыфосфарнай к-ты (АТФ) з адэназіндыфосфарнай (АДФ) і фосфарнай к-т за кошт энергіі акіслення субстрату: АДФ + H3PO4 → АТФ + H2O (гл.Акісленне біялагічнае). Асн. субстратам для акісляльнага фасфарыліравання служаць малекулы арган. рэчываў, пераважна арган.к-т, якія ўтвараюцца ў трыкарбонавых кіслот цыкле. Акісляльнае фасфарыліраванне адкрыта сав. біяхімікам У.А.Энгельгартам (1930). Адбываецца ў жывых клетках (у мітахондрыях) пры пераносе электронаў і пратонаў па дыхальным ланцугу з удзелам значнай колькасці дыхальных ферментаў і каферментаў (ферментны комплекс АТФ-сінтэтаза). Паказчык эфектыўнасці акісляльнага фасфарыліравання — адносіны колькасці фасфату, звязанага АДФ пры акісляльным фасфарыліраванні, да паглынутага кіслароду (P/O). Малекула АТФ утвараецца пры пераносе 2 электронаў праз пункт энергет. злучэння, у якім адбываецца утылізацыя энергіі, што вызваляецца. У выніку акісляльнага фасфарыліравання ў клетках назапашваецца АТФ — важнейшае макраэргічнае злучэнне, якое забяспечвае розныя працэсы жыццядзейнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУХО́ВІЧ (Піліп Казімір) (? — 6.9.1656),
дзярж. і ваенны дзеяч ВКЛ, дыпламат, пісьменнік. З роду Абуховічаў, паходжаннем з мазырскай шляхты, якая асела на Навагрудчыне. Скончыў Замойскую акадэмію (цяпер Люблінскае ваяв., Польшча). З 1649 пісар ВКЛ. Пасол у Венецыі і Маскве (1651). Ваявода віцебскі, смаленскі (1653). У 1654 узначальваў абарону Смаленска і пасля доўгай аблогі здаў горад рус. войскам. За гэта быў абвінавачаны ў здрадзе, але на сойме 1658 апраўданы. Яму адрасаваны «Ліст да Абуховіча». Аўтар вершаў на лац. мове. У 1617 у Замосці апубл. прамовы на лац. і грэчаскай мовах у гонар П.Замойскага. У «Дыярыушы» апісаў падзеі 1630—54: грамадска-паліт. жыццё Рэчы Паспалітай, у т. л. Беларусі, ваен. падзеі ў час антыфеад. вайны ўкр. і бел. народаў 1648—54, міжнар.адносіны ва Усх. Еўропе сярэдзіны 17 ст. і інш.