ДЭКА́РТ ((Descartes) Рэнэ) (латынізаванае Картэзій; Renatus Cartesius; 31.3.1596, Ла-Э, цяпер г. Ла-Э-Дэкарт, Францыя — 11.2.1650),
французскі філосаф, матэматык і прыродазнавец. Адукацыю атрымаў у езуіцкім калегіуме. З 1629 жыў у Нідэрландах, дзе выйшлі яго гал. творы — «Геаметрыя» і «Роздум аб метадзе» (абедзве 1637), «Разважанні аб першай філасофіі» (1641), «Пачаткі філасофіі» (1644), з 1649 у Стакгольме. У аснове філас. сістэмы Д. — дуалізм душы і цела, духоўнай і матэрыяльнай субстанцый, якія сталі асновай для разумення феномена т.зв. «гнасеалагічнага цвішэнізму» — стану паміж жыццём і смерцю, розумам і целам, логікай і страсцю, дабром і злом, бездухоўнасцю і маральнасцю, дэмакратыяй і дэспатызмам, свабодай і дэтэрмінацыяй і інш.Гал. і неад’емнай уласцівасцю матэрыі лічыў працягласць, або прастору, а гал. атрыбутам духоўнай субстанцыі — мысленне. З факта відавочнасці мыслення, або свядомасці чалавека, на думку Д., можна непасрэдна вывесці заключэнне пра сваё існаванне: «Я мыслю, значыць я існую». У гнасеалогіі Д. — пачынальнік рацыяналізму. Гал. ролю ў працэсе пазнання ён надаваў дэдукцыі, якая абапіраецца на цалкам відавочныя, інтуітыўна спасціжымыя аксіёмы. У матэматыцы ён — адзін са стваральнікаў аналітычнай геаметрыі, увёў літарныя абазначэнні, паняцці пераменнай велічыні і функцыі, сістэму каардынат; у механіцы сцвярджаў адноснасць руху і спакою, сфармуляваў агульныя законы дзеяння і процідзеяння, захавання пэўнай колькасці энергіі, даў паняцце імпульсу сілы; у касмалогіі выказаў ідэю натуральнага развіцця Сонечнай сістэмы і ўтварэння нябесных цел у выніку віхрападобнага руху часцінак матэрыі вакол цэнтра — Сонца (віхры Д.); у фізіялогіі раскрыў сутнасць адвольных і міжвольных рухаў і даў навук. апісанне рэфлектарнага акта (дуга Д.). Ідэі Д. сталі тэарэт. крыніцай картэзіянства, былі прадметам усебаковага даследавання і крытычнага аналізу Дж.Лока, Ж.Ламетры, І.Канта, Б.Спінозы і інш. Даследаванні Д. ў галіне матэматыкі і фармалізацыі працэсу пазнання разам з вынайдзенай Г.Лейбніцам дваічнай сістэмай злічэння пакладзены ў аснову тэорыі сучаснай выліч. тэхнікі і інфарматыкі.
На Беларусі філас., прыродазнаўчыя і гнесеалагічныя ідэі атрымалі шырокае распаўсюджанне ў 2-й пал. 18 ст. ва ўмовах пераадолення сярэдневяковай схаластыкі, пашырэння ідэалогіі Асветніцтва. Асн. элементы філас. сістэмы Д. ўключаліся ў праграмы лекцыйных курсаў па філасофіі, абмяркоўваліся ў навук. і перыядычных выданнях.
С.Шадурскі ў сваіх кнігах, выдадзеных у Навагрудку і Вільні, абвясціў Д. найвышэйшым навук. аўтарытэтам, падзяляў яго прынцыпы і пункт гледжання пра існаванне дзвюх субстанцый. У інтэрпрэтацыі А.Скарульскага рацыяналізм Д. і сфармуляваныя ім крытэрыі ісціны набылі тэалагічную афарбоўку. Крытыкавалася яго ідэя прыроджаных ідэй і інтуітыўнай свядомасці. На дэдуктыўную рацыяналістычную логіку Д. спасылаўся Б.Дабшэвіч у сваіх разважаннях аб крытэрыі ісціны. Да механістычнай карціны свету, распрацаванай Д., схіляўся А.Доўгірд. У абарону ідэй Д. выступаў К.Нарбут, што сведчыць аб ломцы і трансфармацыі айчыннай эклектыкі, пераходзе мысліцеляў Беларусі ад сярэдневяковага перыпатэтызму да філасофіі і навукі новага часу.
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—2. М., 1989—94.
Літ.:
Спиноза. Принципы философии Декарта. М., 1926;
Ляткер Я.А. Декарт. М., 1975;
Матвиевская Г.П. Рене Декарт, 1596—1650. М., 1976;
Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. Мн., 1991;
Двенадцатые республиканские чтения «Великие преобразователи естествознания Декарт и Лейбниц»;
універсальная, агульнадаступная навук.б-ка; адно з найб. кнігасховішчаў свету (больш за 32,5 млн. адзінак захоўвання, у т. л. кніг і брашур больш за 13 млн.; 2000). Да 1917 наз. Імператарская публічная, да 1991 Дзярж. публічная імя М.Я.Салтыкова-Шчадрына. Засн. ў 1795 на базе вывезенай А.В.Суворавым з Варшавы б-кі Залускіх (паводле Рыжскага дагавора 1921 большая яе частка вернута ў Польшчу), для наведвання адкрыта ў 1814; з 1811 атрымлівае абавязковы экзэмпляр усёй айч. друкаванай прадукцыі. Мае найб. поўны збор рус. кніг, перыёдыкі, картаграфічны фонд. У аддзеле рукапісаў больш за 310 тыс. помнікаў пісьменства. Сярод іх 40 тыс. рукапісных кніг, у т. л.Астрамірава евангелле, Лаўрэнцьеўскі летапіс, Вял.франц. хронікі з мініяцюрамі С.Марміёна, арабскія і персідскія ілюмінаваныя рукапісы 14—17 ст. і інш. Захоўваюцца асабістыя архівы, у іх ліку архівы Дома Раманавых, дзярж. і ваен. дзеячаў (А.М.Гарчакова, І.І.Талстога, А.В.Суворава, М.І.Кутузава), вучоных (П.П.Пякарскага, Р.П.Кавалеўскага, А.А.Шахматава), літаратараў (Г.Р.Дзяржавіна, М.Ю.Лермантава, І.А.Крылова, М.В.Гогаля), кампазітараў і мастакоў (М.П.Мусаргскага, М.І.Глінкі, М.А.Балакірава, Дз.С.Бартнянскага, М.А.Рымскага-Корсакава, І.Я.Рэпіна) і інш. Зберагаюцца грэч. і лац. рукапісы, егіп. папірусы, калекцыя гебраістыкі С.Фірковіча, лісты і творы Дж.Байрана, А.Бальзака, І.Гётэ, В.Гюго, Л.Бетховена, Ж.Бізэ, Ф.Шапэна і інш. У фондзе замежных кніг калекцыя «Росіка» (250 тыс. замежных выданняў пра Расію, надрукаваных да 1917), асабістая б-ка Вальтэра, буйнейшы ў свеце збор інкунабул. У складзе б-кі «Дом Г.В.Пляханава» (архіў і б-ка). Выдае інфарм. бюлетэні, бібліягр. дапаможнікі, каталогі асобных калекцый і збораў, агульныя і галіновыя бібліяграфіі, манаграфіі і зб-кінавук.прац.Бел. матэрыялы прадстаўлены ва ўсіх аддзелах б-кі. У аддзеле рукапісаў захоўваюцца Полацкія евангеллі, спісы Статутаў ВКЛ 1529 і 1566; бел.літ. зборнік 15 ст., бел. пераклад «Александрыі» 17 ст., Віцебскі летапіс, Магілёўская хроніка і інш. Калекцыя бел. кірылічных старадрукаў, апісаная В.І.Лук’яненка ў «Каталогу беларускіх выданняў кірылаўскага шрыфту XVI—XVII стст.» (вып. 1—2, 1973—75), бел. і надрукаваныя на бел. землях кнігі (кірылічныя ў Рус. фондзе і аддзеле рэдкай кнігі, надрукаваныя лацінкай у калекцыях «Росіка» і «Паліграфія»), часопісы (рускі і замежны фонд часопісаў), карты, атласы і планы (аддзелы картаграфіі і рукапісаў), газеты (аддзел газет), рэкламныя афішы, гравюры, плакаты, паштоўкі (аддзел эстампаў). У кніжных фондах шматлікія кнігі з канфіскаваных у 1831—63 б-к Сапегаў з Дзярэчына і Коданя, Радзівілаўскай з Нясвіжа, езуіцкіх Гродзенскай калегіі і Полацкай акадэміі, Жыровіцкага манастыра і інш. Матэрыялы пра Беларусь знаходзяцца і ў асабістых архівах В.Ф.Ратча, І.П.Карнілава, П.М.Бацюшкава, П.А.Гільтэбранта, З.Я.Даленгі-Хадакоўскага, М.Баяровіча, М.С.Куторгі, Л.І.Ракоўскага. Супрацоўнікамі б-кі былі выхадцы з Беларусі санскрытолаг К.А.Касовіч, бібліятэказнаўцы І.Д.Іваноўскі, В.І.Сабальшчыкоў, даследчык самарыяцкіх рукапісаў А.Я.Гаркаві. У аддзеле рукапісаў працавалі браты Віктар і Кастусь Каліноўскія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫЦЦЁ,
філасофскае паняцце, якім абазначаюць аб’ектыўную рэальнасць існавання ўсіх матэрыяльных і духоўных з’яў. Складанасць вызначэння гэтага паняцця абумоўлена мноствам прадметаў рэальнасці, разнастайнасцю іх якасцяў і прыкмет. У прыватнасці, аб’екты рэчаіснасці падзяляюцца на матэрыяльныя і духоўныя, жывыя і мёртвыя, прыродныя і сац.; яны могуць мець прыкметы адзінкавага і агульнага, істотнага і неістотнага, магчымага і сапраўднага. Спалучэнне гэтых прыкмет і вызначае рознае тлумачэнне прыроды быцця. Найперш быццё абазначае факт існавання пэўнага прадмета ў межах пэўнай прасторы і часу. Па-за гэтымі рамкамі настае смерць, разбурэнне, знішчэнне прадмета, адбываецца яго пераход з быцця ў небыццё. У гэтым значэнні быццё набывае абсалютнае, а небыццё адноснае значэнне. Але быццё разумеецца і як субстанцыя, аснова свету і яго асобных, канкрэтных рэчаў. Пад быццём разумеюць таксама сутнасць аб’ектаў — сукупнасць агульных, значных прыкмет аб’ектаў. Пры такім падыходзе быццё падзяляецца на рэальнае і ідэальнае. Рэальнае — гэта спалучэнне агульных, істотных прыкмет пэўнага класа прадметаў, якія зноў і зноў утвараюцца ў працэсе іх узнікнення і існавання. Тым самым агульныя прыкметы прадметаў набываюць статус абсалютнага быцця, канкрэтная рэч характарызуецца паняццем адноснага быцця. Акрамя таго, існасць (а разам з ёю і быццё) можа пераўтварацца і ў ідэальную форму, г. зн. у форму паняцця. Напр., стол можа існаваць у рэальнасці (стол — аб’ект) і ў ідэальнай рэчаіснасці як паняцце (стол — ідэя). Г. зн., што ў ідэальнай форме быцця магчымасць і рэчаіснасць як бы зліваюцца ў сваім дыялект. адзінстве, набываючы нейкі першасны субстанцыйны сэнс. Ідэя таго ж стала (як і любая іншая ідэя) становіцца вечнай, абсалютнай, нязменнай і характарызуе, з пункту гледжання аб’ектыўных ідэалістаў, сапраўднае быццё, сапраўдную рэальнасць, а канкрэтны прадмет (той жа стол) уяўляе сабой як бы копію гэтай ідэі, яе пераходны злепак, або небыццё. Таму, паводле Платона, у ідэальным свеце ёсць толькі быццё і няма небыцця, а ў свеце канкрэтных рэчаў ёсць толькі небыццё і няма быцця. Яшчэ больш складаны характар набывае праблема быцця, калі яна пераносіцца ў галіны гнасеалогіі і сацыялогіі, таму што тут гаворка ідзе пра магчымасць адлюстравання быцця, пра спецыфіку чалавечага быцця (Платон, М.Хайдэгер). Тут ідэальнасць становіцца не толькі сэнсам адлюстравання, але і элементам існавання; самаперажыванне быцця набывае характар быційнай характарыстыкі, а паняцце небыцця становіцца сімвалам невядомага канца, асэнсаванне якога таксама надае асаблівую афарбоўку чалавечаму быццю.
Філосафы розных эпох істотна разыходзіліся ў азначэнні сутнасці быцця і небыцця, па-рознаму вызначалі іх суадносіны. Напр., прадстаўнікі стараж.-грэч. мілецкай школы лічылі, што ёсць толькі быццё, якое вызначаецца зыходнымі элементамі (стыхіямі) свету (зямля, вада, паветра, агонь). Геракліт сцвярджаў, што быццё і небыццё — гэта адно і тое ж і адначасова не адно і тое ж. Парменід лічыў, што ёсць толькі быццё, а небыцця няма. Паводле Платона, чалавек існуе адначасова ў фізічным і духоўным, вонкавым і ўнутраным сусветах, таму неабходна адрозніваць быццё эмпірычнае (пераходнае) і сапраўднае (вечнае). Для Г.Гегеля быццё ёсць ідэальнае, божае, а прырода — другаснае быццё ідэі. Ф.Ніцшэ лічыў, што ніякага абсалютнага быцця няма, быццё — гэта вечны ланцуг паўтораў. Прадстаўнікі дыялект. матэрыялізму зыходзілі з таго, што быццё вечнае і першаснае ў адносінах да свядомасці, вызначае яе функцыянаванне і развіццё, хоць сама свядомасць здольна не толькі адлюстроўваць быццё, але і аказваць уздзеянне на яго.
Літ.:
Доброхотов А.Л. Категория бытия в классической западной европейской философии. М., 1986;
Проблемы познания социальной реальности. М., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВАЯ ТЭО́РЫЯ ПО́ЛЯ,
рэлятывісцкая квантавая тэорыя элементарных часціц і іх узаемадзеянняў; адзін з асн. раздзелаў тэарэт. фізікі, у якім вывучаюцца агульныя законы будовы матэрыі на мікраўзроўні. У К.т.п. кожнаму тыпу элементарных часціц як першасных крыніц і пераносчыкаў фундаментальных узаемадзеянняў ставіцца ў адпаведнасць сваё другасна-квантаванае поле (гл.Другаснае квантаванне), якое апісваецца аператарнай хвалевай функцыяй Ψ (гл.Аператары, Хвалевая функцыя). Кампаненты Ψ пры замене каардынат прасторы—часу згодна з патрабаваннямі спец.адноснасці тэорыі пераўтвараюцца паводле прадстаўленняў групы Лорэнца (гл.Лорэнца пераўтварэнні). Функцыі свабодных палёў Ψ0 раскладаюцца на плоскія хвалі дэ Бройля, якія апісваюць станы з вызначанай энергіяй і імпульсам:
, дзе K = p/h, p — 4-мерны вектар энергіі-імпульсу часціцы, h — Планка пастаянная, x — вектар каардынат-часу, Cn і — аператары паглынання і выпрамянення часціц у нейкім n-м стане. Аператары задавальняюць перастановачным суадносінам камутацыі (антыкамутацыі) і адпавядаюць часціцам цэлага (паўцэлага) спіна — базонам (ферміёнам), якія падпарадкоўваюцца Бозе—Эйнштэйна (Фермі—Дзірака) статыстыцы. У К.т.п. кожнай часціцы адпавядае антычасціца, а квантаванае поле з’яўляецца сістэмай часціц і антычасціц. Тут няма закону захавання ліку часціц: пры ўзаемадзеянні яны могуць узаемна пераўтварацца адны ў другія (адны часціцы паглынаюцца, другія нараджаюцца). Стан квантаванага поля, у якім колькасць рэальных часціц роўная нулю, наз. вакуумам (гл.Вакуум у квантавай тэорыі поля).
Першай К.т.п. стала квантавая электрадынаміка. Яе ідэі і метады былі распаўсюджаны на ўсе элементарныя часціцы і выкарыстаны пры пабудове квантавапалявых тэорый слабага (Э.Фермі, 1934) і моцнага (І.Я.Там, Дз.Дз.Іваненка, Х.Юкава, 1932—35) узаемадзеянняў, якія, аднак, не вытрымалі выпрабавання часам. Таму значнае развіццё атрымалі аксіяматычны і іншыя падыходы ў К.т.п. Аднак толькі на падставе універсальнага дынамічнага прынцыпу калібровачнай інварыянтнасці пабудаваны сучасныя калібровачныя квантавапалявыя тэорыі электраслабага ўзаемадзеяння (С.Вайнберг, Ш.Глэшаў, А.Салам, 1967—71) і моцнага ўзаемадзеяння — квантавая хромадынаміка (М.Гел-Ман, Вайнберг, Салам і інш., 1973), якія забяспечылі дастаткова добрую згоду тэорыі эксперыментам. Першаснымі крыніцамі гэтых узаемадзеянняў сталі лептоны і кваркі, а іх пераносчыкамі — кванты адпаведных калібровачных палёў: фатон, 3 слабыя вектарныя базоны і 8 глюонаў. Далейшае развіццё К.т.п. звязваецца з канцэпцыяй адзінай тэорыі поля, суперсіметрыі, рашотак, струн, мембран і інш. Метады К.т.п. шырока выкарыстоўваюцца ў ядз. фізіцы, тэорыі цвёрдага цела, оптыцы і спектраскапіі, квантавай электроніцы і інш.
На Беларусі пытанні К.т.п. распрацоўваюцца з 1944 у БДУ, пазней у Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі (да пач. 1990-х г. пад кіраўніцтвам Ф.І.Фёдарава). Пабудавана агульная каварыянтная тэорыя рэлятывісцкіх хвалевых ураўненняў 1-га парадку, распрацаваны метад праекцыйных аператараў, з дапамогай уведзенай вектарнай параметрызацыі групы Лорэнца вырашаны многія пытанні рэлятывісцкай кінематыкі (Фёдараў, А.А.Богуш, Ю.А.Курачкін і інш.).
Літ.:
Боголюбов Н.Н., Ширков Д.В. Введение в теорию квантованных полей. М., 1957;
Федоров Ф.И. Проективные операторы в теории элементарных частиц // Журн. эксперимент. и теорет. физики. 1958. Т. 35, вып. 2;
Яго ж. Группа Лоренца. М., 1979;
Швебер С. Введение в релятивистскую квантовую теорию поля: Пер. с англ.М., 1963;
Ченг Т.-П., Л и Л.-Ф. Калибровочные теории в физике элементарных частиц: Пер. с англ.М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫТАВА́Я МУ́ЗЫКА,
музыка, якая функцыянуе ў штодзённым прыватным і грамадскім жыцці людзей, выконваецца па-за канцэртнай залай, прафес. т-рам, царквой. У шырокім разуменні ўключае спецыфічна бытавыя паводле зместу і ўмоў выканання жанры нар.-песеннага і нар.-інстр. мастацтва, у больш вузкім значэнні — музыка гар. побыту. Займае прамежкавае становішча паміж традыц.сял. фальклорам і творчасцю прафес. кампазітараў. Па змесце і стылі бытавая музыка вызначаецца прастатой, выразнасцю, агульнадаступнасцю муз. мовы, павышанай экспрэсіўнасцю. Прафес. кампазітары выкарыстоўваюць інтанацыі і рытмы бытавой музыкі як сродак дэмакратызацыі сваіх твораў, канкрэтызацыі іх вобразнага зместу, узвышаючы банальнае да ўзроўню высокамастацкага, а каштоўныя ўзоры класікі, часта ў адаптаваным выглядзе, пранікаюць у бытавую музыку.
Вытокі бытавой музыкі ў глыбокай старажытнасці, калі музыка была неаддзельная ад інш. відаў мастацтва. Пышны росквіт быт. музіцыравання характэрны для эпохі Адраджэння, калі склалася мноства свецкіх быт.вак. жанраў (фроталы, віланелы, вільянсіка, шансон і інш.), пашырылася сольная і ансамблевая ігра на розных інструментах (лютня, віёла, скрыпка, інстр. ансамблі). Нар.-быт. аснова яскрава выступала ў разнастайных пратэстанцкіх гімнах. У 17—18 ст. пашырыліся і паглыбіліся сувязі паміж музыкай побыту, першаснымі жанрамі і прафес. кампазітарскай творчасцю (напр., з сюіты быт. танцаў развіўся высокі жанр сімфоніі). Новыя рысы ў сферу бытавой музыкі ўнесла Франц. рэвалюцыя 1789—94, калі рэв.песні, гімны, маршы сталі неад’емнай часткай рэв. часу; яны ператварыліся ў актыўны сродак грамадз. выхавання. У 19 ст. ўзнік гар.раманс, блізкі да песні, разлічаны на спевакоў-аматараў. На жанравы і інтанацыйны склад бытавой музыкі моцна ўплываюць разнастайныя жанры муз.-тэатр. мастацтва і эстрады, у т. л.джаз, поп-музыка, рок-музыка, аўтарская песня. Найб. уплывовы жанр бытавой музыкі сав. часу — масавая песня.
На Беларусі з 2-й пал. 16 ст. вядомы канты і псальмы, якія да канца 18 ст. заставаліся асн. жанрамі быт. музіцыравання. Рэфармац. рух 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. абумовіў пранікненне разнастайных пратэстанцкіх гімнаў. Пра характар тагачаснай бытавой музыкі дае ўяўленне т.зв.«Полацкі сшытак». З пач. 17 ст. пры асобных калегіумах і дварах магнатаў узнікалі капэлы, якія выконвалі пераважна зах.-еўрап. і польск. танцы. Розныя быт. функцыі ўскладаліся ў 18 ст. на касцельныя і уніяцкія інстр. ансамблі (ігралі на балях, паляваннях, абедах), прыкладное прызначэнне мелі рагавыя аркестры, «янычарская музыка» і інш. віды аркестраў пры дварах магнатаў (гл.Прыгонныя аркестры і капэлы). У 1-й пал. 19 ст. пашырылася дамашняе і салоннае камернае музіцыраванне (скрыпічнае і квартэтнае выканальніцтва). У дэмакратызацыі муз. жыцця значную ролю адыгралі музычныя таварыствы. Рэв. і нац.-вызваленчы ўздым пач. 20 ст. адбіўся на дзейнасці аматарскіх аб’яднанняў і на змесце бытавой музыкі. У муз. побыце Беларусі выразна прасочваюцца агульныя тэндэнцыі бытавой музыкі, у т. л. павышэнне муз. культуры ўсяго народа, далучэнне да актыўнага музіцыравання ў калектывах маст. самадзейнасці, выхаванне эстэт. густаў, уключэнне ў штодзённы муз. побыт сферы высокай музыкі дзякуючы сродкам масавай інфармацыі, камунікацыі і грамзапісу, цесныя інтанац. сувязі паміж бытавымі, у т. л. масавай песняй, і «сур’ёзнымі» жанрамі. Многія прафес.бел. кампазітары працуюць у галіне бытавой музыкі — масавай і лірычнай песні, быт. танца, марша і інш.
Літ.:
Асафьев Б.В. Русская музыка, XIX и начало XX века. Л., 1968;
Яго ж. Бытовая музыка после Октября // Новая музыка. Л., 1927. Вып. 1(5);
Сохор А.Н. Эстетическая природа жанра в музыке // Сохор А.Н. Вопросы социологии и эстетики музыки. Л., 1981. Вып. 2;
Щербакова Т. Быт — бытовой диалект — классика // Сов. музыка. 1986. № 4;
Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМЕСТ І ФО́РМА,
суадносныя філас. катэгорыі. Змест — вызначальны бок цэлага, сукупнасць усіх частак (элементаў) прадмета, адзінства яго ўласцівасцей, унутр. працэсаў, сувязей, супярэчнасцей, узаемадзеянняў з іншымі прадметамі. Форма — унутр. арганізацыя, тып і структура зместу. З. і ф. знаходзяцца ў адзінстве, могуць нават пераходзіць адно ў адно, але гэтае адзінства адноснае. Змест уяўляе сабой дынамічны бок адзінага цэлага, форма, наадварот, — больш кансерватыўная. У выніку ў пэўны час узнікае супярэчнасць паміж новым зместам і старой формай, якая вырашаецца шляхам «скідвання» старой формы і заменай яе новай, адпаведнай новаму зместу. Катэгорыі З. і ф. ўпершыню распрацаваны ў стараж.-грэч. філасофіі. Першапачатковым разуменнем катэгорыі зместу было меркаванне аб існаванні нейкага пастаяннага субстрату (першаасновы ў выглядзе апейрона, матэрыі і г.д.) у адрозненне ад узнікаючага і знікаючага свету навакольных рэчаў. Форму ж разумелі як прасторава-арганізаваную структуру цела (атамісты), як нейкую цэласнасць, сутнасць быцця кожнай рэчы (Платон), як пэўнасць саміх матэрыяльных рэчаў (Арыстоцель). Арыстоцель дапускаў таксама існаванне і неаформленай матэрыі і нематэрыяльнай формы, узыходнай да «формы формаў», г.зн. да бога. У філасофіі новага часу (Дж.Бруна, Ф.Бэкан, Р.Дэкарт, Т.Гобс і інш.) быў абгрунтаваны тэзіс аб прымаце матэрыі над формай, аб адзінстве З. і ф. І.Кант засяродзіў увагу на праяўленні З. і ф. ў мысленні. Ён атаясамліваў матэрыю з пачуццёва-дадзеным зместам мыслення, з яго разнастайнасцю, а форму — з тым, што сістэматызуе гэтую разнастайнасць. Г.Гегель адхіліў метафізічны падыход да З. і ф. як самаізаляваных і ўпершыню ўсебакова раскрыў дыялектную ўзаемасувязь. К.Маркс, Ф.Энгельс, У.І.Ленін разглядалі З. і ф. з дыялектыка-матэрыяліст. пазіцый, аналізавалі гэтыя катэгорыі і ў тэарэт. і ў канкрэтнай сац.-практ. плоскасці. Катэгорыі З. і ф. маюць прынцыповае значэнне і для разумення гіст. працэсаў у цэлым, і для свядомага ўздзеяння на сац.-эканам., паліт., духоўна-маральныя адносіны ў грамадстве.
З. і ф. ў літаратуры і мастацтве характарызуюць дыялектычную структуру маст. вобраза і выступаюць у якасці крытэрыю яго эстэт. вартасці. Змест адлюстроўвае агульныя, сутнасныя тыповыя рысы прадмета, форма — яго асаблівыя, наяўныя, індывід. рысы. Звязаныя з прадметам як аб’ектам успрымання, яны адпаведна звязаны і з суб’ектам: змест суадносіцца з рацыянальным, форма — з эмацыянальным пачаткам. У эстэт. аспекце спецыфіка З. і ф. заключаецца ў іх непарыўным адзінстве і ўзаемадзеянні, могуць выступаць і як сукупнасць пэўных узроўняў маст. твора. У структуры літ.-маст. твора могуць быць вылучаны наступныя ўзроўні: моўныя гукі, марфемы, словы, тропы, сінтакс. адзінкі, моўная тканіна, кампазіцыя, сюжэт, фабула, тыпаж, характар, тэма, ідэя; у структуры жывапіснага вобраза — колеры, лініі, контуры, кампазіцыя, перспектыва, прадметы, сюжэт, тыпаж, характар, тэма, ідэя; у структуры арх. твора — колер, фактура, матэрыял, сілуэт, канструкцыя, функцыя. Пераход ад аднаго ўзроўню да другога адметны паступовасцю, запоўненасцю паміж полюсамі З. і ф., іх цэласнасцю і рухомасцю адзінства. Прамежкавыя ўзроўні суадносяцца паміж сабою як З. і ф. ў залежнасці ад іх месца ў агульнай структуры твора. Маст. твор і адпаведны яму маст. вобраз як дыялектычна супярэчлівае адзінства З. і ф. маюць зменлівы, рухомы характар. Адзінства З. і ф. можа знаходзіцца ў розных станах — гарманічнай цэласнасці, антаганістычным проціпастаўленні, перавагі зместу над формай ці наадварот. У агульнаэстэт. аспекце такія станы суадносяцца з асн.эстэт. катэгорыямі (прыгожага, агіднага і інш.). У мастацтвазнаўчым плане яны звязаны з тыпалогіяй стыляў, што змяняюцца ў пэўнай паслядоўнасці, выступаюць як адзін з асн. законаў гісторыі, мастацтва і цесна звязаны з законамі развіцця грамадства ўвогуле.
Літ.:
Аристотель. Метафизика // Соч.М., 1976. Т. 1;
Гегель Г.В.Ф. Энциклопедия философских наук. Т. 1. М., 1974;
Энгельс Ф. Анты-Дзюрынг. Мн., 1952;
Современные зарубежные концепции диалектики: Критич. очерки. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЯ ДРА́МА,
найвышэйшая форма народнага тэатра. Увабрала ў сябе і ўзняла на новую ступень у тэатр. мастацтве ўсё. уласцівае яго больш раннім формам. Відовішча карнавальнага тыпу, прымеркаванае да каляднага цыкла нар. гульняў і паказаў, што абумоўлівае яе папулярнасць, тэматыку, сістэму вобразаў і абмежаваную колькасць сюжэтаў. Вядома на Беларусі, Украіне, у Расіі. Вытокі Н.д. ў калядных гульнях з пераапрананнямі і ў батлейцы. дзе фактычна яна і склалася (гл.Жывая батлейка). Паказы Н.д. параўнальна вял. паводле аб’ёму, са значнай колькасцю ўдзельнікаў (10—20 чал.), пэўнымі прыёмамі сцэн. выканання, спец. падрыхтоўкай (своеасаблівым рэжысёрам з’яўлялася традыцыя, яе прытрымліваліся ўсе нар. акцёры, якія на рэпетыцыях завучвалі тэксты, адпрацоўвалі ўмоўныя рухі і жэсты, рыхтавалі рэквізіт і касцюмы). На Беларусі шырока бытавала сярод сялян і рамеснікаў у 2-й пал. 19—1-й трэці 20 ст. Паказы звычайна адбываліся ў хатах. У рэпертуары былі пашыраны «Цар Ірад», «Цар Максімілян» (найб. папулярная), «Трон» (спалучаў сюжэты дзвюх першых), а таксама кароткія драм. сцэнкі тыпу «Мацей і доктар». Вядомая ва ўсх. славян Н.д. «Лодка» на Беларусі існавала ў кантамінацыі з «Царом Максімілянам». Паказы Н.д. складаліся з дзвюх частак, кожная са сваімі героямі: т. зв. сур’ёзная — асн. сюжэт (лінія цара Ірада, цара Максіміляна і сына Адольфа) і камед. — інтэрмедыйныя сцэны (пабудаваны на ўзор батлейкавых, уключалі жартоўныя дыялогі, байкі, танцы). Часткі злучаліся паміж сабой механічна, іх аб’ядноўвала характэрнае для Каляд агульнае карнавальнае светаадчуванне. Асн. кампазіцыйны прыём — выклік дзейных асоб да цара. У Н.д. ўсё перакладалася на мову святочных нар. уяўленняў, высмейвалася, зніжалася высокае і сур’ёзнае, сцвярджалася фамільярнасць як тып зносін; абмежаванняў і забарон для смеху не існавала. Традыцыі нар. карнавальнай культуры найперш выяўляліся ў інтэрмедыйных сцэнах, дзе ствараўся свой асаблівы свет, у якім вясёлыя смерці, пахаванні, хваробы, паядынкі, бойкі і танцы, жартоўныя дыялогі. Інтэрмедыйныя персанажы — дзед, яўрэй, доктар, цыган — належалі да катэгорыі блазнаў, пры гэтым дзед выконваў і функцыю карнавальнага развенчвання цара. Уплывам карнавальнасці пазначаны і асн. сюжэт: карнавальныя матывы, удзел інтэрмедыйных персанажаў у асн. канфлікце, інтэрмедыйныя ўстаўкі, так што сур’ёзнасць асн. сюжэта і яго персанажаў станавілася адноснай. У Н.д. выкарыстоўваліся агульныятрадыц. прынцыпы нар.т-ра. У выканальніцтве Н.д. спалучаліся нар. прыёмы, заснаваныя на імправізацыі, з буфанадай і гратэскам, для інтэрмедыйнай часткі і т.зв. вайсковыя (выкарыстанне ўдзельнікамі-персанажамі артыкулаў вайсковага статута) — для асн. сюжэта. Апошнія спец. паказы Н.д. наладжаны ў 1962, 1963 у в. Бялевічы Слуцкага р-на Мінскай вобл.; ставілася драм. калектывамі Мінскага ін-та культуры (1976) і майстроўняй філ. ф-та БДУ (1981), нар. фальклорным т-рам «Жалейка» (г. Гомель; 1986—87), а таксама Маскоўскім ансамблем нар. музыкі пад кіраўніцтвам Дз.Пакроўскага (паказаны на 9-м Міжнар. з’ездзе славістаў у Кіеве; 1983): «Цар Ірад» («Кароль Гэрад») — фалькл. калектывам в. Юрацішкі Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. (1990-я г.).
Першыя запісы тэкстаў бел. Нд. зроблены ў 2-й пал. 19 ст. этнографамі Е.Раманавым, А.Грузінскім, М.Васільевым, М.Федароўскім, у пач. 20 ст. — Е.Іваноўскім, пазней — Ф.Дзядзенкам, М.Грынблатам, Я.Дылам (фрагмент апісання паказу), І.К.Кабашнікавым, Г.Барташэвіч, В.Захаравай, а таксама б. ўдзельнікамі паказаў І.Здрокам, М.Ганчаровым. Нар. традыцыі выканання Нд. былі выкарыстаны пры пастаноўцы «Цара Максіміляна» ў апрацоўцы А.Рэмізава і М.Міцкевіча ў Бел.драм. студыі ў Маскве (1924, рэж. В.Смышляеў) і ў спектаклі БДТ-2 (1926).
Літ.:
Стэльмах Дз.У. Сцэнічнае ўвасабленне народнай драмы // Весці АНБССР Сер. грамад. навук. 1981. № 2;
Яе ж. Узнікненне і развіццё народнай драмы на Беларусі // Там жа. 1982. № 6;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАКА́Т (ням. Plakat ад франц. placard аб’ява, афіша),
выява на буйным аркушы паперы інфармацыйнага, рэкламнага ці прапагандысцкага зместу; від графікі, графічнага дызайна. Спецыфіка маст. мовы П. — падкрэсленая кідкасць, абагульненасць форм, лаканізм, кампазіцыйны сінтэз шрыфту і выявы, выяўл. метафары, эфектныя супастаўленні вобразаў, маштабаў, ступеней умоўнасці, якія ўспрымаюцца на вял. адлегласці. Мае 3 асн. жанры: відовішчны (тэатр., цыркавы, кінаплакат і інш., гл. таксама Афіша), рэкламны, сац. (паліт., прапагандысцкі і інш.). Арыгінал П. можа быць маляваны, выкананы ў тэхніцы гравюры (часцей літаграфіі), серыграфіі, з дапамогай калажу, фатаграфіі, камп’ютэрнай тэхнікі. Размнажаюць паліграф. спосабам.
Як маст. з’ява П. пашырыўся ў 1880-я г. Пластычная мова ў вял. ступені фарміравалася пад уплывам панегірычных гравюр, гравюр-тэзісаў (вял. гравюра з тэкстамі, якія інфармавалі пра навук. дыспуты), а таксама жывапісу класіцызму. П. стваралі Э.Манэ, Гранвіль, Г.Клімт і інш. З’яўленне ў Зах. Еўропе каляровай літаграфіі ў 2-й пал. 19 ст. дазволіла ствараць кідкія шматтыражныя рэкламныя П. выяўленчага характару (Ж.Шэрэ, Т.Стэйнлен). Мастацкае афармленне П. дасягнула росквіту ў творчасці А.Тулуз-Латрэка. На мяжы 19—20 ст. набылі папулярнасць арнаментальна-дэкар. П. ў духу стылю мадэрн (А.Муха ў Чэхіі і Францыі, О.Бёрдслі ў Англіі). Новы стыль П. з выразным лаканізмам і лапідарнай сімволікай стварылі Л.Бернхард у Германіі, М.Касандр у Францыі, А.Бенуа ў Расіі. У 1930-я г. ў асобныя кірункі вылучыліся кінаплакат і паліт. П. Сярод буйнейшых мастакоў-плакатыстаў К.Кольвіц, Дж.Гартфілд (Германія), Л.Мендэс (Мексіка), А.Дайнека, Л.Лісіцкі, Дз.Маор, Кукрыніксы (Расія), І.Таідзе (Грузія). Своеасаблівай агітацыйна-паліт. хронікай былі «Окна РОСТА» (У.Маякоўскі, М.Чарамных). Вобразнай выразнасцю вылучаюцца П. А.Родчанкі, В. і Г. Стэнбергаў, Я.Цвіка (Расія). На плакатнае мастацтва моцна паўплывалі экспрэсіянізм, кубізм, канструктывізм і «Баўгауз», што праявілася ў імкненні да лаканізму пластычнай мовы праз памяншэнне колькасці графічных элементаў. У 2-й пал. 20 ст. набылі вядомасць школы П. Польшчы (Г.Тамашэўскі, С.Эйдрыгявічус, В.Свежы, М.Васілеўскі), Японіі (К.Нагаі, С.Фукуда, І.Танака, М.Тода), Чэхіі (К.Мішак, В.Растока).
На Беларусі на развіццё П. паўплывалі панегірычныя гравюры. У 19 ст. з’явіліся першыя друкаваныя тэатр. афішы. Аўтарам першага П. на бел. мове з’яўляецца Ф.Рушчыц («Першая краёвая выстаўка хатняга вырабу і народнага штукарства ў Вільні», 1913). У пач. 20 ст. да П. звярталіся Я.Драздовіч, А.Быхоўскі, Г.Змудзінскі, П.Гуткоўскі і інш. Уклад у развіццё мастацтва П. зрабіла аб’яднанне «Сцвярджальнікі новага мастацтва» (УНОВИС; Лісіцкі, М.Суэцін і інш.). П. друкаваліся ў Гомелі, Віцебску, Магілёве, Мінску і інш. гарадах. Традыцыі «Вокнаў РОСТА» прадоўжылі ў Вял.Айч. вайну плакат-газеты «Раздавім фашысцкую гадзіну» і «Партызанская дубінка». Выяўл. мова П. 1940—70-х г. адлюстроўвала агульныя тэндэнцыі развіцця тагачаснага выяўл. мастацтва. У галіне П. працавалі А.Волкаў, М.Гуціеў, Л.Замах, Т.Ігнаценка, Л.Кроль, Я.Тарас і інш. У 1966—90 выходзілі перыяд. выданні «Агітплаката». На 2-ю пал. 1980—90-х г. прыпадае высокі ўздым плакатнага мастацтва Беларусі. Сярод мастакоў гэтага перыяду М.Анемпадзістаў, У.Васюк, С.Войчанка, С.Яўлампіеў, У.Жук, Л.Кальмаева, А.Кітаева, У.Крукоўскі, Г.Мацур, А.Наважылаў, В.Смаляк, Дз.Сурскі, К.Хацяноўскі, У.Цэслер і інш.
Літ.:
Ганчароў М.І. Беларускі палітычны плакат. Мн., 1989;
Henatsch M. Die Entstehung des Plakates. Hildesheim;
Zürich;
New York, 1994.
М.Р.Баразна.
Да арт.Плакат. С.Войчанка, У.Цэслер, А.Шалюта. Ад міжнароднага года міру — да міру без войнаў і зброі. 1986.Да арт.Плакат. Г.Мацур. Францыск Скарына. 1989.Да арт.Плакат. Л.Лісіцкі. Клінам чырвоным бі белых. 1920.Да арт.Плакат. А.Кітаева. Казімір Малевіч. 1989.Да арт.Плакат. У.Цэслер, С.Войчанка. Афган. 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́,
вырашэнне сродкамі ўзбр. насілля эканам., нац., грамадска-паліт., рэліг., тэр. і інш. супярэчнасцей паміж дзяржавамі, народамі, нацыямі і сац. групамі. Гал. сродкі вядзення вайны — узбр. сілы, армія, інш. ваенізаваныя фарміраванні. Вайна, як правіла, вядзе да буйных чалавечых ахвяр, страты матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, разбуральна ўздзейнічае на грамадства.
У першабытнаабшчынным грамадстве ўзбр. сутыкненні родаў і плямён былі разнавіднасцю барацьбы за выжыванне. З узнікненнем дзяржавы як органа ажыццяўлення ўнутр. і знешняй палітыкі пануючых класаў вайна набыла грамадска-паліт. змест, што запатрабавала стварэння спец. атрада ўзбр. людзей — арміі. Узбр. насілле станавілася ўсё больш дзейсным сродкам узбагачэння, узмацнення эканам. і паліт. панавання, заняволення народаў. Як мера ў адказ на сац. насілле і эксплуатацыю барацьба заняволеных народаў нярэдка набывала форму грамадзянскай вайны або вызваленчай.
Войны класіфікуюць паводле вылучэння найб. істотных падстаў для іх развязвання. Найб.агульныя і найчасцей выкарыстоўваліся сац.-паліт., ваен.-тэхн., маштабныя (колькасныя), гіст. падставы. Паводле сац.-паліт. падстаў войны падзяляюць на роды, тыпы і віды, кожны з іх аб’ядноўвае пэўныя групы войнаў, якія маюць падобныя сац.-паліт. прыкметы. У сучаснай ваен. тэорыі пашыраны падзел войнаў на справядлівыя і несправядлівыя. Да справядлівых адносяць войны народаў за вызваленне ад эксплуатацыі і нац. прыгнёту або для абароны сваёй краіны ад агрэсіі; несправядлівыя войны накіраваны на задушэнне нац.-вызв. барацьбы, захоп чужых тэрыторый, заняволенне і рабаванне інш. народаў і г.д. Сіламі міжнар. рэакцыі падрыхтаваны і развязаны першая сусветная вайна 1914—18, самая вял. і кровапралітная ў гісторыі чалавецтва другая сусветная вайна 1939—45. Састаўной часткай апошняй была справядлівая Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. У перыяд навук.-тэхн. прагрэсу войны становяцца асабліва разбуральныя. Уступленне чалавецтва ў 2-й пал. 20 ст. ў ядзерны век істотным чынам змяніла змест войнаў, адносіны да іх сусв. супольніцтва. Пагроза ядзернай вайны паставіла перад чалавецтвам пытанне пра неабходнасць выключэння войнаў як сродку вырашэння любых міждзярж. і ўнутрыдзярж. спрэчак. Статут ААН замацаваў прынцып забароны вайны. У 1974 29-я сесія Генеральнай асамблеі ААН прыняла спец. рэзалюцыю «Аб вызначэнні агрэсіі», паводле якой для дзяржавы-агрэсара прадугледжана паліт. і матэрыяльная адказнасць, а асобы, вінаватыя ў планаванні, падрыхтоўцы і развязванні вайны (агрэсіі), нясуць крымін. адказнасць. Такая ж мера пакарання выкарыстана Нюрнбергскім і Такійскім міжнар. трыбуналамі ў 1945 у адносінах да ваен. злачынцаў фаш. Германіі і мілітарысцкай Японіі, якія развязалі 2-ю сусв. вайну.
Сац. і маральны прагрэс з’яўляецца гіст. перадумовай выключэння вайны з жыцця грамадства і ўсталявання трывалага міру і згоды на зямлі. Практыка міжнар. жыцця ўсё больш схіляецца да ідэі мірнага суіснавання, спынення гонкі ўзбраенняў, абмежавання, скарачэння і ліквідацыі назапашаных сродкаў вядзення вайны (гл.Раззбраенне). Ажыццяўляюцца меры па стварэнні матэрыяльных гарантый міжнар. бяспекі; паміж вядучымі дзяржавамі заключаны пагадненні па аслабленні пагрозы вайны. Падзеі канца 1980 — пач. 1990-х г.: аб’яднанне Германіі, спыненне супрацьстаяння блокаў ваенных пасля роспуску арганізацыі Варшаўскага Дагавора 1955, выступленне сіл шматнацыянальнай кааліцыі супраць анексіі Іракам Кувейта, супрацоўніцтва краін у рамках праграмы Арганізацыі паўночна-атлантычнага дагавора (НАТО) «Партнёрства дзеля міру» па спыненні грамадз. вайны ў Босніі і Герцагавіне і г.д., — зрабілі ўплыў на ўсю структуру сучасных міжнар. адносін, павысілі аўтарытэт і ролю ААН, АБСЕ, выявілі значэнне міжнар. супрацоўніцтва ў справе процістаяння войнам і агрэсіі. Аднак у розных рэгіёнах свету не затухаюць ваен. канфлікты, гінуць людзі, знішчаюцца матэрыяльныя і культ. каштоўнасці, а на ваен. падрыхтоўку затрачваюцца вял. сродкі.
Тэр. Беларусі з-за яе геагр. становішча неаднаразова на працягу апошніх стагоддзяў станавілася арэнай самых актыўных ваен. дзеянняў, якія прывялі да вял. матэрыяльных і людскіх страт (у 2-ю сусв. вайну Беларусь страціла каля 2,5 млн. жыхароў). Пасля набыцця незалежнасці і прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 у знешняй палітыцы Беларусі перш за ўсё замацаваны прынцыпы роўнасці дзяржаў, непрымянення сілы або пагрозы сілай, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутр. справы інш. дзяржаў. Рэспубліка Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а дзяржаву — нейтральнай. Прапаганда вайны, паводле нац. заканадаўства, з’яўляецца злачынствам і праследуецца ў крымін. парадку.
Літ.:
Фуллер Дж.Ф. Вторая мировая война 1939—1945 гг.: Пер. с англ.М., 1956;
Вержховский Д.В., Ляхов В.Ф. Первая мировая война 1914—1918 гг.М., 1964;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗНА́ННЕ,
вышэйшая форма адлюстравання, аналізу і ўзнаўлення аб’ектыўнай рэчаіснасці ў мысленні; працэс атрымання і выпрацоўкі ведаў. Ахоплівае канкрэтныя сферы жыццядзейнасці людзей і ажыццяўляецца ў розных спалучэннях жывога і назапашанага вопыту, які перадаецца ад аднаго пакалення да другога. У гэтым плане адрозненне П. і ведаў ёсць адрозненне працэсу і выніку: у ходзе выкарыстання элементаў канкрэтных ведаў для вырашэння праблем жыцця яны пераўтвараюцца і перапрацоўваюцца чалавекам і зноў вяртаюцца ў працэс П. Аб’ектам П. з’яўляецца частка матэрыяльнага свету або духоўнай сферы (аб’ектыўная рэч, прырода, грамадства, свядомасць), а яго суб’ектам выступаюць асобныя індывіды, групы людзей, грамадства, усё чалавецтва. З развіццём грамадства павялічваецца «культурны багаж» суб’екта П., узбагачаюцца і мадыфікуюцца сродкі яго дзейнасці, адбываецца ўсё больш глыбокае пранікненне ў скрытыя сутнасці рэчаў і з’яў. Гэта аб’ектыўна спрыяе вырашэнню адной з гал. задач П. — дасягненне ісціны. На ролю ісціны могуць прэтэндаваць толькі тыя веды, якія прайшлі праверку практыкай. У П. вылучаюць 2 узроўні: пачуццёвы і рацыянальны. Пачуццёвае П. ажыццяўляецца ў 3 асн. формах: адчуванне, успрыманне і ўяўленне. У пачуццёвых вобразах фіксуецца пераважна знешні бок прадметаў і з’яў рэальнага свету, таму яны так або інакш падобны з ім, у чымсьці аналагічныя яму. Аднак гэта адноснае падабенства, бо пачуццёвае адлюстраванне свету індывідуальнае: кожны чалавек бачыць і ацэньвае рэч не так, як яе ўспрымае другі чалавек. Рацыянальнае П. мае больш абстрактны характар і дазваляе выявіць агульныя, істотныя сувязі з’яў і прадметаў. Яно ажыццяўляецца і функцыянуе з выкарыстаннем 3 асн. форм — паняцця, суджэння і розумазаключэння, якія з’яўляюцца неабходнымі і дастатковымі для ажыццяўлення складаных аперацый лагічнага мыслення і дазваляюць у П. рухацца ад з’явы да сутнасці, ад непасрэднага да апасродкаванага, ад адзінкавага да агульнага, ад выпадковага да заканамернага і ўсеагульнага. Узаемасувязь пачуццёвага і рацыянальнага П. заснавана на ўзаемадзеянні першай і другой сігнальных сістэм, адбываецца ў псіхіцы чалавека, якая ў гэтай якасці ўяўляе сабой духоўную творчасць (гл. таксама Інтуіцыя, Інтуіцыянізм, Бессвядомае).
Вылучаюць таксама асн. віды пазнавальнага працэсу: звычайнае, міфалагічнае, містычнае і навук. П.; часам да іх дадаюць містычны і экстрасэнсорны віды П.Звычайнае П. (жыцейскае, штодзённае) — першасная пач. форма пазнавальнай дзейнасці суб’екта, якая служыць яго прыстасаванню да рэальных умоў жыцця і выступае неабходнай перадумовай авалодвання ім інш. спецыялізаванымі відамі ведаў. Навуковае П. арыентавана на адкрыццё законаў і з’яў, невядомых практыцы да гэтага часу, недаступных звычайнаму П. Яно, у сваю чаргу, ажыццяўляецца на 2 узроўнях: эмпірычнае П., якое дае звесткі пра знешнія бакі і сувязі аб’екта, і тэарэтычнае П., якое раскрывае ўнутр., скрытыя ад назірання сувязі і законы. Асн. метадамі эмпірычнага П. выступаюць назіранне, эксперымент, аналіз, індукцыя, сінтэз і інш., тэарэтычнага П. — гіпатэтыка-дэдукцыйны метад, ідэалізацыя, мадэліраванне, пабудаванне навук.тэорыі.
Традыц. сродкі і метады П., заснаваныя на аб’ектна-суб’ектных адносінах, адрозніваюцца ад яго тлумачэння на аснове суб’ектыўна-суб’ектных адносін, дзе гал. пазнавальным сродкам лічаць эмацыянальна-пачуццёвыя і эмацыянальна-валявыя фактары любові і веры. Любоў, з гэтага пункту погляду, сцвярджае каштоўнасць таго, на каго накіравана гэта пачуццё, а найб. адэкватна яна раскрываецца ў веры, якая папярэднічае ведам і дазваляе чалавеку рухацца наперад у сферы П. невядомага. У сучаснай навуцы і філасофіі прызнаецца прынцыповая магчымасць П. рэчаіснасці, але ў розных навук. плынях і школах па-рознаму падыходзяць да вырашэння пытання характару і працэсу П., яго мэт, характэрных рыс, магчымасцей. Агульнае вучэнне аб пазнавальнай дзейнасці дае філас. тэорыя П. — гнасеалогія. Спецыфічныя праблемы і бакі працэсу П. даследуюцца гісторыяй навукі, навуказнаўствам, кагнетыўнай псіхалогіяй, сацыялогіяй навукі і інш.