АЛТА́Р (лац. altaria ад altus высокі),

частка хрысціянскага храма, аддзеленая перагародкай або іканастасам. У першабытных і стараж. народаў — узвышэнне, якое служыла месцам для прынясення ахвяр. У біблейскай гісторыі — сімвал прымірэння чалавека з Богам. Ант. грэкі і рымляне ставілі алтар па-за храмам, аздаблялі скульпт. выявамі (Пергамскі алтар). У першых хрысціянскіх храмах алтар меў выгляд стала («прастол»), на якім гатавалі і раздавалі прычасце; часам пад ім рабілі склепы для пахавання пакутнікаў. З 4 ст. такую ж назву атрымала частка храма, дзе знаходзіўся ахвярнік. У раманскай архітэктуры гал. алтар каталіцкага храма размяшчаўся каля ўсх. сцяны, меў простую аздобу, у гатычнай (алтар-шафка) — упрыгожваўся жывапісам. разьбой, пазалотай, паліхроміяй, у рэнесансавай — пераважна жывапісам. У эпоху барока ўзніклі ансамблі багата аформленых скульптурна-жывапісных алтароў у сінтэзе з архітэктурай храма. На Беларусі такія алтары захаваліся ў касцёлах у Гродне, Слоніме, Дзятлаве, у вёсках Камаі Пастаўскага, Будслаў Мядзельскага, Новая Мыш Баранавіцкага р-наў, у Спаса-Праабражэнскай царкве ў в. Порплішча Докшыцкага р-на і інш.

А.​А.​Ярашэвіч.

Бакавы алтар «Ганна і Марыя з дзіцем» у Спаса-Праабражэнскай царкве ў в. Порплішча Докшыцкага раёна Віцебскай вобл. 17 ст.
Галоўны алтар касцёла ў в. Камаі Пастаўскага раёна Віцебскай вобл. 1-я пал. 18 ст.

т. 1, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАПТЫ́ЎНАЯ РАДЫЯ́ЦЫЯ,

тып эвалюцыі, пры якім ад адной продкавай формы ўтвараецца мноства разнастайных формаў арганізмаў у межах віду або групы роднасных відаў. Ляжыць у аснове адаптацыягенезу і з’яўляецца вынікам набыцця арганізмам прыстасаванасці (гл. Адаптацыя ў біялогіі) і пранікнення ў новыя адаптыўныя зоны. Праяўляецца ў разнастайнасці падпарадкаваных таксанамічных груп у межах кожнага буйнога таксона (напр., розныя віды грызуноў — вавёркі, суслікі, бабры, сям. драпежных млекакормячых і інш.). Канцэпцыя адаптыўнай радыяцыі сфармулявана амер. вучоным Г.​Осбарнам у сувязі з эвалюцыяй млекакормячых (1910).

Осбарн адрозніваў 5 гал. ліній спецыялізацыі ў будове канечнасцяў млекакормячых, залежных ад умоў месцазнаходжання і спосабаў перамяшчэння: хуткі бег у наземных відаў; рыючы лад жыцця ў відаў, якія жывуць пад зямлёй; плаванне ў відаў, што жывуць у вадзе; лажанне ў дрэвавых відаў; планіраванне і палёт у відаў, жыццё якіх праходзіць у паветры. Асн. крыніца адаптыўнай радыяцыі — унутрывідавыя працэсы (генетычная разнастайнасць відавых папуляцый, дыферэнцыроўка віду на геагр. і экалагічныя расы і інш.). Наяўнасць у продкавага арганізма якой-небудзь структуры або фізіял. функцыі, што ў вельмі мадыфікаванай форме ёсць у больш высокаразвітых роднасных арганізмаў, сведчыць пра іх агульнае паходжанне і складае аснову эвалюц. тэорыі (гл. Філагенез).

А.​С.​Леанцюк.

Адаптыўная радыяцыя плацэнтарных млекакормячых, якія маюць агульнага продка (у цэнтры).

т. 1, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАСО́ФІЯ (ад антрапа... + грэч. sophia мудрасць),

акультна-містычнае вучэнне пра чалавека як носьбіта таямнічых духоўных сіл; разнавіднасць тэасофіі. Заснавальнік антрапасофіі ням. філосаф-містык Р.​Штайнер стварыў у 1913 антрапасофскую школу з мэтай выхаваць у юнацтва ўменне «духоўнага сузірання», якое ў стане самыя таямнічыя з’явы рабіць даступнымі для ўспрымання. Паводле гэтага вучэння, чалавек — трыадзінства цела, душы і духу, духам кіруе закон пераўвасаблення (рэінкарнацыя). У асобным жыцці чалавечы дух паўтарае сам сябе з улікам ранейшых уражанняў і перажыванняў. Чалавечае цела кіруецца законам наследавання, душа — створаным ёю самой лёсам (карма). Пасля смерці сувязь духу і душы захоўваецца, пакуль душа не вызваліцца ад цела. У сац.-паліт. жыцці антрапасофія зыходзіць з раздраблення сац. арганізма на самастойныя сферы: дзяржаву, правасуддзе, эканоміку. У 1-й трэці 20 ст. вучэнне антрапасофіі стала пашыраным у шэрагу краін Еўропы. Пэўны ўплыў яно зрабіла на дзеячаў культуры і мастацтва (А.​Белы, В.​Кандзінскі, М.​Валошын, Б.​Вальтэр і інш.). Цікавасць да антрапасофіі ажывілася і ў апошняй трэці 20 ст., асабліва ў ЗША, еўрап. краінах. У апошнія гады распаўсюдзілася на Беларусі, гал. чынам гэтаму садзейнічалі аднаўленне цікавасці да тэасофскіх ідэй А.​Блавацкай і ўзнікненне суполак крышнаітаў.

Літ.:

Белый А. Рудольф Штейнер и Гете в мировоззрении современности. М., 1917;

Abendroth W.R. Steiner und die heutige Welt. München, 1969.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 1, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́ЙГЕЛЬ (дакладней Брогел) Старэйшы, ці «Мужыцкі» (Bruegel de Oude, Boeren Brueghel) Пітэр (паміж 1525 і 1530, г. Брэда, Нідэрланды — 5.9.1569), нідэрландскі жывапісец; адзін з заснавальнікаў флам. і галандскага рэаліст. мастацтва. У 1551 прыняты ў Антверпенскую гільдыю жывапісцаў. З 1563 працаваў у Бруселі. У раннія гады зазнаў уплыў Х.Босха. У яго творчасці ўвасобіліся пачуцці і страсці эпохі; складана перапляталіся гумар і трагізм, гратэск і грубаватая прастата з горыччу, сарказм з сатыр. павучальнасцю. Свайго гал. героя — сучасніка ён маляваў бескампрамісна («Сялянскае вяселле», «Сялянскі танец», абедзве каля 1566—67). Пачуццё бязмежнай велічы сусвету і неабходнасці ва ўсіх выпадках памятаць пра вечнасць жыцця і арыентавацца на яго першародныя законы не пакідалі мастака і тады, калі ён звяртаўся да тэмы вайны, голаду і смерці. Сэнс яго твораў неадназначны і часам глыбока зашыфраваны: «Перапіс у Віфлееме» (1566), «Сарока на шыбеніцы» (1568), «Сляпыя» (1568). Вял. значэнне ў яго творчасці мелі нідэрл. традыцыі, фальклор і нар. міфатворчасць. Нярэдка прыказка ці прытча выкарыстоўваліся ім як іншасказальная форма для глыбокага роздуму пра лёс краіны і свайго народа («Краіна гультаёў», 1567). У канцы жыцця звяртаўся да сцэн сял. жыцця, пейзажа («Змрочны дзень», «Поры года», «Вяртанне статка», «Паляўнічыя на снезе», «Жніво», усе 1565).

Літ.:

Гершензон-Чегодаева Н.М. Брейгель. М., 1983.

А.​В.​Кашкурэвіч.

П.Брэйгель. Сялянскае вяселле. Каля 1566—67.

т. 3, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ.

Існаваў у 1-й трэці 17 ст. — 1830 у Брэсце. Засн. ў 1635 (паводле звестак польск. гісторыка Валыняка — у 1628) брэсцкай войскай Соф’яй Магдаленай Бухавецкай, дачкой каралеўскага сакратара Марыяна Лакніцкага. Адрокшыся ад кальвінізму, яна запісала брэсцкім дамініканцам усе маёнткі, якія атрымала ў спадчыну ад бацькоў і 2 мужоў: 5 фальваркаў і в. Чамяры, Дэрло, Дубаў, Велань. Кляштар размяшчаўся на востраве, пры дарозе на Кобрын. Першыя, верагодна, драўляныя будынкі амаль усе знішчаны ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Кляштар нанава адбудаваны на сродкі Соф’і Пражмоўскай. Яна ж падаравала яму і абраз Маці Божай, які праславіўся як цудатворны (зараз у Фарным касцёле Брэста). Мураваны касцёл св. Соф’і асвячоны ў 1696, карпусы кляштара пабудаваны значна пазней (у 1798 яшчэ не закончаны). Пры кляштары існавалі навіцыят (установа для падрыхтоўкі новых членаў ордэна) і школа філасофіі. Аднанефавы касцёл з 2 бакавымі капліцамі, накрытымі купаламі, вызначаўся багатым жывапісна-разьбярскім аздабленнем; пры гал. алтары знаходзілася надмагілле С.​Бухавецкай з партрэтам. Кляштар скасаваны ў 1830, аднак касцёл (адзіны ў Брэсце) пакінуты вернікам як парафіяльны.

Літ.:

Квитницкая Е.Д. Монастыри Бреста XVII—XVIII вв. // Архитектурное наследство. М., 1979. Вып. 27;

Wołyniak. Wiadomości o dominikanach prowincyi litewskiej. Cz. 1. Kraków, 1917.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 3, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭТА́НЬ (Bretagne),

гістарычная вобласць і сучасны эканам. раён на З Францыі, на п-ве Брэтань. Уключае дэпартаменты Фіністэр, Марбіян, Котдзю-Нор, Іль і Вілен. Пл. 27,2 тыс. км². Нас. 2,8 млн. чал. (1990). Гал. горад — Рэн. Рэльеф раўнінны і ўзвышаны (да 391 м). Клімат умераны акіянскі (ападкаў 800—1200 мм за год). Натуральная расліннасць — верасоўнікі, дубовыя і букавыя лясы. Прам-сць: суднабудаванне, перапрацоўка рыбы і с.-г. прадукцыі. Значны цэнтр аўтамаб. прам-сці — г. Рэн. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла і свінні). Значныя пасевы збожжавых, бульбы, ранняй агародніны. Садоўніцтва (традыц. вытв-сць сідру). Рыбалоўства. Турызм.

Назва ад племя брытаў, якія засялілі Брэтань у 6 ст., пакінуўшы заваяваную англасаксамі Брытанію. З канца 8 да сярэдзіны 9 ст. насельніцтва Брэтані ў васальнай залежнасці ад франкаў. У 845—849 утварылася самаст. Брэтонскае герцагства (каралеўства). Пасля спусташальнай нарманскай акупацыі (919—937) герцагства адноўлена (з канца 10 ст. сталіца — Рэн). У 1040—1223 на тэр. Брэтані вяліся міжусобныя «баронскія войны». З 1213 уладанне дынастыі Капетынгаў, з 1237 княства. У 1491 утворана асабістая унія паміж Брэтаню і Францыяй. У 1515 канчаткова далучана да Францыі каралём Францыскам I і стала яе правінцыяй. У час. франц. рэвалюцыі 1789—99 падзелена на дэпартаменты.

т. 3, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́РЫ ВУ́ГАЛЬ,

гаручы карысны выкапень расліннага паходжання, нізкай ступені вуглефікацыі, пераходная форма ад торфу да каменнага вугалю. Адрозніваюць: лігніт з добра захаванай структурай рэшткаў драўніны, светлы карычневы вугаль зямлістай тэкстуры і шчыльны чорны бліскучы. На паветры буры вугаль хутка растрэскваецца і ператвараецца ў дробныя кавалкі. Для бурага вугалю характэрны наяўнасць гумінавых кіслот, высокая гіграскапічнасць і вільготнасць. Мае 64—78% вугляроду, 5—6% вадароду, 15—30% кіслароду, 40—65% лятучых рэчываў; вільготнасць да 50%. Шчыльн. 1200—1500 кг/м³. Цеплыня згарання ад 10,9 да 29,1 МДж/кг, попельнасць 18,5—25,6%. Энергет., быт. паліва, сыравіна для хім. прам-сці і вырабу вадкага паліва. У залежнасці ад колькасці вільгаці падзяляецца на 3 тэхнал. групы: Б-1 (вільготнасць больш за 40%), Б-2 (вільготнасць ад 30 да 40%) і Б-3 (вільготнасць менш за 30%). Самыя буйныя басейны і радовішчы бурага вугалю характэрны для мезазойска-кайназойскіх адкладаў. Гал. басейны размешчаны ў Расіі, Германіі, Польшчы, Чэхіі, Аўстраліі. У Беларусі паклады бурага вугалю выяўлены ў Прыпяцкім прагіне і Брэсцкай упадзіне ў асноўным на тэр. Гомельскай і Брэсцкай абл. (Брынёўскае, Жыткавіцкае і Тонежскае радовішчы). Агульныя геал. запасы — больш за 1 млрд. т, разведаныя запасы — больш за 150 млн. т. Якасць іх невысокая.

Буры вугаль.

т. 3, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРО́НА (Verona),

горад у Паўн. Італіі, на р. Адыджэ. Адм. ц. прав. Верона. 256,8 тыс. ж. (1993). Трансп. вузел (чыгункі і аўтадарогі) на паўд. подступах да перавалу Брэнер у Альпах. Прам-сць: металургія, машынабудаванне, хім., лёгкая, дрэваапр., паліграф., харч.; вытв-сць буд. матэрыялаў. Ун-т. Музеі, у т. л. Нац. пінакатэка. Штогадовы міжнар. с.-г. кірмаш.

У горадзе захаваліся стараж.-рымскія арэна, т-р, рэшткі ўмацаванняў (вароты Порта дэі Барсары, Порта дэі Леоні), мост Понтэ П’етра. У цэнтры Вероны 2 гал. плошчы: П’яцца дэле Эрбе (б. антычны форум) з гатычнымі дамамі Каса дэі Мерканці (1301) і Торэ дэль Гардэла (1370) і барочным Палацца Мафеі (1668); П’яцца дэі Сіньёры з раманскім Палацца дэль Камуне (пач. ў 1193), палацам Скалігераў (Палацца дэль Гаверна; канец 13 ст.) і рэнесансавай Лоджыяй дэль Кансільё (1475—92). Раманскія царква Сан-Дзена Маджорэ (5 ст.) і сабор (1139—87, кампаніла — 16 ст., арх. М.​Санмікелі), гатычныя магільны склеп роду Скалігераў (13—14 ст.) і царква Сант-Анастазія (1291—1323 і 1422—81; у інтэр’еры фрэскі А.​Пізанела). Гатычны замак Кастэльвек’ё (1354—75) з мостам Скалігераў. Рэнесансавыя палацы (Пампеі, 1530; Каноса, каля 1530; Бевілаква, 1532) і брама гар. умацаванняў (1530—50-я г.; усе арх. Санмікелі).

Літ.:

Горяинов В.В. Падуя. Виченца. Верона. М., 1978.

т. 4, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́СЛА (Wisła),

самая вялікая рака Польшчы. Даўж. 1068 км, пл. бас. 198,5 тыс. км². Пачынаецца ў Зах. Карпатах, упадае ў Гданьскі і Віслінскі залівы Балтыйскага м. Гал. прытокі: Дунаец, Віслока, Сан, Вепш, Буг (справа), Піліца, Брда (злева). У вярхоўях Віслы — бурны горны паток; ніжэй за г. Кракаў, прыняўшы шэраг прытокаў з Карпат, становіцца мнагаводнай (шырыня русла каля ўпадзення Дунайца 200 м, ніжэй Сана 600—1000 м). У сярэднім і ніжнім цячэнні — тыповая раўнінная рака, цячэ па шырокай, месцамі тэрасаванай даліне. Рэчышча на значным працягу звілістае, месцамі падзяляецца на рукавы і пратокі, характарызуецца няўстойлівасцю, шматлікімі мелямі і перакатамі. Ад г. Торунь берагі штучна замацаваныя ад размываў. За 50 км ад мора Вісла падзяляецца на рукавы (Ногат, Мёртвая Вісла і інш.), утвараючы вялізную дэльту (Жулавы). Частка дэльты, якая ляжыць ніжэй узр. м., засцерагаецца дамбамі. Жыўленне мяшанае. Разліў вясной ад раставання снегу, летнія паводкі ад дажджоў у Карпатах. Сярэднегадавы расход вады каля Варшавы 600 м³/с, у нізоўях — 1090 м³/с. Каля г. Улацлавак ГЭС. Суднаходная ў сярэднім і ніжнім цячэнні. Злучана прытокамі і каналамі з рэкамі Дняпро, Одра, Нёман. На Вісле — гарады Кракаў, Варшава, Плоцк, Улацлавак, Торунь, Тчэў, у дэльце — Гданьск. У 1918—26 і 1939 на рацэ дзейнічала Віслінская флатылія ВМФ Польшчы (базіравалася ў г. Торунь).

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 4, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1623,

выступленне правасл. гараджан Віцебска супраць грэка-католікаў (уніятаў) 12 ліст. У яго падрыхтоўцы ўдзельнічалі жыхары Магілёва, Оршы, Полацка і Вільні. Гал. прычынай паўстання сталі жорсткія метады насаджэння уніяцтва (гл. Брэсцкая унія 1596) з боку грэка-каталіцкага архіепіскапа І.Кунцэвіча. Па сігнале званоў ратушы і правасл. цэркваў некалькі тысяч паўстанцаў рушылі да рэзідэнцыі Кунцэвіча, уварваліся ў двор, падпалілі дом, забілі архіепіскапа, а цела кінулі ў Дзвіну. Святары і чэлядзь з акружэння Кунцэвіча былі збіты, а маёмасць архіепіскапа разрабавана, архіў знішчаны. Рымскі папа Урбан VIII заклікаў караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта III бязлітасна расправіцца з паўстанцамі. У Віцебск прыбылі каралеўскія камісары з узбр. атрадамі. Усе гараджане, у т. л. чл. магістрата былі аб’яўлены саўдзельнікамі паўстання. Віцебск быў пазбаўлены магдэбургскага права; гараджане страцілі ўсе прывілеі, якімі карысталіся паводле віцебскага права. З горада спагнана 3079 злотых. Камісары загадалі зняць званы з ратушы і ўсіх правасл. цэркваў і адліць з іх вял. звон у памяць пра Кунцэвіча, ратуша была разбурана. Затрыманы і пакараны смерцю 19 чал., у т. л. 2 бурмістры. 78 чал., у т. л. зачыншчык забойства Кунцэвіча С.​Пасіёра, уцяклі і былі прыгавораны да пакарання смерцю завочна.

В.​І.​Мялешка.

Да арт. Віцебскае паўстанне 1623. Забойства І.​Кунцэвіча. Малюнак Зімлера. 1865.

т. 4, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)