ІАРДА́НІЯ, Іарданскае Хашыміцкае Каралеўства (Аль-Мамляка аль-Урдунія аль-Хашымія),
дзяржава ў Заходняй Азіі. На З мяжуе з Ізраілем і тэрыторыяй арабскай аўтаноміі на зах. беразе р. Іардан, на Пн — з Сірыяй, на ПнУ — з Іракам, на У і Пд — з Саудаўскай Аравіяй; на Пд мае выхад да зал. Акаба Чырвонага м. Падзяляецца на 10 губернатарстваў (мухафаз). Пл. 89,4 тыс.км². Нас. 4212 тыс.чал. (1995). Сталіца — г.Аман. Афіц. мова арабская. Нац. святы — Дзень незалежнасці (25 мая) і Дзень нараджэння караля Хусейна I (14 лістапада).
Дзяржаўны лад. І. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1952 (мадыфікаваная). Кіраўнік дзяржавы — кароль, які валодае шырокімі паўнамоцтвамі: назначае і змяшчае прэм’ер-міністра і міністраў, зацвярджае законы, з’яўляецца галоўнакамандуючым узбр. сіламі, мае права роспуску палаты дэпутатаў і інш. Вышэйшы орган заканад. улады — двухпалатны Нац. сход, які складаецца з сената (30 членаў, назначаюцца каралём на 4 гады) і палаты дэпутатаў (60 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады). Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам. На чале правінцый стаяць губернатары, акруг і раёнаў — начальнікі. Суд. сістэма складаецца з 3 відаў судоў: свецкія, рэлігійныя (шарыяцкія) і асобыя (племянныя, ваен. трыбуналы і суды дзярж. бяспекі). Члены свецкіх судоў назначаюцца каралём.
Прырода. Асн. частка І. занята пустынным пласкагор’ем (800—1300 м). Над ім узвышаюцца асобныя горы да 1764 м (г. Рам на Пд). На З цягнецца з Пн на Пд глыбокая тэктанічная ўпадзіна Гхор з далінай р. Іардан і Мёртвым м. (на 400 м ніжэй узр. акіяна). Карысныя выкапні: фасфарыты (запасы каля 1,5 млрд.т), калійныя солі (у Мёртвым м.), медныя і марганцавыя руды. Клімат субтрапічны з сухім і гарачым летам. Т-ра паветра 7—12 °C у студз., 23—28 °C у ліпені. Ападкаў каля 700—500 мм на 3, каля 100 мм і менш на У і Пд. Расліннасць паўпустынная і пустынная, разрэджаная, пераважаюць хмызнякі і травы, якія вегетуюць у перыяд выпадзення ападкаў. Ёсць аазісы з фінікавымі пальмамі. Пад лесам каля 1% тэрыторыі. Нац. парк Азрак.
Насельніцтва. Каля 98% арабы, у т. л. палесцінскія бежанцы; жывуць таксама армяне, чэркесы, чэчэнцы, туркі, курды і інш. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане-суніты (92%), астатнія пераважна хрысціяне. Сярэдняя шчыльнасць 47,1 чал. на 1 км², на З, асабліва ў даліне р. Іардан, больш за 100 чал. на 1 км². На У і Пд насельніцтва рэдкае, ёсць качэўнікі і паўкачэўнікі-бедуіны, у якіх захаваўся падзел на плямёны. У гарадах жыве 78% насельніцтва (1994). Найбольшыя гарады (тыс.ж., 1994): Аман — 963,5 (з прыгарадамі больш за 1,5 млн.ж.), Эз-Зарка — 344,5, Ірбід — 208,2. У прам-сці і буд-ве заняты 21% насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 7%, у гандлі і абслуговых галінах — 63%. Некалькі соцень тысяч іарданцаў працуюць за мяжой, пераважна ў араб. краінах Персідскага заліва.
Гісторыя. У старажытнасці тэр. І. насялялі семіцкія плямёны хананеяў. У 3—2-м тыс. да н.э. на іх нападалі фінікійцы, хеты і інш. У 2-й пал. 2-га тыс. да н.э.тэр. І. ў складзе Ізраільска-Іудзейскага царства. У канцы 1-га тыс. да н.э. — цэнтр араб.Набатэйскай дзяржавы. З 4 ст.тэр. І. ў складзе Візантыі, у 7 ст. заваявана арабамі і стала ч. Арабскага халіфата. На тэр. І. пашырыліся іслам і араб. мова, развіваліся феад. адносіны. У 11—15 ст. пад уладай крыжаносцаў, сельджукаў, егіп. мамлюкаў. З пач. 16 ст. да 1918 у складзе Асманскай імперыі. У 1918 акупіравана англ. войскамі, у 1920 уключана ў брыт. мандат на Палесціну. У 1921 тэр. 1. вылучана ў асобную адм. адзінку — эмірат Трансіарданія на чале з эмірам. У 1923 англічане абвясцілі незалежнасць эмірата, хоць фактычна ўладу трымалі ў сваіх руках. Англа-трансіарданскі дагавор 1928 (гл.Англа-трансіарданскія дагаворы 1928, 1946, 1948) фармальна пакідаў пэўную ўладу эмірам, але замацоўваў за Вялікабрытаніяй права трымаць на тэр. Трансіарданіі ўзбр. сілы, кантраляваць мясц.ваен. фарміраванні, знешнюю палітыку, фінансы і ўзбр. сілы. Знешняя палітыка краіны магла весціся толькі праз брыт.вярх. камісара ў Іерусаліме і яго рэзідэнта ў Амане. Пасля 2-й сусв.вайны Вялікабрытанія вымушана была пайсці на некат. ўступкі. Дагавор 1946 аб дружбе і саюзе, падпісаны ў Лондане на 25 гадоў, фармальна адмяняў брыт. мандат на Трансіарданію (эмірат абвяшчаўся незалежным каралеўствам), аднак захоўваў за Вялікабрытаніяй права трымаць войскі, саветнікаў і экспертаў. 25.5.1946 краіна стала наз. І. (Іарданскае Хашыміцкае Каралеўства), эмір Абдалах — каралём І. Прынятая ў 1947 канстытуцыя замацоўвала вярх. ўладу караля і абмяжоўвала паўнамоцтвы парламента. Дагавор 1948 крыху пашыраў кампетэнцыю ўлад І. і прадугледжваў паступовы вывад брыт. войск з краіны, але Вялікабрытанія захоўвала права ўводзіць свае войскі ў выпадку вайны, трымаць ваен. базы ў Амане і Мафраку. У выніку араба-ізраільскай вайны 1948—49 войскі І. занялі цэнтр. раёны Палесціны (т. зв.Заходні бераг ракі Іардан) і ўсх.ч. Іерусаліма, якія ў 1950 афіцыйна ўключаны ў яе склад. Фактычная анексія ч.Усх. Палесціны пагоршыла адносіны І. з інш.араб. краінамі. У 1952 каралём І. стаў Хусейн ібн Талал, які выкарыстоўваў для ўзмацнення і развіцця дзяржавы замежную фін. дапамогу (складала больш як 2/5 бюджэту краіны). На парламенцкіх выбарах 1956 перамаглі нац.-патрыят. сілы І., што сарвала спробы Вялікабрытаніі і ЗША уцягнуць краіну ў агрэсіўныя ваен.-паліт. блокі. 14.3.1957 урад ануляваў англа-іарданскі дагавор 1948, а 2.11.1958 брыт. войскі выведзены з тэр. І. У пач. 1960-х г. правячыя колы краіны пайшлі на частковую дэмакратызацыю грамадскага жыцця і правядзенне знешняй палітыкі, незалежнай ад зах. дзяржаў. У 1963—64 1. ўстанавіла дыпламат. і гандл. адносіны з СССР і краінамі Усх. Еўропы. У ізраільска-арабскую вайну 1967 І. пацярпела паражэнне, Ізраіль акупіраваў зах. бераг р. Іардан і Усх. Іерусалім, краіна страціла чвэрць апрацаваных зямель, амаль палавіну прамысл. прадпрыемстваў (каля 4 тыс.), скараціліся даходы ад турызму, колькасць палесцінскіх бежанцаў павялічылася да 800 тыс.чал. Ліквідацыя наступстваў ізраільскай агрэсіі заняла вядучае месца ва ўнутр. і знешняй палітыцы краіны. У 1988 І. прызнала Палесціну і адмовілася ад прэтэнзій на зах. бераг р. Іардан (паводле ізраільска-палесцінскага пагаднення 1993 ён атрымаў частковую аўтаномію). З 1991 удзельнічае ў перагаворах па ўрэгуляванні блізкаўсх. канфлікту. У кастр. 1994 І. і Ізраіль падпісалі мірны дагавор. І. — член ААН (з 1955), Лігі араб. дзяржаў (з 1945). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў кастр. 1996.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. У 1993 легалізаваны паліт. партыі, якія пазней прынялі ўдзел у парламенцкіх выбарах. Асн. партыі: Іарданскі нац. саюз, Партыя ісламскага дзеяння (звязана з Асацыяцыяй братоў-мусульман), Нар. саюз, Нар.дэмакр. партыя (крыло Дэмакр. фронту вызвалення Палесціны), іарданскае аддзяленне Партыі араб.сацыяліст. адраджэння (з 1957 нелегальнае). Прафс. аб’яднанне — Усеагульная федэрацыя рабочых прафсаюзаў І.
Гаспадарка. І. — краіна са слабаразвітай шматукладнай эканомікай, слабай індустр. базай. Краіна залежыць ад знешняй дапамогі і пазык (каля 1 млрд.дол. за год), валютных паступленняў ад іарданцаў, што працуюць за мяжой. Сярэднегадавы даход на душу насельніцтва каля 1200 долараў. 26% нац. даходу дае прам-сць, 8% — сельская гаспадарка, 66% — абслуговыя галіны. Асн. галіны прам-сці — горназдабыўная, цэментная, нафтаперапрацоўчая. Здабыча высакаякасных фасфарытаў вядзецца пераважна адкрытым спосабам на радовішчах Эр-Русейфа (каля Амана) і Хаса (на Пд); гадавая здабыча 5925 тыс.т (1994). З расолаў Мёртвага м. здабываюць калійныя солі — 1,4 млн.т (1994). Каля Амана на мясц. сыравіне працуе цэментны з-д (каля 1 млн.т цэменту за год). У г. Эз-Зарка нафтаперапр. (атрымлівае нафту з Ірака па адгалінаванні нафтаправода Кіркук—Сайда) і акумулятарны з-ды, суконная ф-ка. Электрастанцыі працуюць на імпартнай нафце, вытв-сць электраэнергіі 4,2 млрд.кВт∙гадз (1993). Ёсць прадпрыемствы харч., тэкст., вінаробчай, тытунёвай, папяровай, буд. матэрыялаў (у т. л. па апрацоўцы мармуру) прам-сці. Развіты саматужныя промыслы, выраб прадметаў хатняга ўжытку, сувеніраў, ювелірных упрыгожанняў, керамічных і скураных вырабаў. Больш за 70% прамысл. прадукцыі выпускаецца ў Амане і яго наваколлі. Сельская гаспадарка задавальняе толькі 1/4 патрэб насельніцтва ў харч. прадуктах. Характэрна памешчыцкае землеўладанне, сяляне — пераважна арандатары. Пустыні і паўпустыні, якія займаюць 94,1% тэрыторыі, выкарыстоўваюцца пад экстэнсіўную малапрадукц. жывёлагадоўлю. Апрацоўваецца каля 400 тыс.га, у т. л. арашаецца каля 100 тыс.га. Галоўны земляробчы раён — даліна р. Іардан (разнастайныя фрукты, пшаніца, ячмень, кукуруза, сачавіца, бабовыя, памідоры, баклажаны, капуста, агуркі, кавуны, дыні). Ранняя гародніна і фрукты экспартуюцца. На непаліўных землях вырошчваюць збожжавыя культуры. Ураджайнасць вагаецца ў залежнасці ад колькасці ападкаў. Гадуюць (1994): буйн. раг. жывёлу — 50 тыс. галоў, вярблюдаў — 70 тыс. галоў, авечак і коз — каля 1,5 млн. галоў. Развіта бройлерная птушкагадоўля. Порт Акаба — цэнтр рыбалоўства і марскіх промыслаў. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог каля 9 тыс.км, з іх 3 тыс.км асфальтаваных. У краіне 162 тыс. легкавых аўтамабіляў, 92 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1994). Гал. аўтадарогі звязваюць Аман з портам Акаба, Сірыяй, Іракам, Саудаўскай Аравіяй. Даўж. адзінай чыгункі, якая перасякае краіну з Пн на Пд, каля 600 км. Грузаабарот порта Акаба — 20 млн.т штогод. Праз І. праходзяць нафтаправоды Кіркук (Ірак) — Хайфа (Ізраіль, не дзейнічае) і Дахран (Саудаўская Аравія) — Сайда (Ліван). У краіне 2 міжнар. аэрапорты (Аман, Акаба). І. наведваюць штогод каля 4 млн. турыстаў. Даход ад замежнага турызму складае 0,5 млрд.дол. (1994). І. экспартуе фасфарыты (каля 50% кошту), цэмент, раннія гародніну і фрукты; імпартуе разнастайныя прамысл. тавары і харч. прадукты.
У 1994 экспартавана тавараў на 1,4 млрд.дол., імпартавана на 3,5 млрд. долараў. Асн.гандл. партнёры — Саудаўская Аравія, Ірак, інш. арабскія краіны, ЗША, Германія, Вялікабрытанія, Японія. Знешні доўг каля 9 млрд.дол. (1995). Грашовая адзінка — іарданскі дынар.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Вярх. галоўнакамандуючы — кароль. У аснове ваен. дактрыны канцэпцыя «кругавой абароны». Ва ўзбр. сілах 98,5 тыс.чал. (1997). Сухап. войскі (90 тыс.чал.), каля 900 танкаў, 480 гармат, 450 мінамётаў. У ВПС (8 тыс.чал.) каля 100 баявых самалётаў, 24 верталёты. У ВМС (0,5 тыс.чал.) 10 катэраў. З 1991 узбр. сілы камплектуюцца на кантрактнай аснове. З 1996 баявая падрыхтоўка вядзецца сумесна з ЗША, інш. членамі НАТО.
І.І.Пірожнік, Ф.С.Фешчанка (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя), Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы).
Герб і сцяг Іарданіі.Да арт.Іарданія. Агульны выгляд г. Аман.Да арт.Іарданія. Тыповы ландшафт на поўдні краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў-МУЗЕ́Й ЛІТАРАТУ́РЫ І МАСТА́ЦТВА (БДАМЛіМ),
навукова-даследчая ўстанова, якая займаецца зборам, аховай, вывучэннем і навук. выкарыстаннем дакумент. помнікаў л-ры і мастацтва. Створаны ў чэрв. 1960 у Мінску, з 1976 архіў-музей. Мае (1995) 400 фондаў (75 тыс. спраў): 348 асабістых фондаў, 9 калекцый і 43 фонды ўстаноў.
Аддзелы: забеспячэння захаванасці дакументаў; ведамасных архіваў, камплектавання і экспертызы каштоўнасці дакументаў; навук. апісання дакументаў асабістага паходжання; інфарм.-пошукавых сістэм; інфармацыі, публікацыі і навук. выкарыстання дакументаў.
Сярод фондаў — асабістыя фонды пісьменнікаў А.Адамовіча, З.Астапенкі, М.Багдановіча, С.Баранавых, І.Барашкі, Я.Брыля, К.Буйло, В.Быкава. Л.Бэндэ, М.Васілька, З.Верас, П.Галавача, Ц.Гартнага, С.Грахоўскага, А.Гурыновіча, У.Дубоўкі, Я.Дылы, А.Жаўрука, Х.Жычкі, Я.Журбы, У.Калесніка, У.Караткевіча, Я.Коласа, Я.Купалы, Е.Лось, М.Лужаніна, М.Лынькова, Я.Маўра, М.Машары, І.Мележа, Б.Мікуліча, А.Пальчэўскага, П.Пестрака, Я.Пушчы, А.Пысіна, А.Русака, Я.Семяжона, Я.Скрыгана, М.Сурначова, М.Сяднёва, М.Танка, А.Ушакова, М.Хведаровіча, К.Чорнага, І.Шамякіна, С.Шушкевіча, С.Яновіча і інш.; акцёраў і рэжысёраў Г.Абуховіч, Л.Александроўскай, Дз.Арлова, І.Балоціна, Т.Бандарчык, С.Бірылы, Я.Віцінга, В.Галіны, Г.Грыгоніса, У.Дзядзюшкі, С.Друкер, І.Ждановіч і Б.Платонава, М.Забэйды-Суміцкага, М.Зюванава, З.Канапелькі, Р.Кашэльнікавай, А.Клімавай, П.Малчанава, Е.Міровіча, Р.Млодак, В.Пола, Л.Рахленкі, Л.Ржэцкай, К. і А.Саннікавых, С.Станюты, А.Труса, У.Уладамірскага; кампазітараў Л.Абеліёвіча, С.Аксакава, М.Аладава, А.Багатырова, Г.Вагнера, І.Гітгарца, Я.Глебава, В.Залатарова, А.Клумава, І.Любана, Р.Пукста, Ю.Семянякі, Я.Цікоцкага, М.Чуркіна; мастакоў і скульптараў А.Астаповіча, І.Ахрэмчыка, М.Блішча, В.Волкава, П.Гаўрыленкі, С.Геруса, І.Глебава, М.Дучыца, К.Завішы, Я.Зайцава, А.Кашкурэвіча, Я.Красоўскага, У.Кудрэвіча, Б.Малкіна, А.Марыкса, Л.Рана, С.Селіханава, М.Тарасікава, А.Тычыны, А.Шаўчэнкі і інш. Захоўваюцца фонды саюзаў пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў, журналістаў, тэатр. дзеячаў Беларусі; Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, Нац.т-ра імя Я.Купалы, Бел.т-ра імя Я.Коласа, Бел.дзярж. філармоніі; кінастудыі «Беларусьфільм»; аб’яднання «Маладняк»; выд-ваў «Мастацкая літаратура», «Юнацтва», рэдакцый час. «Полымя», «Нёман», «Маладосць», «Беларусь», газ. «Літаратура і мастацтва». У архіве зберагаецца калекцыя дакументаў аддзела рукапісаў Бел. музея імя І.Луцкевіча ў Вільні, якая змяшчае матэрыялы Бел.т-ва па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны, Бел.к-та ў Магілёве, Бел.сацыяліст. грамады, Бел. сялянска-рабочай грамады, Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Бел.с.-д. партыі; дакументы БНР, Мін-вабел. спраў пры Літ. урадзе, Цэнтр.бел. рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, Бел. вайсковай камісіі; матэрыялы бел.культ.-асв. арг-цый, выд-ваў, часопісаў, газет, у т. л. рэдакцыі газ. «Наша ніва»; асабістыя дакументы Л.Я.Дубейкаўскага, К.С.Дуж-Душэўскага, П.Я.Жаўрыда, В.Ю.Ластоўскага, І.І. і А.І.Луцкевічаў, А.А.Смоліча, Б.А.Тарашкевіча, А.І.Цвікевіча, Цёткі і інш. У б-цы архіва (25 тыс.экз.) захоўваюцца першыя выданні твораў М.Багдановіча, Цёткі, Я.Купалы, Я.Коласа, газ. «Наша ніва», «Наша доля», час. «Маладняк», «Узвышша» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯ́СКА (Alaska),
штат ЗША, на ПнЗПаўн. Амерыкі. Аддзелены ад асн. часткі ЗША тэр. Канады. Акрамя мацерыковай часткі займае Алеуцкія а-вы, архіпелаг Аляксандра і інш.Пл. 1477 тыс.км², нас. 599 тыс.чал. (1993). Адм. цэнтр — г. Джуна. Найб. гарады Анкарыдж, Кетчыкан, Сітка і Фэрбанкс. Пераважае гар. насельніцтва, якое сканцэнтравана на ПдУ, каля палавіны — у Анкарыджы. На Пн і ў цэнтр.ч. Аляскі расчлянёнае плато, якое пераходзіць у прыбярэжную нізіну, на Пд Аляскінскі хр. з найвыш. пунктам Паўн. Амерыкі г. Мак-Кінлі (6193 м). Вял. рэкі Юкан і Кускакуім. Клімат халодны, кантынентальны. Сярэдняя т-ра паветра ў студз. ад -1,6 °C да -24,8 °C, ліп. 13,3—15,7 °C. Ападкаў на Пн каля 300 мм, на Пд 1500—4000 мм за год. Шматгадовая мерзлата, тундры і рэдкія лясы на Пн, хваёвыя лясы ў гарах на Пд. Па далінах рэк невял. плошчы, прыдатныя для земляробства. Вядучая галіна гаспадаркі — горназдабыўная: нафта, газ, вугаль, золата, руды серабра, медзі, ртуці і інш. Лясная, рыбная прам-сць. Жывёлагадоўля (паўн. алені, буйн. раг. жывёла, зверагадоўля), паляўніцтва. Вырошчваюць ячмень, сеяныя травы, бульбу. Турызм. Транспарт марскі, авіяцыйны, аўтамабільны, чыгуначны. Трансаляскінскі нафтаправод перасякае з Пн на Пд.
На думку многіх вучоных, продкі сучасных карэнных жыхароў Аляскі (індзейцаў, эскімосаў, алеутаў) паходзяць з Паўн.-Усх. Азіі. У 17 ст. эскімосы жылі пераважна ў прыбярэжных раёнах, алеуты — на п-ве алеуты — на Алеуцкіх а-вах, індзейцы — на паўд.-ўсх. узбярэжжы (тлінкіты і хайда) і ва ўнутр. раёнах Аляскі (атапаскі). У 1730-я г. Аляску даследавалі рус. экспедыцыі П.Нагібіна, В.Берынга, А.Мельнікава, І.Фёдарава, М.Гвоздзева, але адкрыццё Аляскі звязваюць з экспедыцыяй А.Чырыкава ў 1741. Першае рус. паселішча засн. ў 1784 на в-ве Кадзьяк. У 1798 рус. купцы стварылі «злучаную амерыканскую кампанію» (з 1799 наз.Рас.-Амер. кампанія), у карыстанне якой былі перададзены ўсе промыслы і выкапні на паўн.-зах. беразе Амерыкі ад 55°паўн. ш. да Берынгава праліва, на а-вах Алеуцкіх, Курыльскіх і інш. Цэнтрам Аляскі стаў г. Нова-Архангельск (цяпер Сітка). Першы гал. правіцель рус. паселішчаў у Амерыцы — А.Баранаў (1790—1818). Валоданне Аляскай прыводзіла Расію да канфліктаў з Англіяй і ЗША У 1821 рас. імператар Аляксандр I забараніў замежным суднам плаваць уздоўж берагоў рас. уладанняў на Алясцы, але неўзабаве Расія была вымушана дазволіць ЗША (1824) і Англіі (1825) мараходства і гандаль у гэтым раёне на льготных умовах. У 1839 англ. кампанія Гудзонава заліва атрымала ў арэнду на выгадных умовах частку прыбярэжнай паласы рас. уладанняў. У час Крымскай вайны 1853—56 царскі ўрад не меў неабходных сіл у раёне Ціхага ак. для абароны сваіх паселішчаў у Паўн. Амерыцы, таму вырашыў прадаць Аляску ЗША у разліку на іх падтрымку ў барацьбе за ліквідацыю ўмоў Парыжскага мірнага дагавора 1856. Паводле дагавора 30.3.1867 Аляска была прададзена ЗША за 7,2 млн. долараў (каля 11 млн.руб.). У канцы 19 ст. ў блізка размешчаным раёне Канады (Клондайк), а потым і на тэр. Аляскі былі адкрыты вял. радовішчы золата, што выклікала т.зв. «залатую ліхаманку». У 1867—84 Аляска ў падпарадкаванні ваен.мін-ва ЗША У 1884—1912 — акруга на чале з губернатарам, у 1912 пераўтворана ў «тэрыторыю» ЗША, з 1959 — штат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУА́М (Guam),
уладанне ЗША у зах.ч. Ціхага ак. Уключае в-аў Гуам (найб. з Марыянскіх астравоў) і суседнія невял. астравы. Пл. 549 км². Нас. 143 тыс.чал. (1993). Адм. ц. — Аганья. Афіц. мова — англійская, пашырана мясц. мова чамора. Нац. свята — Дзень працы (3 вер.).
Прырода. Паўд., больш узвышаная (г. Ламлам, 405 м) частка вострава вулканічнага паходжання, складзена з андэзітаў, паўн., нізінная — з каралавых вапнякоў. Частыя землетрасенні. Клімат трапічны, пасатны. Сярэднія месячныя т-ры каля 26 °C. Гадавая колькасць ападкаў 2000—3000 мм. Дажджлівы сезон май—лістапад. У гэты сезон бываюць тайфуны. На паўд. і ўсх. схілах вільготна-трапічныя лясы, на Пн ксерафітна-злакавыя саванны. На паўн.-ўсх. канцы — запаведнік Паці-Пойнт (пл. 304 га).
Насельніцтва. 43% складае мікранезійскі народ чамора — карэнныя жыхары вострава, 29% — выхадцы з Філіпін (пераважна ілокі), 28% — амерыканцы (ваеннаслужачыя на ваен. базах і члены іх сем’яў). Больш за 80% вернікаў католікі. Амаль усё насельніцтва сканцэнтравана ў невял. гарадах і пасёлках на ўзбярэжжы.
Гісторыя. Карэнныя жыхары — абарыгены чамора здаўна называлі востраў Гуам. Першым з еўрапейцаў в-аў адкрыў у 1521 Ф.Магелан. Да канца 17 ст. Гуам каланізавалі іспанцы (пасля задушэння шэрагу паўстанняў мясц. насельніцтва ў 1670—95), на востраве размясцілася рэзідэнцыя ісп. губернатара Марыянскіх а-воў. Асн. заняткам карэннага насельніцтва было земляробства. У 1825 і 1828 у сувязі з заходам на Гуам брыт. і амер. кітабойных суднаў пачата стварэнне партовай службы (у Апры і Уматаку). У выніку ісп.-амер. вайны 1898 востраў стаў уладаннем ЗША, якія ператварылі яго ў апорны пункт на Ціхім ак. У 2-ю сусв. вайну тут 10.12.1941 высадзіўся яп. дэсант, які прымусіў капітуляваць невял. амер. гарнізон і служачых гуамскай марской паліцыі і добраахвотніцкай арміі. 21.7.1944 у межах ваен. аперацыі «Фуражыр» на востраў высадзіліся амерыканцы і ў ходзе жорсткіх 22-дзённых баёў амаль цалкам знішчылі яп. гарнізон. Да 30.5.1946 востравам кіравала амер.ваен. адміністрацыя, ён стаў буйнейшай ваен.-марской базай ЗША на Ціхім ак. У 1949 кіраванне Гуам перададзена грамадз. адміністрацыі. Пасля прыняцця ў 1950 у ЗША «Акта аб Гуаме» ўсе жыхары вострава, якія нарадзіліся пасля 11.4.1899, атрымалі амер. грамадзянства (без права ўдзелу ў нац. выбарах), абраны мясц. аднапалатны заканад. орган — Гуамскі кангрэс (21 дэпутат). У 1952 тут створана першая ВНУ — Тэр. каледж Гуама. У 1970 гуамцам дадзена права выбіраць на 4 гады губернатара вострава (раней яго прызначаў прэзідэнт ЗША). З 1982 Гуам мае ўнутр. аўтаномію. Дзейнічаюць мясц. аддзяленні Рэсп. і Дэмакр. партый ЗША.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — турызм. Штогод Гуам наведваюць 600—800 тыс. турыстаў (85% — японцы). Вял. значэнне маюць даходы ад ваен. аб’ектаў ЗША. На востраве 2 буйныя ваен. базы ЗША: паветраная Андэрсен, марская Апра-Харбар. Жыхары вырошчваюць агародніну, а таксама кукурузу, каву, бананы, цукр. трыснёг, тара і інш. трапічныя культуры. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і свіней. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. На невял. прадпрыемствах вырабляюць какосавы алей, мыла, цэмент, чарапіцу, штучны лёд, безалкагольныя напіткі, хлебабулачныя вырабы. З рамёстваў развіты пляценне, выраб сувеніраў і ўпрыгожанняў з ракавін і бісеру, разьбярства па дрэве. Унутр. транспарт аўтамабільны. Востраў — важны вузел паветр. і марскіх камунікацый. Гал. парты Апра-Харбар і Аганья. Экспарт нязначны, імпарт — прамысл. і харч. тавары. Грашовая адзінка — долар ЗША.
Літ.:
Малаховский К.В. Остров, открытый Магелланом (Гуам). М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУ́ЦЫЯ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
асноўны закон дзяржавы. Прынята 15.3.1994 на 13-й сесіі Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. 24.11.1996 па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь быў праведзены рэферэндум, на падставе якога ў Канстытуцыю ўнесены істотныя змяненні і дапаўненні. Абноўлены тэкст Канстытуцыі набыў сілу 27.11.1996. Канстытуцыя складаецца з прэамбулы, 9 раздзелаў, у якіх 8 глаў і 146 артыкулаў. Адлюстроўвае новы сац.-эканам. і паліт. этап развіцця грамадства і дзяржавы: замацаванне поўнага дзярж. суверэнітэту, далейшае адраджэнне бел. нацыі і культуры, прызнанне роўнай абароны і роўных магчымасцей усіх форм уласнасці. Зменена назва дзяржавы, яна стала наз. Рэспубліка Беларусь. Артыкул I падкрэслівае, што Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакр.сац.-прававая дзяржава, якая валодае ўсёй паўнатой улады на сваёй тэрыторыі і самастойна ажыццяўляе ўнутр. і знешнюю палітыку. Чалавек з’яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю грамадства і дзяржавы. Вызначаны новы прававы статус грамадзян, прызнаны натуральныя правы чалавека, пашырана кола правоў і свабод (гл.Канстытуцыйныя правы, свабоды і абавязкі грамадзян Рэспублікі Беларусь), замацаваны іх гарантыі і формы абароны. Вызначаны асновы канстытуцыйнага ладу краіны. Адзінай крыніцай дзярж. улады ў краіне з’яўляецца народ, які ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна і праз прадстаўнічыя органы. Дэмакратыя ажыццяўляецца на падставе разнастайнасці паліт. ін-таў, ідэалогіі і поглядаў, плюралізму думак. Ідэалогія паліт. партый, рэліг. або інш. грамадскіх аб’яднанняў, сац. груп не можа ўстанаўлівацца як абавязковая для грамадзян. Забараняецца стварэнне і дзейнасць паліт. партый і інш. грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць на мэце гвалтоўную змену канстытуцыйнага ладу ці вядуць прапаганду вайны, сац., нац., рэліг. і расавай варожасці. Дзяржава грунтуецца на прынцыпе падзелу ўлад: заканад., выканаўчай і судовай. Дзярж. органы ў межах сваіх паўнамоцтваў самастойныя: яны ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, стрымліваюць і ўраўнаважваюць адзін аднаго. Прызнаецца прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнар. права, не дапускаецца заключэнне міжнар. дагавораў, што супярэчаць Канстытуцыі. Дзяржава рэгулюе адносіны паміж сац., нац. і інш. супольнасцямі на падставе іх роўнасці перад законам, адказвае за захаванне гісторыка-культ. спадчыны, свабоднае развіццё культур усіх супольнасцей, што пражываюць у краіне. Забяспечваецца роўнасць перад законам усіх рэлігій і веравызнанняў. Замацоўваюцца гуманныя прынцыпы знешняй палітыкі дзяржавы, ставіцца за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а дзяржаву нейтральнай. Дзярж. мовамі ў краіне з’яўляюцца бел. і руская. Вызначаны сімвалы дзяржавы — герб, сцяг і гімн. Сталіца — г. Мінск. Паўнапраўным кіраўніком дзяржавы з’яўляецца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Вызначана працэдура яго выбрання, пасля рэферэндуму 1996 значна пашырана кола яго паўнамоцтваў і абавязкаў. Вышэйшым прадстаўнічым заканад. органам дзярж. улады з’яўляецца Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, які складаецца з 2 палат — Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў. Захавана пераемнасць у назве мясц. прадстаўнічых органаў — Саветаў (у Канстытуцыі яны называюцца Саветамі дэпутатаў). Мясц. кіраванне і самакіраванне ў адм.-тэр. адзінках ажыццяўляюць мясц. Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы, органы тэр. грамадскага самакіравання, сходы і інш. Пасля рэферэндуму 1996 зменены назва і статус урада, які атрымаў назву Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь. На чале яго стаіць Прэм’ер-міністр. Створаны Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь, Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь. Асобная глава Канстытуцыі прысвечана выбарчай сістэме: акрэслены абавязкі і паўнамоцтвы суда і пракуратуры. Асобны раздзел прысвечаны фін.-крэдытнай сістэме дзяржавы. Канстытуцыя мае вышэйшую юрыд. сілу: законы і інш. акты дзярж. органаў выдаюцца на падставе і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй. Апошні раздзел Канстытуцыі рэгламентуе парадак яе дзеяння і ўнясення змен ў яе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫТ (Krētē),
востраў ва ўсх.ч. Міжземнага мора. Тэр. Грэцыі. Даўж. з З на У 260 км, шыр. ад 12 да 55 км, пл. 8,3 тыс.км². Нас. 537 тыс.чал. (1991). Рэльеф гарысты, моцна расчлянёны, створаны альпійскімі гораўтваральнымі рухамі. Вылучаецца некалькі вял. масіваў: на У — Ласіты, або Дыкты (выш. да 2148 м), у цэнтры — Іда (да 2456 м), на З — Лефка-Оры (да 2452 м). Паміж гарамі Іда і Лефка-Оры знаходзіцца Сярэднекрыцкае пласкагор’е, выш. 600—800 м. Схілы горных масіваў, расчлянёныя глыбокімі цяснінамі, на Пд стромка абрываюцца да мора, на Пн зніжаюцца паката і ствараюць шэраг паўастравоў і мысаў. На Пд — Месарская раўніна, якая са старажытнасці была жытніцай вострава. Горы складзены пераважна з мезазойскіх вапнякоў (на З — з сланцаў), пашыраны карст. Радовішчы жал. руд, бурага вугалю. Частыя землетрасенні.
Клімат міжземнаморскі. На ўзбярэжжы сярэдняя т-растудз. 12 °C, ліп 26 °C Ападкаў на З выпадае 800 мм за год, на У — 200—400 мм; у гарах — больш за 1000 мм, частыя снегапады, снег на вяршынях ляжыць да мая. Летняя засуха доўжыцца 6—7 месяцаў. Глебы горна-карычневыя, на нізінах алювіяльныя. Расліннасць другаснага паходжання. Пераважае нізкарослая фрыгана (ладаннік, лаванда, верас, жаўтазель, малачай, шалфей і інш.). У больш вільготных раёнах вечназялёныя хмызнякі (маквіс). У гарах на выш. 800—1600 м трапляюцца рэдкалессі з дуба палесцінскага, хвоі калабрыйскай, платана, кіпарыса гарызантальнага. На вяршынях гор альпійскія лугі. На раўнінах і тэрасах плантацыі аліў, вінаграднікі, ворная зямля пад пшаніцай, кукурузай, тытунём. Авечкагадоўля, рыбалоўства, промысел марскіх губак. Нац. парк Самарыя (ахова горнай фауны і флоры). Захаваліся шматлікія помнікі ант. культуры і сярэдневякоўя. Асн. парты Іракліян і Ханья.
Гісторыя. Сляды дзейнасці чалавека на К. вядомы з часоў палеаліту. К. — адзін з цэнтраў найстараж. еўрап. культуры (гл.Крыта-мікенская культура, Крыцкае пісьмо). У 3-м тыс. да н.э. тут узніклі першыя ў Еўропе гарады-дзяржавы (Кнос, Фест і інш.). У 2-м тыс. да н.э. ўвесь К., верагодна, быў аб’яднаны пад уладай цароў Кноса ў магутную дзяржаву, якая дасягнула росквіту ў 17—16 ст. да н.э.: мела вял. флот і, паводле падання, захаванага стараж.-грэч. гісторыкамі, панавала на Эгейскім м. У 14 ст. да н.э. частка К. заваявана кааліцыяй ахейскіх царстваў мацерыковай Грэцыі; у 12 ст. ахейскія дзяржавы тут распаліся пад націскам дарыйцаў. У 1-м тыс. да н.э. крыцкія полісы адыгрывалі значную ролю ў паліт. і культ. жыцці Грэцыі. З 67 да н.э. ў складзе Рым. дзяржавы, з 395 н.э. — Візантыі. Належаў у 823—961 арабам, у 961—1204 зноў Візантыі, у 1204 заваяваны крыжакамі і прададзены Венецыі. У перыяд венецыянскага панавання шматлікія паўстанні мясц. насельніцтва; у 15—17 ст. развівалася культура, асабліва жывапіс (Эль Грэка) і л-ра (В.Карнарас) — т.зв. крыцкі рэнесанс. У 1669 (канчаткова ў 1715) заваяваны Турцыяй. Насельніцтва К. ўдзельнічала ў Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29. У 1866—69, 1878, 1887, 1895, 1896—97 тут адбыліся Крыцкія паўстанні супраць тур. панавання. У 1898 К. атрымаў адм. аўтаномію. Пасля Балканскіх войнаў 1912—13 паводле грэка-тур. дагавора ад 14.11.1913 далучаны да Грэцыі. У 2-ю сусв. вайну ў маі 1941 акупіраваны ням.-фаш. войскамі ў выніку паветрана-дэсантнай аперацыі (буйнейшая паветр. аперацыя вермахта ў час вайны). Вызвалены ў ліст. 1944.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕТРАПЛА́ВАННЕ, аэранаўтыка,
лятанне на апаратах, якія лягчэй за паветра — аэрастатах (у адрозненне ад авіяцыі, дзе выкарыстоўваюцца апараты, цяжэйшыя за паветра, — самалёты, верталёты, планёры і інш.). Да пач. 1920-х г. пад П. разумелі перамяшчэнне па паветры наогул. Тэарэт. асновай П. з’яўляюцца аэрамеханіка і аэрастатыка.
Першыя спробы падняцца ў паветра на шары, напоўненым нагрэтым паветрам (дымам), рабіліся ў пач. 18 ст. ў Францыі, Расіі і інш. краінах. У 1783 Л.Эйлер вывеў формулы для разліку падымальнай сілы аэрастата. Франц. вынаходнікі браты Ж. і Э.Мангальф’е пабудавалі паветраны шар, на якім 21.11.1783 у Парыжы Пілатр дэ Разье і д’Арланд ажыццявілі першы 25-мінутны палёт. Франц. вучоны Ж.Шарль прапанаваў напаўняць паветр. шары вадародам. Палёт на такім шары здзейснілі Шарль і Н.Л.Рабер 1.12.1783 (2,5 гадз, дасягнута выш. 3400 м). У Расіі першыя палёты на паветр. шары адбыліся ў 1803 у Пецярбургу і Маскве. Праект кіравальнага аэрастата (з паветраным вінтом, які круціўся ўручную) прапанаваў у 1784 франц. інжынер Ж.Мёнье. Першы палёт на кіроўным апараце (дырыжаблі) з паравым рухавіком ажыццявіў у 1852 франц. інжынер А.Жыфар. У сярэдзіне 19 ст. побач са свабоднымі знайшлі выкарыстанне прывязныя аэрастаты (для вывучэння атмасферы, геагр. даследаванняў, ваен. мэт). Працягласць палётаў свабодных аэрастатаў складала некалькі гадзін, выш. да 4 тыс.м. Скорасць кіравальных аэрастатаў да канца 19 ст. дасягнула 15 км/гадз. У 1875 Дз.І.Мендзялееў прапанаваў ідэю стратастата для правядзення навук. даследаванняў у метэаралогіі, аэралогіі, астраноміі. У 1887 К.Э.Цыялкоўскі распрацаваў праект цэльнаметал. бескаркаснага дырыжабля, аб’ём якога мог мяняцца ў час палёту. У 1900 у Германіі ажыццёўлены першы палёт дырыжабля жорсткай сістэмы канструкцыі Ф.Цэпеліна, які стаў асновай для дырыжабляў, што будаваліся ў Германіі, Вялікабрытаніі, ЗША у ваен. мэтах. З пач. 20 ст. атрымалі пашырэнне больш дасканалыя змейкавыя аэрастаты (створаныя ў 1893 немцам А.Парзевалем), выкарыстоўваліся для разведкі поля бою, карэкціроўкі артыл. стральбы, пазней і як загарода супраць самалётаў. У 1-ю сусв. вайну на ўзбраенні развітых краін былі розныя тыпы дырыжабляў для бамбардзіровак і далёкай разведкі (аб’ём ад 1500 да 68 тыс.м³, скорасць палёту 80—130 км/гадз, выш. да 5000 м). Пасля вайны ў ЗША, Францыі, Італіі, Германіі і інш. будаваліся дырыжаблі аб’ёмам да 184 тыс.м³ для перавозкі пасажыраў, грузаў і для ваен. мэт. У 1926 Р.Амундсен на дырыжаблі паўжорсткай сістэмы «Нарвегія» (канструкцыя італьян.інж. У.Нобіле) зрабіў беспасадачны пералёт з в-ва Зах. Шпіцберген праз Паўн. полюс на Аляску. У 1929 ням. дырыжабль «Граф Цэпелін» здзейсніў кругасветны пералёт за 21 сут з сярэдняй скорасцю 177 км/гадз. У 1931 бельгійцы А.Пікар і М.Кіпфер на стратастаце падняліся на выш. 15 780 м, сав. стратанаўты ў 1933 дасягнулі выш. 19 тыс.м, у 1934—22 тыс.м. У Вял.Айч. вайну шырока выкарыстоўваліся аэрастаты назірання і загараджэння. З 1950-х г. у многіх краінах створаны беспілотныя (аўтаматычныя) аэрастаты для вывучэння паветр. цячэнняў, геагр. і медыка-біял. даследаванняў, пад’ёму тэлескопаў і інш.
Літ.:
Жуковский Н.Е. Собр. соч.Т. 6. Теоретические основы воздухоплавания. М.; Л., 1950;
Анощенко НД. Воздухоплаватели. М., 1960;
Броуде Б.Г. Воздухоплавательные летательные аппараты. М., 1976.
У.М.Сацута.
Да арт.Паветраплаванне: 1 — дырыжабль А.Жыфара; 2, 3 — свабодны і прывязны аэрастаты (ЗША, 1980-я г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́МЕРЫ (Römerowie),
грамадска-палітычныя культ. дзеячы Літвы і Беларусі, прадстаўнікі шляхецкага роду ням. паходжання.
Міхал (14.9.1778—14.1.1853), грамадска-паліт. дзеяч. Вучыўся ў Віленскім ун-це. У 1803—13 прэзідэнт 2-га дэпартамента Віленскага гал. суда, у 1808—18 адзін з трох камісараў Віленскай адукацыйнай суд. камісіі. У вайну 1812 распараджэннем Напалеона І прызначаны прэзідэнтам г. Вільня, але ў вер. 1812 пакінуў пасаду з-за канфлікту з франц. ўладамі, якія збіраліся закрыць Віленскі ун-т. Пасля вайны ў 1814—17 маршалак шляхты Трокскага пав., з 1817 — Віленскай губ. Прыхільнік скасавання прыгоннага права, у 1817 узначальваў дэлегацыю шляхты, якая безвынікова звярталася да цара з адпаведным праектам. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў масонства ў Літве і на Беларусі; майстар (кіраўнік) т.зв. Вялікай правінцыяльнай Літоўскай ложы «Дасканалае адзінства», якая кіравала дзейнасцю астатніх літ.-бел. лож. Адзін з заснавальнікаў (1819) патрыят. арг-цыі В.Лукасінскага «Нацыянальнае масонства», чл.Патрыятычнага таварыства, паплечнік Т.Зана. У маі 1826 арыштаваны, зняволены ў Варшаве да 1828, потым у Петрапаўлаўскай крэпасці С.-Пецярбурга да 1830. У 1830—32 у ссылцы ў г.Варонеж. Пасля вяртання на радзіму ад грамадскай дзейнасці адышоў.
Эдвард Ян (14.5.1806—1.5.1878), грамадскі дзеяч, літаратар, перакладчык і мастак-аматар. Бацька А.І.Ромера. Вучыўся ў Віленскім ун-це (1823—28), жывапісу — у Я.Рустэма. У час паўстання 1830—31 чл.Віленскага цэнтральнага паўстанцкага камітэта. У 1833 арыштаваны і асуджаны на пажыццёвую ссылку ў г. Волагда, аднак праз год атрымаў дазвол вярнуцца на радзіму. У 1834 устанавіў сувязь з т.зв. Літоўскім к-там (Вільня), які падтрымліваў адносіны з эмігранцкім лагерам польскага «караля дэ-факта» А.Ю.Чартарыйскага. У ліп. 1838 зноў арыштаваны па справе Ш.Канарскага, асуджаны да смяротнага пакарання, замененага новай ссылкай у Волагду (да 1852). Пасля вяртання ў Вільню пад наглядам паліцыі. Быў чл. Музея старажытнасцей і Віленскай археалагічнай камісіі (з 1855), дырэктарам 2-га аддзела Т-ва дабрачыннасці (з 1855), чл. шэрагу інш. т-ваў. У час паўстання 1863—64 пад хатнім арыштам. Пазней працаваў у Т-ве дабрачыннасці, чл. праўлення Зямельнага банка. Аўтар эпіграм на знакамітых сучаснікаў, перакладаў, партрэтаў сына Альфрэда Ізідара і інш. членаў сваёй сям’і.
Міхал Піус (7.5.1880, в. Багдонішкі Панявежскага пав., Літва — 22.2.1945), вучоны і грамадска-паліт. дзеяч. Вучыўся ў Ягелонскім ун-це ў Кракаве (1901—02), Парыжскай школе паліт. навук (1902—05). Адзін з гал. ідэолагаў ліберальна-дэмакр. крыла краёўцаў — плыні польскага нац. руху пач. 20 ст. на Беларусі і Літве. У 1911—15 супрацоўнічаў з бел.газ. «Наша ніва», чл. рэдакцыі віленскай газ. «Kurier Krajowy» («Краёвы кур’ер», 1913). Узначальваў віленскую масонскую ложу «Літва», членамі якой былі А.Луцкевіч і В.Ластоўскі. Станоўча ставіўся да бел. грамадска-паліт. і культ. адраджэння, абараняў бел. рух ад нападкаў польскіх і рус. шавіністычных колаў. У знак пратэсту супраць захопу Вільні польскімі войскамі ген. Л.Жалігоўскага (9.10.1920) пераехаў у Літву. Праф. права (1922) і рэктар Каўнаскага (1927—28, 1933—39), праф. Віленскага (1940—45) ун-таў. У час ням.-фаш. акупацыі (1941—44) арганізоўваў у Вільні тайнае навучанне, падтрымліваў сувязі з рухам Супраціўлення.
Літ.:
Венцлова А. Буря в полдень. М., 1978;
Смалянчук А. Дзённік Міхала Ромера як крыніца па гісторыі Беларусі пачатку XX ст. // Бел.гіст. агляд. 1998. Т. 5, сш. 1(8).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВІ́ЦКІ (Міхаіл Андрэевіч) (н. 18.2.1922, в. Звянячы Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мастак. Нар.маст. Беларусі (1972). Нар.маст.СССР (1983). Правадз.чл.АМ Расіі (1982). Акад.Нац.АН Беларусі (1995). Скончыў Маст.ін-т імя Сурыкава ў Маскве (1957). У Вял.Айч. вайну ўдзельнік абароны Севастопаля, быў вязнем канцлагераў Бухенвальд, Дахау, Дора, Мітэльбау. З 1980 кіраўнік Творчых майстэрняў жывапісу АМСССР у Мінску (з 1991 Творчыя акад. майстэрні Мін-ва культуры Беларусі). Працуе ў галіне станковага і манум. жывапісу. Творчасць вызначаецца глыбокім пранікненнем у сутнасць з’яў мінулага і сучаснасці, іх філас. асэнсаваннем, сцвярджэннем вечных духоўных каштоўнасцей чалавецтва. У аснове твораў ваен. тэматыкі асабістыя ўражанні ад гераічнай барацьбы народа супраць ням. акупантаў, злачынстваў фашыстаў супраць чалавецтва. Аўтар прасякнутых антыфаш. пафасам і публіцыстычнасцю жывапісных твораў, прысвечаных партыз. барацьбе; «Партызаны» (1963), «Партызанская мадонна», «Віцебскія вароты» (абодва 1967), «Забойства сям’і партызана» (1972), «Плач па загінуўшых героях» (1974). Упершыню ў сав. мастацтве праз колеравае і кампазіцыйнае вырашэнне, лаканізм маст. мовы, вобразнасць увасобіў трагізм, які зазнала чалавецтва ў гады фаш. акупацыі: карціна «Партызаны. Блакада» (1966—67), серыі «Лічбы на сэрцы» (1974—87) і інш. Глыбокім эпічным гучаннем вызначаецца твор «Поле» (1974). Значнае месца ў творчасці С. займаюць партрэты, адметныя глыбокім пранікненнем у сутнасны стан чалавека, раскрыццём псіхалагізму праз выкарыстанне мінімальных сродкаў выяўлення: «Жаночы партрэт» (1966), «Сейбіты» (1972), «Віленскія сустрэчы» (1976), «Янка Купала» (1979), «Сям’я» (1980), «Пушкін і Ганчарова» (1986), «Дастаеўскі» (1988), «Філосафы» (1994), «Аўтапартрэт» (1995), «А.Пушкін і А.Міцкевіч» (2000), партрэты прэзідэнтаў АН Беларусі (М.Барысевіча, А.Вайтовіча, К.Горава, П.Горына, М.Грашчанкава, А.Жэбрака, У.Ігнатоўскага, В.Купрэвіча, У.Платонава, І.Сурты, Л.Сушчэні, 1998—2001). У серыі «Чорная быль» (1986—93, залаты медаль АМСССР 1992) з высокай маст. пераканаўчасцю адлюстравана шматграннасць Чарнобыльскай катастрофы. У 10 карцінах мастак перадаў усе бакі трагедыі («Плач аб зямлі», «Пакінутыя», «Доля», «Чарнобыльская мадонна», «Відушчы», «Эвакуацыя», «Настальгія», «Крыж надзеі», «Забароненая зона», «Вечар»). Гал. месца ў творчасці 1990—2001 займае хрысціянская тэматыка. У работах на гэту тэму мастак увасобіў пошукі і сродкі, здольныя перадаць сучаснае бачанне «вечна сучасных» падзей, па-філасофску пераасэнсаваную штодзённасць, глабальнае ўсведамленне праблем. сусв. і адначасова прыватных: «Зняцце з крыжа», «Уцёкі ў Егіпет», «Сялянская п’ета», «Спакушэнне Іуды», «Нясенне крыжа», «Іоў». Серыя «Запаветы блажэнства» (1991—2001) блізкая па духу да біблейскіх карцін, выяўляе складаныя псіхал. калізіі сучаснага быцця, праз кампазіцыйнае вырашэнне і напружаны каларыт раскрываецца гал. ідэя гэтай серыі — адлюстраванне спакутаваных людзей, якія заслугоўваюць раю. Вобразнасцю, філас. фундаментальнасцю, глыбокім сац. зместам вылучаюцца творы «Без весткі прапаўшыя» (1991), «Вяртанне» (1998), «Сейбіт» (1999), «Прыбранае поле», «XX стагоддзе — забойства праўды» (абедзве 2001) і інш. Маштабнасць і сімвалічнасць маст. мовы характэрны для твораў у манум. мастацтве: размалёўкі «Вялікая Айчынная вайна. 1944» у Бел.дзярж. музеі гісторыі Вял.Айч.вайны ў Мінску (1971; Дзярж. прэмія СССР 1973) і «Эстафета пакаленняў» у санаторыі «Беларусь» у Місхоры (Украіна, 1973), габелены для залы пасяджэнняў ЦККПБ (цяпер рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, 1978—79, дзве апошнія з А.Кішчанкам). Дзярж. прэмія Беларусі 1970, 1980, 1998.
Літ.:
Назімава І.В. М.А.Савіцкі. Мн., 1973;
Пугачева Э.Н. Михаил Савицкий. Мн., 1982;
М.Савицкий: Белоруссия — земля партизанская: [Альбом]. М., 1977;
М.Савицкий: Живопись: [Альбом]. Мн., 1996.
А.М.Савіцкі.
М.А.Савіцкі.М.Савіцкі. Поле. 1974.М.Савіцкі. Зняцце з крыжа. 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІТАЛІ́ЗМ,
адна з гіст. стадый развіцця чалавецтва; паліт., сац. і эканам. сістэма, заснаваная на прыватнай уласнасці, таварнай вытворчасці і канкурэнцыі. У розных плынях грамадскай думкі вызначаецца як этап у развіцці індустрыяльнага грамадства, сістэма свабоднага прадпрымальніцтва, сучасная ступень К. — постіндустрыяльнае грамадства, інфармацыйнае грамадства, «змешаная эканоміка» і інш. Марксізм разглядае К. як грамадска-эканамічную фармацыю, якая змяняе феадалізм і папярэднічае сацыялізму — першай фазе камунізму; аснову такой фармацыі складаюць прыватная ўласнасць класа буржуазіі (капіталістаў) на асн. сродкі вытв-сці і эксплуатацыя ім наёмнай працы рабочых (пралетарыяту), якія пазбаўлены такіх сродкаў. Паводле гэтай канцэпцыі, К. у сваім развіцці ў Зах. Еўропе прайшоў стадыі: генезісу (узнікнення, 16—1-я палова 18 ст.), даманапалістычную (сярэдзіна 18—19 ст.), манапалістычную (склалася на мяжы 19—20 ст.). Элементы К. спарадычна праяўляліся ў гарадах Італіі (гандаль) і Нідэрландаў (мануфактура) ужо ў 14—15 ст. у перыяд т.зв.першапачатковага накаплення капіталу. Аднак як грамадска-эканам. ўклад К. узнік у эпоху разлажэння феадалізму ў пач. 16 ст., калі натуральная гаспадарка стала ператварацца ў простую таварную, а апошняя — у капіталістычную. Гэтаму садзейнічала развіццё таварна-грашовых адносін, якія спрыялі паглыбленню маёмаснай дыферэнцыяцыі, пашырэнню выкарыстання наёмнай працы ў прамысловасці і земляробстве. Для атрымання максімальнага прыбытку ва ўмовах рыначнай канкурэнцыі прадпрымальнікі павінны пастаянна развіваць прадукц. сілы, навуку і тэхніку, павялічваць капітал і ўдасканальваць вытв-сць. У выніку прамысл. перавароту і індустрыяльнай рэвалюцыі, якія адбыліся першапачаткова ў Вялікабрытаніі (апошняя трэць 18—1-я чвэрць 19 ст.), потым у ЗША, Францыі, Германіі і інш. краінах, была створана буйная машынная вытв-сць, усталявалася панаванне капіталіст. спосабу вытв-сці. Рост канцэнтрацыі і цэнтралізацыі вытв-сці і капіталу прыводзіць да ўзнікнення буйных капіталіст.манаполій, банкаўскіх карпарацый, падзелу рынкаў збыту, вывазу капіталу, пашырэнню урбанізацыі, абвастрэнню сац. супярэчнасцей (гл.Імперыялізм). У працэсе далейшага развіцця К. рыначная канкурэнцыя дапаўняецца механізмам дзярж. рэгулявання эканомікай, узнікненнем побач з буйнымі ўласнікамі і работнікамі наёмнай працы, сярэдняга класа ўласнікаў. Пасля 1-й сусв.вайны 1914—18 і Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі К. перастаў быць усеахопнай сістэмай гаспадаркі; сфера яго ўплыву значна звузілася пасля 2-й сусв.вайны 1939—45 і распаду каланіяльнай сістэмы (гл.Каланіялізм). Аднак К. выявіў здольнасць прыстасоўвацца да новых умоў, выкарыстоўваць магчымасці сучаснай НТР, забяспечваць больш высокі ў параўнанні з ранейшым жыццёвы ўзровень людзей, пераадольваць складаныя сац.-эканам. супярэчнасці. Паліт. і сац.-эканам. змены, якія адбыліся ва Усх. Еўропе і краінах былога СССР у 1990-я г., аб’ектыўна спрыялі паскарэнню працэсу рыначных рэформ і пераўтварэнняў на аснове выкарыстання вопыту развітых капіталіст. краін. Сучасныя формы арг-цыі капіталіст. гаспадаркі ўключаюць: кароткатэрміновае (антыцыклічнае, антыінфляцыйнае) і доўгатэрміновае (макраэканамічнае) рэгуляванне; галіновыя і рэгіянальныя праграмы (планы), прамое (заканад. і адм. акты) і ўскоснае (падаткі, расходы дзярж. бюджэту, амартызацыйная палітыка) рэгуляванне. З ростам інтэрнацыяналізацыігасп. жыцця, узмацненнем транснац. карпарацый пачынаюць развівацца рэгіянальная і сусв.інтэграцыя, міждзяржаўнае рэгуляванне эканомікі. Гэта выявілася ва ўзнікненні такіх спец. устаноў, як Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця, Міжнародны валютны фонд, Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця, Еўрапейскі саюз і інш. Характэрнымі асаблівасцямі сусв. эканомікі ў канцы 20 ст. сталі глабалізацыя вытв-сці і яе рэгіяналізм, крызіс сусв. запазычанасці, небывалая міграцыя рабочай сілы, інвестыцый і капіталаў, нераўнамернасць эканам. развіцця, крымінагеннасць дзелавога жыцця і інш. негатыўныя з’явы.
У развіцці К. ў Беларусі вылучаюць 2 асн. перыяды: генезіс капіталіст. адносін (16 ст. — 1861) і ўсталяванне капіталіст. спосабу вытв-сці (1861—1917). Капіталіст. адносіны тут складваліся па тых жа законах, што і ў інш. краінах, хоць былі і пэўныя асаблівасці — запаволены генезіс К. ва ўмовах панавання феад. адносін у эканоміцы, існаванне прыгонніцкіх форм найму ў прам-сці. Генезіс К. мае 2 этапы: узнікненне і пашырэнне капіталіст. адносін (16 — сярэдзіна 18 ст.) і станаўленне капіталіст. ўкладу (сярэдзіна 18 ст. — 1861). На 1-м этапе пракапіталіст. тэндэнцыі ў сац.-эканам. развіцці феад. горада і вёскі праяўляліся ў росце рыначных сувязей, спецыялізацыі і кааперацыі рамяства, пашырэнні гандлю, грамадскага падзелу працы, маёмаснай дыферэнцыяцыі рамеснікаў і сялянства. На 2-м этапе назіралася фарміраванне капіталіст. ўкладу ў нетрах феадалізму, развіваліся першасныя формы капіталіст. вытв-сці, мануфактуры паступова выцясняліся фабрыкамі, заснаванымі на выкарыстанні машын. Да пач. 1860-х г. колькасць дробных прадпрыемстваў капіталіст. тыпу (разам з рамеснымі майстэрнямі з пераважна наёмнай працай) павялічылася да 7,8 тыс. (27,7% ад усіх прадпрыемстваў, у т. л. рамесных), колькасць рабочых — да 23,4 тыс. (38%), колькасць мануфактур узрасла да 140 (каля 4,7 тыс. рабочых); дзейнічала 76 фабрычных прадпрыемстваў (3075 рабочых). Першыя фабрычныя прадпрыемствы з вольнанаёмнай працай з’явіліся ў сярэдзіне 1840-х г. На капіталіст. сектар фабрычнай вытв-сці прыпадала 2/5 прадукцыі ўсіх фабрык. У выніку адмены прыгону ў Беларусі пачалося больш хуткае выцясненне дробнай вытв-сці і мануфактуры, што суправаджалася паскоранымі тэмпамі росту фабрычна-заводскай прам-сці, фарміравання прамысл. пралетарыяту і буржуазіі. Разам з тым характэрнай рысай прамысл. развіцця Беларусі было захаванне і пашырэнне дробнай вытв-сці і мануфактур, параўнальна невял. памеры фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў. З 1860 да 1900 агульная колькасць фабрык і заводаў тут павялічылася ў 15 разоў, колькасць рабочых на іх — у 10,8 раза, колькасць мануфактур — у 5,4 раза, рабочых на іх — у 6,1 раза, колькасць дробнакапіталіст. прадпрыемстваў — у 2,2 раза, рабочых на іх — у 2,7 раза, рамесных майстэрняў — у 2,9 раза, рамеснікаў — у 3,6 раза. Агульная колькасць прамысл. рабочых на Беларусі ў 1900 склала 236,8 тыс. У выніку ўдзельная вага бел. прам-сці дасягнула ў прадукцыі прам-сці Расіі 5%, а колькасць рабочых — амаль 10%. Узмацнялася роля банкаўскага капіталу ў арг-цыі і развіцці капіталіст. прам-сці. Пасля пераадолення крызісу і дэпрэсіі 1900—07 сярэднегадавы рост валавой прадукцыі фабрычна-заводскай прам-сці ў Беларусі дасягнуў 13,9%. За 1900—13 колькасць буйных (цэнзавых) прадпрыемстваў павялічылася на 61,2%, іх валавая прадукцыя — на 229,6%. Характэрныя рысы развіцця К. гэтага перыяду — інтэнсіўнае тэхн. і тэхналаг. пераабсталяванне прадпрыемстваў, канцэнтрацыя вытв-сці і цэнтралізацыя прамысл. капіталу, узнікненне манапалістычных аб’яднанняў, пашырэнне працэсу акцыяніравання прадпрыемстваў, стварэнне спрыяльных умоў для замежных інвестыцый і інш.
У сучасны перыяд у Рэспубліцы Беларусь дзяржава стварае роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці, у т. л. прыватнай, і гарантуе ўсім грамадзянам роўныя магчымасці для прадпрымальніцкай і іншай эканам. дзейнасці.
Літ.:
Маркс К. Капітал. Т. 1—3. Мн., 1952—53;
Яго ж. Теории прибавочной стоимости // Маркс К., Энгельс Ф. Соч. 2 изд. Т. 26, ч. 1—3;
Смит А. Исследование о природе и причинах богатства народов. М., 1962;
Ленін У.І. Развіццё капіталізму ў Расіі // Тв.Т. 3 (Полн. собр. соч.Т. 3);
Яго ж. Імперыялізм, як вышэйшая стадыя капіталізму // Там жа. Т. 22 (Там жа. Т. 27);
Экономика Белоруссии в эпоху империализма, 1900—1917. Мн., 1963;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1—2. Мн., 1972;
История рабочего класса Белорусской ССР. Т. 1. Мн., 1984;
Экономическая история зарубежных стран. Мн., 1996;
Экономическая история капиталистических стран. М., 1986;
Капитализм на исходе столетия. М., 1987;
Экономика зарубежных стран: Капиталист. и развивающиеся страны. М., 1990;
Бродель Ф. Материальная цивилизация, экономика и капитализм, XV—XVIII вв.: Пер. с фр.Т. 1—3. М., 1986—92;
Друзик Я.С. Мировая экономика на финише века. Мн., 1997.