раздзел гісталогіі, які вывучае ўзаемасувязі структуры клетак, тканак і органаў з іх функцыянаваннем і зменамі ў розных фізіял. станах. Даследаванні па гістафізіялогіі праводзяць на жывых клетках арганізма з дапамогай спец. мікраскопаў-ілюмінатараў, ужыўлення празрыстых камер у арганізм жывёлы або выкарыстання пярэдняй камеры вока для вывучэння цыркуляцыі крыві ў мікрасасудах, працэсаў міграцыі лейкацытаў, ранніх стадый развіцця зародка і інш. Шырока выкарыстоўваюць культуру клетак і тканак пры вывучэнні жывых структур (гл.Культура тканкі), метад трансплантацыі клетак крыві і касцявога мозгу ад здаровых жывёл-донараў апрамененым жывёлам-рэцыпіентам. Выкарыстоўваюць вітальнае (прыжыццёвае) і суправітальнае (клетак, вылучаных з арганізма) афарбаванне клетак і тканак спец. фарбавальнікамі з наступным вывучэннем метадамі гістахіміі, мікраскапіі, радыёаўтаграфіі і інш., што дазваляе высвятляць заканамернасці функцыянавання жывых сістэм і механізмы іх змен пры паталогіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАСКО́ (Іван Антонавіч) (літ.псеўд.Рапацкі; 8.2.1855, Полацкі павет — ліп. 1881),
дзеяч рэв. руху, публіцыст. Скончыў Мінскую гімназію. Вучыўся ў Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі. У пач. 1873 увайшоў у народніцкую рэв. групу Пецярбурга. У 1874 заснаваў у Пецярбургу польска-беларускі сацыяліст. гурток, які наладзіў сувязі з народніцкімі гурткамі на Беларусі, з рэв. арг-цыямі Масквы, Кіева, Варшавы, Львова. У чэрв. 1876 у Лондане наладзіў кантакт з групай рас.рэв. эмігрантаў, аб’яднаных вакол газ. «Вперед». Змясціў у ёй вял. карэспандэнцыю «З Беларусі» пра грамадска-паліт. рух на радзіме. Пасля вяртання ў Пецярбург арыштаваны, потым знаходзіўся пад наглядам паліцыі. Удзельнік рус.-тур. вайны 1877—78. З вер. 1878 у Варшаве, за ўдзел у рэв. руху арыштаваны і зняволены, у 1880 высланы ў Сібір, дзе і памёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБ УСЯСЛА́ВІЧ (? — 13.9.1119),
князь менскі, сын полацкага кн.Усяслава Брачыславіча. У 1104 абараняў Менск ад аб’яднаных сіл паўд.-рус. князёў. У 1106 з братамі ўдзельнічаў у няўдалым паходзе на земгалаў. Праводзіў палітыку аб’яднання вакол Менска шэрагу гарадоў Полацкай зямлі: далучыў да свайго княства Копысь, Оршу і Друцк. У 1116 напаў на Слуцк, за што кіеўскі кн. Уладзімір Манамах з аб’яднанымі сіламі Кіева, Смаленска, Чарнігава і Пераяслава рушыў на Менск. Глеб Усяславіч вымушаны быў падпісаць мір з Манамахам, страціўшы ўплыў на Падняпроўе і Верхняе Панямонне. Паміж 1116 і 1118 зрабіў спробу вярнуць страчаныя тэрыторыі. Таму Манамах у 1118 паслаў на Менск свайго сына Мсціслава, які прыступам узяў горад, паланіў Глеба і адвёз у Кіеў, дзе той раптоўна памёр. Пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГЛО́БУС»
(Globe),
тэатр, які існаваў у Лондане ў 1599—1644. Будынак уяўляў сабой авальную пляцоўку, абнесеную высокай сцяной, па ўнутраным баку якой знаходзіліся ложы для арыстакратыі, над імі — галерэя для заможных гараджан. Астатнія гледачы стаялі з трох бакоў сцэны. Спектаклі ішлі пры дзённым святле, без антрактаў і амаль без дэкарацый. Сцэна не мела заслоны. Прасцэніум моцна выступаў наперад, у глыбіні быў балкон (т.зв. верхняя сцэна), дзе таксама разыгрывалася дзеянне. Да 1642 у будынку тэатра іграла трупа «Слугі лорда-камергера», якую ўзначальваў акцёр гэтага тэатра Р.Бёрбедж. У «Глобусе» былі пастаўлены ўсе п’есы У.Шэкспіра, напісаныя пасля 1594, а таксама інш. драматургаў эпохі англ. Адраджэння. Тэатр быў адным з найб. важных цэнтраў культ. жыцця краіны. У 1644 будынак разабраны. У 1996 тэатр пад назвай «Глобус» адноўлены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГО́Р НАРЭКАЦЫ́ (каля 945 — 949 — 7.10.1003),
армянскі паэт. З сям’і царк. пісьменніка Хасрова Андзевацы. Скончыў школу пры манастыры Нарэка і стаў манахам. Выкладаў у манастырскай школе. Пісаў гандзы (духоўныя гімны ў гонар Бога і святых), тагі (песні), панегірыкі і інш. Яго творы, рэлігійныя па задуме, прасякнуты жывым эмацыянальным успрыманнем прыроды і чалавека. Лірыка-містычная паэма «Нарэк» («Кніга смутку», выд. 1673) выдавалася на арм. мове больш за 30 разоў; перакладаў на англ., франц., італьян., рус., араб. і інш. мовы. У форме споведзі-малітвы (усяго 95 частак) выступаў і як паэт-гуманіст, абаронца роду людскога, і як містык, які бачыў сэнс жыцця і духоўнага самаўдасканалення чалавека ў яднанні з Богам. Творы яго адметныя ўвядзеннем рыфмы, багаццем метрыкі нар. песень і маст. тропаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГО́РЫЙ НАЗІЯНЗІ́Н (Grēgorios Nazianzēnos),
Грыгорый Багаслоў (каля 330, каля г. Назіянза ў М. Азіі — каля 390), грэчаскі паэт і празаік, царк. дзеяч і мысліцель, адзін з прадстаўнікоў патрыстыкі. Адукацыю па рыторыцы і філасофіі атрымаў у Афінах. З 379 епіскап артадаксальнай абшчыны ў Канстанцінопалі; у 381 старшынстваваў на 2-м Усяленскім саборы, але ў хуткім часе з-за інтрыг і смуты склаў з сябе сан епіскапа і вярнуўся на радзіму. Належаў да т.зв. кападакійскага гуртка, які пераносіў у тэалогію метады платонаўскай ідэаліст. дыялектыкі. Аўтар твораў, прысвечаных абгрунтаванню хрысц. догмату пра Тройцу і накіраваных супраць арыянства, пропаведзяў, пабудаваных па правілах рыторыкі, гімнаў, што ўвайшлі ў правасл. песнапенні, аўтабіягр. паэмы «Пра маё жыццё», «Пра мой лёс», «Пра пакуты маёй душы». У прозе вылучаюцца надмагільныя панегірыкі бацьку і Васілію Вялікаму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫЗА́ЙЛЬ (франц. grisaille ад gris шэры),
від дэкаратыўнага жывапісу, які выконваецца ў розных адценнях якога-н. аднаго колеру (пераважна шэрага). Выкарыстоўваецца ў насценных размалёўках і пано. Імітуе скульпт. рэльеф або арх. кампазіцыі, вызначаецца выразнай святлоценявой мадэліроўкай выяў. Грызайлю называюць і размалёўкі аднаколернай эмаллю (шэрай, карычневай, ружовай) з прамалёўкай золатам, у якіх таксама дасягаецца эфект рэльефнасці выявы (гл.Ліможская эмаль). Вядома з 17 ст., найб. пашырана ў размалёўках класіцызму. На Беларусі грызайль шырока ўжывалася ў дэкарыраванні культавых і палацавых будынкаў канца 18 — пач. 19 ст. (палацы ў Гомелі, Свяцку Гродзенскага, Залессі Смаргонскага р-наў; касцёлы езуітаў у Гродне, у вёсках Гальшаны Астравецкага, Будслаў Мядзельскага р-наў; цэрквы Варварынская ў Пінску, у в. Дубай Пінскага р-на і інш.).
Размалёўка ў тэхніцы грызайль інтэр’ера касцёла бернардзінцаў у в. Будслаў Мядзельскага раёна Мінскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЖЫ́НКІ,
старадаўняе нар. свята ў беларусаў, звязанае з заканчэннем жніва. Дажынкавыя абрады былі скіраваны на тое, каб аддзякаваць «духам нівы» за хлеб, захаваць яе плён на наступны год. Дажаўшы жыта, жнеі ўпрыгожвалі апошні сноп кветкамі і стужкамі, плялі вянкі з каласоў і кветак і з песнямі ішлі ў вёску. Зайшоўшы ў двор, яны перадавалі апошні сноп гаспадару, які запрашаў іх за гасцінны стол з абавязковымі абрадавымі стравамі — блінамі з маслам і сытой, крупяной кашай. Усе абрады суправаджаліся дажынкавымі песням: іх спявалі ў канцы жніва, у час абраду «завівання барады», па дарозе жней дахаты, у двары гаспадара і на святочным застоллі. На Пн Беларусі Д. спраўлялі двойчы: малыя пасля заканчэння жытняга жніва, вялікія пасля таго, як зжыналі і яравыя. У наш час Д. адзначаюць як свята ўраджаю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЗІМЕ́ТРЫЯ (ад доза + ...метрыя),
раздзел прыкладной ядз. фізікі, які займаецца вымярэннем і вывучэннем іанізавальных выпрамяненняў і эфектаў узаемадзеяння іх з рэчывам. На аснове рэгістрацыі выпрамянення метадамі Д. атрымліваюць таксама інфармацыю аб крыніцах выпрамянення, іх ізатопным складзе і размеркаванні ў прасторы, апрамененым целе. Тэхн. сродкамі Д. з’яўляюцца дазіметрычныя прылады (дазіметры).
Пачала развівацца ў сувязі з неабходнасцю стварэння радыяцыйнай бяспекі чалавека, потым набыла важнае значэнне ў фіз., хім. і радыебіял. даследаваннях, радыяцыйнай тэхналогіі, ахове навакольнага асяроддзя. Раздзел Д., звязаны з вызначэннем эквівалентнай дозы выпрамянення, наз.эквідазіметрыяй; метады вымярэння актыўнасці радыеактыўных крыніц складаюць аснову радыеметрыі; даследаванні біял. ўздзеяння іанізавальных выпрамяненняў на клетачным і малекулярным узроўнях выклікалі ў 1960-я г. інтэнсіўнае развіццё мікрадазіметрыі, якая займаецца пытаннямі мікраскапічнага размеркавання энергіі пры ўзаемадзеянні выпрамянення з рэчывам. Гл. таксама Дозы выпрамянення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖУНГА́РСКІ АЛАТА́У,
горная сістэма ў Сярэдняй Азіі, паміж воз. Алаколь і р. Ілі, у Казахстане і часткова ў Кітаі. Працягнулася з ПдЗ на ПнУ амаль на 450 км, шыр. ад 50 да 190 км. Складаецца з некалькіх паралельных хрыбтоў: Каратау, Баскантау, Таксанбай, Беджынтау і інш.Выш. ад 1500 да 3000 м, найб. — 4464 м (г. Бесбаскан). Паўн. раёны ўтвораны з пясчанікаў, алеўрытаў і сланцаў, паўднёвыя — з вулканагенных парод; у цэнтр.ч. выходзяць стараж.крышт. пароды. Радовішчы поліметал. руд, медзі, рэдкіх металаў; тэрмальныя мінер. крыніцы. Характэрна змена вышынных ландшафтных паясоў: на ніжніх схілах — пустыні, паўпустыні і стэп, які на выш. 1200 м пераходзіць у леса-лугавы пояс, вышэй 2600 м — субальпійскія і альпійскія лугі. Ледавікі (агульная пл. больш за 1000 км²), у т. л. ледавікі Джамбула і Берга.