ПЕРАДА́ЧА НА ПАРУ́КІ,
прававы інстытут вызвалення ад крымінальнай адказнасці за злачынства, якое не ўяўляла вял. грамадскай небяспекі, а асоба, якая яго ўчыніла, магла быць выпраўлена без выкарыстання крымін. пакарання. Адной з неабходных умоў магчымасці П.н.п. была наяўнасць хадайніцтва грамадскай арг-цыі або прац. калектыву, якія паручыліся за правапарушальніка. Існавала ў 1961—94. З-за неэфектыўнасці гэты ін-т выключаны з КК Рэспублікі Беларусь.
т. 12, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАКРЫЖАВА́НАЕ АПЫЛЕ́ННЕ, алагамія,
апыленне кветак пылком інш. раслін таго ж віду. Уласціва голанасенным і большасці пакрытанасенных. Спалучаецца з самаапыленнем, якое бывае асн. або рэзервовым. Строга перакрыжавана-апыляльных раслін мала (напр., жыта). Адбываецца з дапамогай насякомых, ветру, часам пры ўдзеле вады, птушак, жывёл. Садзейнічае спадчыннай зменлівасці, якая забяспечвае прыстасаванасць папуляцый і відаў да змен навакольнага асяроддзя. Гл. таксама Апыленне.
Р.Г.Заяц.
т. 12, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ФІЯ,
старажытнагрэчаская жрыца-прадказальніца ў храме Апалона ў Дэльфах, які таксама наз. Дэльфійскім або Піфійскім аракулам (лац. oraculum, грэч. manteion прароцтва бажаства і месца, дзе яно даецца). П. сядзела на трыножніку і ў стане экстазу адказвала на пытанні, з якімі да яе звярталіся прадстаўнікі дзяржаў і грамадзяне. Адказы П. (часта цьмяныя і двухсэнсоўныя), перакладзеныя жрацамі ў вершаванай форме, лічыліся прадказаннямі (аракуламі) самога Апалона.
т. 12, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІФО́Н,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі народжаны багіняй падземнага царства Геяй пачварны дракон, які ахоўваў каля г. Дэльфы аракул Геі. Апалон забіў П. стралой (адсюль Апалон Піфійскі) і заснаваў на тым месцы свой аракул (Піфійскі, або Дэльфійскі аракул), дзе ад яго імя прадказвала Піфія. З нагоды перамогі над П. Апалон, паводле міфа, заснаваў Піфійскія гульні. Ад імя П. паходзіць другая назва г. Дэльфы — Піфо.
т. 12, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛІЎКА,
у беларусаў даўняя страва. Спачатку варылі мяса з прыправамі, у посныя дні — грыбы, рыбу. Потым невял. колькасць мукі разводзілі вадой і залівалі ў гаршчок (часам закалочвалі сухую муку), потым далівалі хлебны квас або сыроватку, бурачны расол. У некат. раёнах дадавалі хлебную рошчыну, гатавалі і са свіной крыві. На Магілёўшчыне, у Зах. і Цэнтр. Палессі П. — старая назва заціркі, калатушы.
т. 12, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАБЛЕ́МА (ад грэч. problema задача, заданне),
у шырокім сэнсе — складаная тэарэт. або практычная задача, якая патрабуе вывучэння, вырашэння; у навуцы — супярэчлівая сітуацыя, якая выступае ў выглядзе процілеглых пазіцый у тлумачэнні якіх-н. з’яў, аб’ектаў, працэсаў і патрабуе адэкватнай тэорыі для яе вырашэння. Фармулюецца ў розных формах лагічнай структуры ведаў: суджэння, пытання, гіпотэзы. Калі П. ставіцца без дастатковай падставы, яна становіцца псеўдапраблемай.
т. 12, с. 524
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАПІ́СКІ,
у тэхніцы алейнага шматслаёвага жывапісу этап выканання палатна, у час якога мадэліруюцца формы і аб’ёмы, ствараецца асн. каларыт будучага твора. Робіцца за падмалёўкай, папярэднічае лесіроўцы. Колькасць П. можа быць рознай, але кожная з іх завяршаецца поўным высыханнем фарбаў. У шырокім і недакладным сэнсе П. наз. часам падмалёўку, а таксама любую прапрацоўку ўжо закончанай карціны або яе дэталі, у т. л. неаўтарскія панаўленні.
т. 13, с. 15
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́СЛА,
1) у драўлянай архітэктуры частка сцяны каркаснай канструкцыі або плоту з гарызантальна пакладзеных бярвён, брусоў, жэрдак, дыль, плах, дошак паміж 2 верт. слупамі (шуламі). Асн. элемент будынкаў у перыяд каменнага веку. З 16 ст. з П. будавалі пераважна гасп. пабудовы — стайні, хлявы, аборы, гумны і інш. ў закідной тэхніцы.
2) Частка крапасной сцяны паміж 2 абарончымі вежамі.
С.А.Сергачоў.
т. 13, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСТЫТУ́ЦЫЯ (ад лац. prostitutio апаганенне, ганьбаванне),
продаж свайго цела з мэтай атрымання ўзнагароджання, матэрыяльных выгод. Узнікла як сац. з’ява яшчэ ў ант. грамадстве. У некат. сучасных краінах забаронена, у шэрагу краін — легалізавана. Бел. заканадаўствам за П. ўстаноўлена адм. адказнасць за ўцягненне ў П. непаўналетніх, за арганізацыю і ўтрыманне прытонаў для заняцця П. або зводніцтва і сутэнёрства з карыслівымі мэтамі — крымін. адказнасць.
т. 13, с. 21
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫСЯ́ЖНЫ ПАВЕ́РАНЫ,
афіцыйнае найменне адвакатаў у Расійскай імперыі. Уведзены суд. рэформай 1867. П.п. магла быць асоба з вышэйшай юрыд. адукацыяй і практычным стажам работы ў якасці памочніка П.п. або суд. работы. П.п. складалі самакіруючыя карпарацыі, нагляд за дзейнасцю якіх ажыццяўлялі саветы П.п. і суд. палаты, а з 1874 акр. суды (там, дзе саветы П.п. не былі створаны). Гл. таксама Прыватны павераны.
т. 13, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)