КА́БЕЛЬ (ад галанд. kabel канат, трос) электрычны, адзін ці некалькі ізаляваных праваднікоў (токаправодных жыл), змешчаных у ахоўную (звычайна герметычную) абалонку. Выкарыстоўваецца для перадачы на адлегласць эл. энергіі (сілавы К.) або сігналаў (кабель сувязі). Злучаецца кабельнымі муфтамі. Пракладваюцца ў зямлі спец. машынамі — кабелеўкладчыкамі, у вадзе з дапамогай кабельных суднаў.

Сілавы К. звычайна трохжыльны, напружаннем да 500 кВ Жылы яго з медзі, алюмінію, часам са сталі; ізаляцыя — з дыэлектрыка, які аддзяляе жылы адна ад адной і ад абалонкі; абалонка — свінцовая, алюмініевая або з пластмасы; ахоўныя пакрыцці — прамочаная кабельная пража, стружачная метал. браня і інш. Сілавыя К. пракладваюць у спец. кабельных збудаваннях (каналах, тунэлях і г.д.), у зямлі (у спецыяльна абсталяваных траншэях), пад вадой. а таксама выкарыстоўваюць у шлангавым выкананні (для падключэння рухомых машын, напр. ліфтаў). Бываюць: з мнагаслойнай папяровай ізаляцыяй, прамочанай маслаканіфольным саставам; масланапоўненыя на напружанне 110—750 кВ (эл. трываласць шматслойнай папяровай ізаляцыі забяспечваецца малавязкім мінер. маслам пад ціскам 0,1—1,5 МПа); газанапоўненыя на напружанне 35—275 кВ (эл. трываласць забяспечваецца газам, звычайна азотам пад ціскам да 3 МПа, які ўводзіцца непасрэдна ў ізаляцыю або ўздзейнічае на абалонку жылы звонку); крыягенныя на напружанне да 500 кВ (жылы з медзі або алюмінію высокай чысціні ахалоджваюцца ў вадкім вадародзе ці азоце да крыягенных т-р — менш за 120 К); звышправодныя на напружанне да 500 кВ і больш (жылы з звышправаднікоў ахалоджваюцца да т-ры ніжэй за крытычную; эл. ізаляцыя — вакуум, вадкі гелій або сінт. матэрыялы, насычаныя холадаагентам). Існуе больш за 1000 тыпаў К. На Беларусі К. выпускаюць акц. т-вы «Гомелькабель» (гл. Гомельскі кабельны завод) і «Мазыркабель» (гл. Мазырскі кабельны завод).

У.​М.​Сацута.

Будова трохжыльнага кабелю напружаннем 10 кВ: 1 — медныя токаправодныя жылы: 2 — папяровая ізаляцыя; 3 — запаўняльнікі з папяровага жгута; 4 — слой паясной ізаляцыі з папяровых стужак; 5 — свінцовая абалонка; 6 — папяровая стужка; 7 — праасфальтаваны джут; 8 — браня з стальных стужак; 9 — вонкавае пакрыццё з кабельнай пражы, насычанай нафтабітумам.

Разнавіднасці сілавых і кантрольных электрычных кабеляў: а — браніраваны для сілавых і асвятляльных установак; б — камбінаваны гнуткі для падачы электраэнергіі да землярыйных і горназдабыўных машын; в — шлангавы асабліва гнуткі для ліфтавых установак; г — масланапоўнены ў стальным трубаправодзе для пракладкі праз водныя перашкоды і інш.; д — браніраваны газанапоўнены пад ціскам для ЛЭП высокага напружання; е — кантрольны для далучэння электрычных прылад і прыстасаванняў кіравання і аховы; 1 — токаправодная.

т. 7, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕРНАЯ МУ́ЗЫКА,

галіна муз. мастацтва, якая ўключае вакальныя і інструментальныя творы для невял. складу выканаўцаў (сола або ансамбляў). Ёй уласцівы дэталізацыя муз. драматургіі, адмысловая распрацоўка матэрыялу, тэндэнцыя да індывідуалізацыі ўсіх партый. Асн. разнавіднасці твораў К.м. — раманс, вак. цыкл, саната, санатна-цыклічныя ансамблі (трыо, квартэт, квінтэт і інш.), інстр. п’есы і цыклы п’ес.

Тэрмін «К.м.» вядомы з 16 ст. як вызначэнне стылявой дыферэнцыяцыі свецкай музыкі. звязанай пераважна з быт. (хатнім) музіцыраваннем, царк. і тэатр. музыкі. Вырашальную ролю ў фарміраванні камерна-інстр. жанраў адыгралі прадстаўнікі венскай класічнай школы, камерна-вакальных — кампазітары-рамантыкі Ф.​Шуберт, Р.​Шуман. З 19 ст. выконваецца ў канцэртных залах. У 19—20 ст. значныя дасягненні ў К.м. належаць Ф.​Шапэну, І.​Брамсу, А.​Дворжаку, Х.​Вольфу, К.​Дэбюсі, Л.​Яначаку, Б.​Бартаку, П.​Хіндэміту, М.​Глінку, А.​Даргамыжскаму, М.​Мусаргскаму, П.​Чайкоўскаму, С.​Танееву, С.​Рахманінаву, А.​Скрабіну, М.​Метнеру, Дз.​Шастаковічу, С.​Пракоф’еву, М.​Мяскоўскаму, Г.​Свірыдаву.

На Беларусі ансамблевае музіцыраванне вядома з 17 ст. У канцы 18 ст. пашырана ігра на клавесіне, клавікордзе, у 19 ст. — фартэпіяннае, скрыпічнае, квартэтнае музіцыраванне. Арыгінальныя камерныя творы належаць А.​Абрамовічу, І.​Глінскаму, М.​Ельскаму, Н.​Орду, Ф.​Міладоўскаму, В.​Казлоўскаму. У 20 ст. К.м. фарміравалася ў рэчышчы агульнага развіцця бел. муз. культуры. У інстр. творах 1920—30-х г. характэрная рыса — цытаванне фалькл. матэрыялу (квартэты М.​Крошнера, М.​Чуркіна, В.​Яфімава). Больш складаныя сувязі з фальклорам у творах М.​Аладава, А.​Багатырова, П.​Падкавырава, Р.​Пукста, Я.​Цікоцкага. Вакальная К.м. бел. кампазітараў ахоплівае рамансы і вак. цыклы (Л.​Абеліёвіч, Багатыроў, Г.​Гарэлава, Дз.​Лукас, Пукст, Дз.​Смольскі, Э.​Тырманд, Л.​Шлег). Інстр. мініяцюры ёсць ва ўсіх бел. кампазітараў, але найб. іх стварылі Абеліёвіч, Я.​Глебаў, В.​Карэтнікаў, Падкавыраў, Смольскі. Цыклы п’ес для дзяцей пішуць В.​Войцік, С.​Картэс, А.​Навахрост, Ф.​Пыталеў, Тырманд, К.​Цесакоў, Шлег і інш. Побач з традыц. інстр. складамі бел. кампазітары шырока выкарыстоўваюць у К.м. духавыя, ударныя і нар. муз. інструменты, узбагачаецца вобразная сфера (С.​Бельцюкоў, Гарэлава, У.​Кур’ян, Смольскі, Шлег). На стылістыцы К.м. адбіліся ўсе характэрныя тэндэнцыі бел. муз. мастацтва на розных этапах яго развіцця.

Літ.:

Рацкая Ц.С. Советская камерная музыка. М., 1965;

Раабен Л.Н. Советская камерно-инструментальная музыка. Л., 1963;

Яго ж. Камерная инструментальная музыка первой половины XX в.: Страны Европы и Америки. Л., 1986;

Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;

Антоневич В.А. Камерно-инструментальная музыка // Белорусская музыка 1960—1980 гг. Мн., 1997.

Т.​А.​Дубкова.

т. 7, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЕЎСКАЯ МІТРАПО́ЛІЯ,

царкоўна-адм. адзінка правасл. царквы. Утворана ў канцы 10 ст. ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярхата пасля ўвядзення хрысціянства ў Кіеўскай Русі. Першапачаткова ахоплівала тэр. ўсёй Русі, цэнтр быў у Кіеве, яе кіраўнік называўся мітрапалітам кіеўскім і ўсяе Русі. Падзялялася на епархіі, колькасць і межы якіх мяняліся. З заняпадам Кіева пасля мангола-татарскага нашэсця цэнтр К.м. ў сярэдзіне 13 ст. перанесены ва Уладзімір-на-Клязьме, у пач. 14 ст. — у Маскву. У сувязі з ўваходжаннем тэр. б. Кіеўскай Русі ў розныя дзярж. ўтварэнні з 14 ст. К.м. стала распадацца на Галіцкую (існавала з перапынкамі ў 14 ст.), Літоўска-Навагрудскую і Маск. мітраполіі; у 1458 канчаткова падзелена на 2 самастойныя мітраполіі: К.м. ў ВКЛ і Галіцыі з цэнтрам у Навагрудку (часам у Вільні) і Маскоўскую (стала так афіцыйна называцца з 1459). У 1596 кіеўскі мітрапаліт Міхаіл Рагоза падтрымаў Брэсцкую унію 1596, у выніку была створана уніяцкая царква (гл. Беларуская грэка-каталіцкая царква, Украінская грэка-каталіцкая царква), уніяцкія мітрапаліты называліся таксама кіеўскімі, галіцкімі і ўсяе Русі. У 1620 правасл. К.м. адноўлена ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярхата з цэнтрам у Кіеве. У выніку вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 частка мітраполіі (Левабярэжная Украіна і Кіеў) адышла да Расіі, у 1685 уся К.м. (уключала на той час тэр. Украіны і Беларусі) пераведзена пад юрысдыкцыю Маск. патрыярхата. Яна страціла свой высокі статус гал. царк.-адм. адзінкі краіны; мітрапаліт стаў называцца кіеўскім, галіцкім і Малыя Расіі. У 1722 скасавана царскім урадам. Імператрыца Лізавета аднавіла яе, мітрапаліт стаў называцца кіеўскім і галіцкім. Пасля 1917 утворана Украінская аўтакефальная правасл. царква (УАПЦ) на чале з мітрапалітам кіеўскім і ўсяе Украіны, у 1925 — менш значная Украінская правасл. царква (УПЦ); паралельна з імі на Украіне дзейнічала Руская правасл. царква. Прымусовае скасаванне ў 1930-я г. УАПЦ спыніла існаванне самастойнай К.м. У 1989 на Украіне разгарнуўся рух за аўтакефалію, у 1990 усеўкраінскі сабор УАПЦ абвясціў стварэнне Кіеўскага патрыярхата. Адначасова на Украіне працягвае дзейнасць і К.м. ў юрысдыкцыі Маск. патрыярхата.

Літ.:

Голубинский Е. История русской церкви. Т. 1. 2 изд. М., 1901;

Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни Буэнос-Айрес, 1966 (рэпр. выд. Мн., 1990);

Огіенко І.І. Українська церква. Т. 1—2. Київ, 1993;

Крижанівський О., Плохій С. Історія церкви та релігійної думкі в Україні. Київ, 1994. Кн. 3. С. 95—106, 131—133.

С.​В.​Марозава.

т. 8, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЕЎСКАЯ РУСЬ,

раннефеадальная дзяржава ўсх.-слав. і некат. неслав. плямён у 9—1-й трэці 12 ст. з цэнтрам у Кіеве. У розны час у яе ўваходзілі тэр. ад Прычарнаморскіх стэпаў да Паўн. Дзвіны, ад Днястра і Зах. Буга да Акі і Волгі. Паняцце «К.Р.» уведзена ў навуку гісторыкамі 19 ст. Паліт. ядром дзяржавы ў 9—10 ст. была Руская зямля — тэрыторыя вакол Кіева, Пераяслаўля і Чарнігава (гл. Русь). Паводле летапісаў, родапачынальнікам дынастыі рус. князёў быў вараг Рурык, які княжыў у Ноўгарадзе па запрашэнні мясц. жыхароў. Яго родзіч Алег у 882 захапіў Кіеў і зрабіў яго сталіцай дзяржавы. У часы княжання Ігара, яго жонкі Вольгі, Святаслава Ігаравіча і Уладзіміра Святаславіча (10 — пач. 11 ст.) улада Кіева пашырылася на шмат якія плямёны ўсх. славян. Полацкае княства, Тураўскае княства былі ў васальнай залежнасці ад кіеўскіх князёў. Культура К.Р. знаходзілася на ўзроўні тагачасных перадавых краін. Сведчаннем гэтага былі вял. гарады, высокае ваен. майстэрства, развітое прыкладное мастацтва, шырокія знешнія сувязі з краінамі Захаду і Усходу. Яе вытокам з’яўлялася культура ўсх.-слав. народаў, якія ўспрынялі элементы візант. культуры. Архітэктура К.Р. пераважна драўляная. З увядзеннем хрысціянства (988) пачалі будавацца мураваныя храмы (Сафійскія саборы ў Кіеве, Ноўгарадзе, Полацку і інш.). Аб пашырэнні пісьменнасці сведчаць надпісы на побытавых рэчах, берасцяныя граматы. У буйных гарадах складаліся летапісы, перапісваліся царк. кнігі, з’явіліся таленавітыя пісьменнікі і арыгінальныя літ. творы. У гады княжання Яраслава Мудрага [1019—54] фактычна завяршылася існаванне К.Р. як адзінай дзяржавы. Пасля яго смерці К.Р. распалася на часткі, утварыліся 5 груп зямель, унутры якіх намеціліся цесныя эканам. і культ. ўзаемасувязі: Наўгародская і Пскоўская землі; Уладзіміра-Суздальская, Разанская, Усцюжская, Мурамская; Кіеўская, Чарнігаўская і Северская; Галіцкая і Валынская; Полацка-Мінская і Смаленская; Тураўская і Пінская, Навагрудская землі. З іх утварэннем у старажытнарускай народнасці намецілася вылучэнне велікарус., укр. і бел. народнасцей. Развіццё сац.-эканам. і этнакульт. сувязей найперш паміж Полацкай і Смаленскай землямі садзейнічала этнаўтварэнню беларусаў.

Літ.:

Греков Б.Д. Киевская Русь. [6 изд.] М., 1953;

История СССР с древнейших времен до наших дней. Т. 1. М., 1966;

Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв.: (Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;

Толочко П.П. Древняя Русь: Очерки соц.-полит. истории. Киев, 1987;

Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990;

Фроянов И.Я. Древняя Русь: Опыт исслед. истории соц. и полит. борьбы. М.; СПб., 1995;

Загарульскі Э.М. Заходняя Русь, IX—XIII стст. Мн., 1998.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 8, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ДАЖСКАЕ ВО́ЗЕРА, Ладага,

Няво. Найбуйнейшае прэснаводнае возера ў Еўропе; на ПнЗ еўрап. часткі Рас. Федэрацыі, у Карэліі і Ленінградскай вобл. Пл. 17,7 тыс. км² (з астравамі 18,1 тыс. км²). Даўж. 219 км, сярэдняя шыр. 83 км, сярэдняя глыб. 51 м, найб. 230 м. Аб’ём вады 908 км³. Катлавіна тэктанічна-ледавіковага паходжання. Дно складанай будовы, у паўн. і цэнтр. частках выслана ілам. Паўн. і паўн.-зах. берагі высокія, скалістыя, глыбока парэзаны фіёрдападобнымі залівамі. Шматлікія лясістыя астравы ўтвараюць шхеры. Паўд. берагі пераважна невысокія, спадзістыя, слабапарэзаныя, з берагавымі валамі і дзюнамі. У многіх месцах прыбярэжжа нагрувашчанне валуноў. На возеры каля 660 астравоў, з іх каля 500 у паўн.-зах. яго частцы. каля 65 — у цэнтральнай, у т. л. Валаамскія астравы і Зах. архіпелаг. Вадазборны басейн (пл. 276 тыс. км²) уключае каля 50 тыс. азёр (найб. Анежскае, Ільмень, Сайма) і 3,5 тыс. рэк даўж. больш за 10 км; упадаюць 35 рэк, найб. з іх Свір, Волхаў, Вуокса; выцякае р. Нява, якая звязвае возера з Фінскім зал. З бас. Волгі — звязана Волга-Балтыйскім водным шляхам, Вышневалоцкай і Ціхвінскай сістэмамі, з Белым морам — праз р. Свір, Анежскае воз. і Беламорска-Балтыйскі канал. Клімат умерана халодны. Сярэдняя т-ра паветра ў лют. ад -8 да -10 °C, у ліп. 16—17 °C; т-ра вады — на паверхні ў жн. каля 16 °C (найб. 25 °C), у глыбінных пластах летам 4—4,5, зімой 2—2,5 °C. Ападкаў каля 550 мм за год. Возера халаднаводнае, з запаволенымі біял. працэсамі. Характэрны згонна-нагонныя з’явы, сейшы, штормы. Прыбярэжная частка замярзае ў ліст.снеж., цэнтр. частка — у снеж.сак., крыгалом у цэнтр. частцы ў 2-й пал. сак., у паўн. частцы ў 1-й пал. мая. Празрыстасць вады ў цэнтр. частцы 4,5 м, каля берагоў 1—2,5 м, на З ад вострава Валаам да 8—10 м. Вада прэсная, гідракарбанатна-кальцыевая, з мінералізацыяй 56 мг/л. Каля 58 відаў рыб, у т. л. прамысловыя: асетр, вугор, ласось, стронга, судак, лешч, акунь, корушка, плотка, шчупак. Трапляецца цюлень. Рыбалоўства. Суднаходства. Рэкрэацыя. Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння. У 9—12 ст. праз Л.в. праходзіў водны шлях «з варагаў у грэкі». З ліст. 1941 да студз. 1944 па Л.в. праходзіла «Дарога жыцця» ў блакіраваны ням. фашыстамі Ленінград. У сувязі з індустрыялізацыяй рэгіёна Л.в. падпала пад значнае антрапагеннае ўздзеянне (забруджванне, эўтрафаванне). На берагах Л.в. гарады Прыазёрск, Петракрэпасць, Сортавала, Новая Ладага, Шлісельбург і інш.

Ладажскае возера.

т. 9, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЕЎ,

гарадскі пасёлак, цэнтр Лоеўскага р-на Гомельскай вобл. Прыстань на Дняпры ў вусці р. Сож. За 92 км на Пд ад Гомеля, 60 км ад чыг. ст. Рэчыца на лініі Гомель—Калінкавічы. Аўтадарогамі злучаны з Брагінам і Рэчыцай. 7,8 тыс. ж. (1999).

З 14 ст. ў складзе Кіеўскага княства ВКЛ. У 14—18 ст. існаваў Лоеўскі замак, вакол якога размяшчалася паселішча. У пісьмовых крыніцах гэтае паселішча ўпершыню ўпамінаецца ў 1505 як Лоева Гара. З канца 16 ст. мястэчка і замак — цэнтр Лоеўскага староства. У 1646 далучаны да Старадубскага пав. Смаленскага ваяв. ВКЛ. У час народна-вызваленчай вайны 1648—54 каля Л. адбылася Лоеўская бітва 1649 і Лоеўская бітва 1651. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Л. спустошаны. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 застаўся ў ВКЛ, у Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв 3 1676 ва ўладанні войта рэчыцкага М.​С.​Юдзіцкага і яго нашчадкаў, у сярэдзіне 19 ст. перайшоў да Лашчаў і Нарушэвічаў. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Рэчыцкага пав. Мінскай губ. У 1858 у Л. адбыліся хваляванні сялян, выкліканыя новымі павіннасцямі на карысць памешчыка. У 1897 у Л. — 4667 ж., 251 двор, школа, 2 царквы, касцёл і сінагога, 9 млыноў, 24 крамы, гандл. канторы, паштовая станцыя; у пач. 20 ст. дзейнічала суднабуд. верф. З 1919 у Рэчыцкім пав. Мінскай губ. БССР, потым у Гомельскай губ. РСФСР. У маі—чэрвені 1920 акупіраваны польск. войскам. У час контрнаступлення войск Паўд.-Зах. фронту адбыўся Лоеўскі прарыў 1920 кананерак Дняпроўскай ваен. флатыліі. З снеж 1926 у БССР, цэнтр раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял. Айч. вайну з 26.8.1941 да 17.10.1943 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў Л. і раёне загубілі 1635 чал. У ліст. 1942 у час рэйду злучэнняў С.​А.​Каўпака і А.​М.​Сабурава ўкр. і бел. партызаны разграмілі мясц. гарнізон і на кароткі час авалодалі Л. Вызвалены 17.10.1943 войскамі Цэнтр. фронту пры дапамозе бел. партызан у ходзе бітвы за Дняпро 1943. У 1962—66 у Рэчыцкім р-не. У 1972—5 тыс. жыхароў Камбінат буд. матэрыялаў, малаказавод, раённае аграпрамысл. аб’яднанне, 2 сярэднія, муз. школы, 3 дашкольныя ўстановы, вучэбна-вытворчы камбінат, Дом культуры, бібліятэкі, Дом дзіцячай творчасці, 2 аддз. сувязі, царква. Працуе Лоеўскі музей бітвы за Дняпро. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнік сав. воінам і партызанам. Помнікі архітэктуры: 2 жылыя дамы 2-й пал. 19 — пач. 20 ст.

А.​П.​Грыцкевіч.

Лоеў. У цэнтры гарадскога пасёлка.

т. 9, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРША́К (Самуіл Якаўлевіч) (3.11.1887, г.Варонеж, Расія — 4.7.1964),

расійскі паэт, перакладчык; адзін з пачынальнікаў рас. дзіцячай л-ры. Вучыўся ў Лонданскім ун-це (1913—14). У 1892—94 жыў у Віцебску. У 1920 арганізаваў у Краснадары адзін з першых рас. дзіцячых т-раў. Друкаваўся з 1904. Вершы для дзяцей «Казка пра неразумнае мышаня» (1923), «Вось які рассеяны» (1928), паэт. зб-кі «Дзеткі ў клетцы» (1923), «Рознакаляровая кніга» (1947), «Вершы для дзяцей» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), аповесці ў вершах «Містэр Твістэр» (1933), «Апавяданне пра невядомага героя» (1937), паэт. энцыклапедыя «Вясёлае падарожжа ад А да Я» (1952), п’есы-казкі «Гора баяцца — шчасця не ўбачыць» (1922, паст. Бел. т-рам імя Я.​Коласа, 1962), «Церамок» (1941, паст. Гомельскім абл. т-рам лялек, 1962), «Дванаццаць месяцаў» (1943, Дзярж. прэмія СССР 1946) і інш. адметныя блізкасцю да фальклору, непасрэднасцю, Добрай казачнасцю, гумарам, гарэзлівасцю. Кн. «Выбраная лірыка» (1962) уласцівы глыбіня пранікнення ў вечныя праблемы быцця, шчырасць, імкненне да гармоніі. У Вял. Айч. вайну ствараў сатыр. вершы і подпісы да паліт. плакатаў (Дзярж. прэмія СССР 1942). Аўтар кн. успамінаў «У пачатку жыцця» (1962), зб-ка артыкулаў пра літ. майстэрства «Выхаванне словам» (1961) і інш. Майстар маст. перакладу: «Санеты Шэкспіра ў перакладах С.​Маршака» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), вершы Р.​Бёрнса, У.​Блейка, Дж.​Радары, Дж.​Кітса, Ф.​Багушэвіча, Я.​Лучыны, Цёткі і інш. Падтрымліваў творчыя сувязі з Я.​Коласам. П’есы-казкі М. ставіліся ў т-рах Беларусі: «Цудоўны кошык» паводле М. (1945), «Разумны казёл» (1953), «Кошчын дом» (1957, 1980) у Дзярж. т-ры лялек; «Фініст — Ясны Сокал» (1968), «Гора-няшчасце» (1969, абедзве з В.​Васільевай) у Дзярж. рус. драм. т-ры; опера-казка І.​Польскага на лібрэта М. «Церам-церамок» (1961) у т-ры оперы і балета. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі А.​Астрэйка, П.​Броўка, В.​Вітка, К.​Кірэенка, М.​Лужанін, М.​Маляўка, У.​Шахавец, А.​Якімовіч, і інш. Ленінская прэмія 1963.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—8. М., 1968—72;

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1990;

Надпись на часах: Эпиграммат. стихи. М., 1987;

Бел. пер. — Вайна з Дняпром. Мн., 1934;

Пошта. Мн., 1937;

Мы ваенныя. Мн., 1941;

Дванаццаць месяцаў. Мн., 1947;

Містэр Твістэр. 2 выд. Мн., 1952;

Круглы год. Мн., 1953.

Літ.:

Я думал, чувствовал, я жил: Воспоминания о Маршаке [2 изд.] М., 1988;

Шушкевіч С. Роздум над Дзвіною // Шушкевіч С. Выбр. тв. Мн., 1978. Т. 2.

С.Я.Маршак.

т. 10, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАКЛАДАЗНА́ЎСТВА,

філалагічная навука пра сутнасць, своеасаблівасць, гіст. заканамернасці ўзнікнення і развіцця, сац.-гіст. ролю і прынцыпы аналізу перакладу. У самаст. галіну ведаў вылучылася ў сярэдзіне 20 ст. ў сувязі з ростам ролі перакладу ў жыцці грамадства. Цесна звязана з кантрастыўнай граматыкай, параўнальнай стылістыкай, эстэтыкай, літ.-знаўствам, семіётыкай, кібернетыкай, сацыялінгвістыкай, псіхалогіяй творчага працэсу і інш. навукамі. Складаецца з 3 гал. галін — гісторыі, тэорыі і практыкі перакладу — і некалькіх дапаможных: перакладазнаўчай бібліяграфіі, тэксталогіі, гістарыяграфіі, храналогіі (пакуль што мала распрацавана). Найб. развіццё атрымалі тэорыя, крытыка і гісторыя перакладу мастацкага. Пры разглядзе перакладаў маст. л-ры выкарыстоўваецца агульнафілал. шлях аналізу, які арганічна паядноўвае літ.-знаўчы і лінгвістычны падыходы і завяршаецца вывадамі агульнаэстэт. характару. У распрацоўцы тэорыі маст. перакладу найб. заслуга вучоных і перакладчыкаў б. СССР: Г.​Гачэчыладзе, В.​Капцідава, І.​Кашкіна, А.​Кундзіча, М.​Новікавай, У.​Росельса, М.​Рыльскага, П.​Топера, А.​Фёдарава, К.​Чукоўскага, а таксама І.​Левага (Чэхія), А.​Попавіча (Славакія), А.​Курэлы, (Германія), Э.​Кары (Францыя), Т.​Савары (Вялікабрытанія) і інш.

На Беларусі П. зарадзілася ў пач. 20 ст. (М.​Багдановіч, С.​Палуян), як навука склалася ў 1950—70-я г. На станаўленне П. паўплывалі перакладчыцкая дзейнасць Багдановіча, Я.​Купалы, Я.​Коласа, А.​Куляшова, У.​Дубоўкі, М.​Танка і інш., выказванні пра пераклад і творчая практыка Ю.​Гаўрука, Я.​Семяжона, М.​Лужаніна, Н.​Гілевіча, А.​Зарыцкага, В.​Сёмухі, і інш. Бел. перакладазнаўцы займаліся і займаюцца даследаваннем творчасці асобных майстроў маст. перакладу — Багдановіча (А.​Лойка, Н.​Лапідус), Я.​Купалы (С.​Александровіч, Дз.​Палітыка), Я.​Коласа (В.​Рагойша), Куляшова (М.​Кенька), М.​Танка (А.​Верабей, В.​Гапава), аналізам рус. і ўкр. перакладаў бел. л-ры (М.​Арочка, Ц.​Ліякумовіч, Рагойша, А.​Яскевіч) і перакладаў яе на замежныя мовы (В.​Небышынец, В.​Нікіфаровіч, Д.​Фактаровіч), разглядам бел. пераўвасабленняў замежнай прозы і паэзіі (М.​Навіцкі, У.​Сакалоўскі, К.​Шэрман). Найб. поспехаў бел. П. дасягнула ў вывучэнні гіст.-сацыялагічных пытанняў маст. перакладу (П.​Копанеў) і тэарэт. праблем перакладу з блізкароднасных моў (Э.​Мартынава, Рагойша, Яскевіч). Развіваецца крытыка перакладу (А.​Вярцінскі, Т.​Кабржыцкая, Л.​Казыра, А.​Клышка, Н.​Мацяш, М.​Стральцоў, І.​Чарота і інш.), перакладазнаўчая бібліяграфія (Л.​Бабкова, М.​Васілеўская, І.​Фалькоўская).

Літ.:

Федоров АВ. Основы общей теории перевода: (Лингвистич. пробл.). 4 изд. М., 1983;

Копанев П.И. Вопросы истории и теории художественного перевода. Мн., 1972;

Мартынава Э.М. Беларуска-ўкраінскі паэтычны ўзаемапераклад. Мн., 1973;

Рагойша В.П. Проблемы перевода с близкородственных языков. Мн., 1980;

Клімуць Я.І. Жыццёвасць традыцый. Мн., 1985;

Яскевіч А. Выхад за крут. Мн., 1985.

В.​П.​Рагойша.

т. 12, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШАСНАЯ АПРАЦО́ЎКА ЛЁНУ, пачатковая апрацоўка лёну,

комплекс тэхнал. працэсаў па апрацоўцы льносаломы на валакно. У выніку атрымліваюць доўгае і кароткае валакно, кастрыцу і пакулле. Асн. этапы — рассціланне (ці вымочванне), размінанне, трапанне (гл. Ільноапрацоўка).

Рассціланне абмалочанай ці ачэсанай ільносаломы, сартаванай па даўж. сцябла, робяць на льнішчах ці лугах з невысокай густой травой. Найб. эфектыўна праводзіць у жн., пры цёплым (18 °C) і вільготным надвор’і з вял. росамі, на 3—4 тыдні (пры больш познім рассціланні на 5—7). Ільносалома ператвараецца ў трасту ў выніку жыццядзейнасці мікраарганізмаў (аэробных і анаэробных), якія раскладаюць пекцінавыя рэчывы і разбураюць сувязі паміж асобнымі валокнамі, валакністымі пучкамі і інш. тканкамі сцябла. Вылежалая льносалома змяняе колер з жоўтага на шэры. Каб пазбегнуць псавання, лён пераварочваюць і адбіраюць пробы для кантролю за якасцю (пераляжалае валакно робіцца слабым, пухлявым, зніжаецца выхад). Вымочванне дае валакно лепшай якасці, яго праводзяць у прыродных вадаёмах ці спец. ёмістасцях на льнозаводах. Выкарыстоўваюць вымочванне адзінарнае (10—12 дзён), камбінаванае (5—6 дзён, потым рассцілаюць) і падвойнае (2 вымочванні па 4—5 дзён з перапынкам на 2—3-дзённае прасушванне). Сушаць трасту на льнішчах у конусах ці ў спец. агрэгатах. Доўгае валакно аддзяляюць ад кастрыцы размінаннем (ламанне драўніны) і трапаннем (выдаленне з сырцу кастрыцы) на мяльна-трапальных агрэгатах (з адходаў на кудзелепрыгатавальных агрэгатах атрымліваюць кароткае валакно — кудзелю; гл. Ільноапрацоўчыя машыны). Валакно сартуюць і прасуюць. На прадпрыемствах ільняной прамысловасці доўгае валакно ідзе на выраб кашульна-блузачных, касцюмна-сукеначных, парцьерных, матрацных тканін, кароткае — брызентавых, тарных тканін, нятканых матэрыялаў, кручаных вырабаў. Кастрыцу (да 65% ад масы трасты) выкарыстоўваюць як паліва, сыравіну для вытв-сці кастрапліт, арбаліту, кармавых дабавак, цэлюлозы, паперы. Пакулле (кароткае, грубае валакно, непрыдатнае для пражы) атрымліваюць сепарацыяй кастрыцы; служыць буд. матэрыялам, сыравінай для вытв-сці кручаных вырабаў. У выніку П.а.л. з трасты атрымліваюць 25% валакністай масы, з яе 25—35% доўгага і 60—70% кароткага валакна, каля 5% пакулля.

На Беларусі льнозаводы (Дрысенскі, Лёзненскі) працуюць з 1930; у 2000 дзейнічаюць 53 ільнозаводы, 82 тэхнал. лініі, пераважна на Пн і ПнУ, дзе больш сеюць лёну (гл. Ільнаводства). Аб’ём вытв-сці льновалакна на Беларусі — 30,4 тыс. т у год, сусв. аб’ём — 350 тыс. т (1998). Навук. даследаванні па П.а.л. вяліся ў БелНДІ лёну (1971—1994), з 1994 у БелНДІ Мін-ва сельскай гаспадаркі працуе лабараторыя механізацыі вырошчвання, уборкі і перапрацоўкі лёну.

П.​М.​Сяргееў.

т. 12, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКАЯ ВАЕ́ННАЯ ФЛАТЫ́ЛІЯ,

1) фарміраванне ВМФ Польшчы на Прыпяці і яе прытоках у 1919—39. Гал. база — г. Пінск. Створана ў крас.—маі 1919 у час сав.-польскай вайны 1919—20. У навігацыю 1920 рухалася з баямі па Прыпяці і Дняпры да Кіева. 4.8.1920 у час наступлення Чырв. Арміі флатылія расфарміравана, судны знішчаны або затоплены. У 1921—22 адноўлена, папоўнена новымі караблямі. Напярэдадні 2-й сусв. вайны налічвала 54 адзінкі (у т. л. 26 баявых: 6 манітораў, 3 кананеркі, 15 узбр. катэраў і інш.). У вер. 1939 у ходзе польскай кампаніі 1939 вяла проціпаветраную абарону Пінска і мастоў цераз Піну, Прыпяць, Ясельду. 17—21.9.1939 караблі флатыліі былі самазатоплены; да 12.11.1939 яны падняты сав. маракамі і пасля рамонту і пераўзбраення ўключаны ў склад Дняпроўскай ваеннай флатыліі.

2) Фарміраванне сав. ВМФ на Дняпры і яго прытоках (Прыпяці, Бярэзіне і інш.) у чэрв. 1940 — кастр. 1941. Гал. база — Пінск. Створана 17.6.1940 з часткі сіл расфарміраванай Дняпроўскай ваен. флатыліі. Камандуючы контр-адмірал Дз.​Дз.Рагачоў. Напярэдадні Вял. Айч. вайны складалася з 7 манітораў, 4 кананерскіх лодак, 15 бранякатэраў, авіяэскадрыллі і інш. (усяго 2300 чал.). Аператыўна падпарадкоўвалася камандуючаму войскамі Зах. асобай ваен. акругі (з 22.6.1941 Заходні фронт). З пач. вайны павялічана за кошт суднаў грамадз. рачнога флоту, а таксама ў ліп. 2 манітораў з Дунайскай ваен. флатыліі. Да канца чэрв. 1941 разам з часцямі 4-й арміі Зах. фронту абараняла Пінск, а да 9.7.1941 — Лунінец, Тураў. 11 ліп. падзелена на 3 атрады: Бярэзінскі (3 маніторы, 5 бранякатэраў), Прыпяцкі (манітор, 4 вартавыя караблі, 2 бранякатэры і інш.), Дняпроўскі (гал. сілы флатыліі, у т. л. 4 маніторы, 4 кананерскія лодкі). Бярэзінскі і Прыпяцкі атрады абстрэльвалі занятыя праціўнікам прырэчныя нас. пункты, абаранялі сав. і парушалі варожыя пераправы, цесна ўзаемадзейнічалі з сухапутнымі войскамі. У канцы жн. караблі абодвух атрадаў прарваліся з баямі да Кіева (пры гэтым частка іх загінула) і разам з Дняпроўскім атрадам удзельнічалі ў абароне Кіеўскага ўмацаванага раёна. Большасць караблёў загінула ў баях, астатнія ўзарваны 18 вер. ў сувязі з адыходам сав. войск на У ад Дняпра. Атрад маракоў ваяваў на сушы да 20—28 вер. Флатылія расфарміравана 5.10.1941. Гл. таксама Марская авіяцыя, Марская артылерыя, Марская пяхота, Мінны загараджальнік.

Літ.:

Паўловіч Р.К. Пінская флатылія // Бел. мінуўшчына. 1995. № 3;

Яго ж. Пинские мониторы // Армия. 1998. № 3;

Яго ж. Да пытання аб стварэнні і дзейнасці Пінскай рачной ваеннай флатыліі // Весці Нац. АН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 1999. № 1.

Р.​К.​Паўловіч.

т. 12, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)