Аляксандр Аляксандравіч (літ. псеўданім Марлінскі; 3.11.1797, С.-Пецярбург — 19.6.1837), рускі пісьменнік. Штабс-капітан (1825). Летам 1821 у чыне паручніка ўдзельнічаў у манеўрах гвардыі ў Віцебскай губ., у кастр. 1821 — студз. 1822 жыў у в. Выганічы Мінскага пав. (цяпер Валожынскі р-н) у сям’і памешчыка Ф.Ф.Вайдзевіча, адкуль неаднаразова прыязджаў у Мінск. Разам з К.Ф.Рылеевым пісаў агітацыйныя супрацьурадавыя песні і выдаваў альманах «Полярная звезда» (1823—25). Да 1825 напісаў некалькі раманаў у духу рамантызму. У 1824 прыняты ў Паўночнае таварыства дзекабрыстаў, увайшоў у склад яго кіруючага цэнтра (думы). Належаў да радыкальнага крыла руху: выступаў за ўвядзенне рэсп. ладу шляхам ваен. перавароту, надзяленне сялян зямлёй. Напярэдадні выступлення дзекабрыстаў распрацаваў план захопу Зімняга палаца і арышту Мікалая I. Актыўны ўдзельнік паўстання 26 снеж. на Сенацкай плошчы, быў фактычным камандзірам Маскоўскага палка, выведзенага на плошчу. Прыгавораны да смяротнай кары, якая была заменена спачатку 20-гадовай, потым 15-гадовай катаргай. У 1827 адпраўлены на пасяленне ў Якуцк, у 1829 — радавым у дзеючую армію на Каўказ. У ссылцы апублікаваў некалькі т.зв. свецкіх аповесцяў («Выпрабаванне», 1830, «Фрэгат «Надзея», 1833, і інш.). У каўк. аповесцях «Амалатбек» (1832), «Мула-Нур» (1836) намаляваў рамант. характары. У аповесцях «Вечар на Каўказскіх водах у 1824 г.» (1830), «Латнік» (1832) знайшлі водгук пачутыя на Беларусі нар. паданні, уражанні ад гутарак з жыхарамі. Загінуў у сутычцы з горцамі на мысе Адлер. У в. Выганічы ў яго гонар пастаўлены мемарыяльны знак.
Мікалай Аляксандравіч (24.2.1791, С.-Пецярбург — 27.5.1855), капітан-лейтэнант (1824). З канца 1824 чл.Паўн.т-ва і яго Вярхоўнай думы. Рэспубліканец, прыхільнік вызвалення сялян з зямлёй. Бліжэйшы памочнік К.Ф.Рылеева ў дні падрыхтоўкі паўстання ў Пецярбургу. Выказваўся за ўстанаўленне пасля перавароту дыктатуры часовага ўрада. 26.12.1825 склаў праект маніфеста да народа, вывеў на Сенацкую плошчу Гвардзейскі экіпаж. Прыгавораны да вечнай катаргі (скарочана да 20 гадоў), якую адбываў на Нерчынскіх рудніках. З 1839 на пасяленні ў Іркуцкай губ. Пісьменнік, гістарыёграф рус. флоту, эканаміст, жывапісец (стварыў партрэтную галерэю дзекабрыстаў).
Міхаіл Аляксандравіч (4.10.1800 — 3.7.1871), штабс-капітан лейб-гвардыі Маскоўскага палка (1825). З 1824 чл. Паўночнага т-ва, прымыкаў да рэсп. крыла. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання. 26.12.1825 разам з братам Аляксандрам і Д.А.Шчэпіным-Растоўскім вывеў на Сенацкую плошчу Маскоўскі полк; аддаў каманду страляць па ўрадавых войсках. Пасля абстрэлу паўстанцаў карцеччу спрабаваў арганізаваць салдат, якія адступалі, каб заняць з імі Петрапаўлаўскую крэпасць. Прыгавораны да вечнай катаргі (скарочана да 20 гадоў), якую адбываў у Чыце і Пятроўскім заводзе. З 1839 на пасяленні ў Селенгінску.
Літ.:
Букчин С. К мечам рванулись наши руки: Док. повести. 2 изд. Мн., 1985;
Очерки из истории движения декабристов: Сб. ст.М., 1954.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЬНЮСКАГА УНІВЕРСІТЭ́ТА БІБЛІЯТЭ́КА.
Засн. ў 1570 як б-каВіленскага езуіцкага калегіума. Значна расшырылася пасля 1579, калі калегіум быў пераўтвораны ў акадэмію. Аснову яе склалі зборы кніг, што падаравалі калегіуму польскі кароль і вял.кн.літ. Жыгімонт II Аўгуст, віленскі біскуп В.Пратасевіч, падканцлер Казімір Леў Сапега. У 1579 налічвала 4,5 тыс. тамоў, у 1773 — 11 тысяч. Б-ка атрымлівала абавязковы экз. з друкарні ун-та, з 1780 — з усіх друкарняў Вял.кн. Літоўскага. Пераважалі рэліг. тэалагічныя кнігі. Зберагаліся рэдкія выданні і рукапісы, у т. л. твор М.Каперніка «Пра абарачэнні нябесных сфер», працы Пталамея, Арыстоцеля, Р.Дэкарта, стараж. пергаментны Псалтыр на царк.-слав. мове, Слуцкі спіс 16 ст. Статута ВКЛ 1529 і інш. З канца 18 ст. ствараліся адносна самаст. кніжныя зборы ф-таў. Пасля паўстання 1830—31 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве ун-т зачынены (1832), кніжныя фонды падзелены паміж Віленскай медыка-хірургічнай акадэміяй і Духоўнай рымска-каталіцкай акадэміяй, частка кніг перададзена Беларускай навучальнай акрузе, Кіеўскаму і Харкаўскаму ун-там. Пасля аднаўлення ун-та (1919) у б-ку паступілі некат. зборы Віленскай публічнай б-кі. У 1930-я г.б-ка налічвала каля 200 тыс. тамоў. У канцы 1940-х г. — 1950-я г. папоўнілася кнігамі з б. Каўнаскага ун-та, з б-к Масквы і Ленінграда. У 1995 налічвала больш за 5 млн. адз. захавання, у т. л. 180 тыс. старадрукаў (322 інкунабулы), больш за 212 тыс. рукапісаў на розных мовах, калекцыя графікі (75 тыс. адз.), бібліягр. і інфарм. выданні і інш. У фондах рукапіснага аддзела стараж. кодэксы, дакумент. і актавыя матэрыялы 14—20 ст., асабістыя архівы прафесараў Віленскага ун-та, матэрыялы прыватных архіваў Сапегаў, Тышкевічаў, Копцяў, інвентары і гасп. кнігі маёнткаў, гаспадарскіх уладанняў, гарадоў, мястэчак (Кобрын, Любча, Дзярэчын і інш.), царк. устаноў (Лаўрышаўскага і Супрасльскага манастыроў, Гродзенскага канвента, каталіцкіх ордэнаў), архіва Віленскага універсітэта, архіў Паўн.-Зах. аддзела Рус.геагр.т-ва (у т. л. адказы мясц. карэспандэнтаў на анкету, распаўсюджаную ў пач. 1870-х г., са звесткамі пра сельскую гаспадарку, побыт і культуру беларусаў). Сярод старадрукаў Брэсцкая біблія 1563, «Апостал» Ф.Скарыны 1525, выданні Мамонічаў, Віленскага брацтва, унікальныя экзэмпляры кніг К.Каяловіча, «Абарона Вялікага княства Літоўскага» А.Ружоўскага (каля 1649), юрыд., Навук. і царк.-палемічныя выданні. Многія інкунабулы захоўваюць запісы бел. чытачоў, каля 200 тамоў паходзяць з кнігазбору Казіміра Льва Сапегі. Асобную калекцыю складаюць зборы картаграфічных матэрыялаў і атласаў, іканаграфіі. Выдае «Летапіс бібліятэкі Вільнюскага універсітэта». З’яўляецца дэпазітнай б-кай ААН (з 1965). Падтрымлівае сувязі з 383 б-камі і навук. ўстановамі ў 55 краінах свету. Размяшчаецца ў будынках б. Віленскага ун-та.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТРА́Ж (франц. vitrage ад лац. vitrum шкло),
арнаментальная або сюжэтная дэкар. кампазіцыя са шкла ці інш. матэрыялаў, якія прапускаюць святло (у акне, дзвярах, у выглядзе самаст. пано).
Вядомы з 2-га тыс. да н.э. ў Стараж. Егіпце. З 1 ст. да н.э. ў Стараж. Рыме. У 10—12 ст. у раманскіх храмах Францыі (сабор Нотр-Дам у Шартры, да 1260) і Германіі з’явіліся сюжэтныя вітражы з кавалачкаў каляровага (чырвонага і сіняга) шкла, выразаных па контуры выяў і змацаваных свінцовымі палоскамі. Былі пашыраны кампазіцыі, дзе выявы святых займалі амаль увесь аконны праём, і кампазіцыі ў форме медальёнаў (уся плошча акна запаўнялася закампанаванымі невял. дэталямі). У 12—14 ст. узбагаціўся колеравы набор шкла, разам з рэліг. сцэнамі ствараліся бытавыя. У 14—15 ст. мастацтва вітража актыўна развівалася ў Англіі (Вестмінстэрскае абацтва ў Лондане), Італіі (сабор у Мілане), Польшчы, Швейцарыі. Паступова ў вітражы ўсё большую ролю адыгрывала размалёўка, ён траціў спецыфічную плоскаснасць, формы драбнелі. У эпоху Адраджэння вітражом называлі і жывапіс па шкле. У 16 ст. для аздаблення інтэр’ераў выкарыстоўвалі аднатонныя вітражы са свецкімі сюжэтамі. У эпоху барока і класіцызму вітраж амаль знікае. З 2-й пал. 19 ст. цікавасць да вітража павышаецца. Імкненне да падкрэсленай эмацыянальнай выразнасці інтэр’ера спарадзіла вітраж мадэрну. Мастакі 20 ст. ўключаюць свае кампазіцыі ў адзіную сістэму дэкору інтэр’ера, надаючы ім ролю асн. кампанента маст. выразнасці. З 1950-х г. развіваюцца вітражы-перагародкі, вітражы-пано. Вітраж складаюць з кавалачкаў каляровага і бясколернага шкла, з маналітнага шкла з размалёўкай запечанымі фарбамі, трохслаёвыя з арган. шкла, з тоўстага колатага шкла і каляровых люстэркаў, якія манціруюць на цэменце або жалезабетоне, арміруюць свінцовай, стальной або пластмасавай стужкай. Дэкар. апрацоўку шкла для вітража робяць пескаструменным спосабам, каляровым траўленнем, адліўкай і прасаваннем, што дае магчымасць больш поўна выяўляць магчымасці шкла (празрыстасць, шурпатасць, зіхатлівасць). Тэматыка вітража часта адпавядае прызначэнню будынка.
На Беларусі вітражы вядомы з 15—16 ст. (у капліцах фарнага касцёла ў Навагрудку, касцёле бернардзінцаў у Гродне). Вітражы пашыраны і ў сучасным манум.-дэкар. мастацтве: паяны вітраж у інтэр’еры касцёла Сымона і Алены (1974, Г.Вашчанка), Доме літаратара (1976, У.Стальмашонак), у адм. будынку ВА «Гарызонт» (1982, Н.Шчасная), кінатэатры «Масква» (1980, Г. і М.Вашчанкі); з выкарыстаннем размалёўкі эпаксіднымі смоламі — у Т-ры юнага гледача (1978, У.Ткачоў, В.Нямцоў), з алюмініевай працяжкай у Рус.драм. т-ры (1976), на паштамце (1980; абодва В.Позняк; усе ў Мінску). У камбінаванай тэхніцы (ліццё, размалёўка, паяны з алюмініевай працяжкай) выкананы вітраж ў кінатэатры «Радзіма» ў г. Маладзечна (1982, В.Ціханаў, В.Барабанцаў), вітраж «Прырода» ў Ін-це батанікі АН Беларусі (1984, Барабанцаў), у Палацы піянераў у Брэсце (1989) і санаторыі «Радон» у в. Дзятлава Гродзенскай вобл. (1993, абодва Позняк і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗБОР ПАСТАНО́Ў УРА́ДА РЭСПУБЛІ́КІ БЕЛАРУ́СЬ»,
гл. ў арт.«Збор дэкрэтаў, указаў Прэзідэнта і пастаноў урада Рэспублікі Беларусь».
«ЗБОР ПО́МНІКАЎ ГІСТО́РЫІ І КУЛЬТУ́РЫ БЕЛАРУ́СІ»,
шматтомнае даведачнае выданне. Выдадзены ў 1984—88 у Мінску на бел. мове ў 7 т. (8 кнігах) як частка ўсесаюзнага шматтомнага выдання «Свод памятников истории и культуры народов СССР». Падрыхтаваны сектарам Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, Аддзелам археалогіі Ін-та гісторыі АН Беларусі і выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі. Уключае артыкулы (больш за 14 тыс.) пра нерухомыя помнікі (гісторыі, археалогіі, архітэктуры, манум. і манум.-дэкар. мастацтва), якія ўцалелі з часоў старажытнасці да сярэдзіны 19 ст., найб. характэрныя для 2-й пал. 19 — пач. 20 ст., даваеннага сав. перыяду (1917—41), найлепшыя арх. збудаванні пасляваен. часу (1950—80-я г.) і знаходзяцца ці павінны знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Кожны з тамоў прысвечаны пэўнай вобласці, том, прысвечаны Мінскай вобласці, у дзвюх кнігах, асобны том складаюць помнікі горада Мінска. Матэрыялы ў тамах размешчаны па раёнах (у алфавітным парадку іх назваў); кожны том мае імянны, геагр. і храналагічны паказальнікі. Як самаст. тэрытарыяльная адзінка вылучаецца абл. цэнтр, звесткі пра які змешчаны ў пачатку тома. Унутры раёна першымі размяшчаюцца матэрыялы пра адм. цэнтр, а потым пра помнікі інш. населеных пунктаў (у алфавітным парадку). Артыкулы пра помнікі аднаго населенага пункта падаюцца ў алфавітным парадку іх назваў. Усяго ў выданні 457,6 улікова-выдавецкіх аркушаў, 131 карта, 6817 ілюстрацый, з іх 1420 каляровых. Дзярж. прэмія БССР 1990. У 1990 на рус. мове выдадзены дапоўнены і дапрацаваны том «Збору...» па Брэсцкай вобл.
С.П.Самуэль.
«ЗБОР СТАРАЖЫ́ТНЫХ ГРА́МАТ І А́КТАЎ ГАРАДО́Ў: ВІ́ЛЬНІ, КО́ЎНА, ТРОК»
(«Собрание древних грамот и актов городов: Вильны, Ковна, Трок...»),
зборнік дакументаў 14—18 ст., выдадзены ў Вільні ў 1843. Складаецца з 2 частак, у 1-й змешчаны прывілеі Вільні, у 2-й — акты, што тычацца манастыроў, цэркваў і брацтваў. Матэрыялы адабраны з архіваў Гал. літоўскага трыбунала, цэркваў і манастыроў Вільні і Трок, скарыстаны архівы Віленскай і Ковенскай дум, Трокскай ратушы, павятовых судоў Браслаўскага і Расіенскага пав. У прадмове да зборніка сфармуляваны погляды на развіццё дачыненняў усх.слав. народаў з літоўцамі.
«ЗБОР СТАРАЖЫ́ТНЫХ ГРА́МАТ І А́КТАЎ ГАРАДО́Ў МІ́НСКАЙ ГУБЕ́РНІ»
(«Собрание древних грамот и актов городов Минской губернии...»),
зборнік дакументаў пач. 16 ст. — 1748, выдадзены ў 1848 у Мінску. Змяшчае дакументы пераважна з архіваў мінскіх манастыроў, а таксама з Бабруйска, Навагрудка, Пінска, Рэчыцы і Слуцка. Матэрыялы асвятляюць у асн. гісторыю правасл. царквы, некаторыя з іх і сац.-эканам. пытанні. Дакументы надрукаваны па арыгіналах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЫ́ЛА ТУ́РАЎСКІ (каля 1113, г.п. Тураў Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. — пасля 1190),
бел. і ўсх.-слав. царкоўны дзеяч, пісьменнік, багаслоў. Паходзіў з заможнай сям’і. Атрымаў класічную для таго часу адукацыю. Прыблізна з 1123 у Нікольскім манастыры: манах, іераманах, у 1144—48 настаяцель. Потым стаў пустэльнікам. З 1161 тураўскі епіскап. Займаўся ўладкаваннем епархіі, прапаведніцкай, экзегетычнай і царк., паліт. і літ. дзейнасцю. Магчыма, ужо ў пач. 13 ст. К.Т. ўшаноўваўся як святы (звесткі пра яго афіц. кананізацыю не выяўлены). Вывучаў грэчаскую мову і візантыйскую л-ру. Стаўшы тураўскім епіскапам, праславіўся як майстар аратарскай прозы, прапаведнік, галоўны клопат якога — духоўнасць суайчыннікаў адпаведна этычных і эст. ідэалаў эпохі. Аўтар пропаведзей, малітваў, павучанняў, прытчаў, канонаў (захавалася каля 70 твораў), створаных на ўзор антычнай і візант. аратарскай прозы. Сярод іх «Сказанне пра чын чарнарызца», «Слова пра паходжанне манаскага жыцця», малітоўны сядмічны цыкл (32 малітвы-споведзі), урачыстыя і дыдактычныя пропаведзі (10 казанняў на святы Велікоднага цыкла, «Слова на Богаяўленне», «Слова на Пяцідзесятніцу», «Слова пра тое, каб не забываць сваіх настаўнікаў» і інш.), павучанні (аб зыходзе душы, аб страху Божым, аб мудрасці, аб карыснасці чытання кніг), прытчы аб чалавечай душы і целе (аб кульгавым і сляпым), пасланні-прытчы да кіева-пячэрскага ігумена Васіля (пра нямудрага цара і пра схіму), 3 Вял. каноны (На ўспенне княгіні Вольгі, Малітоўны, Пакаяльны) і інш. У асобных творах закранаў надзённыя маральна-этычныя праблемы, важныя пытанні грамадска-паліт. жыцця Стараж. Русі. Арыгінальны, выключнай вобразна-выяўленчай сілы талент К.Т. найб. выявіўся ў «словах» з нагоды розных свят, дзе праз традыц. біблейскі змест выяўляецца захапленне чалавека прыгажосцю прыроды, радасцю жыцця, яго імкненне да духоўнай дасканаласці і ідэалу. Дзякуючы багатай паэт. фразеалогіі, сінтаксічнаму паралелізму, агульнаму рытмічнаму ладу некаторыя творы нагадваюць вершы ў прозе. Алегорыі, сімвалы, рытарычныя звароты, разгорнутыя параўнанні надаюць ім глыбокі лірызм, эмацыянальнасць, узнёсласць. Вытанчаная царк.-слав. мова, спалучаная з жывым нар.-паэт. словам, сведчыць пра высокую кніжную культуру, літ. майстэрства і смеласць аўтара. На працягу многіх стагоддзяў творы К.Т. карысталіся вял. папулярнасцю на ўсх.-слав. землях. Яны перапісваліся да 19 ст., змяшчаліся ў розных зборніках-анталогіях. Першая грунтоўная публікацыя яго твораў зроблена рус. вучоным К.Калайдовічам у 1821. Найб. поўнае выданне твораў К.Т. на Беларусі ажыццявіў А.Мельнікаў у сваёй кн. «Кірыл, епіскап Тураўскі» (1997). У 1984 К.Т. ўключаны ў Сабор бел. святых, 28 крас. (с. ст.) — Дзень яго памяці. У Тураве пастаўлены помнік К.Т.
Літ.:
Мельников А.А. Путь непечален: Ист. свидетельства о святости Белой Руси. Мн., 1992;
Яго ж. Кірыл, епіскап Тураўскі: Жыццё, спадчына, светапогляд. Мн., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАПО́ТКІН (Пётр Аляксеевіч) (9.12.1842, Масква — 8.2.1921),
рускі вучоны-энцыклапедыст, дзеяч рас. і міжнар.рэв. руху, тэарэтык анархізму. Скончыў Пажскі корпус (1862). У 1864—66 падарожнічаў па раёнах Паўн. Маньчжурыі, паўн. схіле Усх. Саяна, даследаваў Патамскае нагор’е і Віцімскае пласкагор’е. З 1867 сакратар аддзялення фіз. геаграфіі Рус.геагр.т-ва ў Пецярбургу. Удзельнік анархісцкага (бакунінскага) крыла І Інтэрнацыянала (1872), народніцкага гуртка чайкоўцаў. У 1874 арыштаваны і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. З 1876 у эміграцыі ў Швейцарыі, Францыі і Англіі. З 1879 рэдактар штотыднёвіка анархістаў «Le Révolté» («Бунтар»). У чэрв. 1917 вярнуўся ў Расію, у жн. на Дзярж. нарадзе ў Маскве выступіў з заклікам да «сацыяльнага міру» і прапанаваў ператварыць Расію на ўзор ЗША у федэратыўную рэспубліку. У 1917—18 старшыня створанай у Маскве Лігі федэралістаў. Асн. палажэнні сацыялагічнага вучэння К., якое ён называў анархічным камунізмам, выкладзены ў творах «Прамова бунтаўшчыка» (1885), «Хлеб і воля» (1892), «Анархія, яе філасофія, яе ідэал» (1896), «Вялікая французская рэвалюцыя, 1789—1793» (1909), «Сучасная навука і анархія» (1913) і інш. Крытэрыем сац. прагрэсу К. лічыў вызваленне чалавека з-пад прыгнёту дзяржавы і яго поўную, нічым не абмежаваную свабоду, выступаў за стварэнне федэрацыі свабодных вытв. абшчын (камун) адразу пасля перамогі сац. рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, «калі кіруючыя класы сваёй сляпой упартасцю зробяць яе непазбежнай». У адрозненне ад П.Ж.Прудона, М.Бакуніна, М.Штырнера і інш. ідэолагаў анархізму ён бачыў у сац. рэвалюцыі не стыхійны бунт, а ўсвядомленае нар. дзеянне, накіраванае на ўсталяванне ў грамадстве гарманічных адносін салідарнасці, справядлівасці, самаахвярнасці і ўзаемадапамогі паміж людзьмі. Дзярж. федэралізм лічыў пераходнай формай да бездзярж. ладу (таксама як і розныя формы мясц. аўтаноміі, рэгіянальнага самакіравання) і сродкам тэр. і функцыянальнай дэцэнтралізацыі ўлады, больш поўнага ўліку нац. асаблівасцей і разнастайнасці быту. Для філас. поглядаў К. характэрны натуралізм, крытычныя адносіны да дыялект. метаду Г.Гегеля і К.Маркса, які ён прапанаваў замяніць «адзіна навуковым індуктыўным метадам». Анархічная дактрына К. непасрэдна звязана з яго прыродазнаўчанавук. ўяўленнямі. У галіне біялогіі ён выказаў ідэі аб узаемадапамозе і падтрымцы як фактары эвалюцыі, аб адсутнасці ўнутрывідавой барацьбы Распрацаваў схему араграфіі Паўн.-Усх. Азіі, выявіў сляды стараж. абледзянення і вулканізму на Усх. Саяне. У працы «Даследаванні пра ледніковы перыяд» (1876) прывёў доказы шырокага распаўсюджвання ў антрапагенны час мацерыковага абледзянення на тэр. Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі, выказаў думку аб геал. роднасці Канады і Сібіры. Удзельнічаў у падрыхтоўцы выдання «Зямля і людзі. Усеагульная геаграфія» Э.Рэклю.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—7. СПб., 1906—07, Дневник. М.;
Пг., 1923;
Великая Французская революция, 1789—1793. М., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЦІ́НСКАЕ ПІСЬМО́, лацінка,
літарнае пісьмо, якім карысталіся стараж. рымляне і якое пакладзена ў аснову пісьма большасці народаў Еўропы, Афрыкі, Амерыкі і Азіі (карыстаецца каля 35% насельніцтва свету). Назва паходзіць ад племені лацінаў. Узнікненне лац. алфавіта, які ўзыходзіць да грэч. (гл.Грэчаскае пісьмо), адносяць да 4—3 ст. да н.э. Напрамак пісьма напачатку бустрафедон (1-ы радок — справа налева, 2-і — злева направа і г.д.), з 4 ст. да н.э. — злева направа. У ант. Л.п. знакаў прыпынку не было, падзел на вял. і малыя літары адсутнічаў. Словы аддзяляліся адно ад аднаго пераважна словараздзяляльнымі знакамі, якія стаялі на ўзроўні сярэдзіны літар. Каля 234 да н.э. ўведзена літара G, амаль адначасова ўпарадкавана ўжыванне C, K, Q: C — найб. агульнае абазначэнне для k; Q — перад u; K — захоўваецца толькі ў некалькіх словах. З увядзеннем у 1 ст. да н.э. літар Y і Z для слоў грэч. паходжання скончылася фарміраванне лац. алфавіта (23 знакі). Найстараж. помнік лац. пісьма — надпіс на сярэбранай пасудзіне (7 ст. да н.э.) з г. Прэнеста (Італія). У сярэднія вякі, калі лац. мова з’яўлялася міжнар. мовай еўрап.культ. свету, лац. алфавіт папоўніўся літарамі J і W, а літары U і V сталі адрознівацца гукавым значэннем (у і в). У пасляант. час узнік падзел літар на вял. і малыя, з’явіліся знакі прыпынку і дыякрытычныя знакі. У нац. сістэмах пісьма, якія маюць у аснове Л.п., яго прыстасаванне да адпаведных фанет. сістэм адбывалася пераважна за кошт увядзення дыякрытычных знакаў (у франц., польскай, літ. і інш. мовах). Сучасны лац. алфавіт мае 2 друкарскія віды: гатычны шрыфт (фактура) і лацініца (антыква) — блізкі да стараж., з’яўляецца пануючым.
На Беларусі Л.п. вядома са старажытнасці ў пашыраных на яе тэрыторыі пісьмовых помніках на польскай і лац. мовах. У 18 ст. паралельна з кірыліцай Л.п. выкарыстоўвалася ў некат. (напр., драматычных) творах на бел. мове. У 19 ст. Л.п. (пры існаванні кірыліцы) бел. пісьменнікі (Я.Чачот, П.Багрым, В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч, А.Гурыновіч і інш.) прыстасавалі для перадачы роднай мовы. Лацінкай друкавалася нелегальная, першая на бел. мове газ. «Мужыцкая праўда» К.Каліноўскага (1862—63), кірыліцай і лацінкай — газеты «Наша доля» (1906) і «Наша ніва» (1906—12), кнігі Цёткі «Хрэст на свабоду» (1905), «Скрыпка беларуская», «Першае чытанне для дзетак беларусаў» (абедзве 1906), зб. Я.Купалы «Гусляр» (1910). У аснове сучаснай бел. графікі рус.грамадзянскі шрыфт. У Зах. Беларусі побач з ім лац. алфавіт ужываўся да 1939. Цяпер выкарыстоўваецца пры друкаванні асобных бел. выданняў за мяжой.
Літ.:
Дирингер Д. Алфавит: Пер. с англ.М., 1963;
Люблинская АД. Латинская палеография. М., 1969;
Федорова Е.В. Введение в латинскую эпиграфику. М., 1982;
Крамко І.І., Юрэвіч А.К., Яновіч А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 2. Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ТАПІСЫ БЕЛАРУ́СКІЯ.
Складаліся на землях Беларусі ў эпоху феадалізму на старажытнарускай, старабеларускай і польскай мовах. У 16—18 ст. называліся пераважна хронікамі. Паводле зместу і агульнага характару падзяляюцца на дзярж. і мясцовыя, хоць рэзкай мяжы паміж імі няма. У Беларусі летапісы пачалі складацца ў 12—14 ст., аднак тэксты ранніх летапісаў не зберагліся. Першым складзеным на бел. землях летапісным творам быў, відаць, Полацкі летапіс. Гіст. запісы вяліся таксама ў Пінску (канец 13 ст.), Слуцку (15 ст.) і інш. гарадах Беларусі. Ва ўрыўках у складзе рус. і бел. летапісных зводаў і кампіляцый дайшоў Смаленскі летапіс 14 — пач. 15 ст. У Смаленску ў канцы 15 ст. перапісаны Аўрамкі летапіс і, магчыма, Радзівілаўскі летапіс. На падставе зводу, блізкага да летапісу Аўрамкі, каля 1500 складзена летапісная кампіляцыя, якая трапіла ў Супрасль, дзе папоўнена гіст. запісамі па гісторыі Валынскай зямлі канца 15 ст., апавяданнем пра Аршанскую бітву 1514 і «Пахвалой гетману Канстанціну Астрожскаму» (гл.Валынскі кароткі летапіс). У 15—16 ст. пад уплывам новых гіст. умоў (заканчэнне этнічнай кансалідацыі і паліт. цэнтралізацыі бел. зямель) характар летапісання Беларусі істотна змяніўся, мясц. летапісы заняпалі, узніклі агульнадзярж. летапісы беларуска-літоўскія, якія складаліся на бел. мове пераважна бел. летапісцамі. У 16 ст.бел.-літ. летапісы страцілі агульнарус. характар. У іх узмацніліся ідэі агульнадзярж. патрыятызму, гісторыя ВКЛ стала падавацца не як частка і працяг гісторыі Русі, а як асобная і самацэнная з’ява. Новы этап у гісторыі бел. летапісання пачаўся ў 17 ст. У выніку глыбокіх унутр. змен у культ.-гіст. і духоўным жыцці бел. народа адбывалася ідэйна-маст. эвалюцыя і трансфармацыя жанру гіст.-дакумент. прозы Беларусі, яго дэмакратызацыя. Замест параўнальна аднародных у жанрава-стылявым плане агульнадзярж. хронік узніклі новыя жанры — мясц. летапісы, дыярыушы (дзённікі) і хранографы, звязаныя з традыцыямі летапіснага жанру папярэдняга перыяду. Найб. выдатныя творы мясц. летапісання Беларусі 17—18 ст.: Баркулабаўскі летапіс, Магілёўская хроніка (месцамі нагадвае гіст. аповесць-дзённік горада), Віцебскі летапіс (гіст.-дакументальная крыніца, напісаная па-польску).
Прыярытэт адкрыцця і навук. вывучэння Л.б. належыць І.Даніловічу, які ўпершыню апублікаваў (у 1823—24) тэкст Бел.-літ. летапісу 1446 паводле Супрасльскага спісу і шэраг артыкулаў. У часы Рас. імперыі Л.б. даследавалі С.Смолька, Ф.Сушыцкі, І.А.Ціхаміраў, А.А.Шахматаў, Я.Якубоўскі і інш. Летапісы вывучалі і вывучаюць бел. (М.М.Улашчык, В.А.Чамярыцкі), літ. (М.Ючас) і інш. даследчыкі. Захавалася каля 50 спісаў Л.б., большасць з якіх зберагаецца ў Маскве і С.-Пецярбургу.
Публ.: Полное собрание русских летописей. Т. 17. СПб., 1907; Т. 32. М., 1975; Т. 35. М., 1980; Беларускія летапісы і хронікі. Мн., 1997.
Літ.:
Чамярыцкі В.А. Беларускія летапісы як помнікі літаратуры: Узнікненне і літ. гісторыя першых зводаў. Мн., 1969;
История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977;
Улащик Н.Н. Введение в изучение белорусско-литовского летописания. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ДРА́МЫ І КАМЕ́ДЫІімя В.І.Дуніна-Марцінкевіча.
Створаны ў 1970 у Бабруйску з выпускнікоў Бел.тэатр.-маст. ін-та (курс Б.Платонава і В.Рэдліх) і акцёраў інш. т-раў (часткова Магілёўскага абл.т-рамуз. камедыі), у 1975 трупа значна абноўлена. У 1977 прысвоена імя В.Дуніна-Марцінкевіча. У першыя гады т-р арыентаваўся на распрацоўку героіка-патрыят. праблематыкі: «Хлопец з нашага горада» К.Сіманава, «Трыбунал» А.Макаёнка, «А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.Васільева і інш. Паступова асн. месца ў рэпертуары занялі пастаноўкі п’ес на сучасную тэматыку: «Адны без анёлаў» Л.Жухавіцкага, «Птушкі нашай маладосці» І.Друцэ, «Палын» М.Варфаламеева, «Энергічныя людзі» В.Шукшына і інш. Значнага поспеху т-р дасягнуў пры пастаноўцы інсцэніровак празаічных твораў: «Бераг» Ю.Бондарава, «Апошні тэрмін» В.Распуціна, «Лесвіца ў неба» М.Слуцкіса. Традыцыйнымі для яго сталі пастаноўкі рус. і замежнай класікі: «Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага, «Даходнае месца», «Свае людзі — паладзім» А.Астроўскага, «Ветрык, вей!» Я.Райніса, «Дзікун» Вальтэра, «Утаймаванне свавольніцы» У.Шэкспіра, а таксама сучаснай замежнай драматургіі: «Сола для гадзінніка з боем» А.Заградніка, «Каханне пад вязамі» Ю.О’Ніла, «Эмігранты» С.Мрожака, «Дзіўная місіс Сэвідж» Дж.Патрыка, «Вязень 2-й авеню» Н.Саймана. Асаблівая ўвага аддаецца падзеям, звязаным з гісторыяй горада і творчасцю Дуніна-Марцінкевіча: «Правілы гонару» В.Бабровіча, «Камедыянт, альбо Узнёсласць сумнае надзеі» А.Асташонка, «Пінская шляхта» і «Залёты» Дуніна-Марцінкевіча, «Вечар у Люцынцы» паводле твораў Дуніна-Марцінкевіча. У 1990-я г. ў рэпертуары: «Прымакі» Я.Купалы, «Мікітаў лапаць» М.Чарота, «Беларускія вадэвілі» («Два жаніхі» М.Гарэцкага, «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча), «Калізей» М.Матукоўскага, «Чорная панна» А.Дударава, «Паўночны аўкцыён» і «Султан Брунея» А.Дзялендзіка, «Чорт у рабрыну» М.Манохіна, «Русалка» А.Пушкіна і інш.Найб. плённыя перыяды ў творчасці т-ра звязаны з дзейнасцю рэжысёраў В.Каралько, Ф.Пуховіча, М.Кавальчыка, Г.Несцера. У розны час у т-ры працавалі: засл. артысты Беларусі Б.Баеў, Н.Калаптур, П.Масцераў, В.Філатаў, Л.Федчанка. Гал. рэжысёр С.Паляшчанаў (з 1999), гал. мастак В.Навакоўскі (з 1989).
Будынак т-ра ў Бабруйску ўзведзены ў 1978 (арх. В.Крамарэнка) на аснове рэканструкцыі Дома культуры (1927—30, арх. А.Оль). Гал. фасад вырашаны ў выглядзе своеасаблівага порціка з вертыкальнымі рэбрамі і вял. паверхняй зашклення. На глухіх сценах бакавых фасадаў рэльефныя кампазіцыі на тэмы мастацтва Па восі будынка размешчаны вестыбюль, фае, глядзельная зала на 700 месцаў з балконам і развітая сцэнічная група памяшканняў, у бакавых аб’ёмах — гардэробы, кулуары, буфеты. Памяшканні для абслугоўвання гледачоў ссунуты на паўпаверха адзін адносна аднаго і злучаны адкрытымі лесвіцамі. У дэкоры фасадаў выкарыстаны вапняк і паліраванае шкло, інтэр’ераў — туф, розныя пароды дрэва, маст. шкло; у афармленні інтэр’ераў удзельнічалі Б.Папоў, М.Пірагоў, маст. В.Ананьеў, М.Макашвілі.
А.В.Спрынчан, А.А.Воінаў (архітэктура).
Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцынкевіча. Сцэна са спектакля «Султан Брунея».Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча. Сцэна са спектакля «Пінская шляхта».
французскі драматург; найбуйнейшы прадстаўнік класіцызму, стваральнік жанру «высокай камедыі», якая паклала пачатак новаму этапу развіцця франц. і сусв. драматургіі. Скончыў Клермонскі калеж (1639). Адзін з заснавальнікаў «Бліскучага тэатра» (1643, Парыж). У 1645—58 з трупай вандроўных камедыянтаў раз’язджаў па франц. правінцыі. Першыя камедыі «Шалёны» (паст. 1655), «Любоўная сварка» (паст. 1656) заснаваны на традыцыях італьян.камедыі дэль артэ і франц.нар. фарса. П’еса «Цырымонлівыя паненкі» (паст. 1659) скіравана супраць прэцыёзнага, манернага і надуманага мастацтва. У блізкай да фарса камедыі «Школа мужоў» (паст. 1661) і першай «высокай камедыі» «Школа жонак» (паст. 1662) выступіў супраць сямейнага дэспатызму, у абарону натуральнага пачуцця. Свае эстэт. і грамадз. прынцыпы выклаў у п’есах «Крытыка «Школы жонак» і «Версальскі экспромт» (абедзве паст. 1663). Вяршыня яго творчасці — камедыі «Тарцюф» (паст. 1664), «Дон Жуан» (паст. 1665), «Мізантроп» (паст. 1666), «Скупы» (паст. 1668), «Мешчанін у дваранах» (паст. 1670), «Хітрыкі Скапэна» (паст. 1671), «Прытворнахворы» (паст. 1673) і інш., у якіх выкрываецца душэўная фальшывасць і рэліг. ханжаства, крывадушнасць і хцівасць, прыкрытыя ідэямі хрысціянства, патрыятызму, нар. карысці. Развіваючы традыцыі нар. тэатра, М. дасягнуў сапр. рэалізму пры стварэнні вобразаў людзей з народа (слугі Сганарэль, Маскарыль і інш.), галерэі «вечных тыпаў» (Тарцюф, Дон Жуан, Гарпагон і інш.). Аўтар камедый балетаў на музыку Ж.Б.Люлі: «Надакучлівыя» (1661), «Шлюб пад прымусам» (1664), «Спадар дэ Пурсаньяк» (1669) і інш. На Беларусі ўпершыню п’есы М. паст. ў Нясвіжскім т-ры Радзівілаў, перакладзеныя і пераробленыя для т-ра У.Радзівіл («Цырымонлівыя паненкі», 1749; «Сганарэль», «Мешчанін у дваранах», «Жорж Дандэн», усе 1751; «Лекар паняволі», 1752; «Маскарыль», 1756). На бел. сцэне ставіліся спектаклі: «Мешчанін у дваранах» (Бел.т-р імя Я.Купалы, 1924, 1967, пер. Ю.Гаўрука), «Жорж Дандэн» (т-р імя Я.Купалы, 1926; Гродзенскі абл.драм.т-р, 1979), «Цырымонлівыя паненкі» (т-р імя Я.Купалы, 1926), «Шлюб пад прымусам» (т-р імя Я.Купалы, 1926), «Тарцюф» (Бел. ТРАМ, 1934; Дзярж. рускі драм.т-р, 1935; т-р імя Я.Купалы, 1987), «Скупы» (т-р імя Я.Купалы, 1937), «Хітрыкі Скапэна» (Бел.рэсп.т-р юнага гледача, 1940; рускі драм.т-р, 1955), «Лекар паняволі» (Бел.т-р імя Я.Коласа, 1940), «Прытворнахворы» (Гомельскі абл.драм.т-р, 1973), «Школа жонак» (Гродзенскі абл.драм.т-р, 1986), «Нежанаты мнагажэнец» (т-р імя Я.Купалы, 1993, пер. Р.Барадуліна, своеасаблівая пераробка камедыі «Спадар дэ Пурсаньяк»).
Тв.:
Рус.пер. — Полн. собр. соч.Т. 1—3. М., 1985—87.
Літ.:
Бояджиев Г.Н. Мольер: Ист. пути формирования жанра высокой комедии. М., 1967;
Бордонов Ж. Мольер: Пер. с фр.М., 1983;
Булгаков М.А. Жизнь господина де Мольера. [4 изд]. М., 1991;
Барысава Т.Ц. Мальер на беларускай сцэне. Мн., 1972.