«ВА́НЕМУЙНЕ», Эстонскі акадэмічны тэатр «Ванемуйне»,

старэйшы т-р Эстоніі, які аб’ядноўвае оперу, драму, аперэту і балет. Засн. ў 1870 у Тарту па ініцыятыве эст. паэтэсы і драматурга Л.​Койдула, п’есы якой паклалі аснову нац. драматургіі. Спектаклі ставіліся пры пеўчым т-ве «Ванемуйне» (ад імя бога песні ў эст. міфалогіі). З 1906 прафесійны. У 1966 прысвоена званне акадэмічнага.

т. 3, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАНЦО́Ў (Аляксандр Нічыпаравіч) (22.9.1907, в. Панькоўская Буда Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 23.1.1973),

Герой Сав. Саюза (1945). На фронце з 1941, удзельнік абароны Масквы. Зімой 1942—43 удзельнічаў у рэйдзе па тылах ворага ў раёне Ржэў—Сычоўка—Нялідава (Расія), з вер. 1943 у складзе войск Бранскага фронту. Вызначыўся пры фарсіраванні Дзясны, у баях на тэр. Германіі.

А.Н.Варанцоў.

т. 4, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРЫЯ́ТАР,

прыстасаванне для плаўнай змены вуглавых скарасцей звёнаў прывода і выканаўчага механізма. Асн. частка варыятара — бесступеньчатая перадача (адна або некалькі).

Варыятар забяспечвае аптымальную скорасць машыны або механізма пры розных умовах эксплуатацыі. Бываюць фрыкцыйныя (выкарыстоўваюць трэнне) і гідраўлічныя. Пашыраны ў машынах і механізмах хім., папяровай, тэкст. прам-сці, на транспарце (напр., на эскалатарах метрапалітэна ўзгадняюць скорасць руху поручняў і ступеняў).

т. 4, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РХНЯЕ КРЫ́ВІНА,

вёска ў Бешанковіцкім р-не Віцебскай вобл., пры ўпадзенні р. Бярозка ў р. Крывінка, на аўтадарозе Бешанковічы—Сянно. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 3 км на ПдУ ад г.п. Бешанковічы, 54 км ад Віцебска, 36 км ад чыг. ст. Чашнікі. 360 ж., 132 двары (1996). Пач. школа, дзіцячы сад, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 4, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ТРАЗЕВАЕ СУ́ДНА,

марское ці рачное судна, якое рухаецца пры дапамозе ветразяў. Адрозніваюць па колькасці мачтаў (ад 1 да 7) і тыпу ветразевага ўзбраення. Бываюць з прамымі ветразямі (брыг, кліпер), косымі (шхуна), камбінаванымі (барк, баркенціна, брыганціна). Кіруюць ветразевым суднам (мяняюць курс, скорасць і інш.) узгоднена рулём і ветразямі. У сучасным флоце выкарыстоўваюцца як спартыўныя, турысцкія, прагулачныя, вучэбныя.

т. 4, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІДЭАКА́МЕРА, камкордэр,

малагабарытная перадавальная тэлевізійная камера, аб’яднаная з касетным відэамагнітафонам для запісу тэлевізійных сігналаў. Бывае адна- і шматтрубкавая на відыконах, ПЗС-матрыцах. Мае аб’ектыў з пераменнай фокуснай адлегласцю, электронны відашукальнік, які выкарыстоўваецца для кантролю запісу пры здымцы (відэаманітор) і кантрольнага прагляду знятага матэрыялу адразу пасля здымкі, і сістэму аўтам. факусіроўкі. Адрозніваюць быт., паўпрафес. і прафес. відэакамеры.

т. 4, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВОПРО́СЫ ИСТО́РИИ КПСС»,

навукова-палітычны часопіс, орган Ін-та марксізму-ленінізму пры ЦК КПСС. Выдаваўся ў 1957—91 у Маскве на рус. мове. Да 1963 выходзіў 6 разоў на год, пасля штомесяц. Друкаваў успаміны пра У.​І.​Леніна і яго паплечнікаў, асвятляў пытанні гісторыі КПСС і міжнар. камуніст. руху, кіруючай дзейнасці партыі, парт. будаўніцтва і інш.

т. 4, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛКАНІ́ЗМ,

сукупнасць працэсаў і з’яў, звязаных з перамяшчэннем магмы ў верхняй мантыі, зямной кары і на паверхні Зямлі. Тыповае праяўленне паверхневага вулканізму — вулканы, глыбіннага — інтрузіі і змяненні горных парод пры сутыкненні з магмай (гл. Магматызм). Вулканізм звязаны з сейсмічна актыўнымі зонамі зямной кары і гораўтваральнымі рухамі. На тэр. Беларусі шырока праяўляўся ў вендзе і познім дэвоне.

т. 4, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАКТА́НЫ,

поліцукрыды матрыкса сценкі расліннай клеткі. Належаць да падгрупы геміцэлюлоз. Пры гідролізе к-тамі ўтвараюць галактозу. Вельмі пашыраны ў раслінах, асабліва ў драўніне і насенні. Уключаюць пераважна арабінагалактан, малекула якога складаецца з асн. ланцуга, злучаных гліказіднымі сувязямі β-галактапіранозных рэшткаў. Сульфатаваныя галактаны трапляюцца ў некат. водарасцей (напр., у відаў з роду Cladophora, Caulepra, Codium).

А.​М.​Ведзянееў.

т. 4, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬВАНІЗА́ЦЫЯ ў медыцыне,

метад электралячэння, заснаваны на выкарыстанні ў лек. і прафілакт. мэтах пастаяннага эл. току малой сілы і нізкага напружання; адзін з метадаў фізіятэрапіі. Выкарыстоўваецца пры захворваннях перыферычнай нерв. сістэмы (радыкуліты, плексіты, неўрыты), траўматычных, рэўматычных, абменных артрытах і інш. Станоўчы эфект дасягаецца праз змяненні фіз.-хім. працэсаў у клетках тканак тых участкаў цела, на якія накладваюцца электроды.

т. 4, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)