феадальная дзяржава на ПнУ Азербайджана ў 18—19 ст. Сталіца — г. Куба (адсюль назва). Найб. багаты і густанаселены раён Закаўказзя з важнымі гандл. партамі, якія звязвалі яго з Расіяй і Іранам. У 1758—89 на чале К.х. стаяў Фаталі-хан, які аб’яднаў прыкаспійскія землі Азербайджана да г. Ардэбіля на Пд; у 1784 заключыў саюз з груз. царом Іракліем II супраць іранскай агрэсіі. Пасля яго смерці ханства ў пач. 1790-х г. распалася, у 1806 далучана да Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУХО́ННЫЯ ПРЫЛА́ДЫ І ПРЫСТАСАВА́ННІ,
прылады, апараты і прыстасаванні, якія выкарыстоўваюцца для вядзення дамашняй (кухоннай) гаспадаркі.
Найб. пашыраны: для захоўвання харч. прадуктаў (халадзільнікі дамашнія) і іх перапрацоўкі (мясарубкі, сокавыціскалкі, кухонныя універсальныя машыны — камбайны і інш.), для прыгатавання ежы і напояў (эл. і мікрахвалевыя печы, газавыя пліты, міксеры, кававаркі і інш.), для падагрэву вады (чайнікі, самавары, газавыя воданагравальныя апараты) і інш.Кухонны камбайн звычайна мае электрапрывод з рэдуктарам, зменныя насадкі мясарубкі, міксера, цестамяшалкі-збівалкі, кавамолкі, сокавыціскалкі, агароднінарэзкі, хлебарэзкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЮРЫ́ ЗАКО́Н,
тэмпературная залежнасць удзельнай магнітнай успрыімлівасці χ некаторых парамагнетыкаў. Мае выгляд χ = C/T, дзе C — канстанта рэчыва (канстанта Кюры). Адкрыты ў 1895 П.Кюры. К.з. падпарадкоўваюцца газы, пара шчолачных металаў, разбаўленыя растворы парамагн. солей і інш. Класічная тэорыя К.з. грунтуецца на стат. разглядзе ўласцівасцей сістэмы («газу») слаба ўзаемадзейных атамаў, малекул ці іонаў, якія маюць магн. дыпольны момант. У знешнім магн. полі адбываецца арыентацыя гэтых момантаў уздоўж поля, якой перашкаджае цеплавы рух часціц. Гл. таксама Кюры—Вейса закон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГЧЫ́НА,
лінейна выцягнутае эразійнае паніжэнне рэльефу са спадзістымі (15—45°) схіламі, якія плаўна пераходзяць да днішча і водападзелу. Утвараюцца пераважна ад размыву глебы і грунтоў снегавой вадою і ліўневымі дажджамі. Глыбіня Л. 3—15 м і больш, шыр. ад дзесяткаў да 150—200 метраў. Форма папярочнага сячэння Л. карытападобная, днішча плоскае ці слабаўвагнутае. Звычайна задзернаваныя, нахіленыя ў адным напрамку. Пры далейшым развіцці могуць ператварацца ў яр. На Беларусі Л. трапляюцца найчасцей у цэнтр. і паўн. раёнах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЗІКА, Лазскае царства,
дзяржава на тэр.Зах. Грузіі ў 2—6 ст. Спачатку залежала ад рымскіх, потым візант. імператараў, якія прызначалі ў Л. правіцелей. Сталіца Л. — г. Археаполіс (сучасны Накалакеві). У 4 ст. правіцелі Л. падпарадкавалі насельніцтва Паўн. Калхіды (сванаў, абазгаў, апсілаў). З 523 афіц. рэлігія — хрысціянства. У 6 ст. за валоданне Л. змагаліся Візантыя і Іран. Паводле дагавора 562 Л. засталася ў залежнасці ад Візантыі. У канцы 6 ст. пазбаўлена аўтаноміі. З 8 ст. ў складзе Абхазскага царства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПА́ЦІН,
вёска ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., на левым беразе р. Стыр, каля аўтадарогі Пінск—Столін. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 21 км на ПдУ ад горада і 25 км ад чыг. ст. Пінск, 196 км ад Брэста. 428 ж., 149 двароў (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. У Доме культуры музей рус. паэта А.А.Блока. Каля вёскі стаянка эпохі неаліту і бронз. веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТЭРЫ́Т (ад лац. later цэгла),
шчыльная гліністая ці порыстая, шлакападобная камяністая горная парода чырвонага колеру, складзеная з гідраксідаў алюмінію і жалеза з прымессю мінералаў тытану. Утвараецца ва ўмовах вільготнага трапічнага і субтрапічнага клімату ў выніку выветрывання алюмасілікатных горных парод. Магутнасць Л. ад некалькіх да 50 м, узрост — ад юрскага да сучаснага. З Л. звязаны радовішчы жал. руд, нікелю, хрому, кобальту, баксітаў, золата і інш. У глебазнаўстве Л. наз. жалезістыя гарызонты інфільтрацыйнага паходжання, якія ўваходзяць у склад латэрытных глеб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕДЗЯНО́Е ПО́КРЫВА,
ледзяныя ўтварэнні, якія ўкрываюць у халодны перыяд года паверхні акіянаў, мораў, рэк, азёр, вадасховішчаў, а таксама прынесеныя цячэннямі і вятрамі з суседніх раёнаў. У морах і акіянах высокашыротных абласцей існуе на працягу ўсяго года. Марская вада з пачатку замярзання праходзіць стадыі ўтварэння лёду: іголкі, сала, ніласавыя льды (таўшчыня ад 1 да 10 см), маладыя — шэрыя, шэра-белыя і белыя (ад 10 да 100 см). У палярных абласцях шматгадовае Л.п. дасягае таўшчыні 2,5 м і больш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСАТУ́НДРА,
занальны тып ландшафту, які характарызуецца чаргаваннем на водападзелах тундры і лесу. Пашырана ў субарктычным поясе Паўн. паўшар’я. Лясныя ўчасткі прадстаўлены пераважна рэдкалессямі з дрэвамі выш. 2—8 м, якія ўтвораны найчасцей лістоўніцамі, елкамі і некат. відамі бярозы, з карлікавай бярозкай і часам ядлоўцам у падлеску, з зялёнымі імхамі і ягелямі ў наглебавым покрыве. Рэдкалессі чаргуюцца з бязлеснымі ўчасткамі: на павышэннях рэльефу — хмызняковымі, плямістымі, мохава-лішайнікавымі тундрамі, у паніжэннях — узгорыстымі, гіпнавымі і інш. балотамі. Гл. таксама Лесатундравая зона.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПНІШКАЎСКІ КАЗІМІ́РАЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неаготыкі ў в. Ліпнішкі Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1890 з цэглы і граніту. Прамавугольны ў плане будынак з 3-граннай апсідай і квадратным у плане бабінцам, над якім узвышаецца высокая 2-ярусная вежа (васьмярык на чацверыку), завершаная спічастым шатром з люкарнамі. Па баках асн. аб’ёму сіметрычна прыбудаваны невял. сакрысціі, якія звонку нагадваюць крылы трансепта. Сцены абліцаваны гранітам, умацаваны плоскімі контрфорсамі. Гал. ўваход вылучаны парталам.