грамадска-паліт. газета, орган Рэчыцкага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Выдавалася штодзённа ў крас.—жн. 1917 у г. Рэчыца на рус. мове. Падтрымала Часовы ўрад і яго палітыку прадаўжэння вайны да перамогі. Друкавала афіц. ўрадавыя дакументы, звесткі з міжнар. жыцця, ваен. хроніку. Шмат увагі аддавала мясц. грамадскаму і прафсаюзнаму руху, арганізацыі самакіравання. Змяшчала дакументы і адозвы Сялянскага саюза Палескага р-на. Перадрукоўвала артыкулы з петраградскіх і маскоўскіх выданняў. Спыніла выхад у канцы жн. 1917 у сувязі з перавыбраннем Савета.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ЎРАЧО́Ў, Таварыства гомельскіх урачоў. Дзейнічала ў Гомелі ў 1898—1900. Ставіла за мэту вывучэнне сан. стану Гомельскага пав., складанне ягомед. тапаграфіі і сан. карты, высвятленне прычын і адшуканне спосабаў прадухілення эпідэмічных і інш. хвароб, збор і навук. распрацоўку стат. звестак пра стан здароўя і смяротнасць насельніцтва павета, пашырэнне медыка-сан. ведаў і інш. Заснавальнік і старшыня д-р медыцыны Дз.Кастрыцкі. Распушчана міністрам унутр. спраў пад выглядам парушэння статута, фактычна з-за непрымальнага для ўлад нац. складу т-ва (колькаснай перавагі яўрэяў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́БЕ ((Grabbe) Крысціян Дзітрых) (11.12.1801, г. Дэтмальд, Германія — 12.9.1836),
нямецкі драматург. Вывучаў права ва ун-тах Лейпцыга і Берліна. Яго ранняя творчасць адзначана самабытнасцю, асаблівай «неўтаймаванасцю», тытанізмам вобразаў: камедыя «Жарт, сатыра, іронія і больш глыбокі сэнс» (1827), напісаныя ў рэчышчы рамант. «драмы лёсу» трагедыі «Герцаг фон Готланд» (1827), «Дон Жуан і Фауст» (1829). Аўтар гіст. драм, прысвечаных буйным гіст. падзеям і вострым супярэчнасцям сучаснасці: незавершаны цыкл «Гогенштаўфены» («Фрыдрых Барбароса», 1829, «Генрых VI», 1830), «Напалеон, або Сто дзён» (1831), «Ганібал» і «Бітва Германа» (1835).
савецкі хімік і тэхнолаг, адзін з заснавальнікаў вытв-сці аптычнага шкла. Акад.АНСССР (1932). Скончыў Пецярб.ун-т (1910). З 1912 выкладаў у Петраградскім электратэхн. ін-це (з 1922 праф.). У 1933 заснаваў лабараторыю хіміі сілікатаў, рэарганізаваную ў Ін-т хіміі сілікатаў, у 1948—53 яго дырэктар. Навук. працы па хіміі сілікатаў, фізіка-хім. уласцівасцях празрыстых матэрыялаў. Распрацаваў спосаб атрымання сітаватага шкла з высокімі адсарбцыйнымі ўласцівасцямі, метад паверхневай апрацоўкі аптычнага шкла (прасвятленне оптыкі). Дзярж. прэміі СССР 1942 і 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАДА́ЦЫЯ (лац. gradatio ад gradus ступень),
стылістычная фігура, якая заключаецца ў тым, што словы ці выразы ў вершаваных радках групуюцца з нарастаннем (клімакс) або аслабленнем (антыклімакс) іх эмацыянальна-сэнсавай выразнасці. Градацыя ўзмацняе экспрэсію выказвання, узвышае яго тон. Напр., радкі з «Беларускай песні» У.Караткевіча:
Ты — наш сцяг, што нікому,
нікому на свеце, нікому
Не дамо абсмяяць, апаганіць,
забыць ці мячом зваяваць.
Часам градацыя кладзецца ў кампазіцыйную аснову ўсяго твора. Так, у першай палавіне 6-строфнага верша М.Танка «Калі мне сказалі» — градацыя нарастаючая, у другой — спадаючая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ФІС (Graphis),
род накіпных лішайнікаў сям. графідавых. Вядома 300 пераважна трапічных і субтрапічных відаў, ва ўмераных шыротах — некалькі відаў. На Беларусі пашыраны графіс начэрчаны (G. scripta), расце на гладкай кары лісцевых дрэў.
Слаявіна ў выглядзе дробназярністай, аліўкава-шэрай, матавай корачкі, часам слабапрыкметная або цалкам у субстраце. Пладовыя целы (апатэцыі) шматлікія, доўгія і вузкія, прамыя, дугападобна выгнутыя, часам хвалістыя і разгалінаваныя, утвараюць малюнак, які нагадвае складаныя пісьмёны (адсюль назва). Дыск апатэцыя вузкі, шчылінападобны, чорны, з шызым напылам або без яго. Сумкі 8-споравыя. Споры цыліндрычныя, бясколерныя, потым цямнеюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАГА АКРУГО́ВАГА СУДА́ БУДЫ́НАК,
помнік эклектычнай архітэктуры. Пабудаваны ў Гродне ў 1884. Трохпавярховы цагляны будынак на высокім цокалі. З паўд. боку да яго прымыкае 2-павярховае крыло. Насычаны арх.-пластычны дэкор уключае руст, прафіляваныя філёнгі з гірляндамі, лучковыя сандрыкі, арнаментальныя паясы меандра і дубовых галінак. Па баках фасада над прафіляваным карнізам з сухарыкамі пастаўлены лучковы і прамавугольны атыкі. Бакавы ўваход вылучаны рызалітам з балконам. На дваровым фасадзе выступаюць глыбокія рызаліты лесвічнай клеткі і тарцовых залаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ЭКАНО́МІЯ,
феадальная каралеўская (велікакняжацкая) гаспадарка ў ВКЛ у 1589—1796. Створана ў выніку пераўтварэння Гродзенскага староства ў дзярж. маёнтак, прыбыткі ад якога ішлі на ўтрыманне вял. князя, яго двара, дзярж. апарата, войска і інш. Мела асобнае адм.-гасп. кіраванне. У 1783 падзялялася на «губерні» (Азёрскую, Дамброўскую, Квасаўскую, Крынкаўскую, Сакольскую, Яноўскую), у склад якіх уваходзілі 49 ключоў, 24 фальваркі, 1 лентвойтаўства, 13 гарадоў і мястэчак, 368 вёсак і 5 пушчаў; нас. 42 380 чал. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) уладанні эканоміі перададзены, часткова прададзены прыватным асобам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ.
Існаваў у 1633—1832 у Гродне. Засн.літ. падкаморыем Фрыдрыхам Сапегам і яго жонкай Крысцінай. Мураваны, з 2-вежавым фасадам, касцёл Дзевы Марыі Ружанцавай асвячоны ў 1726. У храме было 8 разьбяных алтароў, арган на 10 галасоў, бронзавы бюст караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У мураваным 2-павярховым корпусе кляштара размяшчаліся школы. Сярод прыбораў кабінетаў былі 5 электрычных машын, магнітныя вагі, тэлескоп, мікраскоп, барометры і інш. Мелася хімічная лабараторыя, у б-цы было больш за 10 тыс. тамоў. У 1832 кляштар закрыты, будынкі не захаваліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІЯ ПАЯСЫ́,
вырабы Гродзенскай шаўкаткацкай мануфактуры А.Тызенгаўза ў 1770-я — пач. 1780-х г. Запрошаныя сюды франц. майстры ўзялі за аснову арнаментальную структуру, памер і кампазіцыю слуцкіх паясоў, але арнамент сярэдняй ч. і матывы на канцах пояса распрацавалі паводле франц. узораў, якія пазней былі заменены на ўсходнія.
Росквіт персіярні (1774—78) звязаны з творчасцю ліёнскага майстра Ф.Селімана. Яго паясы вызначаліся гарманічнасцю кампазіцыі, лёгкім малюнкам; вытанчанасцю каларыту. У 1783 выраб паясоў спыніўся. Калекцыя Гродзенскіх паясоў зберагаецца ў Гіст. музеі ў Маскве.