А́НДЭРСАН ((Anderson) Шэрвуд) (13.9.1879, г. Камдэн, штат Агайо, ЗША — 8.3.1941),
амерыканскі пісьменнік. Першы раман «Сын Уіндзі Макферсана» (1916). Вядомасць прынеслі зб-кі апавяданняў «Уайнсбург, Агайо» (1919), «Трыумф яйка» (1921), «Коні і людзі» (1923) і інш. Даследаваў уплыў індустрыялізацыі і сац. адчужэння на чалавечую псіхіку (раманы «Людзі, якія маршыруюць», 1917; «Па той бок жадання», 1932, і інш.). Пад уплывам фрэйдызму напісаны раманы «Мноства шлюбаў» (1923), «Цёмны смех» (1925). Як бескампрамісны рэаліст і праніклівы псіхолаг зрабіў уплыў на некаторых амер. пісьменнікаў 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́ДВАРТС ((Woodworth) Роберт) (17.8.1869, каля г. Бостан, штат Масачусетс, ЗША — 4.7.1962),
амерыканскі псіхолаг, адзін са стваральнікаў функцыянальнай псіхалогіі ў ЗША. Праф. Калумбійскага ун-та (1909—42). На пач. 20 ст. адзін з першых даказаў, што мысленне не зводзіцца да асацыяцый пачуццёвых вобразаў, а мае ўласны змест. Прапанаваў канцэпцыю (назваў яе дынамічнай псіхалогіяй), гал. задачамі якой лічыў вывучэнне пытанняў, чаму і як узнікаюць і рэалізуюцца розныя формы псіхічнай дзейнасці. Распрацаваў вучэнне аб матывацыі і яе ролі ў працэсах рухальнай і інтэлектуальнай актыўнасці. У дынаміцы паводзін вылучыў 2 асн. кампаненты — патрэбнасці і механізмы. Гэты падзел трывала ўвайшоў у сучасную псіхалогію.
Тв.:
Рус.пер. — У кн.: Экспериментальная психология. М., 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІЯ ГЕ́ЙЗЕРЫ (Great Geysers),
геатэрмальнае радовішча ў ЗША, штат Каліфорнія, на Пн ад г. Сан-Францыска, у Даліне Вялікіх Гейзераў, найб. ў свеце. Пл. 55 км². Крыніцай цяпла радовішча лічаць магматычны ачаг (або сістэму ачагоў) плейстацэнавага ўзросту на глыб. 5—8 км. Разведка радовішча з 1921. Прагнозныя запасы пары ў разведанай частцы могуць забяспечыць работу электрастанцый магутнасцю больш за 1000 МВт. Глыб. свідравін у асн. 1500—1800 м, паравая фаза існуе да глыб. 2000—3000 м. Т-ра пары 200—260 °C. У 1960 пабудавана першая гідратэрмальная цеплаэлектрастанцыя (ГеаЦЭС) магутнасцю 12,5 МВт. Агульная магутнасць электрастанцый на радовішчы больш за 900 МВт (1981).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РДНЕР ((Gardner) Джон Чэмплін) (21.7.1933, г. Батэйвія, штат Нью-Йорк, ЗША — 14.9.1982),
амерыканскі пісьменнік, гісторык літаратуры, мастак. Аўтар раманаў «Уваскрэсенне» (1966), «Дыялогі з Сонечным» (1972), «Нікелевая гара» (1973), «Кастрычніцкае святло» (1976), «У гарах Самазабойства» (1977), «Кніга Фрэдзі» (1980), «Здані Мікельсана» (1982), аповесцей (зб. «Стараіндыйская абарона», 1974), апавяданняў (зб. «Мастацтва жыць», 1981, і інш.), літаратуразнаўчых даследаванняў. У сваіх творах сцвярджаў гуманіст. ідэалы, маральныя каштоўнасці, прыгажосць натуральнасці і годнасці асобы. Значную ўвагу аддаваў праблемам псіхалогіі і філасофіі пісьменніцкай працы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́СЕР ((Gasser) Герберт Спенсер) (5.7.1888, г. Платвіл, ЗША — 11.5.1963),
амерыканскі фізіёлаг. Чл. Нацыянальнай АН ЗША, Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Праф. фармакалогіі (1921) і фізіялогіі (1931). Скончыў Вісконсінскі ун-т (1910) і ун-т Дж.Хопкінса ў Балтымары (1915). Вучань Дж.Эрлангера. З 1915 ва ун-це Дж.Вашынгтона ў Сент-Луісе, з 1931 у Корнелскім ун-це (штат Нью-Йорк). З 1935 дырэктар, з 1953 ганаровы дырэктар Ракфелераўскага ін-та мед. даследаванняў у Нью-Йорку. Даследаваў біяэлектрычныя патэнцыялы з дапамогай электроннага асцылографа. Навук. працы па электрафізіялогіі нерв. валокнаў і нерв. клетак. Ганаровы чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Нобелеўская прэмія 1944 (разам з Эрлангерам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБС ((Gibbs) Джозая Уілард) (11.2.1839, г. Нью-Хейвен, штат Канектыкут, ЗША — 28.4.1903),
амерыканскі фізік-тэарэтык, адзін са стваральнікаў тэрмадынамікі і статыстычнай механікі. Чл.Нац.АН ЗША, чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1807). Скончыў Іельскі ун-т (1863), дзе працаваў з 1869. Распрацаваў тэорыю тэрмадынамічных патэнцыялаў, адкрыў агульную ўмову раўнавагі гетэрагенных сістэм (1875; гл.Гібса правіла фаз), устанавіў фундаментальны закон статыстычнай фізікі — Гібса размеркаванне. У працы «Асноўныя прынцыпы статыстычнай механікі, выкладзеныя са спецыяльным прымяненнем да рацыянальнага абгрунтавання тэрмадынамікі» завяршыў стварэнне класічнай статыстычнай фізікі (1902).
Літ.:
Франкфурт У.И., Френк А.М. Джозайя Виллард Гиббс. М., 1964.
Дж.У.Гібс.Дж.Гібс. Царква Сент-Марцін-ін-зе-Філдс. 1722—26.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЙМЭ́Н, Гілемэн (Guillemin) Ражэ (н. 11.1.1924, г. Дыжон, Францыя), французскі фізіёлаг. Чл.Нац.АН ЗША, Амер.АН і мастацтваў, Франц.нац. акадэміі медыцыны. Праф. Фізіялогіі (1963). Скончыў Дыжонскі ун-т (1942). З 1948 у Ін-це эксперым. медыцыны і хірургіі Манрэальскага ун-та, з 1953 у Х’юстанскім ун-це (ЗША), з 1960 у навук. ін-тах Францыі, з 1963 дырэктар лабараторыі Бейларскай мед. школы Х’юстанскага ун-та, з 1970 у Солкаўскім ін-це ў г. Сан-Дыега (штат Каліфорнія). Навук. працы па выдзяленні, выяўленні хім. структуры і біял. актыўнасці гіпаталамічных рэлізінг-гармонаў. Нобелеўская прэмія 1977 (разам з Э.В.Шалі і Р.С.Ялаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ЛЕСПІ (Gillespie) Джон Бёркс [празваны Дызі
(Dizzy); 21.10.1917, г. Чыра, ЗША — 1993], амерыканскі джазавы музыкант (трубач, а таксама выканаўца на трамбоне, фп., ударных),
аранжыроўшчык, кампазітар. Вучыўся ў Ларынбергскім ін-це (1933—35, штатПаўн. Караліна). З 1935 у аркестрах Філадэльфіі і Нью-Йорка. У сярэдзіне 1940-х г. разам з Ч.Паркерам і інш. стварыў стыль джаза бібоп (боп). Выступаў са сваім квінтэтам, затым біг-бэндам; апіраўся на малы імправізац. ансамбль, выкарыстоўваў багатую рытмічную арнаментыку (упершыню выкарыстаў лац.-амер. ўдарныя). Стварыў шэраг мелодый, якія сталі эталонам стылю бібоп, зрабіў значны ўклад у распрацоўку інш. джазавых стыляў. Аўтар кампазіцыі «Брат Кінг» (1963), прысвечанай М.Л.Кінгу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАКА́ЛЬСКАЯ Галіна Альфонсаўна, (н. 1910, г. Сейны, Польшча), бел. жывапісец. Сястра Б.А.Дакальскай. З 1928 жыла на Беларусі. Скончыла Віцебскі маст. тэхнікум (1932). Працавала ў газ. «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва». На дэкадзе бел. мастацтва ў Маскве (чэрв. 1940) экспанавалася яе карціна «Польскія акупанты ў Беларусі». З 1942 у Літве, з 1944 у эміграцыі ў Германіі, жыла ў лагеры для перамешчаных асоб у г. Кемптэн. З 1949 у ЗША, працавала ў Нью-Йорку на фабрыцы, дзе размалёўвала посуд; з 1982 жыве ў г. Санта-Моніка (штат Каліфорнія). Творчасці ўласцівы шырокі стылявы дыяпазон (ад абстракцыянізму да натуралізму), зварот да гісторыі і культуры бел. і літ. народаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЛЬТАН-ПЛАН (Dalton-Plan),
сістэма арганізацыі навуч.-выхаваўчай работы ў школе, засн. на прынцыпе індывідуальнага навучання. Узнікла ў пач. 20 ст. Аўтар Д.-п. — Е.Паркхерст. Упершыню выкарыстаны ў г. Долтан (штат Масачусетс, ЗША, адсюль назва). Пры арганізацыі работы паводле Д.-п. вучням давалася свабода ў выбары заняткаў і выкарыстанні свайго рабочага часу. Д.-п. дазваляў суаднесці тэмп навучання з магчымасцямі вучняў, прывучаў іх да самастойнасці, развіваў ініцыятыву, вымушаў шукаць рацыянальныя метады работы, выпрацоўваў пачуццё адказнасці за выкананне заданняў. У 1920-я г. ў сав. школе рабіліся спробы мадыфікацыі Д.-п. (форма брыгадна-лабараторнага метаду). Элементы Д.-п. захаваліся ў практыцы некаторых школ ЗША.