у шырокім сэнсе — містычнае богапазнанне. У адрозненне ад тэалогіі, якая базіруецца на рэліг. догматах, уаснове Т. — суб’ектыўны містычны вопыт, выкладзены ў выглядзе цэласнай сістэмы. Да Т. адносяць герметызм, гнастыцызм, кабалу, неаплатанізм, разенкрэйцараўскае светаразуменне, а таксама шэраг вучэнняў 16—18 ст., якія знаходзяцца па-за межамі царк. традыцыі (Я.Бёме, Парацэльс, Л.К.Сен-Мартэн, Э.Сведэнбарг, Ф.Этынгер і інш.). Ф.Шэлінг разумеў пад Т. сінтэз містычнага богапазнання і рацыянальнай філасофіі; набліжана да такога вызначэння паняцце «свабодная Т.» ў У.С.Салаўёва. Ідэі Т. паслужылі прадметам асэнсавання М.Гандзі, А.І. і М.К. Рэрыхаў, В.Кандзінскага і інш.У вузкім сэнсе Т. — эзатэрычнае вучэнне А.П.Блавацкай, выкладзенае ёй у працы «Сакрэтная дактрына» (1888). Склалася пад уплывам брахманізму, будызму, індуізму, акультызму і некат. элементаў гнастыцызму; характарызуецца імкненнем аб’яднаць розныя рэліг. вучэнні праз раскрыццё тоеснасці сэнсу рэліг. сімвалаў і стварыць на гэтай аснове універсальную рэлігію, не звязаную пэўнай дагматыкай. У 1875 у Нью-Йорку было створана тэасофскае т-ва, уплыў якога хутка пашырыўся ў краінах Еўропы і Азіі; у 1879 яго цэнтр перанесены ў Індыю. У канцы 1900 — пач. 1910-х г.у тэасофскім т-ве адбыўся раскол, у выніку чаго створана антрапасофская школа на чале з Р.Штайнерам (гл.Антрапасофія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКО́ШНІК (ад стараж.-слав. кокош — курыца ці певень),
старажытны рус. галаўны ўбор замужніх жанчын. У дапятроўскай Русі бытаваў у баярскім асяроддзі, у 19 ст. — у купецкім і сялянскім (пераважна ў паўн. губернях). Характэрны элемент К. — грэбень, форма якога ў розных рэгіёнах мела свае асаблівасці. Рабілі на цвёрдай аснове, упрыгожвалі парчой, пазументам, бісерам, пацеркамі, перламі, больш багатыя — і каштоўнымі камянямі. Найб. пашыраны арнамент — раслінны і птушкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНАНУКЛЕАТЫ́ДЫ,
арганічныя злучэнні, якія складаюцца з азоцістай асновы (пурынавай або пірымідзінавай), вугляводу (рыбозы або дэзоксірыбозы) і астатку фосфарнай к-ты. М. — манамеры, структурныя адзінкі нуклеінавых кіслот. Адрозніваюцца па азоцістай аснове. Лёгка ўтвараюцца пры гідролізе дэзоксірыбануклеінавай і рыбануклеінавай к-ту прысутнасці нуклеаз. Да М. адносяцца, напр., адэназінмонафасфат, гуаназінмонафасфат і інш. Прысутнічаюць у клетках у свабодным выглядзе, адыгрываюць значную ролю ў абмене рэчываў; уваходзяць у састаў каферментаў і з’яўляюцца рэчывамі-акумулятарамі энергіі. Гл. таксама Нуклеатыды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРО́ШКА Рэгіна Пракопаўна (н. 7.5.1938, р.п. Асінторф Дубровенскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. фізікахімік. Канд.хім.н. (1976). Скончыла БДУ (1960). З 1960 у Ін-це арган. і неарган. хіміі, у 1981—91 у Ін-це фізіка-арган. хіміі Нац.АН Беларусі. Навук. працы па фізікахіміі палімераў і штучных іанітных глебах на аснове іонна-абменных матэрыялаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1980.
Тв.:
Ионитные почвы. Мн., 1978 (разам з У.С.Салдатавым. Н.Р.Пёрышкінай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАМЕТРЫ́ЧНАЯ О́ПТЫКА,
раздзел оптыкі, які вывучае законы распаўсюджвання святла на аснове ўяўлення пра светлавыя прамяні як лініі, уздоўж якіх перамяшчаецца светлавая энергія. У аднародным асяроддзі прамяні прамалінейныя, у неаднародным скрыўляюцца, на паверхні раздзела розных асяроддзяў мяняюць свой напрамак паводле законаў пераламлення і адбіцця святла. Асноўныя законы геаметрычнай оптыкі вынікаюць з Максвела ўраўненняў, калі даўжыня светлавой хвалі значна меншая за памеры дэталей і неаднароднасцей, праз якія праходзіць святло; гэтыя законы фармулююцца на асновеФерма прынцыпу.
Уяўленне пра светлавыя прамяні ўзнікла ў ант. навуцы. У 3 ст. да н.э.Эўклід сфармуляваў закон прамалінейнага распаўсюджвання святла і закон адбіцця святла. Геаметрычная оптыка пачала хутка развівацца ў сувязі з вынаходствам у 17 ст. аптычных прылад (лупа, падзорная труба, тэлескоп, мікраскоп), у гэтым асн. ролю адыгралі даследаванні Г.Галілея, І.Кеплера, В.Дэкарта і В.Снеліуса (эксперыментальна адкрыў закон пераламлення святла). У далейшым геаметрычная оптыка развівалася як дастасавальная навука, вынікі якой выкарыстоўваліся для стварэння розных аптычных прылад. Для атрымання нескажонага відарыса аптычнага лінзавая сістэма адпавядае пэўным патрабаванням: пучкі прамянёў, што выходзяць з некаторага пункта аб’екта, праходзяць праз сістэму і збіраюцца ў адзін пункт; відарыс геаметрычна падобны да аб’екта і не скажае яго афарбоўкі. Любая аптычная сістэма задавальняе патрабаванні, не звязаныя афарбоўкай, калі відарыс ствараецца параксіянальнымі прамянямі (бясконца блізкімі да аптычнай восі). Фактычна ў стварэнні відарыса ўдзельнічаюць шырокія пучкі прамянёў, нахіленыя да восі пад значнымі вугламі. У выніку наяўнасці аберацый аптычных сістэм яны не задавальняюць гэтыя патрабаванні. На аснове законаў геаметрычную оптыку памяншаюць аберацыі да дапушчальна малых значэнняў падборам гатункаў шкла, формы лінзаў і іх узаемнага размяшчэння. Для праектавання асабліва высакаякасных аптычных сістэм карыстаюцца таксама хвалевай тэорыяй святла.
Асн. палажэнні і законы геаметрычнай оптыкі выкарыстоўваюць пры праектаванні лінзавых аптычных сістэм (аб’ектывы, мікраскопы, тэлескопы і інш.), распрацоўцы і даследаванні лазерных рэзанатараў, прылад з валаконна-аптычнымі элементамі, факусатараў і канцэнтратараў светлавой, у т. л. сонечнай, энергіі, сістэм асвятлення і сігналізацыі ў аўтамаб., паветр. і марскім транспарце.
Літ.:
Слюсарев Г.Г. Методы расчета оптических систем. 2 изд. Л., 1969;
Борн М., Вольф Э. Основы оптики: Пер. с англ.М., 1970;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРА́РНАЯ ПА́РТЫЯ (АП),
палітычная партыя на Беларусі. Утворана ў 1992 як Аб’яднаная аграрна-дэмакр. партыя Беларусі, на II з’ездзе (28.1.1994) перайменавана ў АП. Выступае за рэфармаванне грамадства на прынцыпах дэмакр. сацыялізму, перабудову эканомікі на аснове прыватнай і дзярж. уласнасці на сродкі вытв-сці, у т. л. і на зямлю. У сельскай гаспадарцы прызнае формы: вытв. кааператыў, акц.т-ва, калгас і саўгас, сялянская гаспадарка і малое прадпрыемства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ЗАВО́Д «ГІДРАПРЫВО́Д».
Засн. ў 1961 на базе цэха завода «Гомсельмаш». У 1975 на яго аснове створана Гомельскае ВА «Гідрааўтаматыка» ў складзе галаўнога прадпрыемства «Гідрапрывод», Хойніцкага і Нараўлянскага з-даў гідраапаратуры і канструктарска-тэхнал. бюро з доследна-эксперым. вытв-сцю. Асн. Прадукцыя (1996): станочная гідраўліка (у т. л. вузлы для трактароў МТЗ), тавары нар. ўжытку і інш. Прадукцыя пастаўляецца на 300 прадпрыемстваў краін СНД і ў далёкае замежжа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАГЕНЕ́З (ад аўта... + ...генез),
у эвалюцыйным вучэнні адна з канцэпцый, уаснове якой ляжыць перадумова аб незалежнай ад знешніх умоў эвалюцыі жывой прыроды, што накіроўваецца і рэгулюецца ўнутр. нематэрыяльнымі фактарамі. Аўтагенез блізкі да віталізму. Аўтагенетычны характар маюць вучэнні аб градацыі Ж.Б.Ламарка, арыстагенез Г.Осбарна, батмагенез Э.Копа, номагенез Л.С.Берга і інш. Прыхільнікі аўтагенезу бачаць доказы аўтагенетычных тэндэнцый эвалюцыі ў з’явах эвалюцыйнага паралелізму і канвергенцыі ў біялогіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРБО́ЎКА (польск. werbować ад ням. werben набіраць),
1) наём людзей на ваен. службу, адзін са спосабаў камплектавання войск. Выкарыстоўвалася са стараж. часоў. Найб. пашырэнне атрымала ў Зах. Еўропе ў 15—18 ст.У шэрагу сучасных замежных краін (ЗША, Вялікабрытанія, ФРГ і інш.), а таксама ў Расіі Узбр. сілы камплектуюцца поўнасцю ці часткова на кантрактнай аснове, г.зн. праз вярбоўку і наёмніцтва.
2) УСССР адзін са спосабаў арганізаванага набору рабочых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОТАСКЛЕРО́З, отаспангіёз,
захворванне вуха, уаснове якога ляжыць анкілоз стрэмечка. Пры О. адбываецца акасцяненне кольцападобнай звязкі падножнай пласцінкі стрэмечка (адной з 3-х костачак гукаправоднага апарата сярэдняга вуха, які перадае ваганні барабаннай перапонкі да вадкасцей унутр. вуха), потым настае яго нерухомасць. Часцей О. пашкоджвае абодва вухі. Прыкметы: паніжэнне слыху (скачкападобна), пастаянны шум у вушах (нават перашкаджае сну), на позніх стадыях пашкоджваюцца рэцэптары слыхавога нерва. Лячэнне хірургічнае.