МАРХА́,

рака, левы прыток Вілюя, у Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. Даўж. 1181 км, пл. басейна 99 тыс. км². Пачынаецца ва ўсх. ч. Вілюйскага плато, цячэ па Сярэднесібірскім пласкагор’і і Цэнтральнаякуцкай раўніне. Асн. прытокі: Маркока (справа), Ханя (злева). Высокае веснавое разводдзе і летне-асеннія паводкі. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 360 м³/с. Ледастаў ад канца вер. — пач. кастр. да канца мая — пач. чэрвеня. Зімой перамярзае ў вярхоўі на 7 месяцаў, у нізоўі — на 5 месяцаў. Суднаходная вясной на 984 км ад вусця.

т. 10, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕН-АНЖУ́,

парода буйной рагатай жывёлы мяснога кірунку. Выведзена ў Францыі скрыжаваннем парод мансель (мясц.) і дурхен (англ.). Гадуюць у Францыі. На Беларусі — у доследна-племянной гаспадарцы «Куранец» Вілейскага р-на.

Касцяк і галава цяжкія, лоб шырокі, шыя тоўстая, кароткая, тулава шырокае, доўгае, спіна прамая, грудзі глыбокія, паясніца кароткая, крыж доўгі, мясныя формы добра выяўленыя. Масць чырв., чырв.-пярэстая. Маса кароў 750—900, бугаёў 1200—1350 кг Скараспелыя. Мяса высокай якасці. Сярэдні гадавы надой 2,9 т (рэкордны 3,8 т). Непатрабавальныя да кармоў.

П.​П.​Ракецкі.

т. 10, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯСЦО́ВЫ ЧАС,

час, вызначаны для дадзенага месца на Зямлі. Адрозніваюць зорны час, сапраўдны сонечны час і сярэдні сонечны час. М.ч. залежыць ад геагр. даўгаты месца і аднолькавы для ўсіх пунктаў, размешчаных на дадзеным мерыдыяне зямным. Рознасць значэнняў М.ч. ў двух пунктах на Зямлі адпавядае рознасці іх даўгот (напр., рознасць даўгаты крайніх усх. і зах. пунктаў Беларусі складае 9°36′, у выніку чаго наступленне поўдня на У бывае на 38 мін раней, чым на З). М.ч. карыстаюцца пры дакладных кліматычных даследаваннях. У побыце М.ч. нярэдка няправільна наз. паясным часам.

т. 11, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРЫ́Н,

рака ў Кіргізіі і Узбекістане, правая састаўляючая р. Сырдар’я. Даўж. 807 км, пл. басейна 59,1 тыс. км². Пачынаецца з ледавікоў Цэнтр. Цянь-Шаня (да ўпадзення р. Малы Н. наз. Вял. Н.), цячэ ў міжгорнай даліне, месцамі ў вузкіх цяснінах. Сярэдні расход вады каля г. Учкурган (Узбекістан) 429 м³/с. Разводдзе ў маі. Выкарыстоўваецца для арашэння, пераважна зямель Ферганскай даліны. Ад Н. (каля г. Учкурган) пачынаецца Вялікі Ферганскі канал. На Н. — Курпсайская, Тактагульская, Таш-Кумырская, Учкурганская ГЭС і вадасховішчы; гарады Нарын, Таш-Кумыр (Кіргізія). У вярхоўях — Нарынскі запаведнік.

т. 11, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАН (ад лац. planum плоскасць),

1) чарцёж, які паказвае ва ўмоўных знаках на плоскасці частку зямной паверхні (гл. План мясцовасці).

2) Гарызантальны разрэз або від зверху якога-н. збудавання або прадмета (гл. План у архітэктуры).

3) Папярэдне намечаны парадак ажыццяўлення якой-н. праграмы, выканання працы, правядзення мерапрыемстваў (гл. Планаванне).

4) Задума, праект, асн. рысы якой-н. працы, пераказу (напр., П. даклада, п’есы).

5) Спосаб разгляду, пабудовы, падыходу да чаго-н. (напр., у тэарэт. П.).

6) Размяшчэнне аб’ектаў на выяве — першы, сярэдні, задні П. і іх памеры — буйны, дробны (напр., П. кінематаграфічны).

т. 12, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САСТАЎНО́Е ЯДРО́,

ядзерная сістэма, утвораная пры ядзернай рэакцыі ядром-мішэнню і часціцай, што наляцела на яго. Ядро няўстойлівае і распадаецца на канчатковыя прадукты рэакцыі праз кароткі час (сярэдні час жыцця ад 10​−22 да 10​−21 с). Уяўленне аб С.я. выказана Н.​Борам (1936).

Энергія, прынесеная часціцай, размяркоўваецца па ступенях свабоды С.я. У выніку стат. флуктуацый адна ці некалькі ядз. часціц могуць набыць энергію, дастатковую, каб пакінуць узбуджанае С.я. Гэты працэс падобны на працэс выпарэння вадкасці і вядзе да распаду С.я. (аналогія прапанавана Я.​І.​Фрэнкелем).

т. 14, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́КС,

рака ў Закаўказзі (вярхоўі ў Турцыі, ніжняе цячэнне ў Азербайджане); правы прыток Куры. На значным працягу па Араксе праходзіць мяжа Арменіі і Азербайджана з Турцыяй і Іранам. Даўж. 1072 км, пл. бас. 102 тыс. км². Пачынаецца на схілах хрыбта Бінгёль, у вярхоўях цячэ ў вузкай глыбокай даліне, у сярэднім цячэнні (на Арарацкай раўніне) даліна расшыраецца, рака падзяляецца на рукавы, нізоўі на Кура-Араксінскай нізіне. Жыўленне мяшанае. Разводдзе з сак. да чэрв., дажджавыя паводкі ў ліст.—снежні. Сярэдні расход вады 285 м³/с. Штогод выносіць 16 млн. т наносаў. Выкарыстоўваецца на арашэнне. На Араксе азерб.іранскі гідратэхн. комплекс.

т. 1, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГУ́НЬ,

рака ў Расійскай Федэрацыі і Кітаі, правая састаўляючая р. Амур. Па Аргуні праходзіць ч. граніцы Расіі з Кітаем. Даўж. 1620 км, пл. бас. 164 тыс. км² Пачынаецца ў гарах В.​Хінгана, у Кітаі, пад назвай Хайлар. Цячэ пераважна ў шырокай даліне, бліжэй да вусця даліна звужаецца. Жыўленне пераважна дажджавое. Сярэдні расход вады 340 м³/сек. Ледастаў з канца ліст. да пач. мая. У бас. Аргуні 1,8 тыс. азёраў агульнай пл. 50,9 км². Нерэгулярнае суднаходства ад с. Алочы (428 км). З 2-й пал. 17 ст. па Аргуні ішлі гандл. шляхі з Сібіры ў гарады Усх. Кітая.

т. 1, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАШЫ́ЦКІ ГАРАДО́К,

вадасховішча ў Беларусі, у Мінскім раёне, на р. Усяжа (за 52 км ад вусця), правым прытоку р. Гайна (бас. Дняпра). За 18 км на Пн ад Мінска, каля в. Астрашыцкі Гарадок. Створана ў 1946, рэканструявана ў 1970. Пл. 0,6 км², даўж. 2,2 км, найб. шырыня 0,65 км, найб. глыб. 6,5 м, аб’ём вады 1,2 млн. м³. Пл. вадазбору 114 км². Берагі слаба парэзаныя, складзеныя з пяскоў і супескаў, правы ўзгорысты, левы спадзісты. Сярэдні шматгадовы аб’ём сцёку ў створы плаціны 24,6 млн. м³. Зарастае. Месца адпачынку, на беразе дзіцячы санаторый.

Вадасховішча Астрашыцкі гарадок.

т. 2, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЫ НІЛ, Бахр-эль-Аб’яд,

назва р. Ніл у Судане, ад месца ўпадзення левага прытока р. Эль-Газаль да вусця Блакітнага Ніла. Даўж. 957 км, пл. бас. 1059 тыс. км². Важны прыток р. Собат (у час паводкі прыносіць шмат завіслага матэрыялу, які надае вадзе белаватае адценне; адсюль назва). Ад вусця Собата да вусця Блакітнага Ніла цячэнне запаволенае. Сярэдні расход вады ў вярхоўі каля 450 м³/с, ніжэй упадзення Собата павялічваецца да 800 м³/с (макс. — да 1500 м³/с). За 40 км ад г. Хартум — плаціна Гебель-Аулія. Воды Белага Ніла выкарыстоўваюцца на арашэнне. Рыбалоўства. Суднаходства.

т. 3, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)