ВЫСО́КІ ДРУК,

спосаб друкавання, пры якім фарба перадаецца на паперу або інш. матэрыял друкавальнымі элементамі друкарскай формы, размешчанымі вышэй заглыбленых прабельных. Выкарыстоўваецца для друкавання кніг, газет, шматфарбавых рэпрадукцый і інш. Адрозніваецца выразнасцю і рэзкасцю выявы, каляровай насычанасцю яе элементаў.

Высокі друк — самы даўні спосаб друкавання, яго вытокі — у культуры Карэі, Кітая, Японіі (8 ст.). Першыя друкарскія формы рабілі з гладкіх дошак, у якіх выразалі паглыбленні (прабельныя элементы), а некранутыя месцы стваралі выяву. Такія формы часам выкарыстоўваюць і цяпер у мастацкай рэпрадукцыі (гл., напр., Гравюра). З развіццём кнігадрукавання формы сталі састаўныя (з асобных літар і знакаў). Сучасныя тэкставыя формы высокага друку набіраюць на фотанаборных (часам на літара- і радкаадліўных) наборных машынах, а ілюстрацыі друкуюць з клішэ. У працэсе друкавання на друкарскіх машынах фарба спец. валікам наносіцца на элементы формы, якія выступаюць, затым форма паслядоўна прыціскаецца да паперы і пакідае на ёй адбітак. Высокі друк саступае месца (як і глыбокі друк) больш прагрэсіўным тэхналогіям (афсетны друк, камп’ютэрныя сістэмы).

Літ.:

Полянский Н.Н. Технология полиграфического производства: (Основы полиграфии). Ч. 2. Печатное и брошюровочно-переплетное производство. М., 1982.

Схема формы і адбітку высокага друку: а — форма з прабельнымі (1) і друкавальнымі (2) участкамі; б — форма з нанесенай фарбай (4) і прыціснутай паперай (3); в — папера з адбіткам фарбы.

т. 4, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАТВО́Р,

1) рухомая канструкцыя, якая цалкам або часткова перакрывае адтуліну і дае магчымасць рэгуляваць паступленне праз яе вадкасці, газу і інш. З. ў гідратэхнічных збудаваннях робяцца з металу, жалезабетону, дрэва; бываюць паверхневыя і глыбінныя; плоскія, сегментныя, шандорныя, вальцовыя, сектарныя, дыскавыя і інш. 2) Механізм фатаграфічнага апарата, які аўтаматычна рэгулюе працягласць экспанавання (вытрымку) фотаматэрыялу пры здымцы. Бываюць апертурныя (устанаўліваецца ўнутры аб’ектыва каля апертурнай дыяфрагмы) і факальныя (каля задняй факальнай плоскасці аб’ектыва). У залежнасці ад віду светлавых засланак падзяляюцца на дыскавыя (у т. л. абцюратар), пялёсткавыя, шторныя, ламельныя і інш. 3) Прыстасаванне ў агнястрэльнай зброі, прызначанае для дасылання патрона (артыл. выстралу) у патроннік (камору), запірання канала ствала з боку казённай часткі, выканання выстралу і выкідвання гільзы. Падзяляюцца на неаўтам., паўаўтам. і аўтам.; З. артыл. гармат — на клінавыя (вертыкальныя і гарызантальныя; выкарыстоўваюцца з пач. 17 ст.) і поршневыя (такі З. стварыў рус. вынаходнік У.​С.​Бараноўскі ў 1872).

Схема шторава-шчыліннага фатаграфічнага затвора: 1 — барабан; 2 — святлонепранікальныя шторкі; 3 — тасёмкі шторак; 4 — шчыліна; 5 — плёнка; 6 — гільзы шторак.
Затворы артылерыйскіх гармат: а — клінавы вертыкальны ў гармат малых калібраў (1 — казённік, 2 — клін); б — поршневы ў гармат сярэдніх і буйных калібраў (1 — рукаятка рамы, 2 — поршань; 3 — затворнае гняздо казённіка).

т. 7, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНА́ТНАЯ ДАРО́ГА,

збудаванне для транспартавання грузаў і пасажыраў у падвесных ваганетках (цялежках, крэслах, кабінах), якія рухаюцца па стальных канатах, нацягнутых паміж апорамі. Бываюць грузавыя, пасажырскія і камбінаваныя, 2- і 1-канатныя, з кальцавым і маятнікавым рухам ваганетак. Будуюць у горных, перасечаных і інш. цяжкадаступных мясцовасцях, гарадах, перагружаных наземным транспартам.

Грузавыя К.д. звычайна 2-канатныя з кальцавым рухам ваганетак. Вугал пад’ёму да 30° і больш, скорасць да 3,3 м/с і больш. Выкарыстоўваюцца ў гарнаруднай, металургічнай, хім. і інш. галінах прам-сці. Пасажырскія К.д. бываюць 2-канатныя з маятнікавым і кальцавым рухам вагонаў (на 12—100 або 4 чал.) і 1-канатныя (звычайна кальцавыя) з жорстка замацаванымі 1- або 2-меснымі сядзеннямі. Вышыня пад’ёму да 3 км, скорасць руху 1,5—11 м/с. У горнай мясцовасці пашыраны 1-канатныя буксіровачныя К.д. для гарналыжнікаў. Бываюць і наземныя К.д. для перамяшчэння ваганетак і інш. трансп. сродкаў па вузкакалейных рэйкавых пуцях, пракладзеных па крутым пад’ёме. Выкарыстоўваюцца ў кар’ерах, на прамысл. прадпрыемствах і інш.

І.​І.​Леановіч.

Схема падвеснай канатнай дарогі: 1 — механізм нацяжэння канатаў; 2 — вагоны; 3 — накіравальная рэйка для зняцця вагонаў з канатаў; 4 — лябёдка; 5 — нерухомы канат, па якім коцяцца вагонныя колы; 6 — рухомы канат, які цягне вагоны паміж станцыямі.

т. 7, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́НТАВЫЯ СТАНДА́РТЫ ЧАСТАТЫ́,

устройствы для атрымання эл.-магн. ваганняў з вельмі стабільнай у часе частатой або для дакладнага вымярэння частаты ваганняў. З’яўляюцца асновай эталонаў часу і даўжыні, шырока выкарыстоўваюцца ў вымяральнай тэхніцы, навігацыі, метралагічнай службе.

Заснаваны на выкарыстанні найб. стабільных квантавых пераходаў (у звышвысокачастотным і аптычным спектрах) атамаў, іонаў або малекул з аднаго энергет. ўзроўню на другі. Аснову К.с.ч. складае квантавы рэпер частаты — прыстасаванне, якое дазваляе назіраць выбраную спектральную лінію, а таксама электронная схема пераўтварэння частаты рэпера ў іншыя частотныя дыяпазоны. У актыўных К.с.ч. выкарыстоўваецца індуцыраванае выпрамяненне эл.-магн. хваль, частата якіх служыць стандартам або апорнай частатой. Па сутнасці гэта квантавыя генератары, разнавіднасцямі якіх з’яўляюцца: вадародны генератар (актыўным асяроддзем служыць атамарны вадарод, што выпраменьвае на даўжыні хвалі λ=21 см з надзвычай малой шырынёй спектральнай лініі); малекулярны генератар (на пучку малекул аміяку); лазер на вуглякіслым газе. У пасіўных К.с.ч. частата ваганняў, якая вымяраецца, параўноўваецца з частатой ваганняў, адпаведных пэўнай спектральнай лініі. Да іх належыць К.с.ч. на пучку атамаў цэзію (цэзіевая атамна-прамянёвая трубка), які працуе ў рэжыме квантавага гадзінніка (хібнасць 10​−14). Ёсць таксама актыўныя і пасіўныя К.с.ч. з аптычнай напампоўкай пары цэзію або рубідыю.

Літ.:

Григорьянц В.В., Жаботинский М.Е., Золин В.Ф. Квантовые стандарты частоты. М., 1968;

Время и частота: Пер. с англ. М., 1973.

Г.​С.​Круглік.

т. 8, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЗЕ́МНАЯ РАСПРАЦО́ЎКА РАДО́ВІШЧАЎ,

сістэмы горна-тэхн. працэсаў па здабычы карысных выкапняў з нетраў зямлі. Найб. пашырана распрацоўка цвёрдых выкапняў (руд, нярудных выкапняў, вуглёў) шахтавым спосабам з утварэннем горных вырабатак (у шахтах, на рудніках). Выкарыстоўваецца таксама свідравінны спосаб здабычы адносна мяккіх выкапняў, калі іх разбурэнне і транспартаванне адбываецца за кошт энергіі вадзяных струменяў (патокаў), і інш. спосабы змены агрэгатнага стану рэчыва (напр., ператварэння вугалю ў гаручы газ пры падземнай газіфікацыі вугалю).

Пры шахтавым спосабе робяцца раскрыўныя работы, падрыхтоўка радовішча да эксплуатацыі, выманне выкапняў з выкарыстаннем мех. і выбуховага разбурэння забояў, горных мацаванняў вырабатак, транспартавання горнай масы. Свідравінны спосаб уключае стварэнне буравой свідравіны, разбурэнне пласта выкапня і ператварэнне яго ў гідрасумесь гідрадынамічным, ультрагукавым і інш. метадамі, адпампоўку гідрасумесі на паверхню. Шырока выкарыстоўваецца для здабычы солей іх растварэннем і адпампоўкай расолаў на паверхню.

На Беларусі П.р.р. шахтавым спосабам ажыццяўляецца пры здабычы калійнай солі (акрамя гідраздабычы) на Старобінскім радовішчы; свідравінны спосаб — пры здабычы кухоннай солі на Мазырскім радовішчы.

Б.​А.​Багатаў, П.​Я.​Антонаў.

Падземная распрацоўка радовішчаў: а — агульная схема распрацоўкі (1 — руднае цела, 2 — квершлаг, 3 — клецевы пад’ём, 4 — скіпавы пад’ём, 5 — капры); б — механагідраўлічным спосабам (1 — вадавод, 2 — грунтапомпа, 3 — пульпаправод вертыкальны, 4 — пульпаправод штрэкавы, 5 — механа-гідраўлічны камбайн); в — гідраманіторным спосабам (1 — вадавод, 2 — гідраманітор).

т. 11, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАВЫ́ КАЦЁЛ,

кацёл для атрымання пары пад ціскам, вышэйшым за атмасферны. Бываюць газа- і вадатрубныя, з шматразовай цыркуляцыяй і праматочныя. Парапрадукцыйнасць да 4000 т/гадз пры ціску пары 25 МПа і больш, ккдз 93—95%.

У газатрубных П.к. газападобныя прадукты згарання паліва праходзяць па стальных трубах, а вада цыркулюе ў міжтрубнай прасторы. Адрозніваюць жаратрубныя (напоўненую вадой прастору — барабан пранізваюць 1—2 жаравыя трубы вял. дыяметра) і дымагарныя (у днішчы гарыз. барабана ўвальцавана мноства дымагарных труб, па якіх праходзяць дымавыя газы). Газатрубныя П.к. выкарыстоўваліся на параходах, паравозах, стацыянарных парасілавых устаноўках і інш. Выцеснены вадатрубнымі П.к., у якіх вада і паравадзяная сумесь рухаюцца па стальных трубах, што абмываюцца звонку газападобнымі прадуктамі згарання паліва. Найб. пашыраны барабанныя вадатрубныя П.к. з верт. размяшчэннем труб. Маюць натуральную або шматразова прымусовую цыркуляцыю вады, 1 або некалькі барабанаў пад ціскам, у якіх адбываецца раздзяленне вады і пары. Прамацёчныя вадатрубныя П.к. — з аднаразовай прымусовай цыркуляцыяй. Складаюцца з вял. колькасці паралельна ўключаных змеевікоў з метал. трубак, вада ў якія падаецца сілкавальнай помпай і на выхадзе катла пераўтвараецца ў перагрэтую пару. Вадатрубныя П.к. выкарыстоўваюцца на цеплавых электрастанцыях і прамысл. кацельных устаноўках.

Схема жаратрубна-дымагарнага (лакамабільнага) паравога катла: 1 — газавая фарсунка; 2 — жаравая труба; 3 — дымагарныя трубы; 4 — засцерагальны клапан.

т. 12, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНЕТА́РЫЙ (ад новалац. planetarium),

апарат для мадэліравання і дэманстрацыі выгляду зорнага неба, узаемнага размяшчэння планет і руху іх вакол Сонца, руху штучных нябесных цел, паказу розных астр. з’яў. Першы мех. П. пабудаваны ў 1712 у Англіі, з 1920-х г. пашыраны аптычныя П. Аснова П. — праекцыйны апарат.

П. устанаўліваюць у цэнтры круглага памяшкання з паўсферычным купалам-экранам (дыяметр самых вял. купалаў 25 м і болей). Відарысы зорак праецыруюцца 2 праектарамі ў выглядзе шароў (адзін для праецыравання Паўн. паўшар’я неба, другі — Паўднёвага). Відарысы інш. нябесных цел, асн. лініі нябеснай сферы, назвы ствараюцца дапаможнымі праектарамі і спец. прыладамі, размешчанымі паміж шарамі. Найб. сучасныя П. вырабляюцца ў Германіі, Японіі, ЗША. П. таксама наз. культ.-асв. ўстанова, дзе чытаюцца лекцыі па астраноміі з адпаведнымі дэманстрацыямі.

На Беларусі П. дзейнічаюць у Мінску ў парку імя Горкага (для ўсеагульнага карыстання) і пед. ун-це імя М.​Танка (для навуч. мэт).

А.​А.​Шымбалёў.

Схема планетарыя: 1 — паўночны і паўднёвы шары з праектарамі зорнага неба; 2 — паўночны і паўднёвы шары з праектарамі назваў сузор’яў; 3 — праектары Млечнага Шляху; 4 — праекцыйныя механізмы Сонца, Месяца і планет; 5 — праектар зоркі Сірыус; 6 — прылада для дэманстравання сонечных і месяцавых зацьменняў; 7 — праектар нябеснага мерыдыяна; 8 — праектары нябеснага экватара і экліптыкі.

т. 12, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАВА́НІЦКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,

помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва 19 ст. ў в. Раванічы Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. Створаны ў 1-й пал. 19 ст. ў паўн. ч. вёскі ў б. маёнтку мінскага маршалка Л.​Слатвінскага. Уключаў палац, фланкіраваны 2 флігелямі, гасп. пабудовы, парк. Цэнтрам комплексу быў класіцыстычны палац, што размяшчаўся на ўзвышшы. Мураваны прамавугольны ў плане 1-павярховы на цокальным паверсе будынак пад вальмавым дахам. Гал. і паркавы фасады вылучаны ў цэнтры 4-калоннымі мансардавымі порцікамі дарычнага ордэра з трохвугольнымі франтонамі. 2 бакавыя лесвіцы порціка гал. фасада вядуць на тэрасу, з якой зроблены гал. ўваход. Плоскасныя фасады палаца рытмічна расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, дэкарыраваны сандрыкамі, вуглавымі лапаткамі. У пач. 20 ст. ў будынку размяшчалася суконная ф-ка. У 1952 палац адноўлены, у ім размешчана сельская бальніца. Флігелі — 1-павярховыя кампактныя прамавугольныя ў плане будынкі пад 2-схільнымі дахамі. Парк пейзажнага тыпу, з садам (пл. 11 га), закладзены ў сярэдзіне 19 ст. Вакол асн. ч. парку — кальцавая пейзажная дарога ў форме эліпса. У парку расце каля 60 відаў і форм экзотаў. Парк аддзелены ад дарогі, якая вядзе з вёскі, сістэмай сажалак, звязаных з р. Уша.

А.​М.​Кулагін, В.​Р.​Анціпаў.

Раваніцкі палацава-паркавы комплекс. Схема планіроўкі парку.
Раваніцкі палацава-паркавы комплекс. Галоўны фасад палаца.

т. 13, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁЛАКАЦЫ́ЙНАЯ СТА́НЦЫЯ, радыёлакатар, радар,

радыёэлектронная сістэма, што забяспечвае знаходжанне і распазнаванне аб’ектаў (цэлей) і інш. характарыстык з дапамогай адбітых ад іх (выпрамяняемых імі) радыёхваль; сродак радыёлакацыі. Асн. паказчыкі Р.с.: далёкасць дзеяння, дакладнасць вызначэння і вымярэння каардынат цэлей і параметраў іх руху; распазнавальная здольнасць па далёкасці, скорасці і інш. велічынях; перашкодаўстойлівасць; скрытнасць работы і інш.

Першыя Р.с. для выяўлення самалётаў з’явіліся ў Вялікабрытаніі (1936). У СССР вытв-сць Р.с. пачалася ў 1939. У склад Р.с. ўваходзяць: радыёперадатчык; антэна-фідэрная сістэма (гл. Антэна, Фідэр), радыёпрыёмнік; індыкатар, на экране якога фіксуюцца даныя аб аб’екце; кіравальнае прыстасаванне, што ўзгадняе ўзаемадзеянне асн. вузлоў. Атрыманыя даныя апрацоўваюцца на ЭВМ. Далёкасць дзеяння вызначаецца ўмовамі распаўсюджвання радыёхваль, магутнасцю радыёперадатчыка і адчувальнасцю радыёпрыёмніка. Адрозніваюць Р.с. наземныя (перасоўныя і стацыянарныя), карабельныя і бартавыя (на самалётах, ракетах і інш.). Выкарыстоўваюцца для кіравання рухам і пасадкай лятальных апаратаў, вызначэння каардынат аб’ектаў, курсу і скорасці перамяшчэння караблёў, самалётаў і інш., таксама для патрэб астраноміі, геадэзіі, метэаралогіі і інш.

Літ.:

Аверьянов В.Я. Разнесенные радиолокационные станции и системы. Мн., 1978;

Ширман Я.Д., Манжос В.Н. Теория и техника обработки радиолокационной информации на фоне помех. М., 1981.

В.​І.​Вараб’ёў.

Радыёлакацыйная станцыя: а — знешні выгляд; б — структурная схема: 1 — рэфлектар; 2 — выпрамяняльнік; 3 — механізм варочання і нахілу; 4 — паказальнік азімута; 5 — паказальнік вугла месца.

т. 13, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНТЫЛЯ́ЦЫЯ,

замена забруджанага паветра чыстым у памяшканнях, збудаваннях, апаратах і інш. Стварае спрыяльныя ўмовы для працы і адпачынку людзей, правядзення тэхнал. працэсаў, захоўвання абсталявання, канструкцый, матэрыялаў, прадуктаў, кніг, карцін і інш. Вентыляцыя бывае: натуральная і мех. (робіцца вентылятарамі); выцяжная, прытокавая, прытокава-выцяжная; агульнаабменная і мясцовая.

Арганізаваная натуральная вентыляцыя (аэрацыя) ажыццяўляецца праветрываннем праз фрамугі ў вокнах, сценах, вентыляцыйныя ліхтары, неарганізаваная — праз поры і няшчыльнасці агараджальных канструкцый будынка. У жылых памяшканнях выкарыстоўваецца выцяжная вентыляцыя, у цэхах і вытв. будынках — выцяжная і прытокава-выцяжная. Пры мясц. выцяжной вентыляцыі шкодныя рэчывы выдаляюцца з месца іх утварэння з дапамогай мясц. адсмоктвальнікаў (выцяжных шафаў, парасонаў і інш.). Мясц. прытокавая вентыляцыя робіцца паветр. душамі, заслонамі, аазісамі ў гарачых цэхах, каб стварыць спрыяльны мікраклімат у абмежаванай прасторы (на рабочым месцы). Прытокавая вентыляцыя забяспечвае награванне, ахаладжэнне і ўвільгатненне паветра, ачыстку яго ад пылу і газаў. Агульнаабменная вентыляцыя заснавана на разбаўленні шкодных рэчываў, што ёсць у памяшканні, а таксама цеплыні і пары чыстым паветрам да патрэбнай нормы. Яна стварае ў вытв. і грамадскіх будынках аднолькавыя паветр. ўмовы ва ўсіх памяшканнях. Для ачысткі прыточнага паветра ад пылу ўстанаўліваюць паветр. фільтры, а для ачысткі паветра, якое выдаляецца мясц. адсмоктвальнікамі, — пылаўлоўнікі, абсорберы і адсорберы. У прамысл. будынках вентыляцыя ажыццяўляецца праз вентыляцыйныя каналы і паветраводы.

Схема механічнай прытокава-выцяжной вентыляцыі: 1 — паветразаборная шахта; 2 — прытокавыя каналы; 3 — выцяжныя каналы; 4 — выцяжны вентылятар; 5 — вентылятар; 6 — каларыферы; 7 — фільтр.

т. 4, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)