ПІ́НДАР (Pindaros; каля 518 да н.э., Кінаскефалы, каля г. Фівы, Грэцыя — каля 442 ці 438 да н.э.),
старажытнагрэчаскі паэт; буйнейшы прадстаўнік харавой мелікі (лірыкі). Праславіўся эпінікіямі — гімнамі (па памерах — лірычныя паэмы) у гонар пераможцаў агульнаэлінскіх спарт. гульняў. З 17 кніг яго твораў захаваліся 4, якія ўключаюць 45 эпінікіяў. У іх роздум пра магутнасць багоў, міфічных герояў, продкаў пераможцаў, заклік да ўсебаковага развіцця закладзеных у чалавеку магчымасцей. Эпінікіі П. адметныя надзвычай складанымі сінтаксісам, метафорыкай, непрадказальнай асацыятыўнасцю. Яго стыль паўплываў на фарміраванне т.зв. піндарычнай оды ў еўрап. л-ры, а таксама філас. і духоўнага гімна ў вольных рытмах.
Тв.:
Рус.пер. — у кн.: Античная лирика. М., 1968;
У кн.: Пиндар. Вакхилид: Оды. Фрагменты. М., 1980.
Літ.:
Гринбаум Н.С. Язык древнегреческой хоровой лирики: (Пиндар). Кишинев, 1973;
Синило Г.В. Гёльдерлин и Пиндар // Весн. БДУ. Сер. 4. 1990. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЎБІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры несапраўднай готыкі каля спарт. комплексу «Раўбічы» (Мінскі р-н). Пабудаваны ў 1858—62 з цэглы на месцы драўлянага касцёла 18 ст. У 1866 ператвораны ў правасл. царкву. У 1880 перад храмам пастаўлены драўляныя званіца і капліца (не захаваліся). У 1975—78 будынак рэстаўрыраваны (арх. Л.Паўлава) і прыстасаваны пад Музей беларускага народнага мастацтва. Манум. 1-нефавы будынак на магутным бутавым цокалі з капліцамі каля алтара. Гал. фасад фланкіраваны 3-яруснымі 8-граннымі вежамі з шатровымі завяршэннямі. Высокі шмат’ярусны атыкавы франтон паміж імі падкрэслівае форму стральчатага ўваходнага партала з ганкам з абчасанага каменю. У дэкоры гал. фасада выкарыстаны накладныя 3-ярусныя пілоны з перакінутымі паміж імі стральчатымі броўкамі. Над парталам — гатычнае акно-ружа. Рытм бакавых фасадаў створаны чаргаваннем магутных контрфорсаў і стральчатых аконных праёмаў з фігурнымі дубовымі пераплётамі і вітражамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСЦІ́НІЦА,
будынак са спецыялізаванымі памяшканнямі для часовага пражывання асоб, якія прыязджаюць у населены пункт.
Гасцініцы адрозніваюцца: па прызначэнні — агульнага тыпу, ведамасныя, атэлі, бізнес-атэлі, турысцкія для аўтатурыстаў, матэлі, кемпінгі, курортныя, спарт., для транзітных пасажыраў (пры вакзалах); па ўмяшчальнасці — малыя (да 100 месцаў), сярэднія (100—500 месцаў) і вялікія (больш за 500 месцаў); залежна ад узроўню камфорту — «люкс», вышэйшы (А, Б), 1-, 2-, 3- і 4-разрадныя, на захадзе — па колькасці «зорак» — 3-, 4-, 5-зоркавыя гасцініцы; паводле рэжыму эксплуатацыі (круглагадовыя, сезонныя); па месцы знаходжання (горад, пасёлак, курорт і г.д.). У складзе гасцініцы вылучаюць памяшканні: жылыя (нумары), прыёму, сервісу, грамадскага харчавання (кавярня, рэстаран), адм., гаспадарчыя. Пры высокакамфартабельных гасцініцах ёсць памяшканні культ.-масавыя (канцэртныя, выставачныя, канферэнц-залы, б-кі), спарт. аздараўленчыя (басейны, сауны, кегельбаны). Гасцініца ўзнікла ў глыбокай старажытнасці. У Еўропе ролю гасцініцы выконвалі харчэўні, аўстэрыі, заезныя дамы, корчмы; у краінах Пярэдняга Усходу, Сярэдняй Азіі, Закаўказзя — караван-сараі (9—14 ст.). На Беларусі паходзяць ад гасцінага двара.
У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. пераважалі невялікія гасцініцы (5—20 месцаў, сярод іх вылучаліся памерамі «Парыж» у Магілёве, «Еўропа» ў Мінску). У 1930—40-я г. ўзведзены гасцініцы «Свіслач», Бел.ваен. акругі (1941, арх. Г.Якушка) у Мінску, «Дняпро» ў Магілёве і інш. Развіццё культ.-гасп. сувязей, турызму абумовіла буд-ва буйных гасцініц: «Мінск» (арх. Г.Баданаў, Г.Сысоеў, у сааўт.), «Планета», «Кастрычніцкая», «Беларусь» у Мінску, «Гродна» ў Гродне, «Сож» (арх. В.Бурлака) у Гомелі, «Маладзечна» (арх. Крывашэеў) у Маладзечне і інш. Будынкі гасцініц у меншых гарадах (Баранавічы, Ліда, Масты) і сельскай мясцовасці (в. Верцялішкі Гродзенскай вобл.) уваходзяць у склад грамадскіх цэнтраў. Сучасныя гасцініцы вызначаюцца буйнымі пластычнымі арх. формамі, высокім узроўнем вонкавай і ўнутр. аддзелкі. У маст. вырашэнні фасадаў і інтэр’ераў значнасць набывае сінтэз архітэктуры, скульптуры, жывапісу. У 1997 на Беларусі 251 гасцініца на 25 904 месцы (акрамя гасцініц для турыстаў і экскурсій).
В.І.Анікін.
Гасцініца «Еўропа» ў Мінску. Пач. 20 ст.Гасцініца «Гродна» ў Гродне. 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ПІНГ (англ. doping ад dope даваць наркотык),
стымуляцыя псіхафіз. актыўнасці спартсмена з дапамогай фармакалагічных сродкаў і метадаў. прызнаных Мед. камісіяй Міжнар.алімп.к-та (МАК) допінгавымі. У спіс допінгавых сродкаў уваходзяць: узбуджальныя (амфетамін, эфедрын, кафеін); абязбольваючыя наркатычныя (марфін, кадэін, какаін і інш.); андрагенна-анабалічныя стэроіды (метанабол. 19-нортэстастэрон, станазалол, тэстастэрон); мачагонныя (фурасемід, гідрахлоратыязід, ацэтазаламід, аміларод і інш. для хуткага штучнага зніжэння масы цела, прыспешваюць працэс выдзялення мачы, што зніжае канцэнтрацыю ў ёй допінгавых субстанцый і перашкаджае іх выяўленню); пептыдныя гармоны і іх аналагі (плацэнтны ганадатрапін, кортыкатрапін, самататрапін, эрытрапаэтын). Д. з’яўляюцца таксама сродкі, выкарыстанне якіх не забаронена, але мае пэўныя абмежаванні; алкаголь, марыхуана, сродкі мясц. абязбольвання. У абгрунтаваных мед. паказаннямі выпадках дазваляецца выкарыстанне пракаіну, лідакаіну (ксілакаіну), карбакаіну. Кортыкастэроіды могуць выкарыстоўвацца толькі мясцова пры захворваннях вушэй, вачэй, скуры, пры інгаляцыйнай тэрапіі (астма, алергічны насмарк) і бэта-адрэналітыкі (прапраналол і інш.). Допінгавымі метадамі лічацца аўтатрансфузія (пераліванне ўласнай крыві), гетэратрансфузія (пераліванне донарскай крыві), пераліванне прэпаратаў, які маюць эрытрацыты (з уласнай або донарскай крыві), фармацэўтычныя, хім., фіз. маніпуляцыі з мэтай падмены саставу пробы біял. вадкасці.
Пошукі пазатрэніровачных спосабаў стымуляцыі псіхафіз. магчымасцей чалавека вяліся яшчэ ў старажытнасці. З канца 19 ст. ў спарт. дысцыплінах, што патрабуюць доўгатэрміновага напружання (напр., веласіпедны спорт), выкарыстоўвалі кафеін, алкаголь, эфір, стрыхнін і абязбольваючыя наркатычныя сродкі. Першыя антыдопінгавыя даследаванні (пачынальнік польскі фармацэўт А.Букоўскі) праведзены ў пач. 20 ст. на скакавых конях на іпадромах Будапешта, Варшавы, Вены. У 1950—60-я г. фармацэўтычныя сродкі пачалі шырока выкарыстоўваць у многіх відах спорту. Першы смяротны выпадак зафіксаваны ў час Алімп. гульняў у 1960 у Рыме (у выніку злоўжывання амфетаміну і вял. напружання пры высокай тэмпературы паветра памёр дацкі веласіпедыст К.Енсен). У 1967 МАК стварыў Мед. камісію, якая распрацавала правілы антыдопінгавага кантролю. На 94-й сесіі МАК (1988, Сеул) прыняты тэкст Міжнар.алімп. антыдопінгавай хартыі, якая вызначае прынцыпы барацьбы з Д., ролю і задачы ў ёй спарт і ўрадавых арг-цый. У 1989 Антыдопінгавая хартыя прынята Саветам Еўропы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСПУБЛІКА́НСКАЯ СТУ́ДЫЯ ТЭЛЕБА́ЧАННЯ Пачала рэгулярнае вяшчанне з 1.1.1956 у Мінску. Напачатку Мінскі тэлецэнтр меў часовую студыю, разлічаную на аднапраграмнае вяшчанне з сярэднясутачным аб’ёмам 6 гадз, радыус дзеяння каля 60 км. У ліп. 1957 арганізавана перадача з дапамогай перасоўнай тэлевізійнай станцыі. У 1958—69 уведзены ў дзеянне тэлецэнтры ў Гомелі, Віцебску, Брэсце, Гродне. З 1962 пачалося вяшчанне па 2, з 1972 — па 3 праграмах. У 1962 адбыўся выхад бел. тэлебачання на Інтэрбачанне. У 1965 на Мінскім тэлецэнтры пачаў працаваць відэамагн. запіс. З вер. 1974 Р.с.т. стала рэгулярна ўключаць у праграму каляровыя перадачы ўласнай вытв-сці, з 1981 пачала працаваць на самаст. канале, адбыўся поўны пераход рэсп. вяшчання на каляровы стандарт. У склад Р.с.т. ўваходзяць інфарм. агенцтва і 6 дырэкцый: вяшчання 1-га нац. канала; маст.; спарт.; грамадска-паліт.; перспектыўнага вяшчання; спец. праектаў. Як сродак электроннай масавай інфармацыі, прапаганды і камунікацыі, асветы, выхавання, арганізацыі вольнага часу насельніцтва функцыянуе ў адпаведнасці з прынцыпамі праграмнага планавання, дакументальна зафіксаванымі ў т.зв. сетцы эфірнага вяшчання. Яна прадугледжвае перыядычнасць выхаду цыклавых праграм, збалансаванасць відаў вяшчання (інфарм., сац., пазнавальнага, спарт., маст., забаўляльнага), размеркаванне перадач на працягу дня ў адпаведнасці з узростам, сац. і прафес. катэгорыямі гледачоў, а таксама рэйтынгам тэлепрадукцыі. Паводле структуры тэлевізійнае вяшчанне падзяляецца на ўласнае (падрыхтаванае супрацоўнікамі бел. тэлебачання) і мясц. (агульны аб’ём прадукцыі, што выходзіць на экран; уласнае вяшчанне, заказное, дэманстрацыя тыражаваных кінафільмаў, паўторы перадач, спектакляў, канцэртаў і інш.). У канцы 1997 распрацавана і прынята канцэпцыя пад дэвізам «Зямля пад белымі крыламі», у якой вызначаны асн. кірункі палітыкі вяшчання нац. канала. Р.с.т. прымае ўдзел у ажыццяўленні праектаў — Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь, тэлефестываль бел. песні «На скрыжаваннях Еўропы», рэсп. фестываль камернай музыкі «Музы Нясвіжа», Маладзечанскі фестываль песні і паэзіі, фестываль-кірмаш «Дажынкі», міжнар. фестывалі «Славянскі базар», «Залаты шлягер» і спец. акцый, прысвечаных юбілейным датам і інш. Перадачы бел. тэлебачання поўнасцю ахопліваюць тэр. Беларусі. На 2001 адзіная праграмная сетка мае 6 тэлецэнтраў і 23 рэтранслятары. Р.с.т. ўваходзіць у склад Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕГ,
хуткае перамяшчэнне, адзін з відаў фізічных практыкаванняў; састаўная частка амаль усіх відаў спорту. У лёгкай атлетыцы бег складае каля 2/3 усіх яе відаў. Спаборніцтвы па бегу праводзіліся ў Стараж. Егіпце, Асірыі, Стараж. Грэцыі; бег быў асновай стараж. Алімпійскіх і інш. гульняў. Адрозніваюць бег аздараўленчы і спарт., гладкі (па роўнай паверхні — дарожка стадыёна, шаша) і з перашкодамі (бар’ерны, стыпльчэйз, крос). Паводле відаў бег падзяляюць на спрынт (бег на кароткія дыстанцыі — 60, 100, 200, 400 м), мітэльштрэкерскі (на сярэднюю адлегласць — 800, 1000, 1500, 2000 м), стаерскі (на доўгія і звышдоўгія дыстанцыі — 3000, 5000, 10 000, 20 000, 30 000 м), марафонскі бег (42 км 195 м), бар’ерны (100, 110, 200, 400 м, на кожнай дыстанцыі па 10 бар’ераў), стыпльчэйз (3000 м, 5 бар’ераў, пасля апошняга — яма з вадой). Усе спаборніцтвы па бегу, за выключэннем марафона, кросу і звышдоўгіх дыстанцый, праводзяць на стадыёнах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКРАБА́ТЫКА (ад грэч. akrobatēs які падымаецца ўверх),
1) від спорту (спартыўная акрабатыка). Уключае шматлікія фіз. практыкаванні (вылучаюць 2 асн. групы: скачковая акрабатыка і сілавая — стойкі, піраміды і інш.). Удзельнічаюць мужчыны і жанчыны паасобку, з партнёрам (у т. л. мяшаныя пары), групай. Часам выкарыстоўваюць спец. прылады (трамплін, батут). Чэмпіянаты свету па акрабатыцы праводзяцца з 1964. На Беларусі гурткі акрабатыкі існавалі з сярэдзіны 1930-х г., як спорт развіваецца з 1946. Сярод бел. акрабатаў чэмпіёны свету і Еўропы Ю.Зікуноў (1974), В.Біндлер, чэмпіёны СССР А.Колесава (1952), В.Бірукоў (1957), А. і М.Туманавы (1963), Л.Зданюк (1966—67), А.Базылеў (1974).
2) Від фіз. практыкаванняў накшталт гімнастычных. Шырока выкарыстоўваецца ў розных відах спорту (спарт. гімнастыка, скачкі ў ваду, фрыстайл і інш.), а таксама пры спец.фіз. падрыхтоўцы лётчыкаў і касманаўтаў.
3) Жанр цыркавога і эстраднага мастацтва, гл.Акрабатычнае мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎЧУ́К НАТУРА́ЛЬНЫ,
высокаэластычны матэрыял, прадукт расліннага паходжання, асн. кампанент якога палімер ізапрэну. Атрымліваюць каагуляцыяй латэксу натуральнага — млечнага соку каўчуканосных раслін, пераважна гевеі бразільскай. Прамысл. сарты К.н. — смокед-шытс і крэпы маюць 5—7% па масе некаўчукавых рэчываў (бялкоў, ліпідаў, смол і інш.), якія ўплываюць на яго стабільнасць і ўмовы перапрацоўкі.
Поліізапрэн К.н. мае 98—100% звёнаў ізапрэну ў 1,4-цыс канфігурацыі (стэрэарэгулярны поліізапрэн). Пры т-ры вышэй за 10 °C аморфнае рэчыва, шчыльн. 913 кг/м³, т-ра шклавання ад -70 да -72 °C, крышталізуецца пры ахаладжэнні ніжэй за -10 °C ці пры расцяжэнні. Не раствараецца ў вадзе, ацэтоне, этаноле. Набракае, а потым раствараецца ў бензіне, эфіры, бензоле, талуоле. Вулканізацыяй К.н. атрымліваюць высокаэластычную, зноса- і марозаўстойлівую гуму. Выкарыстоўваюць у вытв-сці шын, гумава-тэхн. вырабаў, кляёў, эбаніту, электраізаляцыйных матэрыялаў, гумавых вырабаў санітарна-гігіенічнага, мед., харч. і спарт. прызначэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЧЫ́НЫЯ (Anatidae),
сям. вадаплаўных птушак атр. гусепадобных. 3 падсям., 47 родаў, 146 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Большасць пералётныя птушкі, ёсць нелятаючыя віды. На Беларусі 2 падсям., 34 віды. У Чырв. кнізе МСАП — 12 відаў і 3 падвіды, Беларусі — 8 відаў: гогаль, свіязь, шылахвостка, казарка чырвонаваллёвая (гл.Казаркі), крахалі вялікі і даўгадзюбы, лебедзь-шыпун (гл.Лебедзі), чэрнець белавокая (гл.Чэрнеці).
Даўж. 29—150 см, маса 0,2—13 кг. Дзюба шырокая, краі наддзюб’я і паддзюб’я ўтвараюць цадзільны апарат. Шыя доўгая, цела пранікападобнае, апярэнне шчыльнае, густое, з пухам. Ліняюць 2 разы на год. Крылы доўгія, завостраныя, хвост кароткі. Маюць 4 пальцы, 3 пярэднія злучаны плавальнай перапонкай. Многія К. добра ныраюць, здабываюць раслінны і жывёльны корм у вадзе ці на дне вадаёмаў. Характэрны палавы дымарфізм. Манагамы. Гнёзды робяць на зямлі, у расколінах скал, дуплах або норах. Нясуць 2—16 яец. Птушаняты вывадковыя. Аб’екты спарт. і прамысл. палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАХАЛІ́ (Mergus),
род вадаплаўных птушак сям. качыных атр. гусепадобных. 7 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і (5 відаў), у тропіках Паўд. Амерыкі (1 від), на астравах Окленд (1 від, магчыма, вымерлы). Жывуць на рыбных рэках і азёрах. На Беларусі 3 віды: луток, К. вялікі (M. merganser) і К. даўгадзюбы (M. serrator). К. вялікі і даўгадзюбы гняздуюць у паўн.ч. Беларусі, луток — на Палессі. К. лускаваты (M. squamatus) і К. бразільскі (M. octosetaceus) занесены ў Чырв. кнігу МСАП, К. вялікі і даўгадзюбы — у Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. да 80 см, маса да 2 кг. Дзюба доўгая, вузкая, з вострымі рагавымі зубцамі па краях. На патыліцы чубок. Кормяцца рыбай, воднымі насякомымі, малюскамі. Ныраюць на глыб. да 4 м. Гнёзды на зямлі, у расколінах скал, у дуплах. Нясуць да 15 яец. Аб’ект спарт. палявання.
Крахалі: 1 — вялікі; 2 — даўгадзюбы; 3 — луток (а — самец, б — самка).