складаныя арган. злучэнні (нуклеатыды), 51-фосфарныя эфіры адэназіну. Маюць у сабе адэнін, рыбозу і 1 (адэназінмонафосфарная — адэнілавая к-та, АМФ; вядома таксама яе цыклічная форма, гл. ў арт.Цыклічныя нуклеатыды), 2 (адэназіндыфосфарная к-та, АДФ) ці 3 (адэназінтрыфосфарная кіслата; АТФ) астаткі фосфарнай к-ты. Знаходзяцца ў клетках усіх жывёльных і раслінных арганізмаў у сумарнай канцэнтрацыі 2—15 мМ (каля 87% усяго фонду свабодных нуклеатыдаў). Утвараюць адэнілавую сістэму, якой належыць адно з цэнтр. месцаў у абмене рэчываў і энергіі, пры гэтым пара АДФ/АТФ служыцьасн. звяном перадачы энергіі ў клетках: пры пераносе фасфарыльных груп на АМФ, АДФ энергія ў арганізме акумулюецца, пры адшчапленні — вылучаецца.
Адэназінмонафасфат існуе ў свабоднай форме, уваходзіць у састаў РНК, многіх ферментаў, якія ўдзельнічаюць у пераносе вадароду і астаткаў фосфарнай к-ты. Знойдзены ў эрытрацытах крыві, мышцах, а таксама ў дражджах. Адэназіндыфасфат — прамежкавае злучэнне ў рэакцыях, якія звязаны з утварэннем і распадам АТФ, выконвае самастойную ролю ў рэгуляцыі працэсу «дыхання» мітахондрый. У жывых клетках знаходзіцца пераважна ў комплексе з іонамі Mg2+. АДФ-глюкоза ўдзельнічае ў сінтэзе крухмалу. Штучныя прэпараты адэназінфосфарнай кіслаты — іголкападобныя крышталі (АМФ, АТФ) або парашок (АДФ). Растворы дынатрыевай і монакальцыевай соляў АТФ выкарыстоўваюцца для ін’екцый пры мышачнай дыстрафіі, спазме сардэчных і перыферычных сасудаў. Проціпаказаны пры свежых інфарктах міякарду і запаленчых хваробах лёгкіх.
Літ.:
Калинин Ф.Л., Лобов В.П., Жидков В.А. Справочник по биохимии. Киев, 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫ́ЧНАЕ І ЛАГІ́ЧНАЕ,
філасофскія катэгорыі, з дапамогай якіх выражаецца ўзаемасувязь рэальнага працэсу развіцця і яго адлюстраванне ў тэарэт. свядомасці. З’яўляюцца двума канкрэтнымі бакамі гістарызму прынцыпу, які прасочвае розныя пераўтварэнні аб’екта пры адначасовым раскрыцці заканамернасцей і механізмаў дадзенага працэсу. Гістарычнае — гэта сам аб’ектыўны працэс развіцця пэўнага прадмета, з’явы. Ён ахоплівае ўсю разнастайнасць і багацце індывід. праяўленняў, рыс і ўласцівасцей кожнага аб’екта, увесь комплекс яго змен у часе і прасторы і тоесны рэальнай гісторыі гэтага аб’екта (напр., узнікненне і развіццё зорак і планет у Сусвеце, паходжанне чалавека з гамінідаў, станаўленне цывілізацыі, з’яўленне дзяржавы, ход паліт. гісторыі чалавецтва і інш.). Лагічнае ўяўляе сабой адлюстраванне гістарычнага ў навук. мысленні. Яго зыходным пунктам з’яўляецца пэўны вынік унутранага разгортвання прадмета або з’явы, выдзяленне істотных узаемасувязей і ўзаемадзеянняў, што выклікалі рэальны гіст. рух аб’екта. Катэгорыі гістарычнага і лагічнага валодаюць уласцівай кожнаму з іх якаснай вызначанасцю і ў той жа час знаходзяцца ў непарыўным адзінстве, абумоўленым адзінствам быцця чалавека ў навакольным свеце і пазнання гэтага свету. Найважнейшай рысай гэтага адзінства з’яўляецца яго супярэчлівасць — вынік адноснай самастойнасці лагічнага, якое залежыць ад узроўню назапашаных чалавецтвам ведаў, сац., паліт. і інш. фактараў. Метадалагічнае значэнне гістарычнага і лагічнага ў тым, што кожнае з гэтых паняццяў служыць асновай адпаведнага метаду даследавання гіст. працэсу. Як метад пазнання рэчаіснасці ўзаемадзеянне паміж гістарычным і лагічным дае магчымасць узнавіць заканамерны ход гісторыі любога аб’екта і адначасова захаваць яго індывід. асаблівасці.
Літ.:
Материалистическая диалектика: Краткий очерк теории. 2 изд. М., 1985;
Андреев И.Д. Диалектическая логика. М., 1985;
Социальное познание: Принципы, формы, функции. Киев, 1989;
Проблемы познания социальной реальности. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЗЫ ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,
колькасныя характарыстыкі ўздзеяння энергіі выпрамянення на рэчыва. Гал. велічынёй, якая характарызуе ўздзеянне выпрамянення на арганізм, з’яўляецца паглынутая доза — энергія іанізавальнага выпрамянення, паглынутая адзінкай масы апрамененага рэчыва. У сістэме СІ за адзінку паглынутай дозы прыняты грэй, пазасістэмная адзінка — рад. Пры аднолькавай паглынутай дозе біял. эфект уздзеяння розных відаў апрамянення адрозніваецца, таму карыстаюцца эквівалентнай дозай, якая вызначаецца пры памнажэнні паглынутай дозы на каэфіцыент якасці (К) дадзенага выпрамянення. У сістэме СІ адзінка эквівалентнай дозы — зіверт, пазасістэмная — бэр. Для вымярэння рэнтгенаўскага і гама-выпрамянення служыцьэкспазіцыйная доза — колькасць утвораных зарадаў пры іанізацыі паветра пад уздзеяннем гэтых выпрамяненняў. У сістэме СІ адзінка вымярэння экспазіцыйнай дозы — кулон на кілаграм (Кл/кг), пазасістэмная — рэнтген. Прынята параўноўваць біял. эфекты, што выклікаюць любыя іанізавальныя выпрамяненні, з біял. эфектамі, што выклікаюць рэнтгенаўскія і гама-выпрамяненні. У радыебіял. даследаваннях пры параўнанні радыяцыйных эфектаў карыстаюцца адноснай біялагічнай эфектыўнасцю выпрамяненняў. Натуральныя крыніцы іанізавальнага выпрамянення (касм. прамяні, прыродная радыеактыўнасць глебы, вады, паветра, радыеактыўнасць, што ёсць у целе чалавека і жывёл і інш.) складаюць каля 125 мбэр за год. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986) у навакольнае асяроддзе выкінута радыеактыўных рэчываў агульнай актыўнасці каля 50 млн.Кі (3,5% агульнай колькасці радыенуклідаў). На Беларусі зацверджаны крытэрыі ўзроўню радыяцыйнай забруджанасці (А і Б). Узровень А — доза знешняга гама-апрамянення цела не перавышае 0,25 Гр (няма неабходнасці ў экстранных мерах). Пры ўзроўні Б (да 0,75 Гр) меры залежаць ад канкрэтных абставін. Экстранныя меры для забеспячэння радыяцыйнай аховы прымаюцца ў выпадках дасягнення дозы знешняга апрамянення ўсяго цела больш за 0,75 Гр. Вымяраюць Д.в. дазіметрамі (гл.Дазіметрычныя прылады).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ТНАЕ ПО́ЛЕ,
адна з форм існавання электрамагнітнага поля, якая выяўляецца ў сілавым уздзеянні на рухомыя эл. зарады (эл. токі) і магніты. Асн. характарыстыкі М.п. — магнітная індукцыя і напружанасць магнітнага поля. Паводле Максвела ўраўненняў крыніцамі М.п. могуць быць эл. токі, целы з ненулявым магнітным момантам і пераменныя эл. палі.
Адсутнасць у прыродзе адасобленых магн. полюсаў (гл.Манаполь магнітны) прыводзіць да таго, што М.п. саленаідальнае (лініі поля заўсёды замкнёныя) у адрозненне ад электрастатычнага поля, якое з’яўляецца патэнцыяльным (лініі поля бяруць пачатак на дадатных эл. зарадах). Пры вывучэнні ўласцівасцей М.п. пробным элементам (індыкатарам поля) служыцьмагн.дыполь — замкнёны плоскі контур з эл. токам або пастаянны магніт невялікіх памераў, што дае магчымасць вызначыць напрамак вектара магнітнай індукцыі ў кожным пункце поля. М.п., створанае правадніком адвольнай формы з эл. токам, вызначаецца паводле Біо—Савара закону. Наяўнасць М.п. ў касм. аб’ектаў (Сонца, зорак, некат. планет, міжпланетнай прасторы) прыводзіць да спецыфічных геамагн. і астрафіз. з’яў (напр., магнітныя буры, сінхратроннае выпрамяненне, сонечны вецер), а наяўнасць уласнага магн. моманту ў элементарных часціц — да праяўлення магн. уласцівасцей рэчыва (напр., дыямагнетызм, парамагнетызм, ферамагнетызм). Напружанасць М.п. міжпланетнай прасторы 10−3—10−4 А/м, Зямлі ~40 А/м, зорак да 109—1010 А/м; звышправодныя саленоіды могуць ствараць М.п. напружанасцю да 106 А/м. М.п. выкарыстоўваецца ў паскаральніках зараджаных часціц, для ўтрымання гарачай плазмы ва ўстаноўках кіравальнага тэрмаядз. сінтэзу, ва ўсіх канструкцыях і прыстасаваннях электра- і радыётэхнікі, выліч. тэхнікі і электронікі.
А.І.Болсун.
Магнітнае поле: 1 — прамалінейнага правадніка з электрычным токам (I — сіла току, — магнітная індукцыя); 2 — саленоіда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАНА́ (Paraná, на мове індзейцаў гуарані — вялікая рака),
рака ў Бразіліі, Парагваі і Аргенціне (часткова служыць мяжой паміж імі), другая па велічыні ў Паўд. Амерыцы (пасля р. Амазонка). Даўж. ўласна П. (без эстуарыя) 4380 км, пл. басейна 2663 тыс.км² (з р. Уругвай 2970 тыс.км²). Утвараецца ад сутокаў рэк Рыу-Гранды і Паранаіба, якія пачынаюцца на Бразільскім пласкагор’і, упадае ў Атлантычны ак. У верхнім цячэнні горная, перасякае лававае плато Парана, утварае парогі і вадаспады (Урубупунга выш. да 12 м, Сеты-Кедас выш. да 33 м). Каля г. Пасадас выходзіць на Лаплацкую нізіну, на Пд ад г. Д’ямантэ знаходзіцца вял.ўнутр. дэльта (даўж. каля 130 км), дзе вылучаюцца рукавы і пратокі. Далей П. зліваецца з р. Уругвай у агульнае вусце і ўтварае адзін з найб. у свеце эстуарыяў — заліў Ла-Плата. Гал. прытокі Тыетэ, Паранапанема, Ігуасу, Уругвай (злева), Парагвай, Рыо-Салада, Каракаранья (справа). Жыўленне дажджавое. Разводдзе ад студз. да мая (летнія дажджы ў верхняй ч.), другое павышэнне ўзроўню ў чэрв.—жн. (зімовыя дажджы ў ніжняй ч.). Расход вады 17,5 тыс.м³/с (разам з р. Уругвай 23 тыс.м³/с). Цвёрды сцёк каля 150 млн.т/год, яе мутныя воды прыкметныя ў акіяне на працягу 100—150 км ад берага. Суднаходная да г. Пасадас, пры высокай вадзе — да вусця р. Ігуасу, для акіянскіх суднаў да г. Расарыо (640 км ад вусця). Буйныя ГЭС і вадасховішчы — Ітайпу (найб. ў свеце, 12,6 млн.кВт), Ілья-Салтэйра, Жупія. Гал. гарады: Пасадас, Карыентэс, Санта-Фе, Парана, Расарыо (Аргенціна), на ўзбярэжжы Ла-Платы — Буэнас-Айрэс, Ла-Плата (Аргенціна) і Мантэвідэо (Уругвай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАСВЯДО́МАСЦЬ,
усведамленне чалавекам сваіх дзеянняў, пачуццяў, думак, становішча ў грамадстве; цэласная ацэнка самога сябе як сацыяльнай істоты. Служыць індывіду асновай для самарэгулявання, самакантролю за сваёй дзейнасцю. Па накіраванасці псіхікі індывіда С. арыентавана на ўнутр. свет, процілеглая ўсведамленню знешняга свету, аднак уключае не толькі ацэнку свайго «Я», але і асэнсаванне адносін свайго «Я» да знешняга свету — прыроды і грамадства. Структура С. ўключае: самапазнанне — пазнанне «Я», яго сутнасці і спецыфікі, здольнасцей і магчымасцей, грамадскіх вынікаў сваіх паводзін і ўчынкаў; самаацэнку — ацэнку асобай самой сябе, сваіх магчымасцей, якасцей і месца сярод інш. людзей; ідэнтыфікацыю — працэс самаатаясамлення індывіда з інш. чалавекам, групай, пэўным узорам і інш. С. не з’яўляецца прыроджанай уласцівасцю чалавека: фарміруецца паступова ў працэсе сацыялізацыі асобы. У працэсе развіцця чалавек спачатку ўсведамляе знешні свет, С. дасягае на больш высокім узроўні развіцця. С. — грамадска абумоўленая з’ява: фарміруецца з дапамогай ацэначных адносін, якія складваюцца ў працэсе зносін людзей, сістэмы патрабаванняў, якія прад’яўляюцца грамадствам да асобнага чалавека. С. уласціва не толькі індывіду, але і грамадству, сац. групе, нацыі, якія дасягнулі ўзроўню асэнсавання свайго становішча ў сістэме грамадскіх адносін, агульных ідэалаў, мэтаў і шляхоў іх дасягнення. Гл. таксама Свядомасць.
Літ.:
Спиркин А.Г. Сознание и самосознание. М., 1972;
Гарнцев М.А. Проблема самосознания в западноевропейской философии (от Аристотеля до Декарта). М., 1987;
Франкл В. Человек в поисках смысла: Пер. с англ.М., 1990;
Фромм Э. Душа человека: Пер. с нем. М., 1992;
Мамардашвили М. Необходимость себя: Введение в философию, докл., статьи, филос. заметки. М., 1996;
Самосознание культуры и искусства XX в.: Западная Европа и США. М.; СПб., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РА,
прыняцце якіх-небудзь ідэй, ведаў, меркаванняў, палажэнняў і інш. без непасрэднага эмпірычнага і рацыянальнага абгрунтавання. У філасофіі — стан суб’екта, цесна звязаны з духоўным светам асобы. Узнікае на аснове пэўнай інфармацыі пра аб’ект. Выяўляецца ў ідэях ці вобразах, суправаджаецца эмоцыяй упэўненасці і шэрагам іншых пачуццяў і служыць матывам, стымулам, устаноўкай і арыенцірам чалавечай дзейнасці. Паводле У.Салаўёва, вера — гэта прызнанне чаго-небудзь сапраўдным з такой рашучасцю, якая перавышае сілу знешніх фактычных і фармальна-лагічных доказаў. І.Кант трактаваў веру як пазіцыю розуму, які прымае тое, што з’яўляецца недаказальным, але неабходным для абгрунтавання маральнага імператыву. У псіхалогіі — асаблівы стан псіхікі, калі чалавек цалкам і безагаворачна прымае пэўныя звесткі, з’явы, падзеі або ўласныя ўяўленні, якія могуць стаць у далейшым асновай яго «я», вызначаць некаторыя яго ўчынкі, разважанні, нормы паводзін. У выніку практычнай дзейнасці, тэарэт. пазнання, лагічных разважанняў, адчуванняў, уяўленняў і валявых намаганняў чалавек фарміруе ў сваёй свядомасці вобразы рэчаіснасці, уяўленні пра свет і сваё месца ў ім. Калі чалавек не ў стане асэнсаваць тую ці іншую з’яву, ён або прымае яе на веру, або адмаўляецца ў пэўнай форме ад пазнання. У рэлігіі вера — прыняцце Бога як першакрыніцы ўсяго існага, стваральніка свету, жыцця на зямлі і самога чалавека, прыняцце пэўных сцверджанняў (догматаў) і рашучасць прытрымлівацца іх насуперак усім сумненням. Асновы такой веры значна глыбей, чым веды і мысленне, у адносінах да якіх вера — першапачатковы фактар і таму мацней за іх. Тэалогія лічыць рэліг. веру неад’емнай уласцівасцю чалавечай душы, божым дарам. Для пераадолення супярэчнасцей паміж розумам і верай артадаксальная тэалогія выкарыстоўвае максіму Аўгусціна Блажэннага і Ансельма Кентэрберыйскага «верую дзеля таго, каб разумець», якая з’яўляецца зыходным пунктам для пабудовы паслядоўнасці фармальна-лагічных вывадаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́НА (франц. colonne ад лац. columna),
архітэктурна апрацаваная верт. апора, звычайна круглая ў папярочным сячэнні; стрыжнёвы элемент будынка (збудавання), нясучай канструкцыі і інш.Служыць пераважна для ўспрымання верт. нагрузкі. Бывае каменная, мураваная (з цэглы, каменю, бетону), жалезабетонная, металічная, драўляная.
Вядома са старажытнасці як элемент стоечна-бэлечнай канструкцыі. У архітэктуры Стараж. Грэцыі і Рыма распрацаваны своеасаблівыя маст. формы К., якія ўвайшлі ў сістэму арх.ордэраў. У класічнай архітэктуры гал. элемент К. — ствол, звычайна патанчаўся ўверсе, меў энтазіс (патаўшчэнне ў сярэдняй ч.), апрацоўваўся канелюрамі, завяршаўся капітэллю. Маст. выразнасць К. вызначаецца яе прапорцыямі, чляненнямі, пластычнай апрацоўкай, адносінамі вышыні і дыяметра К. да інтэркалумнія (пралёт паміж 2 калонамі) і да абсалютных памераў збудавання. К. выкарыстоўвалі ў кампазіцыі фасадаў і інтэр’ераў як элемент порціка, партала, галерэі, каланады, а таксама для арх. апрацоўкі сцен (трохчвэртныя К., паўкалоны, прыстаўныя К.). У выглядзе свабодна стаячай К., звычайна завершанай скульптурай, рабілі мемар. збудаванні (калона Траяна ў Рыме, Александрыйская К. ў Санкт-Пецярбургу).
На Беларусі К. пашыраны ў архітэктуры Адраджэння, барока, класіцызму (палацы ў Паставах, Гомелі, касцёлы ў Мядзелі, Валожыне). У 18 ст. іх ставілі як помнікі (вёскі Дзярэчын Зэльвенскага, Лявонпаль Міёрскага р-наў). З 1950-х г. К. выкарыстоўваюць як найб. выразныя элементы фасада (будынкі драмтэатра ў Віцебску, БПА, цырка ў Мінску). У сучаснай архітэктуры К. — адзін з асн. элементаў каркаса. Маст. вырашэнне звычайна сціплае, вызначаецца прапорцыямі, колерам, фактурай.
С.А.Сергачоў, Ю.А.Якімовіч.
Калоны: 1, 2 — папірусападобныя (Старажытны Егіпет); 3 — калоны з Кноса (крыта-мікенская культура); 4 — калона з Персепаля (Старажытная Персія); 5 — дарычная; 6 — іанічная; 7 — карынфская; 8, 9 — раманскія; 10 — гатычная; 11, 12 — эпохі Адраджэння; 13 — спіралепадобныя ў стылі барока.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАД ДЗЕЯСЛО́ВА,
граматычная катэгорыя, якая выражае адносіны дзеяння (або стану) да рэчаіснасці; грамат. спосаб выражэння мадальнасці. Грамат. значэнне форм Л.дз. выводзіцца з іх моўнага ўжывання, што абумоўлівае прысутнасць суб’екта, які гаворыць (піша) і маўленне якога перадае суб’ектыўныя адносіны таго, хто гаворыць да дзеяння (ацэнка дзеяння як жадаемага, магчымага, мяркуемага і г.д.). У залежнасці ад уласцівых ім мадальных значэнняў розныя мовы маюць розны набор парадыгматычных форм Л.дз. Адрозніваюць 2 тыпы Л.дз.: прамы і ўскосны. Прамым з’яўляецца індыкатыў (абвесны Л.дз.), які служыць для аб’ектыўнай канстатацыі факта ў яго адносінах да рэчаіснасці. Гэтым вызначаецца абавязковая наяўнасць індыкатыва ў мовах розных тыпаў. Ва ўскосных Л.дз. адлюстроўваюцца адносіны суб’екта маўлення да выказваемага, што і вызначае разнастайнасць парадыгмаў ускосных Л.дз. ў розных мовах.
У бел. мове 3 Л.дз.: абвесны, загадны і ўмоўны. Абвесны Л.дз. абазначае дзеянне, якое рэальна існуе, сцвярджаецца або адмаўляецца. Яму ўласцівы формы часу (цяперашняга, прошлага, будучага), асобы (за выключэннем безасабовых дзеясловаў) і ліку: «піша», «пісала», «будуць пісаць», «напішу», «не пісаў». Загадны Л.дз. выражае пабуджэнне да дзеяння, якое накіравана да інш. асобы (асоб), неадушаўлёных прадметаў або паняццяў, калі яны ўяўляюцца як адушаўлёныя (можа абазначаць заклік, загад, патрабаванне, прапанову, просьбу, параду). Асн. яго формы — 2-я асоба адзіночнага («ідзі») або мн. л. («ідзіце»), 1-я асоба мн. л. («ідзём»), апісальныя формы 3-й асобы адзіночнага і мн. л. з загаднай часціцай «няхай» («хай»): «няхай ідзе», «хай ідуць». Умоўны Л.дз. абазначае дзеянне, якое можа ці магло б адбыцца пры наяўнасці пэўных умоў. Выражаецца формамі прошлага часу дзеяслова ці інфінітыва з часціцай «бы» («б»): «спявалі б».
Літ.:
Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985;
Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;
Янкоўскі Ф.М. Гістарычная граматыка беларускай мовы. 3 выд.Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЦІ́Н (Plōtinos каля 205, Лікопаль, Егіпет — 270),
старажытнагрэчаскі філосаф, паслядоўнік філас. ідэй Платона і заснавальнік неаплатанізму. Вучыўся ў Амонія Сака ў Александрыі. З 244 у Рыме, выкладаў філасофію. На падставе выбраных платонаўскіх тэкстаў распрацаваў уласную сістэму філас. поглядаў, у цэнтры якой паняцце аб неспасціжным і невыразным боскім першаадзіным пачатку ўсяго існага; яго ён называў дабром і параўноўваў з сонцам. Прынцыпу дабра супрацьпастаўляў прынцып зла, што ўвасабляецца ў цёмнай і пазбаўленай выгляду матэрыі, якая служыць ніжэйшай мяжой усёй структуры быцця. Структуру быцця падзяляў паводле крытэрыяў «там» і «тут». У такой форме супрацьпастаўляюцца сапраўды існае, розум у якасці адзінага самаст. стваральніка «першавобразаў», з аднаго боку, і «тутэйшы свет», дзе выступаюць толькі падабенствы, — з другога. Адначасова сцвярджаў, што толькі пачуццёвы космас знаходзіцца ў пэўным месцы, а свет, які спасцігаецца розумам, — усюды. У зямной частцы універсуму пастаянна адбываецца ўзнікненне і знікненне; вечны характар маюць усе праявы зла (узаемазнішчэнне жывёл і людзей, войны, злачынствы і г.д.). Але ў аснове зямнога свету ляжыць разумны план, які ідзе ад бога, а чалавечая душа заўсёды захоўвае магчымасць адысці ад усяго «тутэйшага» і вярнуцца да свайго сапраўднага прызначэння, якое П. бачыў у развіцці духоўных сіл і ўзыходжанні да першаадзінага, г.зн. да бога. У поглядах П. ёсць элементы містычнай дыялектыкі. Яго філас. вучэнне — пачатак апошняга этапа ў працэсе развіцця ант. філасофіі. Фрагментарныя запісы П. пасмяротна выдадзены яго вучнем Парфірыем, які падзяліў іх на 6 аддзелаў, а кожны аддзел — на 9 частак (адсюль назва ўсіх 54 трактатаў П. — «Энеады», г.зн. «Дзевяткі»).
Літ.:
Лосев А.Ф. История античной эстетики: Поздний эллинизм. М., 2000;
Яго ж. словарь античной философии: Избр. ст.М., 1995.