МАНГО́ЛЬСКІЯ МО́ВЫ,

група моў мангольскіх народаў (гл. Манголы). М.м. — вынік развіцця дыялектаў некалі адзінай (да 16—17 ст.) манг. мовы. Яны падзяляюцца на: асноўныя — уласна мангольская мова, бурацкая мова, калмыцкая мова, і маргінальныя — мангольская (у Афганістане), дагурская (у паўн.-ўсх. Кітаі), мангорская, дунсянская, баааньская і шыраюгурская (у кіт. правінцыях Ганьсу і Цынхай). Для асн. М.м. ў 13 — пач. 20 ст. (калмыцкая мова да сярэдзіны 17 ст.) ужывалася адзіная старапісьмовая манг. мова, якой працягваюць карыстацца ва Унутр. Манголіі (Кітай). Маргінальныя мовы трапілі пад уплыў іранскіх гаворак, тыбецкай і кіт. моў. У фанетыцы — доўгія і кароткія галосныя, дыфтонгі, сінгарманізм (у маргінальных М.м. непаслядоўны); у марфалогіі — слабая дыферэнцыяцыя часцін мовы, адсутнасць грамат. катэгорыі роду, шырокае ўжыванне паслялогаў; у сінтаксісе — сталы парадак слоў. З пач. 13 ст. вядома мангольскае пісьмо. У 1920—40-х г. асн. М.м. перайшлі на новыя алфавіты на аснове рус. графікі.

Літ.:

Тодаева Б.Х. Монгольские языки и диалекты Китая. М., 1960;

Бертагаев Т.А. Лексика современных монгольских литературных языков. М., 1974.

т. 10, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТА́ФАРА (грэч. metaphora перанясенне),

ужыванне слова ці выразу ў пераносным значэнні праз супастаўленне пэўнай з’явы ці прадмета з інш. з’явай ці прадметам на аснове агульных для іх адзнак і ўласцівасцей; від паэт. тропа. М. блізкая да параўнання, аднак адрозніваецца ад яго тым, што ў ёй прысутнічае толькі адзін член супастаўлення — тое, з чым супастаўляецца, і не называецца (а падразумяваецца) тое, што супастаўляецца. М. звычайна перафразуецца ў параўнанне з дапамогай слоў «нібы», «як», «быццам» і г.д. М. істотна паглыбляе ўнутр. змест вобраза, надае яму новыя сэнсавыя адценні. Асн. сфера бытавання М. — літ. мова, паэзія. Вылучаюць простую М., калі яна складаецца з аднаго слова ці выразу («Замоўкнуў жураўліны скрып калысак і калаўротаў гул чмяліны змоўк». П.​Панчанка), і разгорнутую або скразную, калі М. ахоплівае вял. адрэзак або ўвесь твор (бітва—жніво ў «Слове аб палку Ігаравым», жыццё—акіян у паэме А.​Куляшова «Цунамі»). Ужываецца таксама ў бытавой гаворцы («ідзе дождж», «цяжкі характар», «прыйшла зіма»), Блізкія да М. тропы — алегорыя, сімвал.

В.​П.​Рагойша.

т. 10, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІСЬМО́,

графічная фіксацыя мовы для зносін паміж людзьмі на адлегласці і замацавання ў часе. Выступае як пэўныя сістэмы графічных абазначэнняў, што склаліся гістарычна ў выніку культ. развіцця паасобных народаў. Паводле сэнсавага аб’ёму знакаў падзяляецца на 4 тыпы; піктаграфічнае пісьмо, ідэаграфічнае пісьмо, складовае пісьмо, літарна-гукавое пісьмо.

Развіццё П. звязана з грамадскім прагрэсам і ішло ад выпадковых агульных паведамленняў да перадачы ўсё больш дробных элементаў мовы. Першыя спробы пісьмовай фіксацыі думак паявіліся ў эпоху першабытнаабшчыннага ладу (канец каменнага веку). Аднак уласцівае племянным абшчынам піктаграфічнае П. не было ўпарадкаванае, бо ў ім з дапамогай малюнкаў схематычна перадаваўся толькі сэнс выказванняў, але не адлюстроўваўся гукавы бок мовы, падзел яе на словы Пераход ад выпадковых піктаграфічных запісаў да ўпарадкаванага ідэаграфічнага П. абумоўлены ўтварэннем рабаўладальніцкіх дзяржаў, калі з’явілася патрэба рознай пісьмовай дакументацыі. Дзякуючы здольнасці пісьмовых знакаў абазначаць паасобныя словы і перадаваць складаныя тэксты, новы тып П. стаў абслугоўваць усе сферы тагачаснага эканам. і культ. жыцця. Ідэаграфічныя сістэмы, мала звязаныя з фанетыкай мовы, былі зручныя для стараж. дзяржаў, неаднародных па этнічным складзе. Складовае П. пачало фарміравацца ў 2-м тыс. да н.э., ім карыстаюцца некат. народы ў наш час. У параўнанні з ідэаграфічным мае меней знакаў, бо розных складоў у мовах менш, чым слоў, дакладней адлюстроўваецца фанет. і грамат. структура мовы, хоць засталіся цяжкасці, звязаныя з грувасткасцю і немагчымасцю перадачы сумежных і канцавых гукаў у складах. Найб. зручнае П. літарна-гукавое, у якім пры дапамозе знакаў перадаецца гукавы склад мовы. Яго перавага над інш. тлумачыцца прастатой, меншай колькасцю знакаў і лёгкасцю перадачы граматычных форм слоў. Большасць народаў свету карыстаецца літарна-гукавымі сістэмамі. Выкарыстанне П. пашыралася з павелічэннем колькасці адукаваных людзей і ўдасканаленнем пісьмовых прылад. Важны этап у гісторыі П. — вынаходніцтва паперы і кнігадрукавання, што стварыла перадумовы для масавага пашырэння культ. дасягненняў сярод розных слаёў грамадства. Вывучэннем П. займаецца граматалогія, а таксама эпіграфіка і палеаграфія. Пра бел. сістэму П. гл. ў арт. Беларускі алфавіт, Графіка.

Літ.:

Истрин В.А. Возникновение и развитие письма. М., 1965;

Гельб И.Е. Опыт изучения письма: (Основы грамматологии): Пер. с англ. М., 1982;

Дирингер Д. Алфавит: Пер. с англ. М., 1963.

А.​М.​Булыка.

т. 12, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГЛІ́ЙСКАЯ МО́ВА,

адна з германскіх моў. Родная мова каля 400 млн. чал., другая мова для больш як 200 млн. насельніцтва Індыі, Пакістана і інш. (1992). Адзіная дзярж. мова больш як у 20 краінах, мае афіц. статус у розных краінах Азіі і Афрыкі, адна з 6 афіц. і рабочых моў ААН. Шматлікія рэгіянальныя варыянты англійскай мовы (найб. значныя — брыт., амер., аўстрал., у межах якіх існуюць розныя мясц. дыялекты) адрозніваюцца пераважна фанетыкай і лексікай. Англійская мова вядзе пачатак ад мовы англаў, саксаў і ютаў, што ў 5 ст. захапілі Брытанію. Фарміравалася пад уплывам кельцкай, скандынаўскіх і франц. моў. Сучасная англійская мова мае сістэму фанем, амаль палова з якіх — галосныя. Граматычны лад пераважна аналітычны, асн. сродкі перадачы адносін паміж словамі і словазлучэннямі службовыя словы і фіксаваны парадак слоў у сказе. Значная частка лексікі — запазычанні, асабліва з лац. і франц., а зараз таксама з яп., ісп. і інш. моў. Актыўныя спосабы словаўтварэння — афіксацыя, словаскладанне і безафікснае словаўтварэнне (канверсія). Пісьменства з 8—9 ст. на лац. аснове.

З.​А.​Харытончык.

т. 1, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗБУКО́ЎНІКІ,

ананімныя рукапісныя зборнікі артыкулаў навучальнага і пазнавальна-энцыклапедычнага характару, пашыраныя на землях усх. славян у 13—18 ст. Захавалася больш за 200 азбукоўнікаў. Першыя азбукоўнікі (напр., азбукоўнікі ў Ноўгарадскай кормчай 1282) толькі тлумачылі незразумелыя іншамоўныя словы, што сустракаліся ў перакладных кнігах рэліг. зместу. Пазней тлумачэнні дапаўняліся звесткамі энцыклапедычнага характару па гісторыі, геаграфіі і інш. У 17—18 ст. азбукоўнікі пашырылі навуч. функцыю: іх часткамі сталі азбука (са складамі і пропісямі) і кароткія звесткі грамат., арыфм., рэліг.-павучальнага характару. Выконвалі і збіральніцкую функцыю (назапашванне рэдкіх слоў).

Словы ў азбукоўніках звычайна размяшчаліся па алфавіце, перакладаліся і тлумачыліся, таму азбукоўнікі сталі крыніцай для першых друкаваных слоўнікаў усх. славян. Прыкладам бел. азбукоўнікаў з’яўляецца «Тлумачэнне імёнам па алфавіце» (17 ст.).

Літ.:

Пруссак А.В. Описание азбуковников, хранящихся в рукописном отделении императорской Публичной библиотеки. Спб., 1915;

Алексеев М.П. Словари иностранных языков в русском азбуковнике XVII в. М., 1968;

Ковтун Л.С. Азбуковники, или Алфавиты иностранных речей конца XVI—XVII вв. // Вопросы языкознания. 1980. № 5.

В.​К.​Шчэрбін.

Да арт. Азбукоўнікі. «Книга глаголемая алфавит» (узор азбукоўніка-слоўніка, рукапіс 17 ст.).

т. 1, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІТА́ЙСКА-ТЫБЕ́ЦКІЯ МО́ВЫ,

сіна-тыбецкія мовы, сям’я моў, адна з самых вял. у свеце. Пашыраны ў Цэнтр. і Паўд.-Усх. Азіі. Уключаюць больш за 100 (паводле інш. звестак — некалькі сотняў) моў. Падзяляюць на 2 асн. галіны: кіт. (кітайская мова, дунганская, магчыма, мова бай, або мінцзя) і тыбецка-бірманскую (бірманская мова, тыбецкая мова, мовы карэнскія, хані, маніпуры, або мейтхей, бадо, або качары, гаро, цзінпо, або качын, лісу, таманг, неварская, гурунг). Існуюць 2 асн. тыпы іх пісьменнасцей: пікта-ідэаграфічныя (кіт. іерогліфіка, тангуцкае пісьмо, пісьмо насі і пісьмо i) і фанетычныя пісьменнасці інд. паходжання — тыбецкія і бірманскія алфавіты, пісьмо невары, ронг, або ленча, маніпуры, мёртвай мовы п’ю, і пісьменнасці, створаныя на аснове лац. ці рус. алфавіта — мовы падгрупы лоло. К.-т. м. коранескладовыя, ізалюючыя з тэндэнцыяй да аглюцінацыі. Марфема, як правіла, адпавядае складу; корань звычайна не змяняецца. Часціны мовы вылучаюцца па значэнні слоў, па іх здольнасці ўжывацца ў складзе пэўных сінтакс. канструкцый і па спалучальнасці са службовымі марфемамі.

Літ.:

Яхонтов С.Е. Глоттохронология и китайско-тибетская семья языков. М., 1964.

т. 8, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАНІ́ЗМ,

слова, запазычанае з польскай мовы. У бел. мову пачалі пранікаць з канца 14 ст. Працэс актыўнага папаўнення слоўніка бел. мовы П. працягваўся да 1930-х г. Запазычанне іх адбывалася 2 шляхамі: вусным (у выніку зносін беларусаў з палякамі як з суседнім народам і з прадстаўнікамі польск. народа, што жылі на Беларусі) і пісьмовым (праз пераклады твораў з польск. мовы на бел.). Сярод П. выдзяляюцца грамадска-паліт. тэрміны («айчына», «братэрства»), ваен. («моц», «палкоўнік»), бытавыя словы («пярсцёнак», «сукенка»), прастамоўныя («быдла», «лямант»). Праз польск. мову ў бел. лексіку прыйшла значная колькасць слоў з інш. моў (лац. «колер», ням. «карэта»). Лексіцы польск. паходжання ў сучаснай бел. мове ўласцівыя: спалучэнні «ен» («эн»), «ён»(«он»), «ан» на месцы насавых галосных ę, ą («парэнчы», «маёнтак», «вандроўка»); «-дл-» («кавадла», «страшыдла»); «-лу-» паміж зычнымі («слуп», «тлусты»); суфіксы «-іск-а» («вятрыска»); «-унак» («пакунак»); «-ізн-а» («бялізна»); цвёрдае вымаўленне зычных перад галоснымі «е» («э»): «бэз», «пэўны»; «я» («а») на месцы ўсх.-слав. «е» («э»): «жалязка», «бляск»; гук «ц» (на месцы «ч»): «цудоўны» (рус. «чудесный»), «цурацца» (рус. «чуждаться»).

П.​У.​Сцяцко.

т. 11, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЦНЫЯ СКЛАДЫ́,

апорныя ў сэнсава-інтанацыйных адносінах адзінкі вершаванай мовы. З’явіліся на этапе інтанацыйна-сказавага вершаскладання, заснаванага на чаргаванні пэўных моўных перыядаў. Больш самаст. ролю набылі ў рэчытатыўным, пазней у танічным вершы, дзе вызначалі аб’ём рытмарада. Ў сілабічным вершы роля М.с. паслаблена (вызначальнай у ім была не якасць, а колькасць складоў). Большую структурную ролю М.с. адыгрывае ў сілаба-танічным вершы, заснаваным на чаргаванні націскных і ненаціскных метрычных адзінак, дзе служыць дзейсным сродкам рытмічнага вылучэння найб. значных апорных слоў і выразаў. Гэта звязана з узмацненнем ролі інтанацыі ў слав. сілаба-тоніцы і ўплывам на яе нар.-песенных традыцый. Плённае выкарыстанне прынцыпаў рытмічнага ўзмацнення стала характэрнай рысай творчасці многіх усх.-слав. паэтаў (Т.​Шаўчэнка, М.​Някрасаў, У.​Маякоўскі, С.​Ясенін і інш.). Класічны ўзор такога выкарыстання — паэзія Я.​Купалы. Пры лагічна-інтанацыйным, а не скандзіраваным чытанні яго твораў у кожным рытмарадзе вылучаюцца толькі тыя націскныя стопы, што падкрэсліваюць апорныя словы:

Што я мужы́к усе́ тут зна́юць
І, як ёсць гэ́ты свет вялі́к,
З мяне́ смяю́цца, пагарджа́юць,
— Бо я мужы́к, дурны мужы́к.
(«Мужык»).

М.​М.​Грынчык.

т. 10, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМА́Я МО́ВА,

спосаб перадачы чужога выказвання, пры якім захоўваюцца ўсе яго лексічныя, граматычныя, стылістычныя і інтанацыйныя асаблівасці. Складаецца са слоў апавядальніка (аўтара) і чужога выказвання, якое перадаецца апавядальнікам ад імя пэўнага персанажа. Абедзве гэтыя часткі на пісьме выдзяляюцца графічна, у маўленні — інтанацыйна. Структурна-аргаганізац. цэнтр П.м. — пераважна дзеясловы і дзеепрыслоўі са значэннем маўлення і думкі або іх эквіваленты (назоўнікі і словазлучэнні з той жа семантыкай), якія знаходзяцца ў мове аўтара. Да іх бяззлучнікавым спосабам (інтанацыйна) далучаецца чужая мова. Аўтарскія словы займаюць свабоднае месца: могуць стаяць перад чужой мовай, за ёю або ў сярэдзіне яе (Яна сказала: «Я абавязкова заўтра да вас прыеду»; — «Я абавязкова заўтра да вас прыеду», — сказала яна; «Я абавязкова, — сказала яна, — заўтра да вас прыеду»), П.м. можна ўзнаўляць і выказванні самога аўтара. Для яе характэрна экспрэсіўнасць. Асн. сфера ўжывання — гутарковая мова.

Літ.:

Граматыка беларускай мовы. Т. 2. Сінтаксіс. Мн., 1966;

Яўневіч М.С., Сцяцко П.У. Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы. 2 выд. Мн., 1980;

Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986.

І.​І.​Крамко.

т. 12, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫСЛО́ЎЕ,

часціна мовы, якая абазначае прыкмету дзеяння, стану або якасці. Асн. марфалагічная асаблівасць П. — адсутнасць форм скланення і спражэння. Можа мець формы ступеней параўнання.

У сказе П. прымыкаюць да дзеясловаў («сядзець моўчкі»), прыметнікаў («якасна новы»), лічэбнікаў («трэці злева»), радзей да назоўнікаў («сяўба па-новаму») і П. («позна ноччу»). Паводле значэння падзяляюцца на якасна-азначальныя, што ўказваюць на якасць («агніста»), меру («крыху»), ступень інтэнсіўнасці, мяжу дзеяння, прыкметы ці стану («датла», «уволю») і акалічнасныя, што ўказваюць на месца або напрамак («там», «уверх»), час («аднойчы»), прычыну («спрасонку»), мэту («наўмысна») дзеяння. Утвараюцца афіксальным (суфіксальным — «высока»; прэфіксальным — «некуды»; прэфіксальна-суфіксальным — «змалку») спосабамі, асноваскладаннем («штогод») і інш. Папаўняюцца за кошт пераходу ў іх склад інш. часцін мовы: назоўнікаў («страх»), дзеепрыслоўяў («спатыкаючыся»), часціц («абы-абы»), Могуць ужывацца ў якасці прыназоўнікаў («побач»), злучнікаў («калі»), часціц («ледзь»), мадальных слоў («напэўна»), У сказе выконваюць ролю акалічнасці (пераважна), азначэння, выказніка.

Літ.:

Шуба П.П. Прыслоўе ў беларускай мове: Марфал. нарыс. Мн., 1962;

Яго ж. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

А.​І.​Наркевіч.

т. 13, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)