СТАНКЕ́ВІЧ Мікалай Уладзіміравіч (9.10.1813, с. Удзярэўка Варонежскай вобл., Расія — 7.7.1840),
расійскі грамадскі дзеяч, філосаф, паэт. Скончыў Маскоўскі ун-т (1834). З 1831 узначальваў у Маскве літ.-філас. Гурток. З 1837 лячыўся за мяжой ад сухотаў, памёр у Італіі. Філас. погляды С. — разнавіднасць аб’ектыўнага ідэалізму. Пытанні этыкі лічыў ключавымі для вырашэння сац. праблем. Гал. прынцыпы этыкі С. — ідэя кахання як гал. пачуцця прыроды і альтруізм. Выступаў супраць прыгонніцтва, заклікаў да маральнага ўдасканалення і асв. дзейнасці, у чым бачыў гал. сілу гіст. прагрэсу. У вершах выказваў свае грамадска-паліт. і этычныя погляды. Спрыяў адкрыццю таленту паэта А.В.Кальцова, паўплываў на В.Р.Бялінскага, Ц.М.Граноўскага, І.С.Тургенева і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЫРАДУ́ТНЫ ПРАЦЭ́С,
атрыманне цестападобнага жалеза непасрэдна з руды ў сырадутных горнах або невял. пячах шахтавага тыпу. Спосаб узнік у 2-м тыс. да н.э., існаваў да пач. 20 ст.
Напачатку ажыццяўляўся ў ямах, унутр. абліцоўка (футроўка) якіх рабілася з вогнетрывалай гліны, або ў каменных ачагах з натуральнай цягай (ажыццяўлялася адкрытай фурмой знізу). Загружаная зверху жал. руда ператваралася ў крыцу — цвёрдую губчастую масу жалеза, якую для ўшчыльнення (зварвання) пракоўвалі. Пазней сырадутныя горны (гл.Горан) удасканалены выкарыстаннем для футроўкі цэглы ці вогнетрывалага камення і штучнага дуцця з дапамогай меха. У канцы 19 ст. ўдасканалены С.п. ў спец. пячах стаў бесперапынным. Разнавіднасць С.п. — крычнарудны працэс, якім бедныя цяжкаабагачальныя або комплексныя жал. руды перапрацоўваліся ў крыцу ў вярчальных трубчастых пячах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕРАДЫНАМІ́ЧНАЯ ПРЫЛА́ДА,
прылада для вымярэння эл. велічынь, заснаваная на ўзаемадзеянні магн. палёў рухомай і нерухомай шпуль з токам. Разнавіднасцьэлектрадынамічнай прылады, у якой магн. поле нерухомай шпулі ўзмацняецца магнітаправодам з ферамагн. матэрыялу. Выкарыстоўваюцца пераважна як тэхн. шчытавыя (часам пераносныя) амперметры, вальтметры і ватметры (паказвальныя і самапісныя) ва ўмовах вібрацыі, трасення і ўдараў.
Пры вымярэнні сілы току і напружання абмоткі шпуль уключаюць паслядоўна; пры вымярэнні магутнасці прапускаюць ток: праз нерухомую шпулю — прапарцыянальны току, праз рухомую — прапарцыянальны напружанню ў вымяральным ланцугу. Працяканне токаў у шпулях утварае магн. палі, якія ўзаемадзейнічаюць і адхіляюць стрэлку прылады. Пры выкананні ферадынамічных механізмаў у выглядзе лагометраў іх выкарыстоўваюць як частатамеры, фазометры і фарадметры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЛЦЭДО́Н (грэч. chalkēdōn ад стараж.г. Халкедон у М. Азіі),
мінерал, скрытакрышталічная паўпразрыстая разнавіднасцькварцу, SiO2; гал. пародаўтваральны мінерал крэменяў, яшмы, крамяністых сланцаў. У саставе Х. вада (да 1,5%), прымесі аксідаў жалеза, алюмінію, марганцу, кальцыю і інш.
Утварае пражылкі, скарынкі. сталактыта- і гронкападобныя нацечныя агрэгаты. канкрэцыі і псеўдамарфозы па драўніне. Разнавіднасці: агат, онікс, сердалік, карнеол (чырвоны), сардэр (буры), хрызапраз (зялёны), сапфірын (блакітны, сіні), махавік (з зял. хларытам) і інш.Цв. 6,5—7. Шчыльн. 2,57—2.64 г/см³. Утвараецца пры нізкатэмпературным гідратэрмальным працэсе ў міндалінах эфузіваў, гідратэрмальных жылах, у асадкавых пародах і інш. Выкарыстоўваецца ў ювелірнай справе, таксама для вырабу лабараторнага посуду, у прыладабудаванні і інш.Гал. радовішчы ў Бразіліі, Уругваі, Індыі, Расіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАЧО́ТКА, карэльская бяроза (Betula pendula var. carelica),
кветкавая расліна сям. бярозавых, разнавіднасцьбярозы павіслай. Пашырана ў паўн. і цэнтр.ч. Еўропы. На Беларусі, акрамя паўд.-ўсх. і паўд. раёнаў, расце ўсюды асобнымі дрэвамі, радзей курцінамі ў мяшаных лясах. Бярэзнікі з Ч. ў Боркаўскім і Калінінскім лясніцтвах Івацэвіцкага р-на — помнікі прыроды рэсп. значэння.
Лістападнае дрэва выш. да 25 м або куст. Крона шырокая, раскідзістая, з вілаватым галінаваннем. На ніжняй ч. ствала і галінах утвараюцца наплывы і нарасці розных памераў. Паверхня драўніны пад карой рэльефная, на папярочным зрэзе — характэрны зоркападобны малюнак. Лісце трохвугольна-яйцападобнае. Плод — арэх. Драўніна Ч. жоўтая, вельмі цвёрдая, з прыгожай мармурападобнай тэкстурай, ідзе на выраб мэблі, муз. інструментаў, маст. вырабаў, аддзелку інтэр’ераў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАДЫНАМІ́ЧНАЯ ПРЫЛА́ДА,
прылада для вымярэння эл. велічынь (напружання, сілы току, магутнасці і інш.), дзеянне якой заснавана на ўзаемадзеянні магн. палёў рухомай і нерухомай шпуль з токамі. Выкарыстоўваюцца ў якасці пераносных вальтметраў, амперметраў, ватметраў пераменнага току (могуць працаваць і на пастаянным току).
Сярод электравымяральных прылад пераменнага току Э.п. найб. дакладныя (прыведзеная хібнасць не вышэй доляў працэнта). Частату, вуглы зруху фаз, ёмістасць, індуктыўнасць вымяраюць электрадынамічнымі лагометрамі, у якіх адхіленне рухомай часткі вызначаецца суадносінамі токаў у яе шпулях. Асн. недахопы Э.п. — вял. ўласнае спажыванне магутнасці, адчувальнасць да перагрузак і вонкавых магн. палёў. Межы вымярэння Э.п. павялічваюць нерухомымі шпулямі, рэзістарамі, трансфарматарамі напружання і току Разнавіднасць Э.п. — ферадынамічныя прылады.
У.М.Сацута.
Схема электрадынамічнай прылады: 1 і 2 — нерухомая і рухомая шпулі; 3 — вось; 4 — спружына.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́НДА (Brando) Марлан (н. 3.4.1924, г. Омаха, ЗША),
амерыканскі акцёр. Вучыўся ў школе драм. мастацтва (Нью-Йорк, 1943). З 1944 іграў на Брадвеі. Вядомасць атрымаў пасля выканання ролі Стэнлі Кавальскага ў спектаклі «Трамвай «Жаданне» Т.Уільямса. З 1950 здымаецца ў кіно. Мае ўласны стыль акцёрскай ігры — разнавіднасць сістэмы Станіслаўскага, прыстасаваная да кінакамеры. Выканаўца гал. роляў у драмах, камедыях, вестэрнах, дзе стварыў вобраз бунтоўнага героя, які не ў стане падтрымліваць сувязі з грамадствам: «Віва, Зана!», «Апошняе танга ў Парыжы», «Мужчыны», экранізацыя «Трамвая «Жаданне», «Апакаліпсіс», «У порце» (прэмія «Оскар», 1955), «Хросны бацька» (прэмія «Оскар», 1973, не прыняў) і інш. Супрацоўнічае з рэжысёрамі Ф.Копалай, Б.Берталучы, А.Пенам, Дж.Х’юстанам, Э.Дзмітрыкам. Як рэжысёр зняў вестэрн «Два аблічча помсты» (1960) і выканаў у ім гал. ролю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГО́Б (франц. engobe),
вадкая керамічная фарба на аснове белай ці каляровай гліны, прызначаная для дэкарыравання гліняных вырабаў. Для афарбоўкі выкарыстоўваюць солі металаў і керамічныя пігменты. Ангобам можа пакрываць увесь выраб ці па малюнку. Пасля сушкі вырабы абпальваюць, часта пакрываюць празрыстай глазурай, размалёўкай. Танкамолаты ангоб з дабаўкамі наносяць на чарапіцу і інш. керамічныя вырабы для зніжэння порыстасці. Выкарыстоўваўся са стараж. часоў у дэкар.-прыкладным мастацтве Б. Усходу. Разнавіднасць ангоба — грэч. керамічныя лакі (terra argeta). У Зах. Еўропе ангабіраваныя глазураваныя вырабы наз. мецца-маёліка. На Беларусі ангоб выкарыстоўваюць з 12 ст. (ганчарны посуд, керамічныя пліткі і дробная пластыка з Гродна, Турава, Навагрудка, Полацка, Слоніма). На Івянецкай маст. фабрыцы (Валожынскі р-н) шырока выкарыстоўваюць каляровы ангоб для размалёўкі посуду і сувеніраў, фляндроўкі, размалёўкі ражком, пэндзлем і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯСНІ́ЦА,
разнавіднасць колавай павозкі, якая выкарыстоўвалася пры баявых дзеяннях, для трыумфальных, рытуальных і пахавальных шэсцяў, а таксама для спарт. спаборніцтваў. Рытуальныя і баявыя К. трапляюцца пры раскопках багатых пахаванняў канца 3-га тыс. да н.э. і больш позняга часу (Закаўказзе, Кіш, Ур і інш.). Баявыя К. шырока выкарыстоўваліся ў войсках дзяржаў Стараж. Усходу. Былі двух відаў: на 2 колах, запрагаліся адным або парай коней; на 4 колах. запрагаліся чацвёркай коней, неслі 4 і больш воінаў. У Стараж. Грэцыі К. прызначаліся ў асн. для спарт. спаборніцтваў. У Рыме найб. значэнне набылі трыумфальныя К. для пераможных імператарскіх шэсцяў. У іх запрагалі да 8 пар коней. Са з’яўленнем цяжкай кавалерыі ў раннім сярэдневякоўі К. знікае.
Да арт.Калясніца. Паляванне на львоў. Рэльеф з палаца Ашурнацырапала II у Кальху. 883—859 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КО́ЗА НО́СТРА»
(італьян. «Cosa nostra» літар. наша справа),
назва тайнай злачыннай арг-цыі ў ЗША. Узнікла сярод эмігрантаў-сіцылійцаў у пач. 20 ст. як разнавіднасць даўнейшай сіцылійскай мафіі. У час дзеяння «сухога закону» (1920—33) яна зарабіла на кантрабандзе, нелегальнай вытв-сці і распаўсюджанні алкаголю мільярды долараў, з канца 1940-х г. перайшла на вытв-сць і распаўсюджанне наркотыкаў. Здабытыя на злачынных аперацыях сродкі ўкладвае ў легальны бізнес, што дало ёй магчымасць кантраляваць асобныя галіны прам-сці, частку сродкаў масавай інфармацыі, прафсаюзаў, кантактаваць на ўзаемавыгаднай аснове з уплывовымі дзелавымі і паліт. коламі. Складаецца з 24 т.зв. сем’яў (ад 20 да 1000 членаў), што жывуць у розных гарадах. Ёю кіруе шэф (бос), які мае юрыд. дарадчыка. Дзейнасць гэтых сем’яў і інш. груп, што не з’яўляюцца мафіёзнымі арг-цыямі, каардынуе Нац. злачынны сіндыкат.