«МИ́НСКИЕ ГУБЕ́РНСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,

афіцыйная газета. Выдавалася ў 1838—1917 у Мінску губ. праўленнем на рус. мове 1—2 разы на тыдзень. Мела афіц. і неафіц. часткі з дадаткамі. Неафіц. частка выдавалася таксама пад назвай «Минские ведомости». У афіц. частцы друкаваліся ўрадавыя паведамленні і ўказы, аб’явы і распараджэнні губ. улад, у неафіц. — паведамленні пра розныя падзеі і незвычайныя здарэнні (адкрыццё ў Мінску публічнай б-кі імя А.​С.​Пушкіна, пра Мінскі т-р, пажары і інш.), матэрыялы гіст., статыстычнага, этнагр. характару [«Мінск, яго мінулае і сучаснасць», 1891; «Статыстычныя звесткі пра Пінскі павет», 1847; «Статыстычныя звесткі пра Мінскую губерню», 1850; «Вясельны абрад у вёсках Навагрудскага павета» М.​А.​Дзмітрыева, 1861; «Вясельныя звычаі і абрады простага люду ў Барысаўскім павеце» Ш-віча, 1865; «Гістарычны нарыс Мінскай губерні», 1866; «Нарысы Беларускага Палесся», 1868—69; «Гістарычны нарыс мястэчка Турава, былой сталіцы Тураўскага княства» М.​Гаўсмана; «Тураў і Тураўшчына», «Гістарычны нарыс Навагрудка» (усе 1877); «Рэчыца», 1880; «Беларускія народныя песні», 1891, «Прыгоды Яначка» (бел. легенда) М.​Каханскага (А.Н.Е-ва), «Нарыс археалагічных помнікаў на прасторы Мінскай губерні...» Г.​Х.​Татура, 1891—92, і інш.].

Літ.:

Улащик Н.Н. «Минские губернские ведомости» как исторический источник // Проблемы источниковедения. М., 1959. Сб. 7.

Я.​С.​Умецкая.

т. 10, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІ ЛЕ́ТАПІС,

адзін з першых гісторыка-літаратурных твораў, напісаных на бел. землях. Не збярогся, таму час узнікнення, аўтар, змест і характар дакладна не высветлены. Вядомы паводле нешматлікіх прамых і ўскосных звестак у розных пісьмовых крыніцах. На думку С.​М.​Салаўёва, У.​Ц.​Пашуты, Л.​В.​Аляксеева і інш. вучоных, асобныя ўрыўкі П.л. ёсць у Кіеўскім летапісе, які збярогся ў складзе Іпацьеўскага летапісу (звесткі пра полацкія падзеі 2-й пал. 12 ст.). Найб. значны і цікавы з іх — апавяданне, датаванае 1159 (фактычна 1158), пра вяртанне ў Полацк выгнанага палачанамі кн. Рагвалода Барысавіча, напісанае рукой відавочцы падзей жыва, з яркімі дэталямі, з выкарыстаннем простай мовы. Як сведчыць рас. гісторык В.​М.​Тацішчаў, у П.л., адным са спісаў якога ён карыстаўся пры напісанні «Гісторыі Расійскай», расказвалася пра полацкіх, віцебскіх, мінскіх і інш. зах.-рус. князёў. Відаць, летапіс быў прысвечаны гісторыі Полацкай зямлі 10—13 ст. Паводле меркаванняў некат. гісторыкаў (А.​П.​Сапуноў, М.​М.​Ціхаміраў), сапраўдным урыўкам з П.л. з’яўляецца і т.зв. аповесць пра Святохну, змешчаная пад 1216 у «Гісторыі Расійскай» Тацішчава (т. 3), хаця большасць даследчыкаў прызнае яе літаратурным творам 17—18 ст.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 12, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ НАРО́Д»,

грамадска-паліт., эканам. і літ. газета. Выдавалася 20.1—5.2.1919 у Гродне на бел. і рус. мовах. Інфармавала пра работу бел. арг-цый і дзярж. структур. Апублікавала першыя заявы Нар. сакратарыята БНР, пратэст бел. арг-цый супраць намеру польск. ўрада правесці выбары ў сейм на Гродзеншчыне, якая на той час не ўваходзіла ў склад польск. дзяржавы, інфармацыю пра адкрыццё ў шэрагу гарадоў Беларусі аддзелаў Бел. культ.-асв. т-ва «Бацькаўшчына» і інш. Выйшлі 2 нумары.

А.​С.​Ліс.

т. 2, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫЯ́Н ((Arrianos) Флавій) (каля 95, Нікамедыя, Малая Азія — 175),

старажытнагрэчаскі гісторык і пісьменнік. Вучыўся ў Грэцыі ў філосафа-стоіка Эпіктэта. У 121—124 консул у Рыме, каля 131—137 намеснік Кападокіі. Арыяну належаць творы на філасофскую, гістарычную, ваенную, геаграфічную і іншыя тэмы. Захаваліся «Анабасіс Аляксандра» ў 7 кнігах (гісторыя паходаў Аляксандра Македонскага), «Індыя», «Аб’езд Эўксінскага Понта», «Успаміны пра Эпіктэта», «Настаўленне», у якіх выкладзена вучэнне Эпіктэта, змешчаны трактаты пра ваенную справу і паляванне. Іншыя працы вядомыя па фрагментах або назвах.

т. 2, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЛА́САЎ (Уладзімір Васілевіч) (каля 1661—64—1711),

рускі землепраходзец. Сібірскі казак. У 1697—99 здзейсніў паходы на Камчатку, заснаваў астрог Верхнекамчацкі, абклаў данінай мясц народы. У 1701 за далучэнне Камчаткі да Расіі атрымаў чын казацкага галавы. Упершыню рознабакова апісаў прыроду і насельніцтва Камчаткі, даў звесткі пра астравы і землі паблізу ад Камчаткі і Чукоцкага п-ва, пра Курыльскія а-вы і Японію. Забіты ў час бунту служылых людзей. Імем Атласава названы бухта і вулкан на Курыльскіх а-вах.

т. 2, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́ЦКІ ЗА́МАК.

Існаваў 14—17 ст. ў сярэдневяковым г. Друцк (каля сучаснай в. Друцк Талачынскага р-на Віцебскай вобл.). Быў абнесены высокім валам і глыбокім ровам. Звесткі пра замак ёсць у дакументах за 1544, 1545 і 1549, у «Хроніцы Еўрапейскай Сарматыі» (1578, 1581) А.​Гваньіні. Д.з. пастаянна пазначаўся на картах Еўропы за 1562, 1589, 1595 і 1613. Заняпаў, верагодна, у сярэдзіне 17 ст. У дакументах перыяду вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 пра Д.з. не ўпамінаецца.

т. 6, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́ЛАС БЕЛАРУ́СА»,

сялянска-работніцкая газета, орган бел. нац. меншасці ў Латвіі, арганізаванай у 1921 у т-ве «Бацькаўшчына». Выдавалася штотыднёва ў 1925—30 у Рызе на бел. мове. Рэдактар-выдавец К.​Б.​Езавітаў. Мела на мэце абуджаць нац. свядомасць і аб’ядноўваць беларусаў у Латвіі, абараняць іх інтарэсы, развіваць культуру. Пісала пра дзейнасць суполак, т-ваў, інфармавала пра стан асветы, школьнай справы, жыццё беларусаў у БССР, Літве, Чэхаславакіі, Сібіры. Перадрукоўвала матэрыялы з газ. «Савецкая Беларусь», «Беларуская вёска» і інш.

т. 5, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАГА́НСЕН ((Johannsen) Вільгельм Людвіг) (3.2.1857, Капенгаген — 11.11.1927),

дацкі біёлаг, адзін з заснавальнікаў сучаснай генетыкі. Чл. Шведскай АН, замежны чл.-кар. Рас. АН (1924). Праф. ін-та фізіялогіі раслін Капенгагенскага ун-та. Стварыў вучэнне пра чыстыя лініі, што стала асновай сучасных прынцыпаў селекцыі, вызначыла ролю спадчыннасці ў працэсах натуральнага адбору. Увёў тэрміны ген, генатып, фенатып і даў аналіз асн. паняццяў генетыкі ў працы «Элементы дакладнага вучэння пра спадчыннасць» (1909).

Літ.:

Гайсинович А.Е. Зарождение генетики. М., 1967. С. 138.

т. 7, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНЯ́ЖАЦКІЯ З’Е́ЗДЫ ў Кіеўскай Русі,

нарады князёў з дынастыі Рурыкавічаў, на якіх вырашаліся важныя паліт., ваен. і рэліг. пытанні. З летапісных крыніц найб. вядомыя: Вышгарадскі К.з. 1072 (разглядаў пытанні аб перанясенні мошчаў св. Барыса і Глеба ў новую царкву, прыняцці «Праўды Яраславічаў» — новай рэдакцыі «Рускай праўды»), Любецкі з’езд 1097, Віцічаўскі К.з. 1100 (пра заключэнне міру паміж князямі Святаполкам Ізяславічам, Уладзімірам Манамахам, Алегам Святаславічам і інш. і саюз супраць полаўцаў), Долабскі К.з. 1103 (пра арганізацыю паходу супраць полаўцаў).

т. 8, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРКУЛА́БАЎСКІ ЛЕ́ТАПІС, Баркулабаўская хроніка, Баркалабаўскі летапіс,

помнік бел. летапісання пач. 17 ст. Захаваўся ў адзіным спісе, які зберагаецца ў Дзярж. гіст. музеі ў Маскве. Складзены ў мяст. Баркулабава (цяпер в. Баркалабава Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.), як мяркуюць, мясц. святаром Ф.​Філіповічам. Ахоплівае перыяд 1545—1608, сістэматычнае апісанне падзей пачынаецца з 1564 — ад заснавання Баркалабам Корсакам вёскі і замка. Змяшчае занатоўкі пра мяст. Баркулабава і яго ваколіцы, дзярж. і прыватныя дакументы, нар. легенды і паданні. Шмат звестак пра жыццё, побыт, звычаі сялян, міграцыю насельніцтва, цэны на с.-г. прадукцыю, стыхійныя бедствы. Расказвае пра грамадска-паліт. і рэліг. жыццё Беларусі і Расіі канца 16 — пач. 17 ст. Аўтар асвятляў падзеі з патрыят. пазіцый чалавека, блізкага да нар. нізоў. Напісаны жывой вобразнай і каларытнай бел. мовай.

В.​А.​Чамярыцкі.

Старонка Баркулабаўскага летапісу. 17 ст.

т. 2, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)