МУРО́ДАЎ (Джурабек) (н. 24.12.1942, с. Куруд Ленінабадскай вобл., Таджыкістан),

таджыкскі спявак (тэнар), выканаўца на рубобе, кампазітар. Нар. арт. СССР (1979). Скончыў Ленінабадскі пед. ін-т (1962). З 1963 артыст Тадж. філармоніі. У яго рэпертуары тадж. і інш. нар. песні з уласным акампанементам. Выступае і з сімф. аркестрам. Аўтар больш як 150 песень, у т. л. цыклаў на словы М.​Турсун-задэ, С.​Ясеніна і інш. Дзярж. прэмія Таджыкістана 1987.

т. 11, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАЧО́БНІКІ,

група мужчын (радзей жанчын), якія ў першы дзень Вялікадня з вечара і ўсю ноч абходзілі двары і спявалі пад вокнамі валачобныя песні (асобна гаспадару, гаспадыні, іх дарослай дачцэ, нежанатаму сыну). Валачобны гурт складаўся з запявалы («пачынальніка»), падпявальнікаў, музыкі (звычайна скрыпача) і механошы, які збіраў дары («валачобнае» — фарбаваныя яйкі, велікодныя булкі, сыр, невял. грошы). Валачобны абрад, пашыраны пераважна на Пн Беларусі, цяпер страціў аграрна-магічны сэнс і бытуе як вясёлая святочная забава.

т. 3, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІША́Н (Гевонд) (18.7.1820, г. Стамбул — 22.11.1901),

армянскі паэт, гісторык і мысліцель. Адукацыю атрымаў у кангрэгацыі арм. царкоўнікаў-мхітарыстаў у Венецыі. У зб. «Песнапенне» (т. 1—5, 1857—58) апаэтызаваў прыроду роднага краю, подзвіг народа ў барацьбе супраць чужаземных захопнікаў. Родапачынальнік рамант. кірунку ў арм. паэзіі (цыкл вершаў «Песні Патрыярха»). Аўтар фундаментальных даследаванняў па гістарыяграфіі, археалогіі, філалогіі, геаграфіі і этнаграфіі Арменіі, рэліг.-філас. трактатаў, кн. «Успаміны пра радзіму армян» (т. 1—2, 1869—70).

С.​Сарынян.

т. 1, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЙБУТАЎ (Рашыд Маджыд аглы) (14.12.1915, Тбілісі — 9.6.1989),

азербайджанскі спявак (лірычны тэнар). Нар. арт. СССР (1959). Герой Сац. Працы (1980). З 1944 саліст Бакінскай філармоніі, у 1953—60 — Азерб. т-ра оперы і балета. Заснавальнік (1966) і кіраўнік Азерб. т-ра песні. Сярод партый Балаш («Севіль» Ф.​Амірава), Аскер («Аршын мал алан» У.​Гаджыбекава; здымаўся ў аднайм. кінафільме). Дзярж. прэмія СССР 1946; Дзярж. прэмія Азербайджана 1978.

Літ.:

Абасова Э. Рашид Бейбутов. Баку, 1965.

т. 2, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЯ АБЛАСНА́Я ФІЛАРМО́НІЯ.

Створана ў 1987 у Гродне на базе гастрольна-канцэртнага аддзялення Белдзяржфілармоніі. У яе складзе (1997): ансамбль песні, музыкі і танца «Белыя росы» (маст. кіраўнік Я.Штоп), ансамбль сучаснай харэаграфіі «ТАД», танц. дуэт Ю. і Л.​Зябкіных; сярод салістаў І.​Брускін (фп.), У.Захараў (гітара), засл. арт. Расіі Ю.​Трашкееў (чытальнік). У 1987—89 у філармоніі працавалі канцэртна-лекцыйная брыгада, рок-гурт «Рада». Удзельнічае ў арганізацыі і правядзенні муз. фестываляў і конкурсаў, свят горада.

т. 5, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУТУ́ЗАЎ (Мікалай Васілевіч) (н. 17.4.1926, Масква),

расійскі харавы дырыжор, кампазітар, педагог. Нар. арт. Расіі (1975). Нар. арг. СССР (1986). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1950, клас У.Сакалова). З 1950 хормайстар, з 1954 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Акад. хору рус. песні Дзярж. тэлебачання і радыё Расіі. З 1975 выкладае ў Рас. акадэміі музыкі (з 1985 праф.). Аўтар песень і харавых твораў. Апрацаваў для хору больш за 300 рус. нар. песень. Дзярж. прэмія Расіі 1982.

т. 9, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́ЙЦВАЛЬД ((Kreutzwald) Фрыдрых Рэйнхальд) (26.12.1803, вол. Йыэперэ, Ракверэскі р-н, Эстонія — 25.8.1882),

эстонскі пісьменнік, фалькларыст, асветнік; пачынальнік эст. нац. л-ры. Скончыў Дэрпцкі ун-т (г. Тарту, 1833). Дэбютаваў у 1830-я г. (публіцыстычныя і фалькл.-этнагр. артыкулы). Аўтар сатыр. апавяданняў, кнігі вершаў «Песні вірускага спевака» (1865). Збіральнік і складальнік эст. нар. эпасу «Калевіпоэг» (выд. 1857—61), зб-ка літаратурна апрацаваных «Старадаўніх эстонскіх народных казак» (1866). На бел. мову асобныя творы К. пераклаў Б.​Сачанка.

т. 8, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́ТКАЎ (Дзімітр) (н. 4.5.1919, г. Смолян, Балгарыя),

балгарскі кампазітар. Нар. арт. Балгарыі (1974). Скончыў Дзярж. муз. акадэмію ў Сафіі (1952). У 1954—62 і 1975—78 дырэктар Сафійскай нар. оперы. Сярод твораў: опера «Званы, якія змоўклі» (1987), араторыя «Рожэн спускаецца з Радопаў» (1966), кантаты «Вераснёўская легенда» (1953), «Рэквіем матросу» (1967), «Святочная кантата» (1974), «Кантата аб Антаніванаўцах» (1978), сольныя і харавыя песні (каля 1000), дзіцячыя аперэты, музыка да спектакляў, кінафільмаў, радыёпастановак. Дзімітроўская прэмія 1969.

т. 12, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЙЦІК (Віктар Антонавіч) (н. 3.9.1947, г. Гродна),

бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1995). Скончыў Бел. кансерваторыю (1972, клас К.Багатырова). Нам. старшыні праўлення Саюза кампазітараў Беларусі (з 1978). У 1981 — 88 заг. муз. часткі Дзярж. рус. драм. т-ра Беларусі. З 1980 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Працуе ў розных жанрах, значныя дасягненні ў музыцы для цымбалаў. Музыцы Войціка ўласціва нац. характэрнасць у спалучэнні з сучаснай тэхнікай кампазіцыі. Сярод твораў: опера «Вясновая песня» (паст. 1993), мюзікл «Прыгоды ў замку «Алфавіт» (паст. 1996, лібр. С.​Клімковіч), араторыі «Памяць Хатыні» на вершы Г.​Бураўкіна і Р.​Тармолы (1973) і «Дзень Радзімы» на вершы У.​Карызны (1977); кантаты «Як хадзіў камар у сваты» на вершы М.​Багдановіча (1972) і «Казацкія песні» на нар. словы (1974); З сімфоніі («Каложа», 1972, 1975; «Апошняя восень паэта» на вершы П.​Верлена ў пер. М.​Багдановіча, 1992); канцэрты для камернага аркестра (1974), для кларнета і камернага аркестра (1984), для цымбалаў і сімф. аркестра (1988); сімф. сюіта «Забавы» (1976), «Сюіта ў старадаўнім стылі» для цымбалаў і камернага аркестра (1972); «Самотны вецер» для гітары і стр. квартэта (1993); саната для двух цымбалаў (1979); хары, песні, музыка да драм. спектакляў і інш.

Р.​М.​Аладава.

т. 4, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСАКО́ЎСКІ (Міхаіл Васілевіч) (19.1.1900, в. Глотаўка Ельнінскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 20.7.1973),

рускі паэт. Герой Сац. Працы (1970). Засл. дз. культ. Беларусі (1968). Друкаваўся з 1914. Зб-кі вершаў «Па ступенях часу» (1921), «Правады ў саломе» (1927), «Правінцыя» (1930), «Майстры зямлі» (1931), «Наказ сыну» (1943), «Вершы і песні» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949) і інш., паэмы «Чатырыста мільёнаў» (1921), «Чатыры жаданні» (1936). За вершы папулярных песень «Кацюша», «І хто яго знае...» і інш. Дзярж. прэмія СССР 1943. Яго паэзіі, прасякнутай мудрай і трапяткой любоўю да роднага краю і яго людзей, уласцівы напеўнасць і меладычнасць. Аўтар кніг «Пра паэтычнае майстэрства» (1952), «Пра паэтаў, пра вершы, пра песні» (1968), аўтабіягр. кнігі «На Ельнінскай зямлі» (1971—72). На рус. мову пераклаў зб-кі «Выбраныя вершы» (1937) і «Хлопчык і лётчык» (1951) Я.​Купалы, «Тры паэмы» (1946), «Вершы» (1947), «Выбранае» (1948), «Граніца: Беларуская хроніка» (1955) А.​Куляшова, паэму «Шчаслівая дарога» (1935) А.​Александровіча, паэму «Тарас на Парнасе» і інш. Шэраг вершаў прысвяціў Беларусі.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—5. М., 1981—82;

Бел. пер. — Выбраныя творы Мн., 1952.

Літ.:

Твардовский А.Т. Поэзия Михаила Исаковского. М., 1978.

С.​Ф.​Кузьміна.

М.В.Ісакоўскі.

т. 7, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)