ЧУВАШЫ́ (саманазва чаваш),
народ, асноўнае насельніцтва Чувашыі (907 тыс. чал.). Жывуць таксама ў інш. рэгіёнах Расіі (пераважна ў Паволжы і на Урале) і краінах СНД. Усяго ў Рас. Федэрацыі 1773,6 тыс. чал. (1989). Гавораць на чувашскай мове. Вернікі пераважна праваслаўныя.
т. 17, с. 283
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫЛІ́ЙЦЫ (саманазва чыленьёс),
народ, асн. насельніцтва Чылі (больш за 11,4 млн. чал.). Жывуць таксама ў Аргенціне (200 тыс. чал.), інш. краінах Амерыкі, краінах Еўропы, у Аўстраліі. Агульная колькасць 11,8 млн. чал. (1992). Гавораць на мясц. варыянце ісп. мовы. Вернікі — пераважна католікі.
т. 17, с. 309
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАМЕТЭАРАЛАГІ́ЧНАЯ СЛУ́ЖБА,
дзяржаўная арганізацыя, якая забяспечвае гаспадарку і насельніцтва метэаралагічнай, гідралагічнай і аграметэаралагічнай інфармацыяй (стан надвор’я, мораў, рэк, азёр, вадасховішчаў, прагнозы надвор’я і інш.). Мае сетку гідраметэаралагічных цэнтраў, станцый і пастоў, якія вядуць і апрацоўваюць назіранні па вызначаных праграмах. У склад гідраметэаралагічнай службы ўваходзяць таксама н.-д. ўстановы, абсерваторыі. Першыя на тэр. Беларусі інструментальныя метэаралаг. назіранні па навуковай методыцы пачаліся ў 1803 (Гродна), першая метэастанцыя была арганізавана ў 1849 (Мінск). На Беларусі гідраметэаралагічная служба створана ў 1930 (з 1924 дзейнічае сетка метэаралагічных і гідралагічных пастоў). З 1991 дзейнічае К-т па гідраметэаралогіі пры Мін-ве па надзвычайных сітуацыях і абароне насельніцтва ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. На 1.1.1996 у складзе гідраметэаралагічнай службы 6 гідраметэаралагічных цэнтраў у абл. гарадах, 33 метэаралагічныя і 8 гідралагічных станцый, 135 гідралагічных пастоў. Гідраметэаралагічная служба Беларусі — член Сусв. метэаралагічнай арг-цыі.
т. 5, с. 229
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕБЕ́І (лац. plebejus ад plebs просты народ),
адно з саслоўяў свабоднага насельніцтва Стараж. Рыма. Да 3 ст. да н.э., як прышлае і падпарадкаванае насельніцтва, стаялі па-за абшчынай, не маглі карыстацца абшчыннай зямлёй (ager publicus), а валодалі ёю на правах прыватнай уласнасці. Беззямельныя П. займаліся рамесніцтвам і гандлем. У выніку працяглай барацьбы з патрыцыямі дамагліся некат. правоў: запісаны Законы 12 табліц (451—449 да н.э.), якія абаранялі П. ад беззаконня патрыцыяў; уведзены пасады нар. трыбунаў (449 да н.э.), прыняты закон пра дазвол шлюбаў паміж патрыцыямі і П. (445 да н.э.), аднаго консула ўводзілі з П. (367 да н.э.), рашэнні П. па трыбах атрымлівалі сілу закона і П. ўключаліся ў склад рым. народа (287 да н.э.). Тэрмін «П.» з 3—2 ст. да н.э. стаў азначаць паўнапраўных грамадзян нязнатнага паходжання.
Літ.:
Нечай Ф.М. Образование Римского государства. Мн., 1972.
т. 12, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСЕАГУ́ЛЬНАЯ ПРАЦО́ЎНАЯ ПАВІ́ННАСЦЬ,
мерапрыемствы сав. улады па абавязковым прыцягненні да працы ўсіх працаздольных грамадзян сав. Расіі, якія праводзіліся ў 1918—20. Мела на мэце забеспячэнне рабочай сілай патрэб гаспадаркі і абароны ва ўмовах грамадз. вайны і інтэрвенцыі; цесна звязана з палітыкай «ваеннага камунізму». У.п.п. абвешчана ў Дэкларацыі правоў працоўнага і эксплуатуемага народа (студз. 1918), дэкрэтам СНК РСФСР ад 5.10.1918 уведзена для прадстаўнікоў буржуазіі, Кодэксам законаў аб працы ад 10.12.1918 — для ўсяго працаздольнага насельніцтва. Дэкрэты СНК ад 12.4.1919 і 27.4.1920 забаранялі самавольны пераход на іншую працу і сурова каралі за прагулы. Паводле дэкрэта СНК ад 29.1.1920 «Аб парадку ўсеагульнай працоўнай павіннасці» ствараліся Гал. (старшыня Ф.Э.Дзяржынскі) і мясц. к-ты па правядзенні У.п.п., усё працаздольнае насельніцтва, незалежна ад пастаяннай работы, прыцягвалася да выканання розных прац. заданняў. З увядзеннем новай эканамічнай палітыкі У п.п. спыніла дзеянне. На тэр. Беларусі скасавана ў 1922.
т. 16, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮДЖЭ́ТНАЯ СТАТЫ́СТЫКА,
1) статыстычны ўлік дзярж. і мясц. бюджэтаў.
2) Галіна сац.-эканам. статыстыкі, якая вывучае аб’ём, структуру і дынаміку нар. спажывання. Крыніцамі статыст. інфармацыі па жыццёвым узроўні насельніцтва і па сац. групах з’яўляюцца дзярж. справаздачнасць і перапісы, а таксама бюджэтныя абследаванні.
т. 3, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЕРБАЙДЖА́НЦЫ (саманазва азербайджанлылар, азерылер),
нацыя, асн. насельніцтва Азербайджана (5,8 млн. чал., 1989). Агульная колькасць у свеце больш за 14,55 млн. чал. (1987). У краінах СНД 6,7 млн. чал., жывуць таксама ў Іране і Іраку. Гавораць на азербайджанскай мове. Вернікі пераважна мусульмане-шыіты.
т. 1, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКАРПА́ЦКАЯ УКРАІ́НА (Закарпацце),
тэрыторыя сучаснай Закарпацкай вобл. Украіны. У 10—11 ст. была ў складзе Кіеўскай Русі. Стараж. насельніцтва — славяне. З 11 ст. ў складзе Венгрыі, потым Аўстрыі і Аўстра-Венгрыі, з 1919 — Чэхаславакіі, з 1938 — Венгрыі. З 1945 у складзе Украіны.
т. 6, с. 504
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КХМЕ́РЫ (саманазва кхмер, кхмаэ), камбаджыйцы,
нацыя, асн. насельніцтва Камбоджы (8,6 млн. чал.). Агульная колькасць 10,35 млн. чал. (1992). Жывуць таксама ў В’етнаме (950 тыс.), Тайландзе (700 тыс.), ЗША (15 тыс.), Канадзе (15 тыс.), Аўстраліі (9 тыс.). Гавораць на кхмерскай мове. Вернікі — будысты (хінаяна).
т. 9, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛДАВА́НЕ (саманазва малдавень),
народ, асн. насельніцтва Малдовы (2,8 млн. чал.). Жывуць таксама на Украіне (324,5 тыс. чал.), у Расіі (172,7 тыс. чал., 1992). Агульная колькасць 3,35 млн. чал. Гавораць на малдаўскай мове. Вернікі — праваслаўныя. У 1996 на Беларусі створана абшчына М. «Малдова».
т. 10, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)