ДРУ́МЛІНЫ (англ. drumlin, адз.л.),
прадаўгавата-авальныя ўзгоркі, выцягнутыя па падоўжнай восі ў напрамку руху б. ледавіка. Даўж. ад некалькіх соцень метраў да 2—3 км, шыр. ад 100 да 400 м, выш. ад 5 да 45 м. Складзены пераважна з асн. марэны, часта маюць ядро з флювіягляцыяльных пяскоў ці карэнных парод. Паходжанне Д. найчасцей звязваюць з працэсамі падлёднай акумуляцыі і ледавіковай эрозіі. Месцамі Д. ўтвараюць т.зв. друмлінавыя палі, у самым вял. з іх (штат Нью-Йорк, ЗША) каля 10 тыс. Д. На Беларусі Д. трапляюцца ў Паазер’і.
т. 6, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАДУ́НЬ,
возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Альзініца, за 32 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 0,43 км², даўж. 1,2 км, найб. шыр. 430 м, найб. глыб. 8,4 м, даўж. берагавой лініі 3,1 км. Пл. вадазбору 20,9 км². Схілы катлавіны выш. 5—16 м, пераважна разараныя. Берагі месцамі забалочаныя, пад хмызняком. Дно сапрапелістае, уздоўж берагоў пясчанае. Шыр. паласы прыбярэжнай расліннасці да 100 м. Упадаюць 3 ручаі, у т. л. з воз. Братаўна; на У злучана пратокай з воз. Ухвішча.
т. 6, с. 412
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУРА́ЎНА,
возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нача, за 30 км на ПдЗ ад Полацка. Пл. 0,49 км², даўж. 1,5 км, найб. шыр. 720 м, найб. глыб. 14 м, даўж. берагавой лініі 5,8 км. Пл. вадазбору 6,9 км². Схілы катлавіны выш. да 20 м (на З і ПдЗ 2—5 м), разараныя, месцамі парослыя лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, на ПдЗ сплавінныя. Дно да глыб. 5—6 м пясчанае, ніжэй глеістае. Зарастае. Злучана ручаямі з азёрамі Валынец і Сушына.
т. 6, с. 451
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭ́ЖЛІНА,
возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула (цячэ праз возера), за 7 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,36 км², даўж. 1,1 км, найб. шыр. 560 м, найб. глыб. 9,8 м, даўж. берагавой лініі каля 3,6 км. Пл. вадазбору 1366 км². Схілы катлавіны выш. 10—15 м, участкамі разараныя, на Пд і ПдЗ параслі лесам. Берагі пясчаныя, месцамі забалочаныя, на ПдЗ пад лесам. Дно глеістае. Каля ўсх. берага востраў пл. 0,7 га. Уздоўж берагоў паласа расліннасці шыр. да 100 м.
т. 6, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАГА́ЦЦЕ, Загач,
возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мядзелка, за 3,5 км на ПдЗ ад г. Паставы. Пл. 0,3 км² даўж. 1,3 км, найб. шыр. 330 м, найб. глыб. 7,8 м, даўж. берагавой лініі каля 3,6 км. Пл. вадазбору 9,8 км². Схілы катлавіны выш. 12—15 м. Берагі пад хмызняком, на З і Пн месцамі сплавінныя. Пойма шыр. да 10 м, забалочаная, пад хмызняком. Дно гліністае. Шыр. паласы расліннасці да 20 м, у паўн.-ўсх. заліве да 200 м. Ўпадаюць 6 ручаёў. Злучана ручаём з Задзеўскім возерам.
т. 6, с. 496
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАДРА́ЧАНСКАЕ ВО́ЗЕРА, Задрач,
у Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ловаць (працякае праз возера), за 40 км на ПнУ ад г. Гарадок. Пл. 0,77 км², даўж. 2 км, найб. шыр. 570 м, найб. глыб. 6,4 м, даўж. берагавой лініі 4,7 км. Пл. вадазбору 36,6 км². Схілы катлавіны выш. 5—7 м (на У і ПнУ да 30 м), на Пд і ПдЗ пад лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, месцамі тарфяністыя. Пойма шыр. 5—70 м. Дно ўздоўж берагоў пясчанае, глыбей — глеістае. Зарастае слаба.
т. 6, с. 499
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІКА́ЗНЬ,
возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 14 км на У ад г. Браслаў. Пл. 2,38 км, даўж. каля 3 км, найб. шыр. 800 м, найб. глыб. 8,4 м, даўж. берагавой лініі каля 13 км. Пл. вадазбору 25,3 км². Схілы катлавіны выш. 12—15 м, у верхняй ч. разараныя, на ПдУ парослыя лесам. Берагі нізкія, месцамі абразійныя, пад хмызняком, у паўн.-зах. заліве сплавінныя. Мелкаводдзе пясчанае і пясчана-галечнае, глыбей дно выслана сапрапелем. 2 астравы агульнай пл. 1,2 га. На ПнЗ выцякае р. Усвіца.
т. 7, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬМЁНАК,
возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 10 км на ПнУ ад г. Браслаў. Пл. 0,2 км², даўж. 640 м, найб. шыр. 470 м, найб. глыб. 6,2 м, даўж. берагавой лініі каля 2 км. Пл. вадазбору 2,5 км². Схілы катлавіны выш. 10—20 м, на Пд парослыя лесам, на З і Пн разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, месцамі зліваюцца са схіламі. Дно да глыб. 2 м пясчанае, ніжэй глеістае. Зарастае да глыб. З м. Упадаюць 2 ручаі, на З выцякае ручай у воз. Поцех.
т. 7, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКІ́СІНА,
возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 27 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,78 км², даўж. 1,9 км, найб. шыр. 550 м, найб. глыб. 33,5 м, даўж. берагавой лініі больш за 5 км Пл. вадазбору 2,8 км². Схілы катлавіны выш. 12—15 м (на З і У 2—6 м), разараныя. Пойма шырокая, месцамі забалочаная. Берагі пясчаныя, зах. і паўн. забалочаныя. Мелкаводдзе шырокае, выслана пясчанымі адкладамі, глыбакаводная ч. дна — сапрапелем. Вада вызначаецца чысцінёй і празрыстасцю. Выцякае ручай у воз. Вогзіна.
т. 7, с. 443
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМБАДЖЫ́ЙСКАЯ РАЎНІ́НА,
нізінная раўніна на Пд п-ва Індакітай, пераважна ў Камбоджы. Пл. каля 200 тыс. км². Сярэднія выш. каля 100 м. Абмежавана на З хр. Кравань, на Пн уступам плато Карат, на У гарамі Чыянгшон. Складзена з рыхлых алювіяльных і азёрных адкладаў р. Меконг і яе прытокаў. На К.р. знаходзіцца самае вялікае на п-ве Індакітай воз. Танлесап. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Ападкаў ад 700 да 1500 мм за год. Пасля зведзеных лясоў пераважаюць рэдкалессі і саванны, месцамі лугі і балоты. Густа населена; развіта рысаводства.
т. 7, с. 505
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)