БАПЛА́Н ((Beauplan) Гіём Левасэр дэ) (каля 1600, Нармандыя, Францыя — 6.12.1673),
французскі інжынер-фартыфікатар, картограф. У 1630—48 служыў у арміі Рэчы Паспалітай у чыне капітана артылерыі. Пабудаваў шэраг крэпасцяў на Украіне (Крамянчуг, Бар і інш.). Сабраў і апублікаваў багаты гіст., геагр. і этнагр. матэрыял («Апісанне Украіны», Руан, 1650). Зробленыя ім карты (тэр. Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны) неаднаразова друкаваліся да сярэдзіны 18 ст. Склаў карту «Вялікае княства Літоўскае і Белая Русь», дзе ўпершыню назва «Беларусь» вынесена ў загаловак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБУ́СКАЯ ЗЯМЛЯ́ (Ziemia Lubuska),
гістарычная тэр. ў Польшчы і Германіі, абапал р. Одра (у сярэднім яе цячэнні). У раннім сярэдневякоўі была населена заходнеслав. племем любушан. У 2-й пал. 10 ст. ўвайшла ў склад Польскай дзяржавы. Падвяргалася нападам немцаў, у сярэдзіне 13 ст. ўвайшла ў склад княства Брандэнбург (Сярэдняя марка на 3, Новая марка на У). На працягу стагоддзяў аб’ект ням. каланізацыі і германізацыі. У 1945 тэрыторыя на У ад Одры вернута Польшчы (Любускае ваяв.), зах.ч. засталася ў межах Германіі (зямля Брандэнбург).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАМА́Й (? — 1380),
татарскі военачальнік і дзярж. дзеяч. Цемнік пры хане Бердыбеку [1357—61], яго зяць. Пасля смерці Бердыбека (1361) М. — фактычны правіцель Залатой Арды. Непрыхільна ставіўся да аб’яднання рус. зямель, арганізатар спусташальных паходаў супраць Разанскага (1373, 1378) і Ніжагародскага (1378) княстваў. Спроба ўварвацца ў межы Маскоўскага вялікага княства скончылася яго паражэннем на р. Вожа (1378). У Кулікоўскай бітве 1380 войскі М. поўнасцю разбіты. У гэтым жа годзе пацярпеў паражэнне ад войск Тахтамыша, уцёк у Кафу (цяпер г. Феадосія, Украіна), дзе быў забіты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКАЕ ВАЯВОДСТВА,
адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 16—18 ст. Утворана ў 1565. Ахоплівала тэр.б.Мсціслаўскага княства, Крычаўскай воласці і прыватных маёнткаў, папярэдне вылучаных з іх складу. На паветы не падзялялася. Мела харугву жоўтага (паводле А.Гваньіні — «памяранцавага», аранжавага) колеру з выявай герба «Пагоня» ў чырвоным полі. Буйнейшымі паселішчамі, апрача г. Мсціслаў, былі мястэчкі Дрыбін, Жукава, Крычаў, Радамль, Расна, Хіславічы, Хоцімль, Шумячы. Скасавана пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772), яго тэр. ўвайшла ў Мсціслаўскую правінцыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫНЯ́НЕ,
усходнеславянская племянная групоўка 9—10 ст. на тэр. Валынскай зямлі. Назва ад г. Валынь. Двойчы ўпамінаюцца ва ўводнай недатаванай частцы «Аповесці мінулых гадоў», якая сцвярджае, што папярэднікі валынян зваліся дулебамі і бужанамі. Верагодна, валыняне пад назвай «валінана» ўпамінаюцца ў араб. географа Масудзі (сярэдзіна 10 ст.), які паведамляе, што ў старажытнасці валыняне падначальвалі інш. славянскія плямёны, іх правіцеля звалі Маджак. У канцы 10 ст. кіеўскі кн. Уладзімір Святаславіч захапіў заселеныя валынянамі Чэрвеньскую і Перамышльскую землі. У 12 ст. на тэр. валынян ўтварылася Уладзіміра-Валынскае княства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАПЯТРО́ВІЧ (Ежы) (1740 — 16.3.1812),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Лідскі стражнік (1764), лоўчы (1771), навагрудскі гродскі суддзя (1780), пісар вайсковы літоўскі (1783—87), чл. Пастаяннай рады (1780—84), удзельнічаў у рабоце дэпартамента справядлівасці. У час паўстання 1794 зачытаў на гар. рынку ў Вільні акт аб пачатку паўстання ў ВКЛ. Сябар Вышэйшай літоўскай рады ў Вільні, суддзя крымінальны літоўскі. З утварэннем Цэнтральнай дэпутацыі Вялікага княства Літоўскага кіраўнік аддзела вайск. патрэб. За справядлівасць, самаадданае выкананне грамадскіх і службовых абавязкаў яго назвалі «літоўскім Арыстыдам». Увекавечаны ў паэме А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЧКАІ ((Bocskai) Іштван) (1.1.1557, г. Клаўзенберг, цяпер г. Клуж-Напока, Румынія — 29.12.1606),
венгерскі феадал, кіраўнік антыгабсбургскага руху ў Венгерскім каралеўстве. Пасол Трансільваніі пры габсбургскім двары ў 1576 і 1603. Камандуючы трансільванскімі войскамі ў паспяховым паходзе супраць тур. войск у Валахію (1595). У 1604 узначаліў барацьбу сялян, гараджан і часткі венг. дваранства супраць аўстр. панавання. У выніку перамогі абраны князем Трансільваніі (1605), падпісаў Венскі мір (23.6.1606), паводле якога адноўлена незалежнасць Трансільванскага княства (да яго далучаны венг. камітаты Угоча, Бераг, Сатмар, крэпасць Токай), дадзена свабода веравызнання пратэстантам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЗАНТЫ́ЙСКАЕ ПРА́ВА,
прававая сістэма Візантыі 6—15 ст. Яго асновай былі кадыфікацыя Юстыніяна, выкладзеная ў зборніках пад назвай «Намаканоны», і рымскае права, якое дастасоўвала рабаўладальніцкае права да феад. адносін. Гэта дастасаванне адбылося пад уплывам звычаёвага права народаў, што засялілі імперыю, у т. л. славян. На сямейнае і спадчыннае права паўплывала і хрысц. рэлігія. Некаторыя нормы Візантыйскага права пераняты «Рускай праўдай», Статутамі Вял.княства Літоўскага 1529, 1566, 1588, Улажэннем Аляксея Міхайлавіча 1649 і інш. На тэр. Расіі і Беларусі былі пашыраны зборнікі Візантыйскага права Эклога, Земляробчы закон, Прахірон і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ЧЫЦ (Людміла Уладзіміраўна) (н. 12.12.1950, Мінск),
бел. археолаг. Канд.гіст.н. (1982). Скончыла БДУ (1975). З 1974 у Ін-це гісторыі АН Беларусі. Вывучае гісторыю ПнЗ Полацкага княства, культавыя камяні, каменныя крыжы, археал. мікратапаніміку, стараж. касцюм на тэр. Беларусі. Праводзіла раскопкі гарадзішчаў на Браслаўшчыне, курганоў на Пн Беларусі, гідраархеал. даследаванні ў Падзвінні.
Тв.:
Край блакітных азёр. Мн., 1988;
Браслаўскае Паазер’е ў IX—XIV стст.: Гіст.-археал. нарыс. Мн., 1991;
Археалагічныя помнікі ў назвах, вераваннях і паданнях беларусаў. Мн., 1993;
Касцюм жыхароў Беларусі X—XIII стст. (паводле археалагічных звестак). Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛІЧ,
старажытнарускі горад на р. Луква (прыток Днястра) каля с. Крылас Івана-Франкоўскай вобл. Украіны, за 5 км на Пд ад сучаснага горада. У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца пад 1140. З 1144 цэнтр Галіцкага, з 1199 Галіцка-Валынскага княства. З 2-й пал. 12 ст. дасягнуў найб. росквіту, меў княжацкія палацы, храмы, развітыя рамяство і гандаль, тут складзены Галіцка-Валынскі летапіс. Пасля зруйнавання ў 1241 татарамі прыйшоў у заняпад. Паводле археал. даследаванняў, узнік у 10 ст. У выніку раскопак выяўлены рэшткі Успенскага сабора 12 ст., наземных і паўзямлянкавых жытлаў і майстэрняў.