РАДЗІВІ́Л (Францішка Уршуля) (13.2.1705, станцыя Чартарыйск Валынскай вобл., Украіна — 23.5.1753),
пісьменніца, драматург. З роду Вішнявецкіх. Жонка М.К.Радзівіла Рыбанькі. З 1725 жыла ў Нясвіжы. Была прыхільніцай пашырэння асветы, спрыяла аднаўленню дзейнасці Нясвіжскай друкарні. Пісала на польскай, італьян., франц. і ням. мовах. Аўтар вершаваных «Лістоў да мужа», паэт.зб. «Збавенныя перасцярогі» (Нясвіж, 1755), шэрагу вершаваных эпітафій, павучальных твораў для дзяцей. У 1746 стварыла палацавы Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, дзе ставіла спектаклі паводле сваіх п’ес (пазней пастаноўкі ажыццяўляў Я.П.Фрычынскі). У 1746—52 напісала для т-ра 16 драм. твораў і оперных лібрэта. Для сваіх п’ес шырока выкарыстоўвала сюжэты з ант. міфалогіі, сярэдневяковых драм і гумарэсак, казак («Забава фартуны», «Каханне — дасканалы майстар», «У вачах нараджаецца каханне»), матывы з твораў Дж.Бакачыо, Я.Морштына і інш. Для т-ра перарабляла барочныя італьян. оперы («Дасціпнае каханне»), п’есы Вальтэра і Мальера. Творы Р. яскрава адлюстроўваюць асаблівасці мясц. культуры барока, яе своеасаблівы пераход ад сярэдневяковай л-ры і відовішчаў да тэатр. драматургіі новага часу. Збор твораў Р. «Камедыі і трагедыі» (Жоўква, 1754) багата ілюстраваны гравюрамі М.Жукоўскага з выявамі сцэн са спектакляў. На бел. мову яе камедыю «Забава фартуны» пераклалі В.Арэшка і А.Вольскі.
Тв.:
Бел.пер. — Забава фартуны // Спадчына. 1994. № 1.
Літ.:
Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;
Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Мн., 1983;
Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992;
Арэшка В. «Вяльможная аўтарка камедый», або Спроба дэміфалагізацыі асобы Уршулі Радзівілавай // Мастацтва. 1993. № 7;
Марціновіч А.А. Хто мы, адкуль мы... Кн. 1. Мн., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗВЕ́ДКА ПАРТЫЗА́НСКАЯў Вялікую Айчынную вайну,
збор, апрацоўка і перадача ваен., эканам. і паліт. інфармацыі аб праціўніку; адзін з відаў забеспячэння баявой дзейнасці партызан і адна з форм дапамогі Чырв. Арміі. Праводзілася спец. падраздзяленнямі разведкі і разведчыкамі, якія складалі каля 10% (1944) асабовага складу партыз. фарміраванняў, а таксама сувязнымі, падпольшчыкамі і інш. патрыётамі. У 1942 у тыле ворага дзейнічалі 5150 разведчыкаў, у канцы 1943 — больш за 8 тыс., да ліп. 1944—24 тыс.Р.п. кіравалі Паўн.-Зах. аператыўная група ЦККП(б)Б, развед. аддзелы Цэнтр. і Бел. штабоў партыз. руху, аператыўныя групы і прадстаўніцтва БШПР пры штабах франтоў, развед. органы партыз. фарміраванняў. У дапамогу Чырв. Арміі Р.п. ў вер. 1941 здабыла звесткі пра сканцэнтраванне буйных сіл ворага для наступлення на Маскву і прыблізныя тэрміны яго пачатку; у жн. 1942 — пра перакідку ням. войск у раён Ленінграда; загадзя перадала даныя пра маючае адбыцца наступленне герм. войск у раёне Арла і Курска, пра план контрудараў на Палессі, у раёне Кіева і інш. Толькі з кастр. да канца 1943 бел. партызаны перадалі камандаванню сав. войск звесткі пра размяшчэнне 338 аэрадромаў і пасадачных пляцовак, 871 склад, 152 прадпрыемствы, што выраблялі ваен. прадукцыю. Р.п. здабыла звесткі пра сакрэтную зброю вермахта — самалёты-снарады і ракеты Фау-1 і 2 (гл.Фау), вытворчасць у Германіі фаустпатронаў і інш. (аб выніках дзейнасці бел. партызан і Р.п.гл. таксама Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну). Каля 6 тыс.партыз. разведчыкаў і сувязных загінулі пры выкананні заданняў. Сярод тых, каму прысвоена званне Героя Сав. Саюза, разведчыкі Г.І.Маслоўская, М.А.Міхайлашаў, М.Тапівалдыеў, У.А.Хамчаноўскі, В.З.Харужая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎД (Raud),
эстонскія мастакі, браты. Нарадзіліся ў Віру-Яагупі (Эстонія). Крысцьян Р. (22.10.1865—19.5.1943), графік. Вучыўся ў Пецярбургскай (з 1892), Дзюсельдорфскай (1897—98), Мюнхенскай (1901—03) АМ, у школе А.Ажбе ў Мюнхене (з 1899). Заснавальнік і кіраўнік маст. студыі ў г. Тарту (каля 1905—14). У 1923—26 выкладаў у Талінскім маст.-прамысл. вучылішчы. Ў 1890-я г. рабіў жанравыя эцюды і замалёўкі з жыцця эст. сялян («У хаце», 1896—98). Пазней зазнаў уплывы мадэрну і сімвалізму. На аснове стылявых асаблівасцей эст.нар. разьбы па дрэве выпрацаваў своеасаблівую манеру экспрэсіўнага манументалізаванага станковага малюнка. Сярод твораў: «Збор бульбы» (1896), «Трыпціх на сюжэт казання «Тагасветная нявеста» (1919), «Ігра на кантэле» (1914—28), «Жніво» (каля 1938), «У сялянскай хаце» (1939), «Селянін» (1942), цыклы малюнкаў «Чалавек і ноч» (1907—09) і на тэму эст. эпасу «Калевіпаэг» (1920—40-я г.). Адзін з заснавальнікаў Эст.нар. музея (1909, цяпер Этнаграфічны музей Эстоніі) у Тарту, ініцыятар стварэння Эстонскага музея (1919, цяпер Маст. музей Эстоніі) у Таліне. Паўль Р. (23.10.1865—22.11.1930), жывапісец. Вучыўся ў АМ у Дзюсельдорфе (1888—94) і ў Пецярбургу (1911) у І.Рэпіна. З 1923 выкладаў у Талінскім маст.-прамысл. вучылішчы. Пісаў пераважна заказныя парадныя партрэты ў акад. духу, а таксама жанравыя і пейзажныя эцюды, этнаграфічна дакладныя збіральныя партрэты эст. сялян. Сярод твораў: «Дама ў чырвоным капелюшы» (1893), партрэт Н.Ікскюль (1894), «Дзядзька Паўль з люлькай» (каля 1894—96), «Стары з вострава Муху» (1898), «Матыў Пакры» («Сенакос», 1899), «Аўтапартрэт з палітрай» (1908) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНСКРЫ́Т (ад санскр. апрацаваны),
літаратурна апрацаваная мова арыйскай цывілізацыі ў Індыі (у процілегласць пракрыту — мове неадукаваных мас); адна з асн.стараж.-індыйскіх моў. Вызначаецца строга нармалізаванай граматыкай.
У фанетыцы С. 3 чыстыя галосныя (а, е, о), 2 глайды (і, u), плаўныя складовыя (r, l), багатая ўпарадкаваная сістэма зычных (з проціпастаўленнем звонкасці-глухасці, прыдыхальнасці-непрыдыхальнасці), свабодны націск, залежныя ад націску тоны; у марфалогіі — сямісклонавая сістэма імя, клічная форма, 3 роды і лікі, багатая сістэма катэгорый і форм дзеяслова; у лексіцы — вял. колькасць складаных слоў, часам эквівалентных сінтагме ці цэламу сказу. С. падзяляецца на ведыйскі (15—5 ст. да н.э.), эпічны (5 ст. да н.э. — 4 ст.н.э.) і класічны, або С. у вузкім сэнсе (2—16 ст.н.э.).
Санскрытамоўная культура мае найбагацейшую л-ру. Ведыйскія тэксты (гл.Веды) — творы рэлігійныя (гл.Ведычная рэлігія), маст., навук., філас., юрыдычныя, якія ў храналагічным парадку распадаюцца на 4 цыклы: Самгіта — збор гімнаў (Рыгведа і інш.), Брахманы — каментарый да Веды і інш., Упанішады — рэлігійныя і філас. аповесці, Сутры — звод розных практычных правіл. На эпічным С. створаны сусветнавядомыя эпасы «Махабхарата» і «Рамаяна». Класічны С. прадстаўлены ў першую чаргу тэкстамі інд. граматыстаў. Нормы класічнага С. выкладзены ў граматыцы Паніні (5—4 ст. да н.э.). На пісьме выкарыстоўваліся пераважна разнавіднасці шрыфту дэванагары. У Індыі С. выкарыстоўваецца як мова гуманітарных навук і культу. З адкрыццём і пачаткам вывучэння С. ў Еўропе звязана зараджэнне параўнальна-гістарычнага мовазнаўства.
Літ.:
Иванов В.В., Топоров В.Н. Санскрит. М., 1960;
Барроу Т. Санскрит: Пер.англ.М., 1976;
Кочергина В.А. Санскритско-русский словарь. 2 изд. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАГРА́ФІЯ (ад археа... + ...графія),
навука, якая распрацоўвае тэорыю і методыку публікацыі дакументаў; у больш шырокім сэнсе — навук. дысцыпліна, якая займаецца пытаннямі, звязанымі з увядзеннем у навук. ўжытак пісьмовых крыніц на стадыі іх пошуку і збору (палявая археаграфія), уліку і апісання (камеральная археаграфія), публікацыі (эдыцыйная, або выдавецкая, археаграфія). Цесна звязана з крыніцазнаўствам, палеаграфіяй, дыпламатыкай, архівазнаўствам і інш.
У Еўропе ўзнікла ў 16 ст. (крытычнае выданне «Жалобнай кнігі аб пагібелі Брытаніі» храніста 6 ст. Гільдаса, «Вялікіх французскіх хронік» і інш. у Францыі). У Германіі ў сярэдзіне 16 ст. Мацей Власіч падрыхтаваў класічную працу па царк. гісторыі — «Магдэбургскія цэнтурыі». У 17 ст.маўрысты далі пачатак дыпламатыцы, палеаграфіі, выданню крыніц па гісторыі царквы сярэдневяковай Францыі. З 1630 разгарнулася археагр. дзейнасць баландыстаў. У 1819 у Германіі створана Т-ва па вывучэнні ранняй ням. гісторыі, якое заснавала серыйнае выданне «Monumenta germaniae historica». Распачаты серыйныя выданні ў Францыі, Італіі, Англіі, Венгрыі і інш. У Польшчы археаграфія пачалася публікацыяй Пісторыюса «Polonicae historiae corpus» (Базель, 1582. Т. 1—3). Археаграфіяй займаліся бібліятэкі Дзялынскіх, ардынацыя Красінскіх, заклад Асалінскіх, Кракаўская АМ і інш. У Расіі арганізаваныя пошукі і публікацыі крыніц вядуцца з 18 ст. М.Навікоў распрацаваў правілы публікацыі дакументаў. Расійская АН у 1760-я г. выдала Радзівілаўскі летапіс (І.Баркоў) і 1-ю частку Ніканаўскага, «Русскую правду» (1767). У 19 ст. створаны Т-ва гісторыі і старажытнасцяў Расійскіх пры Маскоўскім ун-це (1804), Камісія друкавання дзярж. грамат і дагавораў (1811), Археагр. экспедыцыя АН (1829—34), Археагр. камісія (1834), Рускае гіст. таварыства. Значны ўклад у абагульненне вопыту выдання дакументаў зрабіў А.С.Лапа-Данілеўскі. У СССР археаграфіяй займаліся гісторыка-археагр. камісія (пазней Гіст.-археагр.ін-т, які ў 1936 уліўся ў Ін-т гісторыі АНСССР), археагр. камісія пры Аддзяленні гіст. навук АНСССР. Значная работа вялася ў рэспубліках. Ажыўленне археагр. дзейнасці ў 20 ст. ў краінах Еўропы і ЗША звязана з удасканаленнем публікацыйнай тэхнікі. Высокім тэхн. узроўнем вызначаюцца серыйныя выданні «Класікі гісторыі сярэдневяковай Францыі» («Les classiques de l’histoire de France en moyen age», з 1923), «Збор арыгінальных крыніц па старажытнай гісторыі Германіі» («Corpus der altdeutschen Originalurkunden», з 1929), «Сярэдневяковыя класікі» («Medieval Classics», з 1950) у Англіі і інш.Гіст. крыніцы публікуюць гіст. Т-вы, нац. архівы, АН, мін-вы замежных спраў, ун-ты і інш. ўстановы розных краін.
На Беларусі камеральная археаграфія пачалася са складання вопісаў манастырскіх бібліятэк і архіваў (Слуцкага Троіцкага ў 1494, Пінскага Ляшчынскага ў 1588, Супрасльскага, Жыровіцкага і інш.). Яна ўдасканальвалася пры вопісах у 16—19 ст. дакументаў Метрыкі Вялікага княства Літоўскага, інш.дзярж., царкоўных і прыватных архіваў. Выданне зб-ка «Suada Latina» («Пераканальная лаціна, альбо Збор рыторыкі, лістоў, статыстыкі, палітыкі, надпісаў, панегірыкаў, паэтыкі і гісторыі»), складзенага сакратаром пінскага дыстрыкта ордэна марыянаў Я.Д.Астроўскім (т. 1—2, Люблін, 1745—47), стала пачаткам эдыцыйнай археаграфіі. У 19—20 ст. выдаваліся шматтомныя зб-кі дакументаў: Акты Заходняй Расіі, Археаграфічны зборнік дакументаў, Акты Віленскай камісіі, «Гісторыка-юрыдычныя матэрыялы»; асобныя выданні гіст. крыніц. Бел. летапісы выдаваліся ў Поўным зборы рускіх летапісаў і асобна. Са стварэннем Ін-та бел. культуры бел. археаграфія стала на шлях самаст. развіцця. Арганізаваная ў 1925 Археагр. камісія Інбелкульта (старшыня М.Доўнар-Запольскі) падрыхтавала да выдання «Беларускі архіў». Археагр. работу праводзяць К-т па архівах і справаводстве, ін-ты гісторыі і л-ры АН Беларусі, Беларуская Энцыклапедыя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛЬБАВО́ДСТВА,
галіна земляробства па вырошчванні бульбы на харч., тэхн. і кармавыя патрэбы. Сусветная вытв-сць бульбы (штогод каля 300 млн.т) перавышае зборы многіх збожжавых культур (акрамя рысу, пшаніцы, кукурузы). Амаль усе пасевы сканцэнтраваны ва ўмераным кліматычным поясе Паўн. паўшар’я. Найб. плошчы ў Рас. Нечарназем’і, на Пн Кітая, у Польшчы, на Пн Украіны, у ЗША, Індыі, Германіі, Беларусі. Значныя пасевы ў Нідэрландах, Вялікабрытаніі, Францыі, Турцыі, Іспаніі, Румыніі, краінах Прыбалтыкі. У краінах Зах. Еўропы і Амерыкі пераважаюць сарты з жоўтай мякаццю, больш багатыя карацінам, у краінах б.СССР, у т. л. ў Беларусі, — з белай мякаццю, багатыя крухмалам. Па зборы бульбы ў разліку на 1 чал. за год 1-е месца ў свеце займае Беларусь — 1124 кг, потым Польшча — 943 кг, Нідэрланды — 503 кг, па 360—480 кг на 1 чал. атрымліваюць Украіна, краіны Прыбалтыкі. Па ўзроўні спажывання бульбы на душу насельніцтва 1-е месца ў свеце займае таксама Беларусь — 178 кг за год, потым Украіна — 150 кг, Польшча — 148 кг і Расія — 127 кг.
На Беларусі бульбу пачалі вырошчваць у 2-й пал. 18 ст., з сярэдзіны 19 ст. яна стала адной з найважнейшых с.-г. культур. У 1913 пад ёй было 583,3 тыс.га, ураджайнасць 6,4 т/га, валавы збор 4 млн.т. Бульбаводства — адна з найважнейшых галін сельскай гаспадаркі Беларусі, бульба вырошчваецца ва ўсіх раёнах. У 1995 бульба займала 725,2 тыс.га, або 12% усёй пасяўной плошчы. Ураджайнасць клубняў і валавыя зборы (гл. табліцу) вагаюцца па гадах з-за неспрыяльных умоў надвор’я — працяглага засушлівага або дажджлівага перыяду. Найб. канцэнтрацыя пасеваў бульбы на Пд Мінскай, ПнУ Брэсцкай і У Гродзенскай абл., гаспадаркі якіх характарызуюцца найб. спрыяльнымі прыроднымі і эканам. ўмовамі: лепшай забяспечанасцю мат.-тэхн., прац. і трансп. рэсурсамі, мякчэйшым кліматам, перавагай акультураных лёгкасугліністых і супясчаных глебаў, больш прыдатных для вырошчвання бульбы. На Пн рэспублікі бульба займае 4—8% пл. пасеваў з-за перавагі цяжкасугліністых глебаў, перасечанага марэннага рэльефу, драбнаконтурнасці і завалуненасці ўгоддзяў, што не дае магчымасці шырока выкарыстоўваць камбайнавую ўборку. Ураджайнасць бульбы адпавядае канцэнтрацыі пасеваў: вышэйшая на З, ніжэйшая на У.
Парушэнне гасп. сувязей паміж рэспублікамі пасля распаду СССР пагоршыла ўмовы гандлю бульбай і вывазу яе ў інш. раёны Расіі, у Малдову, Закаўказзе, Сярэднюю Азію. Гэта абумовіла скарачэнне пасеваў бульбы і валавых збораў. Калі ў 1980-я г. грамадскі сектар (калгасы, саўгасы, міжгасы) меў пад бульбай такую ж плошчу, як і асабістыя гаспадаркі, то ў 1995 на яго долю прыпадала толькі 15,6% пасеваў. На харч. спажыванне на Беларусі ідзе каля чвэрці ўраджаю, на прамысл. перапрацоўку — каля трэці, астатняя Б. — пераважна на корм жывёле. З бульбы ў рэспубліцы вырабляюць увесь крухмал, патаку, значную частку этылавага спірту, харч. бульбапрадукты, бялкова-вітамінныя кармы. Сучаснае бульбаводства — адна з прыярытэтных галін сельскай гаспадаркі, падмацаваная грунтоўнай навук. базай. Бел. вучонымі выведзена шмат высокаэфектыўных сартоў, у т. л. Беларуская ранняя, Прыгожая 2, Агеньчык, Лошыцкая, Тэмп і інш., раянаваных і за межамі Беларусі, вырашаюцца праблемы паляпшэння якасці клубняў: павышэння іх крухмалістасці, бялковасці і вітаміннасці. Акрэсліваецца больш выразная спецыялізацыя гаспадарак на вырошчванні харч. або тэхн. сартоў бульбы, павялічваюцца плошчы пад скараспелымі і сярэдняспелымі сартамі.
Н.І.Жураўская.
Дынаміка сярэднегадавых паказчыкаў развіцця бульбаводства ў Беларусі (усе катэгорыі гаспадарак)
Гады
Сярэднегадавая плошча, тыс.га
Ураджайнасць, ц/га
Валавы збор, тыс.т
1971—75
915,2
142
12 996
1976—80
812,5
159
12 920
1981—85
750,5
154
11 559
1986—90
665,4
157
10 513
1991—95
603,4
131
9460
Да арт.Бульбаводства. Пасадка (уверсе) і ўборка бульбы ў Віцебскай вобласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЁРНС ((Burns) Роберт) (25.1.1759, Алаўэй, каля г. Эйр, Шатландыя — 21.7.1796),
шатландскі паэт. Першы зб. «Вершы, напісаныя пераважна на шатландскім дыялекце» (т.зв. «Кільмарнакскі зборнік», 1786). Пачынаў у рэчышчы сентыменталізму (паэма «Суботні вечар ласяляніна»), пазней палітра ўзбагацілася рысамі асветніцкага рэалізму і прэрамантызму. У лірыцы Бёрнса зліваюцца народна-песенная шатландская культура і традыцыі англ. асветніцкай л-ры, арганічна спалучаюцца фалькл. спадчына і дух высокай кніжнай паэзіі. Ён яскрава адлюстраваў не толькі побыт шатландскага сялянства (верш «Быў чэсны фермер бацька мой...»), але ўвасобіў неўміручы нар. дух (балада «Джон Ячменнае Зерне»), выявіў глыбіню пачуццяў простага чалавека (вершы «Каханне», «Начлег у дарозе» і інш.), выступіў з крытыкай сац., нац. і клерыкальнага прыгнёту (паэмы «Два пастухі», 1784; «Малітва святошы Вілі», 1785; вершы «Брус — да шатландцаў», «Шатландская слава», «За тых, хто далёка...», «Чэсная беднасць», «Дрэва Свабоды» і інш.). Мяккі гумар і задушэўны лірызм спалучаюцца ў яго паэзіі са злой іроніяй і сарказмам (асабліва ў эпіграмах). Аўтар поліфанічнай кантаты «Вясёлыя жабракі», вершаванай аповесці «Тэм О’Шэнтар». Збіраў і апрацоўваў шатландскія нар. песні для фалькл. зб-каў «Шатландскі музычны музей» (1787—1803), «Выбраны збор арыгінальных шатландскіх мелодый» (1793). Многія вершы Бёрнса сталі нар. песнямі. На бел. мову яго творы перакладалі Ю.Гаўрук, Я.Семяжон і інш.
Тв.:
Бел.пер. — Шатландская слава: Выбр.Мн., 1957;
Вам слова, Джон Ячмень. Мн., 1983;
Рус.пер. — Роберт Бернс в переводах С.Маршака. Кн. 1—2. М., 1979;
Избранное. М., 1982.
Літ.:
Райт-Ковалева Р.Я. Роберт Бернс. М., 1965;
Елистратова Л.А. Роберт Бернс. 3 изд. М., 1965;
Колесников Б.И. Роберт Бернс: Очерк жизни и творчества. М., 1967;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДАЛУ́СІ́Я, Андалузія (Andalucia),
аўтаномная вобласць на Пд Іспаніі. Пл. 87,3 тыс.км², нас. 6,4 млн.чал. (1993). Адм. цэнтр — г. Севілья. Уключае 8 правінцый: Альмерыя, Гранада, Кадыс, Кордава, Малага, Севілья, Уэльва, Хаэн. Найб. гарады: Севілья, Малага, Кордава, Гранада, Кадыс, Уэльва. Займае б.ч. Андалускай нізіны ў бас.р. Гвадалквівір на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. і Міжземнага мора. На Пн горы Сьера-Марэна, на Пд Андалускія. Клімат міжземнаморскі, вільготны на ПдЗ (да 2000 мм ападкаў за год), засушлівы на ПдУ (120 мм за год, найменш у Зах. Еўропе). Т-растудз. 6—14,5 °C, жн. 23—28 °C.
Найстараж. насельнікі Андалусіі — іберы. Тут існавалі калоніі фінікійцаў, пазней — карфагенян. У перыяд рым. панавання Андалусія ўваходзіла ў склад правінцыі Бетыка. Арабы, якія заваявалі на пач. 8 ст. большую ч. Пірэнейскага п-ва, пашырылі назву Андалусіі (аль-Андалус) на ўсю тэр.мусульм. Іспаніі. У ходзе Рэканкісты ў 13 ст. Андалусія (акрамя Гранадскага эмірата) адваявана ў арабаў. З адваяваннем Гранадскага эмірата (1492) Андалусія цалкам стала ч.Ісп. каралеўства.
Эканоміка аграпрамысловая. У с.-г. вытв-сці занята каля 42% насельніцтва. Пераважае арашальнае земляробства. 1-е месца ў краіне па зборы бабовых, цукр. трыснягу, бавоўніку, сланечніку, 2-е — па зборы збожжавых (пшаніца, рыс, сорга). Вырошчваюць гародніну, бахчавыя, алівы, вінаград, тытунь, бульбу, цукр. буракі і інш. Жывёлагадоўля — авечкі, коні, буйн. раг. жывёла, у т. л. быкі для карыды. Развіты рыбалоўства, збор кары коркавага дрэва. Здабываюць медзь, свінец, цынк, марганец, жал. руду, вугаль, серу. Асн. галіны прам-сці: каляровая металургія, хім., маш.-буд. (с.-г. машыны, суднабудаванне), нафтаперапр., нафтахім., харчасмакавая, тэкстыльная. Андалусія — буйны экспарцёр аліўкавага алею, кансерваваных маслін, віна. Раён турызму, вядомыя курорты на Сонечным беразе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАТЫ́НСКІ (Вінцэсь Аляксандравіч) (15.8.1831, в. Селішча Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 7.2.1891),
бел. і польскі паэт, публіцыст. Працаваў хатнім настаўнікам на Навагрудчыне, з 1850 сакратар У.Сыракомлі. У 1862 падарожнічаў па Беларусі з М.Лясковым. З 1866 у Варшаве. Літ. дзейнасць пачаў у 1856. Супрацоўнічаў у віленскіх і варшаўскіх перыяд. выданнях, друкаваў у іх артыкулы пра Беларусь. На польск. мове выдаў паэт.зб. «Чым хата багата, тым рада» (1857), паэму «Таміла» (1858). У 1858 да прыезду ў Вільню Аляксандра II напісаў бел. верш «Уставайма, братцы, да дзела, да дзела» — напамінанне пра існаванне бел. мовы. Падтрымаў дзейнасць А.Вярыгі-Дарэўскага на ніве адраджэння бел. культуры (вершаванае прысвячэнне «Далібог-то, Арцім...»). На бел. мове напісаў элегію «Туга на чужой старане» (1864). Напярэдадні паўстання 1863—64 прычыніўся да стварэння антыцарскіх вершаваных твораў «Гутарка старога дзеда» і «Гутарка двух суседаў». Аўтар гіст.-краязнаўчых нарысаў, артыкулаў пра А.Міцкевіча, І.Дамейку, С.Рысінскага, К. і Я.Тышкевічаў, Р.Зянькевіча. Для «Усеагульнай энцыклапедыі» С.Аргельбранда (т. 1—28, 1859—68) напісаў артыкулы пра бел. гарады Віцебск, Валожын, Слуцк, Стоўбцы і інш.Дэмакр. погляды выявіліся ў паэт. творчасці пра жыццё бел. вёскі дарэформеннага перыяду. Гуманіст. пафас, асаблівасці паэтыкі К. паўплывалі на станаўленне новай бел. л-ры. Пераклаў на польск. мову творы П.Беранжэ, А.Пушкіна, М.Лермантава, Л.Талстога, Г.Гейнэ. Выдаў збор твораў Сыракомлі (т. 1—10, 1872). На бел. мову польск. творы К. пераклалі Р.Баравікова, Р.Барадулін, П.Бітэль, У.Мархель, Г.Тумаш.
Тв.:
Творы. 2 выд.Мн., 1994.
Літ.:
Мальдзіс А. Вінцэсь Каратынскі // Мальдзіс А. Падарожжа ў XIX ст.Мн., 1969;
Мархель У. «Чым хата багата...» // Мархель У. Крыніцы памяці. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯМЦЭ́ВІЧ (Юльян Урсын) (16.2.1758, в. Скокі Брэсцкага р-на — 21.5.1841),
пісьменнік, паліт. дзеяч Рэчы Паспалітай, гісторык. Вучыўся ў Рыцарскай школе ў Варшаве (1770—77). З 1777 ад’ютант А.К.Чартарыйскага. У 1788—92 пасол на Чатырохгадовы сейм, удзельнічаў у распрацоўцы Канстытуцыі 3 мая 1791. З 1791 чл. Адукацыйнай камісіі. Пасля перамогі Таргавіцкай канфедэрацыі ў 1792 у эміграцыі. У час паўстання 1794 ад’ютант і сакратар Т.Касцюшкі. Пасля задушэння паўстання зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць у Пецярбургу. З 1796 у ЗША. У 1807 вярнуўся, займаў пасаду сакратара Сената Варшаўскага княства, з 1813 — Сената Каралеўства Польскага. Падарожнічаў па Беларусі (1809, 1816, 1819). Чл.Т-ва сяброў навук у Варшаве (старшыня з 1827). Удзельнік паўстання 1830—31. З 1833 у эміграцыі ў Парыжы. У паліт. камедыі «Вяртанне пасла» (1790) выказаўся за сац. рэформы ў Рэчы Паспалітай, вызваленне сялян ад прыгону. Аўтар зб-каў «Літоўскія пісьмы» (1812), дзе адлюстравана бел. тэматыка, цыкла «Гістарычныя песні» (1816), раманаў «Два паны Сяцехі» (1815), «Ян з Тэнчына» (1825) і інш. У кн. «Гістарычныя падарожжы па польскіх землях, што адбыліся ад 1811 да 1828 гг.» (1858) апісаў Брэст, Гродна, Навагрудак, жыццё бел. сялян. Напісаў «Гісторыю панавання Жыгімонта III» (т. 1—3, 1818—19), «Сучасную гісторыю» (1863), «Жыцці значных людзей XVIII ст.» (1904). Ініцыятар і рэдактар выдання «Збор гістарычных мемуараў пра старажытную Польшчу» (т. 1—7, 1822—36), у які ўключыў «Дыярыушы» С. і Б.Маскевічаў. Аўтар шматлікіх мемуараў, у т. л. «Дзённікаў часоў маіх» (1848, дапоўненае выд., т. 1—2, 1957).
Тв.:
Dzieła poetyczne wierszem i prozą. T. 1—12. Lipsk, 1838-43.
Літ.:
Грицкевич В.П. Путешествия наших земляков. Мн., 1968.